|
МАЛІТВА ЯГАЙЛЫ
З паэмы «ПРУСКАЯ ВАЙНА»
Божа, Стваральнік людзей, міласэрны Айцец наш нябесны!
Ты над усімі жывымі пануеш дзівоснай уладай;
Моры, і рэкі, і горы, лясы, а таксама народы
Воляй святою захоўваеш, Божа, на вечныя векі;
Ты ўціхамірваеш бунты людскія і войны спыняеш.
Ратнікам мужным у бітве ты вечную славу прыносіш,
А пераможаным воям падтрымку даеш і надзею;
Ты супакойваеш нораў ліхой Прэнестынскай багіні,
Мудра кіруеш усім адпаведна свайму разуменню.
На караля ж паглядзі сваім позіркам, поўным спагады.
Злітуйся, Божа, над людам Тваім, нада мною, няшчасным,
Абарані мой народ, непахісныя душы і сэрцы
Мужныя ў бітве з варожаю сілай, з кагортамі Марса.
1516
Пераклад Ж. Некрашэвіч
|
Францыск Скарына
АКАФІСТ ІМЕНИ ІСУСА ХРИСТА
Дивное имя Твое, Ісусе, Спасе наш,
недостойными усты воспоминающе,
славим Тя, иже ест более всякого имени.
О имени убо Ісусове всяко колено поклонится
небесных и земных и преисподних,
и всяк язык исповесть,
яко Господь Ісус Христос во славе Бога Отца.
Тем же вси вернии поем Тобе:
Аллилуйа!
1522
|
Мікола Гусоўскі
З «ПЕСНІ ПРА ЗУБРА»
Дзева, Маці Хрыста. Калі я імя Тваё толькі
Мерыўся быў напісаць, дык затрымцела рука.
Здзіўлены, доўга рашаў, ці замоўкнуць, заціхнуць мне лепей,
Ці гаварыць і далей, бо я знямелы крычу.
Буду маўчаць, дык жа вартая Ты, каб сусвет Цябе славіў,
Каб апявала Цябе ўсё, што пад небам жыве.
Буду калі гаварыць, то язык чалавечы і розум
Не падбярэ нават слоў, велічы годных Тваёй.
Знаю аднак дабрыню, якою Ты перамагаеш,
Боскае многа вышэй рэчаў нябоскіх, зямных.
Вось я нікчэмны прыйшоў. Даруй, маё сэрца трапеча.
Кленчу ў Цябе каля ног, Дзева Марыя. Даруй.
Звонку я брудны увесь, нутром яшчэ болей нячысты,
Бледныя вусны мае словы малітвы ракуць.
Ды я малю не таму, што варты хоць слова прамовіць,
Смею прасіць, бо якраз ты можаш нам памагчы.
Бог Цябе выбраў калісь, шкадуючы лёс чалавечы,
Нібы свяціла падняў, каб ратавала другіх.
1522
Пераклад У. Шатона
|
Сімяон Полацкі
СТИХИ НА РОЖДЕСТВО ХРИСТОВО
Слава во вышних Богу, же человеком стает.
На земли мир всим людем, иж Богом бывает.
Человек, чого Адам през овощ набыти
Хотел, теды смертию мусел заплатити.
Смерть през Адама в свете, а жытие маем
През Бога-человека, которого знаем
Без матери прежде веки от Отца рожденна,
З матьки дивне без отца в часе воплощенна.
Он ныне плачет, абы мы ее веселили,
Алчет абы насыщени, жаждет абы пили
От источника жизни, в пеленах повиты
Невинности шатаю бы не смогл открыти.
В подлом лежит вертепе, бы были на небе.
Всим себя оферует, бы привлекл до себе.
Тому до ног с поклоном смеренно падаймы,
Слава во вышних Богу з ангелы спевайма.
ХVІІ ст.
|
Якуб Мартусевіч,
арцыбіскуп Полацкі
ПЕСНЯ
О мой Божэ! Веру Табе
І ўсё веру я для Цябе,
Ўсю надзею ў Табе маю,
За ўсё Цябе выхваляю.
Ты сатварыў, Ты адкупіў,
Ты мяне, Божэ, асвяціў,
Нехай Табе, гдзе ёсць людзі,
Чэсць і хвала ад усіх будзе.
Табе, Божэ, кланяюся,
Ва ўсім на волю здаюся,
Быць толькі хачу ў небе,
Па ўсе вякі хваліць Цябе.
Жаль мне, Божэ, зграшыў Табе,
Праз грэх дастаў пекла сабе.
Ды не так жаль згубы маей,
Як жаль, Божа, крыўды Тваей!
Ах жа, Божэ, ўсё каюся,
Прасціш грахі, папраўлюся;
Ды ўжо сто раз умерць волю
На грэх болей не пазволю.
Для Твайго я ўпадабання
Хачу хаваць прыказання;
Жыць і ўміраць волю ў Табе,
Што Ты ёсць добрый сам ў Сабе.
О, Езусе, Ты наш Пане,
Ядына сэрца каханне,
Ручкі, ножкі Твае цалуем,
За грахі нашы жалуем.
Цалуючы Твае раны,
О, Езусе наш каханы,
Рукі й вочы к небу ўзносім,
Адпушчэння грахоў просім.
Слёзы нашы вылеваем,
Шчырым сэрцам прыракаем:
Пакуль будзем з людзьмі жыці,
Не будзем Богу грашыці.
О, Марыя, Матка Боска!
Прасвятая райска рожа,
Маліся Богу за намі,
Нягоднымі грэшнікамі.
Усе святыя, узгляцьце з неба!
Вашай ласкі нам патрэба;
Маліцеся Богу за намі,
Нягоднымі грэшнікамі.
Слава Богу Істынному,
Слава ў Тройцы Едыному,
Слава Отцу і Сынові,
Слава святому Духові!
1829
|
Зоф'я Трашчкоўская
БЕЛАРУСКАЯ МАЛІТВА
Божа, наш Бацька, мы Твае людзі,
А неба цёмна ад чорных хмар.
На свеце цяжка, аж баляць грудзі,
Дзе ні пачуеш – голад, пажар.
Гулялі ветры на нашым полі
І сапсавалі нам ураджай,
І няма шчасця, і няма долі.
Божа, наш Бацька, хлеба нам дай!
Дай нам здароўя, шчыру ахвоту,
Калі з сахою пойдзем араць.
Ты бачыш цяжку нашу работу,
Дай жа пажытку з яе прыждаць!
Пашлі нам сонца з цёплай расою,
Каб зашумела ніва, як гай.
Кажуць, Ты – Бацька, мы – пад Табою;
Хлеба, і сонца, і шчасця нам дай!
1888 г.
|
Карусь Каганец
НАША МАЛІТВА
О, Божэ, Спасе наш!
Ты міласць нам пакаж:
З няволі вызваль нас,
Збудзі Ты нам ужэ раз!
Ты вочы нам адкрый
І свету нам пашлій!
Ты праўду нам пакаж!
О, Божэ, Спасе наш!
|
Казімір Сваяк
ГІМН ДА БОГА
Заўсёды, о Божэ, дзіўлюся Табе я...
Ці ў ночы спакойнай, ў зорках неба ясных,
Ці як стогне бура, як шуміць завея,
І ў блысках сонца, і ў маланках страшных.
Дзіўны Ты, о Божэ, ў кождым кветку польным,
У кождай расьцінцы, ручайку прывольным,
Дзіўны ў тварэню так стройнага свету,
Ты даеш пагоду і прыгожасць лету.
Дзіўлюся Табе я ў душы маей, Божэ,
Дзе скарбы закрыты ад злоснага вока,
Жыццё дзе асобна, а Ты яго, Божэ,
Ажыўляй ж ласкава – таёмна-глыбока.
Найболей дзіўлюся – з Табе я, Прадвечны,
Што Ты у натуры сваёй Безканечны:
Хоць усё загіне, свет пачнецца новы,
Ты Вечнатрывалы – вечны Твае словы.
1913 г.
|
ПРАД БОГАМ
Я глінай мяккай ў руках Тваіх, Божа,
Дух мой асобны нічога не можа,
Хоць з Тваёй ласкі і ў Тваёй сіле
Я несмяртэльны нават і ў магіле.
Я падарожны з высокай краіны,
Шукаю шчасця, і кожнай часіны
Мыслю: Крый Божа злуднае мары,-
Жыцця ў раскошы без бед і ахвяры...
Аднэй пацехі прашу Цябе, Пане,
Дай зразуменне і ўмілаванне
Праўды, што выйшаў з рук Тваіх я вольны
Выбраць няшчасце ці рай упатольны.
1913 г.
|
ХРЫСЦЕ...
Хрысце, відзіш маё сэрца
Маёй тайніцы душы:
Табе малюсь у паняверцы,
Мае слёзы асушы.
Выракаюся я грэху,
Шчыра плачу за блуды,
Прышлі ж урэшце мне пацеху
За нядолю, за труды.
Даеш гора мне з патрэбы,
Не забыў каб цноты я;
Бо у шчасці не здалеў бы
Паважаць красу жыцця...
Але ж крыж уеўся ў плечы,
Ланцугі у рук, у ног:
Ворагі паднялі мечы,
Каб паўстаці я не мог.
Хрысце Езу, пасля мукі
Меў жа Ты трыумфу час:
Развяжы ж і нам ўжо рукі,
Бо грахі прыдушылі нас...
На дарогу да свабоды
Дай жа нам святы Дар Твой:
Благаслаў усе народы
На збратанне, на спакой.
1919 г.
|
ПЕСНЯ НА КАЛЯДЫ
Пастушкі гулялі,
Каляду ігралі:
Бог нам аб'явіўся,
Хрыстус нарадзіўся
–Каляда-Каляда, гэй.
Не ў пышных харомах,
Ані ў панскіх домах:
У маленькай хаце
Яго туліць Маці
–Каляда-Каляда, гэй.
Трэба несці дары,
Трэба даць ахвяры:
Як мы і Ён кволы,
Хоць кругом анёлы
–Каляда-Каляда, гэй.
Гукнём нашу песню,
Як бы на прадвесні:
Хрыстус свет адменіць,
Голаў злу прышчэміць
–Каляда-Каляда, гэй.
Чэсць Табе, Марыя,
Чыстая лілія:
Цябе Божай Маці
Будзем называці
–Каляда-Каляда, гэй.
І Язэпу слава
Няхай бы паўстала:
Бо ў яго ж прынятку
Марыя з Дзіцяткам
–Каляда-Каляда, гэй.
А волікам тутка,
Што стаяць ціхутка,
І гэтай асліцы
Прынясём травіцы
–Каляда-Каляда, гэй.
Хвалім вельмі Бога,
Бо нам дарагога,
Спаслаў Сына з неба,
Каб душы даць хлеба
–Каляда-Каляда, гэй.
Браточкі гукніце,
На ўвесь свет пяіце,
Што Бог чалавеку
Спагадаў ад веку
–Каляда-Каляда, гэй.
1924 г.
|
Наталля Арсеннева
МАЛІТВА
Магутны Божа! Ўладар сусветаў,
вялізных сонцаў і сэрц малых,
над Беларусяй ціхой і ветлай
рассып праменне Свае хвалы.
Дай спор у працы будзённай, шэрай,
на хлеб штадзённы, на родны край.
Павагу, сілу і веліч веры
у нашу праўду, у прышласць – дай!
Дай урадлівасць жытнёвым нівам,
учынкам нашым пашлі ўмалот.
Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай
краіну нашу і наш народ!
1942
|
Алесь Салавей
ХРЫСТОСАЎ ЛЁС
Няверцаў здрадай катаваны,
распяты быў Ісус Хрыстос.
Хоць меў няўгойныя Ён раны
і боль нясцерпны – а ўваскрос!
Знёс мукаў шмат мой край каханы,-
сцяў і яго Хрыстосаў лёс:
яму хоць цяжка, хоць балесне,
ён будзе жыць, ён уваскрэсне!
1943
|
Масей Сяднёў
РАСПЯТЫ ХРЫСТОС
Трывогай адазвалася сягоння:
як можа чалавек вякамі
глядзець на распасцёртыя далоні,
прабітыя наскрозь цвікамі?
Праходзіць міма з лёгкім сэрцам?
А Ён, як быццам нейкі Найміт,
распяты на крыжы, праз цэлыя сталецці
усё крывавіцца прад намі.
Зірнеце толькі на пакуты
і на цярпенні ў твары Божым:
цвікамі да крыжа прыкуты,
ні рук, ні ног Ён вызваліць не можа.
Як самы вінаваты з вінаватых,
пакут не можа збыцца Ён нязмерных,
Ён, што лячыў сляпых і беснаватых,
Ён, што ускрос із мертвых.
...Прыйшоў я да Цябе сягоння
не дакранацца ран Тваіх рукамі,
а ціха цалаваць Твае далоні,
прабітыя наскрозь цвікамі.
1983
|
Ураджай шумлівы на палёх,
лугі, і рэкі, і азёры,
і магутнейшы бор ад бору –
ўсё гэта даў нам добры Бог.
Авёс вяцісты, нівы жыта,
пшаніцы звонкае калоссе
і шмат дароў багатых ўвосень
з зямелькі плодна-сакавітай.
І хаты роднае парог,
красу дзяўчатам нашым мілым,
а дзецюкам буйную сілу –
ўсё гэта даў нам добры Бог.
Даў наквець белую садоў,
багацце песняў мілагучных,
а ў сэрцы даў агонь пякучы
кахання да зямлі дзядоў.
І даў загад нам добры Бог:
каб кожны моцнаю рукою
араў загон ды сеяў волю
і Родную Зямлю сцярог.
1942 г.
|
СВЯТЫ ВЕЧАР
Каляда, Каляда, на зямлі – Святы Вечар,
нарадзіўся у яслях Збавіцель і Бог.
І пасталі бярозаў танклявыя свечкі
паабапал заснежаных, белых дарог.
Халадно. Мо таму, што зіма на парозе,
адчуваецца лютасць суровай пары,
а у полі пустым па шырокай дарозе
плачуць нечаму сумна ліхія вятры.
Чым жа сэрцы сагрэць, як той холад адужаць?
Ці агеньчыкам цьмяным у сялянскім акне,
Калядою святой, што насуперак сцюжам
цеплынёй чалавечыя сэрцы кране?
Каляда, Каляда... Нават зорам трывожна.
Па заблытаных сцежках крутога жыцця
да сваіх ў гэты вечар спяшаецца кожны,
гдзе ў сям'і за сталом нас чакае куцця.
Сена пах, яліны, стаяць розныя стравы,
прытаміўшыся, маці шчасліва маўчыць.
Садавяцца сыны на шырокія лавы,
што сышліся дамоў, каб душой адпачыць.
Добра сесці разом, слязу радасці ўцерці,
адчуваць, што ў застоллі, што побач браты,
у душы чысціня і узнёслыя сэрцы,
бо з людзьмі разам Бог ў гэты Вечар Святы.
Сяння сэрцам з усімі куццю раздзяляем,
хто за стол наш не змог на вячэру прыйсці,
ўсіх далёкіх і родных сваіх ўспамінаем
і дабра ўсім і шчасця жадаем ў жыцці.
Няхай будзе вам цёпла, бы ў бацькавай хаце,
ў гэтым свеце шырокім, гдзе столькі дарог.
Няхай людзі зямлі для вас будуць, як брацця,
і жыццёвыя сцежкі прастуе вам Бог.
Можа, хто занямог, можа, хто пахіснуўся,
загубіўшы сумленне ў нялёгкім жыцці,
прытаміўся ў шуканні свае Беларусі –
памажэце й такім на вячэру прыйсці.
За святочным сталом – няхай кожнаму месца
каля вернага сэрца сясцёр і братоў.
Няхай будзе у вас, як ў харошай сямейцы,
ўсім па роўні ў жыцці і куцця, і любоў.
Няхай вера ў любоў, свая мова ў застоллі,
а у думках – зямля, дзе спачылі дзяды,
няхай ўсюды ласкава спрыяе вам доля,
а любоў, чалавечнасць мацуе рады!
|
Як у сцюдзёную раку,
Памалу ў Біблію заходжу,
Бо веру, што душу злагоджу,
І думаю, бяду ўраку.
Плыве ўладарыста рака,
Развітваецца з берагамі.
І змарнаваных дзён пергамент
Жаўцее ў крылах ветрака.
Ніякавее парахня,
У прах ператварыўшы порах.
Глушэе боль, маўчыць брахня,
І страх не варухнецца ў норах.
Свяжэе потых сівярка,
Чужэе цесната людская.
Душу спакоем абмывае,
Як свет, глыбокая рака.
1993 г.
|
Данута Бічэль
МАЦІ БОЖАЯ ВАСТРАБРАМСКАЯ
Завулкі Вільні – гарбы вярблюдаў.
Па іх стамляе блуканне...
Вітай, Марыя, Звястунка Цудаў!
Прымі слязіну адхлання!
Да рук Тваіх па лесвіцы вузкай
Узношу, аж сэрца стыне,
тугу душы маёй беларускай,
адлучанай ад святыні.
Ня раз сюды, да высокага Раю
нас дух беларускі ўздыме
маліцца за ўсіх няўдачнікаў краю
з калекамі і святымі.
1993
|
Ірына Багдановіч
* * *
З паэмы «ПРУСКАЯ ВАЙНА»
Госпадзе, душу маю крані
ласкаю світальнага пагляду,
вызнаю Тваю на ўсім уладу,
і, слабую, Ты мяне ў прынадах
і спакусах дня абарані.
Госпадзе, адкрыйся мне ўва мне
Словам сагравальным і лагодай,
каб удзячнай быць за ўзнагароду,
бачыць на жыццёвым палатне
твар Тваёй прысутнасці заўсёды.
1993
|
Галіна Тварановіч
* * *
З паэмы «ПРУСКАЯ ВАЙНА»
Сплывае імглістасць суровых вякоў
над прыхаванымі колісь
вяршынямі духу...
Вось дачакаліся:
выспеліў час
таемныя долю і лёс,
маленне й шлях –
прагу Хрыста
у Беларусі
1996
|
Зьніч (Алег Бембель)
* * *
Хрыстос нараджаецца!..-
хутка двухтысячны раз...
Хрыстос нараджаецца
ў сэрцах змірэнных бясконца...
як неадступна ўліваецца золата сонца
ў хмарны
пануры
разбойны
і зменлівы час...
1999
|
З прасторы зорнае нябёс
Ідзе да нас Ісус Хрыстос.
Ліецца дзіўнае святло,
Гарыць агонь, і гіне тло.
І з тых даўно забытых слоў
Я ўспамінаю: «БОГ – любоў!»
Пра гэта трэба гаварыць –
Я жыў! Жыву! Я буду жыць!
Гасподзь даруе мне ізноў
Адвечнасць ісціны – любоў.
І мне ісці праз гэты свет,
Нясці святло, як запавет,
І крыж нясці праз шлях зямны
Туды, дзе вечна б'юць званы.
Адтуль, скрозь зорны дах нябёс,
Ідзе да нас Ісус Хрыстос.
1999
|
|
|