|
|
|
№
2(108)/2024
З жыцця Касцёла
Асобы
Інтэрв’ю
Гісторыя
Спадчына
Нашы святыні
Юбілеі
Паэзія
Асобы
Пераклады
Спадчына
|
Сёлета праграме «Хрысціянства і літаратура» на Ватыканскім радыё спаўняецца 10 гадоў. З гэтай нагоды мы прапануем вам інтэрв’ю з вядучым перадачы — грэка-каталіцкім святаром Андрэем Кратом.
— Айцец Андрэй, распавядзіце, калі ласка, адкуль Вы паходзіце і якім было Ваша дзяцінства. — Я паходжу з горада Івацэвічы Брэсцкай вобласці. Сям’я мая была зусім не рэлігійная. Тата лічыўся праваслаўным, яго ў дзяцінстве пахрысцілі, а мама была неахрышчаная да таго часу, пакуль я не пачаў хадзіць у грэка-каталіцкую царкву, дзе пазнаёміў яе са святаром, які яе потым ахрысціў. Я атрымаў хрост у праваслаўнай царкве, але ў студэнцкім узросце даведаўся, што ў маёй вёсцы з 1926-га па 1940 год была грэка-каталіцкая парафія. У тыя часы ішло адраджэнне Уніяцкай Царквы ў Заходняй Беларусі.
— І Вашы продкі былі вернікамі той парафіі? — Там усе былі парафіянамі, таму што адна была царква ў вёсцы, а вёска была далёка ад дарогаў. Хоць мясцовыя старажылы і казалі, што быў у іх Пачопка (айцец Баляслаў Пачопка. — Рэд.), і быў ён уніятам, але пра сябе яны не казалі, што яны ўніяты, хоць усе хадзілі ў гэтую царкву і сакрамэнты там прымалі. Думаю, што і мае продкі таксама.
— Значыць, адбылося такое вяртанне да каранёў? — Так, думаю, што гэта дзякуючы малітвам айца Баляслава Пачопкі я і стаў грэка-каталіцкім святаром. Можа, дзесьці на Небе ён маліўся за нашчадкаў сваіх парафіянаў і вымаліў мяне.
— Як Вы прыйшлі да веры? — Я чытаў усялякую рэлігійную літаратуру розных канфесій, але найбольшы ўплыў на мяне мела Біблія, а потым — часопіс «Унія», № 2, які я купіў у кіёску «Белсаюздруку» ў родных Івацэвічах.
— Ці былі ў Вас важныя яскравыя моманты, якія прывялі да навяртання? — Гэта было неяк натуральна. Я не скажу, што быў нейкі такі пераломны для мяне момант. Не было такога, каб я лічыў сябе няверуючым, а потым паверыў. Безумоўна, пазней, калі я ўжо лічыў сябе хрысціянінам і шмат ведаў, адбыўся такі момант, які называюць навяртаннем. Гэта было ў 1994 годзе, калі была першая грэка-каталіцкая пілігрымка з Віцебска ў Полацк у гонар полацкіх мучанікаў. Там я пабачыў такіх жывых хрысціянаў, такую добрую моладзь і жывую атмасферу, што і адбыўся такі неабходны пералом. Да гэтага мая вера была хутчэй інтэлектуальнай, а пасля пілігрымкі яна стала жывой. Потым былі розныя моманты крызісаў і адыходаў, але я заўсёды памятаў пра гэты момант і да яго вяртаўся.
— Вы памятаеце, як упершыню звярнуліся да Бога ў думках? — Не, не памятаю. Бо я маліўся і да гэтага часу. Маліўся шмат. Я вывучыў малітвы на царкоўнаславянскай мове. Я маліўся і сваімі словамі, але не адчуваў такой жывасці. Малітва ў гэты момант майго ўнутранага навяртання была чымсьці нармальным, я падтрымліваў кантакт з Богам, Ружанец ведаў. На той момант у мяне ўжо адбылася асабістая «трэцяя літургічная рэформа» — я перайшоў з царкоўнаславянскай на беларускую мову, знайшоў пераклады і вывучыў малітвы.
— Вы, як грэка-каталіцкі святар, можаце мець сям’ю. — Так, у мяне ёсць жонка.
— Як яна ставіцца да Вашага служэння? — Ставіцца добра, дапамагае мне. Яна мая правая рука.
— Не гаворыць Вам пайсці працаваць у офіс або на завод? — Да таго як выйсці замуж за будучага святара, яна была звычайнай парафіянкай, таму разумее, што такое святарскае служэнне, наколькі яно важнае ў першую чаргу для людзей, з якімі мы камунікуем і сябруем. Яна можа часта мне нешта падказаць як бы «з другога боку», з боку парафіянаў.
— А дзе Вы цяпер служыце? — Я служу ў Гродне і даязджаю ў Ліду.
— За дзесяць гадоў працы з беларускай літаратурай для праграмы на радыё Вы, магчыма, маглі б напісаць якую-небудзь дысертацыю? — Я не філолаг, таму па літаратуры пісаць было б цяжка. Але планы напісаць дысертацыю былі па сучаснай гісторыі Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы. Пакуль я гэтую справу адклаў, але, спадзяюся, у хуткім часе вярнуся. У нас ёсць парафіянка, якая выкладала літаратуру ва ўніверсітэце ў Гродне. Яна і натхняе мяне збіраць матэрыялы, каб потым выдаць кнігу.
— Але ж Вы пісалі магістарскую працу па тэалогіі. На якую тэму? — Так, на тэму «Апалагетычная дзейнасць айца Фабіяна Абрантовіча».
— Значыць, Вашы парафіяне сочаць за творчасцю свайго душпастыра. Як складваюцца адносіны з Вашай паствай? — У нас сямейная атмасфера. Я стараюся, каб людзі ведалі, чым, акрамя парафіяльных справаў, займаецца святар.
— Вялікая парафія? — Па грэка-каталіцкіх мерках, напэўна, вялікая: 150–200 чалавек. У нядзелю прыходзіць каля трыццаці чалавек. Грэка-католікаў няшмат у Беларусі.
— Ведаю, што ў вас у парафіі ёсць музей Царкоўнай Уніі... — У нас ёсць фонды, але няма экспазіцыі. Мы паступова робім розныя шафы для кніг, для бібліятэкі. Можа, хутка пачнем рабіць шафы для музея. Эспанаты ёсць, калі хтосьці прыходзіць, то я паказваю.
— Як Вы кіруеце сваім часам: ці знаходзіце баланс паміж служэннем, сям’ёй, працай? — Звычайна размяркоўваю свае справы па іх накапленні. Ёсць справы выязныя, а часам трэба штосьці зрабіць у капліцы, у парафіяльным будынку, дробны рамонт, напрыклад. Перадачы на радыё шмат часу займаюць, бо трэба прачытаць літаратурныя творы, напісаць тэкст, начытаць яго і «парэзаць». Чытаць і пісаць я магу ў любы час, але запіс я раблю позна ўвечары, бо я жыву ў звычайнай кватэры, за сцяной людзі размаўляюць, свідруюць, пілуюць... Часам пішу разважанні для рыма-каталіцкай газеты «Слова жыцця» на біблійныя тэмы — гэта раз на два тыдні трэба зрабіць.
— Перадача «Хрысціянства і літаратура» выходзіць ужо дзесяць гадоў. Можаце распавесці пра яе як аўтар? — Калі я пачаў рабіць гэтую праграму, мне проста было цікава чытаць беларускую літаратуру. Паколькі Ватыканскае радыё — каталіцкае, то мне хацелася акцэнтаваць хрысціянскія матывы ў нашай літаратуры. Я заўважыў, што калі не хрысціянскіх, то рэлігійных момантаў у нашых кнігах даволі шмат. Я нават падзяліў бы беларускую літаратуру ўмоўна на дзве часткі: рэлігійную і антырэлігійную. Другая частка для мяне таксама вельмі цікавая, бо я магу як тэолаг яе пракаментаваць, але я не літаратуразнаўца. Я скончыў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «гісторыя і сацыяльна-палітычныя дысцыпліны», потым скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Драгічыне, а таксама вучыўся на Папскім тэалагічным факультэце ў Варшаве.
— Як Вы ўвогуле трапілі на Ватыканскае радыё? — Мой калега айцец Андрэй Буйніч рабіў перадачу «Хрысціянства і літаратура». Было, можа, выпускаў 10–15 пра англійскую літаратуру: Толкін, Агата Крысці, Гары Потар. Але ў яго была яшчэ адна перадача, таму рабіць адразу дзве было складана, і ён прапанаваў рэдактару — ксяндзу Аляксандру Амяльчэню, — каб «Хрысціянства і літаратуру» ўзяў я.
— Ці быў у Вас дзесяць гадоў таму які-небудзь план? — Так, быў план. Я распачынаў ад асобы Кірылы Тураўскага. Думаў, што хутка «прайду» старажытных пісьменнікаў і дайду да Купалы, Коласа і далей, далей. Але цяпер я не спяшаюся — мне хочацца больш глыбока зазірнуць у хрысціянскія ці нехрысціянскія моманты. Таму цяпер у мяне да чатырох пісьменнікаў на год...
— І як Вы працуеце з літаратурнымі творамі? — Я знаёмлюся з усёй творчасцю пісьменніка, усё прачытваю. Добра, калі ёсць поўныя зборы твораў. Цікава адбылося з Міхасём Зарэцкім. Я знайшоў у інтэрнэце, што ёсць збор яго твораў. У бібліятэцы ўзяў два тамы. У іншай бібліятэцы знайшоў трэці, але чацвёрты, які нібыта быў складзены з «астаткаў» яго творчасці, знайсці не мог. Спытаўся ў сваёй парафіянкі, якая выкладала літаратуру, — яна прынесла. А я з гэтага тому потым дзесяць перадачаў зрабіў...
— А як Вы рыхтуеце матэрыял для праграмы? — Чытаю твор альбо некалькі твораў. На закладцы пазначаю, на якіх старонках закраналіся рэлігійныя моманты: дзе было пра Бога, малітву, храмы і гэтак далей. Потым я праглядаю свае нататкі, групую іх па тэмах і пішу тэкст. Прачытваю некалькі разоў, раблю праўкі. Потым усё начытваю і «наразаю» праз спецыяльную праграму. Выдаляю лішнія гукі. Перазапісваю, калі ёсць памылкі. Потым апрацаваны матэрыял адпраўляю на Ватыканскае радыё, а яны там з выкарыстаннем сваіх праграм працуюць далей.
— Ці былі ў Вашым жыцці кнігі, якія Вы запомнілі надоўга? — Так, у дзяцінстве прачытаў «Таямнічы востраў» Жуля Верна. Магчыма, гэта быў трэці клас школы. Шмат чаго, што чыталася ў школьныя часы, я ўспрымаў павярхоўна. Напрыклад, мой погляд на «Новую зямлю» Якуба Коласа перавярнуўся з ног на галаву: цяпер чытаеш і думаеш, што гэта паэма для беларусаў на ўсе часы. Прыязджаю да хаты, а там «мой родны кут, як ты мне мілы...». Часам слухаю сваіх знаёмых, якія працуюць на розных прадпрыемствах, і ў ва ўсіх гучыць «купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут». Усе наракаюць на сваіх кіраўнікоў, усе хочуць нейкіх вольных хлябоў, свой бізнес, сваю творчую працу, уласную, дзе ты сам сабе гаспадар. Гэта заўсёды ў беларусаў было і ёсць...
— Вы ўжо добра пазнаёміліся з беларускай літаратурай. Якія прыметнікі падыходзяць для яе апісання? Якая яна? — Яна жыццёвая. Ты чытаеш пра камуністаў 20-х, і думаеш, што сто гадоў таму былі іншыя людзі. Не-а. Тыя ж самыя. Тыя ж самыя перажыванні, пачуцці, праблемы. Ёсць частка літаратуры, асабліва савецкага перыяду, якая пісалася на замову. Напрыклад, тыя, хто ў 20-я гады «будавалі камунізм», сацыялізм, усё роўна жылі амаль тымі ж самымі пачуццямі і з тымі ж праблемамі, што і мы сёння. Таму для мяне «жыццёвая» — гэта галоўнае азначэнне беларускай літаратуры.
— Якія тры кнігі з беларускай літаратуры Вы рэкамендуеце? — Прачытаць беларусу трэба ўсё альбо, прынамсі, тое, што ў школьнай праграме. Але ёсць кнігі, якія я адкрыў альбо пераадкрыў для сябе, рыхтуючыся да перадачаў. Канечне, гэта паэма «Новая зямля» Якуба Коласа; потым — аповесць «Хлапец» айца Язэпа Германовіча пад псеўданімам Вінцук Адважны; у трэцюю-чацвёртую чаргу — Якуб Колас «Казкі жыцця» і Ядвігін Ш. «Апавяданні». Мне яны вельмі сугучныя: кароткія філасофскія прыпавесці, часта вельмі блізкія да хрысціянства.
— Якія кнігі могуць дапамагчы знайсці шлях да Бога? — Магчыма, кніга айца Віктара Данілава «Мой шлях да Бога і да Каталіцкай Царквы». Айцец Віктар — мой папярэднік. Першы парах (пробашч. — Рэд.) адроджанай грэка-каталіцкай парафіі ў Гродне. Ён працаваў тут з 1990-х гадоў да 2005 года. Быў вязнем сталінскіх лагераў, там прыйшоў да веры, да Бога, у Савецкім Саюзе падпольна служыў святаром. Ён у кнізе гэта апісвае.
— Для духоўнага развіцця трэба чытаць менавіта духоўную літаратуру? — У кантэксце нашай перадачы чытанне часта вядзе да Бога. А з духоўнай літаратуры мне найбольш падабаюцца жыццяпісы святых, бо там ёсць лагічны сюжэт, і там ёсць развагі. Але толькі развагі трошкі стамляюць. Я іх чытаю, але рабіць гэта трэба дазіравана, каб за думкай сачыць. Я чалавек старой закалкі, таму для мяне чытанне кніг вельмі важнае, але сёння людзі больш бяруць інфармацыю на YouTube, глядзяць розных прапаведнікаў, слухаюць іх тлумачэнні, слухаюць падкасты. Магчыма, для кагосьці такія шляхі будуць таксама добрыя.
Размаўляла
|
|
|
|