Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(20)/2002
Мастацтва
Юбілеі (Да 120-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы)
Пра самае важнае
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ

АПАВЯДАННІ
Мастацтва
У свеце Бібліі
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

ЗАБОЙЦА АНЁЛА
Постаці

ПРАЛАТ СТАНІСЛАЎ ШАНТЫР
Культура
Пра самае важнае

Андрэй ШПУНТ

РЭЛІГІЙНЫЯ ГАРАДСКІЯ ГЕРБЫ БЕЛАРУСІ

Нацыянальная гарадская геральдыка прайшла складаны шлях: самастойнае развіццё ў рэчышчы еўрапейскай культуры пры Вялікім Княстве Літоўскім, упадак пры Расійскай Імперыі, занядбанне пры СССР і, нарэшце, спробы адраджэння пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1991 г. Рэлігійныя гербы як частка гарадской геральдыкі, яе самая шматлікая група ў часы самастойнага развіцця, зазналі, бадай і самыя вялікія выпрабаванні падчас упадку і занядбання, а для некаторых гэтыя выпрабаванні працягваюцца і сёння. Створаныя ў традыцыях каталіцкай іканаграфіі, яны падзялілі з Касцёлам яго крыжовы шлях пасля гібелі Вялікага Княства Літоўскага.

Рэлігійныя гарадскія гербы ўключаюць наступныя геральдычныя фігуры: св. патрона/патронаў горада, сімволіку святых, рэлігійныя сюжэты; рэлігійныя атрыбуты.

1. Велікакняскі перыяд (XV ст. - 1795 г.)

Гэты перыяд у дачыненні да рэлігійных гербаў можна было б яшчэ назваць каталіцкім, бо менавіта ў традыцыях каталіцкай іканаграфіі створаныя яго гербы.

На прыкладзе нашай краіны добра бачна, як кожная гістарычная эпоха накладала свой адбітак і на геральдыку. З сямі класіфікацыйных груп, з якіх складаецца гарадская гербавая спадчына часоў Вялікага Княства Літоўскага (архітэктанічныя, уладальніцкія, гаворачыя і літарныя і г. д.), да групы рэлігійных належыць 1/3 ад усёй колькасці ў сучасных межах Беларусі, што для таго часу, на абшарах Кароны і Княства, было цалкам натуральна. Але ёсць адно цікавае адрозненне. Паходжанне рэлігійных гербаў у Польшчы не выклікае сумненняў. Як пісаў вядомы польскі геральдыст Марыян Гумоўскі: «Адным з найбольш распаўсюджаных шляхоў, што прыводзяць да стварэння герба грамады самакіравання ў мінулым, - па вядомых меркаваннях датычыцца грамад гарадскіх - было выкарыстанне матываў хрысціянскай сімволікі. Адбывалася гэта праз зварот да патрона мясцовага парафіяльнага касцёла, а значыць і патрона лакальнай грамадскасці»1. Затое пра паходжанне рэлігійных гарадскіх гербаў у Вялікім Княстве мы можам толькі здагадвацца, тлумачыць асабістымі густамі манархаў ці вылучаць якія-небудзь яшчэ версіі. Толькі ў радашковіцкім гербе патрон мясцовага касцёла, пабудаванага ў 1447 г.2 (па іншых дадзеных у 1485 г.)3 адлюстраваны ў гербавым полі. На касцёльных пячатках (на дакументах 1833 і 1864 гг.)4 святы стаіць на камянях і трымае ў руках пальмавую галіну. З пункту гледжання геральдыкі выява на пячатках куды больш дасканалая, чым тая, што змешчана ў прывілеі 1792 г. «У сярэбраным полі св. Стэфан у бела-чырвоным строі, закіданы камянямі» (23.12.1999. № рэг. 38). Радашковіцкі герб стаў першым, зарэгістраваным разам са сцягам, распрацаваным вядучым спецыялістам Дзяржаўнай геральдычнай службы (далей - Служба) аўтарам гэтага артыкула (палотнішча 1:2, тры гарызантальныя палосы - чырвоная, зялёная, белая; вонкавы край - падвойны ластаўчын хвост).

З 19 рэлігійных гербаў часоў Вялікага Княства Літоўскага дзяржаўную рэгістрацыю на сённяшні дзень прайшлі чатыры: Гродна XVI ст.: «У блакітным полі алень св. Губэрта, які пераскоквае цераз загароду» (1994 г. № рэг. 3); Ружаны 1637 г.: «У сярэбраным полі св. Казімір з крыжам і лілеяй у руках у сярэдзіне вянка з чырвоных ружаў» (24.09.1998 г. № рэг. 23); Малеч 1645 г. «У сярэбраным полі паясная выява св. Пятра ў чырвона-блакітным строі, з правага боку пальмавая галінка, у левай руцэ чорны певень» (1998 г. № рэг. 24); Шарашова 1792 г. «У сярэбраным полі Арханёл Габрыэль у чырвона-жоўтым строі, з лілеяй у правай руцэ, з левага боку пальма» (28.09.1998 № рэг. 26).

Адносна ўсіх пералічаных гербаў (акрамя радашковіцкага) Служба не вяла падрыхтоўчых работ, а выкарыстоўвала гатовыя выявы, змешчаныя ў кнігах А. К. Цітова, цалкам пакладаючыся на аўтарытэт першапраходцы, таму яны прапануюцца ў тым выглядзе, у якім зарэгістраваныя. Зразумела, што да дзяржаўнай рэгістрацыі герб яўляе сабой набор гістарычнага матэрыялу, які патрабуе адпаведнай апрацоўкі, у выніку якой не выключаны пытанні да вядомых выяваў гербаў, што змешчаны ў кнігах вышэйзгаданага аўтара.

Трэба таксама памятаць, што дакументальным крыніцам, як прававым актам вышэйшага значэння, належыць прыярытэт перад крыніцамі сфрагістычнымі5. Не ведаючы гэтага правіла, цалкам лагічнай можа выглядаць наступная сітуацыя адносна напрыклад, герба Чавусаў 1634 г.: «У блакітным полі св. Марцін на белым кані» (паводле рэканструкцыі А. К. Цітова, на падставе адзінай захаванай пячаткі вельмі дрэннай якасці)6. Атрыбуты святога - жабрак, гусь, мантыя7. У сюжэце з жыцця св. Марціна паказваецца, як святы дзеліцца сваёй мантыяй з жабраком, - менавіта гэты акт міласэрнасці знайшоў шырокае адлюстраванне ў еўрапейскай іканаграфіі і геральдыцы ў прыватнасці. Напрыклад, выява св. Марціна на фрэсцы ў Лібфраўэнкірхе ў Обэрвезэле (каля 1520 г.)8, а таксама на гербах нямецкіх гарадоў Кропенштадт і Грэўсэн9. Трэба звярнуць увагу, што выява на гарадской пячатцы Грэўсэна між 1400 і 1633 гг. аналагічная той, што і на пячатцы Чавусаў. Такім чынам, чаму б не дапусціць, што падставай для рэканструкцыі можа служыць сюжэт, дзе св. Марцін дзеліцца мантыяй з жабраком? Але радкі з прывілея 1634 г. Уладзіслава Вазы на магдэбурскае права не пакідаюць сумненняў: «…таму месту нашаму Чаўсаўскаму герб прызначаем св. Марціна на кані мячом узброенага»10.

2. Імперскі перыяд (1795-1917 гг.)

Пасля гібелі Рэчы Паспалітай беларуская гарадская геральдыка трапіла ў сферу дзейнасці Расійскай Геральдмейстэрскай Канторы (далей - Кантора), якая пачала актыўна перарабляць яе, нівелюючы да ўзроўню агульнаімперскага шаблону. Палёт фантазіі пры распрацоўцы праектаў значна абмяжоўваўся рамкамі «трох пачаткаў», якія распаўсюджваліся і на гербы гарадоў, далучаемых да дзяржавы Рускай11: 1) гістарычны, адпаведны таму, якая падзея азнаменавала гісторыю горада; 2) геаграфічны; 3) пачатак адпаведнасці герба назве горада. Пры гэтым, як сцвярджае Лакіер: «Першы пачатак хаця і павінен быў паслужыць галоўнай крыніцай і кіраўніком у гэтым выпадку, ужываўся радзей за іншыя, што можа быць растлумачана тым, што гісторыя гарадоў нашых была мала вядома»12. У дачыненні да беларускіх губерняў, асноўная ўвага пры праектаванні рабілася на другі «пачатак», што знайшло адлюстраванне ў класіфікацыі гербаў. З 44 гербаў імперскага перыяду (яны падзяляюцца на 7 груп) 27 належаць да алегарычных (17) і анімалістычных (10), якія разам (у больш шырокім выглядзе) уключаюць у сябе патрабаванні другога «пачатку». Усе ўладальніцкія гербы (10) аб'яднаныя пад эмблемай «Пагоні», палову з якіх складаюць гербы Полацкага намесніцтва, атрыманыя ў 1781 г. Відавочна, тут ніякія «пачаткі» ў разлік не браліся. На астатнія чатыры групы - архітэктанічныя, рэлігійныя, гаворачыя, літарныя і іншыя - прыпадае ўсяго па адным гербе.

Герб Кобрына.
Рэлігійныя гербы прынялі на сябе мацнейшы ўдар. Амаль усе яны, як адзначалася, былі створаны ў традыцыях каталіцкай іканаграфіі, дзе ўжо ўжываліся некананічныя, з пункту гледжання праваслаўя, як, напрыклад, у гербе Кобрына (св. Ганна і Найсвяцейшая Панна Марыя з Дзіцем) сюжэты. У расійскай геральдыцы гербы сталі адным са шматлікіх элементаў, з якіх будавалася ўся сістэма распрацаваных урадам мер па узмацненні ўласных пазіцый. У выніку з рэлігійных гербаў ацалеў толькі наваградскі, ды і тое фігура Арханёла Міхала перамясцілася ў другое, менш ганаровае поле.

3. Савецкі перыяд (1917-1991 гг.)

Савецкі перыяд дадаў да слоў «гарадскі герб» двукоссі. Няцяжка здагадацца, што калі ў папярэдні час рэлігійныя гербы як прадукт хрысціянства і сімвалы адзінства жыхароў горада павінны былі згладжваць міжканфесійныя непаразуменні, то цяпер само хрысціянства падлягала паступоваму знішчэнню. Так, яшчэ зусім нядаўна ў гербе Гродна, зацверджаным мясцовым гарсаветам, алень св. Губэрта ператварыўся ў проста аленя, а крыж замянілі на пяціканцовую зорку. Дзякуй Богу, гэты «герб» праіснаваў параўнальна нядоўга. Акрамя гродзенскага пацярпеў яшчэ адзін рэлігійны герб, які ўжо згадваўся, - горада Кобрына. Лёс гэтага герба выглядае найбольш драматычна, і гісторыя змагання за яго дагэтуль не завершана і займае не адзін дзесятак старонак афіцыйнай перапіскі. Першы герб 1589 г. змянілі ў 1845 г. на выяву сахі. Трэцяя змена адбылася ў 1987 г. - горад атрымаў класічны савецкі герб, апісваць які справа няўдзячная, ды й не мае сэнсу, бо гербам ён з'яўляецца толькі фармальна, а галоўная фігура ў ім - бусел. Служба ў 1998 г. падняла пытанне аб вяртанні герба 1589 г. і нават знайшла падтрымку мясцовых уладаў, але некаторыя прадстаўнікі гарадской грамадскасці развярнулі актыўную кампанію супрацьдзеяння з прыцягненнем на свой бок некаторых прадстаўнікоў вышэйшай улады. Кобрын дагэтуль не атрымаў пародыю на герб дзякуючы, здаецца, традыцыйнай непаваротлівасці бюракратычнай машыны.

4. Рэспубліканскі перыяд (з 1991 г.)

Зацверджаны эталон герба Радашковічаў.
Зацверджаны эталон герба Маладзечна.
Праект герба Іванава (Янава).
Падыход да стварэння гербаў сёння мае пэўныя адрозненні ад таго, як гэта рабілася ў Вялікім Княстве, што непасрэдна ўплывае на іх размяшчэнне ў групах. Мы ўлічваем багацце ўсіх магчымых і найбольш адпаведных фігур і сюжэтаў. У процілеглым выпадку, калі ісці звыклым шляхам мінулага, рэлігійныя гербы маглі б складаць не тое што 1/3, а нават больш за 2/3 ад усёй колькасці гарадскіх гербаў. Рэлігійныя гербы з прычыны шырокіх магчымасцяў у іх абранні адыгрываюць істотную дапаможную ролю ў фармаванні твара сучаснай беларускай гарадской геральдыкі. Складанасць у тым, што пры праектаванні гарадскога герба, калі існуе выбар між рэлігійным гербам (калі толькі духоўная асоба не была ўладальнікам ці заснавальнікам горада) і гербам іншай групы, аддаецца перавага іншым групам, што тлумачыцца рознымі ўзроўнямі «інфарматыўнасці», бо ўсе іншыя групы ў асноўным дапушчаюць адлюстраванне адметнасцяў горада (архітэктура, уладальнік/заснавальнік, гістарычны факт і г. д.). Святога патрона тэарэтычна можа абраць амаль што любы горад, што пераважна і рабілася ў Вялікім Княстве. Наўрад ці гарадская геральдыка сёння выйграла б ад такой дыспрапорцыі. Мабыць таму, да мая 2000 г., у Матрыкул унесены толькі адзін новы рэлігійны герб горада Маладзечна: «У блакітным полі Багародзіца ў залатой кароне, блакітна-залатым адзенні і залатой мантыі з чырвоным падбоем, трымае блакітнае покрыва з трыма кавалерскімі крыжамі, стоячы на сярэбраным воблаку» (10.02.2000. № рэг. 39).

У 1998-2000 гг. таксама падрыхтаваны шэраг праектаў гербаў для Іванава і Узды: № 1. «У чырвоным полі залатая біскупская мітра з дзвюма залатымі бахромчатымі стужкамі ззаду, ніжэй два перакрыжаваных залатых пастаралы, за якімі герб «Размяр»; № 2. «У чырвоным полі залатая біскупская мітра з дзвюма залатымі бахромчатымі стужкамі ззаду, ніжэй два перакрыжаваныя залатыя пастаралы, між мітрай і пастараламі сярэбраны кавалерскі крыж»; № 3. «У блакітным полі залатая біскупская мітра з дзвюма залатымі бахромчатымі стужкамі ззаду, ніжэй герб «Размяр», з-за якога выглядаюць навершы двух залатых пастаралаў»; № 4. «У блакітным полі залатая біскупская мітра з дзвюма сярэбранымі бахромчатымі стужкамі ззаду, ніжэй два перакрыжаваных залатых пастаралы, за якімі герб «Размяр», крыж якога знаходзіцца між навершамі пастаралаў»; для Узды - «У сярэбраным полі св. Пётр у жоўта-блакітным і Павел у чырвона-блакітным строях» (Аўт. новых рэлігійных гербаў вядучы спецыяліст Дзяржаўнай геральдычнай службы ў 1998-2000 гг. Андрэй Шпунт). У сувязі з вышэйпададзенымі праектамі трэба падкрэсліць, што стваральнікі рэлігійных гербаў не абмяжоўваюцца толькі рэлігійнымі сюжэтамі, выявамі святых патронаў і іх сімволікай, але змяшчаюць і рэлігійную атрыбутыку ўвогуле (пастаралы, мітры і г. д.), якая магла належаць духоўнай асобе, заснавальніку/уладальніку, і г. д. У праектах іванаўскага герба прысутнічаюць усе гэтыя ўмовы. У 1465 г. луцкі біскуп Ян Ласовіч ператварыў вёску Порхава ў горад, даўшы яму сваё імя. Янава стала другой рэзыдэнцыяй луцкіх біскупаў (некаторыя з якіх там і пахаваныя). Такім чынам, у аснову быў пакладзены родавы герб «Размяр» ці яго элементы, біскупская мітра і пастаралы. Гербавае поле можа быць блакітным ці чырвоным у залежнасці ад мастацкіх меркаванняў, і ў першым выпадку адносна нейтральнае, а ў другім сімвалізуе кроў св. Андрэя Баболі, закатаванага казакамі ў Янаве падчас вайны сярэдзіны XVII ст. Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай.

У праекце герба г. п. Узда (як і герба Маладзечна) змешчана выява патронаў першай мясцовай царквы - Пятра і Паўла.


  1. M. Gumowski. Herby miast polskich. Warszawa, 1960. SS. 35—39 // G. Seroka. Herb gminy Mochowo/Materiały do polskiego herbarza samorządowego. Zeszyt. 1. / Pod redakcją G. Seroki, K. Skupieńskiego. Lublin, 1995. S. 76.
  2. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Фонд 1781, вопіс 27, справа 259. Арк. 120.
  3. НГАБ. Фонд 1781, вопіс 27, справа 749. Арк. 749.
  4. НГАБ. Фонд 319, вопіс 2, справа 3411. Арк. 103., і фонд 319, вопіс 2, справа 3226. Арк. 36.
  5. H. Seroka. Lubelskie badania nad heraldyką samorządową // Materiały do polskiego herbarza samorządowego. Z. 1. Lublin, 1995. S. 26.
  6. А. К. Цітоў. Пячаткі старажытнай Беларусі. Мн.: Полымя. 1993. С. 230.
  7. Machatsheck Heinz. Unterchaltsame Wappenkunde. Berlin: Verlag Neues Leben. 1981. S. 137.
  8. Г. Бидерман. Энциклопедия символов / Пер. с нем. М.: Республика. 1996. С. 158-159.
  9. Machatsheck Heinz. S. 138-139.
  10. Историко-юридические материалы, извлечённые из актовых книг губерний Витебской и Могилёвской. Витебск. Вып. 17. С. 100.
  11. А. Б. Лакиер. Русская геральдика. М.: Книга. 1990. С. 190-191.
  12. Тамсама. С. 189.
  13. Полное собрание законов Российской империи. Т. 21. С. 218-219.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY