|
|
№
3(17)/2001
Рэха пілігрымкі
Пра самае важнае
Біскуп Уладзіслаў БЛІН
СВЯТАРСКАЯ Постаці
Мастацтва
Хрысціянская думка
На кніжнай паліцы
Святло слова
Нашы святыні
Сведчаць архівы
Проза
Паэзія
Кантрапункт
|
Місія паэта і святара мае адну аснову: служэнне слову і словам. Магчыма, усведамляючы гэтае адзінства, малады ксёндз Канстанцін Стаповіч стаў паэтам Казімірам Сваяком. Спалучэнне ж пяснярскай і святарскай місіі, пры ўсім іх падабенстве, стварала драматычную напружанасць, нават канфліктнасць калізій і ў цэлым мастацкай сітуацыі ў некаторых вершах паэта. Казімір Сваяк спрабаваў па-мастацку асэнсаваць складаную духоўна-творчую калізію, у якой ён апынуўся: наколькі служэнне мастацкаму слову ёсць служэннем Пану Богу і наадварот. Як паэт ён адчуваў сваю злітнасць з родным светам, з балючай і трывушчай душой народа, і ён жа бачыў у кожнай праяве існага волю Тварца. Аднак гэтая воля выклікала ў яго часам сумненні і расчараванні, балючы роздум. Замест рэфлексіі і спакою светасузірання ў некаторых вершах Сваяка прамаўляліся пакута і нават адчай, пытанне – і трагічная безвыходнасць адказу.
Сапраўды – незвычайны па сіле эмацыйнага выяўлення вобраз пакуты чалавечага духу, што б'ецца ў сіле хрысціянскіх догматаў аб веры, пакоры, Вышэйшай Справядлівасці. Ён магутны як мастацкі вобраз, роднасны хіба славутай «Імправізацыі» з «Дзядоў» Адама Міцкевіча. Але ці ёсць гэта бунт рэлігійнай свядомасці? «Гэта – тое самае Бога-, света-, народа-, самапачуцьцё, якое найляпей выражана ў знамянітай формуле: «веру, Божа, але... памажы майму няверыю...» – пісаў Суліма (Уладзімір Самойла), перад тым падкрэсліваючы: «Самапачуцьцё Сваяка – запраўдна-хрысьціянскае»2. Але ў цытатах, якія ён прыводзіць з «Маёй ліры», пераважае ўсё ж адзін матыў: пакуты пазнання і сумніву. Адсюль і вобраз самога паэта ва ўяўленні крытыка: «сумна-малаверны», «малаверны Сваяк», – што катэгарычна аспрэчваў Адам Станкевіч, слынны беларускі святар і дзеяч беларускай культуры. Духоўная блізкасць да Казіміра Сваяка давала Адаму Станкевічу магчымасць глыбокага спасціжэння светапогляднай асновы творчасці паэта, аналізу такіх праблем, як «шуканне беларускай народнай ідэалогіі» ў жыцці і паэзіі Казіміра Сваяка, як «Сваяк – уніяніст». А.Станкевіч пісаў: «...мінімальнай рэлігійнай Сваяковай праграмай для Беларусі зьяўляецца збліжэньне хрысьціянства, разьяднанага чужынёй, да беларускай душы пры пасрэдстве роднай мовы і агулам пры пасрэдстве беларускай народнай культуры». У абедзвюх кнігах А. Станкевіча пра жыццё і творчасць Казіміра Сваяка (1931, 1936) дзейнасць паэта разглядаецца як важны этап адраджэння сапраўднай духоўнасці беларускай культуры ў навейшай гісторыі. Аднак жа аўтар, актуалізуючы ўласнарэлігійныя аспекты паэзіі Казіміра Сваяка, занадта раўніва ацэньваў іншыя падыходы і спробы аналізу. Паэтычная кніга Казіміра Сваяка «Мая ліра» (Вільня, 1924) выклікала зацікаўленае абмеркаваннне ў тагачаснай беларускай крытыцы. Сярод іншых выступілі з рэцэнзіямі такія вядомыя крытыкі, як Суліма (Уладзімір Самойла) у «Сыне беларуса» і Антон Навіна (Антон Луцкевіч) у «Беларускай справе». Паэзія Казіміра Сваяка разглядалася імі найперш у філасофска-эстэтычным (Суліма) і грамадска-сацыяльным (Навіна) аспектах, што прывяло, на думку А.Станкевіча, да скажэння рэлігійна-духоўнага зместу творчасці паэта. Даволі рэзкая і напружаная палеміка ў крытыцы адпавядала драматычна-напружанаму характару лірычнага перажывання ў паэзіі Казіміра Сваяка. Найбольшую буру ў стане крытыкаў выклікаў выдатны патрыятычны верш «Айчыны мілай...», прасякнуты трывогай за лёс Беларусі: «каб не змалела Айчыны ідэя». У гэтым вершы пакутна і цяжка прамаўлялася нявер'е чалавека ў дзейсную сілу вышэйшай Волі, раптоўна адкрывалася «самае бяздоньне няверы»:
Услед каталіцка-святарская крытыка давала тлумачэнне: «словы «ў самым бяздоньні няверы» трэба разумець не як няверу ў Бога, а толькі як няверу ў помач Божую ў справе вызвалення Беларусі»3. Абараняючы права хрысціяніна на пэўную долю сумненняў, А. Станкевіч разам з крытыкамі з «Беларускай крыніцы» бачыў у К. Сваяку найперш святара, а не паэта. Але пяснярская місія паводле рамантычнай традыцыі, якую сцвярджаў іх сучаснік Я.Купала, роўнавялікая Боскай, ва ўсялякім разе сувымерная толькі ў ёй. Успомнім велічную, маштабна-касмічную постаць Паэта, валадарную над тайнамі зямнога Быцця і космасу, у купалаўскім вершы «Песняй толькі...»:
Вядома, многія вершы Янкі Купалы напісаныя на эмацыйным кантрасце з гэтай сцвярджальнай ідэяй абнаўлення светабудовы, яны драматычна-канфліктныя, трагедыйныя паводле напалу страсцей, нясуць занадта горкае прароцтва. Але незалежна ад іх эмацыйнай дамінанты яны ўвасабляюць рамантычнае місіянерства Паэта. Толькі з гэтай пазіцыі і можна зразумець «небяспечны» для хрысціянскага святара сэнс трагічных інвектываў Казіміра Сваяка. Урэшце, чытаем у самога паэта: «Украсьці я хацеў вось гэту тайну з неба...» Для паўнаты характарыстыкі названых матываў адзначым, што ў шэрагу вершаў Казіміра Сваяка з маральна-дыдактычным пафасам («Шчасце», «З кнігі мудрасці») святар перамагае паэта, і гэта, безумоўна, адбіваецца на іх мастацкасці, бо задача мастака – не павучаць ці ператлумачваць хрысціянскія павучанні, а перажываць у слове нейкі маральны стан, каб урэшце пакласці сваю душу на алтар Любові. Скразны матыў паэзіі Казіміра Сваяка – заступніцтва перад Богам за свой народ. Індывідуальная свядомасць мастака, яго абвостранае пачуццё справядлівасці і маральнага абавязку набывае тут на дзіва простае і дакладнае паводле сэнсу ўвасабленне: драматычныя калізіі веры і неспатольнасці чалавечага духу гарманізуюцца ў малітве:
У іншым вершы – «Тайніцу духа...», – напісаным у традыцыях малітвы, паэт выходзіць за межы малітоўнага канону і стварае паэтычны вобраз значнай мастацкай сілы, дзе ўласна хрысціянскае пачуццё просьбы-літання да Бога перарастае ў патрыятычна-грамадзянскую ідэю адраджэння роднага краю.
Казімір Сваяк працягваў традыцыйнае ў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя (Янка Купала, Сяргей Палуян) пераасэнсаванне міфалогіі і ўваскрэсення Хрыста як матыву адраджэння роднага краю («На гадавіны незалежнай Беларусі»). І сам ён быў гатовы ісці на пакуты ўкрыжавання дзеля выратавання Айчыны («ахвярны патрыятызм», як пісаў Уладзімір Калеснік). У вершы «Маёй музе» найвышэйшай праявай духоўнасці Казімір Сваяк лічыць патрыятызм, здольнасць народа ўсвядоміць сябе гаспадаром на ўласнай зямлі, сцвердзіць сваю годнасць «між пасваркаў веры», нават калі давядзецца даць адпор «варожай сіле» («па хрыбце ўдарыць»). Надзвычай напружана б'ецца паэтычная думка-пачуццё К.Сваяка ў вершы «Сэрца», перадаючы жывую пульсацыю чалавечага хвалявання. Лірычны герой паэта, адгукаючыся на трагічныя супярэчнасці жыцця, імкнецца спасцігнуць недасяжную чалавеку праўду зямнога быцця.
Такія вершы ў кнізе К. Сваяка надаюць асаблівую эмацыйную напружанасць тэме духоўнага адзінства чалавека (лірычнага героя) і Бога. Паэт імкнуўся паяднаць сваім мастацкім словам антычныя і хрысціянска-біблейскія, а таксама славянскія народна-язычніцкія ўяўленні пра свет. Асобныя вершы («Эрас і Псіхея», «Самсон і Даліля») напісаны па матывах антычных і біблейскіх сюжэтаў. Цікава, што ў багатай біблейскай міфалогіі ўвагу паэта прыцягнуў сюжэт пра «грахоўныя» пачуцці кахання і здрады асілка Самсона і блудніцы Далілі, чый грэх перамагае любую сілу. Адсутнасць павучання пры аповедзе гэтай гісторыі выводзіць яе за межы ўласна біблейскага сюжэту і робіць з'явай агульначалавечай, заўсёднай. Відавочна, што мастацкае пачуццё аўтара тут дамінуе. Надзвычай арыгінальна (з прычыны сваёй нечаканасці) гучыць у паэзіі К.Сваяка амаль бадлераўскі матыў гарадской кавярні («Кавэрня»). У мастацкім плане тут пераважаюць экспрэсіўнасць фарбаў, эмацыйна-вобразная кідкасць, дынамічнасць малюнкаў: «Бліхтр, фасон і аблуда паказалі зубы», «Якіясь вусны фарбамі сьмяюцца», «У атмосфэры чувацца рух змыслаў шалёных». Паэт засведчыў у сваёй кнізе мастацкую шматмернасць таленту, здольнасць сінітэзаваць розныя традыцыі – ад народна-паэтычнай («Дзяўчынка і гульба») да літаратурна-імпрэсіянісцкай («Спавіў мне сэрца жаль...»). У апошнім выпадку відавочны ўплыў мастацкага вопыту Поля Верлена.
Эпоха, якую закрануў паэт сваім кароткім жыццём (ранняя смерць ад сухотаў), паўстала для яго як «пара смяротных журб». Ліра Казіміра Сваяка вельмі чуйная да голасу спакутаванай душы і вельмі праўдзівая – без фальшу і надрыву – у выяўленні трагізму памкненняў да «выжшых асягнень духовых». Гэта пульсацыя жывога хвалявання душы і розуму.
пісаў паэт у вершы «Душа мая».
|
|
|