 |
|
* * *
На тое ў прыроды
Боскае права —
Быць вечным жнівам
у вечнай сяўбе:
Травінка і камень —
жывыя праявы,
Душа, затоеная
ў самой сабе.
|
|
Пытанне
Малюся Адзінаму, Усявышняму,
Нібы з Сусветам па-свойску гутару —
Душа ў душу — і нікога лішняга.
І толькі адно пытанне трывожыць:
Багоў чалавецтва мяняе і множыць, —
Куды ж душа схінецца «айцішная»,
З якімі стрэсамі, з якімі пакутамі,
Якая вера наступіць у прышласці,
Каму маліцца будуць камп’ютары?..
|
|
Як да светлай крыніцы…
Сястры Зінаідзе Васілеўне —
на 100-годдзе.
Зінаіда, Зіна, сястрыца…
Да цябе, як да светлай крыніцы, —
І да слова твайго, і да голаса,
Што ўспамінам — «было-не-збылося» —
То вясновую песню прыносіць,
То зімуе нязжатым коласам, —
Зінаіда, сястрыца, Зіна —
Мой праменьчык апошні з радзіны,
Дзён сялібы куточак адзіны,
Дзе душой неспатольна грэюся, —
Свята ў ёй, як з табою сустрэнемся, —
Да цябе прыпадаю ніцма,
Каб вадзіцы жывой напіцца,
І схіляюся ў нізкім паклоне:
Хай цябе Усявышні бароніць
І спагадліва, і ўсяісна —
ДНЕСЬ і ПРЫСНА.
|
|
* * *
Што здзейсніў лёс і што не змог,
Што не паспеў, хоць абяцаў, —
Дае ўсяму замену Бог:
Свет без пачатку і канца.
|
|
Па-людску
То мільгом, то нехаць
Дні і ночы йдуць, —
На чыю пацеху,
На чыю бяду?
Дзеліць час не сквапна, —
Дык жа — хэнці раб —
Той ціхенька хапне,
Той бярэ ўнахрап.
Ад такіх узбоччаў
Маю абярог:
І душа не хоча,
І не раіць Бог.
Мне па-людску будзе
Ўдосталь аднаго:
Мець, што маюць людзі, —
Толькі і ўсяго.
|
|
Чарвячок
(З натуры)
Праўнук Сярожка злавіў чарвячка.
Дакладней, можна сказаць, яны сустрэліся.
Не ведаю толькі, хто каго сустрэў:
Сярожка чарвячка ці чарвячок Сярожку.
І яны адразу пасябравалі.
Пра нешта шапталіся, хадзілі неразлучна,
Сярожка частаваў сябрука сунічкай,
А перад ад’ездам збудаваў яму хатку —
Тут жа, пад сунічнай лісцінкай.
На развітанне сказаў:
«Бывай, чарвячок!.. Да сустрэчы…»
Ды ноччу ўзняўся вецер, хлынуў дождж.
Знясло чарвячкову хатку…
А сам гаспадар кудысьці схаваўся.
І не адгукаецца. З перапуду, напэўна…
|
|
Запас
або Просьба да Міхася Скоблы
Я словам сваім з васільком
Са сцежкі жытнёвай збочыў:
Максім Багдановіч «Вянком»
Мяне прысуседзіў аднойчы.
Хоць я не Кухта Марцін,
Ды з выдавецтвам спазнаўся,
І мой васілёк адзін
Для кніжкі-малюткі прыдаўся.
Мой сказ залучыўся ў «Вянок»
Да кветак цудоўных Максіма.
А кніжачка — радасці ўток:
Для падарункаў магчымых.
І мне пра Максімаў сакрэт
Шаптала сяброўкаю вернай,
Ды знікла яна неўпрыкмет —
У пераездах кватэрных…
Між кніжных лаўцоў не шкаляр,
Міхась, кнігалюб падкуты,
У сховах друкарскіх ахвяр
Знайдзі мне бяглянку-малютку!..
Знайшоў! А вялі сляды
Якраз у яго кнігасховішча:
— Запас не чыніць бяды! —
Запас выпраўляе становішча.
|
|
У хвалі спытаюся…
У віра вірлівыя вочы —
Мой позірк панура вяртае.
А сам — што пабачыць ён хоча? —
Маўчыць глыбіня крутая.
Не клеіцца ў нас гамонка —
Свідруецца ў цемрыве цесным,
І што яму да Зуёнка
З яго летуценнем нябесным…
Пайду я на вольныя плёсы,
Дзе ветрык лагодзіцца босы,
Дзе зайчыкі скачуць па хвалях,
Што з вечных кругоў паўцякалі.
Пайду — і ў хвалі спытаюся,
З якой яны тайнай спазналіся
У тых віратлівых жорнах,
Цаною якой пакоры…
…Ды хваля апошнім дыханнем
Была мне сустрэчным пытаннем.
«А ты азірніся, шаптала,
Жыццю паглядзі свайму ў вочы…» —
І знікла, нібыта спытала:
«Ты сам вярнуцца ці хочаш?..»
Так хваля пытаннем стала, —
І тут жа бясследна знікала.
Бясследна і назаўжды.
І гэта быў голас вады.
|
|
 |