Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(108)/2024
З жыцця Касцёла
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Інтэрв’ю

ШЛЯХІ ДА БОГА
Гісторыя
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Нашы святыні
Юбілеі

ЗЕРНЕ СУРОВАЙ ПРАЎДЫ

ТЫ БЫЎ МАІМ СЯБРАМ

ГІСТОРЫЯ АДНАГО ПОДПІСУ
Паэзія

ДУША ЗАТОЕНАЯ…

ВЕРШЫ
Асобы

ІСЦІ «НЯВОРАНЫМ ПОЛЕМ»
Пераклады
Спадчына

Эла ДЗВІНСКАЯ

ЛІТАРАТУРНЫ І МАСТАЦКІ КРЫЖ ВІКТАРА КАРАМАЗАВА


Да 90-годдзя пісьменніка

Слынны літаратар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Віктар Карамазаў адышоў у вечнасць 16 жніўня 2023 года. Духоўна багаты, душэўна шчодры чалавек пакінуў глыбокі след у сэрцах яго жонкі Лідзіі Мікалаеўны, дзяцей Сяргея і Людмілы, унукаў і ў душах мастакоў, з якімі ён сябраваў і пра якіх пісаў.

Узгадваючы на памінках жыццёвы шлях і лепшыя творы Віктара Карамазава, адзін з яго сяброў, пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік, заўважыў, што ў апошніх аповесцях і раманах літаратара падкрэслены знак крыжа...

Сапраўды, знак крыжа займае асаблівае месца ў яго творчасці і прысутнічае як дамінанта асэнсавання жыццёвых шляхоў мастакоў і іх духоўных здзяйсненняў у назвах трох аповесцяў В. Карамазава.

Віктар Карамазаў быў прадстаўніком філалагічнага пакалення, сучаснікам Р. Барадуліна, Г.Бураўкіна, В. Зуёнка, А. Вярцінскага. Ён стварыў цэлы маляўнічы пласт у беларускай літаратуры, пішучы пра жыццё і творчасць вядомых жывапісцаў. Надзелены дарам прыгожага слова, прыроднай інтуіцыяй, ён валодаў і мастакоўскім талентам: пісаў пейзажы, разумеў і адчуваў унутраны свет і псіхалогію творчых асобаў.

Каб спасцігнуць жыццёвыя пуцявіны выдатных майстроў пэндзля, такіх як Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Станіслаў Жукоўскі, Антон Бархаткоў, Гаўрыіл Вашчанка, Мікалай Неўраў, журналіст, пісьменнік, сцэнарыст неаднойчы адпраўляўся ў працяглыя вандроўкі. Ён падарожнічаў па Магілёўшчыне, наведваючы Крынкі на беразе Друці ў пошуках сядзібы бацькоў Бялыніцкага-Бірулі, бываў на Віцебшчыне на возеры Няшчэрда, вандраваў па Цвярской губерні і падоўгу спыняўся ў Гарусаве, дзе жыў Біруля і дзе пісаў сваю карціну «Над вечным спакоем» Ісаак Левітан. Яго хвалявала, як можна напісаць неба касмічна, з біблейскай магутнасцю, як гэта рабіў Левітан, цікавіла, як працаваў Іванаў над карцінай «З’яўленне Хрыста народу».

З 1996 года пісьменнік ладзіў пленэры памяці Вітольда Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, праводзіў літаратурныя чытанні ў Шклове, Бабруйску, Крычаве, Мсціслаўлі. Нястомны даследчык і ва ўзросце 85-ці гадоў працягваў цікавіцца працамі маладых талентаў і пісаў пра іх. Восьмая яго кніга пра беларускіх жывапісцаў называецца «Пад крыжам», яна выйшла з друку ў юбілейным скарынаўскім 2017 годзе, у яе былі ўключаны апавяданні пра сучасных пейзажыстаў: Антона Вырву, Міколу і Марыю Ісаёнкаў.

...У той час мне пашчасціла сустрэцца і пагаварыць з Віктарам Філімонавічам, нашы размовы пра мастацтва і літаратуру працягваліся амаль да канца яго жыцця, таму мне хочацца згадаць асобныя яго прызнанні, успаміны...

Віктар Карамазаў
у працоўным кабінеце.

Пра тое, як пачалася праца над даследаваннем жыцця мастакоў, Віктар Філімонавіч расказваў:

— Рэдактар «Нёмана» Анатоль Кудравец папрасіў напісаць эсэ пра беларускага пейзажыста Вітольда Бялыніцкага-Бірулю. Я пайшоў у архіў і знайшоў цікавыя старонкі пісьменніка Войніча, які пасля вайны збіраўся пісаць кнігу пра мастака, збіраў яго рукапісы. Там былі ўспаміны Бірулі пра дзяцінства, Крынкі, Бялынічы, Друць. Гэтыя яго старонкі паказалі мне шлях да Бялыніцкага-Бірулі. За восем гадоў вандровак па слядах Вітольда Каятанавіча я сустрэў шмат людзей, якія яго шчыра любяць, чуюць. Найбольш іх сустракаў у Беларусі сярод люду простага, неказённага, у асяроддзі мастакоў, леснікоў, паляўнічых — людзей прыроды. Пейзажысты, якія жывуць у правінцыі, — яго духоўныя дзеці. Бялыніцкі любіў і глыбока ведаў прыроду.

Мне прыемна было пісаць пра яго аповесць. <...>

Пазней я напісаў сцэнар для кінафільма па аповесці, і рэжысёр Валерый Басаў паставіў паўнаметражны кінафільм, які так і называўся: «Крыж на зямлі і поўня ў небе». Ермаловіч, які працаваў у Магілёве рэжысёрам гарадскога тэатра, па аповесці паставіў спектакль. Прэм’ера ўрачыста адбылася ў музеі Бялыніцкага-Бірулі. Ермаловіч іграў Бірулю. Аповесць была ўключана ў школьныя праграмы. Адным словам, гэта была вялікая і карысная работа. Аповесць прыйшлася па душы ўсім. Мы паднялі добрую хвалю цікавасці да Бірулі, урачыста праводзілі яго гадавіны з удзелам гасцей. Усё гэта — светлая старонка майго жыцця.

Потым я зацікавіўся творчасцю яго сябра — Станіслава Жукоўскага, з Пружанаў. 70 гадоў яго выставы не рабілі ў Савецкім Саюзе, ён быў пад забаронаю, бо яго бацька і дзядзькі былі рэпрэсаваныя. З 1923 года Жукоўскі жыў у Польшчы. Мая аповесць «Брат мой духоўны» паспрыяла яго рэабілітацыі. Тады і адбылася яго першая выстава. У нашым Нацыянальным мастацкім музеі знаходзяцца каля 30 яго работ. Мне дапамог маскоўскі мастацтвазнаўца Гарэлы. А потым я пісаў пра Антона Бархаткова, які лічыў сябе вучнем Бірулі.

У Мюнхене на выстаўцы пра Бірулю гаварылі як пра майстра серабрыста-перламутравага паветра, якое маўчыць і звініць, нібы жальба струны. Ён заўсёды шукаў таямніцы і загадкі жывапісу ў прыродзе, у ёй знаходзіў разгадкі жыцця чалавека, лёсу, як бывалы паляўнічы ведаючы, што кожнае імгненне ў прыродзе дае новы і новы ключык да зямных сакрэтаў, што падабраць адзіны патрэбны ключык — гэта ўпільнаваць сваё імгненне, чакаць і дачакацца, схапіць на пэндзаль і пакінуць на палатне...

На пытанне, чаму ён сам пачаў пісаць карціны, Віктар Філімонавіч адказаў:

— Гэта маё вельмі ранняе і на ўсё жыццё захапленне. Пасля вайны партрэтаў пісьменнікаў у школе не было, падручнікі меў мала хто, а я браў кнігі ў бібліятэцы Крычаўскага педвучылішча, дзе мой бацька выкладаў літаратуру і мову. Там знаходзіў партрэты класікаў, перамалёўваў іх на левым чыстым баку плакатаў, якія давала настаўніца, прыносіў у школу. Настаўніца прымацоўвала партрэт да класнай дошкі і вяла ўрок. Бацька ўбачыў мае захапленне і выпісаў з Масквы цэлую скрынку алейных фарбаў у тубах. Я пачаў капіраваць карціны Левітана, Шышкіна, савецкіх мастакоў. А першы малюнак зрабіў алоўкам яшчэ зімою сорак першага года на ваенным заводзе пад Ульянаўскам. Як там апынуўся? Мы трапілі пад бамбёжку, я згубіўся, і бацька мяне знайшоў на ваенным заводзе, дзе рабілі снарады і міны. Я трапіў у прыют для беспрытульных дзяцей. Нас апраналі ў салдацкія абноскі і кармілі. Прывялі на вячэру, а там, ля сталоўкі, на слупе рэпрадуктар перадае паведамленне ад Савецкага інфармбюро пра подзвіг Аляксандра Матросава. Я зрабіў малюнак: «Саша Матросов бросается на амбразуру дзота». Тады мне было сем гадкоў, я быў дзіцём настаўнікаў, ужо чытаў і пісаў. Пасля вызвалення Беларусі мая мама Ганна Анісімаўна даслала мой малюнак бабулі ў Чэрыкаў, і ён захаваўся. Маю першую значную жывапісную работу з натуры «Зазімак» я напісаў на першым пленэры Бялыніцкага-Бірулі ў 1997 годзе.

 

— Але вучыцца Вы пайшлі не ў мастацкую вучэльню, а на факультэт журналістыкі БДУ?

— Вучыцца тады пасля вайны ў мастацкай школе не было матэрыяльнай магчымасці. І ў 1953 годзе я паступіў у БДУ. На апошніх курсах ужо пісаў апавяданні. У 1958 годзе па заканчэнні ўніверсітэта я паехаў на раён і гадоў пяць працаваў у Чэрыкаўскай раённай газеце, а ў 1964 годзе вярнуўся ў Мінск. Першую кніжку апавяданняў «Падранак» я напісаў менавіта ў Лімені. <...>

У Лімені, вёсачцы пад Чэрыкавам, у 1918–1924 гадах знаходзілася школа, якую ўзначальваў Мадэст Лепяшынскі. Там вучыліся будучы кампазітар Ісак Любан і прафесар Іван Гутараў. Пасля вайны ў Лімені была школа леснікоў, запаведнік баброў і вальер высакародных аленяў. Егеры вялі догляд і навуковыя даследаванні. Я пасябраваў з леснікамі, там ў 1986 годзе напісаў раман «Пушча» і паляўнічыя апавяданні. Потым лес і вёска аказаліся ў зоне радыяцыі…

— Віктар Філімонавіч, а як Вы спасцігаеце асобу мастака?

— Цяжка пісаць пра мастакоў, якія жылі і памерлі, таму што ў нас няма архіваў. Але мне не патрэбная ўся біяграфія мастака. Мне трэба быць моцна ўражаным яго творчым, духоўным подзвігам або яго трагедыяй, ёю запаліцца, у яе ўвайсці і яе разгадаць, маючы ўсяго некалькі даставерных фактаў з жыцця, але такіх, якія даюць лагічную і дастатковую прастору для псіхалагічнага мастацкага аналізу. Гэтакая праца патрабуе ад мяне майго ўласнага жыццёвага вопыту не менш, як жыццёвага вопыту літаратурнага героя. Так. І гэта, падкрэслю, не ёсць выдуманая праўда. Пад ёю грунт больш моцны, як пад нейкім адным асобным біяграфічным і гістарычным фактам. Для гэтага трэба выпрацаваць пэўны і стыль, і метад. Мне гэта, думаю, удалося. У сваёй аповесці «Зямля Фердынанда», якая ўвайшла ў кнігу «Пад крыжам», я даследаваў праблему адрыву мастака ад родных каранёў, спрабаваў спасцігнуць, чаму Рушчыц назаўсёды пакінуў палітру і пэндзлі і пераключыўся на выкладчыцкую дзейнасць. Я зразумеў гэтую драму і даў адказ у аповесці. Мастак павінен трымацца свайго асяроддзя, сваёй глебы, сваіх традыцый, школы. Як толькі ён пачынае мяняць іх, то губляе сваю непаўторнасць.

Віктар Карамазаў з дачкою Людмілаю.

— А як Вы расчыталі трагічны лёс выдатнага расійскага мастака Мікалая Неўрава, сябра вялікіх жывапісцаў Рэпіна, Паленава, Васняцова?

— У 1964 годзе ў якасці карэспандэнта «Магілёўскай праўды» я накіраваўся з Друцка ў Лыскаўшчыну, што пад Круглым. Абыходзячы па сівым купніку заліты вадой бальшак, я выйшаў на вясковыя могілкі і там спыніўся перад вільготным курганком з дошчачкай на крыжы: «Мікалай Васільевіч Неўраў».

У маі 1996 года блізка ад Лыскаўшчыны, у суседнім раёне, праходзіў пленэр пейзажыстаў, і мы з Антонам Бархатковым выкраілі дзень, каб пабываць на магіле Неўрава. Я не ставіў перад сабой задачу ахапіць у сваім творы ўсё жыццё Неўрава. Мне хацелася ўбачыць мастака такім, якім ён быў у нашай вёсцы — рэалістам-народнікам, чалавекам высокай культуры, вялікай душы і мужнай шчырасці. У Лыскаўшчыне і ў суседніх вёсках захавалася памяць пра мастака, і гэта дазволіла мне стварыць яго вобраз у рамане «Мастак і парабкі».

 

...Мне знарок захацелася абарваць гэтыя ўспаміны менавіта згадкаю пра наведванне магілы Неўрава — усе мы некалі апынемся на могілках з іх бясконцымі крыжамі, і нават калі ў нейкага бязбожніка крыжа на магілцы няма... ён усё роўна ёсць — зямны і нябесны, усвядомлены і неразгаданы, прыняты ці адпрэчаны... Віктар Карамазаў, пэўна, усведамляў цяжар свайго крыжа, разгадваючы крыжы чужых лёсаў... Няхай яго нябесны крыж будзе светлым..

Эла Дзвінская,
фота аўтара.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY