|
|
№
2(20)/2002
Мастацтва
Юбілеі (Да 120-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы)
Пра самае важнае
Haereditas
Мастацтва
У свеце Бібліі
Паэзія
Проза
Постаці
Культура
Пра самае важнае
|
У хаце, куды я ўбіўся на пастой, спяваў цвыркун, ціха рыпелі сцены і гучна, з хваравітым надрывам, кашляў гаспадар. Хата была вялікая, стаяла на высокім падмурку, і з вокнаў былі бачныя руіны царквы, лапікі руні на пагорках і шыхт згалелых таполяў на волжскім беразе...
Я пісаў гэтыя два сказы з неадчэпнаю думкаю: ці не перанесці дзею на родныя гоні? Бо што, уласна, зменіцца? Тая ж хата будзе ціха рыпець па начах, у цёмным запеччы будзе спяваць такі ж самы цвыркун, а на самой печы зойдзецца ад кашлю які-небудзь Ахрэм ці Базыль. Адно берагі будуць ужо не волжскія, а дняпроўскія, і на іх паўстануць не пірамідальныя таполі, а белабокія бярозкі. Палец ужо крануўся клявішы delete, каб сцерці набраны тэкст, ды тут жа адскочыў, падуладны ліхаманкавай думцы пра тое, што на дняпроўскіх берагах зроду не забівалі анёлаў...
У сакавіку 1988 года лёс закінуў мяне на Ніжнюю Волгу, у вялікую, на пяцьсот двароў, вёску Сіняглазку. У тых мясцінах, па глеістым волжскім дне, мусіла пралегчы нітка нафтаправоду; я мусіў сачыць за тэхнічным бокам справы, але будаўнікі часова з'ехалі на другі аб'ект і давялося цэлы тыдзень гультаяваць, блукаючы па рачных берагах, азіраючы руіны аграмаднай царквы, што грувасціліся пасярод Сіняглазкі, і штовечар чытаць мясцовую газетку «Комсомолец Каспия», якую выпісвалі гаспадары.
- Я б на тваім месцы набыў ладны спінінг. Якраз лешч пайшоў, - казаў на развітанне мой напарнік - хударлявы дзядзька з татарскім прозвішчам Зіганшын, які дагэтуль тры месяцы кантраляваў якасць трубнай зваркі, а цяпер ехаў на адпачынак у родную Самару. Напарнік панурыў у бяздонны заплечнік пару балыкоў, вязанку сухарэбрыцы, спавіты ручніком трохлітровы слоік паюснай ікры: «Як трэба будзе ікра, звяртайся да чачэнцаў. Жывуць ля царквы». Ускінуў заплечнік на спіну і здушана прамовіў: «Толькі б да аўтобуса дацягнуць».
Хата стаяла на выселках, і да аўтобуса трэба было тэпаць два кіламетры. Палову дарогі ішлі моўчкі - напарнік адно крэкаў ды тузаў напятыя лямкі, мне таксама было не да размоваў, бо руку адрывала цяжкая валіза, і толькі калі мы спыніліся, каб перавесці дух, Зіганшын зморана выдыхнуў: «Жыць тут можна... адно што хата далёка ад вёскі, ды гаспадар... таго... - палец напарніка крутнуўся ля скроні. - Блукае цэлымі днямі па двары, ні з кім не размаўляе».
Жыць у адной хаце з вар'ятам не надта пасавала, і я заклапочана пацёр навярэджаныя далоні.
- Ты не хвалюйся. Ён ціхі: курыцы не пакрыўдзіць, - Зіганшын крэкнуў, палез у кішэнь па цыгарэты, ды згадаўшы, што паліць няма калі - аўтобус праз дваццаць хвілін адыходзіў, - таропка падхапіў заплечнік. - Кажуць, нармальны быў мужык: піў, на гармоніку граў. А гадоў пяць таму анёла падстрэліў.
- Як гэта? - уразіўся я, намацваючы ручку валізы.
- Ну як... стрэліў у баклана, а з неба анёл зваліўся, - хмыкнуў Зігашын, зірнуў на гадзіннік і патупаў, па-птушынаму дрыгаючы ўскудлачанаю галавою.
Аўтобус знік за паваротам і суціх, пакінуўшы па сабе гнятлівую цішыню і адбіткі колаў на тупкім жвіры. Душы стала непамысна, і я, не ведаючы, куды сябе падзець, два разы абышоў разбітую царкву, зазірнуў пад знявечаныя скляпенні і, убачыўшы выяву Васіля Вялікага, траха не перахрысціўся: святы глядзеў на мяне з суровай пагардай, палічыўшы, відаць, што я забег у храм справіць малую патрэбу.
Да спісанай мацюгамі сцяны былі прыстаўленыя драбіны. Яны былі хісткія, небяспечна зыбаліся, і пакуль я па іх уздымаўся, ногі злёгку занямелі і сцяліся ад халодных дрыжыкаў. Па вышчарбленым уступе давялося сунуцца вокраччу, а дапяўшы да цёмнага атвору, за якім пачыналіся вітыя ўсходы, я аддзьмуўся і пашкадаваў, што палез на верхатуру.
Усходы сканчваліся невялічкай, спрэс заседжанай галубамі пляцоўкай, і першае, што я ўбачыў, ступіўшы на рыплівы памёт, быў той самы чырвоны аўтобус. За хвілю рухавая кропка знікла з відавоку, і я з раўнівым сумам падумаў, што чырвоны мураш вернецца толькі праз месяц: гэтак жа павольна прапаўзе па стэпе і, ператварыўшыся ў рэйсавы аўтобус, страсяне на заднім сядзенні распаўнелага і пасвяжэлага пасля адпачынку Зіганшына.
Дзень быў пахмурным, краявід урачыстым і простым, і чарада таполяў, што пазначала волжскі бераг, падзяляла сіратліва-насупленае неба і шэрую, кагадзе вызваленую ад снегу зямлю. Позірк слізгануў па хвалістым, падобным да дыяграмы павольнага дыхання, паску, за якім плыла матухна-Волга, і дзесьці над галавой незадаволена забуркавалі галубы. Я не ведаў птушынай мовы, але да сэнсу буркацення дапяў: галубы былі незадаволеныя тым, што я ўжо содні блукаў па волжскіх берагах, а самой ракі яшчэ не бачыў.
...У стэпе бачна далёка, і далягляд здаецца блізкім, як дастаць рукою. Волжскі бераг таксама падаўся блізкім, але ішоў я да яго паўтары гадзіны, сюд-туд азіраючыся на бязвокую царкву, і радаваўся ёй, як старой сяброўцы, сустрэтай у далёкай і чужой краіне. Напачатку мясцовасць была пляскатай, як патэльня, потым пачалася шырокая лагчына, на дне якой ляжаў клін бруднавата-шэрага снегу, а калі я выбраўся з лагчыны і зірнуў наперад, дык не ўбачыў прырэчных таполяў. Перад вачыма распасціраўся неабсяжны стэп і лінія небакраю была як ніколі высокай і раўнюткай. Шыхт шэраствольных, зачасаных угору таполяў, знік у вечаровым сутонні, а разам з таполямі прыхавалася ад вачэй і вялікая расейская рака. Я прайшоў яшчэ пару сотняў метраў, пастаяў у неразуменні, з трывогай назіраючы, як марнее дзённае святло, як цямнее і расплываецца відарыс царквы, і няпэўным крокам рушыў у адваротным кірунку. Пакуль ішоў лагчынаю, стала зусім цёмна, і з вясёлым адчаем падумалася, што й Сіняглазка можа знікнуць, як зніклі прыбярэжныя таполі. Я паскорыў крок, потым кінуўся подбежкам і перавёў дых толькі тады, як убачыў гронку мігатлівых агнёў на даляглядзе.
Цемра насунулася знянацку; яна пужала і адначас вабіла сваёй загадкавасцю. Мне чуліся таропкія крокі. Здавалася, нехта ішоў за мною, ступаючы след у след, і калі я знянацку спыняўся і наструньваў слых, да вушэй далятаў грукат ботаў і здушаны кашаль. Дзесьці я ўжо чуў гэткі кашаль, чуў грукат цяжкіх ботаў... Мне нават здалося, што ззаду бяжыць гаспадар хаты - здагадка халодным ледзяком кранулася душы, але тут жа растала, і я, працягла ўздыхнуўшы, падзівіўся сваім дзіцячым страхам.
Зрэшты, перапужацца было з чаго: незнаёмая мясціна, апраметная цемра... забіты анёл на балоце... Зіганшын распавёў пра анёла з вясёлым смяшком, маўляў, чаго не прытрызніцца па п'янцы, але мяне той аповед уразіў і цвяліў душу. Уваччу нават паўстала карціна: балотная купіна, чалавек з дубальтоўкай і ля ягоных ног скрываўлены анёл - ляжыць ніцма, глядзіць на чалавека нежывымі вачыма. Карціна выйшла такой яскравай, што давялося страсянуць галавой і - чаго раней ніколі не рабіў - перахрысціцца.
Я доўга блукаў у цемры. Мігатлівыя агні, на якія арыентаваўся, прывялі да нейкай фермы. На мяне накінулася вялізная псіна, якая сіпла брахала і намагалася куснуць за пятку. І, відаць, куснула, калі б яе - кароткім мацюгом - не паклікалі з нутра прысадзістай, прапахлай выпетраным гноем будыніны. Псіна, падкурчыўшы хваста, пабегла на ферму, а я рушыў у супрацьлеглы бок, наіўна маракуючы, што менавіта туды і трэба ісці, а калі выйшаў на пагорак, убачыў за спінай новыя агні і абуджаныя навакольныя сабакі віталі мяне залівістым брэхам.
Да хаты прыбіўся без духу і перад тым як пастукаць у дзверы, пацёр далонню тое месца, дзе білася знясіленае сэрца.
Адчыніў мне гаспадар - сівагаловы, сярэдняга веку чалавек: ён ліхаманкава бліснуў вачыма і засоплена, як пасля доўгай беганіны, адкашляўся.
«А раптам і сапраўды бег за мною? І ўляцеў у хату перад маім прыходам?» - я праслізнуў у шчыліну прачыненых дзвярэй, забег у свой пакой і, скінуўшы вопратку, падбіўся пад коўдру. Цела гуло ад стомы, павекі гарэлі ад недасыпу, але я баяўся іх звесці - неадрыўна ўзіраўся ў цёмныя вокны і слухаў, як рыпаюць масніцы, як роспачна, з глухім прыдыханнем, кашляе гаспадар і дзесьці ў запеччы, як ніколі бадзёра і гучна, спявае цвыркун. Потым усё аціхла, вушы заклала пульхнатай ватай; на кароткае імгненне я прачнуўся, бо здалося, што нехта - злавесны й няўклюдны - схіліўся над маім ложкам і тут жа абрынуў у сон, і ў сне, страшэнна стомлены, я ішоў голым стэпам і на даляглядзе дрыжэла і расплывалася ўваччу сцяна згалелых таполяў...
Абудзілі мяне зыркае святло й пранізлівы птушыны галас. Раніца выдалася сонечная, і пад вокнамі, у разлеглай і плыткай лужыне, з шалёным імпэтам мыліся вераб'і. Я спехам апрануўся, падагрэў на пакінутай Зіганшыным электраплітцы бляшанку свіной тушонкі, паснедаў і выйшаў на падворак.
- Ці не заблудзілі вы ўчора? - гаспадыня хаты, цёмнатварая, злёгку прыгорбленая жанчына, узрост якой цяжка было вызначыць, мыла пасярод двара пакарабачаныя начоўкі.
- Было крыху, - я прымружыўся ад сонечнай зыркоты, - цямнее тут хутка... і цемра егіпецкая.
- Цямнее ў нас як у кінатэатры. Не паспееш азірнуцца - ужо ноч на двары, - жанчына шухнула ваду пад плот. - Летась да сястры ездзіла, у Архангельскую вобласць, дык там, паверце, і ночы няма: светла, як днём. Я там і спаць не магла...
Гаспадыня, відаць, была з гаваркіх; мне ж балакаць не выпадала - трэба было прайсціся ўчарашняй дарогай і паглядзець, куды падзеўся волжскі бераг, таму, буркнуўшы штосьці дзеля прыліку, я скочыў з ганку, прайшоўся ўздоўж плоту і быў спынены кароткім воклікам:
- Федзя з'ехаў?
Ля весніц суседняй хаты сядзеў на кукішках мужчына майго веку і поркаўся ў матацыкле.
- З'ехаў, - паведаміў я, палічыўшы, што гаворка ідзе пра Зіганшына, прыпыніў крок, і мужчына, падхапіўшыся на ногі, запытальна тузануў падбароддзем: - У пасёлак ідзеш?
Я кіўнуў у адказ.
- Сядай, пракоцімся з ветрыкам, - мовіў аднагодак, рупліва выцершы вяхоткай перапэцканыя далоні.
Стары К-750 - на такіх матацыклах калісьці ездзілі даішнікі - здрыгануўся жалезным нутром, сарваўся з месца, пайшоў на пад'ём, прарэзаўшы коламі схіл пясчанага пагорка.
- Рыбалкай цікавішся? - запытаўся, не паварочваючы галавы, мужчына, а калі я гукнуў яму на вуха «не-а!», паддаў газу і з робленым абурэннем крыкнуў насустрач ветру: - Што ж ты за мужык такі?!
Учора, калі глядзеў з царкоўнай верхатуры, волжскі бераг падаўся блізкім, а сёння ён адсунуўся да небакраю і прывідна калыхаўся ў працятай сонцам смузе.
- Ці далёка да ракі? - крыкнуў я, не пачуўшы ўласнага голасу.
- Пяць з паловай кэмэ, - крутнуў галавой матацыкліст і з вясёлым адчаем дадаў: - Мяне Мікалаем завуць.
Даўшы кругаля на невялічкім пляцы, Мікалай спыніў матацыкл ля мясцовай крамы і заглушыў матор.
- У краме нічога няма. Можна ўзяць толькі ў чачэнцаў: сем рублёў бутэлька.
Піць не хацелася, дый здароўя не было: апошнім часам даймала пякотка, але мусіў лезці ў кішэнь і адлічыць рубель і два трульнікі.
Назад ляцелі са страшнай хуткасцю. На паваротах кола вазка адрывалася ад зямлі, матацыкл матляла ўбокі і я ляпаў Мікалая па спіне.
- Даедзем, - азываўся Мікалай; на адным з паваротаў ён скінуў газ і тыцнуў мяне локцем: - Ты Волгу хоць бачыў?
Волгі я не бачыў, і мой новы знаёмца рашучым рухам крутнуў руль управа. Ехалі ледзь прыкметнай сцяжынай, потым узбіліся не праселіцу, і я, уважліва пазіраючы наперад, крыкнуў:
- Чаму жывяце так далёка ад берага?
- Залівае. Пяць гадоў таму нават дамбу знесла, - Мікалай тузануў галавой, паказваючы наперад, і я прымружыў вочы.
Там, наперадзе, прарэзаўшы стэп раўнюткім ценем, уздымалася пакатая дамба. Учора на змярканні дамба злілася з наваколлем, прыхавала ад вачэй волжскі бераг, перакрывіла свет, а сёння лагодзіла позірк маладою травою і казытала сэрца лёгкім сорамам: было няёмка за свае ўчарашнія страхі.
Матацыкл гучным рокатам скалануў наваколле, нырцануў у прахон, які быў прарыты ў дамбе, праехаўся па абалоні, і ў прасвеце між дрэвамі зырка бліснула рачное люстра.
Вада стаяла ля самых таполевых карэнняў, здавалася нерухомай, і дзіўна было назіраць, як імкліва, што той пенапласт па ручаіне, плыў па рацэ трухлявы лёд. Дзесьці зусім побач загарлаў певень - раз, потым другі. Я нават азірнуўся, выглядаючы пяюна, і Мікалай, спрытным рухам адкаркаваўшы пляшку, прамармытаў:
- Гэта на тым беразе.
Да супрацьлеглага берага было добрых тры кіламетры.
- Там месца высокае, жывуць ля самай вады, - прысеўшы на стаўбур паваленага дрэва, Мікалай з гэткім жа спрытам адкрываў сцізоркам бляшанку бычкоў у тамаце. - На тым баку колісь Залатая Арда атабарыліся. Сталіца ў іх там была, Сарай-Бату. Чуў пра такі горад?
Я наставіў далонь да брывоў, намагаючыся захаваць у памяці тое месца, дзе была сталіца Залатой Арды, а тым часам за спінаю керханулі і з нецярплівым натхненнем выдыхнулі: - Ну, давай, за знаёмства...
Пластмасавы кубачак з-пад смятаны быў амаль поўны. Я зрабіў пару ашчадных глыткоў, вярнуў пасудзіну Мікалаю і той, падліўшы гарэлкі, драпежна зварухнуў кадыком. Піў ён паволі, звёўшы вочы да пераносся, а дапіўшы, размашыста махнуў рукою, збіваючы з пасудзіны апошнія кроплі, і кіўнуў у бок матацыкла.
- Колькі я з ім поркаўся - доўга распавядаць, - сябрук падчапіў на хлеб пратамачаны бычок, драпежна заварушыў сківіцамі. - З міліцыі спісаны. Мянты ў слуп урэзаліся, пярэднюю вілку пагнулі, таму й спісалі. Я па тую вілку аж у Ахтубінск матляўся. Выпрасіў у аднаго пенсіянера. Затое цяпер гойсаю як мае быць. Звер-машына! Па нашых пясках ні на «Іжу», ні на «Яве» не праедзеш: вомігам матор нагрэецца.
Іван працягнуў мне пачак цыгарэт, я страсянуў чупрынаю і, у сваю чаргу, запытаўся:
- А што... чалавек, у якога жыву... з ім нейкая гісторыя здарылася?
Мікалай прыпаліў цыгарэту, з глухім посвістам выпусціў дым. Хвіліну ён сядзеў нерухома, потым схапіў бутэльку, дрыжачай рукой напоўніў пасудзіну.
- Мы з ім тады разам паехалі. Ружжы ўзялі, сабаку ў вазок пасадзілі - добрая была псіна... акалела пазалетась, - і на ільмені махнулі. Кожнай восені туды ездзілі, гусей стралялі. Гусей там, скажу табе... - суразмоўнік уздыхнуў, выпіў гарэлку, з каменным тварам глянуў на неба. - У мяне там, на ільменях, швагер жыве - участковым працуе. Ён мне, дарэчы, і матацыкл узычыў. Ну, прыехалі, узялі па чарцы. Іван, праўда, не піў. Штосьці на яго найшло - выправіўся проці ночы на азярыну. «Пайду, кажа, пагляджу - ці ёсць што страляць». Ну выправіўся ён, а мы з шваграм яшчэ пляшку расціснулі ды адразу ж спаць леглі, каб на золку падняцца. І вось чую сярод сну - поркаецца нехта на падворку. Падняўся, адчыніў дзверы і аслупянеў: стаіць Іван - збялелы, расхлістаны, без ружжа; зяпае ротам і нічога сказаць неможа. «Што такое?! - кажу. - Што здарылася?!» Стаіць, пальцам на неба паказвае, а на левай назе балотніка няма - згубіў недзе. Тут і швагра прачнуўся. Уцягнулі небараку ў хату, улілі ў гарляк чарку самагонкі, потым яшчэ адну, а яго і хмель не бярэ - лупіць вочы, ротам зяпае: штосьці сказаць хоча.
Як толькі развіднела, клікнуў Азора, пайшлі на бліжэйшы ільмень - ружжо з балотнікам шукаць. Сабака адразу след узяў, наперад кінуўся. Я за ім: бягу, а ногі кісельныя. А раптам, думаю, на якую халеру ўзаб'юся дый сам ачмурэю. Тут Азор заліўся брэхам. Я - да яго... Бачу, на суку «тулка» вісіць ды поруч балотнік валяецца. Пахадзіў наўкол, паглядзеў. Нічога такога. Качыны пух расцярушаны, сям-там трава прыбітая... - суразмоўнік горасна ўздыхнуў, ізноў падхапіў бутэльку, - адвезлі ў дурку. Два месяцы адкачвалі, ды так і не адкачалі. Блукае па двары, не пазнае нікога...
- Ну а размаўляе хоць?
- Аляўціне, жонцы, пару словаў скажа за месяц - і тое добра.
Кульнуўшы чарку, я падышоў да ракі. Сонца вісела над зарэчнай вёскай і сваёй гарачай зыркасцю адбірала вочы. Уваччу плылі чорныя кулі і, каб іх пазбыцца, давялося змежыць павекі і прыслухацца да навакольных зыкаў: плёскату вады, жаўруковага пошчаку й п'янаватага Міколавага мармытання.
- Глюкі - страшная рэч. Мне вось аднойчы таксама... штосьці такое прымроілася. Піў па-чорнаму... ну і ўбачыў... чорта на падваконні: сядзіць, паскуда, і хвастом варушыць... - за спінаю пачуліся прагныя глыкі і задаволеная керханіна, - шпурнуў у яго прасам... Высадзіў шыбу разам з рамаю. Маці - яшчэ жывая была - да шаптухі вадзіла, замоўленай вадой пырскала...
Гукі сталі аддаляцца, змораныя дрымотай і чаркай ногі падкасіліся, ды тут за спінаю затрашчала галлё, і Мікалай, падляцеўшы да вады, з усяе сілы шпурнуў у яе пустую пляшку; дзве кагаркі слізганулі па вадзе, выглядаючы, што гэта звалілася ў матухну-Волгу, і незадаволена загарлалі хрыпатымі галасамі.
Уначы я доўга не мог заснуць; круціўся з боку на бок, спрабаваў лічыць да тысячы. Нарэшце ўкінуў у рот валідоліну і стаў паволі панурвацца ў нешта замарачнае, тужлівае і яшчэ больш глыбокае, чым сон. І ўжо на самым дне соннай замарачы пачуліся мне невыразныя зыкі; яны мацнелі, рабіліся больш выразнымі, я паспрабаваў прачнуцца, але не мог раздзерці цяжкіх павекаў; душа памкнулася насустрач зыкам, і ў вочы мне зірнулі шарыя перадсвітальныя вокны.
За сценкай здушана ўсхліпвалі.
- Я забіў яго, - знявечаны плачам голас абарваўся, пачуўся ляскат босых ног, і Аляўціна, уздыхнуўшы, прамовіла: - На, выпей вадзіцы.
Потым яшчэ добрую гадзіну Аляўціна сунімала мужа, казала, што анёл жывы і па-ранейшаму лётае над ільменем, пырскала ў мужавы твар вадою, спявала калыханку, а я ляжаў, закінуўшы рукі за патыліцу, глядзеў у світальныя вокны і прагнуў, як той анёл, зляцець куды-небудзь ад гэтай бязмежнай чалавечай тугі.
Раніцай Аляўціна запрасіла на гарбату. Напачатку я адмовіўся, а потым, прыхапіўшы пару бляшанак тушонкі - на той час дэфіцытнага едзіва, - падаўся на кухню. Дэфіцыт зрабіў гаспадыню запабежлівай і лагоднай. Яна адставіла ўбок шклянку гарбаты, наліла ў гліняную місу гарачай капусты.
Напачатку сядзелі ўтрох. Гаспадар сёрбаў гарбату, раз-пораз выціраючы ручніком упрэлы лабешнік, і нечакана, адсунуўшы недапітую шклянку, падаўся да дзвярэй і ўжо ў прысенку выбухнуў густым натужлівым кашлем.
- Ешце-ешце... са свежай бараніны, - паведаміла гаспадыня, абдарыўшы мяне сцярожкай усмешкай. Жанчына, відаць, хацела яшчэ нешта сказаць, ды не рашалася і, панурыўшы вочы, стала перабіраць пальцамі махры накінутай на плечы хусткі.
- І даўно ў яго... гэта здарылася?
- Сем гадкоў мучаецца. Ужо і ў Астрахані ляжаў, і ў Валгаградзе... І да празорцы яго вазіла. Ёсць тут у нас адна калмычка... за руку бярэ і кажа - калі памрэш і ад чаго. Павадзіла па пакоі, зірнула ў вочы і кажа: забіў свой цень, а без ценю жыць не будзе. І нават грошаў не ўзяла.
- Ну, а што ён наагул распавядаў? Анёл гэты... з крыламі быў, ці як?
- Казаў, увесь белы, у пакрывала спавіты. І рукі белыя, і твар. А крылаў не было - я сама пыталася. А яшчэ казаў, што анёл - гэта ягоная маці. А маці ж яшчэ ў вайну памёрла, з галадухі. Яго потым родная цётка гадавала.
Аляўціна наліла мне дабаўкі, перахрысцілася на атвор пашарпанай, сто гадоў небеленай печы, і, падхапіўшы рагач, прашаптала: - Не дай нам Бог забіць свайго анёла.
Праз месяц, дажджыстым красавіцкім ранкам, я з'язджаў з Сіняглазкі. За мокрай шыбай мільгнула самотная постаць Мікалая, чырвоная ад дажджу царкоўная руіна, на паўсвету разлітая Волга. Потым усё знікла, пакінуўшы на душы непазбыўнае пачуццё ці то віны, ці то трывожнай тугі па невядомым. Там, у Сіняглазцы, душу маю кранула тайна чалавечага жыцця, і ці не таму, што я ўвесь час думаў пра гэтую тайну, мой анёл адкрыўся мне. Адкрыўся праз тры гады, на золку красавіцкага дня. Я расплюшчыў вочы і ў прыцемку дзвярной проймы ўбачыў белую постаць. На мяне глядзела штосьці да болю знаёмае й блізкае сэрцу і адначас таямнічае і пагрозлівае. Я адарваў галаву ад падушкі, спрабуючы ўгледзець - хто гэта? - ды ў гэтае імгненне постаць памкнулася да вакна і знікла ў малінавых промнях. І я зразумеў, што ніколі не бываю на самоце. Што нехта нябачны ўвесь час глядзіць на мяне, бачыць мяне навылёт і задуменна хітае галавою, калі я маню альбо вытвараю якое паскудства. Уражаны відмом, я доўга круціўся ў ложку, аж пакуль ізноў не заснуў і прачнуўся аб адзінаццатай гадзіне - з цяжкой галавой і з салодкай асцою ў правым вусе. І душу, як колісь, у Сіняглазцы, апанавала непазбыўнае пачуццё ці то віны, ці то трывожнай тугі па невядомым. Матэрыялістычная свядомасць, як тая аслізлая жаба, варушылася пад дыхніцай, патрабавала нейкіх тлумачэнняў, і я іх хуценька знайшоў: рэшткі сну не выпетрыліся з галавы - вось і прымроілася белая постаць.
А праз год, гэткім жа красавіцкім ранкам, анёл ізноў з'явіўся мне - ён ізноў стаяў у дзвярной пройме, і зноў праплыў да вакна, растаўшы ў малінавых промнях дзянніцы. Тым ранкам я больш не заснуў. Ляжаў, нерухома-анямелы, думаў пра тайну нашага жыцця, пра патрэбу самаачышчэння і ў думках паўтараў некалі пачутыя словы: «Не дай нам Бог забіць свайго анёла».
|
|
|