|
Да Вострай Брамы |
А мы ішлі да Вострай Брамы,
Ты не здагадваўся тады,
Што за Табой да Вострай Брамы
Ішла я доўгія гады.
Ішла праз невуцтва заганы,
Праз гурбы нечае маны
Да готыкі Святое Ганны,
Дзе пелі чыстыя званы...
|
А калі я была |
А калі я была —
Праз 100 год хто прыпомне:
Як смяялася я, як спявала нястомна.
Даматканы мой строй
Быў ці вышыты шоўкам —
Не прыпомне ніхто,
Хоць тут вый шэрым воўкам.
Як я станьчыць магла,
Як любіла аддана —
Усё стагоддзя імгла
Паразмые старанна...
Ля магілы маёй
Сыну ўнучка сказала:
— Тут прабабка твая,
Кажуць, вершы пісала.
|
* * * |
Надыходзіць вечар зімні,
Маразяны, сіні-сіні.
Злева вокнаў жоўты колер,
Справа лес ды бела поле.
Дом стаіць наш, быццам вежа.
Быццам дзічка каля ўзмежжа,
Аб яго вятрыскі б’юцца,
Перад ім завеі гнуцца.
Сыпле снегам снежань белы,
Пачысцелі лесу стрэлы.
Я іду сцюдзёным полем
Да хацін, дзе цёплы колер.
|
Над Вільняй дождж |
Над Вільняй дождж,
А мы без парасона,
Імкне ручай пад ногі нам з газона,
Няма сустрэчных, не чуваць гаворкі
На мове жмудзі, ад якой мне горка.
У дождж мілей,
Бліжэй мне горад гэты,
Дажджом гуляюць тут адны паэты.
І мы з табой так блізка, так далёка,
Цябе паслухаць — мне адна палёгка.
Дык не маўчы,
Кажы пра ўсё, што знаеш,
Мяне ты толькі гэтым утрымаеш
Пад мокрым небам кінутай сталіцы,
Якая нам абоім часта сніцца...
|
К+М+В |
Тры Каралі ахоўваюць мой дом
Ад злога духу і ад вока злога,
Не падпускаюць блізка да парога
Хваробу, зайздрасць, злосці буралом.
Калі трывожна ў небе й на зямлі,
І вусны шэпчуць пацеры заўзята,
Спакой аберагаюць маёй хаты
Тры мудрых, тры бяссмертных Каралі.
У свет няблізкі правяду сыноў,
Перажагнаю ўслед і памалюся.
Дзе б ні былі, да роднай Беларусі
Іх прывядзе дарога Каралёў.
|
* * * |
Нявыплаканыя вершы
Бяссонніцай сярод ночы
Стаяць над страфою першай,
Далей прымушаюць прарочыць.
Мне мрояцца даляглядаў
Няпэўныя штрыхі, абрысы,
Чужыя людзі, пагляды,
Чужых гарадоў кіпарысы,
Гарачае сонца над морам —
Чужыя і сонца, і мора —
Там чайкі крычаць з дакорам
Над сінню хвалі-разоры.
За што дакараюць птушкі?
Чаму непрыветлівы горад?..
Я падчарка ў ім, не дачушка,
Ды й дома — чужая, на гора...
|
* * * |
«О, колькі іх на палях!
Але кожная квітнее па-свойму —
У гэтым вялікі подзвіг кветкі!»
Мацуо Басё. |
На родных лугах, на палетках
Збіраю ў букет словы-кветкі.
Мо ёсць прыгажэйшыя словы,
А я сваёй роднае мовы
Валошкі, пралескі, рамонкі
І чырвань рабінавай гронкі,
Нібы ў вянок, уплятаю
У верш. Я мілейшых не знаю
Ні песень, ні мовы, ні кветак,
Мне іх даглядаць нібы дзетак.
І можа магутны Божа,
Грахі дараваўшы, паможа
І ў свецкай, і ў простай размове
Па-свойму квітнець маёй мове.
|
Сынам |
Капалі з гадзінніка хвіліны,
Ападалі ў бездань небыцця,
Снег ляцеў пялёсткамі язміну,
Выспявала шчодрая Куцця.
Я шаптала пацеры няўмела,
Дзякавала Богу я за ўсё
Мне матуля слала белы-белы
Ручнічок на доўгае жыццё.
Я ні шыць, ні вышываць не ўмела,
Не хапала ні хвілін, ні слоў.
Так застаўся ручнічок мой белы
Пад нагамі ў чатырох сыноў...
Хай ім будуць чыстымі дарогі,
Што да Храма светлага вядуць.
У душы і ў сэрцы імя Бога
Праз усё жыццё хай берагуць.
|
* * * |
— Мама, матулечка,
Хто так галосіць
Там, за вакном,
І аб чым ён так просіць?
— Спі, мой маленькі,
Гэта вятры
Восені скарбы
Нясуць у бары.
— Мама, матулечка,
А для чаго
Скарбы хаваюць яны,
Ад каго?
— Ад груганоў,
Што над полем кружылі,
Д’яблавым служкам
Душу залажылі.
— Мама, матулечка,
Ці ж адшукаем
Скарбы мы тыя,
Як пагукаем?
— Спі, птушанятка маё,
Не бядуй,
Дужымі крылы і сэрца гадуй.
|
* * * |
Мяне пабудзіла светлая ноч:
Паўночныя хмары апалі снягамі.
Ад дому пайшла напрасткі, а наўзбоч,
Як белыя ветразі, дрэвы стаялі.
Абшар неабсяжны далоні узнёс
Да блёкла-празрыстых згасаючых зорак.
Між белым спакоем зямлі і нябёс
Пунсова і смела прарэзаўся золак...
|
Трыялет |
Мне б навучыцца за прыгожым сказам
І думкі, і душу сваю хаваць,
Над тым, што адыйшло, не гараваць
Мне б навучыцца за прыгожым сказам.
Сяброўкі мне даюць парады разам
Пачуццям дужа волі не даваць,
Мне навучыцца за прыгожым сказам
І думкі, і душу сваю хаваць.
|
Трыялет любаму |
Вольны ў свеце адзін толькі вецер
Алесь Пашкевіч.
|
Мужчына самы лепшы ў свеце —
Маім не будзе ён ніколі,
Мне падарыў аднойчы волю
Мужчына самы лепшы ў свеце.
Была я вольнаю, як вецер,
Але абрыдла тая воля.
Мужчына ж самы лепшы ў свеце
Маім не будзе аніколі.
|
Трыялет развітання |
Стракатыя аблокі-матылі
На захадзе развітваюцца з сонцам,
Плывуць-плывуць над пожнямі бясконца
Стракатыя аблокі-матылі.
Шчаслівымі з табой мы быць маглі,
А сёння позна, бо жыццё на донцы...
Стракатыя аблокі-матылі
На захадзе развітваюцца з сонцам.
|
Трыялет чакання |
У ланцужку майго чакання
Парваўся раптам нейкі звяз,
Парваўся на паўслове сказ
У ланцужку майго чакання.
Пра глыбіню свайго кахання
Ты гаварыў мне, і не раз.
Ды ў ланцужку майго чакання
Парваўся раптам нейкі звяз.
|
|
|