Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(108)/2024
З жыцця Касцёла
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Інтэрв’ю

ШЛЯХІ ДА БОГА
Гісторыя
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Нашы святыні
Юбілеі

ЗЕРНЕ СУРОВАЙ ПРАЎДЫ

ТЫ БЫЎ МАІМ СЯБРАМ

ГІСТОРЫЯ АДНАГО ПОДПІСУ
Паэзія

ДУША ЗАТОЕНАЯ…

ВЕРШЫ
Асобы

ІСЦІ «НЯВОРАНЫМ ПОЛЕМ»
Пераклады
Спадчына

Уладзімір ЯГОЎДЗІК

ЗЕРНЕ СУРОВАЙ ПРАЎДЫ


Васіль Быкаў, 1988 г.
Фота Уладзіміра Крука.

Рэдакцыйных бланкаў розных выданняў я назбіраў цэлую папку. Рэцэнзенты там крытыкавалі мае паэтычныя спробы. Маўляў, няма цікавых думак і вобразаў, няўдалыя рыфмы, а ў канцы абавязкова раілі вучыцца ў Янкі Купалы і Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова і Максіма Танка.

Толькі ў дзявятым класе дэбютаваў у раённай газеце «Праца», што выходзіла ў Зэльве. Акрылены поспехам, паслаў некалькі вершаў у «Гродненскую правду» і праз месяц атрымаў кароткае паведамленне пад № 911 ад 28. 03. 1972 г., падмацаванае подпісам, зробленым сінім чарнілам:

«Уважаемый тов. Яговдик! “Вочы маці”, возможно, напечатаем в очередной литературной странице или в следующей. Литконсультант В. Быков».

Вядома, падскочыў ад радасці, бо чытаў «Жураўліны крык» і «Альпійскую баладу», два разы паглядзеў кінафільм пра трагічнае каханне Івана і Джуліі. Неўзабаве прыйшоў яшчэ адзін ліст, пазначаны № 1469 ад 30. 04. 1972 г.:

«Уважаемый тов. Яговдик! Кое-что из присланного Вами в нашу газету мы имеем намерение опубликовать в одной из очередных литературных страниц. С приветом литконсультант В. Быков».

Чакаць давялося доўга, мяне надрукавалі ў пачатку снежня. У гэтай літстаронцы былі таксама вершы Ларысы Геніюш. Я выпрасіў газету ў школьнай бібліятэкаркі і пасля ўрокаў, нягледзечы на халодную імжаку, памчаўся на вуліцу Савецкую, дзе была старая хата на два ганкі. Першы стаяў на зямлі, а другі, высокі, з бляшанай стрэшкай, нібыта вісеў, прылеплены да сцяны.

Гаспадыня пасадзіла мяне за шырокі стол, засланы белым даматканым абрусам з кутасамі, наліла чаю, прынесла кавалак пірага і, надзеўшы акуляры, разгарнула газету.

— Значыць, на Каляды атрымаем ганарар, па дзесяць рублёў, — пажартавала яна.

— Мае вершы ўзяў сам Васіль Быкаў, — пахваліўся я.

— Ён прыязджаў да нас разам з Данусяй Бічэль, — сказала Ларыса Антонаўна, — мы выступалі ў тваім інтэрнаце. Тады дырэктарам быў Галавач, яго потым звольнілі. Ты чытаў аповесць «Абеліск»?

— Не чытаў…

— Там аднаго героя завуць Павел Міклашэвіч. Дык вось, Васіль яму пазычыў маё дзявочае прозвішча…

Пад вечар вярнуўся ў інтэрнат і прынёс кнігу ў цалафанавай абгортцы. На вокладцы быў намаляваны ўчарнелы мужчынскі твар, а ніжэй стаялі два словы: «Сотнікаў», «Абеліск».

Паведамленне ад рэдакцыі газеты «Гродненская правда»
ад 28 сакавіка 1972 г. за подпісам Васіля Быкава.

Сонечнай красавіцкай раніцай 1983 года каля Дома літаратара спыніўся невялікі аўтобус. У салон селі Пімен Панчанка, Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, мастак Міхаіл Савіцкі, кампазітар Ігар Лучанок і спявак Яраслаў Еўдакімаў. Да гэтай творчай брыгады, што адправілася ў Бягомль на літаратурна-мастацкае свята, па заданню рэдакцыі «ЛіМа» далучыліся мы з фатографам Анатолем Калядой.

Дарога на Віцебшчыну вельмі прыгожая, краявіды ахінала залацістая дымка. Праз паўгадзіны пачаліся лагойскія пагоркі. Сонейка злізала снег, толькі ў лагчынах засталіся белыя стракаціны. Бліжэй да Плешчаніц абапал шашы падняўся хваёвы лес — гонкія сосны, востраверхія яліны, а над імі — сіняе звонкае неба.

Юрый Герасіменка-Жызнеўскі,
ілюстрацыя да аповесці
Васіля Быкава «Знак бяды», 1984 г.

Колы накручвалі кіламетры, у салоне не сціхалі жарты і анекдоты. На жаль, у мяне тады не было дыктафона. Мастак Савіцкі папрасіў шафёра спыніцца, каб пакурыць. Мае спадарожнікі стаялі на абочыне, пра штосьці размаўлялі. Скарыстаўшы момант, я сфатаграфаваў іх на каляровую плёнку, затым падышоў.

— Валодзя Ягоўдзік, колішні мой студэнт, — сказаў Ніл Гілевіч, — а цяпер супрацоўнік «ЛіМа».

— Вы родам з Гродзеншчыны? — спытаў Васіль Быкаў.

— Так, слонімскі, — пацвердзіў я.

— Ці чулі пра Альбярцін?

— Я вучыўся там у інтэрнаце, у сёмым і восьмым класах.

— А мне пасля вайны давялося насіць пагоны, — усміхнуўся Васіль Уладзіміравіч. — Дарэчы, адзін афіцэр тады застаўся без пагонаў. Па дарозе з палігона ён згубіў выпіскі, зробленыя ў сакрэтным аддзеле. Хтосьці знайшоў яго сшытак і занёс у Слонімскую камендатуру. Усё скончылася судом, разжалаваннем і турмой…

Паспачуваўшы бедалагу, мы селі ў аўтобус і паехалі далей.

Перад тым, як пачалося мерапрыемства, госці агледзелі школьны Музей народнай славы, а калі прыйшлі ў актавую залу, ледзьве праціснуліся да сцэны. Здавалася, тут сабраліся ўсе бягомльцы — і вучні, і дарослыя.

Прыпынак па дарозе ў Бягомль. Васіль Быкаў, Пімен Панчанка,
Міхаіл Савіцкі, Ніл Гілевіч. 1 красавіка 1983 г.
Фота Уладзіміра Ягоўдзіка.

Першае слова арганізатары далі Пімену Панчанку. У Бягомлі прайшло маленства народнага паэта, тут, у чырвоным цагляным будынку, дзе неўзабаве адкрыўся музей партызанскай славы, ён скончыў сямігодку. Пімен Емяльянавіч успамінаў дарагія сэрцу мясціны, землякоў, якія прайшлі праз пекла вайны, прачытаў прысвечаны ім верш:

І грукат, і стогны, і пыл, і туман,
І той пад Бягомлем глыбокі калодзеж,
Дзе кідалі немцы жывых партызан…
Ізноўку нянавісцю сэрца калоціць.

Васіль Быкаў, які некалькі месяцаў таму ўдзельнічаў у антыфашысцкім мітынгу ў Заходнім Берліне, падзяліўся сваім уражаннем. Ён адзначыў, што на Захадзе маладыя немцы не ведаюць гісторыю, хоць іх бацькі не забыліся назвы зруйнаваных беларускіх гарадоў і спаленых вёсак. На заканчэнне пісьменнік заклікаў усіх шанаваць народную памяць пра ваеннае ліхалецце.

Працягваючы гаворку, Ніл Гілевіч прачытаў верш «Ты кажаш, я не ведаю вайны...», што прагучаў як трывожны голас пакалення, чыё дзяцінства растапталі акупанты:

Застаўшыся з маленства на вайне,
Я аднаго хачу, мая айчына:
Каб гэта скончылася ўсё на мне,
Каб гэта ўсё не стала доляй сына…

Міхаіл Савіцкі прыгадаў сваю жахлівую канцлагерную «адысею», расказаў, як пісаў вядомы жывапісны цыкл «Лічбы на сэрцы», а Яраслаў Еўдакімаў пранікнёна выканаў песню Ігара Лучанка «Пісьмо з 45-га». Вельмі цёпла прысутныя віталі свайго земляка паэта Алеся Ставера і самадзейных артыстаў, якія падрыхтавалі святочны канцэрт.

Пасля Бягомля мы наведалі Шунеўку. Гэтую вёску 22 мая 1943 года фашысцкія карнікі спалілі разам з людзьмі. Павячэраўшы ў Докшыцах з раённым начальствам, развіталіся каля вогнішча на лясной паляне і апоўначы вярнуліся ў Мінск.

Рэпартаж «Забыць пра гэта — немагчыма» быў надрукаваны 15 красавіка. На паласу трапілі два Анатолевы фотаздымкі, а самы цікавы забракавалі, бо не адпавядаў сур’ёзнаму стылю публікацыі. На ім пасажыры аўтобуса так заразліва смяюцца, што, гледзячы на іх, і сам міжволі засмяешся.

А на здымку, што зрабіў я, на абочыне віцебскай шашы гамоняць Панчанка, Быкаў, Гілевіч і Савіцкі. Часам вазьму ў рукі і шчымліва прыпомню:

«Валодзя Ягоўдзік, мой колішні студэнт…»

«Вы родам з Гродзеншчыны?.. »

На ганку бягомльскай сярэдняй школы перад пачаткам сустрэчы.
Васіль Быкаў, Яраслаў Еўдакімаў, Ігар Лучанок.
1 красавіка 1983 г.
Фота Уладзіміра Ягоўдзіка.

Тры з паловай гады (з лета 1993-га і да канца 1997 года), я працаваў у аддзеле прозы «Нёмана» ў добрай згодзе з Уладзімірам Жыжэнкам і Уладзімірам Машковым, вопытнымі літаратарамі, перакладчыкамі. Васіль Уладзіміравіч часам заходзіў да нас, у часопісе рэгулярна друкаваліся яго новыя творы: «Апавяданні» (1994, № 4), «Жоўты пясочак» (1995, № 1), «Палюбі мяне салдацік» (1996, № 6). Пасля адной сустрэчы я запісаў у нататніку:

«20. 01. 1994, чацвер. В. Быкаў прынёс свае аўтарызаваныя апавяданні (пераклаў У. Жыжэнка), запланаваныя ў красавіцкі нумар. На падаконніку ляжаў прыгожа падпісаны канверт. В. У. узяў яго, патрымаў у руцэ:

“Мне падабаецца прыгожы почырк, а Твардоўскі лічыў, што гэта паказчык душы з патайным дном…”

Я спытаўся, чаму ў аповесці “Абеліск” прозвішча галоўнага героя Міклашэвіч.

“А чым яно кепскае? ” — здзівіўся В. У.

“Ларыса Геніюш мне казала, — патлумачыў я, — што вы пазычылі яе дзявочае прозвішча…”

“Там ёсць настаўнік Мароз, — адказаў В. У. — Украінскія пісьменнікі лічылі, што такім чынам я хацеў падтрымаць іхняга дысідэнта Мароза, якога якраз пасадзілі. Наогул, бываюць камічныя выпадкі, як з паліцаем Каландзёнкам. Неяк на сустрэчы з чытачамі да мяне падышоў раённы начальнік Каландзёнак і пачаў бажыцца, што ў яго родзе не было паліцаяў. Я патлумачыў — гэта літаратурны герой. Потым ён паклікаў жонку, каб яна пачула, што паліцай Каландзёнак з іншага раёна”…»

Набліжалася юбілейная дата — 70-годдзе дня нараджэння Васіля Уладзіміравіча. З гэтай нагоды галоўны рэдактар «Нёмана» Анатоль Кудравец напісаў артыкул «Распятый на кресте времени». Я акурат дзяжурыў па чэрвеньскім нумары, таму прачытаў карэктуру. Артыкул невялікі па аб’ёме, там гаворыцца пра ролю Быкава ў беларускай літаратуры, у гісторыі Беларусі. Аўтар прыгадаў Пяты з’езд пісьменнікаў, што адбыўся ў чэрвені 1966 года. У цэнтры прэзідыума — Пётр Машэраў, першы сакратар Цэнтральнага камітэта беларускіх камуністаў. На трыбуну падняўся Быкаў, зала адразу прыціхла.

«Па ўсім відаць, нашая літаратура перажывае крызіс, — сказаў ён. — Калі ў гаспадарцы валюнтарызм неяк асуджаны, дык у літаратуры ён дагэтуль у пышным росквіце. У народнай гаспадарцы ўжо не так камандуюць, як у літаратуры. Вытворчыя адносіны там намагаюцца ладзіць з некаторай натуральнасцю і заканамернасцю. Літаратура ж застаецца тым, чым была сельская гаспадарка ў нядаўнім мінулым, — кожны мае да яе адносіны і пры выпадку не супраць патаптаць яе і без таго не надта ўрадлівы агарод. Але вельмі і вельмі памыляюцца тыя, хто лічыць, што ў мастацтве і літаратуры няма няўмольных законаў, што іх можна папіхаць, як захочацца…»

Першы сакратар ЦК не стаў слухаць далей, падхапіўся і дэманстратыўна пакінуў прэзідыум. Прысутныя зразумелі: гаспадару рэспублікі не спадабалася сказанае прамоўцам.

Прачытаўшы артыкул, я падзяліўся з Анатолем Паўлавічам сваім уражаннем:

— Вы сказалі ўсё самае галоўнае пра юбіляра як пісьменніка і грамадзяніна.

— Не ўсё, — не пагадзіўся ён, — тут няма ні слова пра яго як чалавека, хоць я ўдзячны яму, як нікому на свеце.

Пазней Анатоль Кудравец напісаў літаратурны партрэт Васіля Быкава «На крыжы» і ўключыў яго ў кнігу «За дальнім прычалам» (2007). Там ёсць старонкі пра іх сумесную паездку ў Германію вясной 1990 года, якіх не было ў «нёманскай» публікацыі.

«З сабой я ўзяў медыцынскія аналізы, карты лячэння, заключэнні спецыялістаў. Быў яшчэ адзін страшны дакумент — фота Анюты пасля чарговага сеансу хіміятэрапіі: з голай, без аднаго валосіка галоўкай і не па-зямному сумнымі пасля перанесеных пакут вачыма. Я баяўся даставаць гэты здымак, баяўся глядзець на яго сам, баяўся паказваць.

Мы стаялі каля акна вагона, і я шукаў у сабе смеласць, каб сказаць пра сваю бяду. Пра чужую гаварыць лягчэй. Адважыўся, сказаў… Рэакцыя была імгненнай: пракашліванне, глухаваты голас:

— Ну вядома, вядома, а як жа…

…Адзін з маладых пастараў гаворыць, што яго абшчына сабрала дваццаць тысяч марак і гатова перадаць для набыцця дазіметраў. Цішыня. Усе глядзяць на Быкава. Чакаюць, што ён скажа. І ён гаворыць:

— Яно-то так, можна і на дазіметры. Іх у нас пачалі ўжо выпускаць. А ці нельга гэтыя грошы пусціць на лячэнне канкрэтнага чалавека, цяжка хворага на лейкемію… Толя, дзе там у цябе было фота?..

Я дастаю фота ўнучкі, і яно пайшло па крузе. І кожны доўга трымае ў руках, углядаецца ў яго, нібы чытае нешта… Я ні на кога не глядзеў, не мог глядзець. Адно толькі чуў, як моцна б’ецца сэрца. Ніколі — ні да гэтага, ні пасля я не чуў, каб яно так білася. Словы Быкава сталі тымі словамі, якія вырашылі лёс тых тысяч марак, а з імі і лёс маленькай дзяўчынкі на фота. Дзяўчынкі з сумнымі незямнымі вачыма…»

 

Я не бачыў часопіснай публікацыі аповесці «Сцюжа», асобным выданнем яна ўбачыла свет у 1993 годзе. Шкада, не паспеў прачытаць, калі размаўляў з Васілём Уладзіміравічам, абавязкова спытаў бы пра майго аднафамільца.

«Але во так здарылася аднойчы, што ў сувязі з падпіскай на пазыку выязджалі ўсе дарэшты: райкам партыі, райвыканкам, райкам камсамола, увесь раённы і партыйны актыў. З акругі і з Менска прыехалі ўпаўнаважаныя, і райкам разбіў усіх на брыгады. І камусьці з кіраўнікоў спатрэбілася прызначыць Азевіча менавіта ў Ліпаўку… Ехаць павінны былі трое, апроч Азевіча, яшчэ раённы пракурор Гарадзілаў, нядаўна прысланы з Менска, і Ягоўдзік з райгаза. Але Ягоўдзіка ў апошні момант перакінулі ў іншую брыгаду, а яму, Азевічу, сказалі: “Управіцеся і ўдвох”. Так яны пагодлівым красавіцкім днём паехалі фурманкай у родныя, даўнавата не бачаныя Ягоравы мясціны…»

Хутчэй за ўсё, гэты райгазавец «прыбыў» на Віцебшчыну з Альбярціна, дзе аўтар служыў у пасляваенныя гады. Праўда, на Слонімшчыне спрадвеку жывуць Ягаўдзікі (націск на літары «я»), толькі пакінуўшы родныя мясціны, яны становяцца Ягоўдзікамі (націск на «о»). У тым «вінаватае» рускае напісанне прозвішча: Яговдик.

Галоўны герой аповесці вясковы хлопец Ягор Азевіч у 30-я гады стаў актывістам, камсамольцам, потым інструктарам райкама.

«Ён гатовы быў вылузнуцца са скуры, каб зрабіць усё выдатна, як патрабавалася ад бальшавіка. Але што выходзіла з тае рупнасці, на чыю яна ішла карысць?.. Жыццё і людзі распараджаліся ім, як хацелі. І як было ў тых умовах зрабіць што інакш? Яго б за некалькі дзён сцерлі ў парахню. Таму круціўся як мог, пакутаваў і саромеўся…»

«Пакутаваў і саромеўся» пасля, спачатку падпісаў ілжывы данос на старшыню райвыканкама, і таго арыштавалі. Другі раз адмовіўся падпісваць, хоць яму пагражаў гэпэушнік, затое ездзіў па вёсках і разбіваў жорны, каб вытрасці з людзей апошнюю жменьку жыта.

«Некаторыя жанчыны прасіліся, паказвалі на малых, якім трэба есці, бажыліся, што ўсё здалі, болей няма ні зярнятка. “Ах няма, — вызверыўся Дашэўскі. — Тогда чего ж рыдаете, если молоть нечего? Бей, Азевич!” І Азевіч біў…»

Бацькоўскую хату Азевіч таксама не абмінуў, а як зайшоў у сенцы, паказалася маці.

«Твар яе збялеў, вусны задрыжэлі, быццам яна хацела нешта сказаць, ды страціла голас. Ягор ірвануўся да жорнаў і ўхапіў знаёмы, даўно ўжо не тоўсты і не дужа цяжкі камень. Ён нічога не хацеў ні тлумачыць, ні нават доўга затрымлівацца. Бегма вынес камень на агарод… З хаты чулася глухое галашэнне маці…»

У пачатку вайны Азевіч разам з раённым начальствам падаўся ў лес, каб змагацца з акупантамі. Да зімы атрад распаўся. Хтосьці загінуў, трапіўшы ў засаду, хтосьці, як браты Фесюкі, падаўся ў паліцыю, а першага сакратара райкама Дашэўскага, які змог вырвацца з акружэння, немцы прызначылі начальнікам управы. Пахаваўшы камісара, які сканаў ад хваробы, згаладнелы, прастуджаны Азевіч дабрыў да пуні і страціў прытомнасць. Выхадзіла яго незнаёмая кабета, а калі ён падняўся на ногі, спытаў:

«А як жа з хлебам у вас?..» — «Хлеб ёсць, — з задаволенасцю ў голасе сказала цётка. — Намалола на тым тыдні, дык спякла тры боханы. Не тое што ў калгасе». — «Пастой, — нешта прыпамятаўшы, сказаў Азевіч. — А дзе намалола?» — «Ды ў сенцах. На жорнах». — «А хіба… жорны ў вас не пабілі?» — «А, тады!.. — здагадалася цётка, што ён мае на ўвазе. На тры кускі камень пабілі. Ляжалі ў крапіве». — «Хто разбіў?» — сказаў ён і сцішыўся, чакаючы адказу, які быў для яго дужа важны. «Ды камсамольцы. І акцівісты… Але мой Іванусь зрабіў такія абручы, саставіць камяні і змеле ўначы…»

Цётка пазнала Азевіча — бачыла на сходзе ў суседняй вёсцы з будзёнаўкай на галаве, яе Івануся, хоць ён «парцейцам і брыгадзірам», уначы забралі энкэвэдзісты. А жорны, нават расколатыя на тры кавалкі, усё роўна малолі: у спёку і сцюжу, у бальшавіцкую калектывізацыю і нямецкую акупацыю.

Азевіч пайшоў, забыўшыся спытаць, як звалі цётку. За вёскай перахрысціўся, хоць не помніў, калі апошні раз гэта рабіў, следам за ім увязаўся сабака па клічцы Ваўкалака. Як чужы цень, як нядобры знак…

Аповесць «Сцюжа» пісьменнік пачаў пісаць у канцы 60-х, але адклаў на доўгія дваццаць гадоў, бо тагачасныя функцыянеры кожнае праўдзівае слова называлі паклёпам на камуністаў і савецкую ўладу. У беларускай літаратуры, нягледзячы на ідэалагічную зададзенасць, ёсць таленавітыя творы пра калектывізацыю, я маю на ўвазе аповесці і раманы Кузьмы Чорнага, Івана Мележа. У аповесці «Сцюжа» паказана тое, што замоўчвалася: як злачынны сталінскі рэжым расчалавечваў чалавека.

 

4 лютага гэтага года мне пазваніў мастак Алесь Цыркуноў і сказаў, што збіраецца ў Музей гісторыі беларускай літаратуры на выстаўку, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння Васіля Быкава.

— Далучайся, — прапанаваў ён, — бо можаш спазніцца…

Я адкрыў музейны сайт, там паведамлялася: выстаўка «Васіль Быкаў. Жыццё праз абрысы і лініі» адкрылася 25 студзеня і будзе працаваць да 5 мая, у экспазіцыю ўключаны больш за 70 графічных і жывапісных твораў пісьменніка, які ў даваенныя гады вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы.

Музей знаходзіцца ў Траецкім прадмесці. Экспазіцыя, разгорнутая ў прахадной зале на другім паверсе, аказалася сціплай на экспанаты. Каля ўвахода — скульптурны партрэт пісьменніка (аўтар Аляксандр Батвінёнак), побач — эцюднік, фарбы і пэндзлікі, якімі карыстаўся Васіль Уладзіміравіч. Карта яго франтавых дарог, узнагароды, кнігі, фотаздымкі, я пазнаў адзін здымак з даўняй бягомльскай камандзіроўкі.

На сценах — графічныя накіды, зробленыя на радзіме: «Уезд у Вушачу», «Маё возера», «Дарога ў школу». Здаецца, простыя, нічым не адметныя краявіды, а чуеш маўклівую размову з мінулым, дарагім сэрцу…

Малюнак «Шагал над Плінскім возерам» датаваны 16. VІ. 2001. На небе — дзве фігуркі, і перад вачамі адразу паўстала шагалаўская карціна «Над горадам», напісаная ў 1918 годзе. Там, над Віцебскам, як вольныя птушкі, ляцяць шчаслівыя Марк і Бэла. Яны не вярнуліся на берагі Дзвіны, але мастак да апошніх дзён маляваў крывыя віцебскія вулачкі. Для вялікага мастацтва не існуе межаў ні ў прасторы, ні ў часе...

Акурат была нядзеля, на выстаўку прыйшло шмат людзей, а назаўтра экспазіцыю пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка-франтавіка, народнага пісьменніка Беларусі, па «тэхнічных» прычынах закрылі. Сапраўды, кнігам Васіля Быкава не месца на пыльных музейных вітрынах, бо ў іх шчодраю рукою майстра навечна пасеяна зерне суровай балючай праўды, каб на жыццёвай дарозе, нават у самую трудную хвіліну, мы не страцілі чалавечую годнасць і сутнасць.

Гл. таксама:
Данута БІЧЭЛЬ :: ТЫ БЫЎ МАІМ СЯБРАМ ::
Крыстына ЛЯЛЬКО :: ГІСТОРЫЯ АДНАГО ПОДПІСУ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY