Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(17)/2001
Рэха пілігрымкі
Пра самае важнае
Постаці
Мастацтва
Хрысціянская думка
На кніжнай паліцы
Святло слова
Нашы святыні
Сведчаць архівы
Проза

ПЕКЛЫ. Апавяданне
Паэзія

ВЕРШЫ
Кантрапункт

Нэлі БЕКУС

Беларусь у маштабах рэальнасці

З самага пачатку паездка не абяцала нейкіх асаблівых хваляванняў, бо ўсё ўбачанае магло быць толькі працягам той звычайнай рэальнасці, у якой ідзе штодзённае жыццё і якой можна даць пэўнае азначэнне – Беларусь. Маршрут праходзіў па аддаленых куточках заходняй яе часткі, і ў маім недасведчаным уяўленні ад усходняй яе адрознівалі, мабыць, толькі дзве лічбы пазнейшага далучэння, якое даўно стала гісторыяй. З гэтага вынікае, што значнасць паездкі як «падзеі» фармавалася ў большай ступені неабходнасцю пакінуць на час абжытую жыццёвую прастору ў Мінску, чым магчымасцю кудысьці паехаць: «прыехаць» у сэнсе знайсці нешта новае і невядомае, адшукаць аб'ектыўныя сведчанні свайго перамяшчэння... Аднак ужо ў першы дзень, які прайшоў па дарозе з Мінска праз Смаргонь, Ашмяны і скончыўся ў Гервятах (па спідометры 180 км ад Мінска), паездка стала набываць рысы вандроўкі.

* * *

У фільме Берталучы «Расколатае неба» героі разважаюць пра адрозненне паміж турыстам і вандроўнікам – для іх яно грунтуецца на разнастайных адносінах да часу: калі турыст загадзя ведае час знаходжання ў месцы, дзе ён адчувае і вядзе сябе «як турыст», то вандроўнік нічога не ведае пра тое, ці доўга ён затрымаецца там, куды завяла яго ломаная і нікім, акрамя яго самога, не адмераная лінія шляху. Вандроўнік – той, хто можа ўвогуле ніколі не вярнуцца назад.

За гэтай рознай, як здавалася, ступенню дасведчанасці і заклапочанасці сваёй блізкай будучыняй, яе распарадкам утойваецца глыбокае несупадзенне пазіцый турыста і вандроўніка. Час, запраграмаваны пуцёўкай, раскладам «тура», білетамі ў другі бок альбо проста свядомасцю турыста, задае «правільны» рэжым адносінаў да рэальнасці, падбірае «патрэбны» маштаб успрымання ўсяго, што адбываецца, не дазваляе надта захапляцца дробязамі, губляць надарэмна час, нічога не разглядаючы і не робячы (калі, безумоўна, «гультайства» не было мэтаю паездкі), і ўвогуле арганізуе бачнае, клапоцячыся пра яго цэласнасць. Вандроўнік жа, пры адсутнасці дакладнай мяжы свайго знаходжання, проста на час становіцца выведнікам рэальнасці, і яна з'яўляецца перад ім часта непрыбранаю, у адвольным маштабе, у нікім не агледжаных ракурсах. У замен ён атрымлівае свабоду ці ўвогуле нічога не бычыць, ці, наадварот, бачыць абы-што і абы-як, не надта клапоцячыся пра цэласнасць.

Той, хто накіроўваецца ў паездку, не вырашыўшы пытання аб уласным статусе ў новай рэальнасці, лёгка можа стаць ахвяраю яе правакацыі. Тут шмат залежыць ад мясцовасці, у якую вы накіроўваецеся: або яна зробіць вас турыстам з пэўным рэгламентам паводзін, або ніяк не адрэагуе на вашу прысутнасць, паведамляючы гэтым самым, што вы для яе – усяго толькі вандроўнік. Выпрастаныя малюнкі штодзённасці, якія з лёгкасцю мяняюцца перад усялякім чужым позіркам у якой-небудзь заходне-еўрапейскай краіне – яўны шлях да правакацыі і прамая дарогая ў турызм. Уласцівая гэтым месцам унутраная ўпарадкаванасць «у сабе» не прадугледжвае пранікнення «іншага» з яго зацікаўленасцю і поглядам у «незаяўленыя» (г.зн. непадрыхтаваныя да агляду) месцы. І яшчэ пытанне, ці існуюць яны на гэтай тэрыторыі ўвогуле...

Беларусь скрозь складаецца менавіта з такіх месцаў – і ў глыбіні, і на паверхні тут мала слядоў клопату аб магчымым «чужым». Гэта амаль аўтаматычна вызначае адпаведны статус любога, хто перамяшчаецца, паказваючы элементарную немагчымасць яго «як турыста» і прымушаючы яго гэтым самым прымерыць пыльную вопратку вандроўніка. На карысць «нетурыстычнасці» Беларусі гаворыць і адсутнасць прыгожых паштовак з яе краявідамі – гэтым, а не адсутнасцю грошай ці якасцю паліграфіі растлумачваецца цьмянасць і непрывабнасць таго, што прадаецца ў кіёсках Саюздруку. Вандроўніку гэта хараство і непатрэбна (змест «тура» задаецца знешнімі параметрамі, яму неабходна ўся гэта інфраструктура, а вандроўнік сам напаўняе зместам свой шлях, прыстасоўваючы яго да свайго густу і погляду).

Згадзіўшыся на тыднёвую паездку па Беларусі, я апынулася ў ролі легкадумнага чалавека, які не паклапаціўся пра жанр і форму свайго падарожжа. Мае думкі былі скіраваны на рэчы больш практычныя і функцыянальныя: наяўнасць бензіна на заправачных станцыях, гарачай вады ці на благі канец халоднай там, дзе мы спыняліся на начлег. Пошук элементарных умоў для знаходжання ў паездцы ці спроба знайсці радасць у іх адсутнасці – усё гэта на час зацямніла пытанне пра сэнс таго, што адбываецца, паколькі перыядычна ставіла саму паездку пад пагрозу. Беларусь, тым часам, вырашыла пытанне аб маім статусе па-свойму, і гэты статус не выклікаў ніякіх сумненяў.

Спазнаць вядомае, спасцігнуць знаёмае

Жанр вандроўкі, да якога паступова схілілася паездка па Беларусі, дазваляў дастаткова свабодна распараджацца поглядам, які не чапляецца за заканамернасці і часткі цэлага. Нягледзячы на гэта, прыватныя назіранні час ад часу станавіліся этапамі спасціжэння новай рэальнасці, што пацвярджалася дзіўнымі і незвычайнымі фактамі. Гэта магла быць, напрыклад, яечня на снеданне, якую пры смажанні пераварочваюць і запякаюць з двух бакоў, чаго амаль ніхто не робіць у Мінску; ці людзі, якія размаўляюць на трох мовах (сярод іх, праўда, няма беларускай, але ёсць польская, літоўская і руская). Калі што і сведчыць у іх мове пра Беларусь, дык гэта вымаўленне.

Вялікая колькасць такіх дробязяў магла б скласці нядрэнны багаж назіранняў, з якімі вярталіся з далёкіх падарожжаў зацятыя вандроўнікі мінулых стагоддзяў. Аднак гэта патрабавала б не толькі энергіі вандроўніка, але і запала калекцыянера, які мне ўдалося ў сабе выявіць. Так што прыйшлося абмежавацца першым этапам любога калекцыянавання – г.зн. канстатацыяй фактаў, заўважаных у розных мясцовасцях, тым больш што і самі гэтыя мясцовасці з россыпам сваіх непаўторных асаблівасцяў змяняліся перад вачамі з хуткасцю малюнка калейдаскопа ў руках дзіцяці.

Кожны новы дзень, праведзены ў шляху па беларускіх дарогах, кожная новая вёска альбо горад станавіліся этапамі парадаксальнага спасціжэння ўжо вядомага.

Задаючыся пытаннямі аб прыродзе нашай упэненасці ў тым, што мы ведаем краіну, у якой жывём, раптам выяўляеш няўпэўнасць ўсіх магчымых адказаў. Напрыклад, прагноз надвор'я, які штодзённа гучыць з тэлеэкрана з пералічэннем розных «нашых» населеных пунктаў стварае ілюзію іх натуральнай блізкасці, нашага з імі адзінства. Магчыма, што ў гэтым ёсць пэўны сэнс і супольнасць клімата яднае ўсіх беларусаў. Аднак з гэтага не вынікае ніякага змястоўнага ўяўлення аб тым, што адбываецца ў розных кутках краіны, як яна там выглядае, чым жыве, што перажывае.

Поўная ілюзій упэўненасць пачатку шляху паступова знікала, пакідаючы пасля сябе непаўторнае адчуванне аптычнай метамарфозы: як быццам уяўная павелічальная лінза выпадкова ўпала на геаграфічную карту Беларусі, да выгляду якой я прызвычайвалася ўсё сваё жыццё, прымаючы яе за рэальнасць, і здзейсніла «цудоўнае» ператварэнне схематычных ліній і кропак у сапраўдныя дарогі, гарады і вёскі з усімі важнымі і нязначнымі дэталямі, прыемнымі, ці наадварот, непрывабнымі падрабязнасцямі...

Уяўная Беларусь паволі разбуралася, рэальная ж паступова адваёўвала сваё месца ў маім перцэптыўным досведзе «чалавека ў дарозе». Заблудзіўшы чарговы раз, мы старанна ўглядаліся спачатку ў квадратныя сантыметры на карце, а потым асцярожна пераводзілі позірк на дамы, лясы і ўзгоркі ў пошуку пацвярджэння таго малазразумелага факта, што маем справу з адной і той жа рэальнасцю, па-рознаму маштабаванай успрыманнем чалавека.

У фільме «Рэінкарнацыя арнітолага» Пітэр Грынуэй расказвае пра тое, як у даўнейшыя часы карты былі звязаны з вандроўкамі. Асноўны клопат тагачаснага «чалавека ў дарозе» – паспець пераадолець прастору да таго, як яна знікне з паперы. Карта, намаляваная алоўкам, з рухам вандроўніка па маршруце з-за пастаяннага выкарыстоўвання выціралася, знікала. Цікава, што пры гэтым карта як графічная калька прасторы пачынала працаваць з часам асобнага чалавека, звязанага з гэтай прасторай.

Гэты факт сведчыць і пра асаблівы баланс карты з рэальнасцю. У феномене, які можна растлумачыць фізічна (нядоўгачасовасць алоўкавых запісаў і малюнкаў), праглядвае нечаканая глыбіня гэтага ўзаемадзеяння. Выціраючы карту, г. зн. выкарыстоўваючы, вандруючы, чалавек робіць выбар на карыць рэальнасці... Можна нікуды не ездзіць, і тады нявыкарыстаная карта застанецца цэлаю і непашкоджанаю – яе можна будзе павесіць на сцяну, упрыгожыць інтэр'ер (гэта форма ўпрыгожвання часта сустракалася ў дамах некалькі стагоддзяў назад). Нічога падобнага нельга зрабіць з рэальнасцю, бо ў яе іншы статус, у гэтым сэнсе яна менш функцыянальная і бескарысная «для прыгажосці» штодзённага жыцця. Робячы выбар і вырушаючы ў дарогу, чалавек не толькі адмаўляўся ад эстэтыкі карты як часткі свайго інтэр'ера, ён абменьваў яе на невядомасць і нечаканасць, якая пільнавала яго ў зашыфраванай на карце рэчаіснасці.

У наш час гэта ўзаемадзеянне згубіла ранейшую фатальнасць: карты выдаюцца друкарскім спосабам і, хоць і пазбаўляюцца сваёй першапачатковай хрусткай навізны паперы, усё ж працягваюць існаваць пасля завяршэння шляху. (Зрэшты, звычай вешаць карты на сцены яшчэ захаваўся – у гэтым праглядае атавізм старой бясцэннасці абмежаванага ў часе картаграфічнага малюнка, які сведчыць аб пэўным выбары свайго ўладальніка, магчыма, нават аб яго ахвяры – г.зн. рэальнасці, складзенай на алтар бездапаможнага малюнка).

Пазбаўлены сваёй незваротнасці, момант перахода карты ў рэальнасць нашага шляху ўсе ж нёс у сабе пэўную інтрыгу, карані якой хаваюцца ў прыродзе карт. Карты ў выніку сваёй спрадвечнай схематычнасці і нейкай асаблівай абыякавасці да таго, што яны азначаюць, шмат утойваюць. Напрыклад, карты Францыі, Манголіі і Беларусі адрозніваюцца толькі намінальна і зблізку, сама ж картаграфічная рэальнасць падманліва малюе зямны шар манатоннаю моваю, блізкаю да візуальнай стэнаграфіі. Для таго, каб асэнсаваць «бачнае», кожны раз патрэбна намаганне, каб уключыць уяўленне, пабудаваць перспектыву, куды размясціць веды з геграфіі і іншых галінаў ведаў, якія распавядаюць пра зямлю. Аднак гэту працу ніхто не паўтарае, калі на вочы трапляе глобус. Счытваючы паверхню карты, разглядаючы яе як самадастатковую з'яву, як нараджэнне асаблівай логікі стасункаў з зямной прастораю, можна лёгка памыліцца адносна формы і зместу жыцця, якое адбываецца тут і там.

...Паездка паступова напаўняла карту зместам, што, безумоўна, не было мэтаю нашай вандроўкі, але ўсё ж адбывалася. Змест суправаджаўся выкрыццём не толькі манатоннасці схематычнай размовы карты, на якой горад Мінск амаль нічым не адрозніваўся ад Ліды. Адначасова маё суб'ектыўнае ўспрыманне губляла відавочнасць таго факта, што я жыву ў Беларусі, дакладней, што я ведаю, у якой менавіта Беларусі я жыву.

Арыфметычная адзінкавасць гэтага вобраза змянілася мноствам.

Беларусь у Мінску, Беларусь у вёсцы Трабы, у пасёлку Дзятлава і Беларусь у Наваградку аказалася рознай. І гэта не столькі прычына, каб задумацца аб цэласнасці нашай дзяржавы, колькі магчымасць асэнсаваць дзіўную непрынцыповасць усіх гэтых адрозненняў, якая дазваляе кожнай асобнай кропцы захоўваць своеасаблівасць, што мяжуе з поўным выпадзеннем з агульнай прасторы. Можа стацца (і ўсё да таго ідзе), што з вобраза Беларусі, створанага інфармацыйнымі патокамі сучаснага жыцця, выпадзе сама Беларусь.

Яна, як калабок з казкі, можа ганарыцца сваёй здольнасцю ўцякаць – гэта ёй удалося не толькі ў выпадку з інфармацыйным скафандрам, якім яе надзяляюць розныя апісанні і рэпартажы. Да гэта яна ўцякла, як мінімум ад сямі картографаў – менавіта столькі карт Беларусі мы мелі пры сабе, і ніводная не магла забяспечыць нас неабходнай і дакладнай інфармацыяй – у выніку мы рухаліся наўздагад, арыентуючыся ўсляпую.

Логіка ўцёкаў – ад фатаграфавання на турыстычныя паштоўкі, ад таго дакладнага азначэння, ад простага нанясення на карту – не абстрактнае імкненне да вольнасці і свабоды. Прамежак, які застаўся паміж малюнкам на паперы і самой рэальнасцю, нешта накшталт магчымасці знайсці сэнс быцця, страчаны цэлым народам у працэсе шматразовага знешняга падзелу тэрыторый і асвойваннем кожны раз новымі ўладамі знутры. У гэты прамежак трапляе не столькі самабытнасць беларускіх правінцый, папулярная тэма праграм нацыянальнага тэлебачання і радыё (ёй якраз нічога і не пагражае), колькі цэласны вобраз Беларусі, які яна не мае моцы ўтрымаць у межах бесперапыннага і разнастайнага жыцця.

Кожная кропка прасторы прадугледжвае сваё трактаванне Беларусі, самой па сабе, і яна правамерная, паколькі гэта кропка на яе тэрыторыі.

Такая разнастайнасць можа збянтэжыць нават самую дэмакратычную свядомасць, аднак ёй на самай справе нішто не пагражае, бо бясконцыя адрозненні, схаваныя за шырмаю адзінай яўнай мяжы, якая дзеліць беларускую рэчаіснасць усяго толькі на дзве часткі: Мінск і Нямінск.

Уніформа раённага цэнтра – супраць гісторыі

Нямінск, як феномен беларускай тэрыторыі, можна лёгка адшукаць, ад'ехаўшы ад Мінска кіламетраў на дзесяць-пятнаццаць. Сам па сабе ён адлюстроўвае гамагеннасць і ў гэтым сэнсе нават пэўную знешнюю маналітнасць арганізацыі жыццёвай прасторы. Гэта ўсюдыіснасць архітэктурнай уніформы райцэнтра. Цалкам ідэнтычныя маленькія плошчы з помнікам Леніну (і хутчэй за ўсё яго іменем названыя), аднымі і тымі ж будынкамі, дзе сядзяць розныя людзі, але выконваюць аднолькавыя функцыі ў механізме дзяржаўнай машыны...

За ўсім гэтым праглядваюць унутраныя перспектывы «ўласных гісторый» гарадоў і мястэчкаў, дзе ўсё імгненна набывае непаўторнасць і асабістую, індывідуальную значнасць. Як правіла, захоўваюцца дзе-нідзе ў дварах альбо на ўскрайку сучаснага гарадскога жыцця арыгінальныя пабудовы, фрагменты вуліц, у якіх крыху тлее нейкая іншая і ў пэўным сэнсе аўтэнтычнае жыццё. Так, у Ашмянах у архітэктурна незвычайным будынку мінулага стагоддзя – у сінагозе – цяпер уладкаваны пункт прыёму шклатары вялікіх памераў (ён, відаць, адзіны на ўвесь горад ці нават ваколіцу). Праўда, здараецца і адваротнае ператварэнне: у вёсцы Сурвілішкі (каля пяці кіламетраў ад літоўскай мяжы) пад касцёл перароблены вясковы клуб, на цагляны прамавугольнік надзеты некалькі атрыбутаў рэлігійнай архітэктуры, узятых з сапраўднага касцёла, руіны якога крывавяць побач.

І справа нават не ў дзіўнасці такога абмену паміж свецкім і рэлігійным жыццём, а ў той ламанай лініі, па якой мінулае Беларусі працякае ў яе сучаснае з відочным парушэннем усіх вядомых законаў часавай перспектывы.

Цяперашні час з цяжкасцю ўціскаецца ў межы ўласнай гісторыі. І хоць апошняя тут таксама ледзь жыве – яна неяк падтрымлівае сучаснае, і магчыма, дзякуючы гэтаму гарады і вёскі цяперашняй Беларусі застаюцца самімі сабой.

Чалавек чалавеку – чалавек,
альбо
Аптычныя падманы вялікага горада

Вядома кожнаму, што вёска і горад – гэта розныя формы арганізацыі жыцця. Здалёк ад горада дзейнічаюць іншыя законы камунікацыі (усе адно аднаго ведаюць), інакш пабудавана залежнасць асобнага чалавека ад акружэння, ды і само грамадства па-іншаму складаецца з асобных людзей.

Падчас Святой Імшы ў касцёле адной з маленькіх вёсачак мне раптам адкрылася дзіўнае падабенства ўсіх жанчын. Іх аднатыповае адзенне, прычоскі, хусткі з падобнымі малюнкамі, аднолькава завязаныя. Амаль той жа выраз твару стварае адчуванне блізкага сваяцтва. Гэта мімалётнае назіранне азадачыла пасля таго, як я намагалася ўявіць, што сюды ўваходзіць, напрыклад, муж, брат альбо сын адной з гэтых жанчын і адразу знаходзіць сваю жонку, сястру альбо маці. Каб натуральна і імгненна падзяліць гэта візуальнае адзінства, яго погляд павінен бачыць інакш. А гэта значыць, што ён трымаецца на іншым пазнанні чалавека, амаль не звязаным з яго знешнасцю, звернутым ці то да ўнутранай, ці то да больш тонкай градацыі індывідуальнага ў агульным. Верагодна, што пры параўнанні з гарадскім, вясковы лад жыцця заснаваны на ўласных прынцыпах: тут іншая форма клопату пра сваё аблічча для другога. Магчыма таму, што гэты «другі» тут даволі пастаянны, і пазачасавы характар зносінаў (па-за часам – г.зн. з дня ў дзень, з года ў год) арыентуецца на больш стабільныя прыкметы, чым старая вопратка, адросшыя і сівыя валасы, састарэлыя твары. Кожны паўстае чужому погляду праз абсалютную адкрытасць, якая выяўляецца ў адсутнасці зацікаўленасці да свайго аблічча як да ўласнага, у ім няма, у сапраўднасці, нічога асабістага; больш таго, чым менш ён выдзяляецца, тым лепш, чым менш «урачыстая» вопратка адрозніваецца ад штодзённай, тым лягчэй яе насіць.

На гэтым фоне жыццё ў горадзе з яго імкненнем прыбрацца і ўпрыгожыцца разлічана на бясконцую колькасць новых сустрэч, кожная з якіх патрабуе знешняй мабілізацыі, а іх кароткачасовасць і нават мімалётнасць абавязвае клапаціцца пра максімальны эфект, у барацьбе за які не апошнюю ролю адыгрываюць адзенне, касметыка, тэхніка... Акрамя таго, менавіта ў гарадскім жыцці знешнасць мае знакавы характар і дазваляе арыентавацца ў натоўпе, выдзяляць аднапарадкавы сацыяльны пласт і пры жаданні не парушаць яго межаў. Усё гэта не мае ніякага сэнсу ў вёсцы. Тое, што звычайна называюць вясковай цішынёю і супакоем, да якой так часта імкнуцца гарадскія рамантыкі, у сапраўднасці можна аднесці не толькі да літаральнага абурэння слыху, але і да адсутнасці штодзённых стамляльных праблем з сацыяльнай ідэнтыфікацыяй: яны тут вырашаны раз і назаўсёды. Сацыяльнасць тут адпачывае.

(Архітэктурная аднастайнасць тэрыторыі Беларусі навяла на думку: можа быць, гэта адсутнасць цікавасці да знешніх адрозненняў і жаданне стварыць атмасферу стабільнасці праз усеагульнае падабенства, у такой ступені апраўданае і паўнамоцнае ў вясковым жыцці, перайшло і ў архітэктуру разам з вяскоўцамі, якія прыехалі цэлымі пакаленнямі ў гарады.

Урбаністычная уніформа становіцца вынікам псіхалагічнай экспансіі вёскі на горад).

Беларусь у коле

Падобная аголенасць і няўзброенасць унутранага перад знешнім існуе не толькі ў жыцці асобнага чалавека, але і ў арганізацыі ўсяго ўкладу жыцця. У вёсках альбо маленькіх гарадках адкрываецца рэальны стан Беларусі, бо там адсутнічаюць знешнія эфекты, нішто не ўводзіць у зман. Здаецца, менавіта там жыве праўдзівая Беларусь. На вуліцах Мінска дарагія іншамаркі, каляровыя шыльды з гучнымі назвамі вядомых фірм і шмат іншых «дробязяў» ствараюць вобраз руху краіны ў бок цывілізацыі. Кожны чалавек, які ідзе па вуліцы, лёгка падманваецца і думае, што хоць гэта пакуль ніяк не адлюстроўваецца на яго жыцці, аб'ектыўная рэальнасць, бясспрэчна, мяняецца ў лепшы бок і рана ці позна гэты знешні прагрэс пранікне і ў яго жыццё (кватэру). У падобным падманлівым чаканні можна правесці не адзін дзесятак гадоў, калі, безумоўна, не ўдасца пранікнуць у тыя пласты, дзе ўся атрыбутыка аптычнага падману і ствараецца. З пункта погляду эканомікі, гэты пласт жыцця – часцей заснаваны на працы чужога капіталу ці ідэй – у Беларусі дастаткова загерметызаваны, у ім жыве толькі той, хто ў ім жа і працуе. Па сутнасці – гэта ператвораная форма натуральнай гаспадаркі, якая пераведзена ў маштабы горада.

Прынцып натуральнай гаспадаркі – замкнутае кола, па якім цыркулюе жыццё – паступова стаў метафарай жыцця на Беларусі.

Адной з якасцяў гэтай геаметрычнай фігуры, як вядома, з'яўляецца адсутнасць выхадаў у адкрытую прастору, г.зн. знешніх перспектыў... Выхад у будучыню – адна з такіх перспектыў, на першы погляд непадуладная чалавеку, бо аб'ектыўна існуе ў часе. Парадаксальным чынам у асобных кропках на тэрыторыі Беларусі жыццё таксама замыкаецца ў кола. Вялікія вёскі са школамі, у якіх ніхто не вучыцца, а самае «маладое» пакаленне ва ўзросце шасцідзесяці гадоў асуджана хадзіць па замкнутым коле свайго ўнутранага жыцця да таго часу, пакуль апошнія жыхары не сыдуць з дыстанцыі.

Адзін з магчымых спосабаў размыкання кола – яго знікненне.

Беларусь у квадраце памяці

Наша вандроўка была зададзена пэўнымі гістарычнымі параметрамі – яна праходзіла па дакладна вызначаных месцах, якія адыгралі тую ці іншую ролю ў гісторыі Беларусі. Мой спадарожнік – нашчадак славутага рода, які жыў у Беларусі да 1939 года. Мэта вандроўкі – наведаць тыя мясціны, дзе праходзіла жыццё, убачыць іх на свае вочы – задавала не зусім звычайны расклад рэальнасці.

Дыялектыка старога і новага, мінулага і сучаснага, і, нарэшце, уяўнага і рэальнага стварала бясконцыя павароты ў сюжэце нашай вандроўкі. Зрэшты, часцей за ўсё завязка, кульмінацыя і канец-развязка паўтараліся.

Дарога, якая па сутнасці толькі вымушаная форма перамяшчэння ў прасторы, дзякуючы напаўняўшым яе размовам з вялікай колькасцю фактаў, дэталяў, вобразаў, станавілася інтэлектуальнай «загатоўкай» будучай падзеі. Праўда, загатоўкай яна была да таго часу, пакуль мы не дасягалі месца сваіх імкненняў, дзе аб'ектыўная рэальнасць, як правіла, дэманстравала сваю нежыцця-здольнасць у той якасці, якая нас цікавіла, так што варожы «вобраз» замяняў сабою тое, што мы шукалі...

У гэтым сэнсе вандроўка была неабходная не дзеля рэальнай сустрэчы з тым, чаго знайсці і ўбачыць немагчыма. Дарога давала шанс перажыць вопыт набліжэння, як «знаходжання непадалёк» ад таго, чаго ўжо нідзе няма, акрамя чалавечай памяці і ўяўлення.

* * *

Карта Беларусі, усыпаная кропкамі прыдаткаў асабістага ці сямейнага ўпадабання, якія нам неабходна было наведаць – ці то фамільныя склепы, былыя маёнткі, касцёльныя кнігі ці ўспаміны людзей – набывала ў гэтым кантэксце новую гістарычную асэнсаванасць і падтрымку, якая прыйшла ў «сучаснае» з далёкага замежжа ў абліччы майго спадарожніка. Беларусь у яго ўяўленні несла ў сабе памяць аб іншым жыцці, часе, адносінах, у якія былі ўпісаныя яго паездкі, а ў іх была ўпісаная Беларусь.

Гэты дзіўны сімбіёз сям'і з тэрыторыяй набываў асаблівую значнасць, калі фармуляваўся ў рэальных пытаннях, канкрэтных звестках, у пошуку якіх мы калясілі па прасёлкавых, не заўсёды праходных, дарогах. Непадробная і на дзіва энергічная цікавасць да гэтых месцаў самім сваім існаваннем надавала асаблівую ўпэўненасць той часавай перспектыве, у якой мы разглядалі Беларусь, людзей, дамы, пабудаваныя і паспеўшыя разваліцца...

Архітэктура дома, факты з жыцця маёнтка, ліпавыя алеі, сажалкі, людзі, якія іх заклалі, існавалі роўна столькі, колькі мы ехалі да іх. Колы вярцеліся, паліва з бензабака расходвалася, малюнак за акном хоць і ледзь заўважна, але мяняўся – усё гэта давала надзею (шчыра кажучы, ні разу не апраўданую). Часцей за ўсё там, куды мы прыязджалі, проста не было нічога, часам – руіны, і ўжо зусім рэдка мы знаходзілі цэлымі дамы, прыстасаваныя да патрэбаў сучаснага жыцця. Тое, як менавіта іх «прыстасавалі» да сучаснага, – прадмет асобнай размовы. Як правіла, у гэтых дамах уладкаваны месцы «асацыяльнасці» (дамы інвалідаў, састарэлых, алкаголікаў і г.д.).

Працуючы з гэтай прастораю, насуперак уласнаму імкненню сцерці ўсе былыя адрозненні, савецкая ўлада па нейкіх прычынах не толькі не зараўняла сляды старых сацыяльных межаў, але нават па-свойму іх замацавала. Праўда, калі раней гэтыя межы праходзілі па лініі арыстакратычнага адчужэння людзей, то цяпер аддзяляюць ніжэйшы пласт сацыяльнага экстрэмума.

У інтэрнаце для душэўнахворых у час беглага агляду былога маёнтка адзін з яго цяперашніх жыхароў зрабіў крыху дзіўную ласку, калі прапанаваў правесці нас да таго, хто нам патрэбны. Мой спадарожнік нечакана сур'ёзна адказаў чыстую праўду, гаворачы, што той, хто нас цікавіць, тут, на жаль, больш не жыве.

У гэтым сціслым дыялогу была зашыфравана цэлая гістрыя, вартая кінематографа і сям'і, якой належаў маёнтак, выкінутай з яго і рассеянай па ўсім свеце, іх нашчадка, які прыехаў туды, дзе (хто ведае?) ён мог бы жыць, і пацыента шпіталя, што сустрэў яго ва «ўласным» доме, і самога маёнтка, якому быў наканаваны такі розны лёс, што як маятнік штурхнуў яго з адной – арыстакратычнай – скрайнасці ў другую, цалкам супрацьлеглую.

У шпіталі, размешчаным у маляўнічым, хаця і напаўструхлелым маёнтку з нядаўна адноўленымі сажалкамі, алеямі гісторыя дома разам з газетнымі выразкамі і выпіскамі з розных кніжак, энцыклапедыі, у якіх распавядаецца пра яго ранейшых уладальнікаў, акуратна захоўваецца ў папцы сярод гісторый хваробаў пацыентаў, адкуль яе з гонарам выняў галоўны ўрач гэтай установы, яўна задаволены эфектам, напісаным на нашых тварах. Безумоўна, сам факт захаплення гісторыяй быў нечаканым у чалавека, які жыве з мноствам іншых штодзённых і неадкладных спраў. Але акрамя таго, тут выявілася вытанчаная форма ўзаемадзеяння мінулага з сучасным, характэрная для нашай зямлі.

Жэст, з якім вымалі гэтую – асаблівую – папку са стоса такіх жа, але з іншым зместам, сур'ёзны ў сваёй сімвалічнасці ход да дэманстрацыі аднаасноўнасці розных хітраспляценняў людскіх лёсаў на гэтай тэрыторыі...

І нават у гісторыі Беларусі тут няма прывілею, у яе проста свае лакуны, свае шляхі патаемнай прысутнасці, часам яна нават маскіруецца пад сённяшняе, сімулюючы сучаснасць. І ўсё таму, што з-за супярэчлівасці і непаслядоўнасці яна – ненадзейнае абгрунтаванне для ісцін цяперашняга дня, таксама як усё, здольная падмануць і абвергуць што не трэба ў самы непадыходзячы момант.

Гісторыя дваранскай сям'і сярод гісторый хваробаў не з'яўляецца простым спосабам захоўвання інфармацыі: у ім знайшла адлюстраванне крайняя ступень аддаленасці месца ў адносінах да таго, што ў ім (на ім) адбываецца. Вынікі, г.зн. запісы, усё роўна захоўваюцца потым у адной і той жа шафе са шклянымі дзверцамі, праз якія добра відаць аднолькавасць папак...

У гэтым асаблівая мудрасць беларускай зямлі, якая з нязменным спакоем пераносіць усё, што на ёй адбываецца, займае пазіцыю, з якой нішто не заслугоўвае выбуху пачуццяў: усё, у рэшце рэшт, зойме сваё месца на паліцы ў шафе з празрыстым шклом.

* * *

Калі хто і ўлічвае гісторыю з яе паваротамі і сюжэтнымі лініямі – гэта людзі. Прычым не толькі тыя, хто пакінуў свае ўладанні і захаваў іх у сваёй памяці сэрца; з не меншым значэннем яна ўдзельнічае і ў жыцці тых, хто нарадзіўся і вырас паблізу. З цягам часу гэтыя старыя сцены, стрэхі, проста руіны ўсё больш сімвалізуюцца, набываючы функцыі асколкаў, астравоў, загінуўшых караблёў, і менавіта як «рэшткі» яны бесперапынна адсылаюць у мінулае, г.зн. у «другі» час, адрозны ад цяперашняга не толькі лічбамі ў датах, але і зместам.

З размоваў з людзьмі высветлілася, што многія з іх памятаюць сябе ўласнікамі сваёй зямлі, грамадзянамі іншай дзяржавы, носьбітамі іншай мовы. У іх успрыманні Беларусь нясе на сабе адбітак іншага жыцця, іншай улады, іншага часу. Яны як быццам бы паспелі заўважыць сябе інакш, з іншага боку (мяжы) і цяпер вымушаны пастаянна далучаць гэта сваё бачанне-ўспамін да вобраза Беларусі.

Свая ўласная «асабістая гісторыя» кожны раз аказваецца больш доўгай, чым гісторыя Беларусі ў гэтых месцах.

У свядомасці людзей назаўсёды застаўся след, як шоў пасля хірургічнай аперацыі, амаль незаўважны, аб ім не ўспамінаюць, ён не баліць, але ён не дае забыць аб зробленай шмат гадоў назад савецкай прывіўцы.

Па сутнасці, у сваім штодзённым жыцці кожны чалавек робіць у галаве своеасаблівую арыфметычную аперацыю, аднімаючы ад штодзённасці пачуццё уласнасці і ўзводзячы ў квадрат пачуццё беларускасці, якое ўпісвае яго ў тую дзяржаву, дзе ён жыве.

Вандроўка праз 60 гадоў

Ян Булгак. «Вандроўка фатографа ў слове і вобразе»

Думка аб дзіўнай форме знаходжання ў часе, якая так павольна і неахвотна «лечыць» у гэтых месцах, нечакана знайшла яшчэ адно пацверджанне пасля вяртання ў Мінск. Вядомы польскі фатограф Ян Булгак у 20-я гады напісаў нататкі пад назваю «Вандроўка фатографа ў слове і вобразе», прычым паездка яго адбывалася яўна па тых самых мясцінах, што і наша – яго фотаздымкі пацверджанне гэтаму. З першага погляду на здымкі стала зразумелым, што мясціны гэтыя за апошнія семдземсят гадоў не змяніліся. У сваіх нататках ён па-свойму ацаніў ліхалецце, сэнс якога ў тым, што прырода гэтай зямлі непадуладная прагрэсу і цывілізацыі з іх імкненнем да кантролю і пераўтварэння.

«Ландшафт наш бязлюдны, першабытны, дзікі, непакорны, існуе сам для сябе бясконцымі прасторамі і далямі, скульптурай паверхні, поўнай выразнасці і прывабнасці, ухутаны ў лясныя гушчары, зараснікі, палоскі. Ён у неабсяжных памерах, у адзінокай цішыні і ўнутраных роздумах аб стыхіі і вечнасці. У ім утрымліваецца невымерная спантанічная сіла, у параўнанні з ёй чалавек з яго дробязнымі справамі ўсяго толькі нязначны дадатак, які прымаецца мякка і паблажліва. Дзесьці людзі змаглі авалодаць прыродай і змяніць ландшафт на свой манер, падстроіць яе пад свой сумніўны эстэтычны густ. У нас жа чалавек не толькі не змог гэтага зрабіць – ён і не імкнецца ўступіць у заведама няроўную барацьбу з непераўзыдзеным валадаром, добраахвотна здаючыся пад яго ўладу» (Ян Булгак. «Вандроўка фатографа ў слове і вобразе»).

Прырода, якая існуе сама па сабе, чалавек, які не пакідае ў ёй слядоў і нават не імкнецца быць практычным, проста жыве на гэтай зямлі, здавольваецца самым неабходным – усё гэта адразу пазбаўляе звыклага сэнсу такія сферы жыця, як гісторыя, палітыка, культура.

Час гісторыі, падзеі палітыкі, сэнс культуры губляюць сваю актуальнасць і прывабнасць, сціраюцца незаўважнымі рытмамі зямлі, раствараюцца ў чыстай крынічнай вадзе, якая выходзіць на паверхню, каб, прабегшы па ёй нейкі час, ізноў схавацца, упітацца ў зямлю і забраць з сабою ўсё лішняе, непатрэбнае, наноснае.

Вобраз жыцця, пры якім чалавек – гэта орган, зямля – арганізм, а прырода іх суарганізуе, дазваляе не заўважаць не толькі дзесяцігоддзяў, што працякаюць хутчэй за ўсё на экранах тэлевізараў (але хто тут стане ўсур'ёз іх успрымаць – там «нежыццё», «нерэальнасць», таксама як тут «Нямінск»), але і стагоддзяў.

Форма жыцця, у якой усе гэтыя вобразы ўзнікаюць, верагодна і дазваляе памяці чалавека на свой лад абыходзіцца з рэальнасцю: яе часам, зместам, каштоўнасцю, сэнсам.

Мабыць, гэта агульны лёс – зямлі, прыроды, краіны – адной з праяваў якога з'яўляецца і лёс чалавека.

* * *

Паездка па Беларусі нечакана сталася вандроўкаю ў часе, нягледзячы на тое, гэта і быў час проста розных людзей, а не розных эпох.

Зрэшты, гэта толькі паказала, што адрозненні паміж людзьмі, нават калі яны жывуць у адной дзяржаве, сягаюць далёка за межы звычайных уяўленняў, заснаваных на мове, якой яны карыстаюцца ў побыце, на тым, як гатуюць сабе ежу (у печы альбо на газавай пліце), у што яны апранаюцца і пра што гавораць.

Людзі па-рознаму ставяцца да зямлі, на якой жывуць, па-рознаму чуюць спеў птушак, якія будзяць іх на світанку, і, магчыма, па-рознаму прачынаюцца да жыцця, тым больш, што і жыццё ў кожнага сваё.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY