Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(14)/2000
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Касцёл. Чалавек. Сучаснасць
У свеце Бібліі
HAEREDITAS

СПОВЕДЗЬ
Мастацтва
Святло слова

Кс. абп. Дамінік ГРУШОЎСКІ

СВЯТКАВАННЕ ВЯЛІКАГА ЮБІЛЕЮ 2000


Арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі нарадзіўся 1 чэрвеня 1926 г. у в. Велька Маня ў Славакіі. Там жа закончыў пачатковую школу. У 1938–1945 гг. вучыўся ў гімназіі ў Шуранах, дзе 3 жніўня 1945 г. атрымаў атэстат сталасці. У 1946 г. паступіў у духоўную семінарыю і пачаў вывучаць тэалогію на рыма-каталіцкім тэалагічным факультэце Браціслаўскага універсітэта. Восенню таго ж 1946 г. атрымаў накіраванне на вучобу ў Рым. 19 чэрвеня 1951 г. абараніў ліцэнзіят па тэалогіі. Святарскае пасвячэнне атрымаў таксама ў Рыме 23 снежня 1950 г.
Працаваў вікарыем у парафіі П'евэ ды Альпаго ў паўночна-італьянскай дыяцэзіі Бэлюно, а з 1953 па 1955 г. – пробашчам парафіі Гойма ды Дзольдо ў той жа дыяцэзіі. З 1955 па 1962 г. выкладаў спачатку філасофію, а потым дагматыку ў Папскай рэгіянальнай духоўнай семінарыі ў Вітэрбэ.
З лістапада 1962 г. да ліпеня 1966 г. працаваў у Славацкай каталіцкай місіі ў Парыжы пробашчам славакаў у Парыжскай архідыяцэзіі.
З 1966 г. па 1992 г. працуе разам са Славацкім Інстытутам святых Кірыла і Мятода ў Рыме. У гэты час спачатку быў рэдактарам часопіса Голас з Рыма, а пасля – дырэктарам Інстытута і кіраўніком духоўнай службы для славакаў замежжа.
6 студзеня 1983 г. у базыліцы св. Пятра з рук Яна Паўла ІІ атрымаў біскупскую сакру.
24 верасня 1992 г. Святы Айцец менаваў Яго Эксцэленцыю дапаможным біскупам Браціслаўска-Тырнаўскай архідыяцэзіі, а 17 снежня 1992 г. ён стаў яе генеральным вікарыем. З 1995 па 1996 г. выконваў функцыі Старшыні Камісіі Канферэнцыі Славацкіх Біскупаў для славакаў замежжа.
15 красавіка 1996 г. быў менаваны тытулярным арцыбіскупам дыяцэзіі Тубія і Апостальскім нунцыем на Беларусі. Даверчыя лісты былі ўручаны ў Мінску 22 мая 1996 г.
У 1947–1962 гг. ён быў адным з заснавальнікаў славацкай секцыі Ватыканскага радыё. У перыяд з 1962 г. па 1966 г. актыўна супрацоўнічаў са славацкаю праграмаю французскага радыё, а ў 90-я гады – са славацкім радыё ў Браціславе.
 
Кожны час мае свайго Папу

У нашым стагоддзі кожнае святкаванне Святога Года, якое адбываецца з перыядычнасцю ў 25 гадоў, не зважаючы на захаванне некаторых агульных элементаў з усімі юбілейнымі падзеямі, мае свае адрозненні, прадыктаваныя гістарычнай сітуацыяй, найбольш адчувальнымі ў дадзены момант духоўнымі патрэбамі, а таксама некаторымі значнымі акалічнасцямі або перавагамі, вызначанымі самім Вышэйшым Пантыфікам таго часу. Такім чынам, Святы Год 1925, за пантыфікатам Пія ХІ, быў адчуты перш за ўсё як выяўленне Валадара сусвету Езуса Хрыста ў місіянерскім духу і ў вялікім абуджэнні свецкіх. У Святым Годзе 1950, абвешчаным Піем ХІІ, дамінавалі трагічныя ўспаміны пра другую сусветную вайну, якая нядаўна скончылася; ён быў адзначаны распаўсюджаннем ваяўнічага атэізму і новым пераследам усіх вернікаў. Святы Год 1975, падчас пантыфікату Паўла VІ, першы пасля Другога Ватыканскага Сабору, быў скіраваны на абнаўленне веры. Іншыя, дадатковыя Святыя Гады (напрыклад, 1933 і 1983, гадавіны Уваскрэсення) маюць асаблівую мэту ўжо ў самім сваім пакліканні. Якім жа абвяшчаўся і як праходзіць Святы Год 2000? Што ён абяцае і што нясе? Якім будзе яго значэнне для Касцёла і для свету?

 

Як у гісторыі, так і ў саміх гістарычных фактах мы бачым Божую руку, што ўсім кіруе. Гэта вышэйшым чынам адпавядае і паслядоўнасці змены Біскупаў Рыма – Вышэйшых Пантыфікаў. «Кожны час мае свайго Папу», – кажуць у Рыме. Наш час, такім чынам, нарадзіў нашага Папу. Калі 16 кастрычніка 1978 года арцыбіскуп Кракава стаў Біскупам Рыма, стары Прымас Польшчы кардынал Вышынскі сказаў яму: «Ты павядзеш Касцёл ў трэцяе тысячагоддзе!» Шматлікія факты наводзяць на думку, што Ян Павел ІІ кіраваўся гэтай ідэяй падчас свайго пантыфікату. Да гэтай даты былі звернуты вочы новага Папы. Бог дазволіў яму даволі доўгае жыццё, каб мець магчымасць падрыхтавацца і кіраваць пераходам з нашага тысячагоддзя ў будучае.

Ад пачатку пантыфікату Ян Павел ІІ часта вяртаўся да думкі, што чалавечы набытак кожнага Папы, культурны і духоўны, прызначаны служыць накрэсленаму Богам і ўзбагаціць гэтымі скарбамі сваёй асобы Касцёл. Тое, што Папа паходзіць са славянскай галіны, што ён паляк з выразнай арыентацыяй на эўхарыстыку і ўшанаванне Марыі, з глыбокім розумам, сфармаваным пэўным чынам, павінна надаць усяму Касцёлу нейкае новае бачанне, адпаведнае часу, у якім мы жывём. Прыкладаючы гэтыя разважанні да канкрэтнага выпадку, ніхто не можа адмовіць таго асабістага ўнёску, які Святы Айцец здолеў зрабіць Касцёлу сваім кіраўніцтвам.

Цяперашні Вышэйшы Пантыфік належыць да пакалення біскупаў, якія асабіста актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы, у правядзенні і ў жывым, практычным, на ўзроўні пробашчаў, выкананні пастановаў Другога Ватыканскага экуменічнага Сабору. У духоўнай і культурніцкай скарбніцы Папы – што ён сам усведамляе – гэта вельмі добра відаць: Ян Павел ІІ часта звяртаецца да Сабору, ён глыбока яго спасцігнуў, засвоіў яго дух, прыняў паслясаборавыя рэформы сваіх папярэднікаў, кіраваў і завяршыў яго далейшыя справы (напрыклад, новы Кодэкс кананічнага права, рэформу Рымскай Курыі, новы расклад выбару новага Пантыфіка і г.д.). Мы нагадваем усё гэта дзеля таго, каб мець уяўленне пра багацце, якое зыходзіць з сэрца Святога Айца на ўсіх вернікаў і ўсіх людзей Вялікага Юбілею 2000 Году. Такім чынам робіцца ясна, што зерне, з якога павінен быў узысці Святы Год 2000, з усімі адгалінаваннямі і пладамі, ужо даўно прарастала ў розуме і ў сэрцы Папы.

Традыцыйнымі і відавочнымі для ўсіх момантамі юбілеяў з'яўляюцца пілігрымкі. Гаворка ідзе пра рэлігійную з'яву старажытнага паходжання, распаўсюджаную таксама і ў іншых канфесіях. Для нас паказальны прыклад Езуса, які выпраўляўся ў пілігрымку ў Ерузалем, згодна са старазапаветнымі прадпісаннямі. У хрысціянстве адразу ж пасля першых вялікіх пераследаў узніклі пілігрымкі ў Святую Зямлю, да магілаў некаторых пакутнікаў і святых, а таксама да святыняў, звязаных з Паннай Марыяй; мы з'яўляемся іх сведкамі і ў нашыя дні. Сучасныя транспартныя сродкі змянілі і звычкі вернікаў. Лёгкасць, з якой можна перамясціцца з аднаго краю свету на другі, робіць магчымым наведванне таксама і далёкіх мясцінаў. Падарожжы Папы не былі магчымымі ўсяго толькі некалькі дзесяцігоддзяў таму, калі, напрыклад, падарожжа ў Аўстралію цягнулася тры месяцы, у той час як сёння яго можна здзейсніць за 24 гадзіны. Цяпер здаецца, што Святы Айцец мае ў крыві лёгкасць да падарожжаў і даволі далёкіх перамяшчэнняў: такім чынам ён зрабіўся пілігрымам Евангелля. Было б да месца звязаць гэтую асабістую звычку з вялікімі пілігрымкамі Юбілею 2000. Урэшце, Папа прымусіў «рухацца» нават рымлянаў. Увогуле, на Захадзе працэсіі перасталі практыкавацца. Калі ж Ян Павел ІІ з вялікай рашучасцю аднавіў працэсію Corpus Domini, мала хто ў Рыме спадзяваўся на вялікі поспех. Аднак яны памыліліся. Тое ж самае можна сказаць наконт Сусветных Дзён Моладзі. Досвед тых пілігрымак, што існуюць у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе сведчыць, што нідзе больш няма такой колькасці ўдзельнікаў. І тым не менш, Юбілейны Год паказаў нам значныя змены.

Пакуль што мы спынімся на гэтым, каб ізноў падкрэсліць важнасць асабістага бачання і рашэння Яна Паўла ІІ. Сабраўшы розныя элементы, якія мы прыгадалі вышэй, можна зрабіць вывад, у якой ступені асабістыя перакананні і багацце душы Святога Айца змаглі паўплываць на змест Святога Году 2000.

У святле Найсвяцейшай Тройцы

Аднак кропкі судакранання між галоўнымі накірункамі дзейнасці пантыфікату і Вялікім Юбілеем 2000 выяўляюцца ясней і глыбей у найвялікшым цудзе нашай веры: Найсвяцейшай Тройцы.

Калі новы Папа пачынае сваё служэнне, заўсёды з пэўнай цікавасцю чакаюць яго першай энцыклікі. Гаворка ідзе пра ліст Вышэйшага Пантыфіка, адрасаваны ў першую чаргу біскупам свету, але таксама і святарам, манахам, вернікам і ўсім людзям добрай волі, дзе асвятляецца якое-небудзь актуальнае і важнае пытанне, па якім Папа абавязаны заняць пэўную пазіцыю, вырашыць пэўную праблему. Першая энцыкліка новага Папы звычайна падае праграму новага пантыфікату. Гэтага свет чакаў і ад энцыклікі Яна Паўла ІІ. Яна з'явілася 4 сакавіка 1979 года пад назваю Redemptor hominis, ад першых словаў дакументу, як гэта звычайна і бывае. У ёй гаворыцца пра Езуса Хрыста, цэнтр космасу і гісторыі, Збавіцеля чалавека. Яна з'яўляецца як бы паўтарэннем і працягам казання, прамоўленага напачатку пасхальнай службы, калі новы Пантыфік запрашае ўсіх адчыніць дзверы Збавіцелю і не баяцца Яго. Праграма такім чынам выразна акрэслена: гэта Езус Хрыстус, адразу далучаны да пераходу з аднаго тысячагоддзя ў другое. «Цяпер мы набліжаемся, – гаворыць энцыкліка (н. 6), – да такой даты, што ... нагадае нам і своеасаблівым чынам адновіць усведамленне праўды – ключа веры, выказанай святым Янам на пачатку свайго Евангелля: «І Слова сталася целам і пасялілася між нас» (Ян 1,14); і далей «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына Свайго Адзінанароднага, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16).

Годам пазней з'яўляецца энцыкліка Dives in misericordia (30 лістапада 1980), у якой ідзе гаворка пра Бога Айца. Яна была прадстаўлена самім Святым Айцом наступнымі словамі: «Ідучы ўслед за дактрынай Другога Ватыканскага Сабору і далучаючыся да асаблівых патрэбаў часу, у якім мы жывём, я прысвяціў энцыкліку Redemptor hominis праўдзе вакол чалавека, што ў сваёй паўнаце і глыбіні адкрываецца нам у Хрысце. Неабходнасць, не малой важнасці ў гэтыя пераломныя і нялёгкія часы, штурхае мяне адкрыць у Хрысце яшчэ адзін раз аблічча Айца, што ёсць «міласэрнае і Богам ўсякага суцяшэння» (2 Кар 1,3)... Выяўленне чалавека ва ўсёй годнасці сваёй прыроды не можа адбывацца без спасылкі – і не толькі канцэптуальнай, але цалкам экзістэнцыяльнай – на Бога. Чалавек і яго вышэйшае пакліканне адкрываюцца ў Хрысце праз адкрыццё таямніцы Айца і яго любові (н. 1). Уся ўвага пры гэтым звяртаецца на міласэрнасць, пра якую напісана: «Сучасны менталітэт, магчыма ў большай ступені як у чалавека мінулага, здаецца супрацьстаіць Богу міласэрнаму ды імкнецца, такім чынам, выпіхнуць з жыцця і адштурхнуць ад чалавечага сэрца самую ідэю міласэрнасці... Адкрытая ў Хрысце, праўда вакол Бога « Айца міласэрнага» (2 Кар 1,3), дазваляе нам убачыць яго асабліва блізка да чалавека, перш за ўсё калі той пакутуе, калі ёсць пагроза самой сутнасці яго існавання і годнасці (н. 2). Далей энцыкліка аналізуе паняцце міласэрнасці на наступных этапах біблейскага адкрыцця, каб падкрэсліць неабходнасць навяртання, якое мае свой водгук у міласэрнасці, у дабрыні Бога Айца, што чакае свайго блуднага сына ў заўжды раскрытыя бацькоўскія абдымкі (гл. Лк 15). Тут мы трапляем у самы цэнтр кожнага Святога Году, што з пакаяннем і перамяненнем сэрца і свядомасці вядзе чалавека да жыцця новага ці абноўленага ў Хрысце, у паўнаце айцоўства Бога Айца (гл. н.15).

Пасля энцыклікаў, прысвечаных Сыну і Айцу ідзе, на шэсць гадоў пазней, энцыкліка Dominum et vivificantem (18 мая 1986) пра ролю Святога Духа ў жыцці Касцёла і свету. Божая Асоба, – піша ў ёй Папа, – стаіць у самым сэрцы хрысціянскай веры і з'яўляецца крыніцай і дынамічнай сілай усяго абнаўлення Касцёла. Яна была вылучана з сутнасці спадчыны Сабору. Саборавыя тэксты, сапраўды, дзякуючы іх вучэнню наконт Касцёла як самога па сабе, так і наконт Касцёла ў свеце, стымулююць нас пранікаць усё глыбей у таямніцу трынітарнасці самога Бога, рухаючыся па евангелічным, патрыстычным і літургічным накірунках: ад Айца – праз Хрыста – да Святога Духа... Да такой місіі абвяшчэння Духу Касцёл адчувае сябе пакліканым, у той час як разам з сям'ёй людзей набліжаецца да заканчэння другога тысячагоддзя пасля Хрыста (н. 2). У гэтай энцыкліцы вяртаецца таксама згадка пра пераход між тысячагоддзямі. Найбольш поўна энцыкліка выказваецца з наступнай нагоды: Вялікі Юбілей, заключны ў другім тысячагоддзі, да якога Касцёл рыхтуецца ўжо цяпер, мае проста хрысталагічны профіль: сапраўды, гаворка ідзе пра святкаванне нараджэння Езуса Хрыста. Адначасова, ён мае пнеўматалагічны профіль, таму што таямніца ўцелаўлення здзейснілася шляхам тварэння Святога Духу (гл. н.50).

Сінод па прымірэнні і пакаянні

У шэраг папскіх дакументаў, што здалёк рыхтавалі святкаванне Вялікага Юбілею Святога Года 2000, мы павінны таксама ўключыць паслясінадальную адгартацыю Святога Aйца Reconciliatio et paenitentia (2 снежня 1984), напісаную пасля завяршэння генеральнага Сіноду Біскупаў, на якім абмяркоўвалася гэтае пытанне, дадаючы такім чынам унёсак паслядоўнікаў апосталаў да ўнёску іх Галавы. Адгартацыя, магчыма, з'яўляецца найбольш шырокім павучальным дакументам у гэтай галіне. На фоне сітуацыі ў Касцёле і ў свеце яна вырашае пытанні, што суадносяцца з прымірэннем і пакаяннем, забяспечваючы такім чынам вялікую дактрынальную каштоўнасць юбілейнага святкавання.

Прысутнасць Марыі

Ушанаванне Панны Марыі Янам Паўлам ІІ і тэалагічная важнасць, якую ён надае Божай Маці, добра вядомыя: таму Святы Год не можа абысціся без марыйнага аспекта. Папа асабліва падкрэсліў яго ў энцыкліцы Redemptoris Mater (25 траўня 1987), далучаючыся да таго, што гаворыць пра Марыю Другі Ватыканскі Сабор. Вышэйшы Пантыфік піша ў энцыкліцы: Акалічнасцю, што цяпер штурхае мяне ізноў звярнуцца да гэтай тэмы, сталася падрыхтоўка 2000 Года, цяпер ужо блізкага, у які двухтысячагадовы Юбілей нараджэння Езуса Хрыста скіроўвае адначасова наш позірк у бок Яго Маці. У апошнія гады ўздымаліся розныя галасы, што даводзілі магчымасць аналагічнага юбілею, прысвечанага святкаванню нараджэння Марыі, які б папярэднічаў гэтай гадавіне (н. 3). Было б залішне спыняцца на гэтым моманце, бо няма ніводнага папскага дакумента пэўнага значэння, дзе б Ян Павел ІІ забыўся падкрэсліць такі аспект.

Тertio millenio adveniente

Цяпер, сцісла сабраўшы асобныя разрозненыя элементы, мы можам прадбачыць іх паяднанне ў праграме Святога Года 2000. Сам Папа выканаў гэтую падсумавальную працу ў Апостальскім Лісце Tertio millenio adveniente (10 лістапада 1994) як падрыхтоўчую праграму да Юбілею. Кожны юбілей, – гаворыць Святы Айцец, – падрыхтаваны ў гісторыі Касцёла Божым Провідам. Гэта датычыць таксама і Вялікага Юбілею 2000 (н. 17)... З гэтага пункту погляду можна сцвярджаць, што Другі Ватыканскі Сабор ёсць з'ява прадвызначаная, праз якую Касцёл распачаў далейшую падрыхтоўку да Юбілею другога тысячагоддзя (н. 18)... Аднак нават найлепшай падрыхтоўцы да завяршэння двух тысячагоддзяў не застаецца нічога іншага, як выявіцца, па магчымасці найбольш дакладна, у адноўленым практычным прыкладанні вучэння Другога Ватыканскага Сабору да жыцця кожнага чалавека і ўсяго Касцёла (н. 20).

Апостальскі Ліст акрэслівае таксама розныя стадыі будучай падрыхтоўкі да 2000 Года. Першая стадыя (1994 – 1996) павінна была заглыбіць розныя, найбольш характэрныя аспекты Юбілею, ужо прысутныя ў жыцці Касцёла. Другая стадыя (1997 – 1999) мела тэалагічна-трынітарную прыроду: 1997 год прысвечаны разважанням над Езусам Хрыстом і Словам Айца; 1998 год прысвечаны разважанням над Святым Духам і яго асвячальнаю прысутнасцю сярод супольнасці нашчадкаў Хрыста; 1999 год павінен быў пашырыць далягляды вернікаў згодна з самой перспектывай Хрыста: перспектывай Айца, што на нябёсах.

Да гэтага трынітарнага трохгоддзя дадаецца таксама ўвага, скіраваная на тэалагічныя вартасці веры, надзеі і любові як сукупнасці поўнага імкнення чалавека да Бога.

Вялікія святкаванні працягваюцца

Вялікі Юбілей 2000 падыходзіць ужо да завяршэння. Наш агляд, такім чынам, можа служыць своеасаблівым ключом да разумення пераходу ад другога да трэцяга тысячагоддзя. Аднак неабходна яшчэ раз вярнуцца да асобных элементаў Юбілейнага Года, каб прыгадаць і ўзнавіць у памяці яго духоўныя плады. Вялікія Юбілейныя Дні хворых, біскупаў, святароў, дыяканаў, дні кансэкраванага жыцця, дні сем'яў, спартоўцаў, артыстаў, Рымскай Курыі, Апостальскіх нунцыяў, працаўнікоў, навукоўцаў, вязняў, выкладчыкаў ВНУ... Але перш за ўсё выдзяляецца грандыёзны Сусветны Дзень Моладзі, што пакінуў заўважны след ва ўсім Вечным Горадзе.

Асабістае ўзбагачэнне ад Юбілею будзе прапарцыянальным удзелу ў папярэдняй яго падрыхтоўцы. Гэта датычыць нас, тых, хто жыў падчас гэтай вялікай падзеі. Для тых, што прыдуць пасля нас, а, магчыма, і для нас таксама, калі мы не атрымалі ўсіх пладоў Юбілейнага Года, заўсёды застаецца магчымасць паўтарэння. Сутнасць падрыхтоўкі і сутнасць самога Юбілею могуць у значнай ступені быць пражытыя нанава і могуць таксама ўяўляць сабою трывалую праграму духоўных практыкаванняў і хрысціянскага жыцця.

Па волі Провіду я жыў у Рыме ў Юбілейныя Гады, пачынаючы з 1950. Такім чынам магу зрабіць пэўную ацэнку і параўнанне, але, магчыма, тут сам досвед значыць больш як мноства разважанняў на гэты конт. У сярэдзіне верасня 2000 г. у Рыме адбыўся Юбілей Апостальскіх нунцыяў. Два-тры тыдні перад тым праходзіў Сусветны Дзень Моладзі. Успамін пра тое святкаванне быў яшчэ вельмі свежы. Блукаючы па вуліцах Рыма, я заўважыў пэўныя змены, адчуў іншую атмасферу: больш дабрыні і ветлівасці, больш, як раней, разумення і ўсмешак. Я пытаўся ў многіх людзей, што здарылася. Усе адказвалі: уплыў Дзён Моладзі. Уласнымі паводзінамі маладыя людзі паўплывалі на ўсіх і змянілі гарадское асяроддзе. Вось каб можна было сказаць тое самае пра любое хрысціянскае асяроддзе і ў будучым таксама – пасля завяршэння Юбілею!

Арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі,
Апостальскі нунцый на Беларусі


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY