![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
||||
№
3(105)/2023
![]() З нагоды юбілею
Нашы святыні
Постаці
Мастацтва
Інтэрв’ю
«Я ДАЮ СТАРАЖЫТНАСЦІ НОВАЕ ЖЫЦЦЁ...»
Размова Алега ГЛЕКАВА з мастаком Ігарам ГАРДЗІЁНКАМ Літаратуразнаўства
Пераклады
Паэзія
Пераклады
In memoriam
|
— Ігар, у гэтым годзе на вокладцы нашага часопіса змяшчаюцца твае аўтарскія інтэрпрэтацыі абразоў, здаўна вядомых і шанаваных у Беларусі. Як складваўся твой творчы шлях да гэтай тэмы? — Напэўна, трэба зрабіць невялікі «гістарычны» экскурс. Калісьці нас, навучэнцаў Беларускай акадэміі мастацтваў, збіралі і вывозілі на пленэры і практыкі, якія праходзілі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Вось і я патрапіў у такую групу студэнтаў, якая адправілася на практыку на Беласточчыну. Навучэнцы кафедры дызайну інтэр’ера падчас гэтай практыкі рабілі абмеры драўляных цэркваў і па гэтых абмерах выконвалі чарцяжы. А нас, мастакоў-графікаў, запрасілі туды рабіць накіды і замалёўкі гэтых старажытных аб’ектаў драўлянага дойлідства, многія з якіх знаходзіліся ў аварыйным стане. Праца гэтая была неабходная для таго, каб зафіксаваць стан святыняў і каб потым, з цягам часу, па гэтых чарцяжах, накідах і замалёўках магчыма было праводзіць рэстаўрацыйныя працы. І вось падчас працы у адной з такіх цэркваў у вёсцы Новая Воля я пабачыў абраз, які мне вельмі спадабаўся. Ён быў адметным і адрозніваўся ад астатніх: пры простым сюжэце быў вельмі дэкаратыўным, што і прывабіла мяне як мастака-графіка. Тады я яшчэ не ведаў, што гэта за абраз, бо быў яшчэ зусім недасведчаным, і толькі значна пазней дазнаўся, што гэта абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Я зрабіў некалькі накідаў і замалёвак гэтага абраза, а пасля ў сваёй аўтарскай манеры выканаў яго паўтор у графіцы. Атрымаўся самадастатковы твор, па сутнасці гэта і была мая першая аўтарская інтэрпрэтацыя абраза. Потым я выканаў гэты ж абраз Маці Божай Вастрабрамскай у тэхніцы афорта, мецатынта. Затым, паступова пазнаёміўшыся з тэхнікай ляўкаса па дошцы, пачаў рабіць паўторы розных абразоў, каб такім чынам на практыцы пераняць тэхніку, тэхналогію і выпрацаваць сваю стылістыку. Як паступова развівалася гэтая плынь сакральнага мастацтва — пісьмо па ляўкасе — так, па сутнасці, пашыраліся і мае мастацкія зацікаўленасці. Спачатку гэта былі старажытныя візантыйскія абразы, пры выкананні якіх ў мяне было вялікае жаданне паўтарыць не толькі сам сюжэт, але і выявіць тыя адбіткі часу, што з’явіліся на гэтых абразах за перыяд іх існавання. У сваіх паўторах я пачаў імітаваць кракелюр, страты ляўкаса і фарбаў, што адразу надавала твору своеасаблівае «гучанне стагоддзяў». Потым, паступова практыкуючыся ў гэтай тэхніцы, я пачаў ствараць і свае аўтарскія творы, ідучы ад простага да ўсё больш складанага, з пасылам і да готыкі, і да рэнесансу, і да іншых перыядаў у гісторыі мастацтва. Па сутнасці, гэтак жа як гістарычна развівалася сусветнае мастацтва, так змяняліся і мае прыярытэты, ідучы амаль па тым жа шляху. І цяпер я ўжо думаю пра нейкія ўласныя творы з інтэрпрэтацыямі ў духу класіцызму. У 2010 годзе паўстала творчая неабходнасць адгукнуцца на юбілей Грунвальдскай бітвы, і мною быў створаны трыпціх. Адною з частак гэтага трыпціха стаў абраз Маці Божай Вастрабрамскай. У гэтай працы я да тэхнікі жывапісу па ляўкасе на дошцы дадаў новыя элементы, якія раней не выкарыстоўваў, — гэта накладзеныя на жывапіс шаты з металу. Можна сказаць, што менавіта з гэтага трыпціха пачаліся дзве мае творчыя серыі ў тэхніцы жывапісу па ляўкасе. Гэта серыя гістарычнага партрэта і серыя абразоў. У першую чаргу мяне цікавілі тыя абразы, што шануюцца адначасова ва ўсіх асноўных хрысціянскіх канфесіях і захаваліся на Беларусі. Хацелася, каб праз гэтыя шанаваныя абразы ўтварылася такая своеасаблівая экуменічная повязь Каталіцкага Касцёла, Праваслаўнай і Грэка-Каталіцкай Цэркваў у Беларусі. Цяпер у гэтую серыю ўваходзяць абразы «Маці Божая Вастрабрамская» (2010 год, хоць гэты абраз ствараўся як асобны і адрозніваецца ад наступных па памеры і выкананні, але па факце ён з’яўляецца першым абразом з серыі); амаль праз дзесяць гадоў быў створаны наступны абраз — «Маці Божая Будслаўская» (2020), затым — «Маці Божая Чэнстахоўская» (2020), «Арханёл Міхал» (2021), «Цуд святога Юрыя са змеем» (2022). Фрагменты двух абразоў з гэтай серыі друкаваліся на першых старонках вокладкі часопіса «Наша вера», нумары якога выйшлі ў гэтым годзе. Цяпер я працую яшчэ над двума абразамі з гэтай серыі, але творчы працэс бывае вельмі непрадказальным, і таму дакладна сказаць, калі я скончу працу над імі, даволі складана.
— У кантэксце нашай размовы трэба ўзгадаць і мастацкі пленэр «Будслаў-2004», дзе ты быў не толькі актыўным удзельнікам, але і адным з арганізатараў. Падчас гэтага пленэра ты таксама напісаў абраз Маці Божай Будслаўскай. — Так. Падчас пленэра, які быў прысвечаны 500-годдзю Будслава і праходзіў напярэдадні Будслаўскага фэсту 2004 года, я зрабіў дзве працы. Адна з іх — жывапіснае палатно «І яблыня цвіце…», напісаная алеем і акрылам. А ў якасці другой пленэрнай працы я вырашыў зрабіць спіс цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай у тэхніцы пісьма тэмперай па ляўкасе на дошцы. Пры аздабленні працы былі выкарастаныя наступныя тэхнікі імітацыі залачэння і сярэбрання, выкананыя паталлю, а таксама інкрустацыя дэкаратыўнымі камянямі і пярлінамі. Тады я яшчэ не аздабляў свае працы металічнымі шатамі, таму казаць пра гэты абраз як пра частку серыі не варта. Але і гэтая праца была таксама значнаю на маім творчым шляху. Пасля пленэра гэты абраз быў перададзены кусташу Будслаўскага санктуарыя айцу Славаміру Вятлюгіну і захоўваўся ў Будславе, але калі мастак развітваецца са сваёй працай, ён не можа ўжо ўплываць на яе лёс, хоць і спрабуе сачыць за ім. І мне было вельмі прыемна, калі ў 2007 годзе я пабачыў свой абраз Маці Божай Будслаўскай падчас працэсіі з дарамі ў мінскім архікатэдральным касцёле, падчас урачыстасці з нагоды інгрэсу арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча як Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.
— Наколькі складана рабіць творчыя мастацкія працы ў тэхніцы пісьма тэмперай па ляўкасе на дошцы? — Ляўкас — гэта вельмі цікавая тэхніка. Яна і цяпер шырока выкарыстоўваецца ў розных іканапісных майстэрнях пры капіяванні абразоў, але дакладнае захаванне канонаў, праца па копіях і прамалёўках значна спрашчае творчы працэс у гэтай працы, зводзячы яе да звычайнага рамяства. Прафесійныя мастакі амаль не звяртаюцца да гэтай тэхнікі ў сваіх творах. У якасці выключэння можна назваць толькі тых мастакоў, якія займаюцца сакральным жывапісам і манументальным мастацтвам. Таму можна сказаць, што многія займаюцца ляўкасам, але мала хто творча выкарыстоўвае гэтую тэхніку, бо мастаку трэба самому рыхтаваць дошку, пакрываць яе ляўкасам і ўжо толькі потым наносіць жывапіс. Але дадатковыя высілкі па падрыхтоўцы дошкі даюць мастаку і дадатковыя магчымасці для творчасці ў візуальных эфектах і стылізацыі. І мне было больш цікава выкарыстоўваць гэтую тэхніку не ў рамесніцкім працэсе, а менавіта ў творчай працы. Па сутнасці, я заўсёды спалучаў розныя падыходы ў тэхніцы жывапісу па ляўкасе і не адмаўляўся ад спісаў абразоў, калі былі такія замовы. Адначасова я выконваў свае творчыя працы — гэта і мастацкія інтэрпрэтацыі абразоў, якія шануюцца ў Беларусі, і партрэты сучаснікаў, гістарычных асобаў, а таксама творчыя кампазіцыі і краявіды. Цяпер у гэтай жа тэхніцы з аздабленнем металам я раблю серыю гістарычных партрэтаў «Вялікія князі літоўскія і каралі польскія». Асноўнаю мэтаю гэтай маёй дзейнасці з’яўляецца падтрымка і развіццё традыцыі жывапісу па ляўкасе на дрэве.
— Вернемся да абразоў, якія былі змешчаныя на вокладках нашага часопіса ў гэтым годзе. Бачна, што не ўся дошка пакрытая ляўкасам і што дошка, узятая за аснову твора, выглядае як старадаўняя. Гэта сапраўды наўмысна ўзята старая дошка ці яна штучна састараная? — У сваіх працах я выкарыстоўваю розныя дошкі. Для серыі творчых працаў «Абразы Беларусі» ў асноўным выкарыстоўваю сапраўды старадаўнія дошкі, якія ўжо былі ва ўжытку і «адпрацавалі» ўжо шмат гадоў на карысць чалавека, з’яўляючыся часткаю дзвярэй, столі, падваконня і гэтак далей. Пры зносе ці перабудове пэўнага памяшкання яны раптам аказаліся непатрэбныя, а часам адкінутыя, як смецце. І калі такая дошка натхняе мяне прыгажосцю сваёй фактуры, прываблівае аўрай сваёй старажытнасці, тады я яе бяру, апрацоўваю і выкарыстоўваю для асновы мастацкага твора. Можна сказаць, я даю старажытнасці новае жыццё і новае гучанне. Я лічу, што сёння нам не хапае менавіта такой старажытнай эстэтыкі, таму, выкарыстоўваючы ў сваіх творах старыя дошкі, я спрабую дасягнуць таго, каб праца несла прыкметы, эстэтыку і дух мінулых стагоддзяў. Намоленыя за доўгія стагоддзі абразы і іх копіі, выкананыя ў новых паліграфічных тэхніках, асабліва калі на такіх копіях з’яўляецца глянец, вельмі адрозніваюцца ў эстэтычным плане. Мяркую, што больш прыемна мець перад вачыма менавіта такі абраз, які нясе ў сабе часцінку гісторыі нашай Радзімы. Калі праз абраз ты бачыш сапраўды старую дошку, калі ты бачыш «кухню» тэхнікі ляўкаса па дрэве, яе паслойнасць, калі бачыш, як ляўкас і жывапісны слой маглі паступова з цягам часу мець страты, то ўсё гэта дае зусім іншае, больш моцнае эстэтычнае ўздзеянне, выклікае цеплыню, можна сказаць, большае «ачалавечванне» самога абраза. Мастацкія фармальныя хады і фрагментарнасць таксама надаюць пэўную загадкавасць і нават містыцызм.
— Ці з’яўляецца склад самога ляўкаса, таго слоя, які наносіцца на дошку, каб зрабіць яе прыдатнай для жывапісу, такім жа класічным, як гэта было стагоддзі таму? — Па сутнасці, так. Пачынаючы карыстацца гэтай тэхнікай, я вывучаў яе амаль што па падручніку — па невялікай брашуры-інструкцыі для іканапісцаў, а потым ужо дадаваў ад сябе свае інтэрпрэтацыі і тэхнікі — паслядоўнасць нанясення, колькасць слаёў, выкарыстанне павалокі і гэтак далей. Эксперыментаваў я шмат і з матэрыяламі, па сутнасці, гэта ўсё натуральныя прыродныя кампаненты. Аснова — гэта крэйда і клей жывёльнага ці рыбнага паходжання. Эксперыменты мае былі ўжо з дадаткамі, якія ўносяцца ў гэтую масу — розныя алеі, мёд і нават яйкі, у некаторых выпадках у ляўкас дадаецца толькі жаўток, а ў іншых — бялок. Можна сказаць, што «алхімія» гэтага працэсу вельмі цікавая, і ў чымсьці падобная да кухарства. У гэтай справе я яшчэ не спыніўся, не знайшоў свайго так званага «залатога рэцэпта», каб сказаць, што трэба рабіць ляўкас толькі так і ніяк інакш.
— Нашыя чытачы ведаюць цябе менавіта як мастака кніжнай графікі. У выдавецтве «Про Хрысто» выйшла некалькі кнігаў з тваімі малюнкамі і афармленнем вокладкі. Гэта і казка Ірыны Жарнасек «Спрэчка анёлаў» (2003), і паэтычны зборнік Алеся Чобата «Край мой шчаслівы» (2007), зборнік Міхася Скоблы «Акно для матылькоў» (2009), вершы Ніла Гілевіча «Пацеркі Божай Маці» (2011) і «Добры анёл беларускасці» (2007), кніга ксяндза Яна Твардоўскага «Гэтыя тры...» (2019). А цяпер ці працуеш ты з кніжнай графікай, ці афармляеш новыя кнігі, ці не перашкаджае табе ў гэтым праца над ляўкасам? — Цяпер стала вельмі цяжка жыць толькі з кніжнай графікі, вельмі мала замоваў ад выдаўцоў. Аднак кніжнай графікай можна займацца ў некалькіх кірунках, калі табе замаўляюць ілюстрацыі ці ты сам знаходзіш цікавыя тэмы і тэкст, сам робіш кнігу і потым прапануеш яе для выдання ў розныя выдавецтвы. Таксама гэта можа быць аўтарскае выданне, якое «ад і да» запланавана, намалявана і зроблена табою, у адным ці ў некалькіх экзэмплярах. Такія выданні могуць мець вокладку і пераплёт, а могуць быць і без іх, у адрозненне ад паліграфічнага выканання, могуць мець фармат аўтарскай кнігі, не абмежаваны пэўнымі формамі, могуць існаваць і ў выглядзе сшытка, і ў выглядзе скрутка... Тут няма ніякіх абмежаванняў. Аднак гэта таксама эпізадычная праца, таму я заўжды спалучаю некалькі кірункаў дзейнасці. Па-першае, больш цікава рабіць адначасова разнастайную працу, а не займацца чымсьці адным. Па-другое, гэта залежыць ад замовы і запатрабаванасці маёй кніжнай графікі. Наша адукацыя вышэйшай мастацкай школы дазваляе не абмяжоўваць сябе чымсьці адным ці некалькімі кірункамі творчасці, а практычна дае займацца тым, што больш цікава. Вядома ж, ёсць мастакі, якія працуюць толькі ў адным кірунку і абмяжоўваюцца, напрыклад, толькі дзіцячай літаратурай. А хтосьці, наадварот, можа ілюстраваць і дзіцячую кнігу, і вершы, і спеўнік, і зрабіць ілюстрацыі-рэканструкцыі для навуковых публікацый. Я ў гэтым сэнсе ўніверсальны. У мяне больш інтарэсаў, зацікаўленняў, магчымасцяў, і абмяжоўваць сябе толькі чымсьці адным мне не хочацца. Наколькі б ні была цікаваю тэма, з якой працуеш, наколькі б ні была цікаваю тэхніка, у якой ты працуеш, як той жа ляўкас і серыі інтэрпрэтацыі абразоў ці гістарычнага партрэта, аднак часам узнікае вялікае жаданне пераключыцца і, напрыклад, намаляваць той жа краявід ці ўспомніць пра сваю аўтарскую графіку, пашукаць новыя вобразы, пластычныя і кампазіцыйныя хады.
— Ігар, ты працягваеш жыць творчым жыццём напоўніцу, ні ў чым сабе не адмаўляючы, не абмяжоўваючы — ні ў тэмах, ні ў тэхніках і сродках выканання, галоўнае, каб гэта было цікава табе як мастаку. — Так. Я вельмі стараюся, каб так яно і было.
— Дзякуй вялікі за размову. Зычым табе далейшага творчага плёну ва ўсіх галінах тваёй сапраўды ўнікальнай мастакоўскай дзейнасці.
Размаўляў Алег Глекаў.
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |