Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(17)/2001
Рэха пілігрымкі
Пра самае важнае
Постаці
Мастацтва
Хрысціянская думка
На кніжнай паліцы
Святло слова
Нашы святыні
Сведчаць архівы
Проза

ПЕКЛЫ. Апавяданне
Паэзія

ВЕРШЫ
Кантрапункт


Франц Сіўко нарадзіўся ў 1953 г. у вёсцы Вята на Мёршчыне. Піша прозу, публіцыстыку. Аўтар кніг «З чым прыйдзеш», «Апошняе падарожжа ў краіну ліваў», цыкла аповесцяў «Боты сіньёра Паскуаліні», казак для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Жыве і працуе ў Віцебску.
 
Франц СІЎКО

ПЕКЛЫ


Апавяданне

Гэтая маленькая, утульная вёсачка яшчэ здалёк прывабіла іх сваёю маляўнічасцю. Абкружаная з трох бакоў старым разгалістым сасоннікам, яна нечакана вывернулася з-за высакаватага пагорка, заіскрылася на сонцы вузкімі, аздобленымі рознакаляровымі аканіцамі шыбамі.
– Бакшы, – сказала адна са студэнтак. Яна была тутэйшая і хоць афіцыйна ў групу па зборы дыялекталагічнага матэрыялу не ўваходзіла, ахвотна вадзіла аднакурснікаў па наваколлі.
Першых старых, мужчыну гадоў пад семдзесят пяць і гэткую ж немаладую жанчыну, спаткалі на самым уваходзе ў вёску, каля крйняй хаты. Мужчына шчапаў дровы, жанчына корпалася ў градах. Абое, нягледзячы на гарачыню, былі цёпла апранутыя.
– Мы з інстытута. Гэта студэнты, а я аспірант, кіраўнік іхні, – павітаўшыся, сказаў Герман. – Гаворкі запісваем, дык ці не маглі б вы нам сёе-тое расказаць?
– Гаворкі? – падазрона пазіраючы на незнаёмых людзей, сказаў стары. – А нашта вам гэта?
– Кнігу збіраемся пісаць, – коратка, каб не марнаваць часу на тлумачэнні, адказаў кіраўнік групы.
– Ого, кнігу! – хмыкнуў гаспадар і хітануў галавою ў бок жанчыны. – З ёю гаварыце.
Кабета падышла бліжэй. З ёю і праўда дамовіцца аказалася значна прасцей. Праз колькі хвілін студэнты сядзелі на бярвеннях пад ліпаю, запісвалі аповед пра тое, як даўней жаніліся. Скончылася тым, што і мужчына ўзахвоціўся што-нішто расказаць. Калі ж і ён сціх, на касеце дыктафона яшчэ заставалася плёнкі на чвэрць гадзіны.
– Вунака да Тэські схадзіце, – адказала на Германава запытанне, ці ёсць тут яшчэ старажылы, кабета і паказала на другі канец нешырокай, пабітай конскімі капытамі і коламі рэдаляў вуліцы.

Тэсьчына хата, неабшаляваная, са старога цёмнага бярвення, уразіла Германа адсутнасцю гародчыка. Пэўна, ён дзесьці быў, але недзе за будынкамі. Тут жа, перад уваходам у сені, рассцілалася аж да бліжэйшага кустоўя вялізная пожня.
На іхні стук на панадворак выйшла жвавая кабета, зусім, як падалося Герману, старая, у квяцістым стракатым халаце і гэткай жа квяцістай хустцы. Прытрымліваючы ўказальным пальцам левай рукі павека над левым вокам, яна павольна сышла з ганка, асцярожліва наблізілася да чужых людзей.
– Нехажалыя нейкія, – сказала, не адымаючы пальца ад вока.
Герман збольшага растлумачыў ёй мэту іхняга прыходу. Старая аказалася жанчынай кемлівай і пагаварыць згадзілася адразу.
– Раскажыце, бабуля, як моліцеся, – папрасіла адна з дзяўчат, ці не знарок стараючыся скіраваць размову падалей ад абрыдлых за колькі дзён згадак пра вайну ды перыпетыі калгаснага жыцця.
– Молімся, анягож, – сказала гаспадыня і адняла нарэшце палец ад павека. Тое адразу аб'ехала ўніз, на зрэнку, і амаль закрыла ўсё вока. – Ну, так... У будзень дзень ружанец мовім па хатах, кажан сам сабою. У нядзелю ў касцёл ідзём. Там Імша, ксёндз навуку кажаць. Паспавядаешся, камунію прымеш. А як жа! Мне восемдзесят чатыры, збірацца на той свет пара, во і сам раз. Як яно там ёсці, нікому няведама, а гатовіцца нада. – Яна хвіліну памаўчала, потым, быццам што ўспомніўшы, рэзка павярнулася тварам да Германа. – Вы мне во што скажыце... Мяне матка малую катахізмаў па-польску вучыла. Дык у польскіх малітвах скрозь – пеклы... Гэта кругі такія, праз іх нябожчыкава душа павінна прайсці. Іх многа, кругоў. У адным чалавечак папячэцца, у другім, у трэцім... Цяперака ксёндз у нас малады, па-беларуску моліцца. Дык ён не пеклы, а пекла кажаць. Бытта адно яно. Чаго так?
– Гэтага, бабуля, мы не ведаем, – заспеты знянацку, сказаў Герман і, дастаўшы з кішэні пачак з цыгарэтамі, адышоў воддаль – пакурыць. Хоць амаль усе дзяўчаты ў групе, здагадваўся, цішком курылі, кепскага прыкладу падаваць не хацелася. Да таго ж было няёмка і прыкра, што не змог адказаць на пытанне непісьменнай сялянкі.
Не паспеў ён адысціся ад хаты і з паўсотні крокаў, як адтуль пачулася гамана. Ён азірнуўся: студэнткі, пакінуўшы старую адну, гуртам беглі па пожні, а паперадзе іх, пятляючы ўбакі, кульгавіла маладое зайчаня. Адкуль яно тут узялося, было незразумела, хутчэй за ўсё выбегла з зарасніку, да людзей, ратуючыся ад якога-небудзь драпежніка.
– Бабуля, вы гаварыце! – крыкнула адна з дзяўчат жанчыне і паказала на кінуты пасярод услона дыктафон. – Гаварыце, ён уключаны.
Герман хацеў вярнуцца назад, да старой, але перадумаў. Хай пагамоніць адна, можа, так запіс выйдзе яшчэ лепшы.
Тым часам заяц сігануў у хмыз, і студэнткі, пагалёкаўшы колькі хвілін каля кустоўя, пабрылі назад, да хаты.
Калі і Герман вярнуўся да іх, яны збіраліся адыходзіць. Касета была запісаная цалкам, і больш рабіць у Бакшах не было чаго.

Вярнуўшыся ў інтэрнат, дзе яны жылі са згоды знаёмага дырэктара школы, паабедалі і адразу заселі апрацоўваць запісанае. Герман круціў касету, дзяўчаты выпісвалі словы на карткі. Характэрных для тутэйшых мясцін выразаў было шмат, але многія даводзілася апускаць, бо яны ўжо сустракаліся ў папярэдніх запісах.
Апошнім слухалі аповед Тэські.
«...Смерці – не, не баюся, – казала яна пасля паўзы – той самай, калі кінулі яе адну, ганяючыся па пожні за зайцам. – Адно срашна, каб, як памру, не звязлі куды. Манька, сістра, гразіцца. А мне тутака нада... Тутака ўнук у міне пахаваны. Дваццаць гадкоў было, як бандзюгі павешалі. Мы легкавушку яму справілі, за яе і павешалі, каб забраць. У гайку, на бярэзіне... Думала па першасці, усё, канцы будуць, не вытрываю. Вытрывала. Праўда, падупала. Вока само пачало заплюшчвацца, дактары кажуць – з нэрву. Аліна, дачка, мальцава матка, не вытрывала. Два гады пахадзіла чорная і памёрла. Тожа тут, на нашым магільніку, пахаваная. Нізашто ляглі. Цяжка. Каторага разу лягу спаць, а сон ня йдзець. Усё яны ў вачох, як жывыя. Тады ўстану і хаджу, хаджу, як дурная. Тады знова лягу... І знова ня сплю. І так кажан дзень. Пеклы адны. Нашто мне тыя восемдзесят чатыры былі, каб да такога дажыць».
Маналог абарваўся. Герман зірнуў на дзяўчат, тыя сядзелі, бы скамянелыя. Тэсьчына споведзь, бачна было, ашаламіла іх не менш, чым яго самога.
– Скончым заўтра, – сказаў ён і выключыў дыктафон.

Усю ноч, уражаны аповедам старой, не мог заснуць. І з самага вечара, і потым, калі дзяўчаты пабеглі ў клуб на вечарыну, усё круціўся на спружыністым інтэрнацкім ложку, думаў адно і тое. Некалькі разоў сон ужо нібыта і адольваў яго, але ў апошнюю хвіліну перад вачыма паўставаў маршчыністы, з паўзачыненымі павекамі твар старой, і пакуты пачыналіся нанова. Як яна яшчэ жыве з гэткаю бядою. Але больш за ўсё вярэдзіла душу зняверанасць жанчыны, яе словы «нашто мне тыя восемдзесят чатыры былі...» Хацелася яе неяк падтрымаць, падбадзёрыць. Але як? Словам? Ці значыць яно што-небудзь для яе пасля ўсяго перажытага?
Калі ён урэшце заснуў, прымроілася і зусім страшнае: вісельня, а на ёй чалавек. Потым сон перарваўся, бо вярнуліся з клуба студэнткі і нарабілі сваім прыходам вэрхалу. І болей Герман не заснуў ажно да раніцы. Двойчы выходзіў на двор ганяць мясцовых падшыванцаў, што стукалі ў вокны. А як толькі развіднела, апрануўся і, загадаўшы дзяўчатам самастойна даапрацаваць пачатую напярэдадні касету, памчаўся напрасткі, полем, у накірунку Бакшаў.

Каля першай хаты, той самай, дзе ўчора запісвалі жанчыну і мужчыну, заспеў дождж. Герман хіснуўся пад бліжэйшае дрэва. Але лівень аказаўся занадта моцны, і яму нічога не заставалася, як шукаць паратунку ад яго ў хаце.
– А, вы, – сказала, выходзячы на ягоны стук у сені, гаспадыня. – Знова да нас? Ці не забыліся што?
– Забыўся, – зманіў ён. – У той суседкі вашай, у Тэські.
– Яна ў хаце, нядаўна тэпала, відалася. Бедная баба – такое перажыць...
– Не дзе дзенецца, перажывець, – сказаў, высунуўшы галаву з дзвярэй істопкі, гаспадар. – Меней насіцца было з мальцам! Малако на губах не абсохла, а ўжо ровар, тады марцыклет, машына! Усё Валерачку!
Зласлівасць ягоных слоў і здзівіла Германа, і збянтэжыла. Як жа так: упобачкі жыць і гэтак ставіцца да суседскае бяды? Ён хацеў запярэчыць мужчыну, але ў горле ад абурэння сціснула, і ён не змог вымавіць ні слова. Так і пайшоў з тым камяком, як толькі аціх дождж. І ўжо ідучы ўсцяж паркана да Тэсьчынай хаты, чуў, як жанчына штосьці гучна выгаворвала мужу.

Надзіва, каля суседняе сядзібы, хоць тая і знаходзілася за некалькі сотняў метраў ад папярэдняй, дажджу нібыта і не было – каб табе лужына, каб кропля вады. Тэська сядзела на тым самым месцы, дзе ўчора запісвалі яе аповед, апусціўшы галаву. Драмала. Пачуўшы Германавы крокі, яна падняла з дапамогаю пальца павека, твар яе кранула ўсмешка.
– Ты, дзяцёнак? – сказала і пасунулася ўбок, каб даць яму месца побач. – Знова ці не пытацца што будзеш? Дзе ж цацка твая?
– Няма. Я другое... Пра пеклы прыйшоў вам распавесці.
– Пра пеклы? – здзівілася яна. – Дзеля таго ляцеў? Дай ты рады!
– Вось і дайце, – Герман злёгку дакрануўся да бабулінай рукі. – Значыць, так, слухайце. Вось па-польску пеклы, кажаце... А ў нашай, беларускай, мове пераклад з рускай прыжыўся: ад слова «ад» – у адзіночным ліку. І атрымалася пекла, таксама ў адзіночным. Тое, што па-польску пекламі называецца, у рускай кругамі завецца. Выраз такі ёсць: «круги ада». – Ён стараўся гаварыць як найменш блытана, але ці зразумее яго старая, не быў упэўнены, бо да гэтага тлумачэння дайшоў сам, не ведаючы, наколькі яно правільнае.
Але яна, здаецца, зразумела.
– Цяперака ясна мне, – сказала, калі ён скончыў тлумачыць. – Дзякуй за навуку. – І, счакаўшы хвіліну, неяк быццам неўпапад дадала: – Я не хачу ў пеклы.
– Вы і не трапіце туды, – паспяшаўся запэўніць яе Герман.
– А не скажы, – запярэчыла жанчына. Яна нахілілася бліжэй да Германа, ціха, як найвялікшую таямніцу, зашаптала: – Ёсці адно... Як мне хто дрэннае зробіць, і я пра тое дазнаюся – усё, памрэць чалавек. Гэта я ўжо даўно змеціла, не адзін раз спраўджвалася. Як што, так і памрэць.
– У тым няма вашай віны, – сказаў ён. – Гэта ж не вы забіваеце. Думкаю нельга забіць.
– Ого, нельга! Можна, і яшчэ як. Нячысцік падсуклеціць чалавека дрэннае думаць – во і смерць. Не глядзі, што з табой я добрая. Добрая – бо і ты добры. А з дрэннымі я саўсім не так гавару. Ім так кажу, як благое зробяць: няхай у вас тое будзець, што мне зробілі. Во так, дзяцёнак. О і не пападзі ў тыя пеклы, пасля гэдакіх слоў.
– Вы не пападзеце.
– А то йшчэ во, – не зважаючы на Германавы словы, працягвала старая. – Нічога дрэннага не зробіш чалавеку, а ён ваўком да цябе. Ні з таго, ні з сяго, без дай прычыны. Во хоць бы суседзі некаторыя... Я не кажу нічога ім, а ўсё віджу. І дзе ж стрываеш, каб нядобрае што не падумаць. І зновака грэх.
Яна змоўкла, не варушачыся, застыла на месцы, бы нежывая. Герман хацеў зноў загаварыць да яе, але не асмеліўся. Што ён мае сказаць з таго, чаго яна не ведае?
Ды як толькі ён варухнуўся, каб падняцца з услона і пайсці, старая тут жа ажыла.
– Во скажы ты, як яно ёсці на свеце, – сказала глухім голасам, быццам самой сабе. – Адзін і падумаць баіцца благое. А другі заб'ець, і нічога яму. Спіць спакойна, і пеклы не сняцца. – І па-ранейшаму не адымаючы рукі ад твару, толькі крыху пасунуўшы палец убок, бліжэй да скроні, дадала: – Ты не дзеля слова, малец, ішоў, мяне не ашукаеш. Дзякуй табе.
– За што? – робячы выгляд, што не разумее, сказаў Герман.
– Сам знаеш. – Жанчына падалася да яго, быццам перапрашаючы, дакранулася вольнаю рукой да ягонай далоні. – Ідзі сабе.
– Пайду. – Герман падняўся з услона, моўчкі пакрочыў пожняю да сцежкі. Параўняўшыся з сасоннікам, не вытрываў, азірнуўся.
Тэська сядзела, злёгку прыгорбіўшыся, на ранейшым месцы і глядзела з-пад рукі яму ўслед.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY