Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(108)/2024
З жыцця Касцёла
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Інтэрв’ю

ШЛЯХІ ДА БОГА
Гісторыя
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Нашы святыні
Юбілеі

ЗЕРНЕ СУРОВАЙ ПРАЎДЫ

ТЫ БЫЎ МАІМ СЯБРАМ

ГІСТОРЫЯ АДНАГО ПОДПІСУ
Паэзія

ДУША ЗАТОЕНАЯ…

ВЕРШЫ
Асобы

ІСЦІ «НЯВОРАНЫМ ПОЛЕМ»
Пераклады
Спадчына

Кс. Робэрт СКШЫПЧАК

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА


З пашанаю да Бэнэдыкта XVI
Урыўкі з кнігі

Працяг.
Пачатак у № 1 за 2024 г.

Пытанні, якія датычаць Касцёла

У сваіх разважаннях Крыжовага шляху ў 2005 годзе, яшчэ перад выбарам на Пятровую Сталіцу, кардынал Ёзаф Ратцынгер ацэньваў стан Касцёла і католікаў, здавалася б, без аніякай паблажлівасці: «Колькі бруду ў Касцёле. Колькі пыхі і самалюбства! Пане, так часта Твой Касцёл здаецца нам караблём, які тоне; чоўнам, які з усіх бакоў набірае вады. А сатана здзекліва смяецца, спадзеючыся, што, падкошаны ўпадкам Твайго Касцёла, Ты, пераможаны, застанешся ляжаць на зямлі». Але тут жа пасля свайго абрання новы Папа з аптымізмам сказаў: «Так, Касцёл жыве, Касцёл малады… Касцёл жывы, і мы гэта бачым… Касцёл жыве, бо Хрыстус жыве, бо Ён сапраўды ўваскрос!»

Што хаваецца за словамі Бэнэдыкта XVI? Я мяркую, што тут не ідзе гаворка пра лёгкасць яго пераходу ад песімістычнай да аптымістычнай ацэнкі хрысціянства ў свеце ці ўзважвання прапорцый паміж гэтымі ацэнкамі. Тым больш, што стаўка на аптымізм ці песімізм у хрысціянскай перспектыве ўвогуле няўдалая. Датуль, пакуль існуюць у свеце невычэрпныя залежы людскіх грахоў, нам будзе хапаць прычынаў для песімізму, але пры гэтым ніколі не перасохнуць і крыніцы аптымізму, гэтаксама як ніколі не вычарпаюцца запасы Божай моцы і любові. Сутнасць справы ў іншым: у адвазе ставіць правільны дыягназ і ў здольнасці заўважаць знакі надзеі. А яна магчымая толькі ў тым выпадку, калі мы маем перад вачыма жывога і дзейснага Бога. Як у евангельскім аповедзе пра Пятра і Апосталаў, якія «каля чацвёртай варты ночы» пасярод мора нечакана заўважылі Езуса, які ішоў па вадзе, можна сказаць, па вадзе смерці. Пётр, бачачы свайго Пана і Яго трыумф над смерцю, прагне перажыць тое самае: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе». І, не адрываючы позірку ад Збаўцы, ён ступае з чаўна, каб з вераю перажыць магчымасць хаджэння па няпэўнай і гразкай рэчаіснасці.

Знакамі надзеі і адвагі, якімі кіраваўся Бэнэдыкт XVI у вызначэнні стану Касцёла, быў, з аднаго боку, уважлівы аналіз з’яваў, што пагражаюць якасці і яснасці хрысціянскага жыцця ягоных вернікаў, а з другога боку — пастулат «змястоўнасці веры» або адшуканне лекаў у сталай веры, якая не кідаецца ўслед за модаю і рознымі навінкамі. Да такой веры мы «павінны дарастаць, да яе павінны весці Хрыстовы статак».

Вераадступніцтва Еўропы

Гэтаксама як ХХ стагоддзе было арэнаю практычнага і ідэалагічнага атэізму, так ягонае заканчэнне і пералом тысячагоддзяў вызначыліся рэлігійнаю абыякавасцю. Людзей, асабліва заходняй цывілізацыі, закранула праблема бязвер’я, і яны пражываюць сваё жыццё, абмежаваўшы яго колам зямных справаў: яны не вераць і не моляцца, не шукаюць сваіх экзістэнцыйных гарантый у адносінах да Найвышэйшай Сутнасці або ў трывалых каштоўнасцях, што рэгулююць грамадскія і маральныя сувязі, угрунтаваныя на моцным падмурку Дэкалогу ці на надзейных рэлігійных сістэмах, і таму давяраюцца банкам, страхавым полісам і сваім уласным чалавечым магчымасцям, якія можна акрэсліць магічнымі словамі: эксперт, прафесіянал, менеджэр, self-made man. Праблема адносінаў да Бога не хвалюе сучаснага прагматыка і не замарочвае ягонай галавы. Яго найперш турбуе добрая фізічная форма і прывабнасць уласнага цела, здароўе, сексуальная і прафесійная задаволенасць ды матэрыяльны дабрабыт.

Атэізм як сістэма, што змагалася з Богам, завяршыў сваю кар’еру; ён выйшаў з моды пасля ўпадку і кампраментацыі ідэалогіі матэрыялізму і сацыялістычнага антрапацэнтрызму. Як адзначаў Ян Павел ІІ, сёння «выключэнне Бога з жыцця не выглядае як прамы канфлікт з Ім, гэта, хутчэй, забыццё і абыякавасць у дачыненні да Яго, як бы Бог не заслугоўваў ніякай увагі ў сферы дзейнасці і арганізаванасці людзей». Тут праблема ў так званым ціхім вераадступніцтве або адмаўленні ад сваёй веры і сваёй сувязі з Хрыстом. Аднак гэта адбываецца не ў драматычнай атмасферы здрады ці адрачэння, а як бы мімаходзь. Многія сучасныя хрысціяне становяцца вераадступнікамі, не надаючы гэтаму факту ніякага значэння. Гэтак жа яўна і абдумана яны не адкідваюць і ўласнага касцёла, яны адыходзяць ад яго спакваля. Таму сёння ў традыцыйна хрысціянскіх краінах узрастае колькасць не толькі няверуючых, але і неахрышчаных. Ланцуг веры перарываецца. Такая сітуацыя існуе сёння ў Францыі, Галандыі, Бельгіі, Чэхіі ці, напрыклад, Скандынавіі. Германія, з якой паходзіў Ёзаф Ратцынгер, перажывае падобнае «недамаганне».

У такой атмасферы з’яўляюцца масавыя эмацыйныя расчараванні і адчуванне пусткі. Людзі шукаюць «лёгка засваяльнай» духоўнасці, напрыклад, з разнавіднасці fast food і soft, якая б адпавядала патрабаванням прывабнасці, імгненных рашэнняў і арыгінальных перажыванняў; духоўнасці, дастасаванай да камфорту чалавека, да яго «маштабаў», якая б не вымагала залішніх «пераключэнняў» і высілкаў, а хутчэй, аўтаматычна выкарыстоўвала б старыя, засвоеныя навыкі.

На такой глебе выдатна ўкараняецца з’ява неапаганства. Вось як яе апісаў Harmut Maurier: «Гэта пэўная еўрапейская традыцыя, прынамсі, пачынаючы з эпохі Адраджэння, зайздросна пазіраць на „радасную язычніцкую сістэму“ і думаць, што Біблія і хрысціянства сталіся катастрофаю ў гісторыі свету і якімсьці антыпрадвызначэннем для Еўропы, таму я прапаную вярнуцца да вытокаў (рымскіх, германскіх, індаеўрапейскіх), каб здабыць там якуюсьці этнічную і духоўную праўду». Разважанне над гэтым феноменам мае істотнае значэнне, бо, як заўважыў Ратцынгер, старая Еўропа і надалей статыстычна лічыцца хрысціянскім кантынентам. Аднак статыстыка ў гэтым выпадку памыляецца, бо ўжо на працягу чатырох стагоддзяў ва ўлонні гэтай, так бы мовіць, хрысціянскай Еўропы ўзрастае язычніцтва, і гэта наўпрост у самым сэрцы Касцёла, пагражаючы знішчыць Яго знутры. Таму Касцёл становіцца ўсё больш «Касцёлам язычнікаў. І ўжо не такім, як гэта было калісьці, — Касцёлам язычнікаў, якія сталі хрысціянамі, але Касцёлам язычнікаў, якія яшчэ пакуль называюцца хрысціянамі, але de facto апаганелі. Таму тут пытанне датычыць язычніцтва ў Касцёле і Касцёла, у сэрцы якога жыве язычніцтва!»

Праблема ў тым, што гэта з’ява пашыраецца, набываючы культурніцкую форму кірунку new age. Ён не вядзе барацьбу з хрысціянствам, а прапагандуе яго постхрысціянскую мадэль. Захапленне ўсім таямнічым, акультным, ірацыянальным, усходнім, прыдуманым або віртуальным у паяднанні з цалкам свабодным канструяваннем новых рэлігій і сінкрэтызмаў з таго, што на аснове адвольнасці «вылаўліваецца» з розных рэлігійных і філасофскіх традыцый і тэрапеўтычных практыкаў, а ў дадатак — усё большы давер да псіхіятрыі як да «новага святарства», зацікаўленасць магіяй і варажбою — усё гэта ўтварае вялізную прывідную масу, пад якою можна адшукаць старую гнастычную спакусу самазбаўлення. Усё зноў падпарадкоўваецца здольнасцям чалавека, таксама і магчымасць самастойна ўратавацца. Па прынцыпе адпрэчвання і ўцёкаў ад якой бы то ні было гатовай сістэмы ці ідэалогіі ўтворана новая ідэалогія зсекулярызаванага збаўлення. Неапаганства прапануе новую сатэрыялогію і новую этыку, якія абапіраюцца на імкненне да абагаўлення чалавека і ягоных патрэбаў. Замест праўдзівай дарогі веры і навяртання, якая матывуецца ўваходам Бога ў гісторыю, гэты кірунак ахвяроўвае чалавеку рэлігійны свет, населены шматлікімі боствамі, духамі, энергіямі і чарнакніжнікамі.

Усе вышэйапісаныя з’явы выклікаюць эфект з небяспечнымі наступствамі: яны не адмаўляюць у месцы Богу, але моцна скажаюць і фальшуюць Яго вобраз, бо гэты Бог, якога прыйшоў канчаткова аб’явіць Езус з Назарэту і аб якім Касцёл праз Духа Святога мае абавязак даваць сведчанне, зусім не такі, як Бог філосафаў, творцаў культуры і тэрапеўтычных лабараторый. У сувязі з гэтым напрошваецца непазбежнае і прынцыповае пытанне: які Бог насяляе абшары масавай свядомасці? Які вобраз Бога ўплывае на жыццё сучаснага чалавека?

У такім змененым свеце хрысціянства павінна зноў сказаць сваё слова. «Нам нельга з каменным спакоем назіраць, як іншыя трапляюць у паганства, — сказаў у адным інтэрв’ю Ёзаф Ратцынгер. — Мы павінны шукаць шляхоў, якія нам дазволяць несці Евангелле, таксама і ў асяроддзе няверуючых». А як Папа ён адзначыў, што ў гэтым сэнсе нас павінен ажыўляць «святы неспакой Хрыста». «Увесь Касцёл, а ў ім ягоныя пастыры, гэтак як Хрыстус, павінны вырушыць у дарогу, каб вывесці людзей з пустыні да жыцця», — падкрэсліў Папа.

Кс. Робэрт Скшыпчак.

Касцёл жывы і малады

Аналіз выказванняў Ёзафа Ратцынгера прыводзіць да аптымістычных высноваў. Ягонае бачанне Касцёла імпануе, бо яно надзвычай прывабнае. Здаецца, менавіта такі Касцёл неабходны гэтаму свету. На думку Ратцынгера, прычына жыццяздольнасці Касцёла ў тым, што ён Хрыстовы. І таму гаворка тут не пра «наш» Касцёл, а пра «Ягоны». Што ў гэтым сэнсе павінен рабіць Касцёл? «Найперш ён павінен быць сапраўды самім сабою», — адказвае Ратцынгер. Толькі ў такім выпадку Касцёл адшукае ў сабе сродкі даць рады цяжкасцям і тым самым знайсці магчымасць увайсці ў душу і ў сэрца Еўропы. Касцёл без Хрыста не мае сэнсу, і таксама Хрыстус без Касцёла не ёсць сапраўдным Хрыстом, а выдумкаю. Таму, як слушна заўважыў кардынал Ратцынгер, «першае слова Касцёла — гэта Хрыстус, а не сам Касцёл; Касцёл здаровы настолькі, наколькі ўсю сваю ўвагу скіроўвае на Хрыста».

Баварскага Папу не задавальняў інстытуцыйна-арганізацыйны характар касцёльнай дзейнасці. Што праўда, такі вобраз Касцёла многім навязваецца і асацыюецца з «абмундзіраванаю», часта непрыступнаю іерархіяй, або таксама з установаю ці з парафіяльнаю канцылярыяй, адчыненаю ў вызначаныя гадзіны, дзе чалавек адчувае сябе не Божым дзіцем і братам Хрыста, а хутчэй — кліентам. Рэчаіснасць Касцёла выяўляецца ў першую чаргу ў яго асабовай і супольнай экзістэнцыі. «Касцёл — гэта асоба. Гэта жанчына. Гэта маці. Касцёл жывы. Гэта найбольш радыкальная супрацьлегласць выключна арганізацыйнаму ці бюракратычнаму паняццю Касцёла. Мы не можам самі ўстанавіць Касцёла; мы павінны ім быць. І, фактычна, мы ёсць Касцёлам; Касцёл жа ёсць у нас толькі ў той ступені, у якой нашую сутнасць фармуе вера — па-над дзейнасцю і выканаўчасцю. Зрэшты, Касцёл ад пачатку быў не ўстаноўлены, а народжаны. Ён нарадзіўся тады, калі ў душы Марыі абудзілася fiat. Менавіта гэтага найбольш хацеў Сабор: каб у нашай душы абудзіўся Касцёл. Марыя тут указвае нам шлях».

Такі Касцёл не можа быць закрытаю, самадастатковаю групаю. Ён павінен быць місійным, гэта значыць, здольным да аўтаевангелізацыі, а таксама здольным несці Евангелле Езуса Хрыста іншым. Усведамляючы гэта, Бэнэдыкт XVI на другі дзень пасля інаўгурацыі свайго Пантыфікату першыя крокі скіраваў у базыліку св. Паўла за Мурамі, каб каля грабніцы Апостала Народаў маліцца і прасіць Пана распаліць у ім падобную любоў, не даючы спачываць тады, калі трэба абвяшчаць Евангелле сённяшняму свету. Для Папы відавочнаю была неабходнасць новай евангелізацыі, якую распачаў яго вялікі папярэднік і місіянер Ян Павел ІІ. Ратцынгер разумеў яе як абавязак дзейнічаць, каб голас Бога быў прыняты і ўспрыняты. У гэтым сэнсе евангелізатар вылучаецца не толькі спосабам маўлення, але і спосабам жыцця. Гэта тлумачыць Хрыстовы закон «урадлівасці»: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то не дасць плёну. Таму ўрадлівасць звязана з цярпеннем, гэтаксама як і роды. Езус збаўляў свет не прыгожымі словамі, а цярпеннем і смерцю. Таму мера місійнасці Касцёла — гэта не столькі поспех ці эфектыўнасць метадаў, як ягоная святасць. Ратцынгер любіў вяртацца да сцвярджэння Яна Паўла ІІ аб тым, што «сучаснаму Касцёлу не патрэбныя новыя рэфарматары, Касцёлу неабходныя новыя святыя».

Праяваю жыццяздольнасці Касцёла Бэнэдыкт XVI лічыў уменне прыцягваць да сябе маладых людзей. Яшчэ некалькі гадоў назад ён пісаў: «Мы бачым новую тугу па веры, новы рух да Пана. Гэта тое, што ўплывае і прыцягвае іншых». Ён згадваў, як адразу пасля Сабору, які павінен быў стаць для католікаў новым абуджэннем, настаў перыяд вялікага крызісу, што ахапіў розныя касцёльныя сферы. Здавалася, што замест чаканай вясны ўдарыў мароз, а замест новага парывання прыйшла стомленасць. «Але неспадзявана з’явілася штосьці такое, чаго ніхто не планаваў. Можна сказаць, што Дух Святы зноў сам узяў слова. Менавіта сярод моладзі нанава выбухнула полымя веры, без аніякіх абумоўленасцяў, без выкрутасаў і пошукаў пабочных шляхоў; веры, якая перажывалася ва ўсёй паўнаце як каштоўны жыццесцвярджальны дар».

Радасць веры

З самага нутра крызізу ў Касцёле, асабліва ў заходнім, узнік феномен, які заўважаў і цаніў Папа. Гэтым феноменам былі новыя рухі і супольнасці — неакатэхуменат, факаляры, Аднова ў Духу Святым; яны былі спантанныя, нікім не запланаваныя і сталі праяваю жыццяздольнасці веры. Як прэфект Кангрэгацыі веравучэння кардынал Ратцынгер пісаў: «Мне ўсё часцей выпадае сустракаць групы маладых людзей, цалкам адданых веры Касцёла; моладзь, якая жыве вераю і мае ў сабе вялікі місійны запал. Радасць веры, якую яны праяўляюць, у многім заразлівая. У гэтых групах нараджаюцца сапраўдныя пакліканні да святарскага служэння і манаскага жыцця. Запал гэтых маладых людзей не быў запланаваны ні ў якой душпастырскай установе, ён узнік сам па сабе. З гэтай моладзі выходзіць новае пакаленне Касцёла, на якое я гляджу з вялікаю надзеяй».

Што праўда, некаторыя людзі Касцёла, знаходзячыся ў сканструяваных імі ж самімі ўяўленнях пра зусім іншы Касцёл, адчулі тут небяспеку. Таму часам новыя рэаліі выклікаюць напружанасць і сутычкі ўнутры ранейшых, сфармаваных і стабілізаваных касцёльных структурах. <...> Асабліва ў тых выпадках, калі многія старыя формы, пазначаныя бясплоднаю руцінаю, што функцыянуюць у Касцёле, заблытваюцца ва ўнутраных супярэчнасцях, знаходзячы найбольшае ўпадабанне ў адмаўленні ўсяго новага. Таму й новыя рухі пашыраюцца марудна і даволі цяжка. «Сапраўды, — прызнаваўся Папа, — я заўважаю ў Касцёле шмат галінаў, якія адміраюць, спакваля высыхаюць і адвальваюцца; часам паціху, а часам з трэскам. Але найперш я заўважаю маладосць Касцёла. Таму й месца, вызначанае мне лёсам, патрабуе вялікай напружанасці, але ў яшчэ большай ступені яно дазваляе мне пацвердзіць, што наш Касцёл малады».

Бэнэдыкт XVI выдатна разумеў, якія цяжкасці і выклікі стаяць перад Касцёлам. Як шматгадовы ахоўнік дэпазіту веры і як чалавек, адкрыты на Божае слова, як кампетэнтны тэолаг, ён, несумненна, ведаў, якое цярпенне прыгнятае сучаснага чалавека — свабоднага і па-праметэеўску ўзбунтаванага. Ён ведаў, які антыбіётык гэтаму чалавеку неабходны, і што верне бадзёрасць і маладосць Касцёлу, на чале якога яго паставіў Дух Святы. Гэты сівы, на той час 78-гадовы, па-людску слабы і нясмелы чалавек, ні хвіліны не вагаўся, каб узяць на сябе выклікі, успадкаваныя ад свайго папярэдніка, і дамовіўся аб сустрэчы з моладдзю ўсяго свету ў сваёй роднай краіне, у Кёльне, у самым сэрцы зраненага крызісам хрысціянства і дэзарыентаванай Еўропы, каб умацоўваць у веры і адвазе сваіх малодшых братоў. Ён тады сказаў: «Хрысціяне нясуць адказнасць за тое, каб свет не выпаў з рукі Бога. Калі будзе пры гэтым сіла прыкладу і жывая сіла сапраўднай веры, то мы можам мець надзею на навяртанне свету».

Працяг будзе.

Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.
Паводле: ks. Robert Skrzypczak. Wymagający Papież.
W hołdzie Benedyktowi XVI. Dom wydawniczy «Rafael», 2023.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY