Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(20)/2002
Мастацтва
Юбілеі (Да 120-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы)
Пра самае важнае
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ

АПАВЯДАННІ
Мастацтва
У свеце Бібліі
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

ЗАБОЙЦА АНЁЛА
Постаці

ПРАЛАТ СТАНІСЛАЎ ШАНТЫР
Культура
Пра самае важнае

Казімір СВАЯК

ГАНУЛЬКА

(Апавяданне Пётры)

Ірына БАГДАНОВІЧ. Спавядальнік народнай душы: проза Казіміра Сваяка

Малюнак Уладзіміра Вішнеўскага.
Прыехала мая Ганулька на «гакацыю» (ёсць там у месце нейкае свята — гакацыя). Сама стройная, гібкая. На галаве капялюш з птушкай. На плечах доўгая ротунда, ці як яна там завецца. А спадніца, куды ж — спераду сцягнена вузка, а ззаду цягнецца аграмадным хвастом. Гаварыць па-нашаму Ганулька ня хочыць, не цалуе бацькоў у рукі, паняй казаў бы вялікай стала.

Пашлі мы раз неяк да сена. Аж тут дождж надходзіць. Кажу я тады Ганулі: «Памажы ж ты нам грабіць, Ганулька!» «Бог змочыць, Бог і высушыць», — адказала Ганулька, збіраючы нейкія кветкі. Назаўтра (быў пёнтак) устала матка ранютка і каля печы завіхаецца. «Мама, спячы бліноў!»— адазвалася Ганулька з ложка. «Сягоння ж пост, дачушка — здзівілася маці. «Гэта ў вас толькі пост!» — Сказала гнеўная Гануля, хаваючы галоўку пад коўдру.

Прышла нядзеля. Людзі з лёгкім сэрцам, васола ідуць у касцёл, каб там пахваліць і выслаўляць Бога. Ганулька убіралася дзве гадзіны і выстраілася як цацка. «Можа ж табе, дзіцятка, ксёнжачку даць?» — Спытала нясмела маці. «Ня трэба, мама, маю я ў галаве ксёнжку»... Пышна вышла з хаты Ганулька і як пава пашумела ў мястэчка. Дзівіліся людзі, як змянілася Пётры дачка: глядзіць іначэй і валасы іначэй чэшыць і ход іншы і ўбёр. А іншыя так падсміхалі, кажучы, што на паню захварэла, а ў душы глупай бабай асталася.

Развіталася ўрэшце з намі Ганулька і пад восень выехала ізноў у горад.

Прашла скоранька зімка і вясна яе змяніла. Слонца васоленька блыснула маёвае. З’явіліся жучкі розныя, птушачкі незлічоныя, выраслі траўкі, зазелянелі дрэўкі. Аджыло ўсё на полі і ў лесі. Здаецца прышла ўжо і гэтая гакацыя. Захацелася нам падзяліцца гэтым хараством з нашай Ганулькай. Але яе нешта не чуваць, не відаць. Зачалі мы бедаваць з маткай. «Дзе ж наша Ганулька? Чаму ж яна і вестачкі не дасць аб сабе?»

Вот ужо і Аспажа Блізка, Маткі Боскай Лятонцай. Ганулькі німа і німа. Яшчэ болей мы пасмутнелі. Прыбліжылася і восень. Пашлі дажджы, балота, гразь. Сядзём мы раз і бядуем, аж раптам у падворы забрахаў сабака і пад хату пад’ехала чыясьці драбіна. Калі я глядзь, — з ваза злезае жыд з вакзалу, а за ім нейкая кабета. Прыгледзіўся і пазнаў я сваю Ганулю. Божа мой! Як жа яна змянілася! Сама худая. Ані капялюша з птушкай, ані доўгай ратонды, ані спадніцы з хвастом!

Затое ж на руках у яе — дзіцятка...» Збадзялася мая Ганулька!» — з смуткам у сэрцу падумаў я...

З апавядання Пётры запісаў Казімір Сваяк.
1914 г.

ШТО ЮРКА СНІЎ

— Хоць мо’ і грэх сны расказываць, але даль-бо не вытрымаю...

Здаецца мне (казаў бы на яве), што прычакаў я канца свету. Як мухі мёрлі скрозь людзі, хоць і так ня шмат іх было, бо прад канцом свету людцы прышлі на думку, бытцам-то жаніцца зусім ня варта. Вось адны мёрлі ад голаду, бо войны ўсьцяж ішлі, другія ад сухотаў, бо суш была сем гадоў запарам, а іншыя дык ад роскашы, бо ўсяго па горла мелі. І калі ўжо нядолі быў верх найвышэйшы, вось гукнула па ўсёй зямельцы, што мэсыяш жыдоўскі прыйшоў і з войскам сваім ідзе ўсюды, а непакорных у жалезную печ садзіць.

Малюнак Уладзіміра Вішнеўскага.
У нашым мястэчку чакалі з’яўлення яго ўсе да аднаго. Найперш вырушыў на спатканне сам магістрат з вучыцялямі і дзяцьмі, з вянкамі і музыкай. Пасля ўжо ішлі дзяўчаты, убраныя ў белыя сукенкі, як фіранкі правідныя. Пасля йшлі духоўныя ўсіх абрадаў і парадкаў, а ўсе, што-колькі шагоў, паклоны білі, кажучы: «Чэсць таму, хто ідзе». Пасталі ўсе на рынку кругом аўтара, збудаванага з квеця, і чакалі таго мэсыяша. Затрубілі трубы, загудзелі гуды, зазванілі званы і паказаўся вялікі парад войска. Наўперад вязьлі вялізарную печ, ад віду каторай аж мурашкі па скуры ўсе пачулі. За пячой ішлі музыканты ў шэрых куртках, а за імі стральцы ў зялёных портках. Пасля на конях стаенных ехала брыгада, а сярод ей сам «ён». Прышлі ўсе прад аўтар на рынку і пачалося набажэнства ў чорных амафах. Колькі разоў званкі званілі, стральцы палілі ў паветра, а іншыя так хапалі за шаблі. Натоўп людзей дрыжэў і з трывогай паглядаў на жалезную печ, с каторай бухаў дым парай. Аж вось выступіў адзін духаўнік у белым амафоры, а чорнай комжы і пачаў хваліць «яго самога».

— Што ён збаўца чаканы, што ён веры абаронца, што ён мілы ўсім ад сэрца аж да самай душы. Аж страх слухаць было, як лгаў той слуга божы. А «ён» стаяў у масцы і не паказваў ліца свайго. Усім хацелася ўбачыць повід ягоны, каб вычытаць або ласкі для сябе, або прыгавор смерці...

Аж зайгралі арганы, затрубілі трубы, зазванілі званы, загудзелі гуды: «ён» меўся адкрыць аблічча сваё. Мяне ад страху потам зліло — я абамлеў і... прачнуўся, не дасьніў. «Сон ня ява — Богу слава»,— вышаптаў я, жагнаючыся.

1919 г.

ШТО ЮРКА Ў ТЭАТРЫ БАЧЫЎ

Прыехаў я ў Вільню ўжо вечарком і валю проста з вакзалу да знаёмага жыда, каб пераначаваць, а заўтра чуць свет пайсці ў Каліварыю. Аж вось знячэўку ўвага мая затрымалася прад нейкім пышна асветляным домам, на браме якога выпісана было пекнымі і вялікімі літарамі слова: «Ілюзія». «Што ж гэта?» — думаў я. «Пэўна імя якое дзявочае, або бабскае гэта Ілюзія». Пад тую пару пацягнуў мяне за рукаво нейкі стойка пры дзвярох і адазваўся: «Зайдзі, дзядзька! Дзівы ўбачыш!» — «А што ж тут паказываюць?» — пытаю. А ён з ухмылкай кажа: «Усенька, дзядзька: і перад і зад і што хочаш!» — «Што ж ты кпіш з мяне, старога, тычка?» — абурыўся я. — «Скажы лепей, што гэта — Ілюзія?» «Гэта, дзядзька, тое самае, што «чмут» — зайдзі, пабачыш! Вундзе можна і білет купіць!» Я падышоў да ваконца, прад якім сядзела паненка ў вакулярах і папрасіў білет. «А які?», — запыталася яна. «Такі, кажу, каб можна было б усё бачыць». «У залі ці на галерэі?» — пытае яна ізноў. «На якой халерыі?» — падзівіўся я. — «Лепей ужо на залі.» А яна давай рагатаць, што я нешта не так сказаў, а я ж ей на тое: «Моладасць — дурнасць, паненачка — кажу: а колькі каштуе?» — «Рубля, кажа тая смяхотка, нумер 66».

Узяў я білет і вайшоў у тую залю. С трудом знайшоў свой нумер і разсеўся, а тут з усіх бакоў выглядаюць стройныя галовы мяшчанства і пазіраюць на мяне, як на дзіва. Некаторыя нават прыстаўлялі да вачэй асаблівыя акуляры, каб убачыць лепей. «Ну ж і дзівяцца налпы, што чалавека ўбачылі!» падумаў я, але мусіць на голас, бо нехта за мной засмяяўся, а паня, што прада мной сядзела з малой дзяўчынкай, адвярнулася і, на маю агіду, узлажыла на нос тыя модныя акуляры, каб акуратней угледзіцца. Зара-ж паня стала гаварыць нешта да дзяўчынкі, мусіць па-французку, бо малая, як званочак выгаварыла пекна: «ля, ле, лён, тралён», а старшая ківала ей галавой і колькі раз паўтарала: «сра, сра, сра»...

Ну і смешныя ж штукі паказывалі паном, няхай іх! Перш-найперш былі спевы. Адчыніліся дзверы — пакойчык харошы — і тыц: увайшла бордзенька паненка ў кароцінкай сукенцы з голымі грудкамі і ценінькімі лыдкамі. Усе замоўклі з падзіву, а дзе — хто нават прылажыў шкло да вачэй. «Мусіць хочуць добра ўбачыць», —падумаў я, а за мной нехта ізноў засмяяўся. Паненка раптам (як цялушка на вясну), давай пяяць. Пяяла-пяяла (што — я не разабраў), а нехта ей падыгрываў, — аж і скончыла. Тады ўсе, як на каманду, давай біць у далоні, аж я спалохаўся. «Пэўна тут такі абычай», — мысьліў я і сам пачаў біць. Між варон папаў, «парх-парх закракаў», прыпомнілася мне наша прыказка. А паненка пекна ўсмехнулася, крутнула задам і вышла.

Пяяла яна йшчэ двойчы, на ўсе галасы, але ўжо праз шкло на яе не ўглядаліся, бо відзелі. Але вось потым так штука пачалася — чыстая камедыя. Паказывалі, як да жонкі аднаго пана хадзіў палюбоўнік. Ну і спрытна ж яны абхадзілі мужыка (бадай іх пакруціла!), аж у канцы пакрыўджаны муж неяк трафункова знайшоў палюбоўніка пад лаўкай. А то быў смех! Усе білі ў далоні (нават тая дзяўчынка, што па-французку гаварыла), біў і я, але чаго і сам не ведаў. Урэшце вышла і новая штука з песнямі. Адзін прыбраны як бы па-вясковаму паніч паказываў у песні дзяўчыне (падобнай да тэй голай паненкі), як ён моцна яе любіць. Палажыўшы руку на сэрцы, пяяў ей: «Гліна мая, Гліна!» (Першы раз чуў я такое імя, страйней было б ужо тая ілюзія). Як ён скончыў, зачала і яна пяяць, паказуючы, што і яна яго любіць. У канцы ледзь яны ўжо не пажаніліся, аж вось выйшла на яў, што бацькі не хочуць выдаць дзяўчаці замуж, бо малады быў просты сын вясковы. Гісторыя кончылася сумна, хоць ты плач, і я думаў, што ўжо ніхто пляскаць не будзе, але куды ж там: заклякалі, як бы хмара буслоў зляцелася. Клякала і тая дзяўчынка і ўзноў зачала тралёніць. А старая ей, ківаючы галавой, паўтарала: «Фні, фні, фні.» Зачалі разхадзіцца. Быў канец гульні. Пры выходзе пацягнуў мяне за рукаво ўзноў той стойка і спытаў: «Ну, відзеў Ілюзію?» — «Не Ілюзія, кажу, а Гліна!». «Добра паны забаўляюцца?» — пытаў ён ізноў. — «А чытаў ты «панскае ігрышча?» — адказаў я яму пытальнікам і проста паплёўся шукаць начлегу. Няведама чаму на памяць узбег мне той верш Бурачка:

А шклы тыя для туману,
Праз іх глядзіць. Як у дым:
Жыд сумысьле даў іх пану,
Каб зрабіць яго сляпым...

1919 г.

ЦВІЦЕ КРАСКА І ВЯНЕ...

Імпрэсіі

З о р. — Я ня відзеў ніколі яе вачэй, хоць штодзень углядаўся, дзівуючы чыстыя рысы твары яе. Ня знаў і глыбіні душы яе, мінаючы з жахам тайніцу чужога сумлення. Раз, аднак нябачна для яе, пагляд мой супачыў на зоры яе, ясным бы веснавая раніца. Нейкая лёгкая, але дакорная дрыгата прабегла па целе маім: блыск зору яе меў адцень безнадзейнай журбы і разам безгранічнай, поўнай здзеку, іроніі — маскаванай пустатой дзявочай. Я пабаяўся думаць аб яе загадцы: таёмнасць людзкога духа страшная ў сваёй развязцы... Праз думку маю праляцела маланкай трагедыя адвечнай ідэі закаванай у запоры матэрыі. Чаруе нас гэта ідэя, а праява яе ў будні — забівае нас... Так мне здавалася.

* * *

Ц а л у н а к. — Свяціў месяц блудны на небасхіле. Мутна лыпалі зоркі. Паветра пульсавала знямогай ночы. Салавейка цудную песню канчаў мілай сваей... Я расказваў ей аб зорах і небе, аб журбе шукання чагось адвечна вялізарнага, неаб’ёмлівага — гдзе бы можна было запоўніць усе свае найтайнейшыя парывы душы. Прызналася мне, што думае часта аб гэтым і — разумее... Гэта была яе першая мана перада мной, а мой першы самаабман. Дух шукае і ведае мэту сваю — ведае, куды ідзе; але і перад ім скрыты сцежкі просты: відзім зманную форму, а толькі дагадацца можам зместу: знаем праявы матэрыі, а гдзе кончыцца яе зманнасць, ня ведаем. Душы нашы спаткаліся ў безканечным быце форм ідэальных; сымболем гэтага спаткання быў першы цалунак — заручыны новай творчасці. Так я думаў. А яна? Яна засмяялася ледзь значна і — засумавала... А сэрца маё сціснулася прачуццём нейкага болю... Цудная, светлая ноч! Колькі ж ты крыла ў гэным чыстым, нясмелым цалунку зачаткаў любові гарачай, а мо’ і ненавісці закрытай... Не згадаеш! Ах, як вечна ня можна здаволіць духа чалавека, паставіўшы яму якую небудзь граніцу... І смуціцца пэўна Бог над кожнай душой, што шукае шчасця-вяселля... Так мне здавалася.

* * *

П ч о л к а. — Ледзь заметны крапіў дожджык. Струджаны падарожай, мы селі пад галлём магутнага дуба. Яго развесістыя галіны баранілі нас ад дажджу — слёзцаў нябесных. Сцямнела. Сон агарнуў людцоў, прыбітых рукой штодзеннага гора. Любоў мая! Ты ў гэты вечар злажыла першую песню пекнаце ночы, салодкаму сну-лятуценню, чароўнай зманнасці ўсяго жывога ў прыродзе. Хоць плакала — вядома чаму — неба, маўчалі птушкі, — на’т совы не адазваліся, каб прарочыць благое. І што ж магло сапраўды быць благое ў песні на чэсць вечнай адмены святла і цемкі, вечнага абнаўлення ў што раз іншых праявах быту! Далёка быў сёння ад мяне сум і безнадзейнасць, — пасля шлюбу з ей зорам, каторы цалаваў гарача. Ах, гдзе ж еднасць душ нашых? Ці ж меў я душу яе, знаў скрытыя ад мяне думы; ці ведаў, чаго яна сказаць мне ня можа... І чаму на вуснах яе я чую, віджу іронію! Ад сябе ж не магу адагнаць цяжкой рэфлексыі: «Пашто ты ціха ўсмяхаешся, мілая? Што ведаеш ты, да чаго я не магу дадумацца. Маніш ты мяне ў чымколеч, ці смяешся над улудай любові, якая разгараецца полымем у цэлай істоце маей. Хочыш мо’ сказаць, што няма, — няма любові на свеце... Маўчыш загадкова». — Чую звон пчалы, зычны звон заплутанай гдзесь, казаў бы ў валоссе, пчалы... Дарма стараюся зняць яе: ня кусае, гдзе ж яна? Няміла адчуваю злосны зык яе. — Не прызнаюся я любай аб гэтым дробным прыпадку са мной. І як прызнацца, калі назаўтра дзве краскі закрасавалі на месцы нашага чыстага шлюбу; і — як жа прызнацца, калі звон гэны казаў мне адкрыта: «У салодкіх чарах любові скрываецца жыгаллё пакуты, а мёд найшчырэйшага кахання запраўлен атрутай нявернасці, або блуднасці няшчырай і скрытага раз’яднання»... Так мне здаецца дагэтуль.

* * *

Л ю б о ў. — «Любоў — цяжэнне да сябе натур сымпатычных», аж пакуль знаходзяць сябе: або ў бесканечным — тады цуд; або ў бязвольнай матэрыі — тады ненавісць. Дух злучае на вечнасць, у правох матэрыі заўсёды раздзел, расплыўная роднасць: дух вечны, матэрыя — зманнасць. Любоў — гэта найвышэйшая роскаш і шчасце, або найстрашнейшая шаласць і боль, усё — або роўна нічога: Бог — або шатан. Любоў быць можа міласцю, калі ёсць суцэльнай, бяз цені самалюбства. «Прывязнасць» праяўляецца варункова, каб узамен узяць так-жа. Любоў-Міласць заўсёды шчасліваю,— прывязнасць шчасця ня творыць, бо ёсць кантрактам узаемнасці. «Слова» палюбоўнік-палюбоўніца гідкое, бо азначае, што ўлюбенцы палюбілі толькі самых сябе ў другіх. Любоў-Міласць гэта бесканечная творчасць духа, які ўзаемна дапаўняецца ў мужчыне і жанчыне будуючы шлях аж да граніц адвечнага бытавання... Так мне здаецца, — хай Бог мой разгоніць сумнівы мае!

* * *

З д а в а л а с я  м н е, — што ёсць тры віды любові ў нашым свеце: ідэйная, матчыная і — простытуцыйная. Толькі першая запраўды творчая. Мэта другой: адноўленыя пакаленні. Мэта трэцяй: заработак. Магчыма, што любоў ідэйная скрывае мэту ў самой сабе. Няўхватнасць гэтай мэты родзіць сум і трагедыю сэрца, каторае ледзь не заўсёды мусіць разбіцца на зломах будзеншчыны. Маючы падклад змысловы, любоў на’т ідэйная носіць у сабе зарод смерці. Любоў вечнага, няўміраючага здаволіць толькі можа дух чалавечы: Міласць-charitas. Можа каханне толькі сымболь гэткай правечнай Міласці. Як блыск зарніцы прабіваецца ў ім ідэя адвечнай злучнасці ў Абсалюце... Але — як топчыцца яна ў блудных цемрах заводнасці, грубой ярнасці, бруднай нявернасці. Вось дзеля чаго канец найшчырэйшага кахання, ідэйнай любові, бывае часта безнадзейна трагічным, а шчасця так цяжка шукаці на беднай зямліцы.

* * *

Б о ж а. — Падымі мяне, Божа, яшчэ гэты раз адзін падымі мяне.

Хай за справай Тваей тыя дні мінулыя, у каторых ня было Цябе, запомнены будуць.

Гэту адну хвілінку расснуй шырока на ўлонні сваім і пазволь святлу Твайму расплыцца над ей.

Пашоў я за голасам, што злудзіў мяне да мэты не завёўшы.

Ныне пазволь мне сесці ціхенька ў падножжа Твайго і прыслухацца слову, што глыбока западзець у душу маю.

Не хавай зору свайго ад цёмных тайніц майго сэрца; кінь на яго ласкава праменьмі сваймі, каб разгарэлася агнём любові Тваей.

Ірына БАГДАНОВІЧ. Спавядальнік народнай душы: проза Казіміра Сваяка


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY