Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(17)/2001
Рэха пілігрымкі
Пра самае важнае
Постаці
Мастацтва
Хрысціянская думка
На кніжнай паліцы
Святло слова
Нашы святыні
Сведчаць архівы
Проза

ПЕКЛЫ. Апавяданне
Паэзія

ВЕРШЫ
Кантрапункт


Ксёндз Уладзіслаў Блін нарадзіўся 6 мая 1954 г. у Свідвіне Кашалінскага ваяводства ў Польшчы (бацькі яго родам з Беларусі). Закончыў Вышэйшую духоўную семінарыю, абараніў магістарскую працу і ліцэнзіят. З 1991 г. працаваў пробашчам Магілёўскай катэдры св. Станіслава. У канцы 1998 г. абараніў доктарскую дысертацыю. Біскупскую сакру атрымаў 20 лістапада 1999 г. з рук кардынала Казіміра Свёнтка і быў прызначаны ардынарыем новаўтворанай Віцебскай дыяцэзіі.
 
Кс. бп. Уладіслаў БЛІН

Святарская і манаская духоўнасць у жыцці Касцёла на Беларусі ў перспектыве ХХІ стагоддзя

Мяркую, што гэтую тэму трэба разглядаць у аспекце спецыфікі хрысціянскага паклікання, якім ахоплены ўсе ахрышчаныя. Думаю таксама, што такі ход разважанняў дапаможа адшукаць істотныя рысы духоўнасці ў святарскай і манаскай паслузе мясцовага Касцёла. Вядомы тэолаг Рэнато дэ Зан сцвярджае, што «праз усю гісторыю Збаўлення праходзіць ідэя паклікання і няма такіх старонак у біблійным тэксце, на якіх непасрэдна альбо ўскосна не прысутнічала б гэтая тэма» . Згаджаючыся з несумненнаю праўдзівасцю такога сцвярджэння, мяркую, што слушным будзе панарамны погляд на гэтую праблему. Не трэба нікога пераконваць у тым, што новазапаветнае пакліканне глыбока ўкаранёна ў Старым Запавеце і ў супольнасці вернікаў. Тым, што яднае, ёсць прычынная сузалежнасць з боку таго, хто кліча, бо толькі Ён ведае матывы і мэту, «якою з'яўляецца пасрэдніцтва, што мае падвойны характар: ахвяру і навучанне» 1, дыяпазон дзеяння і тэрыторыю, бо гэтая рэчаіснасць мае свой пачатак у дыялогу паміж Богам і чалавекам. Ініцыятарам заўсёды выступае Бог, а партнёрамі – выбраныя людзі і народ, таму прапаную разглядаць святарскае і манаскае служэнне ў такой перспектыве, базуючы яе на біблійных вобразах і супастаўляючы з досведам Касцёла на Беларусі. Хацелася б гаварыць пра святарскую і манаскую духоўнасць заўтрашняга дня, не робячы прагнозаў, але імкнучыся заглыбіцца ў паслугу сённяшніх святароў, якая цесна паяднана з мінулым і досведам мясцовага Касцёла. Хацеў бы ўгрунтаваць гэтыя развагі на Слове Божым, упісваючы іх у кантэкст надзённасці. Думаю, што такім чынам можна спрычыніцца да падрыхтоўкі будучыні і, па магчымасці, акрэсліць душпастырскія задачы.

Супольны аспект
Шмат біблійных тэкстаў выразна акрэсліваюць пакліканне ў вымярэнні «народу» , напрыклад: «Пан выбраў вас і знайшоў упадабанне ў вас не таму, што колькасна пераўзыходзіце ўсе народы, бо з усіх народаў з'яўляецеся найменшым, а таму, што Пан вас палюбіў, і хоча захаваць прысягу вашым продкам. Прывёў вас моцнаю рукою і выбавіў вас з дому няволі, з рукі фараона, караля егіпецкага» (гл. Друг 7, 7–8). Праз гэты радыкальны досвед умілаваны Богам народ усвядоміў сабе, што ён асабліва залежны ад Бога. Гэтае ўсведамленне абранасці прадугледжвае супольнае імкненне да святасці, выказанай словамі: «Паколькі Я ёсць Пан Бог Ваш – асвяціцеся. Будзьце святымі, бо Я – святы» (гл. Свят 11, 44; 19, 1; 20, 26).

Так абгрунтаваны заклік да святасці мае на мэце фармаванне святога народу. «Будзьце для мяне народам святым» , – кажа Бог у Кнізе Зыходу (19, 6). Падобныя заклікі сустракаем у Кнізе Другазаконня 7, 6 і 14, 2. У гэтых тэкстах звяртае на сябе ўвагу формула: «Люд, які ёсць Яго асабліваю ўласнасцю» . Словы «Быць для Бога» ў Старым Запавеце маюць ясны і адназначны сэнс. Сутнасць гэтага выказвае Кніга Зыходу ў словах: «Цяпер, калі пільна будзеце слухаць голасу Майго і захоўваць Мой запавет, будзеце асабліваю Маёю ўласнасцю сярод усіх народаў, бо Мне належыць уся зямля. А вы будзеце для Мяне валадарствам святароў і людам святым. Такія вось словы скажы ізраэлітам» (19, 5–6).

З прыведзенага тэксту відаць, да чаго абавязвае Ізраэль яго абранніцтва Богам. Была ўказана збаўчая перспектыва, угрунтаваная на асаблівай уласнасці Бога, якая павінна ўчыніць выбраны народ валадарствам святароў і людам святым. Гэтае двухвектарнае абяцанне абумоўлена толькі паслухмянасцю Божаму слову (Зых 19, 5), абяцанне, якое ляжыць у аснове Запавету. Эфектам жа гэтага павінна стаць учыненне Ізраэля валадарствам святароў. Гэта сведчыць пра наданне новых прывілеяў і ўказвае на мэту новага існавання ўсяго народу. Ізраэль павінен існаваць дзеля таго, каб асаблівым, выключным чынам заняцца адданнем пашаны Богу.

А таму мы можам сцвердзіць, што адным з вынікаў паслухмянасці слову Божаму ёсць клопат пра чысціню культу Яхвэ і павелічэнне Яго хвалы. Гэтае вымярэнне культавага паклікання Ізраэля не ідзе толькі па літургічнай лініі, а таму гаворка не пра складанне ахвяраў, а пра ўслухоўванне ў тое, што кажа Бог (Ер 7, 21–24; Ам 5, 21–25), гэта значыць, пра ўстанаўленне сапраўднага дыялогу з Богам.

Другі аспект – абяцанне быць людам святым. А таму «люд святы» будзе адлучаны, ізаляваны ад рэлігійных уплываў іншых народаў, каб дзякуючы гэтаму знаходзіцца ў выключным распараджэнні Бога.

Трэба зазначыць, што гэта ідэальны вобраз, які яшчэ не рэалізаваўся у гісторыязбаўчай падзеі, нягледзячы на яго вербальнае пацвярджэнне, выказанае словамі «Учынем усё, што Яхвэ загадаў» (гл. Зых 19, 8).

Індывідуальны аспект
Рэалізацыя паклікання народу і абранніцтва Ізраэля была даручана паасобным людзям. Параўноўваючы апісанні пакліканняў у Старым Запавеце, трэба зазначыць, што там ёсць даволі шмат апісанняў індывідуальных пакліканняў. Асобы, пакліканыя Богам у Старым Запавеце, павінны былі дапамагчы народу рэалізаваць агульнае пакліканне. Бог кіраваў сваім народам таксама праз асобаў не непасрэдна выбраных Ім, напр., каралёў, святароў... Святарскія функцыі выконвалі людзі, якія належалі да пакалення левітаў, а таму праз спадчыннасць, як правіла, індывідуальна пакліканы чалавек быў прызваны фармаваць люд Божы.

Кожнае індывідуальнае пакліканне мае сваю спецыфіку. Аднак да агульных рысаў можна аднесці тое, што Божае слова як бы нечакана запаўняе пакліканага. Звычайна, слова гэтае таямнічае, часам незразумелае (напр., роля маці Самуэля) (1 Сам 1, 11; 1, 28). (...)

Божае слова заклікае рэалізаваць цяжкую місію. Бог кліча па імені і часам гэтае імя змяняе, напр., Абрагам, Якуб. Усе гэтыя рысы бачныя, скажам, у пакліканні Абрагама.

Пра жыццё і дзейнасць Абрагама да паклікання мы маем няшмат звестак. Ведаем, што ён вёў жыццё качэўніка, меў сваю айчыну, меў сваю сям'ю, меў уласныя атары авечак і ўласную зямлю; меў сваіх багоў, якіх ушаноўваў (Быц 24, 2. 14; Юд 5, 7–9).

Першае заданне Бога – гэта заклік пакінуць родную зямлю, уласнае племя і дом. Катэгарычны заклік парваць сувязі з нацыянальнаю культураю, з рэлігіяй і звычаямі ўказваецца як умова ісці ў невядомую зямлю, умова, пастаўленая Незнаёмым.

Пасля ўказваюцца абяцанні. Іх сем:

  1. «Учыню з цябе вялікі народ;
  2. буду табе благаславіць;
  3. услаўлю імя тваё;
  4. станешся благаслаўленнем;
  5. буду благаславіць тым, хто цябе благаславіць будзе;
  6. а тых, хто цябе знеслаўляць будзе, і я зняслаўлю;
  7. Праз цябе будуць атрымліваць благаслаўленне народы ўсёй зямлі»
(Быц 12, 2–3), (станешся благаслаўленнем).

Пазіцыя Абрагама
Выправіўся ў дарогу (Быц 12, 4) – Згода.
Збудаваў алтары, пасля размовы з Богам і атрымання зямлі (12, 4) –
Кансэкрацыя месца.
Прызываў імя Бога (12, 8) – Перавага Бога
Вера ў шматлікае патомства як заслуга (15, 5–6).
Сярод кананэйцаў жыве як пілігрым, чужы – Надзея.

У родзе Абрагама Божае слова рэалізуецца моцаю. Яно стала матывам дзякуючы якому Абрагам пайшоў за Божым голасам.

Следаванне за Богам у родзе Абрагама прадугледжвае:

  1. умяшанне Бога, які пераймае ініцыятыву над асобаю, што аддаецца Яму цалкам;
  2. веру, надзею, вернасць, паслухмянасць, якія ў выніку ўкараняюць чалавека ў любові Бога.

Езус
Можа гэта прагучыць дзіўна, але ў асобе Езуса таксама была паказана характарыстыка пакліканага. Ужо сам выбар імені паводле Старога Запавету – гэта адзін з элементаў паклікання. Бог праз анёла перадае Марыі, якое Ён будзе мець імя (гл. Мц 1, 21. 25; Лк 1, 31; 2, 21). У іншым месцы чытаем: «з Егіпта паклікаў Я Сына Майго...» (гл. Мц 2, 15; Ос 11, 1).

Езус паказаны як Той, хто падагульняе ў сабе характарыстыку люду Божага і яго паклікання (Ос 11, 1).

Момантам паклікання ў жыцці Езуса з'яўляецца таксама хрост, праз які Ён быў аб'яўлены як пакліканы Айцом, каб быць Збаўцам і першым прадстаўніком збаўленых.

Апосталы
Новазапаветныя апісанні пакліканняў адназначна ўказваюць, хто прызывае і выбірае (гл. Мц 1, 16–20; Мк 2, 13–14). Езус прызывае дабравольна, не з увагі на заслугі ці нейкія здольнасці. Ён прызывае сам альбо праз іншых (гл. Ян 1, 35–51), але заўсёды існуе персанальны кантакт паміж пакліканым і Езусам.

Следаванне «за», а ў адносінах да пакліканых – следаванне за Хрыстом. Каб ісці «за», трэба выканаць вызначаныя Хрыстом умовы:

  1. Парваць сямейныя сувязі (гл. Лк 14, 26; Мц 10, 37).
  2. Узяць і несці крыж (гл. Лк 14, 27; Мц 10, 38; Мк 8, 34; Лк 9, 23; Мц 16, 29).
  3. Заплаціць за бескарыснае следаванне за Езусам (гл. Мк 10, 28–30).
  4. Аддаць перавагу пакліканню (гл. Мц 8, 21; Лк 5, 9).

Указаныя вышэй умовы, якія павінны выканаць выбраныя Богам людзі, адносяцца да рэчаіснасці ўсіх часоў, незалежна ад тэрытарыяльных асаблівасцяў. Можна сказаць, што біблійны ідэалізм не заўсёды тоесны душпастырскаму рэалізму, аднак ён павінен быць актуальна паяднаны праз названыя папярэдне каштоўнасці, на якія мусіць абапірацца духоўнасць святароў і кансэкраваных асобаў. Я адношу да іх: паслухмянасць, службовую пазіцыю, выяўленую праз евангелізацыю, і бескарыслівае следаванне за Хрыстом.

Паслухмянасць займае адно з цэнтральных месцаў у індывідуальным і грамадскім жыцці чалавека. Яна датычыць усіх сфераў жыцця і вельмі цесна звязана з аўтарытэтам. У рэлігійнай мове яна з'яўляецца праяваю прыняцця Божага Слова і збаўчых здарэнняў. Р.Грыленберг вызначае паслухмянасць як праяўленне душы, якое абавязвае да адказу, выяўленага праз канкрэтны ўчынак, а прынятае слова павінна ўплываць на паводзіны чалавека. Няздольнасць пачуць Слова Божае ідэнтыфікавалася з бязвер'ем і бунтам супраць Бога. Паслухмянасць павінна канкрэтызавацца акрэсленаю пазіцыяй у адносінах да Бога, чалавека і супольнасці. Ужо раней паказана на прыкладзе Абрагама, у чым заключаецца абсалютная паслухмянасць Богу.

Паслухмянасць людзям праяўляецца праз прызнанне простай ісціны, што Бог пануе над цэлым светам і абраным Ім людзям даручыў рэалізацыю пэўных мэтаў. Прыняцце гэтага пастулату прадугледжвае шанаванне аўтарытэту людзей, пастаўленых Богам. Як з гэтага вынікае, мэтаю так разуметай паслухмянасці ёсць клопат пра Найвышэйшае Дабро і ўсведамленне тых каштоўнасцяў, якія з яго вынікаюць. Саборавы дэкрэт «Аб паслузе і жыцці святароў» зазначае, што «спецыяльны сакрамант, у сілу якога прэзбітары дзякуючы намашчэнню Духа Святога пазначаныя асаблівым знакам і гэтак прыпадабняюцца да Хрыста Святара, каб маглі дзейнічаць у заступніцтве Хрыста Галавы» (І, 2). Сфармаваны да такой дзейнасці святар станецца слугою Хрыста Галавы для Яго Цела, якім ёсць Касцёл. Гэтае сцвярджэнне дазваляе сфармуляваць (абапіраючыся на душпастырскі досвед) думку, што добра сфармаванага святара характарызуе спосаб выяўлення Касцёла і надання яму пэўнага аблічча. І тут можна адшукаць самае істотнае, тое, што справа святара – гэта проста справа самога Касцёла! Вядомы тэолаг Х. Дэніс у кнізе «З думкаю пра святароў» сцвярджае: «Які Хрыстус, такі Касцёл. Якая галава, такое і цела. Гэтыя два эквіваленты пэўным чынам акрэсліваюць становішча святара і яго ісціну быцця. Пазіцыя слугі Хрыста ў Касцёле – гэта праяўленне ласкі, ласкі дару, якога вернікі не маглі б удзяліць сабе самі. Інакш кажучы, святары існуюць дзеля таго, каб справа Касцёла была па-сапраўднаму прынятая, прызнаная і перажывалася як справа самога Пана» (с. 8). Каб быў рэалізаваны гэты пастулат, трэба гэтак як Саламон прасіць у Бога паслухмянага сэрца (1 Кар 3, 9–10).

З гэтага павінна нараджацца евангелізацыйная пазіцыя, мэта якой па-рознаму акрэсліваецца ў тэалогіі: «перадача аб'яўлення», «аб'яўленне Добрай Навіны», «указванне Хрыста» і г.д. Ва ўсіх гэтых азначэннях адна рэлігійная праўда: праўда аб прызначэнні чалавека да пасмяротнага збаўлення. Караль Вайтыла патлумачыў гэта словамі: «Евангелізацыя ёсць проста справай збаўлення»2. Характэрным знакам паслясаборавай тэалогіі евангелізацыі з'яўляецца ўключэнне ў справу евангелізавання ўсіх членаў Касцёла. У дэкрэце «Аб місійнай дзейнасці Касцёла» падкрэсліваецца, што ўсе вернікі абавязаныя супрацоўнічаць у справе евангелізацыі: «Усе сыны Касцёла павінны жыва ўсведамляць сваю адказнасць за свет, павінны выхоўваць у сабе сапраўдны каталіцкі дух і прысвяціць свае сілы справе евангелізацыі» (ДМ VІ, 36). У нас абавязковая прэевангелізацыя, гэта значыць абвяшчэнне Евангелля тым людзям, якія пра яго яшчэ не чулі! Трэба ў іх абудзіць патрэбу і жаданне прыняць Слова Божае і ўказаць ім экзістэнцыяльную каштоўнасць. (...) Ян Павел ІІ акрэсліў гэта так: «Пакліканне ўсіх нас у Касцёле ёсць аб'яўленне Добрай Навіны Езуса Хрыста, перадача яе вернікам ва ўсё большай паўнаце (гл. Клс 3, 16) і азнаямленне з ёю няверуючых (гл. 1 П 3, 15). Ніводзін хрысціянін не можа адчуваць сябе вызваленым ад гэтага абавязку, які вынікае з сакраманту хросту і бежмавання і які бярэцца пад уздзеяннем Духа Святога... Аб прэзбітарах можна сказаць, што іх найпершая функцыя – гэта абвяшчэнне Слова Божага (гл. Lumen gentium, 28, ККК 1564), бо асноваю асабістага і супольнага хрысціянскага жыцця ёсць вера, якую нараджае Божае Слова і якая жывіцца гэтым Словам. ІІ Ватыканскі Сабор падкрэслівае гэтую евангелізацыйную місію, звязваючы яе з фармаваннем люду Божага і з правам усіх на атрыманне ад святароў евангелічнага паслання». Чарговая каштоўнасць, якую павінна ўсвядоміць духоўная асоба – гэта эклезіяльны гуманістычны абавязак, які заключаецца ў сцвярджэнні, што «чалавек – гэта першая і асноўная дарога Касцёла»3. З папярэдніх разважанняў вынікае, што святарскую і манаскую духоўнасць нельга аналізаваць толькі праз прызму мясцовага Касцёла, бо яна мае універсальнае вымярэнне.

Іншая праблема, звязаная з паняццем духоўнасці – гэта праблема асабістага і супольнага досведу і яго ўплыву на дзейснасць у збаўленчай паслузе святароў і кансэкраваных асобаў. Мяркую, што гэтыя разважанні адназначна ўказваюць на патрэбу ўсведамлення універсалізму таксама ў вымярэнні духовай фармацыі духоўных асобаў.

Каб справіцца з задачамі, якіх так шмат узята пад увагу, трэба прасіць у Пана надзеі, якая «трансцэндуе і ангажуе, ёсць пастаянным элементам дынамікі ў хрысціянскай веры. Надзея падштурхоўвае дзейнічаць, несці дапамогу, салідарызавацца са светам, не ідэнтыфікуючыся з ім. Яна прызнае, што яе роля заключаецца ў пастаяннай гатоўнасці служыць і дапамагаць»4. Толькі такая надзея, укаранёная ў Богу, гарантуе эфектыўнасць нашага развіцця і дасканалення ў малітоўным дыялогу з Богам, які час ад часу ўмацоўвае нашу надзею, асаблівым чынам даючы ўжо тут, на зямлі, знакі сваёй прыхільнасці»5.

Заканчваючы разважанні, падмацаваныя шматгадовым святарскім досведам, хацеў бы сказаць, што яны сталі своеасаблівым маяком у працы над уласнай фармацыяй, у фармацыі святароў, законнікаў і законніцаў, клерыкаў семінарый і свецкіх людзей. І за гэта Богу няхай будзе хвала.


  1. Langkammer H., Biblijne podstawy duchowości, Wrocław, 1987.
  2. Ewangelizacja w Świecie współczesnym, w: W kręgu Dobrej Nowiny, Lublin, 1989.
  3. Teologia bliższa życiu. Paris, 1993.
  4. Fries H., Wiara zakwestionowana, Warszawa, 1975.
  5. Spidlik T., W źródeł światłości, Warszawa, 1991.
  • La spiritualita dell Antico Testamento, Bologna, 1987.
  • La spiritualita del Nuovo Testamento, Bologna, 1988.
  • Pastores dabo vobis.
  • Teologia życia duchowego, Lublin, 1985.
  • Ateneum Kapłańskie, Duchowość Kapłańska, Włocławek, 1976, S. 403–405.
  • Weron E., Kierownictwo Duchowe, Warszawa, 1983.
  • Misiurek J., Zarys historii duchowości chreścijańskiej, Lublin, 1992.
  • Schokel L.A., Nadzieja, 1998, Kraków.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY