|
|
№
1(3)/1997
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Навяртанне
Да юбілею
Мастацтва
Роздум аб веры
Пераклады
Пра самае важнае
Жыццё ў законе
Драматургія
Паэзія
Сведчаць архівы
З жыцця Касцёла
|
На працягу дваццаці стагоддзяў хрысціянства аб малітве было сказана шмат. Але, як вядома, патрэба ў малітве ёсць не толькі ў хрысціянаў. Чалавек заўсёды знаходзіцца ў пошуку малітвы. У сучасным свеце гэта праяўляецца самым разнастайным чынам. Чалавек шукае, выпрабоўвае, дамагаецца сустрэчы з надпрыродным. Калі ж поўнасцю не выконваецца гэтае жаданне, то малітва замяняецца на псіхатэрапію альбо на іншыя, такія модныя ў наш час гіпнатычныя сеансы. Але чаму слабее моц нашай, хрысціянскай малітвы? Дзе тая сіла, якую абяцаў нам Хрыстус? Няўжо Яго словы не могуць споўніцца сёння? Мы, хрысціяне, не можам быць спакойныя, калі бачым, як паганства паступова займае месца хрысціянскіх вартасцяў у свеце. Мы не можам згадзіцца з тым, каб сіла шатана, якую вызнаюць розныя секты, зрабілася мацнейшаю за сілу Хрыста, што ўмацоўвае дабро ў свеце праз нашыя дзеянні. Калі ў свеце шалее зло, то ці не надышоў і нам час шалець для Хрыста? Адзіная ж наша зброя – малітва. Давайце ж паразважаем над тым, як мы выкарыстоўваем гэтую зброю. Нельга сказаць, што сёння ніхто не моліцца. Чалавек увогуле не можа не маліцца. Нашае ж шчасце ў тым, што мы, хрысціяне, молімся сапраўднаму Богу, а не якімсьці выдуманым сілам. Менавіта да Бога кіруем мы свае думкі ў часы вялікай радасці. Тады, мабыць, найлепш успрымаем Яго як спрадвечнае Дабро. Але ж і ў хвіліны болю, трывогі да Бога мы скіроўваем сваё балючае: «Ратуй!» У адным гэтым слове часам месціцца горыч, якую немагчыма выказаць інакш. Малітва сэрца – самая шчырая малітва, незалежна ад таго, якія пачуцці яе нараджаюць. Аднак жа ў жыцці бываюць і такія моманты, калі нам не хочацца маліцца, хвіліны, калі ў нас не хапае слоў, а пачуцці некуды знікаюць. Адзінае, што адчувае тады сэрца, – абыякавасць да рэчаіснасці, у якой мы жывем, і нават сумніў у тым, што Бог сапраўды чуе нас. Што ж нам рабіць тады? Што рабіць, калі малітва – узнёслая размова з Творцам – ператвараецца для нас у мучэнне? Ці варта і ў такім стане маліцца, і якая карысць ад гэткай малітвы? Хрысціянства даўно дало адказ на гэтае пытанне: маліцца трэба заўсёды, незалежна ад таго, як мы ўспрымаем рэчаіснасць і што адчуваем на малітве. Але чалавеку ўласціва заўсёды чагосьці шукаць, штосьці імкнуцца адкрыць. Пошук у малітве вельмі важны. Нельга маліцца, не шукаючы. Але каго альбо што шукаем мы? На жаль, вельмі часта ў малітве мы шукаем сябе, забыўшыся, што мэтай і кірункам малітвы заўсёды павінен быць Бог. З упэўненасцю можна сцвердзіць, што свет перажывае цяпер агульны крызіс малітвы. Недахоп малітвы ў свеце – страшная хвароба сучаснасці. У адказ на эта ва ўсім свеце ўзнікае шмат новых малітоўных рухаў, пачалі ўжывацца новыя формы малітвы. Чалавек сапраўды выйшаў на пошук у малітве. Але зноў хочацца нагадаць аб папярэднім пытанні: «Каго альбо што шукаем?» Калі мы шукаем Бога – згода. Але ж на практыцы не заўсёды мы шукаем Яго. Можа здарыцца і так, што мэтай нашага пошуку ў малітве стане не толькі Бог альбо мы самі, але нават і тленныя рэчы. І ўсё ж часцей за ўсё наша малітва скіроўваецца ў свет нашых пачуццяў і эмоцый, а кіруе ёю намаганне здабыць для сябе прыемнасць. Нельга згадзіцца з тым, каб малітва назаўсёды сталася для нас цяжарам альбо непрыемным намаганнем. Але ж ці не больш у малітве мы дбаем аб уласным задавальненні, чым аб праслаўленні Бога. Сорамна, але ўсё ж трэба прызнацца, што сёння мы забыліся пра наш абавязак штосьці даваць Богу, а не толькі ўвесь час браць ад Яго. Так, даваць. Што б мы ні ахвяравалі Богу, – для нас гэта адзіны шлях пры дасягненні мэты нашага жыцця. Безумоўна, малітва – гэта і падтрымка, і суцяшэнне для нас. Аднак малітва, перш за ўсё – дар, які мы ахвяруем Богу. І менавіта гэта з’яўляецца мэтай нашага існавання. Чым больш мы аддаём Богу ў малітве, тым больш ад Яго атрымліваем. Менавіта так разумелі малітву напачатку. Складаныя ахвяры нічога не маглі прынесці Богу, але чалавек атрымліваў шмат, і ў гэтым праяўлялася Божая хвала. У гэтым адкрывалася поўня радасці, якая ўспрымалася не толькі як пачуццё, але, перш за ўсё, як глыбокая праўда, праўда аб годнасці чалавека. Ды, на жаль, ад такога разумення малітвы сучаснасць адышла вельмі далёка. І нам ужо надзвычай цяжка ўспрымаць станоўча малітву, якая нясе з сабою невыгоду, не кажучы ўжо аб ахвяры. У сувязі з гэтым крызісам паступова пачалі адыходзіць старадаўнія формы малітвы, якія праз доўгія стагоддзі служылі «прыладамі праслаўлення Бога» ў Касцёле. Усё больш і больш неахвотна мы ўспрымаем і такое паняцце, як абавязак малітвы. Калі раней абавязак малітвы ў свядомасці католіка быў часткай ягонага «я», то сёння мы ўспрымаем гэты абавязак з пэўнай неахвотай, нават з неразуменнем. Сучасны, хворы на свабоду чалавек, з непрыязнасцю, насцярожана ўспрымае тое, у чым адчувае хоць бы цень абавязку, павіннасці, неабходнасці. Урэшце, калі чалавек часта перажывае прыемныя хвіліны яднання з Богам, то што яму могуць даць «прамоўленыя пацеры» альбо ружанцовая малітва, асабліва калі робіць ён гэта неахвотна, пасля цяжкага дня? Увогуле, ці ўдалае гэтае спалучэнне слоў: абавязак малітвы? Ці можа быць такая незвычайная, таямнічая рэч, як малітва, абавязкам? Малітву як абавязак мы яшчэ здольныя ўспрымаць тады, калі мы маем жаданне маліцца. А калі не? Ці не лепш было пачакаць хвілінаў надзвычайнага натхнення, калі сама душа пачне спяваць Богу хвалу, а думкі будуць самі сплятаць вянок прыгожых пачуццяў, калі сэрца адчуе: Той, Каго ўвесь час мы шукаем, ёсць тут, з намі, у нас? А ў той час, калі малітва не атрымліваецца, то ці не лепш было б праславіць Бога нейкай карыснай справай? Альбо ці не лепш было б замяніць Літанію, Ружанец, якія так стамляюць, на іншую форму малітвы, больш разнастайную і цікавую? Магчыма, тады мы будзем адчуваць сябе на малітве па-сапраўднаму з’яднанымі з Богам... Так, магчыма. Але зноў жа: чый гэта пошук? Ці не вядзе ён нас простай дарогай да самазадаволення і эгаізму? Малітва – гэта чын, які ўзнікае з любові і ёю кіруецца. Прынамсі, так павінна быць. Што ж застанецца ад нашае любові, калі мы пазбавім яе ахвяры, абавязку, настойлівасці ў перамаганні цяжкасцяў? Хіба любоў, якая шукае толькі прыемнасці для сябе, гэта яшчэ любоў? Што, да прыкладу, застанецца ад паняцця мацярынства, калі яго пазбавіць абавязку, ахвярнасці? Ці можна ўявіць маці, якая толькі тады штосьці робіць для свайго дзіцяці, калі ёй гэта прыносіць радасць ды задавальненне? Само паняцце мацярынства трымаецца на нялёгкай ахвярнасці, цяжкіх абавязках, якія часам не толькі не прыносяць задавальнення, але і ператвараюцца ў цяжкі крыж. І ўсё ж менавіта гэтая жыццёвая невыгода, змаганне з цяжкасцямі нараджаюць такую цудоўную, чыстую, трывалую сувязь паміж маці і яе дзіцем, якую ніхто да канца не можа спасцігнуць, але кожны называе менавіта гэтым кароткім словам – любоў. Чаму ж тады мы намагаемся часам іначай увяіць сабе любоў да Бога? Чаму яна павінна быць пазбаўлена цяжкасцяў, ахвяры? Тое, што мы шукаем чагосьці новага ў нашых малітвах, – само па сабе добра. Але ці не кідаемся мы часам наўцёкі ад цяжкасцяў, якія сустракаюць нас у малітве? Ці не становяцца для нас выгода, прыемнасць у малітве абавязковым яе варункам? Нарэшце, можна паставіць і яшчэ адно пытанне: «Ці можа малітва, якая павінна яднаць, зрабіцца прычынаю неразумення альбо нават падзелу паміж людзьмі?» Неаднойчы даводзілася чуць лёгкія кпіны ў бок тых, хто не можа альбо не жадае маліцца больш сучасна і трымаецца традыцыйных формаў малітвы. Згаджаюся з тым, што ласка, якая дапамагае камусьці больш глыбока перажыць малітву, паходзіць ад Святога Духа. Інакш быць не можа. Але ад каго тады паходзяць пагарды і кпіны ў бок тых, хто не можа маліцца «па-сучаснаму»? Ад каго паходзяць жарты ў бок традыцыі Касцёла, якую праз няўдалы жарт мы акрэслілі «трыдэнтам»? Шмат можна сказаць пра спосаб малітвы, пра тыя глыбокія таямніцы, якія яна нам адкрывае. Можна, нарэшце, нават спрачацца, хто моліцца лепш, хто горш, аднак жа, не ў спрэчках аб’яўляецца нам праўда аб малітве. Пра яе вартасці і глыбіні нам заўсёды скажа жыццё, тое самае, у якім нас спатыкаюць і спакусы, і цяжкасці, тое жыццё, у якім нам неабходна немалая сіла і моц, каб застацца хрысціянамі. Ці ратуе нас малітва ў свеце, дзе патрэбна нашая рашучасць, цвёрдасць, адвага? Шукаем мы ўжо адносна даўно, шмат спосабаў выпрабавалі для праслаўлення Бога – і песняй, і жэстам, і танцам – аднак найчасцей нашае служэнне Богу абмяжоўваецца кароткім малітоўным спатканнем. Вельмі балюча, але для большасці маладых людзей хрысціянства доўжыцца толькі да таго часу, пакуль малады чалавек знаходзіцца ў нейкай трывалай хрысціянскай супольнасці. З тае хвіліны, калі юнак альбо дзяўчына пераступіць бацькоўскі парог, спаткаецца з негатыўным уплывам у студэнцкім жыцці, вельмі часта і хрысціянству іх надыходзіць канец. Але ж менавіта тады яно і павінна ўмацоўвацца! Бо менавіта да гэткай сітуацыі рыхтаваўся чалавек у малітве. Касцёл, сакрамэнты становяцца чымсьці далёкім, забытым. Чаму? Можа, менавіта на гэткі дом указвае нам Хрыстус, калі кажа, што ён збудаваны на пяску? І дзіўная рэч: з аднаго боку, мы згаджаемся з тым, што нас раніць сучасны свет, а з другога боку, у малітву – глыбокую, інтымную сувязь з Богам – намагаемся ўцягнуць тое, што модна, за чым імчыць сучасны свет. Ці гэтая мода не тоіць у сабе пагрозы для нас – стаць падобнымі да тае рэчаіснасці, якую мы, хрысціяне, павінны перамяніць моцай нашае ж малітвы? Дык, можа, усё ж варта нам, сучасным дзецям, забыцца на тое, што мы мудрэйшыя за ўсіх, і проста азірнуцца на багатую спадчыну Касцёла? Азірнуцца і ўбачыць, як там некалі маліліся і праслаўлялі Бога вернікі, якой моцай яны перамагалі і чаму былі пераможаныя самі? Можа і нам часцей спрабаваць сагнуць нашыя ногі ў каленях, якія так прагнуць танцаў? Можа, рукам, якія так любяць пляскаць уладкі, уручыць ружанец? Можа няхай нашае галаслівае, крыклівае нутро, прынамсі, перад Богам суцішыцца на нейкі час, каб памаўчаць альбо ў цішы, без прэтэнзій на моду, прамовіць да Бога тымі ж словамі, якімі прамаўлялі да Яго нашыя продкі? Вядома, гэта няпроста. Але раптам нашая ахвяра народзіць у нас тое нязвыклае пачуццё Божае прысутнасці, якое мы так часта шукаем на далёкіх ад Яе сцяжынах? І каб адчуць таго Святога, Велічнага і блізкага Бога, напраўду ж, варта згадзіцца на тое, што не зусім здаецца нам сучасным ды модным. Згадзіцца нават на тое, што мы называем абавязкам малітвы. Трывогі, сумнівы, пошукі – усё гэта цалкам натуральна на шляху малітвы, які доўжыцца праз усё нашае жыццё. Горш было б кожнаму засяродзіцца на сабе і быць упэўненым у сваёй беспамылковасці. Бога трэба шукаць заўсёды, і чым Ён бліжэй да нас, тым шукаць трэба больш і больш. Так, як шукалі Яго вучні, якія так непасрэдна і наіўна прасілі Хрыста: «Пане, навучы нас маліцца».
|
|
|