Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(20)/2002
Мастацтва
Юбілеі (Да 120-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы)
Пра самае важнае
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ

АПАВЯДАННІ
Мастацтва
У свеце Бібліі
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

ЗАБОЙЦА АНЁЛА
Постаці

ПРАЛАТ СТАНІСЛАЎ ШАНТЫР
Культура
Пра самае важнае

Язэп ЯНУШКЕВІЧ

ЯНКА КУПАЛА - АЎТАР ПАЭМЫ ПРА СВ. АНДРЭЯ БАБОЛЮ

Паэама Святы Андрэй Баболя

Знаёмства з гэтай кнiгай - незвычайнае i памятнае, нiбы спатканне з чымсьцi нештодзённым. Пэўна, усё, што ахiнаецца жыццяпiсам святога Андрэя Баболi, такое велiчнае - на мяжы прарыву духоўнага ў неспазнаныя закуткi чалавечага сэрца.

Адкрыццё кнiгi, а значыць i самога iмя пакутнiка Баболi, адбылося ў родным мне Ракаве. Неяк парафiянка ракаўскага касцёла, спадарыня Малевiчова, паказала маёй маме ценькую, у зялёнай папяровай вокладцы, брашурку:

- Во, Марыя, маю рэлiгiйную ксёнжачку, пiсаную па-беларуску...

Неўзабаве я гартаў яе дома. I не зацiкавiцца, адкiнуць як штось тэндэнцыйна-клерыкальнае, не мог. Найперш зацiкавiў доўгi, на старонак трыццаць, аповед пра жыццё ксяндза езуiта, kaznodzieja - гэта значыць, прапаведнiка, мiсiянера, што паходзiў з старажытнага роду герба Лялiва з мястэчка Страхоцiн каля Санока (Польшча) - i ягоную пакутнiцкую смерць «на разнiчым стале» ў палескiм Янаве ад казацкiх здзекаў падчас Хмяльнiччыны (1657 год). А далей... Далей за пераказам у прозе iшлi беларускiя вершы:

Шмат таму лет назад,
У Палесьсi глухiм
Жыў Баболя Андрэй,
Слаўны iмем сваiм...

Хто ж напiсаў іх? Відаць, кожны беларус, не маючы фiлалагiчнай адукацыi, прыгадаўшы напеўныя, спрадвечныя, нiбы самiмi сiвымi стагоддзямi народжаныя радкi «Памiж пустак, балот беларускай зямлi...», адкажа: «Пэўна, Янка Купала!». Так падумалася мне, асаблiва калi пачаў чытаць частку 2-ю:

Там, дзе Прыпяць-рака па пяску гонiць воды
Сярод багнаў i пушчаў палескiх,
Там Баболя святы душам нёс асалоду,
Жыў, вучыў веры Божай, нябескай...

Эпiчнасць малюнкаў, танiчная напеўнасць радка, стрыманая сiла там, дзе павiнна крычаць душа i, найгалоўнейшае, вобразны лад - усё сведчыла пра несумненную пячатку майстра на паэтычных строфах (цi перакладных - яшчэ належыць сцвердзiць).

Адгарнуўшы старонкi назад, зноў i зноў пiльна ўзiраўся ў вокладку, нiбы тут, а не памiж вершаванымi радкамi мог знайсцi разгадку: Jan z nad Buga. B. Andrej Babola. Mučanik T.J. Piraklad z polskaha. Wilnia: Drukarnia Marcina Kuchty. 1911.

Тытульны лiст сведчыў пра адзiнае: эпоха сапраўды - купалаўская. Нейкi год таму паўстаў несмяротны «Курган» (23 траўня 1910 г.). Але - паказальны момант! - паэма пакуль ляжыць рукапiснаю i ўпершыню будзе апублiкавана толькi праз год («Наша Нiва», 1912, N 23).

Працягваючы разважаць над зманлiваю магчымасцю Купалавага далучэння да загадкавых вершаў, прыходжу да высновы: хтосьцi меўся пазнаёмiць Яна Луцэвiча з арыгiналам i замовiць яму працу. У кароткiм бiблiяграфiчным аглядзе выдання «Polski słownik biograficzny» (1935, т. 1, с. 101-102) пасля артыкула пра Баболю насампраўдзе пазначана кнiга: Urban J. (Jan z nad Buga). Błog. A.B. Wilno, 1910; Kraków, 1934. I хоць сам першатвор пакуль не трапiўся мне на вочы (нягледзячы на два выданнi, кнiга ў бiблiятэчных фондах Беларусi адсутнiчае), я чамусьцi перакананы: вершаванага дадатку ў польскамоўным арыгiнале няма. Ён узнiк у беларускай перакладной брашурцы. Прычыны - самыя розныя: ад тэхнiчных (у друкарнi Марцiна Кухты заставалiся пустымi канцавыя старонкi) i да чыёйсьцi прыватнай задумы скласцi вершаваны пераказ жыцця святога: так непiсьменны селянiн хутчэй завучыць на памяць.

Хто мог стаць заказчыкам-мецэнатам?

На няпростае пытанне адказаць складана. Перад Калядамi 1909 года малады Купала надоўга перабраўся ў Пецярбург, дзе iм апекаваўся прафесар Бранiслаў Эпiмах-Шыпiла; у яго паэт пэўны час i кватараваў. Акрамя працы ў сталiчным унiверсiтэце, прафесар чытаў курс старажытных класiчных моваў у Пецярбургскай рыма-каталiцкай духоўнай акадэмii. Заўважу таксама, што ў негустым паэтавым эпiсталяры пецярбургскага перыяду (апошнi купалаўскi Збор твораў падае ўсяго сем карэспандэнцый), дакладней, у двух лiстах да Б. Эпiмах-Шыпiлы двойчы згадваецца iмя ксяндза Астрамовiча, беларускага паэта, найбольш вядомага пад псеўданiмам Андрэй Зязюля. Менавiта да яго выправiлiся назаўтра Колас i Купала пасля хрэстаматыйна вядомай першай сустрэчы-знаёмства на хутары Смольня (летнiя месяцы Янка Купала зазвычай бавiў на Беларусi). У 1905-1910 гадах будучы паэт-святар вучыўся у каталiцкай духоўнай семiнарыi Пецярбурга, дзе выкладаў Эпiмах-Шыпiла. Менавiта тут, над Нявою, удалечынi ад родных загонаў, трыццацiгадовы клерык Аляксандр Астрамовiч мог адным з першых пазнаёмiцца з рукапiсам славутага «Кургана».

Дык можа, сам Андрэй Зязюля, натхнёны неўмiручай паэмай, перастварыў, нiбы ўласныя, вобразы гусляра i князя («Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваёй...», «Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам...») у дачыненні да постацi Андрэя Баболi:

«Шмат каму нi пад мысьль
Было гэта ў той час...»,
«Катаваў, зьневажаў
Беспрымерна, як мог...»?

Аднак, пагартаўшы зборнiк вершаў Зязюлi «З роднага загону» (1913), уласна я меркаваць пра ягонае аўтарства нiяк не схiльны.

Даследчыкi нашанiўскай пары, найперш купалазнаўцы, павiнны даць сваю прафесiйную ацэнку. Менавiта з гэтай прычыны я анi на лiтару не адступiў ад першадруку ў прыведзеных нiжэй абодвух тэкстах. Нават сумнеўнае «картавацi» не стаў правiць на «катавацi» (хоць па сэнсу просiцца акурат яно), бо ў картатэцы акадэмiчнага Iнстытута мовазнаўства iмя Якуба Коласа зарэгiстравана i такое слоўца. А паслядоўнае «нi», малахарактэрнае цэнтральным гаворкам Меншчыны, адкуль паходзiў Купала i ад якога бянтэжыўся славiст Янка Лучыц-Федарэц, аналiзуючы на маю просьбу мову «баболеўскiх» вершаў («нi маўчаў», «цiкла», «прасьвiчаў», «знiважаў», «пiрайшло» i гэтак далей), i прыйшоў да высновы: наўрад цi Купала, хутчэй прадстаўнiк паўночна-ўсходняй, iнакш кажучы, вiцебска-магiлёўскай гаворкi, калi не пiсаў, дык рэдагаваў гатовы тэкст. «Хоць напiсана даволi лiтаратурнай мовай», - паспрабаваў вытлумачыць пазней Вячаслаў Рагойша, паклаўшы перада мною на стале ў сваiх ракаўскiх «пенатах» факсiмiле «Жалейкi». З першай старонкi спатыкаю такое знаёмае на памяць, але непазнавальнае: «Нiхай жэ хоць будзе Янка Купала». А далей пракiдаюцца: «нима хлеба, нима доли», «роднинькай газэце»...

Што ж, аўтарскую мову належыць вывучаць не па сучасных зборах твораў, а па аўтографах ды першапублiкацыях.

Праштудыяваўшы з пастаўленай мэтай толькi каментар да V тома купалаўскага Збору твораў, развеяў яшчэ адны сумненнi, народжаныя ў маёй душы Лучыцам-Федарцом: адносна паланiзмаў «баболеўскiх» вершаў: «атуха», «афяру», «модлы», «ствурца». Яны падалiся мне зусiм бяскрыўднымi ў параўнаннi з варыянтамi аўтографаў i першадрукам купалаўскiх паэм: «развратны тыран», «нядобры ашчэрца», «шчаравацi патрафяць галубкi», «акропнаю зэмстай палае блюзьнерца», «яшчэ з сабой вальчэ», «акропная вiдма»...

Бо калi пазней Купала ад выдання да выдання шлiфаваў свае творы, дык пра асабiстае дачыненне да «баболеўскiх» вершаў ён меў усе падставы не прыгадваць у бязбожныя савецкiя часы.

Аднолькае нежаданне прызнаць за Андрэем Баболем усеагульнай людской павагi i папулярнасцi, якой карыстаўся «пiнскi апостал» на Беларусi ў даўнiя часы, прадэманстравала праваслаўная Царква на тутэйшых землях. Народныя песнi пра Баболю лiчылiся штучнымi, iх нiбыта «навязвали насильно православному народу»:

Свентый Андрею, свентый Бомболею!
Да дай нам рады ў свем виноградзе.
- Рады бы я да даў, да не мая воля, -
Самога Стварыцеля да яшчэ Пана Бога.
Каторы чалавек з вечара працуе,
То на заўтрашнi дзень яго Бог жалуе.
Галосiкi было, аж ножкi памлелi:
Наехалi казаке да ўсё свавольнiке,
Заганялi за пальцы смаляныя спiцы.
Прыехаў казак, старшый атаманец,
Выняў селязёнку цераз патылёнку...

Прывёўшы «Песнь о Бомболее» i яе варыянты ў даследаваннi «Материалы для изучения быта и языка русскаго населения Северо-Западнаго края» (Спб., 1893, т. 2, с. 634-635, 711-713), Павел Шэйн, каб спляжыць мiф пра народную папулярнасць сярод беларусаў постацi Баболi, падмацаваўся вытрымкай з артыкула М. Дзем'яновiча «О духовных стихах, употребительных в Брашевичском приходе Кобринского уезда»: «Иезуит Андрей Боболя проповедывал католичество в м. Иванове (Яново, Кобринск. уезда), где и убит выведенным из терпения народом. Стих о нем, как и стих о вере, остается памятником настойчивости польско-католической пропаганды и неразборчивости употребляемых ею средств. Известные фанатики, гонители православия и преданного ему народа, беззастенчиво провозглашались святыми, подделывались их мощи, устраивались в честь их торжественные «фесты», составлялись для народа песни о них, и народ, в простоте души, воспевал, как мучеников и святых, своих завзятых врагов и мучителей, которых он сам в лице своих предков предал смерти. Так искусно католическая пропаганда умела спутать понятия народа и перетолковать ему его собственную жизнь!»

Фалькларыст, а значыць, выдатны знаўца народнай душы, афiцыёзны вучоны П. Шэйн цалкам забыўся на прымаўку «насильно мил не будешь».

Вяртаючыся ад псеўдапраблемы папулярнасцi святога Андрэя Баболi сярод паспалiтага люду да пытання аўтарства прысвечаных яму вершаў (фактычна, два розныя варыянты аднаго сюжэту), зноў i зноў спыняешся над пытаннем: хто iх мог напiсаць?

Мiжволi згадваецца, як у мiнулым стагоддзi ў перадпаўстанне i падчас паўстання 1863 года царскiя сатрапы адназначна звязвалi ў сваiх рэляцыях усе распаўсюджаныя беларускiя антыўрадавыя гутаркi, улёткi, вершаваныя пераклады забароненых гiмнаў з постаццю Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча па простай прычыне: нiкога iншага, здольнага да вершаплёцтва на мужычай мове, маўляў, няма. Праз паўстагоддзе Маладая Беларусь зазiхацела ў сузор'i талентаў.

Паспрабуем пералiчыць некаторых патэнцыяльных аўтараў «баболеўскiх» вершаў: Якуб Колас - праваслаўны; Цiшка Гартны - сацыялiст; у Максiма Багдановiча iншая танальнасць; клерыкальныя паэты Андрэй Зязюля, Казiмiр Сваяк ды астатнія не дацягваюць талентам.

Зноў, скiроўваючы позiрк у гiсторыю беларускай лiтаратуры ХIХ стагоддзя, думаецца: мо як у выпадку з аўтарствам паэмы «Тарас на Парнасе», да вершаў «прыклаў руку» нейкi невядомы таленавiты сучаснiк нашанiўскай пары? Вось, да прыкладу, Андрэй Зязюля пiша верш «Васiлёк» з прысвячэннем «памяцi Янкi Мамыша ў гадаўшчыну яго смерцi 8.1.1913». Падрадковая заўвага тлумачыць: «Янка Мамыш - клерык Пецярбургскай семiнарыi; пiсаў вершы па-беларуску i перакладаў гадзiнкi да Н. М. Боскай на беларускую мову. Вершы падпiсваў выдуманым прозвiшчам Васiль Васiлёк»1.

Пульсуе ў сэрцы запытанне: «Калi не Купала, дык хто?»

Пастскрыптум да вершаў пра Баболю:Эпiлог, або «Трэцi аргумент»

Запытанне жыло падсвядома ўвесь час. I калi ўвосень 1993 г. мне выпала стажыроўка ў Варшаве ў Польскай Акадэмii навук (пры Iнстытуце лiтаратурных даследаванняў), не прамiнуў магчымасцi наведацца на вулiцу Ракавiцкую, дзе месцiцца езуiцкi касцёл св. Андрэя Баболi з даволi багатым кнiгазборам. У сховiшчах гэтай бiблiятэкi я i адшукаў кнiжыцу Яна з-над Буга, якой няма ў Беларусi - першавыданне «Блаславёны Андрэй Баболя» на польскай мове (Вiльня, 1910). Нарыс пра Баболю складаецца з 6-цi раздзелаў i займае 54 старонкi.

Не менш чым факт самой знаходкi ўсцешыла пацверджанне маёй папярэдняй гiпотэзы: вершаванага дадатку - паэм - у польскiм першавыданнi няма. Замест iх са старонкi 54 iдзе «Litanja do błog. Andrzeja Boboli (Do prywatnego użytku)», а потым «Modlitwa o nawróceniu inowierców». Напрыканцы лiтургiчных тэкстаў пададзена «Pieśń na cześć błog. Andrzeja Boboli».

Wznieścież mu ołtarz, taka niebios wola
Zastępca wyrzekł Chrystusa na ziemi -
Wznieście doń modły, bo w niebie Bobola
W męczeńskim wieńcu z Błogosławionymi!
O drogi ziomku, między Niebianami,
Wstaw się, Andrzeju Bobolo, za nami.
I канцоўка:
A chociaż wszystko, co na tym padole
Nikłe, odmienny los zniszczy, obali,
O, Męczenniku, o nasz Apostole,
Niech twa opieka Wiarę nam ocali!
O, przez twe męki, przez twe święte blizny,
Broń Wiary, drogiej po tobie spuścizny.

Вось замест гэтых усiх тэкстаў у беларускiм перакладзе ўзнiклi дзве паэмкi.

Аўтограф і экслібрыс Браніслава Эпімах-Шыпілы з машынапісных сшыткаў са зборам твораў Янкі Купалы за 1910 г.
У тым, што аўтар iх Янка Купала, мяне ўпэўнiла чарговае адкрыццё. Ядвiга Юллянаўна Раманоўская падказала пра так званыя машынапiсныя сшыткi Бранiслава Эпiмах-Шыпiлы, якія захоўваюцца ў Лiтаратурным музеi песняра ў Мiнску (Калекцыйны вопiс. Т 1. Ф. А., воп. 1, р-13.). Сшыткаў два. У першым з iх прафесар сабраў «творы Янкi Купалы за 1910 год». Усiх у «калекцыi» 23 творы. Пералiк зместу пачынаецца... паэмаю пра Баболю!

  1. Światy Andrej Bobola Mučenik Biełaruski. 1 экз. С. 1-4.
  2. Światy Andrej Bobola wiersz. 1 экз. С. 5-6. [Примечание]: J. Kupalski.
  3. Паэма «Курган». 1 экз. С. 7-17. [Примечание]: Пецярбург, 23.5.1910.
  4. В(ерш). «Мой пагляд i мэта». 1 экз. С. 18-20. [Примечание]: 28. 4. 1910.
  5. в(ерш). «Явар i калiна». 1 экз. С. 22. [Примечание]: 6. 5.1910.
  6. ...
Зразумела, Эпiмах-Шыпiла нiколi б не стаў занатоўваць у такiм рэестры творы, не прыналежныя пяру паэта ( з заўвагi вынiкае, што паэмы пра Баболю былi падпiсаныя псеўданiмам J. Kupalski).

Прыведзены пералiк пацвердзiў яшчэ адну, выказаную раней здагадку: творы пра Баболю папярэднiчалi напiсанню славутай паэмы «Курган» (цi прынамсі стваралiся адначасова).

Усцешаны новымi бясспрэчнымi доказамi Купалавага аўтарства, гэтыя факты я ўключыў у свой даклад «Новая гiсторыя беларускай лiтаратуры: архiўныя крынiцы i стэрэатыпы», з якiм выступiў на пасяджэннi Вучонай Рады Iнстытута лiтаратуры iмя Янкi Купалы напярэдаднi падрыхтоўкi да напiсання яго калектывам шматтомнай гiсторыi айчыннай лiтаратуры. На маё здзiўленне, менавiта старонкi даклада пра невядомыя Купалавы паэмы выклiкалi пярэчаннi з боку вядомых лiтаратуразнаўцаў. Iван Навуменка, аўтар манаграфii «Янка Купала. Духоўны воблiк героя», згадаўшы выказванне паэта з аўтабiяграфii пра тое, як пасля смерцi бацькi, а неўзабаве брата i сясцёр (1902) нейкi ксёндз за адны хаўтуры па дзвюх сёстрах патрабаваў платы як за дзве душы, i гэты гандаль выбiў у Яся Луцэвiча «все остатки веры», катэгарычна запярэчыў, што «Купала нiколi не мог напiсаць такiя паэмы, бо быў перакананым атэiстам». Акадэмiка падтрымаў дырэктар Iнстытута Вiктар Каваленка, звярнуўшы ўвагу на тое, што псеўданiм J. Kupalski ў «слоўнiку Саламевiча за Купалам не занатаваны».

Што ж, кожны бачыць у чалавеку (а крытык у паэту цi пiсьменнiку) тое, што хоча бачыць адпаведна свайму ўяўленню...

Я тады не стаў прыводзiць «трэцi аргумент» на карысць Купалавага аўтарства, а менавiта: у сшытках Эпiмах-Шыпiлы захавалiся радкi эпiлога, не апублiкаваныя ў 1911 годзе. Амаль праз стагоддзе яны ўпершыню вяртаюцца да чытача.

Zaliwajučy cieniami
Niebahatyje palany
Cicha pławajuć tumany
Nad paleskimi palami.

A nad imi z Božaj Woli,
U niabesnaj siniaj dali,
U jasnym soniečnym kryštale
Duch unosicca Boboli.
Sploůšzy tron jamu na kryllach
Pad niabiesnoju kupielaj,
Biełaśniežnyje anieli
ůkruh Światoha akružyli.

I piajuć jamu tam hymny,
Sławiać Mučenika Imia
Hałasami załatymi,
Hałasami łaski dziůnaj.

Da ziamielki da pakutnaj
Daletaje hety hołas,
A duša, jak polny kołas,
łowić pieśni štominutna.

Dumka ściežkaju znajomaj
žyciawyja zmohšy bitwy,
Z wieraj ščyraj i malitwaj
Zważna kocicca k Światomu.

A skrywajučy cieniami
Niebahatyje palany,
Cicha pławajuć tumany
Nad paleskimi palami.

Купала i беларускiя каталiцкiя святары...

Такiх адносiн не магло не быць. Мо яны дакументальна не зафiксаваныя, але iх неабходна рэканструяваць. I гэтая рэканструкцыя дазволiць яскравей зразумець велiч духу нашага нацыянальнага пaэта-прарока.


  1. Andrej Ziaziula (Ks. Al. Astramowič). Z rodnaha zahonu: Zbornik wierszau. Z pradmowaj Ad. Stankiewicza ab zycci, tworstwie i dziejnasci A. Ziaziuli u 10-yja uhodki smierci jaho. Wilna, 1931. S.165.

Паэма Святы Андрэй Баболя


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY