Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(14)/2000
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Касцёл. Чалавек. Сучаснасць
У свеце Бібліі
HAEREDITAS

СПОВЕДЗЬ
Мастацтва
Святло слова

Ірына ЖАРНАСЕК

НА ПАРОЗЕ ТРЭЦЯГА ТЫСЯЧАГОДДЗЯ

На парозе трэцяга тысячагоддзя мы, вернікі, не можам не задумвацца над тым, з якімі здабыткамі, надзеямі, стратамі ўваходзім у новае тысячагоддзе. Нас не могуць не хваляваць пытанні веры, стан Касцёла, яго суіснаванне з усім грамадствам. Часам можна пачуць дыскусію пра патрабавальнасць Касцёла і Пятра нашых часоў Яна Паўла ІІ да сваіх вернікаў, пра тое, што ў век электронікі і паўсюднай камп'ютэрызацыі сучаснаму чалавеку нецікава, а то й немагчыма жыць паводле навукі Хрыста. Не можам мы, вернікі, не думаць над гэтымі пытаннямі. А таму сёння наш часопіс дае слова маладым людзям, якія з прычыны свайго паклікання на службу Божую заклапочаныя гэткімі ж праблемамі. Мы прапанавалі ім адказаць на чатыры наступныя пытанні:

  1. Як вы думаеце, наколькі стан сучаснага Касцёла адпавядае таму, якім Яго заснаваў Хрыстус?
  2. Ці не занадта патрабавальны й суровы Касцёл да сваіх вернікаў і святарства?
  3. Ці магчыма сучаснаму урбанізаванаму чалавеку жыць паводле Хрыстовага навучання, абвешчанага 2000 гадоў таму?
  4. Ці пагражае сучаснаму Касцёлу секулярызацыя?
Ксёндз Вячаслаў Барок

1. Наш Касцёл заснаваў Хрыстус. Асабіста мне Касцёл заўсёды ўяўляецца маладым і дынамічным. Бачу самога Хрыста, Які ходзіць з горада ў горад, з вёскі ў вёску, прыходзіць да кожнага чалавека і абвяшчае добрую вестку пра тое, што да нас наблізілася Божае Валадарства, а разам з ім – справядлівасць і супакой. А таму няхай усцешацца ўсе людзі добрай волі, бо яны дачакаліся таго, чаго жадалі, за што змагаліся і дзеля чаго ў нялюдскіх умовах заставаліся людзьмі, імкнуліся захоўваць сваю чалавечнасць, годнасць дзяцей Божых.

Касцёл – гэта супольнасць людзей і Бога, у якой людзі з трымценнем сэрцаў чакаюць прыемных слоў суцяшэння і любові, а Бог, усцяж застаючыся незразумелаю таямніцай, атачае чалавека сваёй бязмежнай дабрынёй, прабачальнай любоўю, дазваляе яму прысці да пакаяння і атрымаць радасць і шчасце. Наколькі сучасны Касцёл адпавядае такому, адказаць няпроста. Але нельга забывацца, што стан Касцёла залежыць і ад кожнага верніка, які з'яўляецца часткай гэтага Касцёла. Можна сказаць, які чалавек, такі і Касцёл, хоць гэта і не азначае, што можна забыцца на дзейнасць Святога Духа ў ім, на Боскі элемент Касцёла. Гэтая супольнасць заўсёды застаецца і святой, бо ў ёй ёсць Бог, і грэшнай, бо да яе належыць чалавек. Яна заўсёды тая самая, якой яе заснаваў Езус Хрыстус, але знешне часам паддаецца слабасцям і тады, на жаль, не спраўляецца з заданнем быць на гэтым свеце бачным знакам і задаткам Божага Валадарства.

2. Касцёл занадта патрабавальны? Калі на Касцёл глядзець як на таго, хто патрабуе, то магчыма прыйсці да гэткае высновы. Больш за тое, тады можна ўбачыць, што Ён не разумее патрэбаў і складаных праблемаў сучаснага чалавека. Такі касцёл сапраўды неміласэрны й суровы. Ён далёкі ад свету. Ён можа надакучыць, як сардэчны боль, які ўвесь час нагадвае чалавеку, што ён мае хворае сэрца, але карысці ўзамен на гэткае веданне чалавек не атрымлівае. Касцёл таксама безупынна павучае, дае загады, патрабуе ад чалавека, каб ён іх выконваў. А ў чалавека ад усяго гэтага толькі галава баліць ды сумленне не дае спакою, бо выходзіць, што нешта ў ягоным жыцці не так як трэба.

Але рэальнасць жа іншая. Ні Бог, ні Касцёл не прымушаюць, не закоўваюць у кайданы суровых наказаў. Але... «калі ты хочаш». Калі ты хочаш, чалавек, то можаш прыйсці да Бога, можаш атрымаць прабачэнне грахоў, можаш атрымаць усемагутную Божую дапамогу і неабсяжнае блаславенне. Таму: гэта свет і чалавек неміласэрныя да сябе, калі адмаўляюцца ад Касцёла, ад магчымасці сустрэцца з Богам, які іх любіць.

3. Жыць паводле Хрыстовага навучання магчыма ва ўсе часы. І толькі тады жыццё чалавека можа быць сапраўдным жыццём, а не экзыстэнцыяй, існаваннем, калі яно будзе ісці паводле гэтага навучання. Пытанне толькі ў тым, як жыць, каб жыццё не разыходзілася з навучаннем Хрыста.

4. Паспрабуем паглядзець на гэтае пытанне вачыма няверуючага чалавека. Для яго веруючы – гэта той, хто раз на месяц, а больш пабожны раз на тыдзень, сходзіць у касцёл, на Вялікдзень, вядома ж, пасвенціць яйкі, на Каляды прынясе дадому аплаткі; апрача таго, мае ў сваёй хаце абразы, свечку, свянцоную ваду; які патурбуецца, каб пахрысціць дзяцей і адчувае незвычайную патрэбу ў святары на пахаваннях сваіх блізкіх. Словам, каб стаць веруючым у вачах няверуючага чалавека, трэба шмат пра што клапаціцца, вось толькі пра Бога можна і забыцца. Бязглуздзіца? Атрымалася як у той показцы: «Народ гэты пабожны, вось толькі ў Бога не верыць».

Практычны секулярызм – найгоршая хвароба, якая з'ядае Касцёл. Бо многія гэтак званыя вернікі ходзяць у касцёл, пабожна моляцца, слухаюць слова Божае, казанні святара. Але ці заўсёды чуюць? Бо, вярнуўшыся з касцёла, яны працягваюць жыць па-ранейшаму: п'юць гарэлку, забіваюць сваіх ненароджаных дзяцей, згаджаюцца са злом, што пануе ў грамадстве. І ўсё ж я перакананы: нягледзячы на сумную рэальнасць, Касцёл вытрывае і гэта, толькі Яго чакае балючы працэс ачышчэння. Напэўна, адыдуць ад яго людзі малой веры, але застануцца сапраўдныя вернікі, тыя, што любяць Бога і ведаюць, што Бог першы палюбіў іх.

Айцец капуцын Томаш Юньчык

1. Сутнасць Касцёла ў тым, што Ён адначасна і Божы, і людскі. Божы элемент у Ім нязменны, бо нязменны Хрыстус: той самы ўчора, сёння і на вякі. Людскі элемент пастаянна змяняецца. Касцёл пастаянна абнаўляе формы і метады душпастырства. Таму людскі элемент павінен змяняцца, усё дзеля таго, каб дапамагчы іншым знайсці Бога.

2. Вернік найлепш можа пазнаць сябе праз супастаўленне з Богам. Тады ён бачыць свае заганы і слабасці, а жадаючы быць як мага бліжэй да Бога, ён вядзе барацьбу з тым, што аддаляе яго ад Бога, з грахом. Але гэта чалавек сам павінен вырашыць. Святы Айцец Ян Павел ІІ на сустрэчах з моладдзю часта падкрэслівае, што «мы павінны заўсёды быць патрабавальныя да сябе, нават калі іншыя ад нас не патрабуюць, мы самі павінны быць патрабавальнымі да сябе». Менавіта з дапамогай такой патрабавальнасці чалавек становіцца штораз больш чалавечны.

3. Хрыстус прынёс у свет заклік да любові, да той сапраўднай любові, якой ў глыбіні душы прагне кожны чалавек. І хоць чалавек часта паддаецца падбухторванню злога духа, замяняючы праўдзівую любоў сурагатам, уяўным, хуткаплынным шчасцем і задавальненнем, аднак у самім чалавеку ёсць гэтае пастаяннае імкненне, туга па сапраўднай любові, якой з'яўляецца Бог. Хрыстус выразна кажа нам, што найважнейшым Божым наказам з'яўляецца наказ любові да Бога і бліжняга. Чалавек без любові гіне. Таму вельмі важна, каб навучанне Хрыста жыло ў свеце, які ва ўсе часы здольны яго рэалізаваць. Усё дзеля таго, каб чалавек не згубіўся ў сучасным свеце і не згінуў.

4. Касцёл можна параўнаць з караблём, на якім ёсць Хрыстус і апосталы, караблём, які падвяргаецца ўдарам хваляў, а то і сапраўдным бурам. Адной з такіх хваляў альбо бураў, якія пагражаюць караблю, з'яўляецца секулярызацыя. Аднак да таго часу, пакуль на караблі ёсць Хрыстус, ніякая небяспека яму не страшная.

Вячаслаў Пялінак, марыянін

1. Важна памятаць, што сучасны каталіцкі Касцёл – гэта не толькі падобная, але тая самая супольнасць, заснавальнікам якой з'яўляецца Бог-Чалавек Езус Хрыстус. Зусім нядаўна гэта выразна прыгадаў нам дакумент Iesus Dominus. А што, уласна кажучы, паддае сумніву гэтую праўду? Чалавечыя слабасці сыноў і дачок Касцёла? Дзве тысячы гадоў, калі Езус Хрыстус разам са сваім Касцёлам хадзіў па зямлі, у тым Касцёле таксама было далёка не ўсё ідэальна. У выпадках, калі чалавечыя слабасці выяўляліся мацней (прыгадаем братоў Завядзеевых), Езус скіроўваў увагу вучняў на будучыню Божага Валадарства, тым самым навучаючы, што заснаваная Ім супольнасць знаходзіцца яшчэ не на канчатковай стадыі развіцця і мае прад сабою доўгі шлях. У сённяшнім Касцёле таксама ёсць вучні пакорныя і менш пакорныя, ёсць амбітныя, святыя, слабыя. Але памятайма, што разам з намі ідзе Хрыстус, і Ён ведае, якім шляхам весці няхай сабе і не надта паслухмяных дзяцей Касцёла.

2. Касцёл ведае чалавека. У аснову ўсіх папрокаў, скіраваных у бок Касцёла самымі рознымі ліберальнымі групоўкамі, лёг толькі адзін камень нязгоды – канцэпцыя чалавека. Адны веды пра чалавека маюць феміністкі, іншым ён бачыцца прадстаўнікам сексуальных меншасцяў і г.д. На шчасце, Касцёл мае толькі адну крыніцу ведаў пра чалавека – Біблію. Таму трэба было б, можа, паставіць пытанне, ці не занадта патрабавальны да чалавека Бог? Усе патрабаванні Касцёла ўзнікаюць толькі таму, што Ён жадае бачыць чалавека чалавекам. Суровымі альбо невыноснымі гэтыя патрабаванні могуць здавацца толькі для тых, якія, мякка кажучы, не зусім дацягваюць да сапраўднага наймення чалавека.

3. Шмат вельмі сучасных і вельмі ўрбанізаваных людзей жыве сёння паводле запаведзяў Евангелля. Кожны з нас ведае, мабыць, не аднаго такога чалавека. Значыць, гэта магчыма. Увогуле, калі мы ўжываем слова «жыць», то толькі паводле Евангелля. У іншым выпадку лепш не карыстацца гэтым глыбокім словам.

4. Секулярызацыя – гэта не настолькі пагроза, наколькі спакуса. Д'ябал у пустэльні намагаўся змяніць характар місіі Хрыста, прапануючы Яму пайсці ў кірунку «вялікіх рэчаў гэтага свету». Менавіта гэта і быў пачатак гісторыі спакусы секулярызацыі, інакш кажучы, кампрамісу паміж хрысціянскай навукай і карыслівай логікай свету (ужываю тут гэтае слова ў біблійным сэнсе). У наш час гэтая спакуса, вядома ж, не аслабла. На Беларусі, думаю, склалася вельмі спецыфічная сітуацыя, у якой Касцёл павінен змагацца за сваю тоеснасць, не прыслухоўваючыся да таго, якім бы жадаў бачыць яго свет. У нашым грамадстве суіснуюць розныя хрысціянскія супольнасці, якія часам зусім па-рознаму ставяцца да праяваў сённяшняга дня. І калі свет бачыць, што адны вызнаўцы Хрыста спалучаюць паняцце сям'і з абортамі, шматразовымі шлюбамі, гомасексуальнымі сувязямі, то не разумее, чаму іншыя вядуць супраць таго ж актыўную барацьбу. Альбо яшчэ прыклад. Адна хрысціянская супольнасць кананізуе цара, а ў другой хрысціяне не могуць зразумець, як можна спалучыць дэспатызм таго ж цара са святасцю. Прыярытэт у такой сітуацыі можа быць толькі адзін. Для нас не павінна быць істотна тое, якімі жадаюць нас бачыць свет, улада, дзяржава. Важна толькі тое, якімі нас жадае бачыць наш Бог і Пан.

Ірына ЖАРНАСЕК


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY