|
* * * |
Світанак вымалёўвае маршруты
На бляклай мапе восеньскіх абшараў
Далей ад надакучлівых рэалій
Бясконца пераходнае пары.
І рухаюцца ўпарта самалёты,
І рухаюцца пільныя асадкі
Да неспазнанай вольнае краіны,
Якую нехта некалі стварыў.
Мне снілася, што недзе там за выспамі,
зямля такая светлая і чыстая,
што ранкі там звіняць у снах парэчкавых
і цёплы сырадой люляюць глечыкі.
Маё дзяцінства, радасць сінявокая,
і блізкая, і назаўжды далёкая.
Душы маёй бы, гэтай беднай чаіцы,
як ні сюды, няма куды прычаліцца.
|
* * * |
Так абачліва і далікатна
Адыходзіць месяц лістапад,
Пакідаючы ў жыцці прыватным
Тое, што і год таму назад.
Прымаразак высвенціць прысады,
Нетаропка разгарне сувой,
Падрыхтуюць мастакі прылады,
Узмахнуць умелаю рукой.
І паўстануць помазкам алею
Рэкі ў сузіранні берагоў,
Сцятыя халодныя алеі,
Лабірынты лёсаў і шляхоў.
Пад снягамі сцішацца лагчыны,
Вецце паслухмяна задрыжыць,
І пачнуць самотныя жанчыны
Уначы на каве варажыць.
І шукаць якога-небудзь ладу
Ад неўладкаванага жытла,
Неба напярэдадні Калядаў
Быццам брама вышняга святла.
Не схавацца ў глыбіні прадоння,
Сум не хоча спасцігаць прычын,
І глядзіць спагадліва Мадонна
На пакуты вечныя жанчын.
|
* * * |
Там за небакраем тысячы дажджоў
у непрадказальнасці застылі
Там за небакраем мноства голых дрэваў
жаляцца на хуткае растанне
А бурштынавыя бліскавіцы
апалілі ўночы аканіцы
Між зямлёй і небам тонкая мяжа
пракладзецца крышталямі лёду
Між зямлёй і небам срэбныя званочкі
кожны вечар будуць нам звінець
А бурштынавыя бліскавіцы
бы нястомленыя вартаўніцы
Там за небакраем часу далячынь
страчвае знаёмыя абрысы
Пад ссівелым сонцам неба і зямля
адгукаюцца тваім усмешкам
А бурштынавыя бліскавіцы-
прывітанні феі-чараўніцы...
|
* * * |
Асветленая зоркаю Антарэс,
Акрэсленая вуснамі вятроў,
Душа мая імкнулася да мараў,
Як да знаёмых змалку берагоў.
І там, куды ні кроку ні паўкроку,
Куды ні клаўся чалавечы след,
Я назірала асаблівым зрокам,
Як запавольвае свой рух сусвет.
Як крышацца няспраўджаныя зоркі
У сутарэнні прывідных палёў,
Як расчыняюцца начныя форткі
І выпускаюць сініх матылёў.
|
* * * |
У весьнім небе сонца парушынкі
Закруцяцца і лягуць на далонь,
І мноства ператворыцца ў адзінкі,
І вываліцца спрытнае сціло.
Напэўна, будзе ранак палыновы,
Напэўна, будзе голас над вадой.
Я ведаю, што застануцца словы
Адлюстраваннем існасці маёй.
|
* * * |
Гэта прыцемак вясновы
Забруіўся па пакоі
Гэта лёгкі пах хваёвы
Над маёю галавою
Гэта колераў адценні
Выяўляюцца яскравей
Гэта некалькі імгненняў
Паміж сном і паміж явай
Гэта слухаць як сініцы
Забаўляюць шматгалоссем
Гэта расплятаць вучыцца
Промняў зблытаныя косы
Гэта дзед мароз старэнькі
У апошні раз марозіць
Гэта голыя каленкі
Гэта коўдра на падлозе
Па-за сэнсам па-за слыхам
Сонца цёплае з'яўленне
І тваім дыханнем ціхім
Пачалося абуджэнне.
|
* * * |
Над далінай вятрам наўздагон
Іншым разам так хочацца ўзняцца
І - назад, у спрадвечны палон,
Быць дзяўчынкай і быць маці.
У прычыненыя дзверы назіраць,
Як спрабуе сам на ножкі ўстаць
Сэнс жыцця - з блакітам шэрым вочы
І смяяцца, і не спаць уночы.
Нетутэйшай расіцы сляды
На асфальце знаходзіць нязменна,
Засяроджваць у кроплях вады
Патаемнасць усмешкі імгненнай,
Узнікаць між вясновых садоў
На празрыста-ружовых суквеццях
Дзеля некалькіх толькі радкоў,
Што табе
закаханы
мужчына
прысвеціць...
|
* * * |
Трапяткі і пужлівы, быццам сон на світанні,
Быццам голас далёкі, быццам радасць шляхоў.
Свет, схаваны ў галінах - карагод абяцанняў -
Разбурае наяўнасць непатрэбных высноў.
Перад кожным вяртаннем, перад кожным сыходам
Твой уважлівы позірк спыніць простая рэч -
Свет, схаваны ў галінах - увасобленасць згоды,
Гарманічных пачуццяў і прыязных сустрэч.
Нетаропкім гайданнем, пераборамі ценю
То наблізіцца сонца, то адыдзе назад,
Слізгане зіхаценнем па плячах, па каленях,
Зачароўвае цела, робіць млявым пагляд.
І на самым падмурку знітаваных імпрэсій
Паступова ўзнікаюць твары новых краін.
Пахі ўсходняга ветру, цыганскія песні,
Покліч снежнага барса і грукат лавін.
Я на плямцы святла высвятляю залежнасць
Запаволенай думкі і добрых прыкмет,
І гляджу, як за промнямі цягнуцца вежы
У бліскучую далеч, у нязмушаны свет.
|
* * * |
Можа то не сон
Гэты дзіўны звон
Сінь-сінюткае
Крылле гнуткае
Адгукаецца
Не чакаецца
|
|
|