|
|
№
1(3)/1997
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Навяртанне
Да юбілею
Мастацтва
Роздум аб веры
Пераклады
Пра самае важнае
Жыццё ў законе
Драматургія
Паэзія
Сведчаць архівы
З жыцця Касцёла
|
Старажытная, загадкавая Ішкалдзь... Паходжанне гэтай назвы не высветлена да сённяшняга дня – дасьледчыкі адзначаюць толькі балцкую аснову слова з тыповаю для літоўскіх мястэчкаў прыстаўкаю. Выклікае цікавасць і гісторыя ўнікальнага мясцовага касцёла, які займае адметнае месца сярод вядомых помнікаў беларускага дойлідства. Ёсць некалькі версій адносна яго ўзнікнення: паводле адной з іх, храм быў пабудаваны на месцы язычніцкага капішча; у адпаведнасці з іншай гістарычнай легендай, на месцыцяперашняга Свята-Троіцкага касцёла ўжо ў ХІІ ст. узвышаўся каменны храм... Вядомы польскі гісторык архітэктуры, кансерватар В. Рэмер, на падставе аналізу стылістычных асаблівасцяў будынка датаваў Ішкалдскі касцёл ХVІ стагоддзем, вызначыўшы яго як выдатны помнік гатычнага дойлідства. Храм заўсёды прыцягваў увагу падарожнікаў, краязнаўцаў, пісьменнікаў, гісторыкаў, шматлікіх даследчыкаў архітэктуры. Аднак нельга сказаць, што гэты помнік вывучаны ў дастатковай ступені: старажытныя сцены і ўнікальныя канструкцыі яшчэ захоўваюць мноства тайнаў і нечаканых адкрыццяў, звязаных з гісторыяй будаўніцтва касцёла і шматвяковым перыядам яго існавання. Беларускія мастацтвазнаўцы, выдзяляючы ў самастойную групу храмаў абарончага тыпу такія, як касцёл у Камаях, цэрквы ў Сынковічах, Супрасьлі, Мураванцы і іншыя, не адносяць да яе касцёл у Ішкалдзі. Аднак само размяшчэнне храма на ўзвышаным месцы з дадатковаю падсыпкай грунту, аддаленасць ад цэнтра мястэчка, своеасаблівая аб’ёмная пабудова і стылістыка дазваляюць аднесьці яго да збудаванняў абарончага тыпу. Ён нагадвае маленькую крэпасць, якая пры неабходнасці магла прытуліць усіх, хто шукаў у ёй паратунку. Рукапісныя крыніцы канца XVI – пачатку XVII ст. сведчаць, што Ішкалдскі касцёл першапачаткова быў абкружаны каменнай агароджай з брамаю і земляным валам – як і належыць па правілах абароны.
Афіцыйна прынятаю датай будаўніцтва Троіцкага касцёла лічыцца 1472 г., аднак у архіўных дакументах XVII ст. адзначаецца: хто і калі пабудаваў храм – невядома. І ўсё ж дакладна вядома, што яго гісторыя непарыўна звязана з імем Мікалая Неміровіча (Няміры), старосты віцебскага, смаленскага, любельскага і мцэнскага, прадстаўніка старажытнага дваранскага роду (герб Ястрабец). У завяшчанні, якое 02.02.1471 г. засведчыў віленскі біскуп Е. Валовіч, Мікалай Неміровіч аддаў сваю «сядзібу, з усім прыналежным дабром» Ішкалдскаму касцёлу. Ці не значыць гэта, што храм ужо тады існаваў у мястэчку? Згадаем, што польскі даследчык Е. Ахманьскі (праўда, без спасылкі на крыніцы інфармацыі) называў датай будаўніцтва касцёла 1449 год. Магчыма, гаворка ідзе пра які-небудзь іншы храм, што не захаваўся да нашага часу? На гэтае пытанне пакуль няма адказу. Вядомыя нам рукапісныя дакументы амаль «адзінагалосна» паведамляюць пра асвячэнне касцёла Святой Тройцы ў 1472 годзе. У далейшым Троіцкі касцёл неаднойчы атрымліваў значныя ахвяраванні і ад уладальнікаў ішкалдскай сядзібы, і ад іншых апекуноў у выглядзе зямлі, лесу, правоў на лоўлю рыбы ў бліжэйшых рэках і азёрах, грашовых сродкаў, але сваім існаваннем ён усё ж абавязаны менавіта Мікалаю Неміровічу, які памёр каля 1489 г. (дакладная дата яго смерці, як і дата нараджэння, невядомыя). У рукапісным аддзеле Акадэміі навук Літвы аўтарам гэтага артыкула была знойдзеная копія завяшчання М. Неміровіча (цяпер копія захоўваецца ў Троіцкім касцёле). За доўгі перыяд свайго існавання Ішкалдскі храм неаднойчы (і не па ўласнай волі!) мяняў сваё веравызнанне. У другой палове XVI ст. уладальнік мястэчка Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565), захапіўшыся ідэямі рэфарматарства, выкарыстаўшы свае сувязі і ўладу, перайшоў з каталіцызму ў кальвінізм і навярнуў сваіх падданых да новай веры. Ён ствараў школы, друкарні, а касцёлы ператвараў у цэрквы і кірхі. Храм у Ішкалдзі таксама быў аддадзены рэфарматарам і знаходзіўся ў іх руках 50 гадоў, але ў пачатку XVII ст. быў вернуты католікам.
Праз два стагоддзі вернікаў чакалі новыя выпрабаванні. Пасля паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага, паводле загаду расейскіх уладаў (у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай Ішкалдзь, як і многія іншыя мястэчкі і гарады, апынулася ў складзе Расейскай імперыі), шматлікія касцёлы былі альбо зачыненыя і перададзеныя ў дзяржаўныя ведамствы, альбо перабудаваныя ў праваслаўныя цэрквы. Гэтага лёсу не пазбегнуў і Троіцкі касцёл. У 1866 г. у Ішкалдзі былі забароненыя рымска-каталіцкія набажэнствы, а ў 1868 г. у храме адбылося асвячэнне Свята-Троіцкай царквы. Гэта падзея адмоўна адбілася на абліччы касцёла, асабліва на яго інтэр’еры, які быў пераабсталяваны паводле канонаў праваслаўнага абраду. Менавіта ў тыя гады, мяркуючы па звестках рукапісных крыніцаў, былі назаўсёды страчаны выдатныя творы іканапісу, скульптуры, прыкладнога мастацтва, якія раней знаходзіліся ў Троіцкім касцёле. Святыня была зноў вернута католікам толькі ў 1918 годзе.
На жаль, з 1946 года, у сувязі з ад’ездам у Польшчу ксяндза Юзафа Курловіча, Ішкалдскі касцёл доўгі час не меў свайго святара – сюды прыязджалі ксяндзы са Сталовічаў і Нясвіжа. Нарэшце ў 1956 г. парафію прыняў ксёндз Ежы Росяк, але яго дзейнасць была перапыненая ў 1969 г., у сувязі з рашэннем аб закрыцці касцёла. Самаахвярныя парафіяне не далі вывезці і разрабаваць касцёльную маёмасць, захавалі тыя нямногія рэліквіі, што і цяпер знаходзяцца ў храме. Барацьба за вяртанне касцёла працягвалася некалькі гадоў і завяршылася перамогаю – сёння Троіцкі касцёл належыць рымска-каталіцкай абшчыне і хочацца верыць, што цяпер ужо назаўсёды. За больш чым 500-гадовую гісторыю свайго існавання будынак Ішкалдскага касцёла шмат разоў рамантаваўся і перабудоўваўся, і таму без правядзення грунтоўных навуковых даследаванняў гэтага унікальнага помніка немагчыма дакладна адказаць на пытанне, кім і калі ён пабудаваны ў маленькім мястэчку, размешчаным убаку ад вялікіх дарог і гарадоў. Цяжка адказаць, чым тлумачыцца «няправільны» план храма, пабудаванага па вольным ад іншых забудоваў месцы. Невядома, да якой ступені з цягам часу змяніліся яго аблічча і інтэр’ер.
Манументальнае збудаванне літаральна зачароўвае арыгінальнасцю і, адначасова, прастатою вырашэння. Першапачаткова сцены касцёла не былі атынкаваныя: іх упрыгожваў каляровы ромбападобны арнамент з старчакоў перапаленай цэглы. Вядома, што ўпершыню будынак касцёла быў атынкаваны ў канцы XVIII ст., аднак цэгла не хацела трымаць чужы для яе матэрыял, і тынк абсыпаўся. Усе наступныя спробы «облагородить» касцёл таксама не мелі поспеху – гэта добра бачна на малюнках і фотаздымках другой паловы ХІХ-ХХ стст. Так было, пакуль арганізатары аднаго з апошніх рамонтаў не дадалі «для моцы» ў раствор тынку цэмент, і цяпер тынк зноў адслойваецца, але ўжо разам з цэглаю, што вельмі шкодзіць помніку. Пад час упарадкавання тэрыторыі касцёла ў 1994 г. спецыялісты інстытута «Белпраектрэстаўрацыя» знайшлі мноства фрагментаў дахоўкі розных адценняў (ад светла-зялёнага да чорнага), якой некалі накрывалі дах (сёння храм мае жалезны дах). Унікальнымі з’яўляюцца гатычныя канструкцыі даху, якія захоўваюць клеймы майстроў (іх аналагі можна знайсці ў архітэктурных збудаваннях Заходняй Еўропы, у суседніх Польшчы і Літве). У «візітных апісаннях» Троіцкага касцёла да канца XVIII ст. ёсць звесткі пра тое, што сцены храма ўпрыгожваў поліхромны жывапіс з выявамі розных фігур, асобаў, кветак, таму ёсць падставы меркаваць, што жывапіс захоўваецца пад шматлікімі слаямі фарбы. Значнасць Ішкалдскага касцёла ў гісторыі беларускай культуры бясспрэчна, і гэта, безумоўна, разумеюць усе, у тым ліку кіраўніцтва дзяржаўных структур рэспублікі, якое абавязана клапаціцца пра захаванне нацыянальнай спадчыны. Троіцкі касцёл з’яўляецца помнікам рэспубліканскага значэння і ахоўваецца дзяржавай, аднак сёння наша краіна не мае дастатковых сродкаў на распрацоўку праектнай дакументацыі і правядзенне рэстаўрацыйных работ. Тым не менш даследаванні, хоць і ў нязначным аб’ёме, працягваюцца. Галоўнае ў сённяшніх умовах – захаваць тое, што яшчэ не страчана, і не нашкодзіць помніку паспешлівымі рашэннямі і рамонтнымі работамі.
Для захавання Ішкалдскага касцёла шмат зрабілі яго былыя святары – настаяцель храма ксёндз Казімір Велікаселец і пробашч ксёндз Багдан Крыньскі, якія сваім падзвіжніцкім служэннем адрадзілі ў сэрцах парафіянаў не толькі духоўную веру, але і глыбокую цікавасць да гісторыі свайго краю, яго старажытных святыняў і традыцый. Хочацца верыць, што іх добрыя пачынанні працягне ксёндз Мацей, які прыйшоў на змену ксяндзу Багдану. І саграе сэрца надзея, што настане час, калі рэдкай прыгажосці гатычны храм у Ішкалдзі адкрыецца насустрач нам у сваёй былой чысціні і харастве. Калі гэта адбудзецца – залежыць ад кожнага з нас.
Святлана Адамовіч,
гісторык
|
|
|