Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(14)/2000
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Касцёл. Чалавек. Сучаснасць
У свеце Бібліі
HAEREDITAS

СПОВЕДЗЬ
Мастацтва
Святло слова

---

ДЭКЛАРАЦЫЯ DOMINUS IESUS

Уступ

1. Пан Езус перад унебаўшэсцем даў сваім вучням наказ абвяшчаць Евангелле ўсяму свету і ўдзяляць хрышчэнне ўсім народам: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню! Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены; а хто не паверыць, будзе асуджаны» (Мк 16, 15–16). «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце, навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога, навучаючы іх выконваць усё, што Я сказаў вам; і вось Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку» (Мц 28, 18–20; пар. таксама Лк 24, 46–48; Ян 17, 18; 20, 21; Дз 1, 8).

Паўсюдная місія Касцёла нараджаецца з наказу Езуса Хрыста і ажыццяўляецца на працягу вякоў праз абвяшчэнне таямніцы Бога Айца, Сына і Духа Святога, а таксама таямніцы ўцелаўлення Сына як падзеі, што нясе збаўленне ўсяму чалавецтву. Менавіта гэта складае асноўны змест хрысціянскага вызнання веры: «Веру ў адзінага Бога, Айца Усемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага. І ў адзінага Пана Езуса Хрыста, Сына Божага Адзінароднага, з Айца народжанага перад усімі вякамі; Бога ад Бога, Святло ад Святла, Бога сапраўднага ад Бога сапраўднага, народжанага, не створанага, адзінасутнага Айцу: праз якога ўсё сталася.

Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба. І ўцелавіўся ад Духа Святога з Панны Марыі і стаўся чалавекам. Укрыжаваны таксама за нас пры Понцкім Пілаце; быў замучаны і пахаваны. І на трэці дзень змёртвыхпаўстаў паводле Пісання. І ўзышоў на неба, сядзіць праваруч Айца. І зноў прыйдзе ў хвале судзіць жывых і памерлых, і Яго Валадарству не будзе канца. Веру ў Духа Святога, Пана і Жыватворцу, які з Айца і Сына паходзіць; якому разам з Айцом і Сынам належыць пакланенне і хвала; які прамаўляў праз Прарокаў.

Веру ў адзіны святы каталіцкі і апостальскі Касцёл. Вызнаю адзіны хрост для адпушчэння грахоў і чакаю ўваскрашэння памерлых, і жыцця вечнага ў будучым свеце»1.

2. На працягу стагоддзяў Касцёл верна абвяшчаў Евангелле і сведчыў пра яго. Аднак на схіле другога тысячагоддзя хрысціянства гэта місія яшчэ далёкая да свайго завяршэння2.

Таму больш чым калі-небудзь сёння актуальны заклік апостала Паўла, які прызывае кожнага ахрышчанага да актыўнага ўдзелу ў місіі: «Бо калі я абвяшчаю Евангелле, дык няма мне славы, бо на мне ляжыць абавязак, і гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16). Гэта тлумачыць, чаму Настаўніцтва Касцёла надае так шмат увагі матываванню і падтрымцы евангелічнай місіі Касцёла, перадусім у дачыненні да рэлігійных традыцый свету3.

Адкрыта і канструктыўна разглядаючы каштоўнасці, пра якія гэтыя традыцыі даюць сведчанне і якія ахвяруюць чалавецтву, саборавая дэкларацыя пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій сцвярджае: «Каталіцкі Касцёл не адпрэчвае нічога з таго, што ў гэтых рэлігіях ёсць праўдзівага і святога. Са шчыраю павагаю ён адносіцца да гэтых спосабаў дзейнасці і жыцця, да гэтых наказаў і дактрынаў, якія хоць шмат у чым адрозніваюцца ад прынцыпаў, што ён вызнае і абвяшчае, аднак нярэдка адлюстроўваюць прамень тае Праўды, якая асвятляе ўсіх людзей»4. Ідучы па гэтым шляху, Касцёл абвяшчае сёння Езуса Хрыста, «дарогу, праўду і жыццё» (Ян 14, 6), таксама праз практыку міжрэлігійнага дыялогу, хоць ён, зразумела, не падмяняе місіі ad gentes, але спадарожнічае ёй, служачы гэтай «таямніцы еднасці», з якой «вынікае, што ўсе збаўленыя мужчыны і жанчыны ўдзельнічаюць, хоць і рознымі спосабамі, у той самай таямніцы збаўлення ў Езусе Хрысце праз пасрэдніцтва Яго Духу»5. Гэты дыялог, які ёсць часткаю евангелізацыйнай місіі Касцёла6, прадугледжвае пазіцыю паразумення, імкненне да ўзаемнага знаёмства і ўзбагачэння ў духу паслухмянасці праўдзе і пашаны да свабоды7.

3. У практыцы дыялогу паміж хрысціянскаю вераю і іншымі рэлігійнымі традыцыямі, а таксама ў тэарэтычнай рэфлексіі над ім, узнікаюць новыя пытанні, на якія мы спрабуем адказаць, распачынаючы даследаванні ў новых накірунках, падаючы пастулаты і прапануючы пазіцыі, якія вымагаюць удумлівага зразумення. Да гэтых пошукаў далучаецца дадзеная дэкларацыя, каб нагадаць біскупам, тэолагам і ўсім каталіцкім вернікам пэўныя фундаментальныя дактрынальныя ісціны, якія могуць дапамагчы тэалагічнай рэфлексіі ў выпрацоўцы рашэнняў, адпаведных праўдам веры і сучасным культурным патрэбам.

Мова, якою паслугуецца дэкларацыя, адпавядае яе мэце. Мэта ж дэкларацыі – не закрананне праблематыкі адзінасці і паўсюднасці збаўчай таямніцы Езуса Хрыста і Касцёла і не сфармуляванне рашэнняў тэалагічных праблемаў, якія свабодна дыскутуюцца, але паўторнае выкладанне каталіцкага веравучэння на гэту тэму, а таксама ўказанне асноўных праблемаў, якія могуць быць прадметам далейшай рэфлексіі, ды адпор пэўным памылковым альбо двухзначным поглядам. Таму дэкларацыя звяртаецца да дактрыны, выкладзенай у ранейшых дакументах Настаўніцтва Касцёла, з намерам пацвердзіць ісціны, якія складаюць спадчыну веры Касцёла.

4. Нястомнае місійнае прапаведванне Касцёла знаходзіцца сёння пад пагрозаю рэлятывісцкіх тэорый, якія намагаюцца апраўдаць рэлігійны плюралізм не толькі de facto, але таксама de iure (г. зн. як пачатак). У выніку прызнаюцца састарэлымі такія, напрыклад, праўды як праўда пра канчатковы і цалкавіты характар аб'яўлення Езуса Хрыста, пра прыроду хрысціянскай веры ў дачыненні да вераванняў іншых рэлігій, пра натхнёны характар Кніг Святога Пісання, пра асобавае паяднанне паміж адвечным Словам і Езусам з Назарэту, пра еднасць збаўчага плану ўцелаўлёнага Слова і Духа Святога, пра адзінасць і збаўчую паўсюднасць таямніцы Езуса Хрыста, пра паўсюднае збаўчае пасрэдніцтва Касцёла, пра непадзельнасць, нягледзячы на адрознасць, Валадарства Божага, Валадарства Хрыста і Касцёла, пра існаванне ў каталіцкім Касцёле адзінага Хрыстовага Касцёла.

Карані гэтых сцвярджэнняў знаходзяцца ў канцэпцыях як філасофскага, так і тэалагічнага паходжання, што ўскладняе зразуменне і прыманне аб'яўленай праўды. Можна ўказаць некаторыя з іх: перакананне ў тым, што Божая праўда не можа быць заключана і выяўлена нават праз хрысціянскае аб'яўленне; рэлятывісцкая пазіцыя ў дачыненні да праўды, якая прызнае, што тое, што ёсць праўдаю для адных, можа не быць праўдаю для іншых; бачанне радыкальнага супрацьстаяння паміж лагічнаю заходняю ментальнасцю і сімвалічнаю ўсходняю; суб'ектывізм тых, хто, лічачы розум адзінаю крыніцаю пазнання, становяцца «усё больш няздольнымі скіраваць увагу да вышэйшай рэчаіснасці і не асмельваюцца сягнуць па праўду быцця»8; цяжкасці ў зразуменні і прыманні прысутнасці канчатковых і эсхаталагічных падзеяў у гісторыі; непрыняцце метафізічнага гістарычнага вымярэння ўцелаўлення адвечнага Логаса, які ўспрымаецца выключна як звыклае аб'яўленне Бога ў гісторыі; эклектызм тых, хто ў тэалагічнай рэфлексіі пераймае ідэі, пачэрпнутыя з розных філасофскіх і рэлігійных кантэкстаў, не дбаючы ані пра іх звязнасць і сістэматычную ўзаемасувязь, ані пра іх згоднасць з хрысціянскаю праўдаю; урэшце, схільнасць да прачытання і інтэрпрэтацыі Святога Пісання без суаднясення з Традыцыяй і Настаўніцтвам Касцёла.

На падставе такіх прадпасылак, што выступаюць у розных адценнях, часам як сцвярджэнні, а часам як гіпотэзы, фармулююцца тэалагічныя прапановы, якія адбіраюць у хрысціянскага аб'яўлення, а таксама ў таямніцы Езуса Хрыста і Касцёла характар абсалютнай праўды і збаўчай паўсюднасці, ці ў кожным разе кідаюць на іх цень сумніўнасці і няпэўнасці.

І. Паўната і канчатковасць аб'яўлення Езуса Хрыста

5. Каб супрацьстаяць гэтай рэлятывісцкай ментальнасці, якая ўсё больш распаўсюджваецца, трэба перадусім пацвердзіць канчатковы і поўны характар аб'яўлення Езуса Хрыста. Трэба менавіта моцна верыць у тое, што ў таямніцы Езуса Хрыста, уцелаўлёнага Сына Божага, які ёсць «дарогаю, праўдаю і жыццём» (Ян 14, 6), заключана аб'яўленне паўнаты Божай праўды: «Ніхто не знае Сына, апроч Айца; і Айца не знае ніхто, апроч Сына і той, каму Сын хоча адкрыць» (Мц 11, 27); «Бога не бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, што ва ўлонні Айца, Той з'явіў» (Ян 1, 18); «Бо ў Ім жыве ўся поўня Боства цялесна, і вы напоўнены ў Ім» (Клс 2, 9–10).

ІІ Ватыканскі Сабор, верны Божаму Слову, навучае: «Найглыбейшая ж праўда пра Бога і пра збаўленне чалавека яснее нам праз гэта аб'яўленне ў асобе Хрыста, які ёсць адначасова пасрэднікам і паўнатою ўсяго аб'яўлення»9. І нагадвае: «Таму Езус Хрыстус, Уцелаўлёнае Слова «чалавек да людзей» пасланы, «абвяшчае слова Божае» (пар. Ян 3, 34) і здзяйсняе справу збаўлення, якую Айцец даверыў Яму выканаць (пар. Ян 5, 36; 17, 4). Таму Той, якога калі хтосьці бачыць, бачыць таксама і Айца (пар. Ян 14, 9), усёю сваёю прысутнасцю і з'яўленнем праз словы і ўчынкі, праз знакі і цуды, асабліва ж праз смерць сваю і поўнае хвалы змёртвыхпаўстанне, а ўрэшце праз спасланне Духа праўды, аб'яўленне давёў да канца і да дасканаласці і сведчаннем Божым пацвярджае (...). Такім чынам хрысціянскі план збаўлення, як новы і канчатковы запавет, ніколі не перапыніцца і не трэба ўжо спадзявацца ні на якое новае публічнае аб'яўленне перад хвалебным з'яўленнем Пана нашага Езуса Хрыста (пар. 1 Цім 6, 14 і Тt 2, 13)»10.

Таму энцыкліка Redemptoris missio нагадвае Касцёлу пра заданне абвяшчаць Евангелле як паўнату праўды: «У гэтым канчатковым Слове свайго Аб'яўлення Бог даў Сябе пазнаць найбольш поўна: Ён сказаў чалавецтву, кім Ён ёсць. Гэтае канчатковае самааб'яўленне Бога – асноўны матыў, дзеля якога Касцёл «ёсць місійны па сваёй прыродзе». Ён не можа не абвяшчаць Евангелля, г. зн. паўнаты праўды, якую Бог даў нам пазнаць пра самога сябе»11. Такім чынам толькі аб'яўленне Езуса Хрыста ўводзіць «у нашу гісторыю універсальную і канчатковую праўду, якая натхняе людскі розум, каб ніколі не спыняўся»12.

6. Таму веры Касцёла супярэчыць тэзіс пра абмежаваны, няпоўны і недасканалы характар аб'яўлення Езуса Хрыста, які як быццам знаходзіць дапаўненне ў аб'яўленні, заключаным у іншых рэлігіях. Найбольш глыбокім абгрунтаваннем гэтага тэзіса павінен быў бы стаць факт, што праўда пра Бога не можа як быццам быць зразумета і выказана цалкам і ва ўсёй сваёй паўнаце ніякаю гістарычнаю рэлігіяй, а значыць таксама і хрысціянствам, і нават Езусам Хрыстом.

Гэты погляд радыкальна супярэчыць існуючым да гэтага часу сцвярджэнням веры, паводле якіх у Езусе Хрысце здзейснілася поўнае і канчатковае аб'яўленне збаўчай Таямніцы Бога. Таму словы, учынкі і цэлая гістарычная падзея Езуса, хоць і абмежаваныя як людская рэчаіснасць, аднак маюць суб'ектам Божую Асобу ўцелаўлёнага Слова, «сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека»13, а таму маюць у сабе канчатковае і поўнае аб'яўленне збаўчых шляхоў Бога, хоць глыбіня Божай таямніцы сама ў сабе застаецца трансцэндэнтнаю і невычэрпнаю. Праўда пра Бога не перакрэсліваецца і не памяншаецца з-за таго, што выказваецца чалавечаю моваю. Наадварот, застаецца адзінаю, поўнаю і цалкавітаю, бо Той, які гаворыць і дзейнічае, ёсць уцелаўлёным Сынам Божым. Таму вера дамагаецца прызнання, што Слова, якое сталася целам, ва ўсёй сваёй таямніцы, што здзяйсняецца ад уцелаўлення да ўслаўлення, ёсць сапраўднаю – хоць апасродкаванаю – крыніцаю і дапаўненнем усякага збаўчага аб'яўлення Бога чалавецтву14, а таксама, што Дух Святы, які ёсць Духам Хрыста, навучыць апосталаў «усяе праўды» (Ян 16, 13), а праз іх – увесь Касцёл усіх часоў.

7. Адэкватным адказам на Божае аб'яўленне ёсць «паслухмянасць веры» (Рым 1, 5; пар. Рым 16, 26; 2 Кар 10, 5–6), праз якую чалавек па вольнай волі ўвесь давяраецца Богу, аказваючы « поўную пакорнасць розуму і волі Богу аб'яўляючаму» і дабравольна прызнаючы аб'яўленне, Ім дадзенае»15. Вера ёсць дарам ласкі: «Каб магчы праявіць веру, трэба мець Божую ласку, папераджальную і дапаможную, а таксама ўнутраную дапамогу Духа Святога, які б кранаў сэрцы і звяртаў іх да Бога, адкрываў вочы розуму і ўдзяляў «усім асалоды ў прызнанні і даванні веры праўдзе»16.

Паслухмянасць веры прадугледжвае прыняцце праўды Хрыстовага аб'яўлення, пацверджанай Богам, каторы ёсць самою Праўдаю17: «Вера – гэта найперш асабістая прывязанасць чалавека да Бога; разам з тым яна ёсць дабравольным прызнаннем усяе праўды, якую Бог аб'явіў»18. Вера як «дар Божы» і «звышнатуральная дабрадзейнасць, Ім улітая»19, прадугледжвае, такім чынам, падвойную прывязанасць: да Бога, які аб'яўляе, і да праўды, Ім аб'яўленай, з увагі на давер, якім адорваецца асоба, якая яе абвяшчае. Таму «мы павінны верыць не ў кагосьці іншага, а толькі ў Бога Айца, Сына і Духа Святога»20.

Таму трэба заўсёды цвёрда захоўваць адрозненне паміж тэалагальнаю вераю і вераваннем у іншых рэлігіях. У той час, калі вера – гэта прыняцце праз ласку аб'яўленай праўды, якая «дазваляе пранікнуць унутр таямніцы і дапамагае яе правільна зразумець»21, то вераванне ў іншых рэлігіях – гэта тая сукупнасць досведу і думак, што складае скарб чалавечай мудрасці і рэлігійнасці, якія чалавек у пошуках праўды выпрацаваў і прымяніў, каб выказаць свае адносіны да боскай рэчаіснасці і да Абсалюту22.

У сучасных дэбатах не заўсёды захоўваецца такое адрозненне і таму часта тэалагальная вера, якая ёсць прыняццем праўды, аб'яўленай Богам, атаясамліваецца з вераваннем у іншых рэлігіях, якое ёсць рэлігійным досведам, што яшчэ толькі шукае абсалютнай праўды і яшчэ не выяўляе прыняцця Бога, які аб'яўляецца. Гэта адна з прычынаў, з-за якіх існуе імкненне да памяншэння, а часам нават да сцірання адрозненняў паміж хрысціянствам і іншымі рэлігіямі.

8. Выстаўляюцца таксама гіпотэзы пра натхнёны характар святых тэкстаў іншых рэлігій. Несумненна, трэба прызнаць, што пэўныя, заключаныя ў іх элементы сапраўды з'яўляюцца прыладамі, праз якія на працягу вякоў вялікая колькасць людзей магла і таксама сёння можа ажыццяўляць і падтрымліваць жывую сувязь з Богам. Таму ІІ Ватыканскі Сабор, беручы пад увагу ўзоры паводзінаў, наказы і дактрыны іншых рэлігій, сцвярджае – як гэта было ўжо вышэй узгадана, – што «хоць у многіх выпадках яны адрозніваюцца ад тых асноваў, якія вызнае і абвяшчае [Касцёл], аднак нярэдка адлюстроўваюць прамень тае Праўды, якая асвятляе ўсіх людзей»23.

Аднак традыцыя Касцёла пакідае за сабою права называць натхнёнымі тэкстамі кананічныя Кнігі Старога і Новага Запавету як натхнёныя Духам Святым24. Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб'яўленне ІІ Ватыканскага Сабору, пераймаючы гэту традыцыю, навучае: «Бо святая Маці-Касцёл лічыць на падставе апостальскай веры Кнігі як Старога, так і Новага Запавету ў цэлым, з усімі іх часткамі, святымі і кананічнымі, таму, што яны напісаныя пад натхненнем Духа Святога (пар. Ян 20, 31; 2 Цім 3, 16; 2 П 1, 19–21; 3, 15–16), Бога маюць аўтарам і такімі былі перададзены Касцёлу»25. Гэтыя Кнігі «несумненным чынам, верна і беспамылкова вучаць праўдзе, якая па волі Божай была праз Святое Пісанне зафіксавана для нашага збаўлення»26.

Аднак Бог, прагнучы паклікаць да сябе ўсе народы ў Хрысце і перадаць ім паўнату свайго аб'яўлення і сваёй любові, прысутны рознымі спосабамі «не толькі для паасобных людзей, але таксама для народаў праз іх духовае багацце, галоўнаю і прынцыповаю праяваю якога з'яўляюцца рэлігіі, хоць яны маюць «бракі, недахопы і памылкі»27. Таму святыя кнігі іншых рэлігій, што фактычна ёсць спажываю для іх веравызнаўцаў і кіруюць іхнім жыццём, чэрпаюць з таямніцы Хрыста элементы дабрыні і ласкі, якія ў іх знаходзяцца.

ІІ. Уцелаўлёны Логас і Дух Святы ў справе збаўлення

9. У сучаснай тэалагічнай рэфлексіі часта ўзнікае пэўны погляд на Езуса з Назарэту, паводле якога Ён – асаблівая гістарычная постаць, завершаная, якая аб'яўляе Божыя справы не выключным чынам, але дадатковым у дачыненні да іншых формаў аб'яўляючай і збаўчай прысутнасці. Такім чынам Бясконцасць, Абсалют, канчатковая Таямніца Бога павінны былі б аб'яўляцца чалавецтву рознымі спосабамі і ў многіх гістарычных постацях, а Езус з Назарэту ёсць як бы толькі адною з іх. Карацей кажучы, Ён для некаторых – адна з многіх постацяў, якія Логас прымаў на працягу гісторыі, каб злучацца збаўчаю сувяззю з чалавецтвам.

Больш за тое, каб апраўдаць з аднаго боку паўсюднасць хрысціянскага збаўлення, а з другога – з'яву рэлігійнага плюралізму, падтрымліваецца існаванне збаўчага плану вечнага Слова, які мае сілу таксама па-за Касцёлам і ў адарванасці ад яго, і збаўчага плану Слова ўцелаўлёнага. Першы меў бы дадатковую перавагу паўсюднасці ў параўнанні з другім, пакінутым толькі для хрысціянаў, хоць менавіта ў ім прысутнасць Бога была б больш поўная.

10. Вышэй выкладзеныя тэзісы глыбока супярэчаць хрысціянскай веры. Бо трэба рашуча вызнаваць навуку веры, якая абвяшчае, што гэта Езус з Назарэту, Сын Марыі – і толькі Ён – ёсць Сынам і Словам Айца. Слова, якое «было напачатку ў Бога» (Ян 1, 2), ёсць тым самым, якое «сталася целам» (Ян 1, 14). У Езусе «Месіі, Сыне Бога жывога» (Мц 16, 16) «жыве ўся поўня Боства цялесна» (Клс 2, 9). Ён – «Адзінародны Сын, што ва ўлонні Айца» (Ян 1, 18), Яго «умілаваны Сын, у якім мы маем адкупленне – дараванне грахоў (...) Бо ўгодна было [Айцу], каб у Ім жыла ўся поўня і каб праз Яго зноў паяднаць усё з сабою, уціхамірыўшы праз Яго, крывёю крыжа Яго, і тое, што на зямлі, і тое, што ў нябёсах» (Клс 1, 13–14; 19–20).

І Нікейскі Сабор, захоўваючы вернасць Святому Пісанню і адкідваючы памылковыя і абмежаваныя інтэрпрэтацыі, урачыста сфармуляваў сваю веру ў «Езуса Хрыста, Сына Божага Адзінароднага, народжанага з Айца, г. зн. з субстанцыі Айца, Бога ад Бога, Святло ад Святла, Бога сапраўднага ад Бога сапраўднага, народжанага, не створанага, адзінасутнага Айцу, праз якога ўсё было створана ў небе і на зямлі; які дзеля нас і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба, уцелавіўся і стаўся чалавекам, быў замучаны, на трэці дзень змёртвыхпаўстаў і ўзышоў на неба; і прыйдзе ў хвале судзіць жывых і памерлых»28. Таксама Халкедонскі Сабор, ідучы за навучаннем Айцоў, вызнаў, «што ёсць адзін і той самы Сын, Пан наш Езус Хрыстус, дасканалы ў Бостве і дасканалы ў чалавечнасці, сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек (...), адзінасутны Айцу, што датычыць Боства, адзінасутны нам, што датычыць чалавечнасці (...). Перад вякамі з Айца народжаны як Бог, у апошнія ж часы дзеля нас і дзеля нашага збаўлення нарадзіўся як чалавек з Марыі Панны, Багародзіцы»29.

Таму ІІ Ватыканскі Сабор пацвярджае, што Хрыстус, «новы Адам», «вобраз Бога нябачнага» (Клс 1, 15) «ёсць чалавекам дасканалым, які вярнуў сынам Адама Божае падабенства, скажонае з часу першага граху (...). Нявіннае Ягнё, Ён сваёю, дабравольна пралітаю, крывёю выслужыў нам жыццё, і ў Ім Бог паяднаў нас з сабою і паміж намі самімі, а таксама вырваў з няволі шатана і граху, так што кожны з нас можа разам з Апосталам сказаць: Сын Божы «палюбіў мяне і выдаў сябе самога за мяне» (Гал 2, 20)»30.

На гэту самую тэму адназначна выказаўся Ян Павел ІІ: «Нязгодна з хрысціянскаю вераю ўвядзенне якога б то ні было падзелу паміж Словам і Езусам Хрыстом. (...) Езус ёсць Уцелаўлёнае Слова, адна і непадзельная Асоба. (...) Хрыстус – гэта не хто іншы як Езус з Назарэту. Гэты ж ёсць Словам Божым, якое сталася чалавекам для збаўлення ўсіх. (...) Адчуваючы патрэбу адкрыць і ацаніць усялякага роду дары, перадусім – духовыя багацці, якія Бог удзяліў кожнаму народу, не можам іх разглядаць асобна ад Езуса Хрыста, які стаіць у цэнтры Божага плана збаўлення»31.

Каталіцкай веры супярэчыць таксама ўвядзенне падзелу паміж збаўчым дзеяннем Логасу як такога і збаўчым дзеяннем Слова, якое сталася целам. Праз уцелаўленне ўсе збаўчыя ўчынкі Слова заўсёды здзяйсняюцца ў паяднанні з чалавечаю натураю, якую Яно прыняло дзеля збаўлення ўсіх людзей. Адзіным суб'ектам, які дзейнічае ў абедзвюх натурах – боскай і чалавечай – ёсць адна і тая ж асоба Слова32.

Таму супярэчыць навуцы Касцёла тэорыя, якая прыпісвае збаўчую актыўнасць Логасу як такому ў Яго боскасці, якая павінна была б здзяйсняцца «па-за» і «па-над» чалавечаю натураю Хрыста, таксама пасля ўцелаўлення33.

11. Таму трэба цвёрда вызнаваць навуку веры аб адзінасці збаўчага (Божага) плану, задуманага Богам Трыадзіным, які мае свой выток і цэнтр у таямніцы ўцелаўлення Слова, якое ёсць пасрэднікам Божай ласкі ў плоскасці створчай і збаўчай (пар. Клс 1, 15–20), нанова яднае ўсё ў сабе (пар. Эф 1, 10) і «сталася для нас мудрасцю ад Бога і справядлівасцю, і асвячэннем, і адкупленнем» (пар. 1 Кар 1, 30). Бо таямніца Хрыста вызначаецца ўнутранаю еднасцю, якая сягае ад вечнага выбрання ў Бога ажно да паўторнага прыйсця: «Бо ў Ім [Айцец] выбраў нас да стварэння свету, каб мы былі святыя і беззаганныя перад Яго абліччам» (Эф 1, 4); «У Ім, у якім мы і сталіся наследнікамі, былі мы наперад прызначаны на гэта прызначэннем Таго, Хто ўсё здзяйсняе згодна з замыслам сваёй волі» (пар. Эф 1, 11); «Бо каго Ён перад тым пазнаў, тых і прызначыў быць падобнымі да вобраза Сына свайго, каб Ён быў першародным паміж многімі братамі, а каго прызначыў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і ўславіў» (Рым 8, 29–30).

Настаўніцтва Касцёла, вернае Божаму аб'яўленню, пацвярджае, што Езус Хрыстус ёсць паўсюдным пасрэднікам і адкупіцелем: «Бо Слова Божае, праз якое ўсё сталася, само сталася целам дзеля таго, каб дасканалы чалавек збавіў усіх і ўсё ў сабе паяднаў. Ён – Той, каго Айцец уваскрэсіў з мёртвых, узвялічыў і пасадзіў праваруч сябе, устанаўляючы Яго суддзёю жывых і памерлых»34. Гэтае збаўчае пасрэдніцтва прадугледжвае таксама адзінасць збаўчай ахвяры Хрыста, найвышэйшага і вечнага Святара (пар. Гбр 6, 20; 9, 11; 10, 12–14).

12. Некаторыя высоўваюць таксама гіпотэзу збаўчага плану Духа Святога больш універсальнага характару, чым збаўчы план уцелаўлёнага Слова, укрыжаванага і ўваскрослага. Гэты погляд таксама супярэчыць каталіцкай веры, якая прызнае збаўчае ўцелаўленне Слова трынітарнаю падзеяй. У Новым Запавеце таямніца Езуса, уцелаўлёнага Слова, ёсць месцам прысутнасці Духа Святога і асноваю Яго сыходжання на чалавецтва не толькі ў месіянскія часы (пар. Дз 2, 32–36; Ян 7, 39; 20, 22; 1 Кар 15, 45), але таксама ў часы, што папярэднічалі ўваходу Слова ў гісторыю (пар. 1 Кар 10, 4; 1 Р 1, 10–12).

ІІ Ватыканскі Сабор аднавіў свядомасць веры Касцёла ў дачыненні да гэтай галоўнай праўды. Прадстаўляючы збаўчы план Айца ў адносінах да ўсяго чалавецтва, Сабор ад самага пачатку цесна яднае таямніцу Хрыста з таямніцаю Духа Святога35. Уся справа пабудовы Касцёла на працягу вякоў Езусам Хрыстом як Галавою бачыцца як працэс, які Ён здзяйсняе ў лучнасці са сваім Духам36.

Больш за тое, збаўчая дзейнасць, якую Езус Хрыстус вядзе са сваім Духам і праз Яго, расцягваецца на ўсё чалавецтва па-над бачнымі межамі Касцёла. Гаворачы пра пасхальную таямніцу, у якой Хрыстус ужо цяпер праз Духа жыццёва яднае з сабою веруючага і адорвае яго надзеяй змёртвыхпаўстання, ІІ Ватыканскі Сабор сцвярджае: «Гэта датычыць не толькі веруючых хрысціянаў, але таксама ўсіх людзей добрай волі, у сэрцы якіх нябачна дзейнічае ласка. Бо паколькі за ўсіх памёр Хрыстус і паколькі канчатковае пакліканне чалавека сапраўды адно, менавіта боскае, то мы павінны прызнаць, што Дух Святы ўсім ахвяруе магчымасць дайсці, вядомым Богу спосабам, да ўдзелу ў гэтай пасхальнай таямніцы»37.

Такім чынам, зразумелая сувязь паміж збаўчаю таямніцаю ўцелаўлёнага Слова і таямніцаю Духа Святога, што ажыццяўляе толькі збаўчы ўплыў Сына, які стаўся чалавекам, у жыцці ўсіх людзей, пакліканых Богам да адзінай мэты – як і тых, што гістарычна апярэдзілі ўцелаўлёнае Слова, так і тых, што жывуць пасля Яго ўваходу ў гісторыю: ажывіцелем іх усіх ёсць Дух Айца, якога Сын чалавечы ўдзяляе вольным спосабам (Ян 3, 34).

Таму найноўшае Настаўніцтва Касцёла нагадвае цвёрда і выразна праўду пра адзіны Божы план збаўлення: «Прысутнасць і дзеянне Духа датычаць не толькі асобных людзей, але датычаць грамадства і гісторыі, народаў, культураў, рэлігій. (...) Уваскрослы Хрыстус дзейнічае ў сэрцах людзей моцаю свайго Духа. (...) Гэта таксама Дух засявае «зерне Слова», прысутнае ў абрадах і культурах, і адкрывае яго для ўзрастання ў Хрысце»38. Прызнаючы гістарычнае заданне Духа ва ўсім свеце і ва ўсёй гісторыі чалавецтва39, Настаўніцтва Касцёла аднак сцвярджае: «Ёсць той самы Дух, які дзейнічаў ва ўцелаўленні, у жыцці, смерці і змёртвыхпаўстанні Езуса і дзейнічае ў Касцёле. Таму Ён не альтэрнатыўны Хрысту і не запаўняе таксама свайго роду пусткі, якая, паводле пэўных гіпотэзаў, павінна была б існаваць паміж Хрыстом і Логасам. Калі Дух Святы дзейнічае ў сэрцах людзей і ў гісторыі народаў, у культурах і ў рэлігіях, то Ён рыхтуе да прыняцця Евангелля і не можа не мець адносінаў да Хрыста, да Слова, якое сталася целам праз Духа, каб Ён, «дасканалы Чалавек, збавіў усіх і ўсё ў сабе паяднаў»40.

Падсумоўваючы, трэба сказаць, што дзеянне Духа Святога не адбываецца ані па-за Хрыстом, ані побач з Ім. Гэта адзін і той жа збаўчы план Бога Трыадзінага, ажыццёўлены ў таямніцы ўцелаўлення, смерці і змёртвыхпаўстання Сына Божага, споўнены пры садзеянні Духа Святога, план, які захоплівае ў сваю збаўчую арбіту ўсё чалавецтва і ўвесь свет: «Таму людзі могуць увайсці ў камунію з Богам выключна праз пасрэдніцтва Хрыста, пад уздзеяннем Духа»41.

ІІІ. Адзінасць і паўсюднасць збаўчай таямніцы Езуса Хрыста

13. Неаднаразова ўзнікае таксама тэзіс, які аспрэчвае адзінасць і паўсюднасць збаўчай таямніцы Хрыста. Гэта пазіцыя не мае ніякай біблійнай падставы. Бо трэба рашуча вызнаваць як нязменную навуку веры Касцёла праўду пра Езуса Хрыста, Сына Божага, Пана і адзінага Збавіцеля, які праз падзею свайго ўцелаўлення, смерці і змёртвыхпаўстання давёў да канца гісторыю збаўлення, якая мае ў Ім сваю паўнату і свой цэнтр.

Гэта адназначна пацвярджаюць новазапаветныя сведчанні: «Айцец спаслаў Сына як Збавіцеля свету» (1 Ян 4, 14); «Вось Ягнё Божае, што бярэ на сябе грахі ўсяго свету» (Ян 1, 29). У сваёй прамове перад Сінедрыёнам Пётр, прагнучы растлумачыць аздараўленне кульгавага ад нараджэння (пар. Дз 3, 1–8), здзейсненае ў імя Езуса Хрыста, заяўляе: « І ні ў кім іншым няма збаўлення, бо й няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, якім бы нам збавіцца» (Дз 4, 12). Той самы апостал, акрамя таго, дадае, што Езус Хрыстус «ёсць Панам усіх», «і што Бог устанавіў Яго суддзёю жывых і памерлых»; таму «кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэнне грахоў праз імя Ягонае» (пар. Дз 10, 36; 42. 43).

Апостал Павел, звяртаючыся да супольнасці ў Карынце, піша: «Бо хоць бы і былі на небе і на зямлі так званыя багі – бо ж многа багоў і многа паноў, – але ў нас адзін Бог Айцец, з якога ўсё, і мы для Яго; ды адзін Пан Езус Хрыстус, праз якога ўсё, і мы праз Яго» (1 Кар 8, 5–6). Таксама апостал Ян сцвярджае: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб усякі, хто верыць у Яго, не згінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго» (Ян 3, 16–17). У Новым Запавеце паўсюдная збаўчая воля Бога цесна яднаецца з адзіным пасрэдніцтвам Хрыста: Бог «хоча, каб усе людзі збавіліся і дайшлі да пазнання праўды. Бо адзін Бог і адзін пасрэднік паміж Богам і людзьмі – чалавек, Хрыстус Езус, які аддаў сябе дзеля адкуплення ўсіх» (1 Цім 2, 4–6).

Менавіта з увагі на гэтае ўсведамленне адзінага і паўсюднага дару збаўлення, які паходзіў ад Айца праз Сына ў Духу (пар. Эф 1, 3–14), першыя хрысціяне звярнуліся да Ізраіля, абвяшчаючы яму здзяйсненне збаўлення, якое пераступала Права, а пасля пайшлі насуперак тагачаснаму паганскаму свету, які спрабаваў дасягнуць збаўлення праз пасрэдніцтва шматлікіх збаўчых бостваў. Гэтая спадчына веры была прыгадана найноўшым Настаўніцтвам Касцёла: «Касцёл верыць, што Хрыстус, які за ўсіх памёр і змёртвыхпаўстаў (пар. 2 Кар 5, 15), можа даць чалавеку праз Духа Святога святло і сілы, каб ён змог адказаць на сваё найвышэйшае пакліканне; і што няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, якім бы яны маглі збавіцца (пар. Дз 4, 12). Гэтаксама ён верыць, што ключ, цэнтр і мэта ўсяе чалавечай гісторыі знаходзіцца ў яго Пану і Настаўніку»42.

14. Такім чынам трэба рашуча вызнаваць як праўду каталіцкай веры тое, што паўсюдная збаўчая воля Трыадзінага Бога была ахвяравана і споўнена раз і назаўсёды ў таямніцы ўцелаўлення, смерці і змёртвыхпаўстання Сына Божага.

Памятаючы пра гэтую праўду веры і раздумваючы над фактам існавання іншага рэлігійнага досведу, а таксама над яго значэннем у збаўчым плане Бога, сучасная тэалогія павінна даследаваць, якім чынам гэтаксама постаці і пазітыўныя элементы іншых рэлігій месцяцца ў збаўчым Божым плане. Тут адкрываецца шырокае поле тэалагічных пошукаў, якія праводзяцца пад кіраўніцтвам Настаўніцтва Касцёла. Бо ІІ Ватыканскі Сабор сцвердзіў, што «адзінае пасрэдніцтва Адкупіцеля не выключае, але абуджае ў стварэнняў разнастайныя ўзаемадзеянні, што паходзяць з удзелу ў адной крыніцы»43. Трэба імкнуцца да больш глыбокага зразумення, у чым заключаецца гэта ўзаемадзеянне ў пасрэдніцтве, якое ўсё ж павінна быць заўсёды падпарадкавана прынцыпу адзінага пасрэдніцтва Хрыста: «Калі не выключаны рознага роду і парадку пасрэдніцтвы, то аднак яны чэрпаюць значэнне і вартасць выключна з пасрэдніцтва Хрыста і нельга іх разумець як паралельныя і ўзаемадапаўняльныя»44. Але трэба прызнаць супрацьлеглымі хрысціянскай і каталіцкай веры тыя прапановы рашэнняў, якія дапускаюць магчымасць збаўчага дзеяння Бога незалежна ад адзінага пасрэдніцтва Хрыста.

15. Нярэдка тэолагі імкнуцца пазбегнуць такіх азначэнняў як «адзінасць», «паўсюднасць», «абсалютнасць», бо іх прымяненне стварае быццам бы ўражанне, што занадта моцна падкрэсліваюцца значэнне і вартасць збаўчай падзеі Езуса Хрыста ў параўнанні з іншымі рэлігіямі. На самай справе словы гэтыя адлюстроўваюць проста вернасць аб'яўленню, паколькі развіваюць ідэі, зачэрпнутыя з самых вытокаў веры. Бо з самага пачатку супольнасць вернікаў прызнала, што постаць Езуса мае такую збаўчую вартасць, што толькі Ён, як Сын Божы, уцелаўлёны, укрыжаваны і ўваскрослы, па загаду Айца і ў моцы Духа Святога, мае заданне прынесці аб'яўленне (пар. Мц 11, 27) і жыццё Божае (пар. Ян 1, 12; 5, 25–26; 17, 2) усяму чалавецтву і кожнаму чалавеку.

У гэтым сэнсе можна і трэба сцвярджаць, што Езус Хрыстус мае асаблівае і адзінае, толькі Яму ўласцівае, выключнае, паўсюднае і абсалютнае значэнне і вартасць для роду людскога і ягонай гісторыі. Бо Езус ёсць Словам Божым, якое сталася чалавекам для збаўлення ўсіх. Кіруючыся такім усведамленнем веры, ІІ Ватыканскі Сабор навучае: «Бо Слова Божае, праз якое ўсё сталася, само сталася целам дзеля таго, каб дасканалы чалавек збавіў усіх і ўсё ў сабе паяднаў. Пан ёсць мэтаю чалавечай гісторыі, «пунктам, да якога звяртаюцца прагненні гісторыі і цывілізацыі», цэнтрам роду людскога, весялосцю ўсіх сэрцаў і паўнатою жаданняў. Ён – Той, каго Айцец уваскрасіў з мёртвых, узвысіў і пасадзіў праваруч Сябе, устанавіўшы Яго суддзёю жывых і памерлых»45. «Менавіта гэта адзіная ў сваім родзе выключнасць Хрыста надае Яму абсалютнае і паўсюднае значэнне, таму Ён, знаходзячыся ў гісторыі, ёсць цэнтрам і канцом гісторыі: «Я – Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец» (Ап 22, 13)»46.

ІV. Адзінасць і еднасць Касцёла

16. Пан Езус, адзіны Збаўца, не ўстанавіў звычайнай супольнасці вучняў, але заснаваў Касцёл як збаўчую таямніцу: Ён сам ёсць у Касцёле, а Касцёл ёсць у Ім (пар. Ян 15, 1; Гал 3, 28; Эф 4, 15–16; Дз 9, 5); таму паўната збаўчай Таямніцы Хрыста належыць таксама Касцёлу, непарыўна паяднанаму са сваім Панам. Бо Езус Хрыстус надалей прысутнічае і вядзе сваю справу адкуплення ў Касцёле і праз Касцёл (пар. Клс 1, 24–27)47, які ёсць Яго Целам (пар. 1 Кар 12, 12–13. 27; Клс 1, 18)48. Так, як галава і члены жывога цела, хоць і розныя, але непадзельныя, гэтаксама Хрыста і Касцёла, хоць і не трэба атаясамліваць, але нельга таксама раздзяляць, бо яны з'яўляюцца адзіным «цэлым Хрыстом»49. Тая самая непадзельнасць адлюстравана ў Новым Запавеце таксама з дапамогаю аналогіі Касцёла як Нявесты Хрыстовай (пар. 2 Кар 11, 2; Эф 5, 25–29; Ап 21, 2.9)50.

Таму ў сувязі з адзінасцю і паўсюднасцю збаўчага пасрэдніцтва Езуса Хрыста трэба рашуча вызнаваць як праўду каталіцкай веры адзінасць закладзенага Ім Касцёла. Так, як ёсць адзін Хрыстус, існуе толькі адно Яго Цела, адна Яго Нявеста: «адзін Касцёл каталіцкі і апостальскі»51. Больш за тое, абяцанне Пана, што ніколі не пакіне свайго Касцёла (пар. Мц 16, 18; 28, 20) і будзе ім кіраваць праз свайго Духа, таксама азначае, што паводле каталіцкай веры адзінасць і еднасць Касцёла, а таксама ўсё тое, што сведчыць пра яго інтэгральнасць, ніколі не мінецца52.

Вернікі абавязаныя вызнаваць, што існуе гістарычная бесперапыннасць – укаранёная ў апостальскай пераемнасці53 – паміж Касцёлам, закладзеным Хрыстом, і Касцёлам каталіцкім: «Гэта адзіны Касцёл Хрыстовы (...), які Збаўца наш пасля свайго змёртвыхпаўстання даверыў пасвіць Пятру (пар. Ян 21, 17), даручаючы яму і астатнім апосталам, каб пашыралі яго і ім кіравалі (пар. Мц 28, 18), і які Ён узвёў на вякі як «апору і ўмацаванне праўды» (1 Цім 3, 15). Гэты Касцёл, устаноўлены і арганізаваны ў гэтым свеце як грамадства, прабывае ў [subsistit in] каталіцкім Касцёле, кіруемым Наступнікам Пятра і біскупамі ў лучнасці з ім [communio54. У выразе «subsistit in» ІІ Ватыканскі Сабор хацеў схапіць разам два дактрынальныя азначэнні: па-першае, што Хрыстовы Касцёл, нягледзячы на падзел хрысціянаў, надалей існуе ва ўсёй паўнаце толькі ў каталіцкім Касцёле; па-другое, што «многія пачаткі асвячэння і праўды знаходзяцца і па-за яго арганізмам»55, гэта значыць, у Цэрквах і царкоўных Супольнасцях, якія яшчэ не знаходзяцца ў поўнай супольнасці з каталіцкім Касцёлам56. Аднак адносна гэтых апошніх, трэба сказаць, што іх «сіла сыходзіць з самой паўнаты ласкі і праўды, даверанай каталіцкаму Касцёлу»57.

17. Таму існуе адзін Хрыстовы Касцёл, які прабывае ў каталіцкім Касцёле, кіруемым Наступнікам Пятра і біскупамі ў лучнасці з ім58. Цэрквы, якія не будучы ў поўнай супольнасці з каталіцкім Касцёлам, застаюцца аднак паяднаныя з ім вельмі цеснымі сувязямі, такімі, як апостальская пераемнасць і сапраўдная Эўхарыстыя, з'яўляюцца сапраўднымі мясцовымі Цэрквамі59. Таму таксама ў гэтых Цэрквах прысутнічае і дзейнічае Хрыстова Царква, хоць не хапае ім поўнай еднасці з каталіцкім Касцёлам, бо яны не прызнаюць каталіцкай навукі аб Прымаце, якім аб'ектыўна валодае Біскуп Рыма па Божым устанаўленні і ажыццяўляе яго над цэлым Касцёлам60.

Тым часам царкоўныя Супольнасці, якія не захавалі паўнамоцнага Епіскапату, а таксама сапраўднай і цэласнай сутнасці эўхарыстычнай таямніцы61, не з'яўляюцца Цэрквамі ў дакладным сэнсе; аднак ахрышчаныя ў гэтых Супольнасцях праз хрост далучаныя да Хрыста і таму знаходзяцца ў пэўных зносінах, хоць і недасканалых, з Касцёлам62. Бо хрост сам па сабе імкнецца да дасягнення паўнаты жыцця ў Хрысце праз паўнату вызнавання веры, Эўхарыстыю і поўную еднасць у Касцёле63.

«Такім чынам вернікам нельга лічыць, што Хрыстовы Касцёл з'яўляецца зборам – хоць і дыферынцыраваным, але разам з тым якімсьці чынам паяднаным – эклезіяльных Цэркваў і Супольнасцяў. Яны не павінны таксама думаць, што ўжо сёння Хрыстовага Касцёла нідзе няма і таму ён павінен быць толькі аб'ектам пошукаў, якія вядуцца ўсімі Цэрквамі і Супольнасцямі»64. На самай справе «элементы гэтага Касцёла, ужо нам дадзенага, існуюць «уключна і ва ўсёй паўнаце» ў каталіцкім Касцёле, а таксама «без такой паўнаты» ў іншых Супольнасцях»65. «Самі гэтыя Цэрквы і адлучаныя ад нас Супольнасці, хоць, па нашым перакананні, маюць некаторыя недахопы, тым не менш не пазбаўлены значэння і вагі ў таямніцы збаўлення. Бо Дух Хрыстовы не адмаўляецца паслугоўвацца імі як сродкамі збаўлення, сіла якіх сыходзіць з тае паўнаты ласкі і праўды, што даверана каталіцкаму Касцёлу»66.

Брак еднасці сярод хрысціянаў – гэта, несумненна, рана для Касцёла: не ў тым сэнсе, што Касцёл пазбаўлены еднасці, але ў тым, што падзел «перашкаджае поўнаму ажыццяўленню яго паўсюднасці ў гісторыі»67.

V. Касцёл, Валадарства Божае і Валадарства Хрыстовае

18. Місія Касцёла – «абвяшчаць і пашыраць Валадарства Хрыстовае і Божае сярод усіх народаў, і ён становіцца парасткам і пачаткам гэтага Валадарства на зямлі»68. З аднаго боку, Касцёл ёсць «сакрамантам, гэта значыць знакам і ўнутранаю прыладаю паяднання з Богам і адзінства ўсяго роду людскога»69; такім чынам ён – знак і прылада Валадарства, пакліканы да яго абвяшчэння і ўстанаўлення. З другога боку, Касцёл паўстае як «люд, паяднаны адзінствам Айца і Сына, і Духа Святога»70; такім чынам ён з'яўляецца «Валадарствам Хрыстовым, ужо цяпер прысутным у таямніцы»71, а таму ёсць ягоным парасткам і пачаткам. Бо Валадарства Божае мае эсхаталагічнае вымярэнне: яно з'яўляецца рэальнасцю, прысутнаю ў часе, якая, аднак, узнікне ва ўсёй паўнаце толькі разам з канцом, гэта значыць са спаўненнем гісторыі72.

На падставе біблійных тэкстаў і патрыстычных сведчанняў, гэтаксама як і дакументаў Настаўніцтва Касцёла, нельга адназначна акрэсліць значэння такіх выразаў, як Валадарства Нябеснае, Валадарства Божае, Валадарства Хрыстовае, ані таксама сэнсу іх сувязі з Касцёлам. Бо ён сам ёсць таямніцаю, якой нельга цалкам змясціць у людскім уяўленні. Таму могуць існаваць розныя тэалагічныя інтэрпрэтацыі гэтых пытанняў. Аднак ні адна з гэтых магчымых інтэрпрэтацый не можа ніякім чынам ані перакрэсліць, ані пазбавіць значэння ўнутранай сувязі паміж Хрыстом, Валадарствам і Касцёлам. Бо гэта не было б «Божае Валадарства, якое мы ведаем з Аб'яўлення: Валадарства, якога нельга адлучыць ані ад Хрыста, ані ад Касцёла. (...) Калі адрываюць Валадарства ад Езуса, то ўжо няма Валадарства Божага, Ім аб'яўленага, і тады даходзіць да скажэння як сэнсу Валадарства, якому пагражае пераўтварэнне ў чыста чалавечую ці ідэалагічную мэту, так і тоеснасці Хрыста, які не аб'яўляецца ўжо як Пан, якому ўсё павінна быць падданае (пар. 1 Кар 15, 27). Таксама нельга адлучаць Валадарства ад Касцёла. Зразумела, Касцёл не ёсць самамэтаю, знаходзячыся ў суаднесенасці з Валадарствам Божым, парасткам, знакам і прыладаю якога ён з'яўляецца. Аднак жа, рознячыся ад Хрыста і ад Валадарства, Касцёл непарыўна з імі звязаны»73.

19. Але сцвярджаць, што існуе непарыўная сувязь паміж Касцёлам і Валадарствам – гэта не значыць забываць, што Валадарства Божае (якое таксама разглядаецца ў сваёй гістарычнай сутнасці) не тоеснае Касцёлу як бачнай і грамадскай рэчаіснасці. Бо нельга выключыць «дзеяння Хрыста і Духу па-за бачнымі межамі Касцёла»74. Таму трэба таксама памятаць, што «Валадарства датычыць усіх: людзей, грамадства, усяго свету. Працаваць для Валадарства – гэта значыць прызнаваць і падтрымліваць Божы дынамізм, які прысутнічае ў людской гісторыі і яе змяняе. Будаваць Валадарства – г. зн. працаваць на карысць вызвалення ад зла ва ўсіх яго формах. Карацей кажучы, Валадарства Божае – гэта праява і ажыццяўленне збаўчага плану ва ўсёй яго паўнаце»75.

Аднак у разважаннях над сувязямі паміж Валадарствам Божым, Валадарствам Хрыстовым і Касцёлам трэба абавязкова пазбягаць аднабаковага ўзмацнення выбраных аспектаў, як гэта бывае з тымі канцэпцыямі, якія наўмысна робяць націск на Валадарстве і акрэсліваюць сябе як «валадарствацэнтрычныя». Гэтыя канцэпцыі падкрэсліваюць вобраз Касцёла, які не думае пра самога сябе, а цалкам заняты сведчаннем і служэннем Валадарству. Гаворыцца, што гэта – «Касцёл для іншых», так, як Хрыстус ёсць «чалавекам для іншых». (...) Побач з пазітыўнымі аспектамі гэтыя канцэпцыі часта праяўляюць свае негатыўныя бакі. Перадусім яны захоўваюць пэўнае маўчанне адносна Хрыста: Валадарства, пра якое яны гавораць, грунтуецца на «тэацэнтрызме», паколькі, як яны кажуць, Хрыста не можа зразумець той, хто не мае хрысціянскай веры, у той час, як розныя народы, культуры і рэлігіі могуць апынуцца ў адной адзінай Боскай рэальнасці, незалежна ад таго, як бы яна ні называлася. З гэтай прычыны яны надаюць першынство таямніцы стварэння, што адлюстроўваецца ў разнастайнасці культураў і вераванняў, але замоўчваюць таямніцу адкуплення. Апроч таго, Валадарства ў іх разуменні вядзе да другаснасці альбо недаацэнкі Касцёла. Узнікае гэта як рэакцыя на пэўны надуманы «эклезіяцэнтрызм» мінулага, а таксама з-за таго, што гэтыя канцэпцыі лічаць Касцёл толькі звыклым знакам, зрэшты, не пазбаўленым некаторай шматзначнасці»76.

Такія падыходы супярэчаць каталіцкай веры, паколькі адмаўляюць адзінства сувязяў, якія існуюць паміж Хрыстом і Касцёлам, з аднаго боку, і Валадарствам Божым – з другога.

VI. Касцёл і рэлігіі ў дачыненні да збаўлення

20. З вышэй згаданага напрошваюцца пэўныя высновы, што павінны пазначыць шлях, якім трэба ісці тэалагічнай рэфлексіі, каб глыбей зразумець сувязь Касцёла і нехрысціянскіх рэлігій са збаўленнем.

Перадусім трэба цвёрда верыць у тое, што «Касцёл, які пілігрымуе, абавязковы для збаўлення. Бо Хрыстус – гэта адзіны пасрэднік і дарога збаўлення, Ён, што становіцца для нас прысутным у сваім Целе, якім ёсць Касцёл; менавіта Ён, ясна падкрэсліваючы абавязковасць веры і хросту (пар. Мк 16, 16; Ян 3, 5), пацвердзіў адначасова абавязковасць Касцёла, да якога людзі прыходзяць праз хрост, як праз браму»77. Гэтага вучэння не трэба супрацьпастаўляць паўсюднай збаўчай волі Бога (пар. 1 Цім 2, 4); таму «трэба абавязкова ўзаемапаядноўваць гэтыя дзве ісціны, менавіта рэальную магчымасць збаўлення ў Хрысце для ўсіх людзей і абавязковасць Касцёла ў такім парадку збаўлення»78.

Касцёл – гэта «паўсюдны сакрамант збаўлення»79, паколькі будучы заўсёды таемным чынам паяднаным з Езусам Хрыстом Збаўцам і падпарадкаваным Яму як Галаве, у Божым плане ён мае непазбежную сувязь са збаўленнем кожнага чалавека80. Для тых, хто не з'яўляецца фармальным і бачным чынам членамі Касцёла, «Хрыстовае збаўленне даступнае моцаю ласкі, якая, хоць і мае таемную сувязь з Касцёлам, не ўводзіць такіх людзей у яго фармальна, але асвятляе іх адпаведным спосабам у дачыненні да іх унутранага і сацыяльнага становішча. Ласка гэтая сыходзіць ад Хрыста, яна – плён Яго ахвяры і ўдзяляецца праз Духа Святога» 81. Яна мае сувязь з Касцёлам, які «свой пачатак бярэ паводле плану Айца з паслання (ex missione) Сына і з паслання Духа Святога»82.

21. Гаворачы пра спосаб, якім збаўчая Божая ласка (што заўсёды ўдзяляецца праз пасрэдніцтва Хрыста ў Духу Святым і мае таемную сувязь з Касцёлам) даходзіць да паасобных нехрысціянаў, ІІ Ватыканскі Сабор абмяжоўваецца сцвярджэннем, што Бог удзяляе яе «вядомымі толькі Яму шляхамі»83. Тэалогія імкнецца паглыбіць гэтае пытанне. Трэба падтрымліваць намаганні тэалогіі ў гэтым накірунку, паколькі несумненна яны дапамагаюць глыбей зразумець збаўчы Божы план і шляхі яго ажыццяўлення. Аднак з таго, што было вышэй згадана адносна пасрэдніцтва Езуса Хрыста і «асаблівай і адзінай у сваім родзе сувязі»84, якую Касцёл мае з Валадарствам Божым сярод людзей (якое па сутнасці ёсць Валадарствам паўсюднага Збавіцеля Езуса Хрыста), адназначна вынікае, што каталіцкай веры супярэчыла б бачанне Касцёла як аднаго са шляхоў збаўлення, які існуе побач з іншымі, гэта значыць паралельна з іншымі рэлігіямі, што павінны былі б дапаўняць Касцёл і нават мець у прынцыпе такую самую, як ён, вартасць, кіруючыся, што праўда, так, як ён, да эсхаталагічнага Валадарства Божага.

Безумоўна, розныя рэлігійныя традыцыі маюць і даюць людзям элементы рэлігійнасці, якія паходзяць ад Бога85 і складаюць частку таго, што «Дух Святы чыніць у сэрцах людзей і ў гісторыі народаў, у культурах і ў рэлігіях»86. Па сутнасці, некаторыя малітвы і некаторыя абрады іншых рэлігій могуць падрыхтоўваць да прыняцця Евангелля, паколькі ствараюць пэўныя сітуацыі альбо з'яўляюцца формамі выхавання, дзякуючы якім людскія сэрцы адкрываюцца на Божае дзеянне87. Аднак нельга ім прыпісваць Боскага паходжання і збаўчай дзейнасці ex opere operato, уласцівай хрысціянскім сакрамантам88. З другога боку, не трэба забываць, што некаторыя абрады, звязаныя з забабонамі альбо іншымі памылкамі (пар. 1 Кар 10, 20–21), з'яўляюцца хутчэй перашкодаю на шляху да збаўлення89.

22. Праз прыйсце Езуса Хрыста Збаўцы Бог пажадаў учыніць, каб заснаваны Ім Касцёл стаў прыладаю збаўлення ўсяго чалавецтва (пар. Дз 17, 30–31). Гэта праўда веры ніколькі не супярэчыць таму факту, што Касцёл ставіцца да іншых рэлігій свету з сапраўднаю павагаю, але разам з тым рашуча адкідвае пазіцыю індыферэнтызму, «прасякнутую рэлігійным рэлятывізмам, які вядзе да пераканання, што «адна рэлігія мае такую самую вартасць, як і іншая»91. Гэта праўда, што вызнаўцы нехрысціянскіх рэлігій могуць атрымаць Божую ласку, але таксама праўда і тое, што аб'ектыўна яны знаходзяцца ў вельмі невыгодным становішчы ў параўнанні з тымі, хто мае ў Касцёле паўнату збаўчых сродкаў92. Тым не менш «усе (...) сыны Касцёла павінны памятаць пра тое, што сваім прывілеяваным становішчам яны абавязаны не ўласным заслугам, але асаблівай ласцы Хрыста; калі ж яны з гэтаю ласкаю не супрацоўнічаюць думкаю, словам і ўчынкам, то не толькі не будуць збаўленыя, але яшчэ больш сурова будуць асуджаныя»93. Таму зразумела, што Касцёл, ідучы за наказам Пана (пар. Мц 28, 19–20) і выконваючы запаведзь любові да ўсіх людзей, «абвяшчае (...) і абавязаны абвяшчаць бесперапынна Хрыста, які ёсць «дарогаю, праўдаю і жыццём» (Ян 14, 6), у якім людзі знаходзяць паўнату рэлігійнага жыцця і ў якім Бог усё паяднаў з Сабою»94.

Таксама ў міжрэлігійным дыялогу місія ad gentes «як сёння, так і заўсёды захоўвае ва ўсёй паўнаце сваю сілу і абавязковасць»95. Сапраўды «Бог прагне, каб усе людзі былі збаўленыя і дайшлі да пазнання праўды» (1 Цім 2, 4): Бог прагне збаўлення ўсіх праз пазнанне праўды. Збаўленне знаходзіцца ў праўдзе. Той, хто паслухмяны натхненням Духу Праўды, ужо стаіць на шляху збаўлення. Але Касцёл, якому гэтая праўда была даверана, павінен выходзіць насустрач іхняму жаданню, каб ім яе занесці. Менавіта таму, што Касцёл верыць у паўсюдны замысел збаўлення, ён павінен быць місійным»96. Таму таксама дыялог, хоць і складае частку евангелізацыйнай місіі, з'яўляецца толькі адною з функцый Касцёла ў рамках яго місіі ad gentes97. Роўнасць, якая ёсць асноваю дыялогу, датычыць роўнай асабістай годнасці партнёраў, але не дактрынальнай сутнасці і тым больш – не Езуса Хрыста – Бога, які стаўся чалавекам – адносна заснавальнікаў іншых рэлігій. Бо Касцёл, кіруемы любоўю і шанаваннем свабоды98, перадусім павінен клапаціцца пра абвяшчэнне ўсім людзям праўды, канчаткова аб'яўленай Панам, а таксама пра абвяшчэнне абавязковасці навяртання да Езуса Хрыста і паяднання з Касцёлам праз хрост і іншыя сакраманты, што ёсць умоваю поўнага ўдзелу ў камуніі з Богам Айцом, Сынам і Духам Святым. Зрэшты, перакананне ў паўсюднасці збаўчай волі Бога не памяншае, але ўзмацняе неабходнасць і абавязковасць абвяшчаць збаўленне і навяртанне да Езуса Хрыста.

Заканчэнне

23. Гэтая дэкларацыя, прыгадваючы і тлумачачы некаторыя праўды веры, прагне наследаваць прыклад апостала Паўла, які так піша да вернікаў у Карынце: «Я спачатку пераказаў вам тое, што і сам прыняў» (1 Кар 15, 3). Перад абліччам пэўных сумніўных ці нават проста памылковых прапановаў тэалагічная думка павінна пацвярджаць веру Касцёла і абгрунтоўваць сваю надзею пераканальна і дзейсна.

Айцы ІІ Ватыканскага Сабору, разглядаючы тэму сапраўднай рэлігіі, канстатавалі: «Мы верым, што гэта адзіная сапраўдная рэлігія захоўваецца ў каталіцкім і апостальскім Касцёле, якому Пан Езус даручыў заданне пашыраць яе сярод усіх людзей, кажучы апосталам: «Дык ідзіце, навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына, і Святога Духа, вучачы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам» (Мц 28, 19–20). Усе ж людзі абавязаны шукаць праўду, асабліва ў тым, што датычыць Бога і Яго Касцёла, а пазнаўшы яе, прыняць яе і захоўваць»99.

Аб'яўленне Хрыста і надалей будзе ў гісторыі «сапраўдным арыенцірам»100 для ўсяго чалавецтва: «Праўда, якою ёсць Хрыстус, патрабуе прыняць яе як універсальны аўтарытэт»101. Бо хрысціянская таямніца пераступае кожны бар'ер часу і прасторы ды ажыццяўляе еднасць роду людскога: «Усе людзі з розных краінаў, якія маюць свае традыцыі, пакліканы ў Хрысце аб'яднацца ў адзіную сям'ю дзяцей Божых. (...) Езус разбурае муры падзелаў і ўстанаўляе невядомую дасюль, дасканалую еднасць праз удзел у Яго таямніцы. Гэта еднасць такая глыбокая, што Касцёл можа паўтараць за св. Паўлам: «Вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святым і хатнія ў Бога» (Эф 2, 19)»102.

Яго Святасць Ян Павел ІІ падчас аўдыенцыі 16 чэрвеня 2000 г., на якой прыняў ніжэй падпісанага кардынала Прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, кіруючыся беспамылковымі ведамі і дзейнічаючы моцаю сваёй апостальскай улады, зацвердзіў і ўзаконіў гэтую дэкларацыю, ухваленую на Пленарным Сходзе Кангрэгацыі, а таксама даручыў яе апублікаваць.

Рым, у сядзібе Кангрэгацыі Веравучэння, 6 жніўня 2000 г., у Свята Перамянення Панскага.

† Кардынал Ёзаф Ратцынгер
Прэфект

† Тарчысіо Бэртонэ, S.D.B.
Арцыбіскуп Верчэллі, на пенсіі
Сакратар


  1. І Канстантынопальскі Сабор, Канстантынопальскі Сімвал: DS 150.
  2. Пар. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 1: AAS 83 (1991) 249–340.
  3. Пар. ІІ Ватыканскі Сабор, дэкр. Ad gentes; дэкл. Nostra aetate; таксама: Павел VІ, адгарт. Evangelii nuntiandi: AAS 68 (1976) 5–76; Ян Павел ІІ, энц. Redemptoris missio.
  4. ІІ Ват. Сабор, дэкл. Nostra aetate, 2.
  5. Папская Рада па справах Міжрэлігійнага Дыялогу і Кангрэгацыя па справах Евангелізацыі Народаў, інстр. Dialogo e annuncio, 29: AAS 84 (1992) 414–446; пар. ІІ Ват. Сабор, канст. Gaudium et spes, 22.
  6. Пар. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 55.
  7. Папская Рада па справах Міжрэлігійнага Дыялогу і Кангрэгацыя па справах Евангелізацыі Народаў, інстр. Dialogo e annuncio, 9.
  8. Пар. Ян Павел ІІ, энцыкл. Fides et ratio, 5: AAS 91 (1999) 5–88.
  9. ІІ Ватыканскі Сабор, канст. Dei Verbum, 2.
  10. Тамсама.
  11. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 5.
  12. Ян Павел ІІ, энцыкл. Fides et ratio, 14.
  13. Халкедонскі Сабор, Халкедонскі Сімвал: DS 301. Пар. Св. Атаназы Александрыйскі, De Incarnatione, 54,3: SC 199, 458.
  14. Пар. ІІ Ватыканскі Сабор, канст. Dei Verbum, 4.
  15. Тамсама.
  16. Тамсама.
  17. Пар. Катэхізіс каталіцкага Касцёла, 144.
  18. Тамсама, 150.
  19. Тамсама, 153.
  20. Тамсама.
  21. Ян Павел ІІ, энцыкл. Fides et ratio, 13.
  22. Тамсама.
  23. ІІ Ват. Сабор, дэкл. Nostra aetate, 2. Пар. таксама ІІ Ват. Сабор, дэкл. Ad gentes, 9, дзе гаворыцца пра элементы дабра, прысутныя ў «абрадах і культурах народаў»; канст. Lumen gentium, 16, дзе падкрэсліваюцца элементы дабра і праўды, прысутныя сярод нехрысціянаў, якія могуць успрымацца як падрыхтоўка да прыняцця Евангелля.
  24. Пар. Трыдэнцкі Сабор, дэкр. de libris sacris et de traditionibus recipiendis: DS 1501; І Ват. Сабор, канст. Dei Filius, раздз. 2: DS 3006.
  25. ІІ Ват. Сабор, канст. Dei Verbum, 11.
  26. Тамсама.
  27. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 55. Пар. таксама п. 56; Павел VІ, адгарт. Evangelii nuntiandi, 53.
  28. І Нікейскі Сабор, Нікейскі Сімвал: DS 125.
  29. Халкедонскі Сабор, Халкедонскі Сімвал: DS 301.
  30. ІІ Ват. Сабор, канст. Gaudium et spes, 22.
  31. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 6.
  32. Пар. Св. Леў І Вялікі, Tomus ad Flarianum: DS 294.
  33. Пар. Св. Леў І Вялікі, Lettera «Promisisse me memini» да Цэзара Льва І: DS 318: «In tantam unitatem ab ipso conceptu Virginis deitate et humanitate conserta, ut nec sine homine divina, nec sine Deo agerentur humana». Пар. тамсама: DS 317.
  34. ІІ Ват. Сабор, канст. Gaudium et spes, 45. Пар. таксама Трыдэнцкі Сабор, дэкр. De peccato originali, 3: DS 1513.
  35. Пар. ІІ Ват. Сабор, канст. Lumen gentium, 3–4.
  36. Пар. тамсама, 7. Паглядзі таксама: св. Ірэнэй, які сцвярджае, што ў Касцёле «была складзена супольнасць з Хрыстом, гэта значыць Дух Святы» (Adversus haereses, III, 24, 1: SC 211, 472).
  37. ІІ Ват. Сабор, канст. Gaudium et spes, 22.
  38. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 28. На тэму «зерня Слова» глядзі таксама: cв. Юстын, 2 Apologia, 8, 1–2; 10, 1–3; 13, 3–6: ed. E.J.Goodspeed, s. 84; 85; 88–89.
  39. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 28–29.
  40. Тамсама, 29.
  41. Тамсама, 5.
  42. ІІ Ват. Сабор, канст. Gaudium et spes, 10. Пар. св. Аўгустын, які сцвярджае, што па-за Хрыстом, «паўсюднаю дарогаю збаўлення, якой ніколі не бракавала роду людскому, ніхто не быў вызвалены, ніхто не ёсць (...) і ніхто не будзе» (De Civitate Dei, 10, 32, 2:CCL 47, 312).
  43. ІІ Ват. Сабор, канст. Lumen gentium, 62.
  44. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 5.
  45. ІІ Ват. Сабор, канст. Gaudium et spes, 45. Канчатковую і абсалютную адзінасць і паўсюднасць Хрыста ў чалавечай гісторыі добра выказаў св. Ірэнэй у разважанні аб першынстве Езуса як Першароднага: «На небе як першародны Сын думкі Айца, яго дасканалае Слова, кіруе асабіста ўсім і ўстанаўлівае законы; на зямлі як першародны Сын Дзевы, чалавек справядлівы і святы, слуга Божы, Ён мілы Богу і дасканалы ва ўсім; і ўрэшце, як першародны сярод памерлых, які выбаўляе ад згубы ўсіх, што ідуць за Ім, ёсць пачаткам і крыніцаю Божага Жыцця» (Demonstratio, 39: SC 406, 138).
  46. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 6.
  47. Пар. ІІ Ват. Сабор, канст. Lumen gentium, 14.
  48. Пар. тамсама, 7.
  49. Пар. св. Аўгустын, Ennarat. in Psalmos, Ps. 90, Sermo 2, 1: CCL 39, 1266; св. Грыгор Вялікі, Moralia in Iob, Praefatio, 6, 14; PL 75, 525; св. Тамаш з Аквіну, Summa Theologiae, III, q. 48, a 2 ad 1.
  50. Пар. ІІ Ват. Сабор, канст. Lumen gentium, 6.
  51. Symbolum maius Ecсlesiae Armeniacae: DS 48. Пар. Bonifacy VIII, була Unam sanctam: DS 870–872; Пар. ІІ Ват. Сабор, канст. Lumen gentium, 8.
  52. Пар. ІІ Ват. Сабор, дэкр. Unitatis redintegratio, 4; Ян Павел ІІ, энцыкл. Ut unum sint, 11: AAS 87 (1995) 921–982.
  53. Пар. ІІ Ват. Сабор, канст. Lumen gentium, 20; пар. таксама св. Ірэней, Adversus haereses, III, 3, 1–3: SC 211, 20–44; св. Цыпрыян, Epist., 33, 1: CCL 3B, 164–165; св. Аўгустын, Contra advers. legis et prophet., 1, 20, 39: CCL 49, 70.
  54. Пар. ІІ Ват. Сабор, канст. Lumen gentium, 8.
  55. Тамсама. Пар. Ян Павел ІІ, энцыкл. Ut unum sint, 13; ІІ Ват. Сабор, канст. Lumen gentium, 15 і дэкр. Unitatis redintegratio, 3.
  56. Такім чынам супярэчыць сапраўднаму значэнню саборавага тэксту інтэрпрэтацыя тых, хто з выразу subsistit in выводзіць тэзіс, што адзіны Хрыстовы Касцёл мог бы таксама існаваць у некаталіцкіх Цэрквах і царкоўных Супольнасцях. «Сабор жа выбраў слова «subsistit» менавіта дзеля таго, каб растлумачыць, што ёсць толькі адно «існаванне» сапраўднага Касцёла, а па-за бачнаю з ім сувяззю існуюць толькі «elementa Eccelesiae», якія, будучы элементамі Касцёла, імкнуцца і вядуць да каталіцкага Касцёла» (Кангрэгацыя Веравучэння, Інфармацыя пра кнігу а. Леанарда Бофа OFM «Chiesa: Carisma epotere. Saggio di ecclesiologia militante»: AAS 77 (1985) 756–762).
  57. ІІ Ват. Сабор, дэкр. Unitatis redintegratio, 3.
  58. Пар. Кангрэгацыя Веравучэння, дэкл. Mysterium ecclesiae, 1: AAS 65 (1973) 396–408.
  59. Пар. ІІ Ват. Сабор, дэкр. Unitatis redintegratio, 14 і 15; Кангрэгацыя Веравучэння, Ліст Communionis notio, 17: AAS 85 (1993) 838–850.
  60. Пар. І Ват. Сабор, канст. Pastor aeternus: DS 3053–3064; Пар. ІІ Ват. Сабор, канст. Lumen gentium, 22.
  61. Пар. ІІ Ват. Сабор, дэкр. Unitatis redintegratio, 22.
  62. Пар. тамсама, 3.
  63. Пар. тамсама, 22.
  64. Кангрэгацыя Веравучэння, дэкл. Mysterium ecclesiae, 1.
  65. Ян Павел ІІ, энцыкл. Ut unum Sint, 14.
  66. ІІ Ват. Сабор, дэкр. Unitatis redintegratio, 3.
  67. Кангрэгацыя Веравучэння, Ліст Communionis notio, 17. Пар. ІІ Ват. Сабор, дэкр. Unitatis redintegratio, 4.
  68. ІІ Ват. Сабор, канст. Lumen gentium, 5.
  69. Тамсама, 1.
  70. Тамсама, 4. Пар. св. Цыпрыян, De Dominica oratione, 23: CCL 3/A, 105.
  71. ІІ Ват. Сабор, канст. Lumen gentium, 3.
  72. Тамсама, 9. Пар. таксама малітву, скіраваную да Бога, запісаную ў Didachй, 9, 4: SC 248, 176: «Няхай Твой Касцёл збярэцца з усіх канцоў свету ў Тваім Валадарстве», і тамсама, 10, 5: SC 248, 180: «Памятай, Пане, пра свой Касцёл (...) і, асвяціўшы яго, збяры яго разам з чатырох бакоў свету ў Тваім Валадарстве, якое Ты яму падрыхтаваў».
  73. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 18. Пар. адгарт. Ecclesia in Asia, 17: L'Osservatore Romano, 7 лістапада 1999 г., с. 7. Валадарства Божае настолькі неадлучнае ад Хрыста, што ў нейкі момант атаясамліваецца з Ім (пар. Orygenes, In Mt. Hom., 14, 7: PG 13, 13, 1197; Tertulian, Adversus Marcionem, IV, 33, 8: CCL 1, 634).
  74. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 18.
  75. Тамсама, 15.
  76. Тамсама, 17.
  77. ІІ Ват. Сабор, канст. Lumen gentium, 14. Пар. дэкр. Ad gentes, 7; дэкр. Unitatis redintegratio, 3.
  78. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 9. Пар. Катэхізіс каталіцкага Касцёла, 846–847.
  79. ІІ Ват. Сабор, канст. Lumen gentium, 48.
  80. Пар. св. Цыпрыян, De catholicae ecclesiae unitate, 6: CCL 3, 253–254; св. Ірэнэй, Adversus haereses, ІІІ, 24, 1: SC 211, 472–474.
  81. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 10.
  82. ІІ Ват. Сабор, дэкр. Ad gentes, 2. У пададзеным тут сэнсе трэба інтэрпрэтаваць вядомую формулу: extra Ecclesiam nullus omnino salvatur (пар. ІV Латэранскі Сабор, Сар. 1: De fide catholica: DS 802). Пар. таксама Ліст S. Oficium да арцыбіскупа Бостана: DS 3866–3872.
  83. ІІ Ват. Сабор, дэкр. Ad gentes, 7.
  84. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 18.
  85. Гэта зерне Слова Божага (semina Verbi), якое Касцёл прызнае з радасцю і шацункам (пар. ІІ Ват. Сабор, дэкр. Ad gentes, 11; дэкл. Nostra aetate, 2).
  86. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 29.
  87. Пар. тамсама; Катэхізіс каталіцкага Касцёла, 843.
  88. Пар. Трыдэнцкі Сабор, дэкр. De sacramentis. Саn. 8: De sacramentis in genere: DS 1608.
  89. Пар. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 55.
  90. Пар. ІІ Ват. Сабор, канст. Lumen gentium, 17; Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 11.
  91. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 36.
  92. Пар. Пій ХІІ, энцыкл. Mystici corporis: DS 3821.
  93. ІІ Ват. Сабор, канст. Lumen gentium, 14.
  94. ІІ Ват. Сабор, дэкл. Nostra aetate, 2.
  95. ІІ Ват. Сабор, дэкл. Ad gentes, 7.
  96. Катэхізіс каталіцкага Касцёла, 851; пар. таксама 849–856.
  97. Ян Павел ІІ, энцыкл. Redemptoris missio, 55; адгарт. Ecclesia in Asia, 31.
  98. ІІ Ват. Сабор, дэкл. Dignitatis humanae, 1.
  99. Тамсама, 1.
  100. Пар. Ян Павел ІІ, энцыкл. Fides et ratio, 15.
  101. Тамсама, 92.
  102. Тамсама, 70.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY