Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(17)/2001
Рэха пілігрымкі
Пра самае важнае
Постаці
Мастацтва
Хрысціянская думка
На кніжнай паліцы
Святло слова
Нашы святыні
Сведчаць архівы
Проза

ПЕКЛЫ. Апавяданне
Паэзія

ВЕРШЫ
Кантрапункт

Выберыце правільную дарогу...

Пілігрымка Святога Айца Яна Паўла ІІ на Украіну, якая адбылася 23–27 чэрвеня г.г., ужо стала гісторыяй. Для Украіны гэта была падзея тысячагоддзя. Так перадусім ацэньваюць яе самі ўкраінцы. Пілігрымкаю «пераадолення падзелаў у духу любові і ўказання духовых арыенціраў для ўзаемнага паяднання» назваў яе вядомы ўкраінскі прафесар Уладзімір Мокры. Па яго словах, Святы Айцец пацвердзіў тысячагадовую традыцыю хрысціянства ў гэтым затэізаваным за гады савецкай няволі краі.

Прамаўляючы казанні па-ўкраінску, звяртаючыся да ўкраінцаў на іх роднай мове, Папа ўзняў яе аўтарытэт, што мае вялізнае значэнне для краіны, у якой толькі адна трэцяя частка жыхароў паслугоўваецца роднаю моваю.

Несумненна, адным з найбольш важных момантаў пілігрымкі стала беатыфікацыя першых мучанікаў грэка-каталіцкай Царквы, што загінулі ў часе камуністычнага тэрору. Менавіта в Украіне Святы Айцец увёў абсалютна новае паняцце – «экуменізм мучанікаў». Гэты экуменізм, збудаваны на трывалым духоўным падмурку і пацверджаны ахвяраю крыві, мае свае глыбокія карані, якія ў будучыні павінны даць новы і шчодры плён узаемаразумення, паяднання і згоды. «Экуменізм мучанікаў», па словах прафесара У. Мокрага, – шанц не толькі для Украіны, але таксама для ўсяго нашага, глыбока параненага рэгіёну Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Пастаянна заклікаючы да еднасці і згоды, да вернасці Пану Богу і Яго запаведзям, молячыся за Украіну і яе народ, Папа здолеў пасеяць у збалелых сэрцах людзей зерне надзеі, якое абавязкова прарасце і дасць свой духоўны плён. Гэта была цяжкая праца дзеля будучыні. Вельмі важнаю стала сустрэча Яна Паўла ІІ з моладдзю, якая адбылася 26чэрвеня ў Львове. Там перад Папам суладна і дружна выступалі ўкраінцы, палякі, рускія. Гэта было першае ў гісторыі краіны спатканне такога значэння, якое паказала моладзі абсалютна новыя далягляды.

Святы Айцец у сваёй прамове звяртаўся непасрэдна да моладзі Украіны, але яго словы прагучалі як запавет для ўсіх маладых людзей, якія шукаюць духоўных арыенціраў і адказаў на многія балючыя пытанні нашага складанага часу.

Рэд.

З прамовы Яна Паўла ІІ падчас сустрэчы з моладдзю ў Львове (26.06.2001 г.)

1. «Пане, да каго нам ісці? Ты маеш словы жыцця вечнага!» (Ян 6, 68).

Дарагая моладзь Украіны, апостал Пётр скіраваў гэтыя словы да Езуса, які аб'явіўся народам як хлеб, што зышоў з неба, каб людзям даць жыццё вечнае (пар. Ян 6, 58). Сёння я з радасцю паўтараю гэтыя словы сярод вас, больш за тое, паўтараю іх ад вашага імя і разам з вамі.

Сёння Хрыстус задае вам пытанне, якое тады задаў апосталам: «Няўжо і вы хочаце адысці?» А вы, маладыя людзі Украіны, што адкажаце? Я ўпэўнены, што разам са мною і вы таксама паўторыце гэтыя словы Пятра: «Пане, да каго нам ісці? Ты маеш словы жыцця вечнага». (...)

2. Так, дарагая моладзь, Хрыстус мае «словы жыцця вечнага». Яго словы трываюць вечна, а перадусім адкрываюць нам брамы жыцця вечнага. Калі Бог гаворыць, то Яго словы даюць жыццё, клічуць да існасці, указваюць шлях, адраджаюць расчараваныя і заблуканыя сэрцы і ўліваюць у іх новую надзею.

Калі чытаем Біблію, то з першых яе старонак адкрываем, што гаворыць да нас Бог. Гаворыць, даючы стварэнню жыццё: неба, зямля, святло, воды, жывыя істоты, мужчына і жанчына – усё існуе дзякуючы Яго слову. Яго слова надае сэнс усім рэчам, вызваляючы іх з хаосу. Таму прырода – гэта агромністая кніга, у якой са здзіўленнем мы можам знаходзіць усё новыя сляды Боскага хараства!


Падчас беатыфікацыі грэка-каталіцкіх мучанікаў. Львоў. 27.06.2001 г.
Яшчэ больш, чым у стварэнні, Бог прамаўляе ў гісторыі чалавецтва. Часта Ён указвае сваю прысутнасць у лёсах свету, распачынаючы дыялог з людзьмі, створанымі на Яго вобраз, хочучы з кожным тварыць адзінства жыцця і любові. Гісторыя становіцца такім чынам шляхам узаемапазнання паміж Створцам і чалавечаю істотаю, дыялогам, канчатковая мэта якога – вывесці нас з няволі граху да свабоды і любові.

3. Дарагая моладзь, гісторыя, якая ўспрымаецца такім чынам, становіцца дарогаю да свабоды. Ці хочаце вы ісці гэтаю дарогаю? Ці хочаце таксама і вы ўдзельнічаць у гэтай прыгодзе? (...)

4. (...)У сённяшнім свеце адбываюцца глыбокія і нечаканыя грамадскія перамены і нівелююцца многія маральныя каштоўнасці, кідаючы людзей у хаос, а часта і ў роспач. Дэкалог – як компас у бурлівым моры, які дапамагае нам трымаць курс і даплысці да берага. Таму сёння, маладыя людзі Украіны, я прагну нанова сімвалічна прадставіць вам Дзесяць Запаведзяў, каб яны былі вашым «компасам», сур'ёзным адпраўным пунктам у пабудове вашага сённяшняга дня і будучыні.

5. «Будзеш любіць Пана Бога твайго». Мы павінны даць Пану Богу першае месца ў сваім жыцці. Таму першыя тры запаведзі датычаць нашай сувязі з Богам. Ён заслугоўвае, каб мы Яго любілі ўсім нашым сэрцам, усёю нашаю душою і ўсімі нашымі сіламі (пар. Дрг 6, 5). Бог адзін, і нельга Яго замяніць фальшывымі бажкамі. Таксама і вам, дарагія маладыя людзі, Ён кажа: «Я ёсць Пан Бог ваш. Я хачу прывесці вас да паўнаты жыцця: не замяняйце Мяне нічым». Сёння існуе моцны націск на тое, каб сапраўднага Бога замяніць фальшывымі, ілюзорнымі бажкамі. Сённяшнія бажкі – гэта матэрыяльныя рэчы. Мы павінны іх шукаць, клапаціцца пра іх і паслугоўвацца імі як сродкамі і прыладамі дабрабыту, яны павінны нам дапамагаць. Аднак ніколі яны не павінны займаць першага месца ў сэрцы чалавека, тым больш у сэрцах маладых людзей, якія пакліканы ўзносіцца высока да найпрыгажэйшых і найшляхотнейшых ідэалаў. Імя Бога – Айцец, Любоў, Вернасць, Міласэрнасць. Як жа не прагнуць, каб усе Яго ведалі і любілі? Ягоны дзень – шабат, якім для нас, хрысціянаў, з'яўляецца нядзеля; дзень Панскага Змёртвыхпаўстання ёсць прадчуваннем Абяцанай Зямлі. Як жа можна нам не святкаваць яго праз удзел у Эўхарыстыі, у радаснай сустрэчы хрысціянскай супольнасці?

6. «Любі бліжняга твайго». Астатнія сем запаведзяў датычаць нашых адносінаў з бліжнімі. Яны паказваюць нам дарогу, якая робіць магчымым устанаўленне кантактаў з іншымі людзьмі, кантактаў, якія вызначаюцца шанаваннем і любоўю і ўгрунтаваны на праўдзе і справядлівасці.

Той, хто практыкуе гэтае Божае Права, часта вымушаны ісці супраць цячэння. Моладзь Украіны, Хрыстус вымагае ад вас, каб вы ішлі супраць цячэння. Вымагае, каб вы былі абаронцамі Яго Права і каб прымянялі гэтае Права ў сваім штодзённым жыцці. Гэтае старажытнае і заўсёды актуальнае Права знаходзіць сваё дасканалае спаўненне ў Евангеллі. Любоў ажыўляе быццё, сапраўдная глыбокая любоў вядзе да вернага захавання Дзесяці Запаведзяў. Маючы гэтае Боскае Права, моцна ўкаранёнае ў вашых сэрцах, вы не павінны баяцца, бо з ім вы можаце цалкам рэалізаваць сябе і спрычыніцца да пабудовы больш салідарнага і справядлівага свету.

7. Дарагая моладзь, ваш народ перажывае цяжкі і складаны пераход ад таталітарнага рэжыму, які на працягу гэтулькіх гадоў яго знявольваў, да ўрэшце вольнага і дэмакратычнага грамадства. Аднак свабода патрабуе моцных, адказных сумленняў. Свабода – патрабавальная, і ў пэўным сэнсе яна цяжэйшая, чым няволя!


Ян Павел ІІ з іерархамі грэка– каталіцкай Царквы на Украіне.
Таму, па-бацькоўску вас абдымаючы, кажу вам: выберыце правільную дарогу, якую ўказвае вам Бог у сваіх запаведзях. Гэта словы праўды і жыцця. Часта дарога, якая здаецца шырокаю і зручнаю, аказваецца потым падманліваю і памылковаю. Не пераходзьце з няволі таталітарнага рэжыму ў няволю спажывецтва, у іншую форму матэрыялізму, які, нават не адпрэчваючы Бога, фактычна Яго адмаўляе, выключаючы Яго з жыцця. Без Бога не можам нічога добрага ўчыніць. Тым часам з Яго дапамогаю вы здолееце справіцца з усімі выклікамі сённяшняга дня. Здолееце зрабіць правільны выбар, ідучы супраць цячэння, напрыклад, вырашаючы застацца вернымі Айчыне, не паддаючыся ілюзіям лёгкага жыцця за мяжою. Вы патрэбныя тут, вы, маладыя, гатовыя ўнесці свой уклад у наладжванне грамадскіх, культурных, эканамічных і палітычных стасункаў у краіне. Тут патрэбныя вашыя таленты, яны патрэбныя для будучыні гэтай вашай зямлі, якая мае такое слаўнае мінулае.

Будучыня Украіны ў вялікай ступені залежыць ад вас і ад тае адказнасці, якую вы здолееце ўзяць на сябе. Бог будзе благаслаўляць вашыя намаганні, калі вы сваё жыццё велікадушна аддасце на службу сям'і і грамадству, ставячы агульнае дабро вышэй за прыватныя інтарэсы. (...)

Сапраўдная цывілізацыя не вымяраецца толькі эканамічнымі дасягненнямі, але перадусім людскім, маральным і духоўным развіццём народу.

8. Дарагая моладзь! Я дзякую Богу, што дазволіў мне сустрэцца з вамі. Перш чым вас пакіну, я хацеў бы дадаць апошняе слова: любіце Касцёл! Ён – вашая сям'я і духоўная будоўля, для якой вы павінны быць жывымі камянямі. На вашай зямлі Касцёл паказвае асабліва захапляльнае аблічча дзякуючы розным традыцыям, якія яго ўзбагачаюць. Трымайцеся ў духу братэрства і ўзрастайце ў паяднанні, як сёння, каб розныя традыцыі не былі прычынаю падзелаў, але, хутчэй, штуршком да ўзаемапазнання і павагі.

Няхай на гэтым шляху спадарожнічае вам Панна Марыя, якая так глыбока ўшаноўваецца тут, на зямлі Украіны. Любіце і слухайце Яе. Яна вас навучыць, як стаць шчырым і велікадушным дарам для Бога і братоў. Яна натхніць вас да пошукаў у Хрысце паўнаты жыцця і радасці. (...)

Няхай вашаю духоўнаю спажываю будзе Эўхарыстычны Хлеб! Накормленыя Ім у Эўхарыстыі, вы заўсёды вытрываеце ў Яго любові і дасце шчодры плён. (...)

«Пане, да каго нам ісці? Ты маеш словы жыцця вечнага». Паўтарайце іх і не бойцеся! Хрыстус будзе вашаю сілаю і вашаю радасцю.

Дзякую вам, дарагія сябры! Папа вас любіць і глядзіць на вас як на ахоўнікаў новай заранкі надзеі. Праслаўляе ён Бога за вашую велікадушнасць, сардэчна, з любоўю моліцца за вас і благаслаўляе вас.

Ян Павел ІІ і кардынал Любамір Гузар падчас Св. Імшы, адпраўленай у візантыйскім абрадзе на Кіеўскім аэрадроме «Чайка».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY