|
|
№
3(17)/2001
Рэха пілігрымкі
Пра самае важнае
Біскуп Уладзіслаў БЛІН
СВЯТАРСКАЯ Постаці
Мастацтва
Хрысціянская думка
На кніжнай паліцы
Святло слова
Нашы святыні
Сведчаць архівы
Проза
Паэзія
Кантрапункт
|
(POWSZECHNA ENCYKLOPEDIA FILOZOFII. T. I. A-B, LUBLIN, 2000). Пабачыў свет першы том універсальнай энцыклапедыі філасофіі, выдадзены ўпершыню ў гісторыі польскай культуры. Аўтарскі калектыў выдання ў асноўным складаюць прафесары і дактаранты факультэта філасофіі Люблінскага каталіцкага універсітэта, слыннага ў свеце праз Lublin School of Philosophy. Апякуецца праектам Польскае Таварыства Тамаша з Аквіну (аддзел Societа Internazionale Tommaso d'Aquino – SITA), ля вытокаў якога стаяў калісьці прафесар філасофіі, кардынал Караль Вайтыла – цяперашні Папа Ян Павел ІІ. Да ўдзелу ў працы запрошаны замежныя мысляры рэалістычнага кірунку, зарыентаваныя на класічную філасофскую спадчыну (аўтары з Іспаніі, Італіі, Францыі, ЗША, Расіі, Беларусі, Украіны, Эстоніі, Славакіі і інш.). Узначальвае аўтарскі калектыў вядомы польскі і сусветны мысляр Мечыслаў Альберт Кромпец ОР – дамініканін, творца Люблінскай філасофскай школы. У прадмове да першага тома аўтары пішуць: «Сярод розных тыпаў энцыклапедый незаменную ролю адыгрываюць энцыклапедыі філасофскія. Філасофія, што пранікае такія істотныя сферы культуры, як пазнанне, практычную дзейнасць, творчасць, ёсць для кожнага народа логасам (розумам), які дазваляе адкрыць вышэйшы, чым толькі будзённы, сэнс жыцця і дзейнасці [...] Ініцыятыва апрацоўкі і выдання шматтомавай Усеагульнай Энцыклапедыі Філасофіі паходзіць з асяроддзя, якое ў найцяжэйшыя для польскай філософіі і гуманістыкі часы апошняга пяцідзесяцігоддзя развівала, абараняла і захоўвала незалежнае філасофскае пазнанне, стоячы такім чынам на варце польскай культуры. Калектыў [...] успрымае гэтае заданне як паслугу мыслення і службу ісціне». Энцыклапедыя заклікана цэласна паказаць (адсюль яе «powszechny» – усеагульны характар) асноўныя філасофскія праблемы, з асаблівым акцэнтам на «экзістэнцыяльна важных метафізічных пытаннях» быцця, праблематыцы чалавека і культуры. Гэта – энцыклапедыя ўсіх істотных праблем рэчаіснасці (а не тэорый), адрасаваная ўсім , хто занепакоены пазнаннем ісціны, а не толькі дыпламаваным спецыялістам-«філосафам». Гэткая амбіцыйнасць для нас – спажывальнікаў альбо ідэалагізаванай савецкай філасофіі альбо гульнёвай псеўдафіласофіі моднага апошнім часам постмадэрнізму – можа падацца чымсьці лёгкаважна максімалістычным, ды толькі імкненне спазнаць ісціну і разумна растлумачыць гэты свет, наколькі магчыма для чалавека, здаўна характарызавала сапраўдную філасофію – плён натуральнага чалавечага разумовага высілку. Такім чынам, аўтараў PEF натхняе дух філасофскага класіцызму і прага прапанаваць грамадству трывалыя падставы для абгрунтаванага і ўдумнага светапогляду, без якога жыццё чалавека асуджана на абсурд – блуканне ў поцемках. Гэта прафесійная задача філасофіі par excellence. Зразумела, што на першым плане для навукоўцаў каталіцкай вучэльні традыцыйна стаіць сам чалавек, яго адэкватнае разуменне. Таму гэта энцыклапедыя як для чалавека, так і пра чалавека. Першы том уключае праграмныя артыкулы Акт чалавечы, Антрапалогія, у якіх дадзена рэалістычная інтэрпрэтацыя чалавека як асобы, адкрытай на трансцэндэнтную перспектыву, а таксама базавае разуменне культуры. Наступная адметнасць энцыклапедыі палягае ў метадзе, пры дапамозе якога яе аўтары вырашаюць філасофскія пытанні. Як адзначалася, іх увага скіравана не на філасофскія тэорыі самі па сабе (сярод якіх 99 адсоткаў засяроджаны на адцягненай ад рэчаіснасці рэфлексіі і не заўсёды «згодны» з самой рэчаіснасцю, несувымерна больш багатай за ўсялякія тэорыі), але на рэальнае вырашэнне філасофскай праблематыкі праз пошук вызначальных – рэальных! – прычын той ці іншай быційнай з'явы, у тым ліку і мыслення. Напрыклад, адносна чалавека трэба даць адказы на пытанні: кім з'яўляецца чалавек як жывая істота; якія прынцыповыя элементы «ўтвараюць» чалавека; дзякуючы чаму (якім прычынам) чалавек увогуле існуе на зямлі; да якой мэты скіраваны чалавечыя дзеянні і культура, а ўрэшце – якая канчатковая мэта чалавечага жыцця? Адказы на гэтыя фундаментальныя і для кожнага з нас, смяротных, істотныя пытанні прапануе артыкул Антрапалогія. Такім чынам, выданне мае рэалізоўвацца паводле класічнага арыстоцелеўска-тамістычнага метаду і з тае прычыны арыентуецца на «здаровы чорны хлеб» ісціны ў процівагу постмадэрністычнай хваробе рэлятывізму. Скіравана яно да ўсіх, хто яшчэ не адрокся ад Богам дадзенай здольнасці розуму і спрабуе ўжываць яе дзеля пазнання свету, сябе і мэты свайго жыцця (яшчэ адзін сэнс «усеагульнасці»). Універсальны характар выданню надае ўлік звышразумных ісцінаў хрысціянскага Аб'яўлення, якія дапаўняюць «чыста» філасофскае тлумачэнне рэчаіснасці праз апеляцыю да Божага аўтарытэту (найперш гэта датычыць разумення чалавека і канчатковай мэты яго існавання). Такім чынам, свядома рэалізуецца традыцыйны каталіцкі сінтэз розуму і веры – fides et ratio, які ані не парушае аўтаноміі філасофскага пазнання, ані не імкнецца да абсалютнай рацыяналізацыі таямніцаў веры. Аднак пазначэнне самой сферы таямніцы неабходнае для філасофіі, пазнавальныя сродкі якой абмежаваны, з аднаго боку, самой рэальнасцю, даступнай чалавеку фрагментарна, а з другога, –неабсалютнымі здольнасцямі чалавечага розуму, які патрабуе святла веры для прыняцця трансцэндэнтнай перспектывы судакранання чалавека з Богам. Такім чынам, філасофскае тлумачэнне рэчаіснасці мае сваім працягам сцвярджэнні тэалогіі, якія далікатна ўлічаны аўтарамі энцыклапедыі. У гэтых адносінах выданне можа быць цікавым як для тэолагаў (і не толькі каталіцкіх), так і для людзей, якіх цікавяць пытанні веры і рэлігіі. Першы том энцыклапедыі асвятляе шмат якія тэалагічныя і практычныя аспекты хрысціянства і іншых сусветных рэлігій (найбольш будызму). Калі гэткі падыход будзе вытрыманы і ў наступных тамах РEF , то энцыклапедыя дадаткова набудзе яшчэ і тэалагічны характар. Структура энцыклапедыі адпавядае яе праблематыцы і мэтам. Яна ўключае найперш артыкулы праблемныя – найбольш значныя паводле зместу, бо яны прысвечаныя прынцыповай экзістэнцыяльнай праблематыцы, напісаныя ў форме лекцый (Антрапалогія, Бог, Быт =існае і інш. у першым томе); аглядныя – прысвечаныя эвалюцыі філасофскіх кірункаў і фармуляванню праблематыкі (Абсалют, Атэізм і інш.); біяграфічныя – персаналіі тых, хто ўвайшоў у гісторыю філасофскай культуры як яе адметны творца (у першым томе гэта артыкулы Арыстоцель, Аўгустын і інш.). Кожны артыкул суправаджае падрабязная бібліяграфія на асноўных еўрапейскіх і арабскай мовах. Аглядныя артыкулы найбольш прысвечаны класічнай філасофскай думцы Еўропы як падставе тоеснасці еўрапейскай культуры, аднак пададзены таксама філасофскія ідэі культураў Індыі, Кітая, Карэі і Японіі. Дарэчы, шырока – кампетэнтна і крытычна – асвятляецца расійская філасофія і багаслоўе (Бярдзяеў, Булгакаў і інш.), што ёсць для польскай энцыклапедыі пэўным novum, а для спажывальнікаў расійскамоўнай літаратуры можа быць каштоўнай крыніцай аналітычнай інфармацыі аб расійскіх мыслярах, чыя спадчына вернута апошнім часам ў культурны ўжытак, аднак, як падаецца, без належнага крытычнага асэнсавання. Цэнтральныя артыкулы першага тома – згаданыя Антрапалогія, Бог, Быт і інш. – заўжды актуальныя для фармавання культуры думкі і класічныя паводле філасофскага зместу. Энцыклапедыя запланавана на 8 тамоў – адзін том штогод. У кожным томе будзе змешчана каля 500 артыкулаў прыблізна на 800 старонках фармату А4. Замовіць выданне можна па тэлефоне ці поштай, у тым ліку электроннай: Polskie Towarzystwo Tomasza z Akwinu, Katolicki Uniwersytet Lubelski, Katedra Metafizyki, Al. Racіawickie 14, 20–950 Lublin. Tel. (8–1048–81) 445 45 37; 445 45 38. E-mail: tomasak@kul.lublin.pl. Кошт аднаго тома з перасылкай у межах Польшчы – каля 100 злотых (прыблізна 20 даляраў).
Юрась ЗАЛОСКА,
магістр філасофіі, удзельнік аўтарскага калектыву PEF
|
|
|