|
|
|
№
2(108)/2024
З жыцця Касцёла
Асобы
Інтэрв’ю
Гісторыя
Спадчына
Нашы святыні
Юбілеі
Паэзія
Асобы
Пераклады
Спадчына
|
Гэта, бадай, адна з самых кароткіх гісторый, запісаных не толькі ў маім нататніку, але і — да самых драбніцаў — у маёй памяці. Быў 1993 год. Адзін з незабыўных 90-х, калі вакол адбывалася гэтулькі лёсавызначальных падзеяў; калі нашы надзеі і мары мелі яшчэ нікім і нічым не надламаныя крылы і так хацелася верыць, што канвульсіі бязбожнай сістэмы, якая рушылася на нашых вачах, часовыя і апошнія, а рэлігійнае і нацыянальнае адраджэнне, як тая вясновая паводка, пераадолее на сваім шляху ўсе магчымыя і немагчымыя заторы і перашкоды. На жаль, здараліся выпадкі, калі для такога пераадолення трэба было мабілізаваць немалыя сілы. Менавіта гэтак было з вяртаннем мінскай катэдры, якая ўсё яшчэ належала не католікам, а таварыству «Спартак». У той час да змагання за святыню актыўна далучалася творчая інтэлігенцыя сталіцы: у друку з’яўляліся артыкулы журналістаў і гісторыкаў, на беларускім тэлебачанні адбыўся «круглы стол» з удзелам мастакоў і пісьменнікаў, прысвечаны гісторыі старажытнага мінскага касцёла… Менавіта тады, у 1993 г., з’явілася ідэя напісаць адкрыты ліст — зварот творчай інтэлігенцыі да кіраўніцтва рэспублікі з настойліваю і абгрунтаванаю просьбаю вярнуць нарэшце катэдру вернікам. Ліст быў напісаны, але трэба было параіцца з кімсьці ўплывовым, як даць яму ход… Вырашылі звярнуцца да народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, які ў той час быў дэпутатам Вярхоўнага Савета і старшынёю Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Ніл Сымонавіч параіў сабраць як мага больш подпісаў, і найперш самых аўтарытэтных мастакоў і пісьменнікаў, пажадана — народных, і аддаць ліст для друку ў газету «Звязда», паабяцаўшы папярэдне перамовіцца з яе галоўным рэдактарам Уладзімірам Наркевічам. Подпісы трэба было збіраць хутка. Ды лёгка сказаць — цяжка зрабіць… Цяпер ужо не хочацца згадваць тых, да каго я звярталася найперш, разлічваючы на добрыя асабістыя стасункі, і хто, на жаль, тады адмовіўся нас падтрымаць. Разумею, што ў кожнага з іх на тое былі свае прычыны: у кагосьці пэўныя асцярогі ды перасцярогі, а ў кагосьці, можа, і страх, бо ўсё яшчэ спрацоўвалі савецкія стэрэатыпы ў адносінах да рэлігіі ўвогуле, а да каталіцтва — асабліва.
У выніку з народных пісьменнікаў пад лістом стаяў подпіс толькі Рыгора Барадуліна. Заставаўся яшчэ Васіль Быкаў, да якога пакуль не адважвалася звярнуцца, хоць і была з ім знаёмая, бо на той час ужо больш за дзесяць гадоў працавала рэдактарам аддзела літаратуры ў часопісе «Беларусь». Зразумела, друкаваўся там і Васіль Быкаў, ды я заўсёды адчувала перад ім нейкае ўнутранае трымценне і дыстанцыю, пра якую вобразна сказала ў адным з вершаў Жэня Янішчыц: «Пабудзьце ж на гары крутой! // Я пакланюся Вам здалёку». У маім уяўленні Быкаў заўсёды стаяў як бы асобна ад усіх астатніх пісьменнікаў — на высокай «гары» не толькі свайго таленту, але і сваёй прынцыповай сумленнасці і, здавалася, непрыступнасці… І ўсё ж, нягледзячы на ўсе ўяўленні, трэба было яму тэлефанаваць. Патэлефанавала. Пасля прывітання хутка, хвалюючыся, растлумачыла мэту свайго званка і сутнасць просьбы. Васіль Уладзіміравіч моўчкі выслухаў і пасля кароткай паўзы ціхім спакойным голасам сказаў: «Правільна, пара вяртаць забранае». — Дык ці згадзіліся б Вы, Васіль Уладзіміравіч, падпісаць гэты ліст? — Чаму ж не, пэўна што… — То, калі дазволіце, я пад’еду да Вас, бо ўжо ёсць дамоўленасць наконт публікацыі… Зноў кароткая паўза і адказ: — Яно так, але я цяпер ад’язджаю на лецішча… — Тады я зараз выклічу таксі… — На жаль, не паспееце, бо я ўжо выклікаў, вось-вось павінна пад’ехаць… Адразу працяла думка: «І Быкаў адмаўляецца, толькі не хоча сказаць наўпрост…» А ў тэлефон — разгублена: — Дык а што ж рабіць, Васіль Уладзіміравіч? — А нічога, вазьміце і падпішыце за мяне… — Як гэта — за Вас? — Проста. Пастаўце пад лістом мой подпіс. — А Вы ж ліста не чыталі, давайце я Вам хуценька прачытаю па тэлефоне… — Не трэба. Я вам веру. Падзякавала. Пажадаў удачы. Развіталіся… Той наш адкрыты ліст быў надрукаваны на 3-й старонцы газеты «Звязда» за 8 мая 1993 года. Пад ім — першым у шэрагу пісьменніцкіх подпісаў — стаіць подпіс народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. 9 снежня таго ж года пастановаю Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь будынак мінскай катэдры быў вернуты католікам… Вось і ўся гісторыя, якую захацелася прыгадаць цяпер, калі адзначаем 100-годдзе з дня нараджэння Васіля Быкава. Цяпер, як і 30 гадоў назад, я ўдзячна думаю пра яго не толькі як пра выдатнага, сусветна вядомага пісьменніка, але і пра яго адважную, сумленную чалавечнасць… З усіх Быкаўскіх твораў найбольш люблю ягоную аповесць «Знак бяды». Найперш за яе нацыянальную і хрысціянскую глыбіню. Памятаюцца словы Аўтара з пралогу да гэтай аповесці пра «непадуладную часу, цярплівую і негаваркую чалавечую памяць, надзеленую спрадвечнаю здольнасцю ператвараць мінулае ў цяперашняе, звязваць сучаснае з будучым…»
Гл. таксама:
|
|
|
|