|
|
№
4(14)/2000
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Касцёл. Чалавек. Сучаснасць
У свеце Бібліі
HAEREDITAS
Мастацтва
Святло слова
Ірына БАГДАНОВІЧ |
Заканчваецца Год Вялікага Юбілею хрысціянства, год асаблівага разважання над таямніцаю Уцелаўлення Божага Сына, над вялікаю таямніцаю любові Бога да чалавека. На працягу ўсяго гэтага Года Ласкі ад Пана Касцёл на Беларусі ўзносіў малітву падзякі Богу ў Тройцы Адзінаму за Езуса – Уцелаўлёнага Божага Сына, за Яго пастаянную прысутнасць сярод нас, за Яго збаўчую дзейнасць. Гэтая ўдзячнасць выяўлялася таксама і ў канкрэтных падзеях, што адбываліся ў жыцці Касцёла на працягу ўсяго Юбілейнага Года. Як вядома, адною з такіх найбольш распаўсюджаных формаў падзякі Пану Богу за Яго ласку з'яўляецца пілігрымка. Разам з тым – гэта адна з найважнейшых умоваў атрымання Юбілейнага адпусту. Бо менавіта пілігрымка дапамагае нам усвядоміць праўду аб тым, што чалавек – пілігрым на гэтай зямлі. Святое Пісанне неаднаразова падкрэслівае вялікую вартасць пілігрымавання ў святыя мясціны. Паміж іншым яно апавядае пра пілігрымкі Пана Езуса, Марыі і Юзафа ў Ерузалем (Лк 2, 41). Вельмі шмат людзей паглыбляе сваю рэлігійнасць, пілігрымуючы да святых мясцінаў. Таму напачатку гэтага Святога Года я заахвочваў вернікаў да ўдзелу ў пілігрымках да юбілейных святыняў, вызначаных ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі, у якіх можна было атрымаць адпуст. Трэба сказаць, што вернікі спаўна скарысталі з гэтай незвычайнай Божай ласкі. Варта прыгадаць хоць бы юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе, у прыватнасці – марыялагічны кангрэс, які там адбыўся 1 ліпеня з удзелам вялікай колькасці пілігрымаў з усяе Беларусі... Увогуле, у гэтым Юбілейным Годзе ў нашым партыкулярным Касцёле адбылося шмат цудоўных падзеяў. Менавіта да такіх хацелася б найперш аднесці заканчэнне Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій. Сімвалічна, што акурат сёлета ён завяршыў сваю працу. Чатыры гады наш Касцёл жыў адзіным памкненнем: «Аднавіць усё ў Хрысце». Лічу, што на парозе ІІІ тысячагоддзя хрысціянства, калі перад паўсюдным Касцёлам увогуле і перад нашым, партыкулярным, у прыватнасці, стаіць вельмі актуальнае заданне новай евангелізацыі, пра якое не стамляецца нагадваць Святы Айцец Ян Павел ІІ, праца Сіноду была надзвычай карысная і важная. Мяне як Мітрапаліта радуе, што ў ІІІ тысячагоддзе мы ўваходзім, пазначыўшы асноўныя арыенціры далейшага шляху Касцёла, ясна ўсведамляючы, над чым трэба працаваць у першую чаргу, на што звяртаць найбольш увагі. Зацверджаныя сінадальныя Статуты, якія з 6 студзеня 2001 г. набудуць сілу закона, будуць у гэтым сэнсе немалою падтрымкаю і дапамогаю... Адыходзячае стагоддзе трагічна пазначана шматлікімі ахвярамі, якія склалі лепшыя сыны і дочкі Касцёла, баронячы каталіцкую веру, аддаючы за яе свае жыцці. Таму нельга не згадаць урачыстасцяў Юбілейнага Года, прысвечаных мучанікам: у Наваградку і Глыбокім, у Пяршаях і ў Росіцы. Асабіста для мяне як для былога вязня Гулагу, вельмі важным быў удзел у кансэкрацыі катэдры Беззаганнага Сэрца Марыі ў Іркуцку, а таксама ў пасвячэнні там капліцы Паяднання і Спакою. На той суровай сібірскай зямлі, дзе палегла гэтулькі бязвінных людзей, я змог ад імя іх усіх прамовіць словы прабачэння, скіраваныя да тых, хто нас мучыў і забіваў... З радасных падзеяў, якія мы святкавалі ў Юбілейным Годзе, хацелася б прыгадаць 10-годдзе Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. За час свае працы яна ўжо дала Касцёлу 74 мясцовыя святары. Там жа, у Гродне, адбыўся сёлета Юбілейны Эўхарыстычны кангрэс. У Пінску прайшло ўрачыстае святкаванне 130-годдзя з дня нараджэння Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Маю надзею, што просьба аб яго хутчэйшай беатыфікацыі, якую скіравалі да Святога Айца біскупы Беларусі, будзе абавязкова пачута... Несумненна, што яшчэ адною важнаю падзеяй гэтага Юбілейнага Года на Беларусі было заканчэнне кананічнай візітацыі ўсіх парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі... Калі ж гаварыць пра «сусветнае» вымярэнне Юбілею, то трэба зазначыць, што я найперш імкнуўся акцэнтаваць прысутнасць каталіцкага Касцёла Беларусі ў сэрцы хрысціянства – у Рыме. У гэтым Юбілейным Годзе ў Вечным Горадзе пабывала 45 святароў і 44 законніцы з Беларусі; у ХV Сусветным Дні Моладзі брала ўдзел 700 маладых людзей з нашай краіны; на Юбілей сем'яў у Рым выехалі 4 сям'і – па адной з кожнай дыяцэзіі. З радасцю магу канстатаваць, што святары, законніцы і моладзь мелі шчасце быць прынятымі Святым Айцом Янам Паўлам ІІ. Асабіста для мяне ў Юбілейным Годзе найважнейшым быў Юбілей біскупаў, які адбыўся 6–8 кастрычніка г.г. у Рыме. 1500 біскупаў і 76 кардыналаў сабралася ў тыя дні ў Ватыкане. Першы дзень Юбілею, дзень пакаяння, праходзіў у базыліцы св. Яна на Латэране. Там адбылося пакутнае набажэнства, якое закончылася індывідуальнаю споведдзю: біскупы спавядаліся адзін аднаму, седзячы кожны на сваім месцы, адно пахіліўшыся – хто ўправа, хто ўлева – да свайго суседа. Гэта сапраўды пакінула вельмі моцнае ўражанне. Другі дзень Юбілею, 7 кастрычніка, быў місійны і праходзіў у базыліцы св. Паўла за Мурамі. У той жа дзень усе мы сабраліся ў аулі Паўла VІ, дзе нас прыняў на аўдыенцыі Папа Ян Павел ІІ. Прамова Святога Айца была засяроджана на словах Dilexit Ecclesiam з Ліста св. Паўла да Эфесцаў і прысвечана розным аспектам пастырскай паслугі біскупаў. У той жа дзень, а 17-й гадзіне, на плошчы св. Пятра біскупы ўдзельнічалі ў ружанцовай малітве, якую вёў Святы Айцец. Разважанні хвалебных таямніцаў праводзілі прадстаўнікі пяці кантынентаў. У гэтым ружанцы (дзякуючы тэлевізійнай сувязі з кляштарам у Каімбры) прымала ўдзел 94-гадовая сястра Люцыя, сведка фацімскіх аб'яўленняў... Кульмінацыйным момантам стаў трэці дзень Юбілею, 8 кастрычніка і ўрачыстая Святая Імша, якую Ян Павел ІІ канцэлебраваў разам з сабранымі кардыналамі і біскупамі на плошчы св. Пятра ў прысутнасці фігуры Маці Божай Фацімскай, што была спецыяльна прывезена з партугальскага санктуарыя. На заканчэнне адбыўся Акт аддання ў апеку Найсвяцейшай Марыі Панне Касцёла і ўсяго чалавецтва ў ІІІ тысячагоддзі. Укленчыўшы перад фігураю Маці Божай Фацімскай, Папа прачытаў гэты Акт разам з усімі кардыналамі і біскупамі... Менавіта падчас тае шчымлівай урачыстасці ў мяне ўзнікла жаданне, каб усе вернікі Беларусі разам са сваімі душпастырамі ў Дзень Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Марыі Панны 8 снежня ўключыліся ў гэты Акт прысвячэння. І сапраўды так сталася. А ў першую нядзелю Адвэнту, 3 снежня, ва ўсіх святынях нашай краіны быў прачытаны Акт падзякі, перапрашэння і прабачэння рыма-каталіцкага Касцёла на Беларусі... Час ідзе і тыя незабыўныя дні нашага біскупскага Юбілею, як і ўсяго Юбілейнага Года, ужо паволі становяцца мінулым. Але перажытае, убачанае і пачутае і надалей застаецца ў сэрцы, патрабуе глыбокага асэнсавання, служыць падтрымкаю і дапамагае спасцігнуць найбольш важнае і сутнаснае ў сучасным жыцці і ў свеце. «Перад абліччам рэлятывізму і суб'ектывізму, якія ў вялікай ступені здэфармавалі сучасную культуру, біскупы закліканыя абараняць і ўмацоўваць дактрынальную еднасць сваіх вернікаў», – сказаў Папа ў часе Юбілейных урачыстасцяў. Гэтыя яго словы прагучалі як запавет і наказ для ўсіх, без выключэння, пастыраў каталіцкага Касцёла. І сёння, стоячы на парозе ІІІ тысячагоддзя хрысціянства, з трывогаю, але разам з тым і з надзеяй думаючы пра будучыню шматпакутнага Касцёла на Беларусі, хочацца звярнуцца да Маці нашага Збаўцы і нашай Маці словамі Святога Айца Яна Паўла ІІ: «Каралева Апосталаў, маліся з намі і за нас, каб Дух Святы з усёю шчодрасцю Сваіх дароў зышоў на Касцёл. Няхай ён яснее перад светам усё больш паяднаным, святым, паўсюдным і апостальскім...»
|
|
|