|
Галіна Каржанеўская лічыць сваёй радзімай Міншчыну.
Нарадзілася яна каля Слуцка, жыла на Капыльшчыне, закончыла школу, філфак БДУ, настаўнічала ў Лагойскім раёне.
Цяпер жыве ў Мінску, працуе ў газеце творчай інтэлігенцыі «Літаратура і мастацтва».
Аўтар каля дзесяці паэтычных кніг – «На мове шчасця», «Жыла-была», «Званы гадоў», «Невымоўнае» і інш., а таксама некалькіх п’ес для дзяцей і дарослых.
|
|
* * *
Пакуль грахі не выгараць да тла,
палаць агню
і густа пахнуць серы.
Што чалавек без людскасці і веры?
Без зерня колас, лямпа без святал.
Задуманы няблага,
за вякі
расчараваў Тварца неверагодна,
гатовы павярнуць куды заўгодна
і ўзяць падачку з бруднае рукі.
Да прорвы ідучы –
за крокам крок –
грашыць самазабыўна і заўзята.
Не адчувае, што пячэ у пяты,
ён для сябе самога не прарок.
А ўжо для іншых...
Што тут гаварыць!
Шкадуй ці бойся – ён і не прыкмеціць.
Прадасць каханне,
вырадка прывеціць
і ад сівухі да Суда згарыць.
* * *
Вы мне пра каханне,
а я – пра Любоў.
Дазвольце мець думку уласную.
Зачаста пілі мне
зламыснікі кроў,
слабою была і няшчаснаю.
Мне вера няпроста далася, але,
калі ж насланнё я адолела –
мне зорка Любові
заззяла ў імгле,
і сілы, і гарту паболела.
Што мной кіравала,
даўно адышло.
Чым я уладала,
таго ўжо не шкода мне.
За новае, яснае ў сэрцы святло
аддам і уладу,
і страсць,
і свабоду я.
* * *
Ісці і ўсміхацца...
Вось раскоша!
І ноч была як ноч,
і дзень харошы.
Учорашняе змрочным не здаецца,
а будучыня
хітранька смяецца.
Што мне яна рыхтуе – не пытаю.
Я гэты міг
істотаю ўбіраю,
і, звязаная з небам, як антэна,
усіх люблю
і цешуся праменна.
Удзячна дню
Удзячна дню,
пражытаму не марна.
Я ветла азірнуся
ўслед яму.
І хай вакол то сонечна,
то хмарна –
усё прыму,
усё як ёсць прыму.
Неспадзяваны дар
і пакаранне,
навуку, што падчас
здаецца злой.
Само сабой
складаецца літанне –
як гэты вершык
праставаты мой.
Куды адно дзяецца
тая стома!
Я новая
прад яваю вясны.
І што такое вернасць,
мне вядома.
А здрады?
Гэта дзеці даўніны.
|
|
|