Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(17)/2001
Рэха пілігрымкі
Пра самае важнае
Постаці
Мастацтва
Хрысціянская думка
На кніжнай паліцы
Святло слова
Нашы святыні
Сведчаць архівы
Проза

ПЕКЛЫ. Апавяданне
Паэзія

ВЕРШЫ
Кантрапункт


Ірына БАГДАНОВІЧ

ШЛЯХ ДА СВЯТЫНІ
Вобраз Маці Божай у беларускай паэзіі

З часоў старажытнасці мастакі шукалі найлепшыя і найпрыгажэйшыя фарбы, а паэты – самыя дасканалыя і ўрачыстыя словы, каб увасобіць дарагое ўсім аблічча Божай Маці, у якой, баючыся гневу Усявышняга за свае грэшныя ўчынкі і недасканаласць, душа хрысціяніна заўсёды бачыла Заступніцу перад Айцом Нябесным. Калі мы ўгледзімся ў абразы з выявай Багародзіцы, то абавязкова заўважым, з якой любоўю мастакі імкнуліся выпісаць не толькі Яе адухоўлены твар, але і ўсе дэталі вакол гэтага твару і вакол замілавана прытуленага да грудзей Дзіцяці. Усё тут падкрэслівае прыналежнасць Марыі да вышэйшых нябесных сіл і ў той жа час Яе сардэчную блізкасць зямным людзям. Гэта ж імкнуліся перадаць і паэты, намагаючыся наблізіцца да Таямніцы Марыі – таямніцы Яе Дзявоцтва і нараджэння Збаўцы. Тут усё павінна было быць незвычайным, урачыстым і светлым. Так, россыпам красамоўных слоў і патэтычнасцю інтанацый расквеціў свой верш «Гімн на дзень Звеставання Н.П. Марыі» Адам Міцкевіч, апісваючы незвычайную дасканалую прыгажосць Абранніцы:

Як ранак з марской купелі,
Як дзянніца, Марыя з твару;
Снежнасць аблокаў яму пасуе,
Сонца смугою золата сцеле
Свае адбіткі па нерушнай белі,
Павеўнасць косаў чаруе...1
Пераклад наш – І. Б.

Народныя песні і аўтарскія творы, звернутыя да Маці Божай, амаль заўсёды насычаныя памяншальна-ласкальнымі формамі слоў, шматлікімі эпітэтамі, параўнаннямі. Гэтым найперш падкрэсліваецца хараство і годнасць мацярынства, а таксама ўшанаванне Багародзіцы як Дзевы і Маці ўсяго свету, якая шкадуе людзей, спачувае ім у цяжкасцях паўсядзённага жыцця і адгукаецца на шчырыя просьбы-маленні аб дапамозе і заступніцтве:

Нас, сваіх дзетачак, што ў цябе просяцца,
Матачка добрая, Ты пашкадуй;
Ласкай аджыўчаю Бога прадвечнага,
Матачка Божая, нас абдаруй2 .

Так пяецца ў беларускай касцельнай песні, змешчанай у малітоўніку «Голас душы», што быў укладзены ў 20-я гады святаром і паэтам Казімірам Сваяком. Яна выконваецца і дагэтуль падчас беларускіх набажэнстваў у рыма-каталіцкіх і уніяцкіх святынях.

Другой істотнай асаблівасцю паэтычных тэкстаў, прысвечаных Багародзіцы, з'яўляецца акцэнт на Яе незвычайнай незямной прыгажосці, для чаго найчасцей выкарыстоўваліся параўнанні з зоркай і з лілеяй, што адпаведна з'яўляюцца сімваламі Яе светланоснасці і беззаганнай чысціні:

О, цудоўна, ласкі поўна, чыстая лілея,
Міласціва, літасціва, грэшных надзея...
Найяснейша, найсвяцейша, свету, неба цуд,
Ты зрадзіла і карміла Бога-Сына тут...3

Трэцяя асаблівасць паэтыкі рэлігійных песняў у гонар Божай Маці – падкрэсліванне Яе ўладарнасці, моцы, для чаго часта ўжываліся словы Княгіня, неба Княгіня, Царыца, Панна, Каралева, Валадарка з эпітэтамі Найяснейшая, Найсвяцейшая, Прачыстая. Гэтым падкрэсліваецца Боская абранасць Марыі. З другога боку, як правіла, Маці Божая – гэтая нябесная Царыца – называецца літасцівай, міласэрнай, мілажальнай, бо Яна сыходзіць да просьбаў грэшных людзей, выслухоўвае іх скаргі, выступае іх заступніцай перад Богам. У малітвах, звернутых да Багародзіцы, далучанай да свету нябеснага і адначасова моцна звязанай са светам зямным, з людствам і яго жыццёвымі праблемамі, чалавек не адчувае тае натуральнай боязі, якая суправаджае яго пакланенне Хрысту і Богу-Айцу. Менавіта Багародзіца найбліжэй для разумення простага хрысціяніна, для адчування ім Яе як асобы рэальнай, але і Боскай адначасова – асязальнай і недасяжнай, пры пасрэдніцтве і дапамозе якой можа адбыцца дыялог чалавека з самім Богам. Таму перад Багародзіцай ён можа вольна выліваць свае пачуцці, усё сваё замілаванне і любоў перад веліччу Боскай дасканаласці і ўсю тугу свайго наканавана пакутнага зямнога існавання.

Культ Багародзіцы ў народных духоўных песнях звязваецца, як правіла, і з абаронай Яе годнасці як Дзевы і Маці, Яе цнатлівасці. У гэтай сувязі недапушчальным грахом лічыцца лаянка, бо гэтым абражаецца сутнасць Боскага мацярынства і зневажаецца непасрэдна Божая Маці як Маці ўсяго чалавецтва, усыноўленага Ёю. Паводле народнай рэлігійнай маралі, ад мужчыны, які брыдкасловіць, Багародзіца адварочвае свой твар, а, значыць, і сваё заступніцтва, на тры гады, ад жанчыны – на сем гадоў.4 Хоць такі акцэнт не характэрны для беларускіх рэлігійных спеваў у гонар Багародзіцы (гэта асаблівасць рускіх народных духоўных вершаў), аднак цяпер, калі на Беларусі і людзі рознага ўзросту, выхавання і адукацыі не лічаць заганным ужываць у сваёй мове непрыстойныя выразы, не лішне і нам звярнуць увагу на гэты момант, акцэнтаваны народнай этыкай.

На Беларусі культ Божай Маці здавён звязваўся з заступніцтвам не толькі за душу асобнага чалавека, але і за лёс усяго народа. Так, у славутым творы ХVІ ст. «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага аўтар вышукваў найбольш узнёслыя і поўныя патрыятычнай любові словы, калі ў малітве да Прачыстай прасіў Яе заступніцтва за народ роднай зямлі, які гіне ад бязлітаснага мяча ў вайсковых авантурах:

Кветак дзявочых краса! Прачыстая Дзева Марыя!
Просьбу маю падтрымай Боскай малітвай сваёй.
Ты паглядзі на пажары вайны, на кроў, што ліецца,
Многае воляй нябёс меч дазваляе сабе.
Гіне народ, а яму, з'яднанаму верай Хрыстовай,
Трэба, каб мір для жывых запанаваў на зямлі5 .
Пераклад У. Шатона

Яшчэ адзін знакаміты паэт-лацініст ХVІ ст., сучаснік М.Гусоўскага, Ян Вісліцкі ў «Элегіі да Багародзіцы Панны Марыі» звяртаўся з малітоўнай просьбай уратаваць народ падчас эпідэміі чумы, «ад якой стогне Сарматыя ўся». Тое, што цяжэй вымаліць непасрэдна ў Сына, тое верагодна зрабіць праз Маці, якой Сын не адмовіць. Гэты момант малітоўнай псіхалогіі цэнтральны ў вершы, ён тлумачыць лагічнасць звароту да Найсвяцейшай Панны, крышталізуе марыялагічную традыцыю і адшліфоўвае яе паэтыку, кананізуючы некаторыя сімвалы (сістэма зваротаў, эпітэты, спосаб выказвання просьбы-малітвы, у якіх падкрэслена Боская сутнасць Марыі і свабода чалавека ад спецыфічнай рэлігійнай боязі. Беды, якія насылаюцца на чалавецтва, звязваюцца ў народнай свядомасці з гневам і пакараннем Божым. Надзея на выратаванне ад Боскага гневу ўскладаецца толькі на Марыю ў гэтым «двайным» маленні да Езуса праз Марыю і да самой Маці:

...Толькі бязгрэшнае сэрца і Ты, Міласэрная Панна,
Пераканаюць Яго гнеў на спагаду змяніць.
Ён не адхіліць ніколі пакорлівай матчынай просьбы
І не адмовіць Табе ў міласці шчодрай сваёй;
Разам з Табой усміхнецца, малітвы прыхільна пачуўшы,
Што Ты папросіш сама – тое Табе Ён і дасць...6
Пераклад Ж. Некрашэвіч

Знамянальна, што ў гэты час беларускі народ ужо меў такія свае найкаштоўнейшыя рэліквіі, як цудадзейныя абразы Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні, Маці Божай Жыровіцкай, і пакланяўся ім. Неаднойчы гэтыя абразы натхнялі паэтаў, якія ў вершах-малітвах выказвалі ад імя народа шчырыя просьбы да Маці-Заступніцы:

О, Маці, што закрасавала
Свайму народу не ў цвярдыні,
Акрытай славаю нязвялай,
А на грушцы ў пушчы сіняй.

Так звяртаўся паэт да Жыровіцкай іконы, падкрэсліваючы цудадзейнасць Яе з'яўлення, а таксама блізкасць Маці Божай да жыцця людзей слабых і неабароненых, што найперш мелі патрэбу ў апецы і заступніцтве:

Ты, што ўспыхнула зарніцай,
Не ўладарам зямных узвышшаў,
А пастушкам малым і ніцым
Будзь апякункаю ўсяможнай.
І тых, што гінуць на Радзіме,
І тых, што торбы падарожнай,
Жабрачай з плеч ніяк не здымуць...

Верш упісваўся ў марыялагічны канон, характэрны для беларускай паэтычнай традыцыі: Багародзіца апісваецца аўтарам і як заступніца за асобнага чалавека ў яго «маласці» і «ніцасці», і як заступніца за Беларусь – абнядоленую краіну ў яе нацыянальным паніжэнні. Такім чынам, эстэтычнае адзінства верша грунтуецца на злучэнні рэлігійнага і патрыятычнага матываў:

Дай, каб злаба, мана, зацятасць
Нам не былі ў жыцці спакусай...
Вярні нам нівы нашы й хаты,
О, Матка Божа Беларусі!

Самі сабой прыгадваюцца магутныя словы Янкі Купалы, які гэтак жа звяртаўся да Бога-Айца ў вядомым вершы «Цару неба і зямлі»: «Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа, калі Ты цар і неба і зямлі!» Аднак у вершы Купалы гучыць не пакорлівая просьба-малітва, а, можна сказаць, багаборчы выклік, які з'яўляецца ні чым іншым, як момантам патрыятычнага адчаю паэта, разуменнем, што выратаванне Беларусі магчыма толькі як цуд, тады як само жыццё пазбаўляе веры ў цуды, але ж не вынішчае з душы апошняй надзеі. Час выпрабаванняў для Беларусі ў тым, Купалавым, разуменні яшчэ не скончыўся: вечны пошук саміх сябе, пастаянная неабходнасць самасцвярджэння на пакутным і ахвярным шляху адраджэння, што працярэбліваўся скрозь перашкоды, агрэсію і раўнадушша, – вось, мабыць, адметнасці нацыянальнага быцця беларусаў у прамінулым стагоддзі.

Край шмат стагоддзяў
На крыж замкнуты.
Божа, чаму Ты нас не знаходзіў?
Кінуў чаму Ты? –

Такім пытаннем, таксама пазначаным момантам патрыятычнага адчаю, гучыць верш сучаснай беларускай паэткі Дануты Бічэль. Канец ХХ ст., як і яго пачатак, набрыньваў адказамі на пытанні аб уладкаванні беларускага гістарычнага дома – Бацькаўшчыны, але так і не сцвердзіў гэтыя адказы. У сваім іншым вершы, «Маці Божая Вастрабрамская», паэтка, звяртаючыся да «Марыі, Звястункі Цудаў» са сваёй «слязінай адхлання», у некалькіх эмацыйных фразах перадае сапраўды ўсю «тугу душы беларускай», адзінокай сярод бязвер'я і чужамоўя ў родным краі. Хто яны, тыя «няўдачнікі краю», за якіх моліцца лірычная гераіня верша? У іх ёсць, бясспрэчна, канкрэтныя імёны ў сучаснасці і ў мінулым, але ёсць, на нашу думку, і агульнае імя. Можа, гэта ўсё тыя ж нашы ранейшыя і сучасныя пакутнікі-адраджэнцы з паходняй Беларусі ў сэрцах, што намагаліся «вярнуць Бацькаўшчыну», здзейсніўшы Боскі Провід над ёю, але былі здраджаныя і закатаваныя. Гэта ўсе тыя, у кім не змалела душа патрыёта, але чые крокі дзеля славы краю былі крокамі да ўласнай Галгофы:

Да рук Тваіх па лесвіцы вузкай
Узношу, аж сэрца стыне,
Тугу душы маёй беларускай,
Адлучанай ад святыні.

Не раз сюды, да высокага Раю
Нас дух беларускі ўздыме
Маліцца за ўсіх няўдачнікаў краю
З калекамі, са святымі 7 .

Аблічча Маці Божай Вастрабрамскай прываблівала да сябе паэтычнае слова-маленне і ў ранейшыя часы. Так, да Яе быў звернуты ў 1914 г. верш «Малітва да М.Б.Вастрабрамскай» Андрэя Зязюлі (ён жа каталіцкі святар А.Астрамовіч), які падчас ліхалецця першай сусветнай вайны маліў аб заступніцтве за родны край, што станавіўся прадметам дзяльбы паміж суседнімі дзяржавамі. У вершы А.Зязюлі відавочная традыцыя, што паглыблялася ў часы новалацінскай паэзіі ХУІ ст. і асабліва яскрава ўсталявалася ў ХХ ст. Паэтыка верша характэрная для твораў такога плану, а паколькі А.Астрамовіч быў святаром, ён выдатна ведаў і паэтыку беларускіх духоўных песняў у гонар Багародзіцы. Адпаведна традыцыі, ён выкарыстоўваў належныя параўнанні з «зоркай яснай», з «прачыстай лілеяй», называў Багародзіцу «Каралевай Райскай», а што датычыць гістарычнага лёсу народа, – падкрэсліваў у ім «адвечную спадчыну» гора, здзеку і бяды:

О, Маці Божая, што ў слаўнай Вострай Браме,
Як зорка ясная, нам свеціш заўсяды,
Нам, адзядзічыўшым па прашчуру Адаме
Ў адвечнай спадчыне здзек гора і бяды.
К Табе, прачыстая Дзявіца, ў дзень і ў ночы
Ўзіраюць нашыя заплаканыя вочы.

Крулёва Райская, пакрыўджаных Уцечка,
К Табе мы йдзём з пакорнаю мальбой:
Упрасі нам згоду, хай згіне сварка, спрэчка,
Выклікана народных праў дзяльбой.
К Табе, Заступніца, мы ўздых свой у пакоры
Шлём: барані Ты нас ў народным цяжкім горы...8

Відавочна, што акрэсленая традыцыя – у цесным злучэнні рэлігійнага матыву з матывам патрыятычным. Як асобны чалавек часта адчувае сябе нямоцным у жыццёвых выпрабаваннях, усведамляючы сваю смяротнасць, і шукае ў Бога духоўнага ўмацавання, так і народ, пазбаўлены нацыянальна-дзяржаўных правоў, абпалены вайной, голасам сваіх паэтаў-святароў прамаўляў да Нябёсаў, маліўся Найсвяцейшай Панне Марыі, каб умацаваць духоўныя сілы сваіх абаронцаў, змагароў за волю і долю, і свае сілы ў вечным цярпенні:

О, Міласэрная, паўнюсенькая ласкаў,
О, Маці нашая! Ў трывожны гэты час,
Калі праз цемру ледзь блішчыць луч новых бляскаў,
Сярод змагання з злом не кінь бяссільных нас!..
Не выпушчай нас з Матчынай Апекі
Сваёй цяпер, заўсёды і навекі. Амэн 9 .

Аднак такое злучэнне матываў не заўсёды характарызавала каталіцкую святарскую лірыку, прысвечаную багародзічнай тэматыцы. Так, напрыклад, у творчасці Казіміра Сваяка (святара К.Стаповіча) патрыятызм і рэлігійнасць з'яўляюцца адзнакамі ўсяго духу яго паэзіі, але не звязваюцца непасрэдна з вобразам Божай Маці. Для творчасці К. Сваяка багародзічны матыў наогул не характэрны. У яго ёсць толькі адзін верш «Гімн Дзевы Марыі», жанрава пазначаны ім як «Магніфікат», што значыць хвала, узвялічванне. І праслаўляе ён тут Багародзіцу як рэлігійную культавую асобу, не прыўносячы ніякага свецкага сэнсу ў гэты ўрачысты хваласпеў. Па сутнасці вуснамі Багародзіцы ў гімне ўзвялічваеца і ўсхваляецца Тварэц – Бог-Бацька, які здзейсніў абяцанне Абрагаму і праз Дзеву Марыю прывёў у свет свайго Адзінароднага Сына Езуса Хрыста. За гэта ўслаўляе Бога Марыя ў вершы-гімне К. Сваяка і дзякуе Богу за сваё ўзвелічэнне:

Велічае горача душа мая Бога,
І дух мой узносіць Ягоная Хвала:
Спадабаў бо пакору Ён сэрца ціхога,
А чэсць мая будзе праз векі трывала.

Учыніў мяне вялікай Святы над святымі,
Для ўсіх міласэрны, хто страх прад Ім мае,
І моц Ён надаў мне рукамі сваімі,
А пышных і гордых упроч праганяе.

Скрышыў Ён асілкаў ў каронах рагатых,
Пакорных і нізкіх падвысіў ласкава,
З пустымі рукамі пусціў Ён багатых,
А бедным дабро даў і вечную славу.

Прыняў Ізраэля слугой сваім верным,
Сваё міласэрдзе спагадна напомніў:
А многа ўчыніў Ён бацьком нашым бедным,
Бо вось Абрагама аб'ятніцы споўніў 10 .

Абрагаму ж было абяцана Анёлам Божым: «уславяцца ў семені тваім усе народы зямлі за тое, што ты паслухаўся голасу Майго» (Быц 22, 18). Гэтыя словы ў біблеістыцы тлумачацца як прароцтва аб Езусе Хрысце.

У той жа час злучанасць у эстэтычным успрыманні беларускіх песняроў Боскага і айчыннага надавала новыя рысы катэгорыям прыгожага і ўзвышанага ў стварэнні мастацкага вобраза Бацькаўшчыны. Беларусь часта трактуецца ў вершах 10–20-х гадоў – перыяда скразнога нацыянальнага ліхалецця – Як Маці ў найвышэйшым, біблейскім сэнсе слова. У гэтым, бясспрэчна, праяўляецца параўнанне са святасцю Багародзіцы, пры дапамозе якога паэты хацелі падкрэсліць святасць Айчыны. Прычым, калі б гэта была добраўладкаваная краіна, магутная сваёй дзяржаўнасцю і гаспадаркай, у якой не было б праблем з гістарычнымі перспектывамі, наўрад ці гэта натхніла б паэтаў да такога надзвычайнага параўнання. Але тое адчуванне бясконцай прорвы, у якой знаходзілася Беларусь, той «момант патрыятычнага адчаю» (гэта словы айца Адама Станкевіча, сказаныя ў апраўданне верша Казіміра Сваяка «Айчыны мілай», які быў трактаваны некаторымі крытыкамі як багаборчы) надавалі паэтам рашучасці ў параўнанні зямнога са святым у абагаўленні гістарычнай сіраціны – Беларусі. Так, у сваім вершы «Беларусь» той жа А. Зязюля, выкарыстоўваючы персаніфікацыю, называў сваю краіну Маці і ўсе займеннікі таксама пісаў з вялікай літары, як і належыць пры згадванні богападобнай асобы. Бацькаўшчына была апета ім як святая Маці ўсіх беларусаў – гэтак, як Святая Дзева Марыя заўсёды апяваецца як Маці ўсіх хрысціянаў. І ў такім высокім параўнанні не было ніякага блюзнерства ці нацыянальнай пыхі, а было ўсвядомленае імкненне знайсці ў Слове выратаванне, здабыць надзею. І яна гучала ў канцы верша, напісанага ў форме санета:

Хоць знойдзецца ў Табе выродны валакіта,
Катораму Твая не да спадобы світа,
І не адзін прадасць Цябе Іскарыёт,

Але Табе яшчэ ўсё ж, Маці семяніта,
Сяляне верныя, што сеюць жыта, –
А з іх паўстане Твой народ 11.

Біблейскія аналогіі, такім чынам, у гэтым патрыятычным тэксце відавочныя, і скарыстаны яны з той жа выратавальнай мэтаю, якою было прасякнута ўваскрашэнне Лазара, толькі ў дадзеным выпадку Лазарам паўстае ўся Беларусь. Падобнае эстэтычнае ўспрыманне краю было ўласцівае і Франуку Грышкевічу – мала знанаму сёння заходнебеларускаму паэту, у творчасці якога таксама часта гучалі рэлігійныя матывы. Так, у сваім вершы «Алілуя», напісаным у 1927 г., ён таксама называе Беларусь Маці ў святым сэнсе гэтага слова і выкарыстоўвае хрысціянскую сімволіку, звязаную з евангельскім сюжэтам пахавання і змёртвыхпаўстання. Але для сучаснай яму сітуацыі на Беларусі ён акцэнтаваў менавіта пахавальны момант, а не ўваскрашальны:

...Спеў ёсць сяння нам нязносны –
Ён сягоння ўсіх нас труе,
Мы ня знаем – Alleluja.
Радасць сяння нам нязнана.
Наша Маці у магіле
Разарвана... закапана...12

Персаніфікацыя вобраза Святой Маці ў вобраз Беларусі як краіны-пакутніцы, што аплаквае і бясконца праводзіць сваіх сыноў-адраджэнцаў на Галгофу, была ўласцівая не толькі заходнебеларускім паэтам, у якіх сувязь з хрысціянскай традыцыяй не перарывалася, але і асобным паэтам савецкай Беларусі, дзе такая сувязь была гвалтоўна парушаная, бо рэлігія абвяшчалася «опіумам для народа». Досыць яскрава, напрыклад, хрысціянская вобразная матывацыя адбілася ў цыкле вершаў вядомага ўзвышэнца Язэпа Пушчы «Асеннія песні» (1927). Паэт уяўляе сябе «блудным сынам», які «спраўляе штодзень страшнае маленне»: «Распяваю псальмы аб краіне роднай, распяваю ўвечар, стаўшы на калені». Ён шукае сустрэчы з Матуляй, якая ў хрысціянскай традыцыі, вядома ж, азначае Багародзіцу. Сам жа ён – зусім не Богачалавек, але проста Яе зямны грэшны сын, бо Марыя ўсынавіла ўсіх хрысціянаў. Ён жа і сын маці-зямлі Беларусі. Вось тут, на гэтым стыку, і адбываецца паэтычная персаніфікацыя вобраза Багародзіцы. Паэт піша пра тое, што чакаецца Другое Прышэсце і звязвае яго менавіта з Прышэсцем Маці – у дадзеным выпадку персаніфікацыі Беларусі. І такім чынам, вобраз Другога Прышэсця Маці з Сынам у вершы Я.Пушчы, паводле інтэрпрэтацыі тагачаснага ўзвышэнскага крытыка Антона Адамовіча, сімвалізаваў будучае шчаслівае нацыянальна-дзяржаўнае ўладкаванне Беларусі і яе народа (Маці з Сынам), магчымае праз здзяйсненне другой – нацыянальнай – рэвалюцыі («дзень другога прыйсця»), аб чым марылі ўсе беларускія адраджэнцы розных пакаленняў:

Будзе дзень святочны, дзень другога прыйсця:
Прыйдзе Маці з Сынам, на услоне сядуць...
Расшумяцца клёны, расшумяцца лісьця, –
Будзе святкаванне песеннае ў садзе 13 .

У паэзіі савецкай Беларусі ў 20-я гады гэта быў адзін з нямногіх усплёскаў хрысціянскага светаадчування, злучанага з патрыятычным. Бясспрэчна, ні дух, ні вобразы Пушчавага твора не супадалі з кірункам афіцыйнай ідэалогіі, якая патрабавала ўслаўлення пралетарскай рэвалюцыі. Таму творчасць Язэпа Пушчы ўспрымалася як апазіцыйная, а сам паэт быў заўсёды ў полі зроку непрымірымых крытыкаў, апалагетаў тагачаснага рэжыму, для якога ідэя нацыянальнай дзяржаўнасці Беларусі была абсалютна варожай, як, дарэчы, і хрысціянская рэлігія.

Бальшавіцкі атэізм моцна папсаваў духоўнае здароўе народа, адбіўшыся і на асаблівасцях паэтычнага светаўспрымання. Усё звязанае з хрысціянскім культам выцяснялася з свядомасці людзей, і, адпаведна, знікалі хрысціянскія вобразы і матывы з паэтычных тэкстаў. Тым святлейшымі на яе фоне выглядалі астравочкі духоўнасці і вечнай невынішчальнай Боскай яснаты, якія не мог перамагчы ніякі таталітарны монстр. Такая ясната струменіла з вершаў Ларысы Геніюш, якую не зламалі сталінскія лагеры і ніводны радок якой не быў падпарадкаваны камуністычнай ідэалогіі. У вершы «Жыровічы» Л.Геніюш закранала багародзічную тэматыку – апявала беларускую старажытную святыню, вядомы цудадзейны абраз, да якога сама прыйшла пакланіцца:

Жыровічы – святы для нас куточак,
Гдзе цэрквы ў неба вежы узнялі.
На дрэве Маці Божай абразочак –
Благаслаўленне для маёй зямлі.

Чужыя ў нас былі паны, вяльможы,
З цяжкое працы жыў стары народ.
Жыў ён з любові, з ласкі Маці Божай,
Якая з ім была ў часы нягод...14

Паэтка вялікага грамадзянскага гарту, Ларыса Геніюш не магла не адчуваць нацыянальнай паэтычнай традыцыі, і менавіта яна дала ў гэтым вершы 1981 года ўзор знітаванасці ў ідэйна-мастацкай задуме рэлігійнага і патрыятычнага пачуцця, свайго асабістага, індывідуальнага перажывання і малітвы за ўвесь родны край і народ:

О Маці Божая! Ты – ласка у цярпенні,
Прамень святла, што праз вякі не згас,
На голаў грэшную маю пашлі благаславенне
І будзь пры мне ў жыцця адказны час.

Хай будзе мір і ўсюды Твая воля,
І Бог – Твой Сын – распяты на крыжы.
Стары народ наш не пакінь ніколі
І ад нягодаў землю сцеражы! 15

У сучаснай беларускай паэзіі хрысціянскія тэмы і матывы ізноў напоўніцу загучалі ў 90-я гады, і гэта было, безумоўна, звязана з вялікімі пераменамі ў грамадскім жыцці, у якое вярталіся хрысціянскія каштоўнасці. Пайшоў працэс адраджэння духоўнасці, пачаліся пошукі яе новых формаў. Легалізаваўся і пашырыўся хрысціянскі друк, пачалася рэстаўрацыя ацалелых святыняў і пабудова новых, адрадзіліся хрысціянскія канфесіі, ізноў заявіў пра сябе хрысціянска-дэмакратычны рух. Паэзія адгукнулася на перамены: часам вонкава, але часцей глыбока-прачула. Для многіх творцаў гэта было новым адкрыццём свету, новай магчымасцю спазнання сябе, цудоўным і трапяткім дакрананнем да сакральных таямніцаў светабудовы. Сярод вядомых сучасных паэтаў, якія плённа працуюць у хрысціянскім рэчышчы, бадай найбольш адданай марыялагічнай тэматыцы застаецца гарадзенская пяснярка Данута Бічэль. Штораз яна знаходзіць новыя спосабы перадачы свайго верніцтва праз паэтычнае слова, стварае сваю паэтычную экзэгетыку, адкрываючы глыбіні спрадвечнага перад вачыма і душой сучаснага чалавека. Яна вельмі часта звяртаецца да вобраза Прачыстай Панны, падобна, штохвіліны жыве з Ёю ў сэрцы, адчуваючы нябачную дый неаспрэчную Яе Прысутнасць. Зямная гісторыя Марыі настолькі блізка ўспрынятая душою паэткі, што эпізоды з яе гучаць як гісторыі пра дарагога, роднага чалавека. Вершы нараджаюцца адточанымі да бездакорнай прастаты: паэтка свядома пазбягае ўсялякіх вонкавых стылёвых упрыгожванняў, уласцівых ранейшым багародзічным вершам, бо Найсвяцейшая Панна сама па сабе ёсць ўвасобленая Прыгажосць і Веліч. Так пранікнёна, па-хатняму і адначасова з адчуваннем сакральнасці падзеі, з выкарыстаннем гранічна скупых мастацкіх сродкаў напісаны верш «Наведванне Прачыстай Паннай Марыяй святой Альжбеты»:

Ціха ішла Прачыстая Панна,
Добрай Навінаю усхвалявана,
Богам на Божую Маці абрана.
Праз найсвяцейшае Божае Лета
Каля гаючых садоў Назарэта.
Там сустракала Марыю Альжбета.
– Багаславёная, ласкаю Поўна,
Багаславёны Плод Твайго Лона,
Добрай Навінаю Багаславёна.
20 стагоддзяў Маці Святая
да бессмяроцця люд свой вяртае.
Холад, нянавісць тае і тае 16 .

Для Багародзіцы – Дзевы Марыі – у паэтычным іканастасе Дануты Бічэль адведзена асаблівае, сагрэтае пяшчотным і спакутаваным сэрцам, месца. У адным з яе вершаў яно называецца закуткам. Гэты закутак – таемны, не спляжаны цывілізацыяй. Можа, гэта астральны закутак у сусвеце, а можа – інтымны куточак расшкуматанай штодзённасцю душы. Менавіта там усё цяпер адбываецца, там пачатак і сэнс быцця, там вырашаюцца індывідуальныя лёсы і тчэцца сама гісторыя, а не на бітым палітычным бруку:

У тым закутку, дзе адно старое,
Дзе час заціх, нічога не прайграна,
І слова – забароненая зброя...
На той Планеце нарадзіла Панна,
Бяздомная, у нічыёй каморцы,
На ўцеху пастушкам, на Свята Зорцы,
Сама, без павітухі і пялёнак,
Збаўленнем душаў стаў Яе Дзіцёнак...
Ва ўсіх паразах, у салодкім смутку
У тым закутку...17

Так у вобразна-паэтычным слове, звернутым да Маці Божай Найсвяцейшай Панны Марыі, паэты розных часоў імкнуліся ўвасобіць сваю найвялікшую любоў і пакланенне перад святасцю жаночага хараства, дабрыні і спагадлівасці, замілаванасць Боскай сутнасцю мацярынства, імкнуліся падкрэсліць адданасць свайго зямнога лёсу Яе нябеснай апецы, а таксама ў Яе абліччы шукалі падтрымку сваім патрыятычным парывам і спадзяванням на лепшую долю Беларусі. Багародзічныя тэмы і матывы ў сучасных вершах пазбаўлены ілюстрацыйнасці, яны скіроўваюць увагу чытача на сувязь двух светаў: зямнога і нябеснага, але нябеснае не адчужаецца ад зямнога, а, наадварот, уяўляецца максімальна набліжаным, даступным для дыялогу, і менавіта вобраз Багародзіцы найперш дае такое адчуванне блізкасці.


  1. Наша вера. 1998. № 3 (6). С.26.
  2. Беларуская каталіцкая музыка: Касцельныя песні. Мн., 1992. С.48.
  3. Тамсама. С. 49.
  4. Федотов Г. Стихи духовные:Русская народная вера по духовным стихам. М., 1991. С.56.
  5. Гусоўскі М. Песня пра зубра. Пераклад з лац. мовы У.Шатона. Мн., 1994. С. 47.
  6. Наша вера. 2001. № 1 915. С. 47.
  7. Бічэль-Загнетава Д. Божа мой, Божа. Мн., 1993. С. 46.
  8. Bielarus. 1914. № 40. 2 кастр.
  9. Тамсама.
  10. Крыніца. 1921. 9 студз.
  11. Дварчанін І. Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 году). Вільня. 1927.
  12. Беларуская крыніца. 1927. 15 крас.
  13. Узвышша. 1927. № 5. С.91.
  14. Геніюш Л. Выбраныя творы. Мн., 2000. С.159.
  15. Тамсама. С. 160.
  16. Бічэль Д. Нядзелька. Вершы. Гродна. 1998. С.9.
  17. Полымя. 2000. № 3. С.29.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY