|
Мы сустрэліся ў маладосці
на мосце, у змроку ночы.
Нёман унізе ў паўсне
плыў сабе моўчкі…
Твае спакойныя шэрыя вочы
з пажарам прарочым на дне
трымалі, не адпускалі мяне.
Я ў іх, нібы ў прысак, ускочыла.
У іх глыбіні спакойнай —
усе зямныя пякельныя бойні,
мінулыя і наступныя войны,
невідочныя крыўды нябёс —
ты па мосце ішоў сабе збоку
і ў добрага Бога навідавоку
ў вачах сваіх шэрых нёс…
Мы спусціліся ўніз
да хваляў соннага Нёмана…
Сонныя хвалі цёплы жвірок краналі,
нашы сляды цалавалі.
Ні рукамі, ні вуснамі
ніколі не дакраналіся…
Размаўлялі, нібы спавядаліся…
Не перабівала цябе ані разу,
ты мне расказваў —
пра краіны, у якіх пабываў,
пра герояў, з кім сябраваў…
З кім у пекле вайны ваяваў…
Хто табе здрадзіў:
пакаяння ліст за цябе падпісаў
да чыноўніка на пасадзе…
Сонейка небакрай распаліла…
Гародня загаманіла імгненна.
Ты — направа пайшоў, я — налева …
Вярталася я самотна дадому.
Каціўся да Балтыкі Нёман…
Збірала слоўца да слоўца...
Ты — мой невідочны сумоўца!
Раптам машыну прыдбаў
і ў свет невядомы паехаў.
Голас твой да мяне далятаў
то ў тэлефоне, то рэхам.
І цяпер уначы мяне будзіць твой голас:
— Дануся, выйдзі на досвітку з дому…
Бачыш хмарку — гэта наш Нёман…
Спачатку вучыў мяне тата.
Пасля вучыў мяне ты.
Цяпер — па мосце хаджу адна.
Наяве хаджу і ў прарочым сне.
Прарочы сон на бяду паўтараецца:
Нёман вышэй берагоў разліваецца…
Маснічыны з-пад ног маіх валяцца…
А вочы твае ратуюць мяне!
Ты быў маім захапленнем,
натхненнем, таемным скарбам…
Ты быў маім сябрам!
17 чэрвеня 2023 г.
|