![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
||||
№
3(105)/2023
![]() З нагоды юбілею
Нашы святыні
Постаці
Мастацтва
Інтэрв’ю
«Я ДАЮ СТАРАЖЫТНАСЦІ НОВАЕ ЖЫЦЦЁ...»
Размова Алега ГЛЕКАВА з мастаком Ігарам ГАРДЗІЁНКАМ Літаратуразнаўства
Пераклады
Паэзія
Пераклады
In memoriam
|
Тое, што рана ці позна давядзецца прызнавацца ў сваіх грахах служку Божаму, не мела вялікага значэння для Джыны, дачкі Джынона, які лавіў рачную рыбу: грахі Джыны былі вядомыя па абодвух берагах яе вялікай роднай ракі, а яна не клапацілася, каб іх схаваць; але тое, што давядзецца прызнавацца ў грахах дону Апалінары, новаму ксяндзу вясковай парафіі, Джына ўявіць сабе не магла. Дон Апалінары быў адзінаю асобаю на свеце, здольнаю выклікаць у ёй тое пачуццё страху, глыбокай павагі і захаплення, якое прымушала яе хавацца, як яшчарку, у кусты, калі ён з кнігай у руцэ праходзіў па высокім беразе ракі. Яго постаць, якая без чорнай сутаны падалася б празрыстай, настолькі яна была танклявай і белай, здавалася Джыне падобнай да святога Луіджы, які спусціўся з нябёсаў і выйшаў з капліцы сярод палёў: часам у яго руках была нават кветка, а калі дон Апалінары хадзіў з непакрытаю галавою, то яго рудыя валасы палалі разам з агністымі аблокамі на заходзе сонца. Усе ў вёсцы казалі, што ён святы, які прыйшоў навяртаць у сапраўдную веру люд, які ў апошнія гады толькі і рабіў, што здабываў капейчыну, еў і піў, забыўшыся пра Бога і касцёл. І Джына сапраўды шчыра ў гэта верыла, толькі ёй падабаліся святыя, намаляваныя на абразах самотных, для ўсіх адкрытых, каплічак на скрыжаваннях сельскіх дарогаў; жывыя святыя яе палохалі, а думка аб сустрэчы з адным з іх імгненна змушала даваць лататы, калі даводзілася мінаць вялікі парафіяльны касцёл. І вось аднойчы дон Апалінары з’явіўся, бы чорная здань, сярод таполяў, што раслі ўздоўж ракі. А шукаў ён яе, менавіта яе, Джыну, дачку Джынона, што лавіў рачную рыбу. Рыбак пабудаваў на беразе ракі сапраўднае жытло з бярвенняў, дошак, галінаў і трысняговых цыновак: акрамя пакоя з ладнымі ляжанкамі, там была вялікая павець са сталамі і лаўкамі, куды падчас святаў прыходзілі з вёскі баляваць гулякі; а за пабудовай было нешта накшталт двара, дзе кемлівы Джынон разводзіў дзікіх качак і гусей, вялікіх і спакойных, як авечкі. Джына, што гадавалася без маці, сама была за гаспадыню. Спачатку яна прыходзіла толькі днём, каб прыносіць бацьку ежу і, пакуль той лавіў рыбу, прыглядаць за гусямі; пасля, з надыходам лета, зусім пакінула бабулін дом і перасялілася да бацькі. Яна б хадзіла з Джынонам і на рыбалку, калі б гэта залежыла ад яе; але паколькі гэта ёй было забаронена, то Джына лавіла рыбу сама маленькай цацачнай сеткай. Лежачы ў прывязанай да берага лодцы, ёй удалося пасля доўгага і цярплівага чакання злавіць адну з тых рыбак, якія называюцца «cамы-коткі» і сапраўды маюць вусы. Тут і ўзнік святар у атачэнні качак і гусей, а ён паварочваў галаву то туды, то сюды, быццам дабраслаўляючы і гутарачы з імі. Убачыўшы яго, Джына імгенна ўпала на жывот на дно лодкі, паколькі не магла схавацца інакш. «Ён зараз пойдзе», — думала яна, моцна заплюшчваючы вочы і стаіўшы дыханне. «Напэўна, выйшаў на прагулку і пойдзе. Не мог хіба знайсці іншае месца? Няўжо не мог?» Мінула некалькі секундаў. Яна адчувала, што лодка гайдаецца, як калыска, усё цішэй і цішэй верашчалі качкі і, нарэшце, змоўклі. Нават качак умеў зачараваць святар сваімі чароўнымі словамі. «Можа, ён ужо пайшоў», — падумала яна, але адчувала, што ён усё яшчэ тут, бо ад яго прысутнасці паветра вакол напаўнялася таямнічым водарам, як ад таполяў, што пахнуць ружамі. Раптам лодка моцна, але павольна гайданулася, папярэджваючы Джыну, што адбудзецца нешта незвычайнае. — Дзіця, — сказаў голас, які, здавалася, зыходзіў з-пад вады, — падымайся. Яна ўстала, хаваючы заплюшчаныя вочы тыльным бокам далоні. — Апусці руку, — сказаў голас, цяпер блізкі і настойлівы. Джына апусціла руку і, спалохана міргаючы, убачыла дона Апалінары, які сядзеў на карме, як Езус у лодцы святога Пятра. Яго рукі і твар мелі перламутравае адценне, як у бягучай вады; Джына не магла вызначыць колер вачэй, таму што баялася сустрэцца з ім позіркам. — Дзіця,— сказаў ён, нерухомы, нібы намаляваны на фоне ўзбярэжных дрэваў,— я прыйшоў сюды, бо шукаў цябе. Усе маленькія авечкі вярнуліся ў статак, твой бацька таксама прыходзіць на Імшу і прычашчаецца. Ты адна ўсё яшчэ ўцякаеш, ты адна ўсё яшчэ жывеш сярод лясных і рачных істотаў. Прыйшоў час і табе прыгадаць, што ты хрысціянка. Нарэшце яна набралася смеласці, яна, што твар у твар супрацьстаяла найгоршым вясковым хлапчукам. — Менавіта гэта я і хацела сказаць, шаноўны пробашч. Я вам не авечка. — Малайчына, малайчына,— сказаў ён, задаволены.— Тады сядай і давай пагаворым. Яна села насупраць яго з такім выглядам, быццам хацела сказаць: можам і пагаварыць, але на споведзь я не пайду, э, не. Зрэшты, яе дзёрзкасць не заходзіла так далёка, каб агучыць гэтыя словы. Думка, што ён сам прыйшоў сюды, напаўняла яе гонарам, больш за тое — у яе мільганула жаданне прапанаваць яму што-небудзь, хаця б качынае яйка, як гэта прынята рабіць для добрых гасцей. — Джына,— сказаў ён, склаўшы белыя рукі і схіліўшы галаву, быццам гэта яна была святой, а ён грэшнікам,— я даўно цябе ведаю і сачу за табой. Табе ўжо дзесяць гадоў, а ты яшчэ не ўмееш ні чытаць, ні пісаць, ні, здаецца, гаварыць «Ойча наш». У цябе ў сябрах самыя дрэнныя вясковыя хлапчукі, якія вучаць цябе благім рэчам, а яшчэ ты сварышся і клянеш свайго бацьку і бедную старую бабулю, якая не звяртае на цябе ўвагі, бо мае і так зашмат клопату і няшчасцяў. Вось чаму я прыйшоў да цябе. Калі хочаш, я буду табе як бацька: прыходзь у касцёл, слухай словы, якія я кажу іншым дзецям: ты адчуеш сябе інакш. Ты прыйдзеш? Ты мне абяцаеш? — Так, так, — адказала яна, зусім ачуняўшы.— А Вы мне дасце абразкі і медалікі. — Я дам табе абразкі і медалікі; а ты за гэта зноў пачнеш начаваць у бабулі і не будзеш болей хадзіць з хлапчукамі, а калі яны прыйдуць за табой, то прагоніш іх. Урэшце, яны цяпер таксама ходзяць у касцёл, і я спадзяюся, стануць лепшымі. — Можа, і стануць лепшымі, — пагадзілася Джына, — аднак адзін з іх дакладна не палепшае, таму што ён сын д’ябла. — Каторы з іх? — А што, хіба Вы яго не ведаеце? — сказала яна здзіўлена. — Гэта Нігрон, той, што вугаль носіць. Ён адтуль, — дадала яна, паказваючы пальцам на супрацьлеглы бераг ракі, дзе чорнай сцяной узвышаўся лес. — Там жыве д’ябал, які робіць вугаль з камянёў, а Нігрон прывозіць яго прадаваць на сваёй чорнай лодцы. Святар не ведаў гэтага Нігрона, які быў з іншай парафіі і які, да таго ж, не затрымліваўся доўга на беразе пасля таго, як прадаваў свой тавар сельскаму перакупшчыку: таму словы Джыны зацікавілі яго. — Чаму гэты Нігрон не можа выправіцца? І што дрэннага ён робіць? — Ён крадзе нашых качак і днямі пабіў мяне палкай; кажа, што калі я паскарджуся, то падпаліць наш дом. Але Вам, пробашч, я раскажу пра гэта, — прамармытала яна спавядальным тонам, бо ведала, што спаведнік не можа раскрыць таямніцы таго, хто каецца. — Скажы мне праўду, Джына: а ты нічым не нашкодзіла Нігрону? Яна схіліла галаву і ціха сказала: — Ён прывязаў лодку і пайшоў шукаць гандляра, які ніяк не прыходзіў. Так што я залезла ў лодку і паліла вугаль вадой. — Магчыма, гэта было яму дарэчы, — сказаў святар, пасміхаючыся. — У выніку ён пабіў цябе і за ваду абяцаў табе агонь. Але скажы мне яшчэ сёе-тое: ці праўда, што ты не надта паважаеш чужыя рэчы? Гэта было складанае пытанне. Джына адчула моцную чырвань на твары, і ёй падалося, што яе валасы сталі рудымі, як у святара: але паколькі гэта не была споведзь у касцёле, то скончылася прызнаннем, што яна сапраўды не надта паважае чужыя рэчы. — Калі я бачу вінаград, я рву яго: я вельмі яго люблю! — усклікнула яна і паглядзела святару ў твар, нібы пытаючыся: а Вы не любіце вінаград? — Яшчэ я ўбачыла некалькі ігрушаў велічынёй з маю галаву і ўзяла дзве... Толькі дзве, — пацвердзіла яна, паказваючы ўказальным і сярэднім пальцамі на дона Апалінары, і ў парыве шчырасці дадала: — Але калі надарыцца магчымасць, вазьму яшчэ. — Ты іх больш не кранеш, — сказаў ён, сурова гледзячы на яе, хоць і пасміхаючыся, але ўсмешка знікла з яго вуснаў, калі Джына зрабіла грымасу, якая азначала: «А хто мне перашкодзіць?». — Я нават курыцу ўкрала, — працягвала яна, амаль выхваляючыся сваімі подзвігамі. — Але выпусціла яе, баючыся, што бацька можа мяне пабіць; потым узяла яшчэ чаравік стрыечнага брата Рэнца, але гэта я зрабіла наздзек. Чаравік я кінула ў ваду. Пасля.... Тут падышла чарга чагосьці важнага: яна сама гэта зразумела і ад страху спынілася. Святар падбадзёрыў яе: — Пасля? Ну, кажы. — Пасля я ўзяла бабуліны завушніцы. Але яна лічыць, што іх узяла гарбатая Вікця, тая, што ўсё крадзе, і ёй ніхто нічога не кажа, каб не наклікаць бяды. — Дзе ты падзела завушніцы? — спытаўся святар з дзіўнай пяшчотай. Яна маўчала, нахіліўшыся за борт, нібы шукаючы нешта ў вадзе, якая мякка плёскалася аб лодку. — Ты ж не кінула іх у ваду, праўда? Што ты з імі зрабіла, Джына? Голас у святара быў дзіўны: ён нагадваў галасы хлапчукоў, калі яны падбухторваюць адзін аднаго на якія-небудзь свавольствы. Яна прыўзняла галаву, а потым вылаялася і сказала: — Ну я ж не з’ела іх. Я іх схавала. — Дзе ты іх схавала? Дома ці тут? Яна рэзка падскочыла: здавалася, уся яе фігурка пратэставала супраць наіўнасці святара, які лічыў яе настолькі неразумнай, каб хаваць крадзенае ва ўласным доме. І з падступнай усмешкай у вузкіх вачах маленькай тыгрыцы яна адкрыла самы страшны са сваіх грахоў. — Я схавала іх у лодцы Нігрона. Цяпер ужо і святы ксёндз пачырванеў ад гневу. — Што ты нарабіла, Джына! — усклікнуў ён, намагаючыся з усяе моцы захаваць мяккасць голасу. — Калі іх знойдуць у лодцы, хлопчыка будуць лічыць злодзеем. — А хіба ён не злодзей? Дакладна злодзей. — Якая ты дрэнная,— сказаў ён тады, у адчаі праводзячы рукою па сваіх палаючых валасах: ён адчуў, што паўмерамі тут не абысціся. Святар таксама падняўся і надзеў капялюш. Змяніўся і яго голас, і ўсё ў ім стала чорным і пагрозлівым. — Гэта ты, а не Нігрон, сапраўдная дачка д’ябла. І калі ты будзеш працягваць так сябе паводзіць, то д’ябал аднойчы ўвечары прыйдзе па цябе і абавязкова забярэ ў пякельныя лясы. Дакладна! Гэтае жахлівае прадказанне падзейнічала жаданым чынам. Джына збялела і зноў закрыла вочы тыльным бокам далоні. — Жагнацца хоць умееш? Яна перажагналася, але леваю рукою, пасля, спалохаўшыся выявы пякельных лясоў, дзе вакол кучы падпаленых вуглёў скакалі, ухмыляючыся, тысячы маленькіх чарцянятаў, падобных да Нігрона, сказала, усхліпваючы, нейкім жабіным галаском: — Я прыйду... Я прыйду... Яна хацела сказаць: «Прыйду на споведзь», не здагадваючыся, што яе першая споведзь толькі што адбылася.
Пераклад з італьянскай мовы
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |