Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(17)/2001
Рэха пілігрымкі
Пра самае важнае
Постаці
Мастацтва
Хрысціянская думка
На кніжнай паліцы
Святло слова
Нашы святыні
Сведчаць архівы
Проза

ПЕКЛЫ. Апавяданне
Паэзія

ВЕРШЫ
Кантрапункт


Дадатак да артыкула: Галерэя
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

Сюжэты нараджэння Багародзіцы ў старабеларускім мастацтве

У кананічных Евангеллях мала звестак пра жыццё Багародзіцы. Пра нараджэнне і дзяцінства Панны Марыі апавядаюць апокрыфы, перш за ўсё, так званае «Протаевангелле Якуба», напісанае ў другой палове ІІ ст. ад імя Якуба, брата Езуса, сына Юзафа ад першага шлюбу. У сярэднія вякі яно было перакладзена на многія ўсходнія мовы, але да нашага часу дайшло толькі некалькі рукапісаў, найстарэйшы з якіх, «Гісторыя Якуба аб нараджэнні Марыі» (ІІІ ст.), знойдзены ў Егіпце. «Гісторыя» карысталася вялікай папулярнасцю ў хрысціянаў у часы позняй антычнасці і Сярэднявечча, асабліва на Усходзе, нягледзячы на адмоўнае стаўленне некаторых іерархаў Царквы (у прыватнасці св. Ераніма). На Захадзе апокрыф стаў вядомым толькі ў XVІ ст., калі быў прывезены з Усходу езуітам В. Постэлем (лацінскі пераклад надрукаваны ў 1552 г., грэцкі тэкст – у 1565 г.). У познім Сярэднявеччы была распаўсюджана «Кніга нараджэння Маці Божай і дзяцінства Збавіцеля», аўтарам якой лічылі св. Ераніма (па сучаснай тэрміналогіі – «Евангелле Псеўда-Мацвея»). Верагодна, раней за ўсё, з ІХ ст., на лацінскім Захадзе была вядома самастойная частка з вышэйзгаданых апокрыфаў пад назвай «Liber de nativitate Beatae Mariae» («Кніга Нараджэння Благаславёнай Марыі»). Вінцэнт з Бавэ (1198–1284) уключыў гэты апокрыф у «Spekulum historiale» («Люстэрка гісторыі»), а Якуб дэ Ворагінэ (1230–1293) – у знакамітую «Legenda aurea» («Залатую легенду») (Apokryfy Nowego Testamentu. Pod red. Ks. Marka Starowiejskiego. t. I Roździał V. Apokryfy o narodzeniu i dzieciństwie. Lublin, 1980. С. 175–250; Апокрифы древних христиан. М., 1989. С. 114–116). Апокрыфы далі падставу для некаторых найважнейшых Багародзічных святаў (Нараджэнне Багародзіцы, Увядзенне ў храм) і літаратурную аснову для іх увасаблення ў сакральным мастацтве.

Апокрыфы аб нараджэнні Марыі расказваюць, што быў сярод каленаў Ізраілевых вельмі багаты чалавек Якім, які прыносіў двайныя дары Богу, але не меў дзяцей. І вось аднойчы выступіў супраць яго першасвятар Рувім і сказаў: «Нельга табе прыносіць дары першаму, бо ты не стварыў нашчадкаў Ізраілю». Якім, даведаўшыся, што ўсе праведнікі мелі патомства, моцна засмуціўся і пайшоў у пустыню і пасціўся там сорак дзён і сорак начэй, кажучы: «Пакуль Пан не зробіць ласку, будзе мне ежай і пітвом малітва».

А жонка яго Ганна плакала з-за адыходу мужа і бяздетнасці. Але ў вялікае свята з намовы служанкі Юдзіфі яна аздобіла галаву павязкай, апранула шлюбнае адзенне і пайшла ў сад, дзе села пад лаўрам. Там Ганна ўбачыла на дрэве гняздо вераб'я і пачала плакаць і маліцца Богу, каб Ён блаславіў яе гэтак жа, як калісьці Сару, даўшы той сына Ісака. Тады з'явіўся перад ёю анёл і абвясціў, што Ганна народзіць дзіця і пра яе патомства будуць гаварыць ва ўсім свеце... У гэты ж час анёл прынёс суцяшальную вестку і Якіму. Калі той вярнуўся дахаты са сваім статкам, Ганна сустрэла яго каля брамы, абняла і паведаміла радасную навіну. У той дзень Якім знайшоў спакой у сваім доме. Раніцай ён прынёс шчодрыя дары Богу, старэйшынам і ўсяму народу... Прайшлі належныя месяцы, і Ганна нарадзіла дачку. І сказала жанчына: «Узвысілася душа мая ў гэты дзень». І назвала дачку Марыяй (Апокрифы древних христиан, с. 117–119).

Нараджэнне Багародзіцы ўвайшло ў лік дванаццаці галоўных хрысціянскіх святаў. Дакладны час яго ўвядзення невядомы, але паводле падання, яшчэ св. Алена пабудавала храм у Палестыне ў гонар гэтай падзеі. Сведчанні пра свята маюцца ў св. Яна Златавуснага, святога Аўгустына і інш. (IV ст.). Згадваецца яно і ў казанні патрыярха царградскага Прокла (V ст.); тады ж Анатолій, епіскап Канстанцінопальскі, напісаў на дзень Нараджэння Багародзіцы сціхіры, што спяваюцца да гэтага часу, як і песнапенні, складзеныя ў VІ–ІХ стагоддзях Стэфанам Святаградскім, Андрэем Крыцкім, Янам Дамаскіным, Іосіфам Студзітам (Христианство. Энциклопедический словарь. Т. 2. М.,1995. С. 492). Св. Сергій (687–701) прасіў, каб у гэты дзень у Рыме ад храма св. Адрыяна да базылікі Санта Марыя Маджорэ ішла працэсія. На Усходзе свята Нараджэння Багародзіцы было прызнаным у VІІ ст., у Іспаніі – у VІІ ст., у Англіі – у VІІІ, а з ХІ ст. яно становіцца святам усяго заходняга хрысціянства. Агульнапрызнаная дата святкавання – 8 верасня (толькі ў копцкай царкве – 9 верасня). Адносна месца нараджэння Марыі ёсць дзве версіі: заходняя (Псеўда-Мацвей, «Залатая легенда») сцвярджае, што яна нарадзілася ў Назарэце, усходняя (Ян Дамаскін) – што ў Ерузалеме; там на месцы дома бацькоў Марыі стаіць касцёл св. Ганны (Podreczna encyklopedia koscielna. T. XXV–XXVI. Warszawa, 1911, s. 304–305).

Іканаграфія «Нараджэнне Багародзіцы» распрацавана ў візантыйскім мастацтве. У самых старадаўніх помніках (мазаікі Дафні, фрэскі Кіеўскай Сафіі – ХІ ст.) кампазіцыю ўтвараюць фігура Ганны, якая ляжыць, прыўзнятая, на ложку, тры жанчыны і сцэна купання Марыі. У ХІV ст. з'яўляецца фігура Якіма (мазаікі Кахрые-Джамі), пазней часам дадаецца сцэна, у якой Якім і Ганна песцяць дзіця, і выявы птушак каля вадаёма. У іканапісным дапаможніку («подлиннику») XVІІІ ст., якім шмат вякоў кіраваліся мастакі-іканапісцы розных школ, кананічны сюжэт выкладаецца наступным чынам: «Анна на одре лежит, пред нею девицы стоят, держат дары, а инии солнечник и свещи, девица Анну держит под плечи, Иоаким зрит из верхния палати, баба святую Богородицу омывает в купели до пояса, девица в купель воду льёт из сосуда. Посторонь палата празелень, а внизу той палати сидит Иоаким и Анна на престоле и держат Пресвятую Богородицу...» (В. И. Антонова, Н. Е. Мнева. Каталог древнерусской живописи. Т.1. М.,1963, с. 86).

З візантыйскага Усходу сюжэт прыйшоў у Італію, аднак тут найстарэйшыя выявы, захаваўшы старажытны канон, паказваюць падзею ў сакральным інтэр'еры (фрэскі Джота ў Арэна-капэла, Падуя). У познім Сярэднявеччы (XV–XVІ стст.) сюжэт стаў любімым як у алтарных карцінах, так і ў цыклах пра жыццё Марыі. З XV ст. «Нараджэнне» паказваецца ў гарадскім доме з побытавымі дэталямі: Ганна ляжыць на ложку, жанчыны падносяць ёй ежу і падарункі, служанкі рыхтуюць ванну для купання дзіцяці, уваходзяць наведвальнікі (фрэскі Гірландайё, Санта Марыя Навелла ў Фларэнцыі, гравюры А.Дзюрэра з «Жыцця Марыі», 1504). У італьянскім высокім Рэнесансе падкрэсліваецца ўрачысты змест сцэны (Christliche Ikonographie in Stichworke. Leipzig 1990. S. 143). Найбольш вядомыя з разгорнутых ранніх цыклаў «Нараджэння Марыі» на Захадзе – роспісы Джота 1304–1306 гг. у капэла Скравэньі (дэль Арэна), заснаваныя, напэўна, на «Залатой легендзе» Якуба дэ Ворагінэ. Ён складаецца з сямі сюжэтаў: 1) першасвятар адмаўляе ахвяру Якіма і Ганны з-за іх бясплоддзя; 2) Якім сыходзіць у поле да пастухоў; 3) Ганне з'яўляецца анёл; 4) смутак Якіма; 5) сон Якіма; 6) сустрэча Якіма і Ганны каля Залатой брамы; 7) Нараджэнне Марыі.

Сюжэт «Нараджэнне Маці Божай», напэўна, прысутнічаў сярод загінуўшых фрэсак віцебскай царквы Звеставання ХІІ ст., вядомы ён у «візантыйска-рускіх» роспісах касцёлаў у Польшчы першай трэці XV ст. (калегіята ў Вісліцы, катэдра ў Сандаміры), звязаных з каралём Уладзіславам Ягелам. Ад эпохі барока ў Беларусі захаваўся толькі роспіс XVІІІ ст. з такім сюжэтам у купале Мікалаеўскай царквы ў Магілёве. На ім паказана прасторнае памяшканне з масіўнымі архітэктурнымі формамі, асветленае праз аркавыя праёмы. Справа стаіць ложак Ганны пад балдахінам, на першым плане – купанне дзіцяці служанкамі ў белых адзеннях, побач – кошык з бялізнай. Незвычайна, што ў глыбіні пакоя калыску для дзіцяці рыхтуе Якім (В.Церашчатава. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс ХІ–XVІІІ стст. Мн., 1986. С. 115–116). Як ні дзіўна, але ў вельмі разгорнутых роспісах знакамітай царквы Нараджэння Багародзіцы ў Слаўгарадзе, якія налічваюць больш за 60 кампазіцый, храмавага сюжэта няма. Невядома «Нараджэнне Багародзіцы» ў старабеларускай кніжнай гравюры і рукапіснай мініяцюры.

У беларускім іканапісе самы старажытны з ацалелых абразоў належаў калісьці князям Друцкім-Любецкім на Піншчыне (XV–XVI стcт.). Ён мае вельмі шчыльную кампазіцыю. Ганна сядзіць на ўзвышшы, падпёршы галаву левай рукой (такая поза ў іканаграфіі азначае «нараджэнне без пакутаў»), каля яе ног стаіць служанка з узнятым веерам (фігура Ганны не выдзяляецца памерамі). Унізе дзве служанкі мыюць Марыю (ужо досыць дарослую) у купелі, адна з іх сядзіць на зэдліку, другая лье ў купель ваду з посуду незвычайнай формы. Уверсе, нібы на балконе, стаяць з падарункамі дзве невядомыя ў тэкстах апокрыфаў святыя, мяркуючы па залатых німбах вакол іх галоваў, асобы (магчыма, гэта патранальныя святыя). Побач з імі, справа, адхінуўшы занавеску, выглядвае з-пад аркі Якім.

Самы вядомы беларускі абраз «Нараджэнне Багародзіцы» з Магілёва, захоўваючы асноўныя рысы традыцыйнай іканаграфіі, перадае змест у рэнесансавым рэалістычным выглядзе з мноствам кранальных дэталяў мясцовага жыцця (чаго вартыя адны вышываныя наміткі!). Дзея адбываецца ў вялікім памяшканні з пліткавай падлогай, раскрытым у прастору праз шырокую арку-вакно. Злева, на высокім ступенчатым узвышшы, нібы на троне, сядзіць Ганна, абапіраючыся спіной на гару падушак, аздобленых вышыўкай. Яе ногі прыкрытыя чырвонай, у кветкі, коўдрай. Абапал стаяць жанчыны, якія трымаюць посуд з падарункамі. (Як піша Э.Смірнова, у візантыйскіх абразах фігуры жанчын – часам побач яшчэ стаіць стол з дарамі – з'явіліся ад прыдворнага звычаю віншаваць імператрыцу (Э.Смирнова. Живопись Великого Новгорода. Середина ХІІІ – начало XV века. М., 1976. С. 204–205). Трэцяя, з непакрытымі валасамі, клапатліва расхінае занавес над Ганнай. Каля ўзвышша сядзяць насупраць адна другой жанчыны. На руках адной з іх на белым покрыве ляжыць маленькая Марыя, якую толькі што выкупалі. Побач стаіць збан значных памераў і просценькі вазок, засланы для дзіцяці. Справа, каля стала, на якім стаіць букет кветак у збане, сядзіць Якім з посахам у руцэ. Адзначым, што ён знаходзіцца ў тым жа пакоі, а не выдалены на галерэю ці ў падсобнае памяшканне, як на старажытных абразах. Праём акна аздоблены густым рэнесансавым арнаментам, выразаным па ляўкасе і пазалочаным; у яго ўкрапаны камяніцы рэнесансавага тыпу. У правым ніжнім вугле захаваўся кірылічны подпіс: «Року Бжого 1649 Петръ Евсеевич з Голынца». Даследчыкаў беларускага мастацтва даўно хвалюе гэты подпіс: невядома, хто яго пакінуў – іканапісец ці фундатар абраза. Нядаўна Зміцер Яцкевіч выявіў у магілёўскіх актавых кнігах такое імя, яго ўласнік пазычыў грошы іншаму чалавеку. Гэты побытавы эпізод пацвярджае рэальнасць персанажа і яго пэўную заможнасць, але, на жаль, не гаворыць пра яго занятак. Малаверагодны подпіс мастака на творы сярэдзіны XVІІ ст., хіба што Пётр Яўсяевіч намаляваў і сам жа ахвяраваў абраз як храмавы ў нейкую царкву Нараджэння Багародзіцы (хоць выяўлены ён у 1918 г. ва Успенскай царкве Магілёва (Жывапіс Беларусі ХІІ–XVІІІ стагоддзяў. Аўтар уступнага тэксту Н.Высоцкая. Мн., 1992. № 17–19).

Іканаграфічная схема магілёўскага абраза была даволі блізка паўтораная праз паўстагоддзя невядомым мастаком у «Нараджэнні Багародзіцы» пачатку XVІІІ ст. з в. Нічыпаравічы на Шклоўшчыне (Жывапіс Беларусі ХІІ–XVІІІ стагоддзяў. № 64). Дакладна гэтак размешчана св. Ганна з дзвюма жанчынамі, якія прынеслі дары, падобнае нават узвышша, толькі адсутнічае незразумелы персанаж, які ў абразе Яўсяевіча расхінае занавес. Захаваўшы агульную кампазіцыю, мастак аддаў даніну творчай самастойнасці ў дэталях. Якім сядзіць справа каля стала, застаўленага посудам і фруктамі (на абразе Яўсяевіча стол сціплы). Служанкі перад купеллю перамешчаны з левага вугла ў правы: адна з іх сядзіць на куфэрку, трымаючы досыць вялікую Марыю на каленях, і рукой вызначае цеплыню вады, другая налівае ваду, стоячы на каленях. Купель тут нагадвае вялізны дарагі вадасвятны келіх, аздоблены чаканкай. Архітэктурныя кулісы маюць выгляд грувасткай аркады, праёмы якой запоўнены раслінным арнаментам, а ўнізе – зялёнымі кустамі. Наогул жа ў нічыпаравіцкім абразе традыцыйная іканаграфія спалучаецца са стылем важкага манументальнага барока, а глухі шэра-карычневы каларыт кантрастна адрозніваецца ад яркіх празрыстых колераў абраза Яўсяевіча.

Парадаксальна, што ў «Нараджэнні Маці Божай» маларыцкага майстра з заходняга краю Беларусі (храмавы абраз з в. Ляхаўцы Маларыцкага р-на) захавана больш кананічных рысаў, але тым не менш яны спалучаныя з адмысловымі рэнесансавымі пабудовамі, падобнымі да вежаў (Іканапіс Беларусі XV–XVІІІ. Мн., 1992. № 29–31). Кампазіцыя разгорнутая, блізкая да іканапіснага дапаможніка: справа выдзяляецца шырокі, засланы белай посцілкай, ложак са спінкай пад балдахінам. На ложку сядзіць Ганна ў чырвоным мафорыі. Яе фігура большая за іншыя, ногі накрыты сіняй коўдрай; побач – стол, устаўлены посудам, за ім – двое маладых, падобных да анёлаў, юнакоў і дзве кабеты – гэта прыйшлі ў адведзіны госці з падарункамі. З левай вежы да іх выходзіць служанка ў народным адзенні, з чаркай, а ў глыбіні будынка другая служанка рыхтуе пачастунак. На верхнім паверсе з праёма глядзіць уніз Якім. У ніжнім «рэгістры» абраза дзве служанкі (адна з іх сядзіць і трымае дзіця) рыхтуюць Марыю да купання, трэцяя засцілае белым палатном, сімвалам чысціні, калыску-качалку. Далей, у правым вугле, на ўзвышшы, падобным да куфра, сядзяць Якім і Ганна, якія трымаюць перад сабою Марыю (яна стаіць). Праём паміж вежамі запоўнены разьбяным пазалочаным раслінным арнаментам, падлога выразна расчэрчана і выкладзена яркімі жоўтымі арнаментаванымі пліткамі. Дакладна распланаваная кампазіцыя і ўрачысты характар падзеі нагадваюць манеру мастацтва высокага Рэнесансу.

Да «Нараджэння Багародзіцы» з Ляхаўцоў нібы далучаецца па змесце абраз з царквы Перамянення ў в. Олтуш (Маларыцкі р-н), выкананы, безумоўна, тым жа выдатным іканапісцам (Іканапіс Беларусі, № 32). У ім аб'яднаны два сюжэты з гісторыі нараджэння Марыі: «Дабравесце Ганне» і «Сустрэча Якіма і Ганны каля Залатой брамы». Справа выдатна намаляваны шматпланавы ўзгоркавы сад, выява якога пераходзіць у разьбяны пазалочаны фон. У сад па намове служанкі выйшла Ганна, адзетая ў доўгую сінюю сукенку і кароткую чырвоную накідку-мафорый. Яна стаіць на каленях на зямлі, склаўшы перад сабою ў маленні рукі з кветкамі і папаратнікам, і звяртаецца да неба. Адтуль на светлым воблачку спускаецца анёл, які працягвае да Ганны рукі. Залатая брама мае выгляд рэнесансавай капліцы – эдзікулы з фігурным франтонам і вузкім уваходным праёмам, да якога вядзе высокі ганак. Побач узвышаецца гмах, падобны на дом Якіма з папярэдняга абраза, а перад ім стаяць, абняўшыся, Якім з Ганнаю. Абодва абразы маларыцкага майстра вызначаюцца вытанчаным жывапісам і своеасаблівым замілаваннем да сваіх персанажаў, архітэктуры, пейзажа.

Вытанчаны арнамент разьбянога фона і выгляд архітэктурных пабудоў набліжаюць храмавы абраз з царквы Нараджэння Багародзіцы ў вёсцы Рухча (Столінскі р-н) да «рэнесансавай» маларыцкай групы, ва ўсялякім разе па часе выканання (Жывапіс Беларусі ХІІ–XVІІІ стагоддзяў. № 66). Разам з тым, пэўная раскіданасць кампазіцыі, аб'ёмнасць твараў, формы занавесу над Ганнай, якая сядзіць ужо не на ложку, а ў крэсле, як бы сведчаць пра час свабоды ранняга барока (сярэдзіна ці другая палова XVІІ ст.). Іканапісец рухчанскага абраза хутчэй за ўсё належаў да пінскага мастацкага кола і ўнёс у свой твор шмат самастойных дэталяў, якіх няма ў іншых абразах. Побач з жанчынай, што прынесла дары, перад сталом стаяць два загадкавыя маладыя святыя ў німбах і багатых адзеннях. Іх выявы ўжо былі на абразе Друцкіх-Любецкіх, на два стагоддзі старэйшым за рухчанскі. Ствараецца ўражанне, што гэта нейкая ўстойлівая своеасаблівая рыса іканаграфіі сюжэта, характэрная для Піншчыны. Каля купелі, апрача служанкі з рушніком, якая спрабуе ваду на цеплыню, сядзіць з Марыяй на руках ці сама Ганна, ці нейкая святая, не згаданая ні ў адным з апокрыфаў. Ад занавесу над Ганнай перакінуты чырвоны вэлюм да Якіма. Нарэшце, у камяніцы, з верхняга паверха якой традыцыйна паглядае ўніз Якім, у праёме ніжняга з'яўляецца профільная выява барадатага мужчыны ў мехавой шапцы, якую можна разумець толькі як данатарскі партрэт.

Надзвычай своеасабліва, як Цалаванне Якіма і Ганны і Беззаганнае Пачацце, адлюстравана Нараджэнне Марыі ў уніяцкім алтарным абразе з Успенскай царквы ў в. Басценавічы на Мсціслаўшчыне, дакладна прадатаваным Н.Высоцкай 1723–1728 гг. (Жывапіс Беларусі ХІІ–XVІІІ стагоддзяў. № 69). У ім мастаком напоўніцу выкарыстаны сімвалізм (цяжка сказаць, іканапісны ці барокавы). Пліткавая падлога і скляпенне столі нагадваюць пра дом, аднак пілоны, на якія абапіраецца скляпенне, з адкрытым праёмам паміж імі, належаць да Залатой брамы. Перад пілонамі стаяць Якім і Ганна, а расліннасць за імі, відаць, увасабляе сад і пашы. Як бы з грудзей праведнікаў вырастаюць доўгія парасткі лілеяў, якія ў вяршыні брамы злучаюцца ў бялюткім раскрытым бутоне, а на ім стаіць фігурка Марыі ў прамяністым ззянні. У самым версе, у прарыве светлых воблакаў, паказваецца выява Бога-Айца ў папскай ціяры і трохвугольным німбе. Перад ім – голуб – Святы Дух, ад якога падаюць на Марыю залатыя прамяні. Падобнага зместу абраз захаваўся ў адной з цэркваў Брэстчыны.

У вольным стылі нізавога барока XVІІІ ст. выкананы абраз (верагодна, алтарны) з царквы Нараджэння Маці Божай у с. Ляхавічы Драгічынскага р-на (Іканапіс Беларусі XV–XVІІІ стагоддзяў. № 55). Ад кананічнай іканаграфіі ў ім мала што засталося. У цэнтры ўвагі мастака – сцэна купання Марыі. Яе трымае над купеллю не служанка, а дзябёлая пані ў чырвонай сукенцы са шлейфам і ў футры, з валасамі, перавязанымі пацеркамі (ці не паказана тут фундатарка абраза?). Ваду льюць не ў купель, а на руку служанкі, як бы ачышчаючы яе, перш чым яна даткнецца да святога дзіцяці. Уверсе, пад раскрытым полагам, на ложку ляжыць Ганна, а побач стаіць жанчына з дарамі. На месцы, дзе магла быць намаляваная вежа з Якімам, – акно з пейзажам.

Як адно з найважнейшых 12 святаў «Нараджэнне Багародзіцы» абавязкова знаходзілася ў развітым святочным радзе іканастаса. З-за невялікіх памераў абразоў іканапісцы ў гэтым выпадку часта абмяжоўваліся скарочаным сюжэтам, нагадваючы асобнымі прадметамі аб прапушчаных момантах падзеі. Так, у абразе з аброўскага іканастаса Ганна паказана паўлежачы, жанчына перадае ёй ужо спавітае дзіця, ззаду стаіць Якім, а другая жанчына падносіць блюда з вінаградам. Унізе стол з чаркай і талеркай нагадвае пра адведзіны, а купель – пра купанне дзіцяці (Жывапіс Беларусі ХІІ–XVІІІ стагоддзяў. № 86). У абразе з Шарашоўскага іканастаса ёсць усе асноўныя сцэны сюжэта, а адсутнасць Якіма кампенсуецца асобным абразом з выявамі Якіма і Ганны на фоне гор і расліннасці (Жывапіс Беларусі ХІІ–XVІІІ стагоддзяў. № 93).

Згасанне традыцыйнага іканапісу ў канцы XVІІІ – першай палове ХІХ ст. не абышло і «Нараджэнне Багародзіцы». Сюжэт траціць апавядальны змест і кананічную кампазіцыю, набываючы характар жанравых карцін. Гэта прыкметна ўжо ў абразе на дошцы з Вялікага Падлесся, у якім яшчэ захаваўся разьбяны фон і дзея адбываецца пад гатычнымі скляпеннямі. У абразе з Радчыцка ўжо па правілах простай перспектывы на пярэднім плане – магутная фігура служанкі з дзіцем на каленях, купель засунута пад стол з сімваламі дароў, адна служанка расхінае полаг, а другая нясе Ганне паднос з пітвом. Прыкладна гэтак жа выкананы абразы з Парахонска і Вавулічаў, дапоўненыя фігурай сівабародага Якіма. У Бездзежы зноў-такі падкрэслена купанне дзіцяці дзвюма служанкамі ў купелі, падобнай на традыцыйны керамічны посуд вялікіх памераў. У глыбіні – Ганна на ложку і перад ёю Якім, служанка выносіць з пакою збан. У абразе з Кажан-Гарадка ў цэнтры на ярка асветленым ложку ляжыць дзіця, абапал сядзяць барадаты Якім і маладая Ганна; уверсе на воблаках – Бог-Айцец благаслаўляе сям'ю.

Асобна выдзяляецца абраз з Маларыцкага р-на, выкананы ў канцы XVІІІ ці пачатку ХІХ ст. у незвычайнай тэхніцы. Гэта невысокі рэльеф па ляўкасе; размаляваны каляровымі лакамі, з пазалотай і серабрэннем; намаляваны толькі твары і рукі персанажаў, босыя ногі Якіма і цела дзіцяці. Абраз выглядае так, нібы ён цалкам закрыты каштоўнай металічнай шатай. Іканаграфія характэрная для іканапіса XVІІІ ст. Ніжнюю палову кампазіцыі займае сцэна купання Марыі служанкамі з удзелам пані ў адзенні, аздобленым футрам. Звяртае на сябе ўвагу велічны прыгожы збан. У верхняй палове – прыўзнятая на ложку Ганна і дзве адведніцы, ахінутыя срэбраным полагам; побач сядзіць Якім, які абапіраецца на ложак і паказвае на галоўную асобу падзеі – св. Ганну, а тая прыклала руку да грудзей у знак сціпласці і пакоры. Своеасабліва праігнаравана лінейная перспектыва: дзея адбываецца як бы на плоскасці.

Адлюстроўваючы гісторыю нараджэння Марыі, іканапісцы ўносілі ў гэты сюжэт, як ні ў які іншы, мноства рысаў з мясцовага жыцця.


Дадатак да артыкула: Галерэя


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY