|
|
№
3(17)/2001
Рэха пілігрымкі
Пра самае важнае
Біскуп Уладзіслаў БЛІН
СВЯТАРСКАЯ Постаці
Мастацтва
Хрысціянская думка
На кніжнай паліцы
Святло слова
Нашы святыні
Сведчаць архівы
Проза
Паэзія
Кантрапункт
|
Каталіцызм на Беларусі – традыцыйная рэлігія, якая мае сваю гісторыю і асаблівасці. Адзін з важных этапаў у гістарычнай перыядызацыі мясцовага Касцёла прыпадае на другую палову ХVІІІ ст. – пачатак ХІХ ст. Гэта быў час страты дзяржаўнай незалежнасці Рэчы Паспалітай і прыстасавання дзейнасці Касцёла да палітычных умоў Расійскай імперыі, якая істотна адрознівалася па сваім палітычным ладзе, культуры, менталітэце насельніцтва. Да падзелаў Рэчы Паспалітай Расія не мела дыяцэзіяльных структураў каталіцкага Касцёла, а каталіцкі фактар не меў істотнага значэння ў канфесійнай палітыцы царскага ўрада. Каталіцкую веру вызнавалі галоўным чынам замежныя грамадзяне і перасяленцы-каланісты. Пасля далучэння да Расійскай дзяржавы беларуска-літоўскіх земляў ігнараваць наяўнасць у краіне каталіцкага пытання стала немагчымым. Трэба было тэрмінова прыступіць да кадыфікацыі прававых нормаў дзейнасці Касцёла ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам і палітыкай, скіраванай на замацаванне земляў былой Рэчы Паспалітай у складзе Расійскай імперыі. Важную ролю тут павінна было адыграць ідэалагічнае абгрунтаванне права валодання гэтымі землямі Расійскай дзяржавай. Найбольш разгорнутую форму яно атрымала ў маніфесце Кацярыны ІІ ад 13 красавіка 1793 г. У гэтым дакуменце выразна прасочваліся два асноўныя прынцыпы. Па-першае, набытыя Расіяй землі не з'яўляюцца чужымі, а ў смутныя часы адабранымі і цяпер вернутымі і, па-другое, – гэта пазбаўленне мясцовага насельніцтва ад наступстваў анархіі, якая нібыта ўсталявалася ў краі, і забеспячэнне спакою ў ім1. Пры выкарыстанні такой ідэалагічнай формы ўсе спробы Рыма наладзіць кананічныя сувязі з мясцовым Касцёлам разглядаліся царскім урадам як спроба ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Расіі. Самадзяржаўная ўлада расійскай дзяржавы ў адносінах да католікаў брала на сябе абавязацельствы ахоўваць іх свабоду веравызнання. Так, у трактаце па выніках другога падзелу Рэчы Паспалітай ад 11 ліпеня 1793 г. Кацярына ІІ урачыста «за себя, наследников и преемников своих» абяцала, «оставить римских католиков обоих церковных обрядов на вечные времена при спокойной принадлежности преимуществ, собственности и церквей, при свободном отправлении их богослужения и церковного порядка и при всех правах к оному принадлежащих»2. Пры гэтым правы католікам гарантаваліся пры ўмове прыняцця імі вернападданніцкай прысягі, пасля здзяйснення якой землеўласнікам пакідалася зямельная маёмасць, а на вернікаў распаўсюджваліся правы расійскіх грамадзянаў. Урэгуляванне прававога становішча каталіцкага Касцёла ў Расіі і рэарганізацыя яго дыяцэзіяльных сруктураў здзяйснялася царскімі ўказамі, якія ў кананічным сэнсе не былі правамоцнымі і таму патрабавалі афіцыйнага дазволу Апостальскай Сталіцы. Апошняя не спяшалася санкцыянаваць распараджэнні царскіх уладаў, і ў выніку ў Расіі заўсёды існавала праблема ўрэгулявання стасункаў з Рымам. У першую чаргу змены ў становішчы Касцёла ў расійскай дзяржаве закранулі яго адміністрацыйна-тэрытарыяльную структуру і сістэму ўзаемаадносінаў з Апостальскай Сталіцай. Ужо пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай частка тэрыторыі Віленскага біскупства апынулася ў межах Расіі. Каб прыпыніць сувязі мясцовага духавенства з біскупскай сталіцай, Кацярына ІІ шэрагам загадаў (Сенату ад 14 снежня 1772 г., Беларускаму генерал-губернатару З.Чарнышову ад 22 лістапада 1773 г.) і спецыяльнай жалаванай граматай ад 12 мая 1774 г. самаўладна стварыла асобнае для ўсёй Імперыі біскупства пад назвай «Белорусское», кансісторыю, а таксама заснавала пасаду біскупа з тытулам «Епископ Белорусский католических церквей» і рэзідэнцыю ў Магілёве3. На пасаду першаіерарха быў знойдзены і прызначаны Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч – віленскі канонік, генеральны вікарый той часткі Віленскай дыяцэзіі, што адышла да Расіі, і тытулярны біскуп Мало. Акцыі Кацярыны ІІ не былі прызнаны Рымам і таму не з'яўляліся кананічнымі. Каб зусім не страціць сувязь з Касцёлам у Расіі, Папа прызнаў паўнамоцтвы Сестранцэвіча ў якасці тытулярнага біскупа для земляў, што адышлі да Расіі пасля першага падзела Рэчы Паспалітай, не заўважаючы, аднак, існавання асобнага так званага «Белорусского» біскупства. Наступным крокам у арганізацыі касцёльных структураў у Расіі стаў загад Кацярыны ІІ ад 17 студзеня 1782 г. аб заснаванні арцыбіскупства з кансісторыяй у Магілёве. Гэта таксама быў аднабаковы акт, які ігнараваў прэрагатывы Папы ў праве ўстанаўлення дыяцэзіяльных адзінак і вызначэння іх межаў. Дакумент распаўсюдзіў межы арцыбіскупства на ўсю імперыю, прызначаў Сестранцэвіча арцыбіскупам, вызначаў для яго намесніка, рэгламентаваў зносіны з Рымам і інш. Для ўрэгулявання адносінаў з царскім дваром Папа накіраваў у Пецярбург з надзвычайнымі паўнамоцтвамі варшаўскага нунцыя Аркеці. Місія Аркеці ў 1783–1784 гг. скончылася паспяхова для расійскіх уладаў. Ад імя Папы Пія VІ былі складзены акты аб зацвярджэнні арцыбіскупства і ўзвядзенні Сестранцэвіча ў сан арцыбіскупа (мітрапаліта). Катэдральным касцёлам прызначаўся кармеліцкі касцёл у Магілёве. Такім чынам, Магілёўскае арцыбіскупства стала першаю кананічнаю вышэйшаю адміністрацыйнаю адзінкаю Касцёла ў Расіі. Па сваіх памерах яно было найвялікшае ў свеце, аднак, нягледзячы на гэта, не мела ніводнага біскупства, што не адпавядала кананічным нормам, у адпаведнасці з якімі кожнае арцыбіскупства разам са звязанымі з ім біскупствамі павінна ўтвараць адзіную касцёльную мітраполію (правінцыю). Такое становішча стала магчымым у выніку развіцця Касцёла ў Расіі не «знізу ўверх», як гэта адбываецца натуральным шляхам, а «зверху ўніз», па загадзе свецкіх уладаў. Відавочна, што ў арганізацыі Касцёла ў Расійскай імперыі каталіцкае духавенства не іграла самастойнай ролі. Далейшае развіццё арганізацыйнай структуры Касцёла ў Расіі адбылося ў 1795 г., калі Кацярына ІІ разбурыла старую дыяцэзіяльную арганізацыю на далучаных землях і стварыла новыя «біскупствы»: Інфлянцкае (з рэзідэнцыяй у Вільні), Пінскае замест Луцкага біскупства, і Латычоўскае замест Кіеўскага і Камянецкага. Без зменаў засталася толькі Жмудская дыяцэзія. Усе новаўтвораныя адзінкі Кацярына ІІ падпарадкавала магілёўскаму мітрапаліту. Канфесійная палітыка царызму прадугледжвала эканамічныя шляхі ўздзеяння на Касцёл. Адным з мерапрыемстваў было абмежаванне зямельнай уласнасці каталіцкага духавенства. Падставай для гэтай акцыі сталі загады Кацярыны ІІ ад 14 снежня 1772 г. і ад 8 снежня 1792 г. пра канфіскацыю тых маёнткаў, уладальнікі якіх заставаліся за межамі Расіі і не прынялі вернападданніцкай прысягі. Так, даход земляў Касцёла, які быў узяты царскімі ўладамі ў секвестр, у 1784 г. складаў 160 тысяч рублёў4. У 1795 г. у Мінскай губерні расійскім дваранам было раздадзена каля 16 тысяч сялянскіх душ, якія ў асноўным належалі віленскаму біскупу і капітуле, а частка – віленскім кляштарам5. Паводле П. Жуковіча, пасля другога і трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай у Мінскай і літоўскіх губернях 40 расійскім дваранам было раздадзена 77.009 душ мужчынскага полу. З іх 25.462 душы раней належалі рымска-каталіцкім і уніяцкім катэдрам і кляштарам6. Да 1795 г. віленскі біскуп страціў усе свае зямельныя ўладанні. Замест іх урад прызначыў на ўтрыманне біскупа 10 тысяч рублёў штогод. Такое ж утрыманне меў магілёўскі арцыбіскуп, а мінскаму біскупу была вызначана сума ў 6 тысяч рублёў. Важную частку каталіцкага Касцёла складалі манаскія ордэны. Абсалютная большасць з іх падпарадкоўвалася непасрэдна Папу. Каб пазбавіць кляштары сувязі з замежжам і падпарадкаваць іх мясцовай духоўнай уладзе, Кацярына ІІ з самага пачатку падначаліла іх уладзе дыяцэзіяльнага біскупа (імператарскі ўказ Сенату ад 14 снежня 1772 г.), а пры арганізацыі арцыбіскупства патрабавала, каб усе настаяцелі кляштараў былі расійскімі падданнымі. У 1795 г. расійская імператрыца распаўсюдзіла ўладу біскупаў на кляштары, якія знаходзіліся на тэрыторыі іх дыяцэзій. У 1778 г. тэрмінам на 3 гады, якім потым быў працягнуты, Рым прызнаў кананічныя паўнамоцтвы біскупа Сестранцэвіча ў адносінах да кляштараў на тэрыторыі Расіі. Паводле іх біскуп атрымліваў правы ўносіць змены ў манаскія статуты, а таксама рэфармаваць ці ліквідоўваць асобныя ордэны. Рым мусіў пайсці на гэты крок з тактычных меркаванняў. З аднаго боку, ён не быў зацікаўлены ў пагаршэнні адносінаў з Кацярынай ІІ, з другога – спадзяваўся праз дыяцэзіяльныя структуры ўлады прымусіць езуітаў у Расіі выканаць папскую пастанову аб роспуску ордэна. Апостальская Сталіца пайшла на гэты крок і таму, што ў межах Расіі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай апынулася невялікая колькасць кляштараў, а ўсе ордэнскія генералы і правінцыялы знаходзіліся за межамі царскай імперыі. Планы Рыма адносна езуітаў у Расіі не спраўдзіліся. Апошнія нават замацавалі сваё становішча. У 1779 г. яны дамагліся адкрыцця навіцыяту ў Полацку, што не дало ордэну знікнуць. У 1780 г. стварылася езуіцкая правінцыя, а ў 1782 г. на пасаду генеральнага вікарыя (віцэ-генерала) ордэна быў абраны Ст. Чарневіч, рэктар полацкай езуіцкай калегіі. У выніку езуіты дамагліся фактычнай самастойнасці ад улады магілёўскага арцыбіскупа, а іх лік увесь час узрастаў. Так, калі па розных крыніцах у 1785 г. іх налічвалася ад 172 да 179, дык у 1788 г. – 196, а ў 1820 г. – 3587. Езуіты адны з першых прынялі вернападданніцкую прысягу і выказалі намер служыць царскаму трону. Кацярына ІІ прыняла запэўніванні езуітаў. Шэрагам загадаў яна ў 1774 г. пакінула манахам навучальныя ўстановы, выкладчыцкі склад, усе правы і маёмасць. Арцыбіскупу Сестранцэвічу было загадана не ўціскаць езуітаў. Ва ўказе ад 25 чэрвеня 1782 г. Кацярына ІІ патрабавала, каб «правила оного ордена в целом и без малейшего к ним прикосновения сохраняемы были, поколику оные согласны с гражданскими нашими установлениями»8. Іншым манаскім ордэнам у гэты перыяд прамых перашкодаў у іх дзейнасці не чынілася, аднак усе кляштары мелі цяжкасці, выкліканыя дэзарганізацыяй іх унутранага жыцця: разбурэннем адміністрацыйна-тэрытарыяльных структураў, стратай непасрэдных сувязяў з генераламі і правінцыяламі, аслабленнем дысцыпліны і парушэннем клаўзуры (правілаў, якія рэгламентуюць зносіны манахаў са знешнім светам). У гэты час у Расіі пачалі складвацца новыя межы ордэнскіх правінцый. Канфесійная палітыка царскага ўраду вяла да амаль пастаяннай канфрантацыі з Рымам, бо здзяйснялася насуперак канонам рымска-каталіцкага Касцёла. Асабліва парушаліся прэрагатывы Папы ў адміністрацыйнай сферы і зносінах з мясцовымі касцёламі. Кацярына ІІ забараніла абвяшчаць папскія булы без папярэдняга прагляду, а мясцоваму духавенству загадала выконваць толькі яе уласныя распараджэнні і Сената. Для мясцовага каталіцкага духавенства абарваліся кантакты з духавенствам тых частак былой Рэчы Паспалітай, якія апынуліся ў складзе іншых дзяржаў. Юрыдычнай падставай гэтаму была Пецярбургская канвенцыя ад 15 (26) студзеня 1797 г. паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй аб адміністрацыйным і маёмасным падзеле каталіцкага Касцёла былой Рэчы Паспалітай. Пры пераемніках Кацярыны ІІ каталіцкае пытанне больш рашуча пачало выкарыстоўвацца Расіяй у міжнародных справах. Павел І і Аляксандр І праз каталіцкі фактар імкнуліся ўзмацніць пазіцыі Расіі ў свеце. Тэмамі для абмеркаванняў у той час былі такія пытанні, як шляхі яднання еўрапейскіх манархаў на прынцыпах рэстаўрацыі, месца ў гэтым працэсе каталіцызму, аб'яднання праваслаўнай Царквы з каталіцкім Касцёлам і інш. Прынятыя ў гэтым кірунку мерапрыемствы мелі рознабаковы характар: гэта і захады Паўла І па легалізацыі ордэна езуітаў, прызнанне рускага імператара пратэктарам Мальтыйскага ордэна і ўсяго каталіцкага Касцёла (1801 г.), а таксама стварэнне і дзейнасць Біблійнага таварыства (у Расіі з 1813 г.) і Свяшчэннага Саюза (з 1815 г.). У рэчышчы гэтага курсу адбываліся такія падзеі, як запрашэнне Папы Пія VІ на палітычны прыстанак у Расіі (1798 г.), увод рускага войска ў Рым (1799 г.), наплыў каталіцкай эміграцыі ў царскую імперыю, дазвол уладкавацца на беларускіх землях манаскім ордэнам трапістаў і трапістак (1798–1799 гг.), а таксама дзейнасць такіх ідэолагаў папізму і рэфармаванага каталіцызму ў 1810-я гг., як Ж. дэ Мэстр і Ф. фон Баадэр. Спробы выкарыстаць «каталіцкую карту» мелі для Расіі нязначныя вынікі. Рым так і не далучыўся да дзяржаваў Свяшчэннага Саюзу. Безвыніковымі былі захады атрымаць для Сестранцэвіча ў 1785 і 1816 гадах кардынальскую годнасць і папскую ціару (у 1800 г.)9, а таксама намаганні атрымаць для арцыбіскупа прымасоўства і тытул «прыроджанага легата» для ўсіх яго пераемнікаў (у 1799, 1803, 1804, 1806 і 1816 гг.); не прайшла ідэя перанесці мітраполію ў Вільню. Ураду не ўдалося атрымаць ад Рыма сталых правоў для Сестранцэвіча на самастойнае (без узгаднення з Папам) пасвячэнне ў сан біскупаў, вызваленне ад манаскіх зарокаў і манаскага стану, апошняга голасу ў шлюбаразводных справах, права на поўную юрысдыкцыю над манаскімі ордэнамі. Таму Сестранцэвічу даводзілася кіраваць на падставе спецыяльных папскіх паўнамоцтваў, якія даваліся яму на пэўны час у залежнасці ад становішча расійска-рымскіх адносінаў. Такія правы арцыбіскуп атрымліваў у 1774, 1775, 1778 гадах (на 3 гады), у 1783 і 1786 (на 10 гадоў), у 1798 (на 5 гадоў), у абмежаваным выглядзе ў 1803 г. (на 5 гадоў), у 1812 г. Рым упаўнаважыў яго разглядаць шлюбаразводныя справы, надзяліў літургічнымі прывілеямі, дазволіў уносіць змены ў пост, дароўваць ці накладваць спагнанні, прызначаць начальнікаў у кляштары, рабіць візітацыі, прызначаць сабе пераемнікаў і г.д. Больш пазітыўным для магілёўскага мітрапаліта рашэннем было атрыманне ім права апекі над уніяцкаю Царквою і армянамі каталіцкага абраду ў 1795 г. У 1778 г. Сестранцэвіч атрымаў права карыстацца пурпуравымі шатамі на ўзор кардынальскіх без галаўнога ўбору і кардынальскіх правоў улады. Адзначым, што нават у самыя спрыяльныя для расійска-рымскіх адносінаў часы прававыя прынцыпы будовы стасункаў з Касцёлам унутры краіны заставаліся без істотных зменаў. Чатыры пункты расійскай ноты для Апостальскай Сталіцы ад 17 сакавіка 1799 г. яшчэ раз падкрэслілі іх: І. Справы рымска-каталіцкага Касцёла належаць разгляду свецкага заканадаўства. ІІ. Вяршынства Папы здзяйсняецца ў духоўнай сферы, што тычыцца догматаў і абрадаў. ІІІ–ІV. Булы павінны адпавядаць свайму рэлігійнаму зместу10. Інструкцыя Аляксандра І пасланніку Д.Бутурліну ў Рым у 1803 г. дадавала пункт аб неабходнасці зносінаў каталіцкага епіскапату з Рымам праз пасрэдніцтва Міністэрства замежных спраў. Каб Сестранцэвіч мог і надалей карыстацца часова атрыманымі ад Папы прывілеямі, Аляксандр І у 1804 г. загадаў яму працягваць іх выкарыстоўваць. Пры Паўлу І працягвалася дыяцэзіяльная рэарганізацыя Касцёла. У 1798 г. былі зліквідаваныя ўтвораныя Кацярынай ІІ у 1795 г. дыяцэзіі, адноўлены старыя, акрамя Інфлянцкай, і заснаваныя дзве новыя – Мінская і Жытомірская. Усе дыяцэзіяльныя кансісторыі павінны былі складацца на ўзор Магілёўскай кансісторыі. Указамі прадугледжвалася адпаведнасць дыяцэзіяльных межаў з губернскімі. У 1807 г. мітрапаліт Сестранцэвіч прыняў юрысдыкцыю над Беластоцкай акругай. У кожнай дыяцэзіі існавалі свае духоўныя семінарыі. У Віленскай дыяцэзіі іх было 5 (3 у Вільні, у Ілукшце Курляндскай губерні і ў Брэсце), 4 – у Магілёўскім арцыбіскупстве (у Краславе, Магілёве, Звенігарадку каля Кіева, у Беластоку). У Мінску дыяцэзіяльная семінарыя адчынілася ў 1789 г. Акрамя таго, у Вільні існавала Галоўная Семінарыя, якая падпарадкоўвалася магілёўскаму мітрапаліту. Фармальна вышэйшым органам кіравання Касцёлам у Расіі павінна была быць мітрапаліцкая ўлада і яе структуры: кансісторыя, курыя, суд, капітула. Фактычна ж гэтага не было. Апеляцыі на біскупскія пастановы перадаваліся не ў мітрапаліцкі суд, а ў дзяржаўныя ўстановы – да 1801 г. і ў Юстыц-Калегію, пасля 1801 г. у Рымска-Каталіцкую Духоўную Калегію, а на іх адпаведна ў Сенат. Духоўная Калегія з некаторымі мадыфікацыямі праіснавала да 1918 г. і выконвала пасрэдніцкія функцыі паміж дзяржаўнымі структурамі і Касцёлам, абмяжоўвала ўладу мітрапаліта і мела шырокія паўнамоцтвы ў судовых справах. Яна збірала статыстычныя звесткі і аддавала абавязковыя для выканання загады. Хаця Калегія адабрала ў мітрапаліта шэраг яго правоў, апошні захаваў значную ўладу ў якасці яе старшыні. Рым лічыў Духоўную Калегію некананічным інстытутам і ніколі яго не прызнаў. З боку ўрада кантроль над дзейнасцю Касцёла здзяйсняла створанае ў 1810 г. на правах міністэрства Галоўнае ўпраўленне духоўных спраў замежных веравызнанняў на чале з А.Галіцыным, якое ў 1817 г. злучылася з Міністэрствам народнай асветы ў Міністэрства духоўных спраў і народнай асветы, у якім быў вылучаны Дэпартамент духоўных спраў усіх веравызнанняў Расіі. У яго кампетэнцыю ўваходзілі функцыі нагляду над Касцёлам, збор статыстычных звестак, разгляд гаспадарчых спраў. Наступныя рэарганізацыі гэтага ведамства сведчылі пра яго нестабільнасць. У 1842 г. яно было пераўтворана ў чарговае Міністэрства народнай асветы з падпарадкаваннем яму духоўных спраў толькі замежных веравызнанняў. З 1832 г. Дэпартамент замежных веравызнанняў знаходзіўся ў структуры Міністэрства ўнутраных спраў. Аб ступені залежнасці вышэйшага каталіцкага кіраўніцтва ад свецкай улады сведчыць тая акалічнасць, што кандыдатуры дыяцэзіяльных біскупаў ухваляліся царом, а кандыдатуры на месцы абатаў, інфулатаў, дапаможных біскупаў прапаноўваліся цару дыяцэзіяльнымі біскупамі праз пасрэдніцтва Духоўнай Калегіі і Сената. У 1816 г. за абвяшчэнне ў катэдры «Акта Мінскай канфедэрацыі» мінскі біскуп Я.Дадэрка быў пазбаўлены пасады і сасланы. Пры пераемніках Кацярыны ІІ узмацнілася эканамічная залежнасць Касцёла ад дзяржавы. Усе дыяцэзіяльныя біскупы атрымлівалі ад урада ўтрыманне. Над касцёльнай маёмасцю быў устаноўлены жорсткі кантроль – без манаршага дазволу не дазвалялася адымаць, прадаваць, дарыць, выменьваць. Усе касцёльныя будынкі, прызначаныя для навучальных і дабрачынных устаноў, павінны былі выкарыстоўвацца толькі ў гэтых мэтах. З мэтай канцэнтрацыі фінансаў Касцёла ўрад пайшоў на стварэнне так званага «дапаможнага капіталу». Гэты фонд утвараўся шляхам штогадовых узносаў, якія ў 1823 г. складалі 5.575 руб. срэбрам з усіх дыяцэзій. Складкі насілі абавязковы характар і браліся толькі з дыяцэзіяльнага духавенства, бо кляштары ўжо адлічвалі 1000 руб. срэбрам на ўтрыманне Галоўнай семінарыі ў Вільні. У 1829 г. дапаможны капітал налічваў каля 148.000 руб. У тым жа годзе Мікалай І дадаў да яго 10.000 руб. У далейшым фонд капітала яшчэ больш павялічыўся. Аднак карыстацца ім духавенства магло толькі за кошт працэнтаў і ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам (пажараў, стыхійных бедстваў, пагашэнні пазыкаў і інш.)11. Пра ўплыў царызму на становішча і дзейнасць Касцёла ў Расіі сведчыць і зменлівы лёс манаскіх ордэнаў у царскай імперыі. Прыняты ў 1798 г. рэгламент для Касцёла пазбаўляў кляштары значнай часткі іх правоў на самакіраванне і свабоду дзеянняў, узмацніў іх залежнасць ад дыяцэзіяльных біскупаў, забараніў манахам прамаўленне казанняў на палітычныя тэмы. Рэгламент 1798 г. прадугледжваў падпарадкаванне езуітаў дыяцэзіяльнай уладзе. Аднак, скарыстаўшы сувязі пры двары, езуіты дабіліся перагляду рэгламента на сваю карысць. На пачатку 1800 г. мітрапаліт Сестранцэвіч быў сасланы ў мястэчка Маляцічы пад Магілёвам, а 11 снежня 1800 г. з'явіліся «Пункты аб упраўленні Рымска-Каталіцкага Духавенства ў Расіі». Гэта быў самы спрыяльны для кляштараў у Расіі дакумент. «Пункты» фактычна абмяжоўвалі ўладу дыяцэзіяльнага біскупа, дазвалялі самакіраванне ў кляштарах, забаранялі дыяцэзіяльнай уладзе ўмешвацца ў выбары начальнікаў і інш. Забойства Паўла І перашкодзіла правядзенню гэтага дакумента ў жыццё. Новы цар Аляксандр І вярнуў Сестранцэвіча ў Пецярбург, а 13 лістапада 1801 г. падпісаў «Палажэнне аб упраўленні Рымска-Каталіцкага Касцёла», якое хоць і не парушала манаскага самакіравання, але дазваляла біскупам здзяйсняць візітацыі кляштараў і збіраць звесткі аб іх маёмасным становішчы. Па-ранейшаму кляштарам забаранялася падтрымліваць сувязі з генераламі за мяжой. Усе жаночыя кляштары засталіся ў падпарадкаванні мясцовых біскупаў. У 1802 г. у Расіі набыла моц папская була 1801 г. аб аднаўленні ордэна езуітаў. Генералам ордэна быў абраны Ф.Кару, якога пасля смерці ў 1802 г. змяніў Г.Грубэр. З гэтага часу месцазнаходжаннем генерала езуітаў стала Расія. Наяўнасць навіцыяту і афіцыйная легалізацыя езуітаў у царскай імперыі спрыяла іх колькаснаму росту і актывізацыі дзейнасці. У 1814 г. ордэн меў свае пункты ў Адэсе, Астрахані, Маздоку, Рызе, Саратаве, Пецярбургу і інш. месцах. Аднак неўзабаве дзейнасць ордэна пачала абмяжоўвацца. У 1815 г. езуітаў выслалі з Масквы і Пецярбурга, а ў 1820 г. з усёй Расіі. Падставай гэтаму былі абвінавачванні манахаў у празелітызме. Аднак істотнае значэнне пры гэтым іграла і змена палітычнай сітуацыі. Па-першае, ордэн у гэты час быў на баку Папы ў пытанні пасляваеннага ўладкавання Еўропы і не падтрымліваў Біблейскае таварыства. Па-другое, царызм пачаў страчваць кантроль над езуітамі. У 1814 г. ордэн быў адноўлены ва ўсім свеце, а ў 1820 г. пасля смерці ў Расіі іх генерала езуіты абралі ў Рыме новага і цэнтр кіраўніцтва ордэнам перамясціўся за межы Расіі. Астатнія манаскія ордэны працягвалі ў гэты час дзейнічаць без перашкодаў. З 1825 да 1830 г. Касцёл у Расіі ў цэлым захоўваў свой ранейшы прававы статус і тую самую тэрытарыяльную структуру. Але з пачаткам кіравання Мікалая І, які толькі ў праваслаўі бачыў ідэалагічны падмурак царызму, у дзейнасці Касцёла з'явіліся дадатковыя абмежаванні. Далейшае пагаршэнне сітуацыі адбылося пасля падаўлення паўстання 1831 г. Некаторыя праявы гэтай тэндэнцыі назіраліся ўжо ў канцы 1820-х гадоў. Так, 27 сакавіка 1829 г. быў выдадзены дакумент, які тычыўся новых правілаў для кандыдатаў у манаскі стан. Для паслушнікаў вызначаўся неабходны ўзрост (не менш за 22 гады), тэрмін навіцыяту (3 гады), а таксама наяўнасць адпаведнага дазволу ад Галоўнага ўпраўлення духоўных спраў у Пецярбургу. Сімптаматычнымі ў гэтай сувязі з'явамі былі ліквідацыя ў 1830 г. піярскай калегіі ў Полацку і ўсіх кляштараў у Брэсце ў сувязі з будаўніцтвам там крэпасці. У 1829 г. не толькі паўтарыліся абмежаванні для атрымання дазволу на будаўніцтва новых касцёлаў (напрыклад, наяўнасць на прыход не менш як 100 двароў, размяшчэнне на адлегласці ад праваслаўных цэркваў, узгадненне са шматлікімі дзяржаўнымі інстанцыямі), але і ўводзілася абавязковасць гэтых правілаў на будаўніцтва капліцаў, колькасць якіх пачала значна ўзрастаць12. Яшчэ раней, у 1826 г., Камітэт міністраў Расіі забараніў біскупам праводзіць урачыстыя набажэнствы за памерлых прыватных асобаў. А ў 1830 г.13 Сенатам была распрацавана сістэма пакаранняў для тых прадстаўнікоў духавенства, якія заўважаліся ў празелітызме ці ў намаўленні праваслаўных вернікаў14. Такім чынам, аналіз царскай палітыкі да каталіцкага Касцёла паказвае, што ў 1772–1830 гг. яна была скіравана на выпрацоўку прававога становішча Касцёла ў дзяржаве ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам. Касцёл стаў інстытутам, які цалкам падпарадкаваўся дзяржаўнаму апарату. Перыяд 1772–1830 гг. можна вылучыць у асобны этап гісторыі Касцёла ў Беларусі, для якога было характэрна фармаванне тых асноўных прававых і палітычных прынцыпаў, на падставе якіх праводзілася далейшая палітыка ўрада.
|
|
|