 |
Таццяна Лапцёнак
нарадзілася ў Мінску.
У 1997 г. закончыла
філфак БДУ.
Мае кнігу вершаў
«Я з табой» (1996).
Друкуецца ў часопісах «Першацвет»,
«Маладосць».
Працуе рэдактарам аддзела ў часопісе
«Роднае слова».
|
|
КАНЦЭРТ ДЛЯ АРКЕСТРА
ВЕЧАРОВЫХ АГНЁЎ
Над намі
Раскалыханы вятрамі
Вечар...
Ціхмянае дрэўца герані
Плыве на хвалях паветра
Пад ветразем смутку...
Я пішу табе музыку
Роснымі незабудкамі
На палях маёй вернасці,
Дзе спяць светлякі у траве...
І на сініх водсветах ценяў,
І слядамі белых аленяў
Па снезе маіх сумненняў...
Аркестр вечаровых агнёў
Гучыць неўміруча і ўзнёсла...
Зябка дрыжаць калені:
Мой дырыжор, ты геній...
|
СЦІЗОРЫК
Самотнае сонца сцярожка
расхінае вышыняў палын:
там тупае босымі ножкамі
не мною разуты сын.
А смутак дзьме з вокнаў,
намоклі
вечара пёркі сінія...
ціша ў кашульцы сынавай...
рэжа хрумсткія яблыкі зор
белы сцізорык...
|
* * *
Цябе чакаць – як сонца абдымаць:
Згараюць рук сцябліны,
вочы,
грудзі,
а хутка і мяне самой не будзе –
і ты маўчыш!..
гараць гады ў дымах...
Хай пойдзе дождж
на ўвесь паўночны свет:
заліе брук, і паркі, і масты –
і выйду я пад дождж,
і выйдзеш ты –
па мокрых зорах,
па густой траве...
Чакаю...
сонца за табой плыве...
|
НА РУКАХ ЦІШЫНІ
На мосце млечным,
што ляцеў праз Лету
у тумане нятленным,
нашы душы
вянчала вечнасць...
неба
грала на флейтах зор...
анёлаў
узнёслы хор
славіў
святую Нявіннасць.
Пане, благаславі –
нас больш няма на зямлі...
гаснуць агні бліскавіц...
|
* * *
У поўнач,
Богам натхнёную,
калі,
садзьмутыя літасцю,
спадаюць
яму на лоб
словы
малітвы жаночай,
пацалуй яго вочы,
анёле,
не крануўшы крылом
цішыні...
адзіноты
цярновы німб
над яго галавою:
Божай воляй
каранаваны
мой каханы...
|
КРЫЛЫ
З рабрыны твайго ценю
Боскае летуценне
літоўна мяне сатварыла
тваімі крыламі –
і неба вечнай любові
расхінулася нам з табою...
|
РАЗЛУКА
Затулі
у галінах
рук
птушку
нашай разлукі...
і калі
ты апусціш
рукі –
яна упадзе
на брук...
|
* * *
Слухаю дзень...
Сонечны дождж ідзе...
І па нябёснай вадзе
Ціха ступаеш ты...
Промні цалуюць сляды:
Кветкамі залатымі
Распускаюцца іх цалункі.
Працягні мне ласкавыя рукі –
Я іду да цябе...
|
ТАБЕ
Мой адзіны,
калі ты нарадзіўся
са слёз дажджу,
тваё цела –
дрыготкае, чуйнае –
хуталі ў лісце жухлае
крылы птушыныя...
і трымцелі
прыступкі вышынь,
быццам клавішы
пад рукой Арганіста:
час спыніўся,
не ступіўшы
у зорны пыл...
|
ПАРУШЫНКА
П'ю па кроплі начную імглу
нетаропкімі пацалункамі
з рук Гасподніх...
аблокі – шалохкія сходні,
і я патаемна пільную
той запаветны рух,
што апусціць на райскі луг,
мяне,
парушынку малую...
|
* * *
Неба шэпча бясконцы ружанец,
і вышыні у хвале дрыжаць,
калі рэха літанняў даносіць
дыханне Тваё, Міраносіца...
Лагодным дажджом ліецца
блаславенне Прачыстага Сэрца...
|
* * *
Разбіцца б
мільёнамі градзін
і асыпацца
на вінаграднікі,
каб у крылатую ноч
людзі рабілі віно
ступнямі халодных ног...
|
* * *
прайду праз ноч,
як праз вогнішча,
і сляды маіх ног –
журавамі на воблаках,
што паплылі за сонцам
у далі бяссонныя...
|
* * *
Запаветнае
праступае
у рысах
болю –
памяці прысак
ссыпае на голаў
вечнасць...
прыкуты
грахом
чалавек
да адзіноты пакутнай.
толькі цнота
убогіх духам
спатоліць скрухай,
і подых
чыстай любові
збавіць ад несвабоды
і болю...
|
* * *
каштаны зрывае вецер,
падаюць зоры з рук...
засну на золкім дасвецці,
калі вецце гайдае імглу...
пад коўдрай маёй адзіноты
прыціхла азяблая ноч...
цалуе у вочы цнота:
і горка, і лёгка адной...
|
* * *
Ты – мой невідомы алтар...
Растане у келіху веры
душы адзінокі ветрык –
успырхне пухам літанняў...
цалуе Цябе святар,
і вусны таемна прагнуць
Тваіх дакрануцца ранаў,
а сэрца маё замірае
і...
падае ў золаць святла...
|
|
 |