Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(105)/2023
З нагоды юбілею
Нашы святыні
Постаці
Мастацтва
Інтэрв’ю
Літаратуразнаўства
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ПЕРШАЯ СПОВЕДЗЬ
In memoriam

УПРЫГОЖЫЦЬ КВЕТКАМІ ЦЫНІІ
Памяці Анатоля Клешчука

Успаміны

ЗАЛАТЫЯ КРОСНЫ ДУШЫ

Ірына БАГДАНОВІЧ

ЛІРНІК ВЯСКОВЫ… ГЕРБА «СЫРАКОМЛЯ»

Да 200-годдзя з дня нараджэння
Уладзіслава Сыракомлі

Сярод сёлетніх памятных датаў ёсць вельмі прыгожы і па-сапраўднаму знамянальны юбі­лей — у верасні спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння славутага паэта Беларусі ХІХ стагоддзя Людвіка Кандратовіча, вядомага ў літаратуры пад псеўданімам Уладзіслаў Сыракомля (29.09.1823–15.09.1862). Адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, ён стварыў унікальныя паэтычныя карціны жыцця нашага краю ў яго гістарычным мінулым і ў той рэчаіснасці, сведкам якой ён быў. Сіла яго таленту і мастацкая вышыня створаных ім вобразаў нязменна прывабліваюць даследчыкаў і перакладчыкаў да яго творчасці. Трывалы хрэстаматыйны статус у літаратуры ХІХ стагоддзя маюць два вядомыя беларускія вершы паэта — «Добрыя весці» і «Ужо птушкі пяюць усюды». Польскамоўную паэзію Сыракомлі з захапленнем у свой час перакладалі Янка Лучына, Янка Купала, Уладзімір Дубоўка ды іншыя выдатныя паэты. Вельмі шмат зрабілі для вывучэння і далейшага перакладу твораў Сыракомлі такія знаныя навукоўцы-літаратары, як Адам Мальдзіс (ён таксама аўтар лірыка-біяграфічнай аповесці пра паэта «Восень пасярод вясны»), Генадзь Кісялёў, Уладзімір Мархель, Кастусь Цвірка. У 1992 г. асобнымі выданнямі ўпершыню на беларускай мове былі выдадзеныя ўнікальныя празаічныя творы Уладзіслава Сыракомлі: падарожны нарыс «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (пераклад Кастуся Цвіркі) і гісторыка-культуралагічнае эсэ «Мінск» (пераклад Хрысціны Лялько), якія прынеслі шмат адкрыццяў для беларускага чытача ў пазнанні гістарычнага і культурнага мінулага роднага краю. Знакавай падзеяй, прымеркаванай да 170-годдзя з дня нараджэння Сыракомлі, стала выданне ў 1993 г. аб’ёмнага тома яго выбраных твораў «Добрыя весці», куды ўвайшлі разам з вядомымі вершаванымі творамі яго гісторыка-культурныя, падарожныя, краязнаўчыя нарысы, нататкі, эсэ. А ў 2011 г. выдатным падарункам для чытачоў стаў не менш годны том літаратурнай спадчыны Сыракомлі ў серыі «Беларускі кнігазбор», дапоўнены новымі перакладамі вершаў і драматычных твораў (п’еса «Магнаты і сірата. Зоф’я, князёўна Слуцкая» ды іншыя). Не перапыняецца, а наадварот, узрастае цікавасць да асобы пісьменніка і ў апошнія гады, няўхільна пашыраецца скарбніца перакладаў яго твораў на беларускую мову.

Аднак і сёння мы маем яшчэ далёка не поўную літаратурную спадчыну Сыракомлі ў перакладах на беларускую мову, што значна абмяжоўвае наша ўспрыняцце творчай індывідуальнасці паэта. За ім стала замацавалася літаратурнае імя вясковага лірніка, паводле назвы аднаго з найбольш папулярных яго вершаў, які традыцыйна інтэрпрэтуецца як самапрэзентацыя аўтара. У беларускім літаратуразнаўстве гэты верш «Lirnik wioskowy» («Лірнік вясковы») лічыцца фактычна ключом да ўсёй яго творчай асобы, бо светапогляд паэта сапраўды характарызуюць народнасць, дэмакратызм, спачуванне сялянам і ўсім абяздоленым людзям. Аднак гэтым далёка не вычэрпваецца ідэйна-тэматычнае багацце і разнастайнасць творчасці Сыракомлі.

Светапогляд паэта перадусім фармаваўся пад уздзеяннем гістарычна традыцыйнай у нашым краі шляхецка-рыцарскай культуры, да асяродку якой належаў сам паэт паводле свайго паходжання. Шляхецкі род Кандратовічаў меў, як вядома, герб «Сыракомля», таму вельмі сімвалічна, што менавіта назву свайго родавага герба ў якасці псеўданіма абраў для сябе паэт, шануючы даўнія традыцыі і годнасць продкаў. Амплуа вясковага лірніка ніякім чынам не пярэчыла шляхецкаму радаводу Людвіка Кандратовіча, паколькі светапогляд шляхецкага саслоўя ў нашым краі здаўна і нязменна грунтаваўся на вядомай трыядзе: Бог — Айчына — Свабода. Такая трыяда сведчыць пра хрысціянскую рэлігійнасць, патрыятызм, каштоўнасць ідэалаў свабоды, куды ўключаецца, вядома ж, і дэмакратызм, які таксама сведчыць пра імкненне да рэалізацыі ў паўсядзённым жыцці евангельскай запаведзі любові да бліжняга. Менавіта такі, заснаваны на згаданай трыядзе светапоглядны комплекс вызначае творчую індывідуальнасць Уладзіслава Сыракомлі. У яго спадчыне шмат твораў рэлігійнай і гістарычна-патрыятычнай тэматыкі, якія да нядаўняга часу абміналіся ўвагай даследчыкаў і перакладчыкаў, таму мы нават сёння, пры ўсёй значнасці зробленага папярэднікамі, усё яшчэ не ведаем творчасці Сыракомлі ва ўсёй яе шматграннасці і паўнаце. Ён застаецца ўсё яшчэ загадкавым і невядомым у сваёй поўнай творчай біяграфіі. Сёлетні юбілей заахвочвае да новай заглыбленасці ў літаратурную спадчыну Сыракомлі, заахвочвае да новых перакладаў тых яго твораў, якія дагэтуль не перакладаліся на беларускую мову, каб наблізіць іх да нашай сучаснасці.

Прапануем у гэтай публікацыі некалькі ўпершыню перакладзеных на беларускую мову паэтычных твораў Уладзіслава Сыракомлі, якія сведчаць пра яго як пра паэта глыбока хрысціянскага, які праз прызму веры ўспрымаў усе з’явы жыцця, сябе самога і свет. Лірычны герой гэтых вершаў разважае над вельмі глыбокімі, вечнымі тэмамі: што такое сяброўства («Вастраліст»); што значыць быць паэтам, і мы бачым, што паэт у яго разуменні — гэта не толькі вясковы лірнік («Кім ёсць паэт?»); што такое шчырая малітва сэрца і аб чым належыць маліцца («Малітва»). Пра глыбокую хрысціянскую духоўнасць Уладзіслава Сыракомлі і Біблію як крыніцу яго творчасці сведчыць філасофска-медытацыйны вершаваны цыкл «Да Бога», у якім паэт разважае над таямніцамі Богаўцелаўлення і збаўчай місіі Хрыста, упісваючы свае разважанні ў сучасную яму рэчаіснасць. Далучаем да публікацыі таксама некалькі ўзораў малітоўных гімнаў з цыклу «Малітвы на абразках»: «Гімн святому Казіміру» і «Гімн хросту Хрыста». Пераклады зроблены паводле поўнага збору твораў, укладзенага Вінцэсем Каратынскім, выданне якога было прымеркавана да 10-й гадавіны скону паэта: Poezye Ludwika Kondratowicza (Władysława Syrokomli). Wydanie zupełne. Na rzecz wdowy i sierot autora. — Tom VI. — Tom VII. — Warszawa, 1872.

Гл. таксама:
Уладзіслаў СЫРАКОМЛЯ :: ВЕРШЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY