Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(20)/2002
Мастацтва
Юбілеі (Да 120-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы)
Пра самае важнае
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ

АПАВЯДАННІ
Мастацтва
У свеце Бібліі
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

ЗАБОЙЦА АНЁЛА
Постаці

ПРАЛАТ СТАНІСЛАЎ ШАНТЫР
Культура
Пра самае важнае

Ірына ЖАРНАСЕК

ПЕРАЖЫЦЬ САПРАЎДНАЕ НАВЯРТАННЕ

Сучасны католік. Які ён? Што яго турбуе? Ці цікавяць яго пытанні веры? Альбо вера для яго ў наш прагматычны, атручаны атэізмам ды простай бяздумнасцю час, — толькі знешняя абалонка, пад якой могуць спакойна суіснаваць учынкі, пачуцці, думкі, далёкія ад яе? І што трэба для таго, каб чалавек, які прыняў хрост у каталіцкім Касцёле, быў сапраўдным вернікам, а не фарысеем ХХІ стагоддзя? Пра ўсё гэта, а таксама пра некаторыя іншыя праблемы гутараць ксёндз марыянін Ян Бабіцкі і пісьменніца Ірына Жарнасек.

— Ксёндз Ян, вось ужо больш за дзесяць гадоў як на Беларусі кожны чалавек, калі ён мае ў гэтым духоўную патрэбу, можа прыйсці ў Божую святыню, памаліцца Богу і не баяцца, што яго потым выклічуць у парткам, гаркам ці яшчэ які там «кам». Гэтае права было выпакутавана нашымі бацькамі ды дзядамі, многія з якіх у свой час цярпелі за веру пераслед. І вось нарэшце чаканая свабода веравызнання, а дакладней, для адных чаканая, для другіх неспадзяваная, а для кагосьці і нежаданая. І ўсё ж многія прыйшлі ў храм, бо, як прачугала ў вядомым фільме Абуладзэ «Пакаянне»: «А навошта дарога, калі яна не вядзе да храма?» Дарога, на шчасце, вядзе цяпер у святыні тых, хто моцна прагнуў гэтага, а почасту і тых, хто спакойна жыў сабе без Касцёла, а то і пасмейваўся над «адурманенымі опіумам для народа». Гаворка нават не пра палітыкаў — з гэтымі, як кажуць, усё зразумела. Наўрад ці каторы з іх, пераступіўшы парог святыні і запаліўшы свечку, перастае нават на гэтыя хвіліны быць палітыкам, асабліва, калі на цябе паслужліва нацэленыя з розных бакоў фота- і кінакамеры. Размова тут пра звычайных людзей, якім нібыта і не патрэбны імідж тэлерантнага хрысціяніна ці праваслаўнага атэіста. Як Вы лічыце, ксёндз Ян, лёгка былому партыйнаму ці камсамольскаму работніку, атэісту, проста раўнадушнаму да веры чалавеку стаць вернікам?

— Ведаеце, ласка Божая неабмежаваная. У двухтысячагадовай гісторыі хрысціянства ёсць нямала прыкладаў, калі людзі, якія раней пераследвалі хрысціянаў, пазней вельмі выразна сустракалі ў сваім жыцці Божую любоў і потым ужо ніколі, нават у вельмі складаных выпрабаваннях, не здраджвалі Богу. Безумоўна, у наш час у вочы іншы раз кідаецца элемент своеасаблівай моды, калі чалавек ідзе ў святыню і нават сам не можа вытлумачыць, чаму ён гэта робіць. Дзеля каго і чаго? І ўсё ж вытлумачыць гэта можна. Рэч у тым, што ў самой прыродзе чалавека закладзена глыбокая патрэба Бога. Мы нават можам не лічыць сябе вернікамі, але гэта зусім не азначае, што ў нас няма гэтае патрэбы.

— Мне прыгадалася адна мая знаёмая. Сама яна не лічыць сябе верніцай, нават няхрышчаная, але заўсёды, калі бывае ў нейкіх паездках, ходзіць у касцёл. Яна не можа вытлумачыць гэтае патрэбы, адно сцвярджае, што кліча яе ў касцёл не турысцкая цікаўнасць, але нейкая незразумелае і невытлумачальнае жаданне проста пабыць у святыні, пасядзець, падумаць. Я ж, прызнацца, цярпліва чакаю, калі гэтае жаданне на ўзроўні падсвядомасці ператворыцца ў асэнсаваную патрэбу стаць хрысціянкай.

— Трэба на гэта спадзявацца і за гэта маліцца: чалавек знаходзіцца недалёка ад Бога. Але заўважце, што часта бывае і іншае. Хтосьці часта наведвае Божую святыню, ведае нямала малітваў, можа абвяшчаць сябе католікам, праваслаўным ці яшчэ некім, але ягоная вера звужана да амаль механічанага выканання нейкіх звычаяў, абрадаў, якіх можа быць нават і шмат, але ўсё ж... ці сапраўднае гэта хрысціянства? Ці не падман найперш самога сябе? Мы вельмі часта, на жаль, забываем, што вера чалавека мусіць праяўляцца ў ягоным канкрэтным штодзённым жыцці. Бо калі чалавек, да прыкладу, здольны спалучыць наведванне святыні ў нядзелі, а то і ў буднія дні, нават прымаць святыя сакраманты і адначасна нізавошта не хоча прымірыцца са сваім суседам, з якім яго развяла банальная жыццёвая драбяза, то ці вернік ён увогуле? Можа, тут усё ж больш тэатра? Гэты чалавек пакуль што не ў стане свабодна ісці за Богам. Але не выключана, што і ён знаходзіцца на шляху да свайго сапраўднага, глыбокага навяртання.

А з іншага боку: нельга таксама сцвярджаць, што вера мусіць праяўляцца толькі праз нашыя ўчынкі. Не забывайма, што вера — гэта вялікая таямніца, sacrum. Мы маем у Касцёле сакраманты, удзел у якіх утварае паміж Богам і чалавекам тую нябачную повязь, якая не заўсёды вымяраецца вонкавымі праявамі. Найлепш, вядома, калі паміж учынкамі і сакрамантальным жыццём чалавека няма супярэчнасцяў, але не так проста і лёгка гэтага дасягнуць.

— Ёсць такое дзіўнаватае паняцце — практыкуючы хрысціянін. Здавалася б, калі ты лічыш сябе хрысціянінам, то і павінен жыць паводле патрабаванняў тваёй канфесіі (гаворка тут ідзе, вядома ж, пра каталіцкі Касцёл). Але, тым не менш: ёсць католікі практыкуючыя, а ёсць і нібы тэарэтычныя, ці што. Як я разумею, гэта тыя, каго бацькі ў свой час пахрысцілі ў Касцёле, і яны лічаць, што гэтага цалкам дастаткова, каб быць католікам. Ну а калі ты на Вялікдзень яшчэ і чырвоныя яйкі пасвенціш альбо, седзячы за святочным сталом, паглядзіш па тэлевізары набажэнства, то і ўвогуле — католік, хоць куды. Як, на думку святара, можа быць чалавек непрактыкуючым вернікам?

— Касцёл таксама ўжывае гэтыя паняцці — практыкуючыя і непрактыкуючыя католікі. Робіцца гэта дзеля таго, каб не ставіць знак роўнасці паміж штодзённымі вызнаўцамі Хрыста ў каталіцкім Касцёле і тымі, хто быў некалі прыняты ў яго супольнасць праз сакрамант хросту, напачатку, можа, нават удзельнічаў у касцельным жыцці, а потым аддаліўся. Касцёл — жывы арганізм, і жыццё ў ім падтрымліваецца вернікамі, а не бухгалтарскім улікам ахрышчаных.

— Вельмі часта можна пачуць ад некаторых людзей, што Бог ёсць у іхніх сэрцах і гэтага цалкам дастаткова. Маўляў, я не бандыт, не злачынца, не распуснік, дык чаго вы яшчэ ад мяне хочаце.

— Безумоўна, Бог удзельнічае ў жыцці чалавека і па-за Касцёлам. Але згадзіцеся: цяжка дыскутаваць з самім Хрыстом, які заснаваў Касцёл і наказаў сваім апосталам несці свету Божае слова і Божую ласку. Такая была воля Хрыста, і чалавеку папраўляць Бога зусім не выпадае. Той, хто разумее глыбіню Божай справы, пачынае разумець і Хрыста, а, значыць, і тое, што без Касцёла сустрэць Бога па-сапраўднаму немагчыма. Ды і як бы мы жылі, калі б не мелі магчымасці карыстаць з сакраманту пакаяння, не аддавалі Богу цяжар сваіх грахоў, калі б не прасілі з глыбіні свайго сэрца ў Яго прабачэння і не атрымлівалі яго, не зведалі на сабе Божую міласэрнасць? Дзе, адкуль мы бралі б сілы, калі б не ўмацоўвалі сябе сакрамантам Эўхарыстыі? А дзе набірацца мудрасці, калі не ў Святым Пісанні? Не, усё ж непрактыкуючы католік — гэта штосьці... недарэчнае.

— Чуў бы Вас адзін мой знаёмы пісьменнік, які неяк на сустрэчы з чытачамі сцвярджаў, што яму, каб паразмаўляць з Богам, зусім неабавязкова ісці ў нейкую святыню, ён можа гэта рабіць, не адыходзячы ад свайго пісьмовага стала.

— Як кажуць, на здароўе, але пры чым тут тады Касцёл? Я проста перакананы, што зразумець усю глыбіню свайго жыццёвага паклікання, а таксама зразумець іншага чалавека найлепш можна праз Хрыста, які заўсёды прысутны ў Касцёле.

— А што гэта ўвогуле азначае са святарскага пункту гледжання — быць практыкуючым католікам?

— Што гэта азначае? Практыкуючы католік сістэматычна чытае, слухае, разважае над Божым словам, жыве па Божых запаведзях, абавязкова ўдзельнічае ў нядзельнай Святой Імшы, вядома ж, спавядаецца, прымае іншыя патрэбныя сакраманты. А яшчэ: быць практыкуючым католікам — гэта абавязкова сваім жыццём сведчыць іншым пра Хрыста. Было б вялікай памылкай, калі б мы разумелі Касцёл як адрэзаны ад рэчаіснасці дом, у які мы прыходзім на пэўны час, а потым вяртаемся ў сваё звыклае жыццё і неўпрыкмет забываем пра ўсё, што чулі ў тым доме, на што адгукнулася там нашае сэрца. Бо, маўляў, суровая рэчаіснасць патрабуе чагосьці іншага, і ў гэтым іншым почасту не стае месца міласэрнасці, дабрыні, сумленнасці, хрысціянскай маралі, усяму, чаго патрабуе ад нас Касцёл. Не. Калі мы ўжо самі зачэрпнулі з крыніцы Божае ласкі, то павінны дзяліцца гэтым скарбам з іншымі, на нас ляжыць заданне сведчыць пра Хрыста. І калі мы не будзем шукаць для сябе нейкіх кампрамісаў, зручных адгаворак, апраўданняў, то, несумненна, будзем узбагачацца духоўна, бо вядома ж: чым больш хрысціянін аддае, тым больш ён набывае.

— Ксёндз Ян, у Вас пакуль што яшчэ невялікая святарская практыка, але ўсё ж і з яе Вы, напэўна, можаце зрабіць выснову, ці шмат з тых, хто рэгулярна наведвае Божую святыню, становяцца лепшымі? У ідэале лепшымі павінны былі б рабіцца ўсе, але гэта — у ідэале. Мы ж гаворым пра рэальнасць.

— Ведаю аднаго верніка, якога можна ледзьве не кожны дзень сустрэць у касцёле. Ён пабожна моліцца і, здаецца, ніколі не расстаецца з ружанцам. А аднаго разу я быў сведкам, як у перапоўненым аўтобусе ён крычаў на гарэзных дзяцей: «Сталіна на вас няма! Вось ён бы з вамі разабраўся!»

Так ужо ўладкаваны чалавек, што ў ім могуць суседнічаць гэткія процілегласці. Але кожны святар мае ў сваёй практыцы шмат выпадкаў, калі чалавек праз боль і сорам, агаляючы вельмі непрывабныя бакі свайго жыцця, робіць кардынальны паварот у сваім светапоглядзе, перажывае сапраўднае навяртанне. Найчасцей гэта адбываецца праз канфесіянал. Шмат маладых нашых сучаснікаў сцвярджае: «Калі б не Касцёл, то я, магчыма, быў бы цяпер наркаманам, алкаголікам, бандытам». А адначасна, мабыць, кожны святар не раз сустрэўся з, так бы мовіць, непрабівальнымі людзьмі, якія, нават укленчыўшы пры канфесіянале, не жадаюць зазірнуць у глыбіні свайго сэрца, убачыць там бруд.

— Можа таму, што баяцца? Мы так любім сябе прыгожымі, добрымі, высакароднымі!.. Ды й памятаецца добрае ды прыгожае значна лепш, чым благое ды непрывабнае.

— Магчыма. Але такая павярхоўнасць чыніць нам шмат шкоды. Бо калі мы выбіраем Хрыста — мы выбіраем праўду. А калі мы будзем успрымаць грэх толькі як парушэнне нейкіх абрадаў, звычаяў, то ёсць пагроза, што мы так і не здолеем зразумець, чаго чакае ад нас Бог. Тым часам, грэх — гэта нежаданне чалавека ісці тым шляхам, які нам прапануе Бог. І чалавек у такім выпадку можа проста страціць унікальную магчымасць сапраўднага, глыбокага паяднання з Богам. У Евангеллі мы шмат разоў бачым шчодрасць Божай міласэрнасці да тых людзей, якія не пабаяліся адкрыць глыбокую праўду пра сябе. Магдалена, што абмывае слязьмі ногі Хрыста, ліхадзей на крыжы, што прызнаецца ў сваіх вялікіх грахах, Закхей, які ашаламляе нас сваім ісклівым навяртаннем... І адначасна ў Евангеллі мы бачым фарысеяў, якія вонкава нібы таксама праслаўляюць Бога, але па сутнасці перапоўненыя фальшам. Хрыстус бачыць у чалавеку ўсю праўду, якой бы маскай яна не прыкрывалася, і Ён збаўляе не манекен, не маску, але самога чалавека. Вельмі часта мы шмат губляем, жадаючы выглядаць перад Богам падфарбаванымі ды прыпудранымі. Вядома, здзіранне з сябе маскі — вельмі балючы працэс, але, пераадольваючы сваю слабасць і гэты боль, чалавек мае рэальны шанец сустрэць на сваім шляху Бога. Кажу гэта ўжо не са святарскае практыкі, якая ў мяне сапраўды яшчэ небагатая, але з уласнага досведу.

А пасля, калі чалавек усё ж пераадолеў сорам і боль, пераадолеў і адкрыў тую балючую, непрывабную праўду пра сябе, ён з ашаламляльнай радасцю зробіць і яшчэ адно адкрыццё: аказваецца, Бог не цураецца яго, вось такого, грэшнага, непрыгожага. Ён не цураецца яго, але любіць сваёю ўсёабдымнаю любоўю! Бог любіць самага закаранелага грэшніка, цярпліва чакае ягонага навяртання і прапануе яму ісці па Ягоным шляху. Словам, усё зноў жа па Евангеллю: «Пазнайце праўду, і праўда вас вызваліць».

— Што дапамагае Вам несці нялёгкую святарскую службу?

— Усведамленне, што Бог міласэрны. Ён міласэрны да найвялікшага грэшніка, які шукае Яго літасці, да старых і малых, да тых, хто мае пару класаў адукацыі, і тых, хто вывучаў ці вывучае тэалогію. Гэтае ўсведамленне вучыць мяне пакоры і простаму, яснаму разуменню: усё ў руках Божых. Я ж асабіста — толькі праваднік, толькі той, хто можа падказаць чалавеку, як яму знайсці ў сваім жыцці Бога.

— Але гэта зусім нямала.

— Вядома. Толькі яшчэ трэба, каб чалавек пажадаў прыняць святарскую параду.

— Вольнаму — воля.

— І гэтую волю нам таксама дае Бог. Ён шануе свабоду кожнага чалавека, яго права выбару. Вельмі важна гэта разумець. Тады мы, аналізуючы нейкія з’явы жыцця, будзем менш мець прэтэнзій да Бога.

— Некалі беларускі паэт Алег Бембель, сёння праваслаўны манах, пісаў у адным з вершаў (на жаль, не магу па памяці працытаваць тыя радкі), што сапраўдны хрысціянін — гэта той, хто, прыйшоўшы на гарадскую плошчу, здольны на вачах ва ўсіх перажагнацца. Я часта згадваю Бембеля і са скрухаю думаю, што, мабыць, я кепская каталічка, бо не надта ўяўляю, як бы я жагналася на нашай гарадской плошчы ў часе якіх-небудзь «Праводзінаў зімы» альбо «Купалля».

Вера — пратэст, вера — выклік. Ці патрэбна гэта і самому верніку, і грамадству?

— Безумоўна, здараюцца ў жыцці такія сітуацыі, калі чалавек можа і павінен заявіць пра сваю веру, і, можа, зробіць ён тады гэта не столькі словам, колькі ўчынкам. Як, да прыкладу, росіцкія мучанікі Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра. У часе страшнага выпрабавання яны моцна — куды ўжо мацней! — засведчылі пра сваю веру, добраахвотна прыняўшы смерць разам з тымі, каго вялі да Бога. Перад такім сведчаннем веры можна толькі схіліць галаву. Але з намі можа здарыца і менш экстрэмальная сітуацыя, калі нам, напрыклад, давядзецца адкласці ўбок ружанец і выйсці са свайго цёплага, утульнага жытла ў непагадзь да нейкага чалавека, якому ў гэтую хвіліну спатрэбіцца наша дапамога. І мы не павінны тады думаць, католік той чалавек, праваслаўны ці ўвогуле няверуючы. Ён — чалавек, дзіця Божае, і мы мусім аддаць яму ў цяжкі для яго час частку свайго сэрца. Гэта і ёсць наша вера ў рэальным, канкрэтным жыцці.

А крычаць направа і налева пра сваю веру?.. Не ведаю, ці патрэбна рабіць гэта. Гэтак жа, як не перакананы я і ў тым, што нам, католікам, трэба хадзіць па хатах ды агітаваць усіх стаць таксама католікамі. Бог лепш за нас ведае, калі, якім чынам, праз каго Яму прамовіць да кожнага асобнага чалавека. Не выключана, што Ён захоча скарыстаць для гэтага нас, але, хутчэй за ўсё, зробіць гэта не гвалтам і крыкам.

— Ну, дзякуй, Вы мяне супакоілі.

— Але быць гатовым у любой сітуацыі заставацца верным Хрысту мы павінны, бо мы — хрысціяне.

— Ксёндз Ян, вось скажыце, хлеб святой Агаты мае вялікую моц?

— А што, вы, можа, згубілі яго ці забыліся пасвянціць?

— Ды не, я маю яго ў хаце і пажару магу не баяцца.

— Толькі пры гэтым усё ж не пакідайце без нагляду газ ці якія там награвальныя прыборы.

— Дзякуй за падказку. Ну, а калі сур’ёзна, ды наколькі важным у жыцці верніка з’яўляецца хлеб святой Агаты, свечкі святога Блажэя, пасвенчаныя ў адпаведныя дні вада, кветкі, віно, соль і г. д.? Святой памяці ксёндз Антоні Лось некалі жартаваў, што калі хочаш, каб касцёл был поўны, абвясці, што нешта будуць свянціць. Вельмі, дарэчы, непакіла яго перавага вось гэтага знешняга, павярхоўнага хрысціянства над аўтэнтычнаю вераю. Але гэта нашы бабулі ды маці больш ведаюць і пільнуюцца ўсё свянціць, маладзейшыя ж у такія дні толькі разгублена азіраюцца ды скрушліва-сарамліва просяць у сваіх старэйшых суседак пазычыць ім драбінку солі, кавалачак хлеба альбо адліць трохі вады. І калі ім удасца штосьці выцыганіць, то вяртаюцца з касцёла вельмі задаволеныя. Адзін святар расказваў, як зазірнуў неяк у касцёл незнаёмы чалавек з «новых русаў» і папрасіў: «Пахрысціце маю машыну. Я заплачу». Святар не ведаў, плакаць яму альбо смяяцца і, ачомаўшыся, папытаў госця: «А вы самі хрышчаныя?» На што той шчыра здзівіўся: «Вы лічыце, мне гэта патрэбна?»

— Уся рэч у тым, што людзі часта блытаюць сакраманты і сакраманталіі. Калі на першым месцы для чалавека, як таго патрабуе Катэхізіс каталіцкага Касцёла, стаяць сакраманты, а на другім сакраманталіі, то ўсё ў парадку. А калі наадварот, то тады і атрымліваецца: «Пахрысціце маю машыну». Будаваць сваю веру толькі на хлебе святой Агаты, мякка кажучы, несур’ёзна. Дарэчы, па-сапраўднаму практыкуючы католік гэтага не будзе рабіць, бо ён ведае, што для яго галоўнае. Але тут мы вяртаемся да пачатку наша размовы: што гэта значыць — быць практыкуючым католікам. Зрэшты, карысней для душы не размаўляць шмат на гэтую тэму, але проста ім быць.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY