|
|
№
1(3)/1997
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Навяртанне
Да юбілею
Мастацтва
Роздум аб веры
Пераклады
Пра самае важнае
Жыццё ў законе
Драматургія
Паэзія
Сведчаць архівы
З жыцця Касцёла
|
На небасхіле беларускай культуры ёсць шмат людзей, якія прайшлі свой жыццёвы шлях з Богам. Адною з такіх асобаў быў Язэп Драздовіч. Язэп Нарцызавіч Драздовіч нарадзіўся 1 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі, што на Дзісеншчыне. Сярод сучаснікаў быў вядомы як мастак, скульптар, разьбяр, пісьменнік, паэт, археолаг, фалькларыст, педагог, вандроўнік. Але можна сказаць, што, нягледзячы на гэткую шырокую палітру талентаў, лёс ягоны не склаўся. Гэты чалавек дажываў свой веку, не маючы сталага кавалка хлеба, не меў ён і ўласнага кута, дзе мог бы прытуліцца. Чым жа ён сілкаваўся? Адказ просты. Жыў у добрых людзей, якія кармілі. Але і напрыканцы жыцця ён заставаўся самім сабою: шанаваў сам і вучыў людзей шанаваць родную зямельку, яе культуру, вучыў бачыць у шэрым і штодзённым прыгожае. Гэта быў чалавек, які не пажадаў нікому служыць: ні палякам, ні бальшавікам, але застаўся да апошніх дзён верным роднай Беларусі. Вельмі добра раскрывае багаты ўнутраны свет Драздовіча ягоны дзённік, дзе, напрыклад, запісаны тыя правілы, па якіх мастак сам жыў і якія раіў іншым:
Язэп Драздовіч бачыў усе жудасці, якія адбываліся ў свеце, але не траціў надзеі, што чалавецтва адумаецца, у рэшце рэшт апамятаецца. «І прыйдуць часы, калі бальшыня жыхароў нашай планеты адмовіцца ад учасця ў войнах, адмовіцца ад гэтага штучна ўзаконенага сярод вякоў сільнымі свету праз уладу сваю над людзьмі вялікага зладзейства, піхаючага цэлыя мільёны людзей на забойствы. І ўсю тэхніку з навукамі абернуць не на паслугі гэтаму зладзейству, а на добрае дзела. Не на праліванне крыві, калецтва, асірочванне (...), не на ламанне касцей, руйнаванне ды падпальванне будынкаў, ніштожанне дару Божага, хлеба ды розных раслін (...). А на адваротнае. На падтрыманне жыцця, каб яно было здаровым, высокакультурным, добрым, разумным і прыгожым». Драздовіч балюча ўсведамляў, што ўсё самае лепшае, прыдуманае людзьмі, ідзе на знішчэнне іх саміх. І ўсё ж ён не пераставаў захапляцца жыццём, узірацца ў яго, удзельнічаць у ім. «На трэці дзень свята, па снеданні, перад маім адыходам да другіх сваякоў, яны акружылі мяне ў рыдлёкі, хацелі мяне затрымаць, каб я памог ім перасаджваць у кветляным садзіку бэзы, але я адмовіўся». «Мужыкі святкуюць Вялікадні чатыры дні, шляхта – тры, а два – у паноў, а я хоць не мужык, але і не з паноў і трэці дзень не парушу», – сказаў і бодра-весела адышоў на Кучыншчыну». «Хай не святкуюць яго карысталюбівыя матэрыялісты, а я як не матэрыяліст, буду святкаваць», – дадаў я». Альбо вось запіс: «Святкаваць Зялёныя святкі іду да сваякоў і старых знаёмых...» Любіў Драздовіч бываць і на фэстах. «Чацвер – на Спаса. Быў у Германавічах на фэсце. (...) Было шмат каталікоў, так не менш і праваслаўных з-пад Шкунцікаў. Германаўскія каталікі і шкунцікаўскія праваслаўныя – гэта адзін і той жа народ беларускі. (...) Касцёл і царква аказываюцца з гэтага погляду дасканалымі пунктклубамі супольнасці людзей. Без гэтага яны б дзічэлі, не сутыкаючыся, і жылі б толькі самі сабою». Драздовіч бачыў, што просты народ прыязна ставіцца да веравызнаўцаў іншай канфесіі, і гэта яго цешыла. Часам мастак, вандруючы ад вёскі да вёскі, ад хутара да хутара, любіў даць мясцовым жыхарам добрую параду. Напрыклад: «На вашым хутары ёсць вясёленькі ўзгорак, а на ім прыгожы гаёк. Вазьміцеся (...) да на ім каталіцкую капліцу пабудуйце. Такую, каб тут раз на год фэсты адбываліся. А я абраз намалюю». І далей: «Цімафей вадзіў мяне ў поле на шпацыр і паказаў мне месца, дзе сніцца яму агромністы касцёл. «А што да капліцы – думаю паставіць», – сказаў мне. Дык дапамажы яму ў гэтым, Божа, калі ён гэтага хочыць, любя і маець за што». Адным з добрых сяброў Драздовіча быў ксёндз Рамэйка з Задарожжа – таксама шчыры беларус, улюбёны ў сваю зямлю і яе культуру, народныя традыцыі. «Каляды адбываў у Наваполлі, у Янцэвічаў, пахаджваючы доўгімі вечарамі да суседа Рамэйкі на галасніковае радыё, апарат якога дастаўся сюды разам з крэслам (...) ад трагічна закончыўшага сваё жыццё брата, ксяндза-беларуса, у якога калісь мне не раз даводзілася быць госцем у Задарожжы, бачыць і сядзець у гэтым крэсле. Гасцінны, людзкі з яго быў чалавек». Напэўна, тады, у часе тых гасцінаў, мастак і маляваў Задарожскі касцёл. Гэтая праца была вывезена ў Польшчу адным з сяброў Драздовіча Плавінскім, але нядаўна ён вярнуў яе на радзіму, і цяпер карціна захоўваецца ў Глыбоцкім музеі. А хіба мог няверуючаму чалавеку прысніцца такі вось сон? «А назаўтра раніцай, ужо дзяньком мне прывідзеўся сон. Быццам, знаходжуся на тым месцы, дзе малюю (Франусева гумно), стаю і гляджу ў бок возера. Князь пад Бальнова, і віджу: ідзець наш спрадвечны Настаўнік – Хрыстос. (...) І здалося мне, што гэтая фігура, прастаяўшы недзе ў нейкім вясковым касцёле (...) дачакалася канца сваёй векавечнасці і ўцякаець адтуль, ад зняверыўшых (...). Ліцо Яго было чыстае ад усялякае пагарды да асобы чалавека (...). Я ўкланіўся Яму. (...) А пад вечар таго ж дня якраз з таго боку, куды напраўляўся Хрыстос, і ўзышла ціхая хмарка і пакрапіла спрагнёную зямлю густым дожджыкам. Але толькі там, дзе я быў – над Сталіцай». Такое вось здарэнне было ў жыцці мастака, і да яго ён аднёсся з поўным даверам. Тым больш, што ў тое лета засуха была сапраўды жорсткая. І вось пасля такога прыгожага сна – дождж... І дзень той быў невыпадковы – 2 ліпеня. Менавіта ў гэты дзень у Бальноўскай капліцы адбываўся штогадовы фэст. Язэп Драздовіч вельмі любіў усё жывое, што ёсць на зямлі. І, мабыць, таму нараджаліся такія вось разважанні пра грэх: «Грэх у грамадскім значэнні – зрабіць некаму зло альбо свінства (...) А забіваць невінаватых жывёл на агульнапрынятых паляваннях ці ловах – гэта не грэх, а забава. А па-за гэтым павесіць на кол жывую варону, каб гэтым адстрашыць варон-шкодніц – таксама не грэх? Рабіць з жывой вароны распятага мучальніка... Вісяць дзве такіх замёрлых высахшых «мучаніц». «Нашто гэта, цётка, – кажу, – варон сушыш? Ці не дзеля дажджу, каб яго не было?..» Часта ў сваёй творчасці мастак звяртаўся да біблійных вобразах. Вядомыя яго некалькі разьбяных фігур, напрыклад, Майсея. У дзённіку знаходзім адпаведны запіс аб гэтай працы: «Распачаў галаву правадыра жыдоўскага народу, тварца найстарэйшага тэорыі стварэння свету – знакамітага Майсея. (...) Найбольш мне падабаецца ў ягонай тэорыі стварэння свету: «Бог стварыў чалавека на сваё падабенства». У сваёй творчасці – карцінах, дыванках-маляванках, разьбяных працах – Драздовіч пакінуў багатую спадчыну. Мы можам убачыць там шмат выяваў касцёлаў, капліцаў, вясковых пейзажаў, якія кранаюць сваёю чысцінёю і ціхамірнасцю. Мастак шчодры быў на талент, шчодра і раздорваў яго людзям. Таму многае з ягонае спадчыны страцілася, але ёсць і шмат з таго, што засталося. Угледзімся ж у ягоныя краявіды, ягоныя працы, напоўненыя адметным мастакоўскім талентам. У іх ёсць шмат адказаў на тыя пытанні, якія не давалі мастаку спакою. Часта ў снах ён бачыў іншыя планеты, і тады нараджаліся творы касмічнага цыклу, якія па сённяшні дзень здзіўляюць шырынёю погляду творцы, яго духоўным светам. Калі думае аб шматгранным таленце гэтага чалавека, не перастае ўражваць ягоны складаны лёс, лёс мастака, які вымушаны быў дзеля кавалка хлеба прамерваць у немаладым ужо ўзросце далёкія і доўгія кіламетры. Таму ў мяне да цябе, шаноўны чытач, ёсць просьба: памаліся, калі ласка, за супакой ягонай душы. Хацелася б верыць, што ў свеце іншым ён знайшоў нарэшце свой прыстанак, і ягоныя вандроўкі назаўжды скончыліся.
|
|
|