|
|
|
№
2(108)/2024
З жыцця Касцёла
Асобы
Інтэрв’ю
Гісторыя
Спадчына
Нашы святыні
Юбілеі
Паэзія
Асобы
Пераклады
Спадчына
|
Стагоддзямі людзі шукалі сэнсу жыцця і крыніцы натхнення ў веры і ў Богу. Яны будавалі касцёлы, капліцы, якія станавіліся сімваламі пабожнасці і надзеі. Праходзячы праз стагоддзі, гэтыя святыні захавалі ў сабе не толькі архітэктурную прыгажосць, але і гісторыі людзей, якія іх будавалі, якія ў іх служылі, якія апекаваліся імі. Адзін з такіх будынкаў знаходзіцца ў мястэчку Дубрава на паўднёвым усходзе Маладзечанскага раёна — гэта касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны, які ўражвае сваімі памерамі і архітэктурнай прыгажосцю. Аповед пра яго гісторыю напоўнены загадкамі і сюрпрызамі, пра якія хочацца расказаць падрабязней. Людзі ў гэтай мясцовасці пасяліліся ў VII стагоддзі да нашай эры і жылі на гары, якая ў народзе называецца Дзявочай. На гэтай гары яшчэ захаваліся старажытныя курганы. У 90-я гады мінулага стагоддзя навукоўцы раскапалі некалькі такіх курганоў. У іх знайшлі сярэбраныя кольцы, шкляныя пацеркі, пярсцёнкі, металічныя бранзалеты з канцамі ў выглядзе змяіных галоваў. Лічыцца, што назва Дзявочай гары паходзіць ад лацінскага слова «dievas», што значыць Бог, гэта значыць гара Бога. Хутчэй за ўсё, на гэтай гары калісьці было паганскае капішча. Раней на гары ляжаў велізарны валун, які называўся Адамаў камень. Каля гары ёсць тры крыніцы, якія, верагодна, выкарыстоўвалі ў культавых мэтах. Адзін навуковец лічыць, што на Дзявочай гары было капішча паганскай багіні кахання і пладавітасці. Аб Дзявочай гары ходзіць шмат легендаў і паданняў. Адна легенда была запісаная ў 1881 годзе і надрукаваная ў «Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага». …Калісьці тут жыла вельмі прыгожая дзяўчына, і ў яе закахаліся два хлопцы. Яна не ведала, каго з іх выбраць, і сказала: «Я сяду высока на гары, а вы вазьміце велізарныя валуны і каціце. За таго, хто закаціць валун у гару хутчэй, я замуж і выйду». Хлопцы прыкацілі гэтыя валуны адначасова, але ўпалі і памерлі ад разрыву сэрца. Людзі пахавалі іх на гары, а на дзяўчыну так раззлаваліся, што выкапалі яму і закапалі яе жыўцом…
Дзявочая гара — самая высокая кропка ва ўсім наваколлі. Гэтае месца сапраўды ўнікальнае: побач з гарою — самы галоўны еўрапейскі водападзел. Каля гэтай гары бяруць пачатак тры ракі: Уша, Свіслач і Заходняя Бярэзіна. Побач з гарою і быў пабудаваны касцёл. Упершыню ў летапісных крыніцах вёска Дубрава згадваецца ў 1453 годзе, калі беларускія шляхціцы Глябовічы пабудавалі тут касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Аднак, магчыма, што гаворка ідзе не пра будаўніцтва касцёла, а толькі пра стварэнне для яго самастойнага фонду і прызначэнне святара. Дата выдзялення спецыяльнага фундацыі ў 1512 годзе пацвярджаецца ў дакументах, дзе згадваецца пачатак XVI ст. як час стварэння парафіі з фонду Глябовіча. Іншыя крыніцы паведамляюць, што касцёл быў заснаваны ў пачатку XVI ст. па фундацыі ўдавы Яна Радзівіла Ганны Станіславаўны з Кішак, якая і атрымала маёнтак па смерці мужа ў 1522 г. Яшчэ адна версія заснавання касцёла — 1553 год. Як бачым, яшчэ ёсць шмат працы, каб высветліць, калі ж быў пабудаваны першы касцёл у Дубраве. Новы касцёл на гэтым месцы (зруйнаваны падчас вайны з Маскоўскім царствам) адбудаваў Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, які ў 1576 годзе надзяліў святыню і новым фундушам. Пры Сіротцы плябанам касцёла быў ксёндз Міхал Весялоўскі, якога па смерці ў 1570-х гадах змяніў ксёндз Станіслаў Тарноўскі. Пры візітацыі касцёла ў 1653 годзе гаворыцца аб добрым упарадкаванні храма і плябаніі. Касцёл быў зноў сур’ёзна пашкоджаны падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй у 1654–1667 гг. Каля 1670 г. адбываецца рэканструкцыя храма, фінансаваная Марцыянаю Глябовіч. Але разбураная вайною парафія не магла існаваць самастойна, і падчас візітацыі храм апісваўся як драўляны, закінуты, без вокнаў і дзвярэй. Алтар быў перанесены ксяндзом Мановічам у Радашковічы. Магчыма, ксёндз Мановіч пераехаў перад смерцю ў Радашковічы, і гэта прывяло да разбурэння храма. Пасля 1660 года пастаянных святароў пры храме больш не было, таму ён перайшоў у 1680–1740 гг. у ранг філіяльных пры краснасельскай парафіі, але стараннямі Матэвуша Марцінкевіча ў 1725 годзе быў адноўлены. Потым, пакуль дзесяцігоддзямі паміж Марцінкевічамі, Сапегамі і Пшаздзецкімі ішлі судовыя працэсы аб тым, хто з’яўляецца гаспадаром Дубравы, ніхто не ахвяраваў грошай на святыню і яна заняпала. Толькі ў 1744 годзе Матэвуш Марцінкевіч вяртаецца да фундатарскіх справаў і будуе новы драўляны касцёл, утрымліваючы ксяндза за свой кошт ажно да сканчэння судовых справаў. Верагодна, што ў 1770 г. паўстала неабходнасць капітальнага рамонту або рэканструкцыі святыні. 27 мая 1770 года адбылося яе асвячэнне, праведзенае пасля рамонту, аплачанага Матэвушам Марцінкевічам, і прысваенне тытула Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны і святых апекуноў Мацвея Апостала і Станіслава біскупа. «Драўляны, у выглядзе крыжа пабудаваны, гонтаю пакрыты» касцёл завяршаўся купалам па цэнтры і 4 вежамі — адной маленькай над вялікім алтаром і трыма над бабінцам меншымі». Інтэр’ер святыні ўпрыгожвалі 7 алтароў. У галоўным алтары знаходзіўся абраз Найсвяцейшай Марыі Панны, вышэй — каранацыя Найсвяцейшай Марыі Панны і Найсвяцейшая Тройца. Акрамя таго, былі 4 бакавыя алтары (Найсвяцейшай Марыі Панны Ружанцовай, святога Антонія, святога Міхала, Пана Езуса Назарэнскага «драўляная статуя»). Пры касцёле была адчынена школа для шляхты і мяшчанаў. З 1777 г. пробашчам служыў ксёндз Францішак Марцінкоўскі, у 1765–1787 гг. — ксёндз Казімір Харэвіч. Сын Матэвуша Марцінкевіча, Станіслаў, замест таго каб трымаць касцёл у Дубраве ў належным стане, вядзе працяглыя суды з касцёльнымі ўладамі за прыналежнасць зямель касцёлу і вырашае, каму дубраўскі касцёл падпарадкоўваецца: ці з’яўляецца ён парафіяльным, ці філіяльным. Да таго ж у 1787 годзе ў касцёле адбыўся пажар, і ён згарэў. З таго часу ролю святыні выконвала «шопа з брусу, з крыжамі над крухтай і прэзбітэрыем», з сакрыстыяй. У алтары часовага касцёла быў змешчаны абраз Найсвяцейшай Марыі Панны з Дзіцяткам на руках.
У 1791 годзе мястэчка становіцца ўласнасцю менскага ваяводы Адама Міхала Станіслава Хмары, кавалера Ордэна святога Станіслава і Белага Арла. Адам Хмара зрабіў бліскучую кар’еру ад лоўчага (кіраванне лясной гаспадаркай, паляванне) да менскага ваяводы. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай ён прысягнуў на вернасць Кацярыне II і атрымаў тытул тайнага саветніка. Валодаючы немалымі сродкамі, Адам Хмара мог дазволіць сабе наняць італьянскага архітэктара Карла Спампані і пабудаваць раскошную рэзідэнцыю ў Сёмкаве. Ён імкнуўся рэфармаваць сваю гаспадарку: будаваў млыны, вырабляў цэглу, займаўся вінаробствам, цікавіўся жыццём сваіх сялянаў. Так, у «Інструкцыі для эканома» было сказана: «З падданымі больш цярплівасці, больш дагляду, больш працы патрэбна, а менш суровасці ўжываць», акрамя таго, «больш павіннасці нікога да нічога» не прымушаць, адміністрацыя павінна была паступаць з усімі «па-чалавечы і па-хрысціянску». Такое стаўленне да людзей не магло не застацца незаўважаным, таму на Меншчыне было папулярным выслоўе: «Ветлівы, як пан менскі ваявода». Адам Хмара ўзвёў у сваіх уладаннях два касцёлы. Касцёл Нараджэння Дзевы Марыі (1791–1802 гг.) быў пабудаваны недалёка ад маёнтка Сёмкава, цяпер вёска Сёмкаў Гарадок. Пасля паўстання 1863 г. касцёл быў перададзены Праваслаўнай Царкве. Менавіта тут бралі шлюб бацькі паэта Максіма Багдановіча. Яшчэ ў 1964 г. у царкве праводзіліся службы, але пасля смерці бацюшкі будынак прыйшоў у заняпад і быў часткова разбураны. (На працягу апошніх гадоў царква паступова аднаўляецца за грошы мясцовых мецэнатаў.) А 4 студзеня 1796 года пачалося будаўніцтва другога касцёла з фундацыі Адама Хмары. Гэта быў цагляны будынак, прысвечаны Унебаўзяццю Найсвяцейшай Марыі Панны. Так на пагорку, што дамінуе над мястэчкам, узвысіўся касцёл у стылі класіцызму. Адначасова Дубраве вярнулі і статус самастойнай парафіі. Будаўніцтва завяршылася праз некалькі гадоў, і 3 чэрвеня 1805 года касцёл быў асвечаны менскім біскупам Якубам Дадэркам. У абавязкі парафіяльнага святара, акрамя прызначаных царкоўнымі канонамі, уваходзіла вечнае служэнне па адной Імшы кожны тыдзень за заснавальнікаў і апекуноў. Гэта была грунтоўная каменная святыня даўжынёю 48,5 аршына (~ 35 м), шырынёю 33,5 (~ 24 м) і вышынёю 22 аршыны (16 м), пабеленая звонку і ўнутры, са шчытом на пярэднім фасадзе, пакрытая дахоўкаю. Прамавугольны ў плане аб’ём быў падзелены чатырма парамі калонаў дарычнага ордэру на тры навы роўнай вышыні пад пляскатай падшыўною атынкаванай столлю. Але над прэзбітэрыем, бакавыя сцены якога мелі скругленую канфігурацыю, перакрыцце было цагляным, крыжовым. За прэзбітэрыем, які фланкавалі дзве сакрыстыі, знаходзілася памяшканне з лесвіцаю ў крыпту, што была зроблена толькі пад алтарнаю часткаю касцёла. Святыня стаяла фронтам на поўдзень, над фронтам узвышалася аднаярусная вежа-званіца. У цэнтры храма размяшчаўся абраз Маці Божай, які Адам Хмара ахвяраваў касцёлу. У касцёле было тры алтары. Галоўны алтар — каменны, пабелены, з чатырма слупамі, уверсе пад столлю — фігура Збаўцы на Крыжы; адзін абраз — Найсвяцейшай Маці Божай Шкаплернай, другі — Чэнстахоўскай (у пасярэбранай раме). З правага боку — алтар Найсвяцейшай Маці Божай Ружанцовай у пазалочанай раме, з вызалачанаю каронаю (апякунка жонкі А. Хмары Мар’яны). З левага боку — алтар святога Станіслава, біскупа і мучаніка (апякун Адама Хмары). Тут былі таксама абразы святога Антонія Падуанскага і Міхала Арханёла. Амбона драўляная. Над нартэксам на хорах — арган на дзевяць галасоў з бубнамі і зоркаю. Касцёл быў накрыты дахоўкаю. Хто быў архітэктарам храма — невядома. Гэта мог быць нават італьянец Карло Спампані, які з 1775-га па 1783 г. актыўна тварыў на абшарах Заслаўшчыны. Ён будаваў касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і палац Пшаздзецкага ў Заслаўі, палац у Сёмкаве, сядзібу Коцелаў і лямус у Беніцы… Але ж мы дакладна ведаем дату будаўніцтва, і гэта было ўжо пасля смерці дойліда. На думку І. Сурмачэўскага, архітэктурную традыцыю таленавітага італьянца маглі прадоўжыць яго вучні: М. Педэцы, Д. дэ Сака, А. Лоцы. Адам Хмара меў добрыя стасункі з італьянскім майстрам, таму магчыма, што Карло Спампані зрабіў накіды будучага касцёла і радавой усыпальніцы менскага ваяводы, а будаўніцтва завяршылі вучні архітэктара. Трэба адзначыць, што руплівасцю менскага ваяводы напрыканцы XVIII стагоддзя насупраць касцёла быў узведзены шпіталь, у будынку якога мясцілася і касцёльная служба. Таксама не быў забыты мясцовы арганіст, якому была вылучана валока зямлі, а сакрыстыяніну — прадукты на ўвесь год. У паўвярсце ад касцёла на парафіяльным цвінтары за кошт Адама Хмары была адноўлена каталіцкая капліца. На жаль, фундатар не дачакаўся заканчэння будаўніцтва — 30 мая 1805 года Адам Хмара памёр. Яго пахавалі ў сутарэннях касцёла. Існуе дакумент, выдадзены ў друкарні Юзафа Завадскага ў Вільні ў 1806 годзе, у якім зроблена падрабязнае апісанне пахавальнай дзеі. Дазволю сабе змясціць урывак, якія датычыць трэцяй «стацыі» жалобнай дзеі — пахавання ў Дубраве. «Каля паловы дзясятай увечары 9 ліпеня працэсія ўвайшла ў Дубраву. Усіх сустракала спецыяльна ўпрыгожаная брама. У Дубраву прыбылі канонікі з розных касцёлаў: бэрнардыны з Валожына і Беніцы, трынітарыі з Маладзечна, францішкане з Івянца, дамінікане і ўніяты з Ракава. Касцёл у Дубраве быў як ніколі аздоблены і асветлены <…>. Шасцёра ў чорных плашчах узялі труну і занеслі на катафалк у касцёле, пакрыты пунсовым сукном. Над ім быў павешаны прыгожы пунсовы навес-балдахін з адамашку, расшыты залатымі галонамі-стужкамі. Над балдахінам вісеў партрэт ваяводы Адама Хмары. На чатырох вуглах катафалку месціліся знакі годнасці ваяводы і яго ордэны. Катафалк атачалі 4 калоны з аліўнымі лямпамі — каганцамі. 6 калонаў касцёла былі ўпрыгожаныя каганцамі і абвітыя лапкамі ялінак. <…> Пасля таго, як труну паставілі на катафалк, канонік інфлянцкі, пробашч у Дубраве Юзаф Цымерман, зачытаў прамову з амбоны. Пасля гэтага духавенства пачало жалобны спеў «Libera me Domine» <…>. Толькі каля 12 гадзінаў уначы пастыр пайшоў адпачываць на плябанію і ўсе разышліся. Святыя Імшы і вігіліі пачаліся а 4 гадзіне раніцы. Спачатку — уніяцкім духавенствам, затым — рознымі ордэнамі. Спявалі па чарзе. А 11 гадзіне менскі біскуп Якуб Дадэрка адправіў («спяваў»!) Імшу Pontificaliter — пантыфікальную месу. Падчас яе менскі прэлат, івянецкі пробашч Юзаф Камінскі, прамовіў выдатнае казанне. Адзіны пляменнік ваяводы — яго спадчыннік, бо ў ваяводы не было дзяцей, — Гіляры Хмара сказаў жалобную прамову. Пасля шасцёра ўзялі труну і вынеслі з касцёла да склепу: Адам Хмара яшчэ пры жыцці распарадзіўся зрабіць для сваёй сям’і склеп з катакомбамі ў дубраўскім касцёле. Уся жалобная цырымонія была скончаная 10 ліпеня ў 14:30…»
З 1819-га па 1860 г. пробашчам касцёла служыў ксёндз Бэнэдыкт Ачапоўскі. На тэрыторыі парафіі ў 1843 г. яму дапамагалі два святары, якія займалі пасады вікарыяў, гэта былі ў 1837–1838 гг. а. Вінцэнт Кошка OFM (капелан); у 1841–1842 гг. — а. Дыянісій Веразумскі OFM; у 1843 г. — а. Антоні Бейнаровіч; у 1842–1843 гг. — а. Вінцэнт Кошка OFM (капелан). Праз вуліцу перад касцёлам, побач з плябаніяй, каля 1830 г. пабудавалі шпіталь для 6-ці хворых (мужчыны — 3, жанчыны — 3). Было заснавана брацтва Святога Ружанца. У 1842 годзе парафія налічвала 2 326 католікаў, да яе належаў 1 філіяльны касцёл. У наступным 1843 годзе зямельныя ўладанні парафіі былі канфіскаваныя… Больш 60-ці гадоў касцёл спраўна выконваў свае функцыі, але пасля паўстання 1863–1864 гг. ён быў закрыты. На той час апошні дубраўскі пробашч, 67-гадовы бэрнардын Вінцэнт Кошка, актыўна супрацьстаяў русіфікацыі касцёла, за што быў высланы ў Сібір. У 1868 годзе храм быў перададзены праваслаўным, а ў 1884 г. перабудаваны пад царкву. Пры пераробцы пад царкву быў зменены дэкор фасадаў, вежа-званіца завяршылася гранёным шатром з цыбулепадобнаю галоўкаю. Пад цэнтрам даху з’явілася праваслаўнае пяцікупалле, замененае пазней на светлавы барабан. Пасля закрыцця касцёла католікі Дубравы былі далучаны да парафіі ў Ракаве. Пасля царскага маніфеста 1905 г. аб свабодзе сумлення католікам дазволілі пабудаваць у Дубраве драўляную капліцу. За аснову быў узяты будынак, што стаяў за 20 сажняў ад панскага дома Льва Ваньковіча. У ім зрабілі алтар, а над уваходам узвялі невялікую вежу са звонам. Капліцу асвяцілі 28 снежня 1906 г. Але цалкам парафія адрадзілася толькі ў міжваеннае дзесяцігоддзе. У 1919 годзе будынак вярнулі католікам, і ў 1926–1929-я гг. ён зведаў яшчэ адну рэканструкцыю. У 1920–1922 гг. пробашчам тут служыў ксёндз Валяр’ян Мацкевіч. Парафія ў адроджанай Менскай дыяцэзіі належала да Ракаўскага дэканату, мела капліцу ў вёсцы Навасёлкі. У 1924–1925 гг. ксяндзом быў Баляслаў Урублеўскі, у 1926–1931 гг. —Уладзіслаў Варановіч, у 1932–1942 гг. — Эдвард Мурончык. У 1926–1929 гадах парафія ў Дубраве налічвала каля 2000 чалавек. Падчас візітацыі 1935 г. паведамлялася пра 1 940 католікаў, было бежмавана 240 чалавек. На тэрыторыі парафіі катэхізавалі ў 4-х школах 186 дзяцей. У маёмасці плябаніі было каля 100 гектараў зямлі. Савецкая ўлада затрымалася ў Заходняй Беларусі ненадоўга. Ужо летам 1941 года ў Дубраве былі нямецкія войскі — пачалася акупацыя, а разам з ёю Халакост. Ксёндз Эдвард Мурончык спрабаваў дапамагаць яўрэям, а хлопчыка Эліяху (сына Шмуэля Перавоскага з Вільні) уладкаваў на працу ў касцёл памочнікам. 20 кастрычніка 1942 года ў Дубраве з’явіліся невядомыя, якія вывелі ксяндза і загадалі паказаць дакументы. Убачыўшы ў дакуменце, што ксёндз беларус, яны пачалі абурацца, што «так быць не можа» і… забілі святара. Пахавалі ксяндза Мурончыка побач з касцёлам.
У 1944–1948 гг. пробашчам служыў ксёндз Ян Такарскі SDB (SDB — таварыства св. Францішка Сальскага), які павінен быў клапаціцца пра вернікаў на вялізнай тэрыторыі, а таксама ездзіць з душпастырскім служэннем у парафіі св. Юрыя ў Пяршаях і Маці Божай Ружанцовай у Ракаве. Руплівая праца ў Дубраве неўзабаве абярнулася для кс. Такарскага цяжкім досведам. У касцёл хадзіла парафіянка, якая жыла ў несакрамэнтальным саюзе. Клапоцячыся пра святасць сужэнства, кс. Ян прапанаваў парафіянцы і яе мужу прыняць сакрамэнт сужэнства, але муж гэтай жанчыны аказаўся супрацоўнікам НКУСа, таму гэта прапанова стала для салезіяніна «пасткаю». На святара склалі данос, у выніку якога яго маглі арыштаваць. Парафіяне хавалі пробашча ў аддаленай вёсцы. Кс. Ян Такарскі выходзіў з дому ў хустцы, пераапрануўшыся «ў жанчыну». Аднак доўга ён гэтага не вытрываў і, рызыкуючы жыццём, вярнуўся ў Дубраву: «Што будзе — тое будзе! На ўсё воля Божая. Вяртаюся да сваіх авечак…». 16 чэрвеня 1948 г. святара арыштавалі і, відавочна, абвінаваціўшы ў супрацы з нацыстамі (касцёл працаваў падчас акупацыі), на 10 гадоў саслалі ў лагер. Спачатку яго пасадзілі ў турму ў Старой Вілейцы, дзе расследаванне працягвалася да 20 лістапада 1948 года. У Маладзечне яго асудзілі паводле артыкула 72 «б» КП БССР («Крымінальная адказнасць за антысавецкую і нацыяналістычную дзейнасць») і прысудзілі 10 гадоў лагераў і пазбаўленне грамадзянскіх правоў на 5 гадоў. Святар адбываў пакаранне спачатку ў Віцебску, а з 1949 года ў пасёлку Інта (Комі АССР), недалёка ад Варкуты, дзе ён працаваў на павалцы лесу. Праз два гады адбыўся другі суд у Маладзечне. На гэты раз салезіяніна асудзілі на 25 гадоў лагераў і вярнулі ў Мінлаг. Але і гэта было зніжкаю, бо судовая пастанова гучала жахліва: «Смяротнае пакаранне». Чаму яго змянілі зняволеннем, невядома… Разам з ксяндзом Такарскім у лагеры адбывалі свой тэрмін 30 каталіцкіх святароў. У зняволенні ён патаемна цэлебраваў святую Імшу, арганізоўваў для вязняў набажэнствы ў першыя пятніцы месяца, запісваў іх у Жывы Ружанец і ў шкаплернае брацтва. За гэта ксёндз Ян не раз быў караны наглядчыкамі. Гостыю ён хаваў на сваіх грудзях увесь дзень і нават ноччу, каб пры неабходнасці ўдзяліць святую Камунію паміраючаму, што ў тых умовах здаралася кожны дзень. Усяго ксёндз Ян Такарскі адсядзеў 6 гадоў і 8 месяцаў. У лагерах пагоршылася яго здароўе: ён захварэў на дыябет. У 1954 годзе ксяндза Яна вызваляюць па амністыі, і ён адразу прыязджае ў Беларусь. Не маючы куды вяртацца ў Дубраве, ксёндз Ян цэлы год жыў у плябаніі ксяндза Юзафа Марсангера, пробашча парафіі Унебаўзяцця Панны Марыі ў Красным. Ксёндз адпраўляў Імшы ў ваколіцах Краснага і Валожына патаемна, бо не меў дазволу ўладаў. Пазней ён едзе ў Ракаў, дзе апякуецца могілкаваю капліцаю святой Ганны, а яшчэ пазней — касцёлам Маці Божай Ружанцовай. Для Дубравы яго арышт становіцца кропкаю, ад якой пачалося занядбанне касцёла: у чэрвені 1948 года касцёл закрылі, а ў 1949 годзе ён быў перададзены спіртзаводу пад склад і з часам ператварыўся ў руіны. Савецкая ўлада спрабавала зняць з будынка крыж, але ёй гэта не ўдалося. Можа, не вельмі стараліся, але крыж, падчэплены трактарам, з даху не сарвалі, затое на сценах з’явілася расколіна. Крыж вырашылі пакінуць. Тады ж адзін з жыхароў Дубравы — бацька Уладзіслава Вікенцьевіча Лапо, зняў званы і даручыў сыну іх схаваць. Уладзіслаў закапаў іх на сваім хутары ў хляве. Дарэчы, на гэтым хутары перад самым арыштам хаваўся і ксёндз Ян Такарскі... Да 1980 года касцёл знаходзіўся ў добрым стане, быў накрыты дахам. Ён не быў пашкоджаны ў часе трох войнаў, знаходзіўся на тэрыторыі трох краінаў, паспеў пабыць сховішчам, а знішчыў яго пажар з-за бяспечнасці студэнтаў. У 1980-я гады студэнты, што прыехалі на сельскагаспадарчыя працы ў вёску, развялі вогнішча на даху былога касцёла. Вынік сумны — будынак выгарэў, засталіся толькі калоны і сцены, якія сёння стаяць на ўзгорку як напамін пра тое, што, магчыма, яшчэ не ўсё страчана... Па хадайніцтве вернікаў і пры дапамозе ксяндза дэкана прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага ў 1995 г. была адроджана дубраўская парафія, зарэгістраваная пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны і святога Юрыя. З восені таго ж года пачалі адбывацца богаслужэнні ў каплічцы, пад якую прыстасавана частка дома былой плябаніі. Душапастырства ў парафіі выконваецца святарамі красненскага касцёла. Падрыхтоўкаю да аднаўлення касцёла заняўся ксёндз Пётр Пятрага, яму ж была даручана і пастырская апека на гэтай тэрыторыі. З 2006 года гэтыя абавязкі былі даручаны ксяндзу Андрэю Яркаўцу. З 3 жніўня 2014 г. на пастырскае служэнне ў парафіі быў прызначаны кс. Павел Шылак. Імшы праводзяцца ў будынку былой плябаніі раз на два тыдні.
Нягледзячы ні на што, Бог працягвае здзяйсняць цуды! Проста неверагодным чынам абраз Маці Божай, ахвяраваны касцёлу Адамам Хмарам, у 2007 г. з’явіўся з небыцця і трапіў у рукі да прафесіянала сваёй справы — мастака, рэстаўратара, калекцыянера Ігара Сурмачэўскага. Гэты цудадзейны абраз быў выратаваны ад вывазу за мяжу і будзе перададзены пасля рэстаўрацыі ў касцёл святога айца Піо ў Маладзечне. Вось як сам выратавальнік апавядае пра абраз: «Хутчэй за ўсё, што ў гэты час (пасля закрыцця касцёла ў 1868 г.) пачынаецца першая «вандроўка» дубраўскага абраза Маці Божай Адзігітрыі. Прытулак каранаванага абраза, касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі, быў перабудаваны пад праваслаўную царкву Раства Багародзіцы і натуральна, што інтэр’еры каталіцкай святыні з цягам часу былі абсталяваны адпаведна візантыйскага стылю. Мяркую, што ўсё, што тычылася лацінскага абраду, было знята і, у лепшым выпадку, вывезена ў аб’яднаную парафію ў Ракаў, а хутчэй за ўсё — у ракаўскі касцёл Святога Духа». Вярнуўся абраз у дубраўскі храм, хутчэй за ўсё, у 1920-я гады, калі царкву перадалі католікам. Але вярнуўся ён у змененым выглядзе: «На раме-ківоце, апавядае рэстаўратар, — два вуглы не сходзяцца па малюнку раслінных завіткоў. Менавіта саму арнаментальную ўстаўку ўрэзалі з большага памеру на меншы, а здарыцца гэта магло ў 1920-я гг., калі дубраўская Адзігітрыя ў другі раз была ўсталявана ў алтар вернутага касцёла. Ці, наогул, рама была ўзята ад другога абраза з бліжэйшага касцёла і перароблена пад дубраўскі абраз, але па стылістыцы яна падыходзіць і глядзіцца, як родная…». Чаму дубраўскі абраз не быў перададзены пасля закрыцця святыні ў 1948 г. у суседні касцёл? Хутчэй за ўсё, падзеі развіваліся вельмі хутка і трагічна, таму і разважаць аб месцы захавання абраза Маці Божай не было часу, тым больш, што некаторыя суседнія каталіцкія святыні пасля вайны былі таксама зачынены: касцёл Маці Божай Ружанцовай у Ракаве быў пераабсталяваны пад склад і магазін, касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Беніцы быў зачынены ў 1946 годзе (па іншых звестках — у тым жа 1948 г.) Але касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах дзейнічаў да 1950 г., а касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны ў Красным і наогул не быў зачынены. Таямніцаў шмат, але галоўнае, што абраз цудоўным чынам апынуўся ў руках таленавітага майстра, таму, магчыма, у хуткім часе мы зможам узносіць свае малітвы, просьбы і падзякі да Божай Маці. Ну, праўда ж, гэта цуды?! Што сталася з іншымі абразамі і касцёльнымі рэчамі — невядома. Хутчэй за ўсё, былі разабраныя мясцовымі жыхарамі, каб хоць нейкім чынам зберагчы памяць пра святыню. Як і невядома, што сталася з пахаваннямі Адама Хмары і яго нашчадкаў.
Але вось яшчэ адна неверагодная рэч, звязаная з А. Хмарам, знойдзена на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава падчас раскопак у 2012–2013 гг. Гэта — пліта памяці бацькоў, замоўленая Адамам і Ёхімам Хмарамі ў 1804 годзе. Помнікі такога кшталту даволі рэдкія на Беларусі (тып «Memoria»). Пліта была прызначана для касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дубраве, аднак, верагодна, яе не паспелі ўсталяваць, бо праз год пасля яе заказу Адам Хмара памірае. Неверагодным чынам, больш чым праз 200 гадоў, пліта была знойдзена ў зямлі каля аднаго з флігеляў… Тэкст на пліце напісаны па-лацінску і можа лічыцца літаратурным помнікам. Тэкст мемарыяльнай пліты Адама і Ёхіма Хмары:
Гэта пліта — помнік Богу і сям’і. Тым двум найвялікшым каштоўнасцям, якія ёсць у чалавека...
Яшчэ адзін цуд звязаны са званамі. 9 мая 2018 года аматары прыборнага пошуку Дзмітрый Антановіч і Руслан Верамей падчас экспедыцыі з дапамогаю Уладзіслава Вікенцьевіча Лапо знайшлі схаваныя званы. Яны былі сабраныя адзін у другі, як матрошка, і ляжалі на баку. Спачатку ўдзельнікі экспедыцыі дасталі маленькі звон, ён быў з дзвюма загваздкамі мацаванняў і з іржавым сталёвым языком, астатнія былі «без’языковымі». Адзін звон быў з расколінаю: верагодна, калі яго здымалі са званіцы, то незнарок выпусцілі. Потым выцягнулі сярэдні звон, на якім добра бачны надпіс, пра тое, што ён адліты ў Маскве «на заводзе фінляндскім», а таксама тры гербавыя знакі. Сярод іх быў і той, што ў 1935 годзе адлілі па замове жаўнераў польскай памежнай роты «Дубрава». Прыемна, што званы, якія 70 гадоў маўчалі, былі схаваныя ад людскіх вачэй, далей працягнуць свой лёс у будучым музеі касцёла святога Францішка Асізскага непадалёку ад сталіцы ў новай святыні вёскі Копішча. Колькі засталося стаяць некалі велічнаму касцёлу — аднаму Богу вядома. Аснаванні калонаў з кожным годам усё танчэйшыя, а ў сценах — велізарныя расколіны. У барацьбе з прыродаю будынак ужо прайграў... але, хоць ад велічы касцёла Дубрава ўжо амаль нічога не засталося ў фізічным стане, яго дух застаецца з намі. Гэты камень малітвы, гэтая святыня, працягвае жыць у нашых сэрцах і нагадваць нам пра важнасць веры. Давайце ж успомнім і ўзнясём нашы малітвы за тых, хто раней маліўся тут, і захаваем пра іх памяць, каб перадаваць яе будучым пакаленням. Сёння, стоячы перад святыняй, мы можам разважаць пра тое, якія добрыя ўчынкі варта здзейсніць у нашым уласным жыцці. Адкрываючы нашы сэрцы для святасці, мы можам ператвараць наша жыццё ў вялікае Боскае падарожжа, насычанае хрысціянскім сэнсам.
Так сталася, што ад нас з вамі сёння залежыць, якім будзе далейшы лёс гэтай святыні, бо ў 2024 г. гэты храм запланавана знішчыць, але задача не толькі захаваць памяць пра гэты касцёл, але і пастарацца зберагчы яго ад руйнавання ўжо сёння. Я веру, што дубраўскі касцёл, дзе раней знаходзіўся цудадзейны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, атрымаецца ўратаваць ад руйнавання! Нездарма ж сама Матулечка неверагодным чынам нагадвае нам пра сябе і свайго Сына! Гэта знак нам усім далучыцца да добрай справы захавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў не толькі на словах, але і сваімі ўчынкамі! Няхай любоў да касцёла напаўняе нашыя сэрцы надзеяй на адраджэнне святыні ў сваёй былой славе. Няхай гэта будзе яшчэ адзін цуд!..
Выкарыстаная літаратура:
|
|||||||||||||||||||||||||||||||
|
|
|