Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(108)/2024
З жыцця Касцёла
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Інтэрв’ю

ШЛЯХІ ДА БОГА
Гісторыя
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Нашы святыні
Юбілеі

ЗЕРНЕ СУРОВАЙ ПРАЎДЫ

ТЫ БЫЎ МАІМ СЯБРАМ

ГІСТОРЫЯ АДНАГО ПОДПІСУ
Паэзія

ДУША ЗАТОЕНАЯ…

ВЕРШЫ
Асобы

ІСЦІ «НЯВОРАНЫМ ПОЛЕМ»
Пераклады
Спадчына

Ігар СУРМАЧЭЎСКІ

ВЯЛІКАЕ ІТАЛЬЯНСКАЕ ПАДАРОЖЖА ЯНА ПАЦА (1597–1598 ГГ.)


Джаванні Батысто Фалда (1643–1678).
Piazza del Popolo (Народная плошча) з абеліскам,
усталяваным Пантыфікам Аляксандрам VII. Медзярыт, 1665 г.
Музей Метраполітэн. Нью-Ёрк.

Працяг.
Пачатак у № 1 за 2024 г.

Магчымасці для аўдыенцыі ў Пантыфіка

Такім чынам, вяльможны пан Ян Пац, на 1598 год кальвініст (?), чашнік літоўскі, цівун віленскі (кіраўнік каралеўскай маёмасцю) і дзяржаўца камянецкі, атрымлівае аўдыенцыю ў Папы Рымскага Клімэнта VIII. Ці магло такое адбыцца? Гэта на 1600 год ён ужо шчыры католік і ад 9 сакавіка таго ж года займеў пасаду ваяводы менскага і па латыні яго мянуюць Ioanni Comiti Pас Palat: Minsc (Ян, граф, Пац і Палацін Менскі). Палацін — назва пасады вышэйшых прыдворных, ваенных і грамадзянскіх чыноў пры двары (palatium) рымскіх і візантыйскіх імператараў, пазней — імператараў германа-рымскай і германскай імперыі, а ў Сярэднявеччы знаная асоба пры двары караля. З такою пасадаю верніку Каталіцкага Касцёла магчыма было атрымаць аўдыенцыю, а з пасадаю цівуна і адданага кальвініста наўрад ці…

Што тычыцца навяртання Яна Паца ў каталіцтва, то яго пацвярджэнне ёсць у знакамітай кнізе а. Элеўтэрыя Зеляевіча «Задыяк нябесны…». У «Трактаце другім» (аб цудоўным цяперашнім абразе Панны Найсвяцейшай) з самага пачатку вызначаецца, што абраз гэты цудоўны прывёз з Рыма яго мосць пан Ян Пац, ваявода менскі, які «з вялікага ерэтыка, прасветлены Святым Духам, стаў гарачым католікам» і ў знак паслушэнства «Галаве Касцёла Хрыстовага Найвышэйшаму Пастыру Айцу Святому Клімэнту VIII да Рыму пілігрымаваў». Мастацтвазнаўца Рута Яноніене таксама сцвярджае, што пасля адрачэння ад ерэтычных поглядаў Ян Пац здзейсніў паломніцтва ў Рым.

Антоніо Тэмпэста (1555–1630).
Народная брама на мапе Рыма
1593 года. Медзярыт. 1645 г.
Музей Метраполітэн. Нью-Ёрк.

Ян Пац (1563–1610) быў сынам Дамініка Паца (?–1579), смаленскага кашталяна і адданага евангеліста-рэфарматара. Ужо з маладосці Ян Пац быў актыўным чальцом Віленскай евангелістычнай супольнасці і ўваходзіў у кола старэйшынаў-кальвіністаў. У 1585 годзе Ян Пац, а на той час яму было толькі 22 гады, ужо браў удзел у сустрэчы кальвінісцкіх багасловаў ВКЛ, арганізаванай Крыштафам Радзівілам Перуном (1547–1603). Пасля 1593 года ўдзельнічаў разам з кальвіністам Андрэем Завішам (1557–1604), ваяводам менскім, які перайшоў у каталіцызм у 1595 годзе, у спрэчцы паміж кіраўніком арыянскай грамады Навагрудка Янам Ліцыніем Немыслоўскім з езуітам Марцінам Шмігельскім. У 1589 годзе Ян Пац ажаніўся з Крысцінай Нарушэвіч, якая была дачкою кальвініста Станіслава Нарушэвіча, кашталяна смаленскага і цівуна віленскага. Цікава, што пасаду віленскага цівуна Ян Пац атрымаў у тым жа 1589 годзе і імаверна, што прызначэнне на яе паўплывала яго парадненне з сям’ёю Станіслава Нарушэвіча. Пасля смерці першай жонкі Ян Пац у 1593 годзе ажаніўся з Сафіяй Вішнявецкай з сям’і кальвініста (па іншых крыніцах — з праваслаўнай сям’і) Андрэя Вішнявецкага і парадніўся з Радзівіламі, бо родная сястра Сафіі, Альжбета Яўхімія Вішнявецкая, была жонкаю Мікалая Крыштафа Сіроткі (1549–1616), ваяводы віленскага, які быў кальвіністам, але ў 1566 годзе прыняў каталіцкую веру. Альжбета Вішнявецкая таксама пасля вяселля ў 1584 годзе прыняла каталіцкую веру. Сваяцкае кола, якое атачала віленскага цівуна з 1593 года, паўплывала на яго лёсавызначальнае рашэнне. Страечным братам Яна Паца па мацярынскай лініі быў Іпацій Пацей. Ганна Лазчанка, маці Яна Паца па другім шлюбе, у першым шлюбе з Львом Цішковічам нарадзіла сына Адама Пацея (1541—1613), які з цягам часу заняў пасаду Мітрапалітага Кіеўскага, Галіцкага і усяе Русі, праўда, некаторы час у маладосці, да 1574 года, ён прытрымліваўся кальвінісцкай веры пад уплывам Мікалая Радзівіла Чорнага (1515–1565). У 1595 г. Іпацій Пацей разам з біскупам Кірылам Царлецкім наведаў Рым і быў у Папы Рымскага Клімэнта VIII на аўдыенцыі, дзе абмяркоўваліся пытанні Уніі Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла. Несумненна, што паміж братамі Янам і Іпаціем ішлі размовы аб падарожжы ў Рым і аб веры. Таксама Ян Пац меў стасункі з віленскімі бэрнардынамі. Ступень уплыву віленскіх бэрнардынаў на Яна Паца магчыма прасачыць і на лёсе яго сына Аўрэлія, які далучыўся да бэрнардынаў і прыняў імя Антоній у гонар Антонія Падуанскага. Яркім прыкладам для Яна Паца ў далучэнні да каталіцкай веры быў Генрых IV (1553–1610), кароль Францыі з 1589 года, які да 1593 года быў лідарам французскіх гугенотаў (пратэстантаў-кальвіністаў). Каб нейтралізаваць сваіх апанентаў, Генрых Наварскі ў 1593 г. прыняў каталіцкую веру (на гэты конт Генрыху IV прыпісваецца выказванне: Paris vaut bien une Messe — «Парыж варты адной Імшы»). Пасля дыпламатычнай паўзы Пантыфіка, які ўзяў яе, каб зразумець шчырасць лёсавызначальнага ўчынку Генрыха IV, Клімэнт VIII восенню 1595 года ўрачыста благаславіў неафіта, што азначала канец трыццацігадовай рэлігійнай вайны ў Францыі. Падсумоўваючы ўсю інфармацыю, выкажу меркаванне, што навяртанне Яна Паца да каталіцкай веры адбылося паміж 1595 і 1598 гадамі.

Джаванні Батысто Фалда (1643–1678).
Атрыум базылікі святога Пятра. Від на Лоджыю Благаслаўлення
з адваротнага боку, бачная мазаіка
аўтарства Джотто «Navicella» («Карабль святога Пятра», 1300 г.).
Медзярыт. Другая палова XVII ст.

Мяркую, што аўдыенцыя ў Апостальскім палацы праходзіла паміж Клімэнтам VIII і дыпламатычнай місіяй з Вільні (чальцамі Віленскай капітулы і свецкімі прадстаўнікамі ўлады Вільні). Нагодаю для такой сустрэчы магла быць праблема прызначэння Віленскага біскупа. У 1591 годзе Ежы Радзівіл (1556–1600), які займаў пасаду біскупа Віленскага, быў менаваны Кракаўскім біскупам, а Бэрнард Маціёўскі, біскуп Луцкі і Кракаўскі, арцыбіскуп Гнезненскі і Прымас Польшчы, адзін з ініцыятараў Берасцейскай уніі ў 1596 годзе, павінен быў стаць пераемнікам Ежы Радзівіла ў Вільні з 1598 года. Гэтая «сакральная ракіроўка» сталася падставаю для доўгай спрэчкі паміж Каронаю і ВКЛ, якая доўжылася амаль дзесяцігоддзе. Згодна ІІІ Статута Літоўскага, у артыкуле 12, главе 3 гаварылася «…аб забароне займаць іншаземцам санаў і усялякіх пасадаў, а дазваляць даручаць пасады ў ВКЛ, у тым ліку духавенства, толькі старажытным родам ВКЛ». Кароль польскі Жыгімонт ІІІ 9 чэрвеня 1597 года менаваў Бэрнарда Маціёўскага на біскупства Віленскае, што і пацвердзіў у сваёй грамаце Папа Клімэнт VIII ад 1 верасня 1597 года, адзначыўшы а. Бэрнарда «як найбольш дасведчанага прэлата ў справах рэлігійных і папскіх у Польшчы і Літве-Русі». Але нават сам канцлер ВКЛ Леў Сапега (1557–1633), які «заўсёды цвёрда стаяў на варце дзяржаўных правоў сваёй Айчыны і, не зважаючы на вялікі ўціск з боку караля і яго двара, не даў сябе схіліць, абы паляка на тую пасаду менаваць». Амаль восем гадоў трываў той ціск на касцёльна-палітычным фоне. Літва не давала згоды на біскупства Віленскае не таму, што «не хацела бачыць польскага біскупа, а таму, што ён быў палякам, у Кароне народжаным, а не ў Літве, то бок, не быў краёўцам, літвінам». У 1590–1600 гадах у склад Віленскай капітулы ўваходзіў адзін з родзічаў Яна Паца, Мікалай Пац (1570–1624), кашталян віленскі, які неаднойчы бываў у Італіі, напрыклад, у 1612 годзе ён быў у Падуі, дзе пазнаёміўся з манахамі камэдуламі (яны жылі па Рэгуле св. Бэнэдыкта), якіх пазней прывёў у Літву.

Эцьен Дзюперак (1525–1604). Прыём у Ватыкане
герцага Тасканскага (Герцагская зала Апостальскага палаца).
Медзярыт. 1570 г. Музей Метраполітэн. Нью-Ёрк.

Аўдыенцыя ў Пантыфіка была вельмі сур’ёзным сакральным і дыпламатычным мерапрыемствам, якое вымагала прытрымлівацца правілаў і пратакола, таму ў гэты час у справу ўступала Прэфектура Папскага Дома, ці Pontificalis Domus. Юрысдыкцыя Папскай Прэфектуры займалася асабістым жыццём Папы, наглядам за рэзідэнцыямі, падрыхтоўкаю і арганізацыяй аўдыенцый Пантыфіка. Звычайна пасаду прэфекта Апостальскага палаца займаў біскуп, арцыбіскуп ці кардынал. З 1597 года гэту пасаду займаў біскуп Каркасона, былы дарадца французскай каралевы Кацярыны Медзічы, Annibale Ruccellai (1529–1601). Ён нарадзіўся ў Фларэнцыі, быў земляком і даўнім сябрам Іпаліта Альдабрандзіні, будучага Папы Клімэнта VIII. Менавіта біскуп Анібале Ручэлаі падрыхтаваў аўдыенцыю з Пантыфікам, у якой удзельнічаў Ян Пац. Прыватныя сустрэчы, аўдыенцыі і перамовы найчасцей праходзілі ў Апостальскім палацы, вядомым як Palazzo di Paolo II (палац Паўла ІІ) ці Palatium Sixtus V (палац Сікста V) і быў афіцыйнаю рэзідэнцыяй Пантыфіка. Палац і цяпер знаходзіцца справа ад сабора святога Пятра, і на гравюрах XVI–XVII стст. ён азначаны па-латыні Palatium Pontific in Vaticano (палац Пантыфіка ў Ватыкане) ці Рalatium Apostolicum Мagnificentissimum (Найцудоўнейшы Апостальскі палац). Але ў 1590-х гадах знешні выгляд сабора і плошчы святога Пятра, імаверна, мелі іншую архітэктурную кампазіцыю.

Невядомы галандскі мастак. Старая базыліка святога Пятра
і Апостальскі палац. Малюнак сэпіяй. 1550–1560 гг.
Галерэя Курто пры Інстытуце мастацтваў Курто. Лонданскі ўніверсітэт.

Рым і Ватыкан 1598 года

На мапах Рыма 1577, 1593 і 1645 гг. плошча святога Пятра яшчэ не аточана знакамітай каланадай Джаванні Ларэнцо Бэрніні, якая з’явілася ў 1656–1667 гадах. Плошча святога Пятра напрыканцы XVI стагоддзя мела невялікі памер, але ўжо клопатам Папы Сікста V (1521–1590) пачала ўпарадкоўвацца. У 1586 годзе архітэктар Даменіко Фонтана ўсталёўвае дамінанту плошчы — велічны абеліск вагой 350 тонаў, які разам з пастаментам узнёсся на 41 метр. Абеліск быў прывезены ў Рым з Галіопалі падчас праўлення імператара Калігулы ў 37 годзе — і менавіта каля яго быў замучаны апостал Пётр...

Справа ад абеліска месціцца фантан (паўночны ці старажытны), знаны яшчэ пры Папу Інацэнту VIII. Побач з фантанам на плошчы была ўстаноўлена каменная чаша для вадапою жывёлаў, яе ў 1500 годзе загадаў паставіць Папа Аляксандр VI Борджыа (1431–1503). У 1501 годзе старажытны фантан быў адрэстаўраваны архітэктарам Альбертам да Пьячэнца ў супрацы з Данато Брамантэ (1444–1515), пасля чаго ён набыў той выгляд, які мог бачыць Ян Пац.

Пілігрымы з Вільні ў 1598 годзе мелі шчаслівы выпадак сузіраць адначасова рэшткі старой (Канстанцінаўскай) базылікі святога Пятра эпохі Кватрачэнта і новы велічны сабор, які ўжо напрыканцы XVI стагоддзя займеў выгляд архітэктурнага дыямента. Над сакральным «дыяментам» працавалі сусветнавядомыя таленты, пачынаючы з 1450 года, і Ян Пац бачыў знакаміты купал, узведзены Джакамо дэла Порта па праекце Мікеланджэла ў 1564 годзе, яшчэ не закрыты пазнейшым фасадам у 1607 годзе.

Паглядзім вачыма Яна Паца на той дзівосны архітэктурны помнік, які ён бачыў перад сабою з плошчы святога Пятра. Такую магчымасць дае нам малюнак, зроблены сангінай у 1603 годзе італьянскім мастаком эпохі маньерызму Федэрыко Цукары (1542–1609), які захаваў для нас выгляд фасада старой базылікі. Але, каб апісаць будынкі плошчы святога Пятра на 1598 год, давайце разбярэмся, чаму так сталася, што каля падножжа Ватыканскага пагорка адначасова існавалі рэшткі старой базылікі і амаль завершаны новы сабор? У XV стагоддзі Папа Мікалай V (1397–1455) вырашыў правесці грунтоўную рэканструкцыю комплексу будынкаў і, у прыватнасці, старой базылікі эпохі імператара Канстанціна І Вялікага (274–337), у якой выявіліся праблемы з канструкцыяй даху, а бакавая паўночная сцяна нахілілася і з цягам часу магла абрынуцца. Пасля кансультацый з архітэктарам Леонам Батысто Альберці (1404–1472) Папа даручыў зрабіць праект Бэрнардо Расэліна (1409–1464). Тым не менш, працы ў апсідзе замарудзіліся. У пачатку XVI стагоддзя было прынята рашэнне аб поўнай рэканструкцыі старой базылікі, якую трэба было паступова знесці, пачынаючы з прэзбітэрыя, каб вызваліць месца для новага грандыёзнага сабора. Аднак частка навы Канстанцінаўскага храма, аточанага ад будынка новага сабора ў часы Паўла III (1468–1549) так званай «фарнэзіянскай» сцяной, ацалела і існавала амаль на працягу ўсяго будаўніцтва, пакуль у 1609 годзе не была канчаткова знесена па загадзе Папы Паўла V (1552–1621), які пераадолеў апошнія сумневы наконт захавання часткі старых муроў. Адданасць старажытным мурам заахвоціла розных навукоўцаў зрабіць падрабязнае апісанне Канстанцінаўскай базылікі для нашчадкаў...

Але вернемся на плошчу святога Пятра ў 1598 год. Да уваходу ў сабор вялі шырокія каменныя сходы з пяццю пандусамі пад назвай Gradini 35 p i quali s’andava alla basilica (35 ступеняў, якія вядуць да базылікі), на мапе 1620 года яны ўдакладняюцца — рarte della scalinata acrestiuta da Pio II (павялічаныя пры Папу Піі ІІ, 1405–1464), і фланкаваныя з двух бакоў вялікімі скульптурамі апосталаў: Пятра з ключамі (злева) і Паўла з мечам (справа), пастаўленымі ў 1400-х гадах.

Старыя скульптуры апосталаў у 1847 годзе па загадзе Папы Пія ІХ былі заменены новымі, большага памеру. Іх высеклі з мармуру два скульптары: Giuseppe De Fabris (1790 — 1860) — св.Пятра, і Adamo Tadolini (1788–1868) — св. Паўла. А старыя статуі апосталаў былі перанесены ў ватыканскую бібліятэку Сікста IV.

Антоніо Тэмпэста (1555–1630). Ватыкан і плошча святога Пятра
на мапе Рыма 1593 года. Медзярыт. 1645 г.
Музей Метраполітан. Нью-Ёрк.

Галоўны фасад новага сабора святога Пятра яшчэ закрыты архітэктурай эпохі Кватрачэнта, якая пасярэдзіне вылучаецца высокаю званіцаю, на ёй стромкі шпіль XV стагоддзя ўжо зменены на купальнае завяршэнне з крыжам, больш адпаведнае барочнай эстэтыцы. Пад званіцаю прыцягвае ўвагу сваёю прыгажосцю мярэжыстая трохпавярховая Лоджыя Раселіно (Logia del Rossellino), ці Лоджыя Благаслаўлення (Loggia delle Benedizioni), адкуль Пантыфік благаслаўляў вернікаў на плошчы. Як гэта выглядала, магчыма пабачыць на медзярыце Giovanni Ambrogio Brambilla «Speculum Romanae Magnificentiae: Papal Benediction» («Люстра рымскай раскошы: папскае благаслаўленне), ці «Благаслаўленне Папы Грыгорыя XIII на плошчы святога Пятра», надрукаваным у 1577 годзе ў друкарні Антоніо Лафрэры (1512–1577), (Музей Метраполітэн, Нью-Ёрк). Лоджыя Раселіно складалася з трох паверхаў, кожны з якіх перасякалі чатыры аркі. Першы і другі паверх падтрымлівалі калоны іанічнага ордэру, а трэці — карынфскага. Адваротны фасад Лоджыі Раселіно выходзіў на Atrium ці Atrio della Basilica circondato di quattro portici (унутраны дворык базылікі, аточаны з чатырох бакоў аркадамі) і быў упрыгожаны знакамітаю мазаікаю «Navicella» («Карабль святога Пятра», 1300 г.) аўтарства Джотто (1266–1337). Напэўна, Ян Пац меў магчымасць агледзець гэты геніяльны твор у яго непарушным стане, бо ўжо ў 1620 годзе мазаіка была перанесена на новае месца: калі меркаваць па плану сабора святога Пятра і Апостальскага палаца італьянскага гравёра Марціно Ферабоско (?–1623) з кнігі Architettura della Basilica di San Pietro in Vaticano («Архітэктура базылікі святога Пятра ў Ватыкане», 1620) — гэта быў левы мур ля ўваходу ў Апостальскі палац. На плане 1620 года мазаіка Джотто мела назву: Fontana sopra la quale è stata trasportata la pittura di mosaico che rappresenta la Navicella di San Petro fattafare dal cardinale Stefaneschi per mano di Giotto («Фантан, над якім змешчана перанесеная мазаіка з выявай Navicella святога Пятра, якая была зроблена пры кардыналу рукою Джотто»). Вельмі шкада, што ў выніку шматлікіх перамяшчэнняў у XVII стагоддзі велічны твор Джотто быў згублены і ад яго засталіся толькі фрагменты...

Кардынал Джаванні Евангеліста
Палотта (1548–1620). Медзярыт.
Канец XVI ст.

Злева ад Лоджыі Раселіно бачны фасад Атрыума і партал з трайною аркадаю ўваходу ў Атрыум старой базылікі. Далей, у глыбіні, змешчаны трохпавярховы будынак вартаўнікоў і службоўцаў базылікі. І завяршае левы фланг фасада таксама трохпавярховы Palazzo deli’Arciprete (палац архіпрэсвітара ватыканскай базылікі). Палац архіпрэсвітара выходзіць уперад на два вакна за лінію будынка вартаўнікоў і завяршаецца трохпавярховым галоўным фасадам, дзе другі і трэці паверхі прадаўжаюць «тэму» Лоджыі: на другім паверсе — портык з пяці калонаў з аркамі, апошні паверх — портык з пяці калонаў, але з прамым карнізам. Трэба адзначыць, што пасаду архіпрэсвітара базылікі святога Пятра заўсёды займаў кардынал. У 1598 годзе гэту пасаду займаў кардынал Джаванні Евангеліста Палотта (1548–1620. Ёсць вялікая верагоднасць, што кардынал Палотта таксама ўдзельнічаў у сустрэчы місіі з Вільні з Клімэнтам VIII. Адзначу адну цікавую акалічнасць, звязаную з 1598 годам і некаторымі галоўнымі асобамі нашага аповеду. Сёння ў Цэнтральнай Італіі (рэгіён Марке) каля замка Палотта (Castello Pallotta) знаходзіцца адно з самых манументальных дрэваў — марская хвоя (Pinus pinaster) вышынёй больш за 30 метраў, якая была пасаджана ў 1598 годзе па загадзе кардынала Евангеліста Палотта ў памяць аб наведванні замка Папам Клімэнтам VIII падчас падарожжа ў Ферару (Эмілія-Раманья).

Дуччо дзі Буанінсенья (1255–1319). Мадонна Ручэлаі (належала біскупу Анібале Ручэлаі). 1285 г. Галерэя Уфіцы. Фларэнцыя, Італія.

Эксплікацыя інтэр’ераў Апостальскага палаца за стагоддзі не мела значных зменаў, таму добрай дапамогай для ўяўлення пакояў і залаў у будынках Ватыкана з’яўляецца тэкст з кнігі Марціна Ферабоско Architettura della Basilica di San Pietro in Vaticano («Архітэктура базылікі святога Пятра ў Ватыкане», 1620). Вось як выглядаў Апостальскі палац пры Папу Паўлу V у 1605 годзе: «У накірунку трамантаны (на поўнач; па-італьянску tramontana — паўночны вецер) Апостальскі палац, які, паводле паданняў, быў заснаваны Пантыфікам Анаклетам, у якім сёння знаходзіцца Teatro (раней плошча для рысталішчаў, цяпер — Бельведэрскі двор) дзівоснай велічы, на панэнтэ (на захадзе) месціцца галоўная рэзідэнцыя палаца. З боку леванта (з усходу) знаходзяцца тры доўгія праходы (Corridori) адзін над другім, даўжынёй, роўнай даўжыні Teatro. У сярэднім праходзе месціцца Збраёўня, дзе знаходзіцца гвардыя Паўла V са шматлікай зброяй. Бліжэй да сярэдзіны ёсць чатыры галерэі роўнай даўжыні, і самая высокая галерэя, зробленая Грыгорыем ХІІІ, упрыгожаная выдатнымі карцінамі і ляпнінай. Serra il Teatro (Бельведэрскі двор) у бок Трамантана-а-Нікіёне (Паўночная вялікая ніша) падзелена лоджыяй з калонамі, зробленымі з вельмі прыгожага мармуру Сікстам V; каб падзяліць яго пасярэдзіне з дапамогаю новага будынка (Fabbrica), які ён пазначыў як Libraria (бібліятэка). Сікст V напоўніў яе вялікай колькасцю кніг, якія прывёз з розных куткоў свету і вылучыў асобныя пакоі для захоўвання найбольш каштоўных Пісанняў Апостальскай Сталіцы. Палаццо ўзвышаецца на пяць паверхаў, дзе, акрамя ўзгаданага Teatro, ёсць шмат лоджый для шпацыру, у асноўным распісаных Рафаэлем дэ Урбіна і іншымі жывапісцамі, з вельмі далікатнымі арнаментамі, гратэскамі і пазалочанай ляпнінаю; там жа знаходзіцца: чатырнаццаць паціо, адна парадная лесвіца; дванаццаць залаў; тысяча і больш багатых пакояў для пражывання, таксама ўпрыгожаных палотнамі самога Рафаэля, вядомага ва ўсім свеце як узор школы жывапісу; дзве капліцы для публічных мерапрыемстваў, упрыгожаныя самымі вядомымі роспісамі Мікеланджэла Буанароцці; восем іншых (капліц) у форме араторыўма; архівы Трыбунала і памяшканні для судоў; майстэрні ў вялікай колькасці, дастатковай для абслугоўвання Prencipe (гаспадара), міністраў і насельнікаў палаца. Павел V (1552–1621; Пантыфік з 1605 г. па 1621 г.) перабудаваў l’Ingresso (уваход) і Prospetto (галоўны фасад) Апостальскага палаца з боку плошчы, дадаў шмат пакояў, упрыгожыў іх творамі мастацтва і фантанамі, адметнымі струменямі вады і сваёй структурай. Ён таксама павялічыў сады з фантанамі, атачыў іх цудоўнымі раслінамі і ўпрыгожыў велічнымі статуямі, сярод якіх найбольш праслаўленымі з’яўляюцца Лаакаон, Апалон, Геркулес, дзве Венеры і Анціной; выключнай якасці скульптуры выстаўлены ў цудоўным садзе de merangolі (меранголі ці памаранец — гібрыд мандарына), празваны Innocenziano, то бок, заснаваны Папам Інацэнтам VIII (1432–1492), які пабудаваў суседні будынак (il Casino), упрыгожаны карцінамі і пазалочанымі арабескамі.

Заканчэнне будзе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY