Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(3)/1997
На кніжнай паліцы
Нашы святыні

ЗАГАДКАВАЯ І СТАРАЖЫТНАЯ
Навяртанне
Да юбілею 2000 года
Мастацтва

АПОСТАЛ ДУХОЎНАСЦІ

«Я ЎКЛАНІЎСЯ ЯМУ»
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Пра самае важнае

ПАНЕ, НАВУЧЫ НАС МАЛІЦЦА...

КРЫЖ ПРЫДПРОЖНЫ
Жыццё ў законе

НА ВЕРНАСЦЬ ХРЫСТУ
Драматургія

...І ЗНОЙДЗЕШ СУЦЯШЭННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы

ПУНКЦІРЫ ЦЯРНІСТАГА ШЛЯХУ
З жыцця Касцёла

Яўген ШУНЕЙКА

АПОСТАЛ ДУХОЎНАСЦІ

На шчасце, на нашай зямлі заўсёды нараджаліся творчыя асобы, якія рэалізоўвалі свой уплыў на сучаснікаў праз уласны прыклад імкнення да высокіх гуманных мэтаў. Напэўна, такія асобы пачынаюць свой радавод ад першых вучняў Настаўніка чалавецтва, што апраменіў іх нязгасным Духам служэння дабру. І ёсць бліжэйшыя да нашага часу прыклады такога ахвярнага служэння – гэта жыццё і творчасць надзвычай светлай асобы, вялікага мастака і дзеяча культуры Фердынанда Рушчыца (1870-1936).

Народжаны ў фамільным маёнтку Багданаў Ашмянскага павету Віленскай губерні (цяпер Валожынскі раён) у шляхетнай беларускай сям’і, ён з дзяцінства адчуваў сваю глыбокую повязь з Радзімай, з яе слаўнымі продкамі і ўсё сваё жыццё прысвяціў адраджэнню культуры, амаль страчанай чалавечай годнасці сваіх землякоў. Ён не мог не бачыць і не адчуваць, якую вялікую ролю ў гэтым духоўным ачышчэнні адыгрывае каталіцкі Касцёл, і быў шчырым і прынцыповым яго вернікам. Сям’я Рушчыцаў мела даўнюю генеалагічную гісторыю, была ўзорам хрысціянскай талерантнасці і высокай адказнасці за свае ўчынкі, узаемапавагі старэйшых і малодшых. Сам мастак не адзін год рупіўся, каб сабраць як мага больш звестак пра сваіх дзядоў і прадзедаў, належным чынам падтрымліваць традыцыі сваёй родавай годнасці. Балазе, што пачатак для гэтага меўся ў хатнім архіве ў Багданаве – маёнтку, набытым дзедам мастака, які таксама насіў імя Фердынанд. У ХІХ ст. сям’я Рушчыцаў належала да каталіцкай канфесіі, але з XVI–XVIII стст. былі фамільныя сувязі з «грэцкай верай», праваслаўем, кальвінізмам, евангелізмам-рэфарматарствам, што не магло не паўплываць на тыпова беларускую талерантнасць гэтага годнага сямейства.

Будучы мастак атрымаў у сям’і добрае хрысціянскае выхаванне. Яго бацька, Эдуард Рушчыц, капітан рэзерва, працаваў у 1850-х гг. у Лібаве як высокі служачы першых ліній чыгункі, што вяла з Санкт-Пецярбурга на Захад. У Лібаве ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Альвінай Мунг, датчанкай па паходжанні. Яны цудоўна паразумеліся ў сваіх канфесійных узаемаадносінах. Шлюб адбыўся ў каталіцкім касцёле. З павагі да традыцый матчынага роду, дочкі былі ахрышчаны ў евангельскім абрадзе, а сын Фердынанд, як і яго бацька, прыняў каталіцтва. Рушчыцы жылі вельмі дружна, набожна і мелі ў сэрцах павагу да ўсіх людзей. І ўсё ж малады Фердынанд бачыў і перажываў не толькі ідылічныя хвіліны. У яго свядомасці велічная гісторыя Радзімы аніяк не стасавалася з яе паднявольным станам. Фердынанд разумеў, што за яе ўваскрасенне трэба змагацца, у тым ліку талентам, ведамі.

У 1880-х гадах сям’я Рушчыцаў, у сувязі з пераводам па службе бацькі, жыла ў Мінску, дзе Фердынанд паспяхова скончыў гімназію і праявіў неабмежаваныя здольнасці ў маляванні. Гэтае захапленне і вызначыла яго далейшы шлях самаразвіцця. У 1892-1897 гг. ён стаў студэнтам Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, вучыўся у майстэрнях І. Шышкіна, А. Куінджы.

Млын.
1890-я гады – той нядоўгі плённы творчы перыяд, калі былі створаны нешматлікія, але, без перабольшання, геніяльныя палотны, прысвечаныя роднай зямлі і яе людзям: «Зямля» (1898), «Стары млын» (1898), «Пустка» (1901), «Эмігранты» (1902) і інш. У кожнай новай пезажнай кампазіцыі творца дабіваўся такой шматзначнасці, што ў адным вобразе прыроды, здаецца, сканцэнтравалася ўся невычэрпная бязмежнасць жыццёвых уражанняў і тая магічная, надзвычайная повязь зямлі і неба, без якой немагчыма існаванне свету. Мастак імкнуўся расплюшчыць вочы, раскрыць сэрца задужа прыземленаму ў сваіх думках і занятках чалавеку. Вобразным адкрыццём прыроды Ф. Рушчыц нагадваў, што чалавек жыве на святой зямлі, якую Бог надзяліў надзвычайнай духоўнасцю, што трэба даверыцца малітве і мастацтву, што толькі гэта ратуе ад прыніжэння і ўзвышае да разумення вечных каштоўнасцяў.

Пустка.
На працягу 1899 г. мастак працаваў над сваім жывапісным шэдэўрам, у якім максімальна глыбока перадаў гэтую вялікую ідэю повязі зямлі і неба, веры і мастацтва. Гэта карціна «Каля касцёла», напісаная ў выніку частых наведванняў творцам драўлянага касцёла ў Багданаве, куды сыходзіліся і самыя простыя людзі – парафіяне-вяскоўцы. Неба займае большую частку палатна. Яно такое блізкае да кожнага верніка, да кожнай хрысціянкі, што ўкленчылі перад уваходам у касцёл. Між званіцай і фасадам храма, што ўзвышаюцца над людзьмі, як бы прыадчыняецца неабсяжная брама неба, якое ззяе веснавым блакітам і белізною пранізаных сонцам аблокаў. У кампазіцыі перададзены вясновы час, недзе блізка Вялікадня, калі зямля толькі пачынае абуджацца пасля зімовага адпачынку. Як галінкі да святла, так і душа чалавека цягнецца да Бога. Не выпадкова ж кожнай чалавечай постаці адпавядаюць вертыкальна выцягнутыя абрысы дрэваў, што сягаюць сваімі яшчэ непрыбранымі першай лістотай кронамі да светлых аблачынак. Суровыя архітэктурныя сілуэты як бы стрымліваюць лёгкасць думак і змушаюць да развагаў аб адказнасці за свае ўчынкі, да шчырага пакаяння, праз якое можна атрымаць і празрэнне, і ачышчэнне. Менавіта таму фігуры вернікаў, што нібы зліваюцца з зямлёй у сваіх шэрых, рудых, фіялетавых колерах, перададзены ў стане шчырай малітвы на каленях. Кожны, хто бачыць гэты твор, можа ўявіць сябе на іх месцы, нават пазнаць сябе ў верніку, што адвярнуўся спіной, ці ў верніцы са схіленым тварам, прыкрытым ад гледача хусткай.

Праз магутныя акорды светла-халодных і цёпла-зямлістых колераў жывапісец стварыў складаную сімфонію пачуццяў людзей, якія шукаюць шляху збаўлення. Амаль ужо сто гадоў гэты нязвыклы твор абуджае нашы духоўныя памкненні, спавядае вартасць веры, супакойвае, дае надзею, змушае ўзвысіцца тых, хто з уласнае слабасці духа згубіў сваю повязь з небам.

Гэты невялікі па памерах, але бясцэнны па значнасці шэдэўр цяпер займае сціплае месца ў невялічкай зале айчыннага мастацтва (хоць і варты асобнай залы) у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Адзіны твор мастака ў Мінску, горадзе, дзе ён правёў гады свайго дзяцінства. Раней пра палатно ўвогуле згадвалася неяк асцярожна, бо асэнсоўванне яго шматзначнай сімволікі было раўназначным адкрытаму бою з пачварнай антыхрысціянскай ідэалогіяй, што нішчыла ўсё духоўнае на Беларусі, усё святое, вартаснае. Ахвярай стаў і той драўляны касцёл у Багданаве, знішчаны ў гады злачыннай камуністычнай улады, але застаўся неўміручы твор, асэнсаванне якога набліжае да нас неба, дапамагае знайсці сваё месца ў жыцці. У гэтым палатне сканцэнтравана вялікая моц уздзеяння Творцы. Таму, хай кожны па-свойму «перажывае сябе» ў свяшчэнным багданаўскім куточку Рушчыца...

У 1904 г. Фердынанд Рушчыц быў запрошаны на пасаду прафесара ў Школу прыгожых мастацтваў у Варшаве. У 1907 г. працягваў сваю дзейнасць як выкладчык у Кракаўскай Акадэміі мастацтваў. Ён выдатна разумеў, што такое прафесійная адукацыя для тых, каму словы Радзіма, вера, незалежнасць былі даражэй за ўсё на свеце, і шмат ахвяраваў часу для моладзі. У 1908 г. Ф. Рушчыц вярнуўся на Радзіму. Жыў то ў Багданаве, то ў Вільні, дзе меў сваю майстэрню і дужа-дужа новай працы.

Сям'я.
«Чаму Рушчыц перастаў маляваць алейныя творы?» – здзіўлена пыталіся адзін у аднаго аматары яго творчасці ў Варшаве і Кракаве. Ён сам адказваў на гэта пытанне сваёй велізарнай культурнай, грамадскай, арганізатарскай дзейнасцю, якая з 1908 г. ахапіла яго любімы горад над Віллёю, горад, які ён абуджаў да былой велічы, найперш у духоўным, творчым сэнсе. Можа, тады гэта было цяжка зразумець. Цяпер час аддаць належнае і прыгадаць здзейсненае, хоць усё прыгадаць немагчыма. Штодзённую яго працу немагчыма было ўбачыць і апісаць сучаснікам. Часта яна праходзіла ціха і непрыкметна, а вынік – агромністы: адроджаная Вільня з яе помнікамі, музеямі, славай стагоддзяў і годнасцю сучаснага цэнтра трох народаў (літоўцаў, беларусаў, палякаў) – католікаў, праваслаўных, уніятаў, вернікаў іншых рэлігій. Дзеля гэтага варта было прыкласці шмат намаганняў.

У 1911 г. Ф. Рушчыц выдае часопіс «Тыднёвік Віленскі» на польскай мове, які хутка быў забаронены царскім рэжымам. У тэатры на Лукішках мастак арганізоўвае вечары паэзіі, прысвечаныя Адаму Міцкевічу, наладжвае кірмашы народнага мастацтва. Менавіта з лёгкай рукі Ф. Рушчыца атрымала развіццё (у руках ужо народных майстроў) мастацтва «віленскіх вербаў» – адмысловых кампазіцый з сухіх кветак, што ў першы веснавы фэст у гонар святога Казіміра, апекуна Вільні і Літвы, упрыгожваюць жытло і святыні.

Вайна змусіла мастака пакінуць віленскі асяродак і перажыць нямецкую акупацыю у Багданаве. Але як толькі надарылася магчымасць, ён выдае асобны нумар у «Газеце 10-й Арміі» на нямецкай мове, дзе грунтоўна апавядае пра гісторыю і культуру краіны, у якую занесла немцаў вераломная палітыка іх кайзера.

Дрэвы над вадою.
Новае вяртанне ў Вільню адбылося ў 1919 г. Ф. Рушчыц адразу ж пачынае працу па адраджэнні Віленскага універсітэту і аддзялення прыгожых мастацтваў, дзе ён быў дэканам і прафесарам. Рушчыца называлі «душою Вільні», бо без яго не абыходзілася ніводная значная падзея. Напрыклад, у 1927 г. ён удзельнічаў у Камітэце аднаўлення і Каранацыі Цудоўнага абразу Маці Божай Вастрабрамскай. Ад імя Віленскага універсітэту выступаў у Парыжы на адкрыцці помніка Адаму Міцкевічу, створанага А. Бурдэлем (1929), браў удзел у адкрыцці і мемарыялізацыі Каралеўскіх пахаванняў у Віленскай катэдры (1931). З гэтае нагоды мастак дэкараваў інтэр’ер Катэдры: зрабіў шэсць малюнкаў з выявамі астанкаў караля Аляксандра, Елізаветы з Габсбургаў і Барбары Радзівіл. Не шкадаваў часу і для менш эпахальных заняткаў: маляваў афішы, эскізы тэатральных касцюмаў, штандараў, пячаткі і да т. п. А. які ён быў цудоўны прапаведнік мастацтва як люстэрка духоўнасці! На жаль, не ўсе яго публічныя выступленні «Пра хараство Вільні і Віленшчыны» і іншыя былі запісаны і потым надрукаваны, не кажучы пра не сабраныя да канца артыкулы ў друку, размовы пра мастацтва па радыё і г. д.

Гэта далёка не поўны пералік творчай дзейнасці Ф. рушчыца ў яго апошняе дваццацігоддзе. Не пакідае думка, што вялікім маэстра рухала нябесная энергія, якая давала яму надчалавечую моц, каб быць у кожнай справе ў час і на патрэбным месцы. За сваю нястомную дзейнасць ён стаў адным з першых лаўрэатаў узнагароды горада Вільні, атрымаў у Парыжы ордэн Ганаровага легіёну за дасягненні ў мастацтве, з Іспаніі яму быў прысланы ордэн Ізабэлы Каталіцкай, з Партугаліі – ордэн святога Якава за падтрымку хрысціянскай духоўнасці. Нарэшце, ён быў прызнаны ўрадам Рэчы Паспалітай ганаровым прафесарам Віленскага універсітэту. Але здароўе мастака ўжо не дазваляла гэтак апантана працаваць.

У 1934 г. Ф. Рушчыц назаўсёды пераязджае ў Багданава, дзе праводзіць апошнія гады жыцця. Нават тады, калі ён не мог валодаць праваю рукою, маляваў леваю, упарадкаваў дзённікі, гуртаваў бібліятэчныя зборы, іншыя матэрыялы. Дзякуючы гэтаму, застаўся вельмі падрабязны спіс яго працаў, якія маглі і не дайсці да нашага часу ў сувязі з іх спецыфікай: эскізы, афармленне дыпломаў і да т. п. Суцяшае ўсведамленне таго, што жыццё цэлага пакалення гараджанаў Вільні праходзіла пад яго творчай апекай, што тычылася рэлігійнага выхавання, духоўнага жыцця. Пра гэта сведчаць яго малюнак-наклейка для школьнікаў «Жлобэк імя Марыі», афіша да ўрачыстага сходу з нагоды 400-годдзя кананізацыі святога Казіміра ў Вільні, вокладка да Архідыяцэзіяльнага эўхарыстычнага кангрэсу і шмат іншых «сціплых», але вельмі патрэбных твораў.

Амаль сто гадоў таму Фердынанд Рушчыц пачаў вялікую справу творчага апостальства на роднай зямлі. На нейкі час яго спадчына адышла ад нас, нават пачала забывацца, але, на шчасце, ізноў стала блізкай, як неба на яго знакамітым палатне. Гэта неба заўсёды побач, але яно патрабуе волі, годнасці, вялікай адказнасці ад тых, хто жыве на зямлі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY