Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(3)/1997
На кніжнай паліцы
Нашы святыні

ЗАГАДКАВАЯ І СТАРАЖЫТНАЯ
Навяртанне
Да юбілею 2000 года
Мастацтва

АПОСТАЛ ДУХОЎНАСЦІ

«Я ЎКЛАНІЎСЯ ЯМУ»
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Пра самае важнае

ПАНЕ, НАВУЧЫ НАС МАЛІЦЦА...

КРЫЖ ПРЫДПРОЖНЫ
Жыццё ў законе

НА ВЕРНАСЦЬ ХРЫСТУ
Драматургія

...І ЗНОЙДЗЕШ СУЦЯШЭННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы

ПУНКЦІРЫ ЦЯРНІСТАГА ШЛЯХУ
З жыцця Касцёла

Кс. Эдвард СТАНЕК

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ

Другая праўда веры

<<< Пачатак

6. Цела з мёртвых паўстане

Нас чакае адна сустрэча з Суддзёю ў межах дзеянняў свету, калі Бог узнагародзіць усе добрыя ўчынкі і пакарае дрэнныя, паказаўшы іх грамадскае вымярэнне. Да гэтага, аднак, наступіць усеагульны суд, і цела з мёртвых паўстане.

Цяпер спынімся над справядлівасцю ўзнагароды і справядлівай карай у адносінах да ўваскрослага цела. Зазначу, што пра такую таямніцу цела мы пагаворым шырэй, калі будзем разглядаць пятую праўду веры, пра тое, што душа чалавека несмяротная, і пры глыбейшым роздуме над хрысціянскай антрапалогіяй.

Чалавек – гэта цела і дух. Мы не духоўныя істоты, а складзены з цела і духа. Вечная ўзнагарода, аднолькава як і кара, тычацца цела і душы. Няшмат ёсць дадзеных у Боскім Адкрыцці, якія дазволілі б нам казаць пра стан цела пасля ўваскрэсення. Гэта зусім новае вымярэнне цела, новае вымярэнне жыцця і, у прынцыпе, у Евангеллі ёсць толькі дзве сцэны, якія паказваюць таямніцу вечнага жыцця нашых целаў. Адна – гэта перамяненне Езуса на гары Табор, сцэна, у якой перад трыма апосталамі Езус паказвае прыгажосць людскога цела ў стане пераўтварэння, праслаўленасці. Яно гэткае прыгожае, што Пётр гатовы збудаваць для Яго святыню. Ён зачараваны гэтай прыгажосцю. Табор паказвае вяршыню, да якой Бог вядзе чалавека, гэта значыць, гэткае пераўтварэнне, гэткае ўдасканаленне людскога цела, што яно робіцца Боскім.

Больш дадзеных можна зачэрпнуць з апісанняў сустрэчы з Хрыстом Уваскрослым. Вядома, што Ён мае тое самае цела, якое было ўкрыжавана, што на тым целе сляды ран ад цвікоў. Вядома, што Хрыстус ёсць пасля ўваскрасення. Жадаючы пераканаць апосталаў, што ён валодае сапраўдным целам, Ён папрасіў чагосьці паесці, і Яму падалі рыбу. Езус заклікае апосталаў, каб сцвярджалі, што Ён не дух, бо мае цела і косці. Уваскросламу Хрысту можна падаць руку. Але адначасна законы, якімі кіруецца гэтае Яго цела, адкідваюць зямныя законы. Напрыклад, яно з’яўляецца і знікае, праходзіць праз замкнёныя дзверы. Гэта цела – праслаўленае.

Што мы можам сказаць аб гэтым целе ў святле Боскага Адкрыцця? Узнагародай для збаўленага цела з’яўляецца яго выключная прыгажосць. Цела стане настолькі прыгожым, што яму непатрэбна будзе адзенне. Чалавечае цела можа захапляць сваёй прыгажосцю. Скажам адкрыта: шмат людзей упершыню будуць задаволеныя сабой толькі пасля ўваскрэсення. Таму што, калі іх цела пашкоджана якім-небудзь калецтвам, разбурана хваробай альбо старасцю, то цяжка ўявіць, каб чалавек ім ганарыўся. Чалавек можа ганарыцца сваім целам тады, калі ён малады, поўны сілаў, калі можна публічна паказацца ў спартыўных спаборніцтвах. Але ж гэта вельмі кароткі адрэзак чалавечага жыцця. Тым больш, што толькі невялікая частка людзей мае цела настолькі прыгожае, што можа ім ганарыцца.

І вось пасля ўваскрэсення, у якасці ўзнагароды за створанае на зямлі дабро, наша цела будзе настолькі вялікім шэдэўрам Бога, што здзівіць усе разумныя істоты. Кожны чалавек – непаўторны шэдэўр Бога, і ў гэтай вечнай прыгажосці цела будзе змешчана ўзнагарода за добрыя чыны, за вернасць Богу на зямлі.

У якім целе ўваскрэснем? Адказ ёсць адзін. Паколькі ўваскрэсенне – гэта апошні акт Хрыста, які папраўляе вынікі грэху, то атрымаем такое цела, якое Бог запланаваў для нас, калі б мы не чынілі грахоў. У небе не будзе малога дзіцяці, не будзе цела плоду, не будзе цела зморшчанага старога. Неба – для духоўна сталых. Мы атрымаем тое цела, якое Бог спрадвеку запланаваў для нас. Уваскрэсенне – гэта апошні акт выпраўлення вынікаў грэху. Ва ўскрослым целе вынікі грэху будуць знішчаныя. І для сучаснага чалавека, які чуйны да прыгажосці, роздум над перспектывай атрымання ад Бога прыгожага цела варты ўвагі. Гэта тое, да чаго Бог заклікае нас. Гэта будзе таксама цела, якое не падлягае пакутам. Гэта будзе несмяротнае цела, навечна прыгожае, якое навечна праслаўляе Бога.

Амаль нічога не можам сказаць пра цела чалавека, асуджанага на вечныя пакуты, пасля паўстання з мёртвых. Дадзеныя ў Боскім Адкрыцці надзвычай сціслыя. Вядома, што тое цела будзе брыдкім, таму што ўсе вынікі грахоў, злых спраў, зробленых у целе, трывала застануцца ў ім. Яно было б брыдкім у параўнанні з прыгожым уваскрослым целам нават тады, калі б засталося гэткім жа, як і на зямлі. Цела самай прыгожай жанчыны гэтага свету было б брыдкім у параўнанні з уваскрослым праслаўленым целам. Асуджаны чалавек будзе гэтаксама саромецца іншых, як і сам сябе. Хрыстус выказвае словы, запісаныя яшчэ ў Старым Запавеце, што асуджаныя будуць крычаць: «...горы, пагоркі, упадзіце на нас, прыкрыйце нас». Вось жменька таго, што мы ведаем пра тое, якім будзе цела асуджанага чалавека. Гэта цела будзе падлягаць пакутам. Яно будзе несмяротным, але пакутным. У гэтай розніцы паміж праслаўленым целам, якое будзе ўзнагародай, і целам асуджанага чалавека, змешчана справядлівасць. Сам чалавек праз свае ўчынкі тут, на зямлі, праз выкарыстанне свайго цела для добрых спраў альбо для грэху, вырашае вечныя лёсы свайго цела.

Усе містыкі, якія атрымалі ласку бачання праслаўленага і асуджанага целаў, паведамляюць, што калі б кожны чалавек гэта ўбачыў, то ўжо ніколі не чыніў бы грахоў. Кожны хацеў бы ўдзельнічаць у прыгажосці і багацці, якія Бог прызначыў для збаўленых.

7. Апошні суд

Перад апошнім судом мы ўсе атрымаем цела. У яго прыгажосці і багацці будзе ўзнагарода за нашыя добрыя дзеі на зямлі. Падобна як і ў браку гэтай прыгажосці і багацця будзе змешчана кара за грэшнае выкарыстанне цела на зямлі. Пасля ўсеагульнага ўваскрэсення наступіць кульмінацыйны пункт мяжы дзеяў.

Хрыстус другі раз прыйдзе на зямлю, і гэтым разам дзеля аб’яўлення свае Божае хвалы. Хрыстус – праўдзівы Бог і праўдзівы чалавек. У часе свайго першага прышэсця, у Бэтлееме, Ён схаваў веліч свайго Боства і адкрыў сваю чалавечую сутнасць. Ніхто ніколі не бачыў велічы Яго Боскае хвалы. Нават на Таборы, нават пасля ўваскрэсення бачна была Яго чалавечнасць. Праслаўленая, ухваленая, але чалавечнасць. У Боства трэба было паверыць. Толькі той, хто з верай глядзеў на Хрыста, мог убачыць у Ім Бога. Гэтая Яго чалавечая сутнасць была ў Вялікую Пятніцу прыніжана, стаптана, але ніколі не траціла сваёй годнасці. У часе паўторнага прышэсця Езуса Хрыста мы ўбачым Яго Божую хвалу, Яго веліч. Усе выдатныя якасці, аб якіх доўгі час мы гаварылі, адкрыюцца ў Хрыста: Яго ўсемагутнасць, справядлівасць, усёведанне, Божая веліч.

Будзе гэта заканчэнне пазнання Бога праз веру. З таго моманту ўсе разумныя стварэнні ўбачаць у Хрысце Бога ўжо не на падставе веры. Хоча хто з нас альбо не, але ён стане перад Яго веліччу. І тады скончыцца ўсялякая форма атэізму ў свеце. Кожны ўкленчыць перад веліччу Бога. Настане пазнанне Бога на падставе непасрэднага спаткання.

Адначасна разам з веліччу Хрыста адкрыецца прыгажосці і вартасць навукі, якая аб’яўляла Яго як Сына Божага, учалавечанага на зямлі. Збаўленыя адразу ўбачаць, што яны набылі, асуджаныя ўбачаць, што страцілі.

Разам з адкрыццём Божай Велічы другой важнай падзеяй у дзень суда будзе падзел людзей на дзве групы. Хрыстус ужывае вобраз пастыра, які падзеліць сваіх авечак і змесціць адных па правіцы, другіх – па лявіцы. Падставай для падзелу акажацца чыстая любоў. Сэрцы, якія патрапляюць любіць, будуць па правіцы. Сэрцы, у якіх бракуе любові, – па лявіцы. Апошні суд стане канчаткам пакутаў людзей у чысцы. Працэс ачышчэння, удасканалення будзе скончаны. І наступіць выяўленне грамадскага вымярэння нашых учынкаў. У адным паглядзе мы агорнем усю дзейнасць чалавецтва, ад Адама да апошняга чалавека, які будзе зачаты на зямлі.

Убачым тое, што закрыта ад нашых вачэй: грамадскую велічыню кожнага нашага ўчынку. Найчасцей мы назіраем маленькі працэнт, і то па адзіночнай шкале, пладоў сваіх учынкаў, аднолькава як добрых, так і дрэнных. Тады ж убачым, чым мы ўзбагацілі чалавецтва. Не толькі сваіх блізкіх, але і ўсё чалавецтва. І чым, калі гэткія справы будуць у нашым жыцці, прынеслі шкоду чалавецтву, як адзінаму цэламу.

Кожны наш учынак мае агульнае вымярэнне і праецыруецца на сям’ю ўсяго чалавецтва. Прыклад: Абрам, які жыў звыш 1000 гадоў таму, сваёй верай пастаянна абуджае веру ў іншых, каб яны даверыліся Богу. І гэтак будзе да канчатку дзеяў. Ягоны добры прыклад веры дае плады ў кожным пакаленні. На апошнім судзе ён будзе цешыцца з велічы гэтай справы, якую Бог здзейсніў праз яго. Падобная сітуацыя мае месца з навяртаннем святога Аўгустына, які здавён сваімі «Вызнаннямі» дапамагае іншым знаходзіць Бога. Ён ужо даўно памёр, а сваім творам заклікае іншых да сустрэчы з Богам.

Але ёсць і адваротнае. Хтосьці напісаў нядобрую кнігу і ведае, колькі людзей пагоршыў. Акцёр, які выступіў у шкодным фільме, можа ўжо даўно памёр, але колькі разоў паказваюць фільм, столькі ж разоў ён пагаршае іншых. І гэта – на ягоным рахунку. Як дабро павялічваецца ў наступных пакаленнях, так і зло абцяжарвае таго, хто пагаршае іншых. І менавіта гэтак грамадскае вымярэнне нашых спраў будзе выяўлена. Шмат адрынутых, як след не ацэненых, апошніх на зямлі будзе неспадзявана ўражана значнасцю сваіх спраў. Шмат першых, вылучаных і годных, будзе прыгнечана пачуццём адказнасці за зло.

Напрыклад, настаўнік, які часта змагаецца з многімі цяжкасцямі, выхоўвае пакаленні і памірае амаль забытым, убачыць свой творчы ўклад у фармаванні тысяч людзей і будзе ганарыцца значнасцю сваёй справы, а не адзін рэжысёр, які атрымліваў воплескі і ўзнагароды за свае творы, будзе ўражаны пустэчай, якую стварыў у сэрцах гледачоў.

Апошні суд – гэта момант, калі Бог публічна абвесціць вечную ўзнагароду і вечную кару. Што гэта за ўзнагарода? Гэта шчасце, якое выцякае з выйгранага жыцця. Бачым спартсменаў, напрыклад, у часе алімпіяды, альбо чэмпіёнаў свету: якія яны шчаслівыя, заняўшы першае месца! Яны ўжо не чакаюць медалёў, яны шчаслівыя, што выйгралі. І калі збаўленыя ўбачаць веліч сваіх спраў, убачаць, што ўмеюць кахаць, то ўжо ў гэтым яны знойдуць вялікае шчасце. Гэта будзе плата за працу чалавека, за вернасць Богу. Далей будзе ўручэнне ўзнагароды. Бог сам уручыць узнагароду: новы свет, які Бог падрыхтаваў для тых, хто застаўся верны Яму. Новы, дасканалы свет чыстай любові. Вось узнагарода. Але самай дарагой узнагародай з’яўляецца тое, што можна будзе твар у твар спаткацца з Богам. Самае галоўнае пры жыцці – навучыцца любіць, каб перажываць дасканалую любоў, бо яна сведчыць аб унутранай сталасці. Пры спатканні з Богам у вечнасці ідэальна рэалізуецца першае прыказанне. Любоў да Бога з усяго сэрца і з усіх сілаў. Вядома, хто па-сапраўднаму любіць, той не думае, у чым каханая асоба прыйдзе да яго. І таму ўсе тыя дары, нават усё фантастычнае неба будуць нібы на другім плане ў параўнанні з адчуваннем, што сам Бог мяне любіць, Бог як Айцец. Будзе яшчэ і чацвёрты элемент – спатканне з усімі, каго мы любілі. Сямейнае вымярэнне неба. Гэта не толькі Бог і я, гэта мы і Бог перажываем наша агульнае спатканне.

Кара. Справа не ў памеры кары, размова не пра хлыст, бо Бог нікога не ўдарыць. Пекла – гэта ўсведамленне страчанага шанцу. Чалавек зразумее, як лёгка ён мог стаць святым, як ён усё меў для гэтага ў сваім распараджэнні, як няшмат трэба было, каб мець і свой удзел у пераможнай радасці. Няшмат трэба было, каб выйграць спаборніцтвы на зямлі, а чалавек па ўласнай віне іх прайграў. Гэта боль і няшчасце.

Другая прычына для пакутаў – усведамленне страты таго фантастычнага новага свету. «Я ўжо не ўвайду ў яго, неба ўжо не для мяне...» Трэцяя прычына пакутаў – перакрэслены шанец прыязнай сустрэчы з Богам. І гэта – па ўласнай віне. Нарэшце спатканне з людзьмі, якія не ўмеюць любіць. Пекла – гэта грамада эгаістаў, і ў гэтай грамадзе чалавек заўсёды нешчаслівы. У сваёй «Боскай камедыі» Дантэ – адзін з самых геніяльных хрысціянскіх пісьменнікаў і адначасна адзін з самых глыбокіх тэолагаў – зазначае, калі піша пра пекла, што Бог збудаваў браму пекла. У адным з апошніх разважанняў я падкрэсліваў, што Бог не ствараў пекла. Дантэ падкрэслівае, што брама пекла – гэта справа ўсёўладнай любові. Але тое, што гэта за брама, ужо справа чалавека, які сам сябе асудзіў. Той рэчаіснасці Бог не стварае. Дантэ зазначае, што прычына пакутаў асуджаных людзей – у недахопе любові і надзеі. На пякельнай браме змешчаны надпіс: «Ты, хто ўваходзіш, развітайся з надзеяй». Вось перспектыва вечнага няшчасця: немагчымасць паўтору жыцця, немагчымасць выкарыстаць другі раз той шанец.

Завяршаем роздум над рознымі этапамі спаткання з Богам – справядлівым Суддзёю, які за дабро ўзнагароджвае і за зло карае. Дзеля цэласнасці вобразу нам трэба яшчэ запыніцца над таямніцай пакуты. Гаворка пра тое, як прымірыць пакуты, з якімі мы сустракаемся на гэтай зямлі, з Божай справядлівасцю, а асабліва, як прымірыць пакуты нявінных, напрыклад, дзяцей з любоўю да Бога. Пытанне надзвычай цяжкае, яно закранае таямніцу. Але трэба яго паставіць, каб у той меры, у якой дазваляе Боскае Адкрыццё, наблізіцца да гэтае таямніцы.

8. У пошуках сэнсу пакутаў

Хачу некалькі хвілінаў прысвяціць для роздуму, які будзе ўступам да адказу на найцяжэйшае пытанне: у чым сэнс пакутаў? Гэтае пытанне мучыць кожнага чалавека, незалежна ад рэлігійнай прыналежнасці, мучыць нават атэістаў.

Мы заўсёды ставім яго ў кантэксце Божай справядлівасці, як і Яго бясконцай любові. У межах уступу маю намер пазначыць два адказы, якія сустракаюцца найчасцей.

Першы адказ: пакуты і зло, якія існуюць на зямлі, служаць для таго, каб ацаніць шчасце. Як разважаюць тыя, хто спрабуе гэткім чынам вырашыць пытанне? не зразумелі б мы прыгажосці дня, калі б не зведалі начной навальніцы. Не зразумелі б, чым з’яўляецца здароўе чалавека, калі б не зведалі хваробы. Гэта трапна выказаў паэт у словах: «Смаку здароўя датуль не адчуеш, пакуль яго не сапсуеш». Не ведалі б мы таямніцы жыцця, калі б не бачылі спусташэння, якое нясе смерць. Разважаючы падобным чынам, некаторыя кажуць: не зведалі б мы таямніцы шчасця, калі б не спазналі няшчасця.

Свой пункт гледжання яны спрабуюць даказаць словамі Святога Пісання. Знамянальна, што ў біблейным вобразе раю ёсць толькі адна фортка, якая вядзе да пакутаў. Людзі ў раі шчаслівыя, жывуць у дабры і шчасці, а тая фортка да зведання пакутаў – спажыванне плоду з дрэва дабра і зла, альбо пазнанне дабра і зла. Чалавек, зрываючы плод з таго дрэва, пазнае, што такое зло, і тады разумее, што ён страціў.

Адказ гэты, аднак, невычарпальны з простае прычыны – завялікая цана, якая плаціцца за гэтае адкрыццё. Мора пакуты на зямлі гэткае вялікае, што ніякае шчасце не здольнае яго ўраўнаважыць. Нікога, хто задумваецца над гэтым усур’ёз, не задаволіць сцверджанне: калі хочаш зведаць шчасце – мусіш найперш пабыць нешчаслівым. Гэткі адказ зусім няпоўны, і Касцёл не падпісваецца пад ім.

Другі адказ, надзвычай папулярны ў апошніх двух стагоддзях, тлумачыць пакуты, як шлях прагрэсу чалавецтва. Пакутуе жаўнер, каб абараніць народ, пакутуюць вучоныя, прысвячаючы сваё жыццё для дабра прагрэсу. Пакуты аднаго – гэта прыступка, на якую ўзбіраюцца астатнія на шляху да шчасця. Гэткім спосабам разважалі Гітлер і Сталін. Коштам адзінкі можна будаваць шчасце іншых. Нават сярод хрысціянскіх мысліцеляў можна сустрэць тэндэнцыю гэткага падыходу да пакутаў, напрыклад, у Таільгарда дэ Гардзіна, нават і ў некаторых святых. Гэты падыход падобны да голасу жаўнера, які будзе па-сапраўднаму шчаслівы, нягледзячы на пакуты, калі ўбачыць перамогу сваёй арміі. Аднак трэба зазначыць, што і гэты адказ не мае нічога агульнага з Евангеллем.

Хрысціянства разглядае пакуты з пункту гледжання суб’екта пакутніка, а для яго будучае дабро – недастатковы доказ для таго, каб вытлумачыць уласныя пакуты. Іншымі словамі, ніколі нельга будаваць агульнае дабро на крыўдзе, нанесенай аднаму чалавеку. І ўсе тыя сістэмы, якія лічаць, што можна пакрыўдзіць аднаго дзеля таго, каб будаваць агульнае дабро, рана ці позна церпяць паразу. Няшчасце аднаго чалавека не можа быць крыніцай шчасця іншых людзей, бо мэта ніколі не асвячае сродкаў.

Ёсць толькі адзінае выключэнне, калі такі падыход магчымы і гарманічны з Евангеллем: тады, калі пакуты аднаго чалавека – дабравольная ахвяра дзеля дабра іншых. Таму, хто гэтага жадае, не чыніцца крыўда. Чалавек можа добраахвотна цярпець пакуты дзеля іншых. Канкрэтны прыклад. Васемнаццацігадовая дзяўчына падслухала размову бацькоў, што яе маці носіць пад сэрцам наймалодшага браціка ці сястрычку. Становішча ж у сям’і настолькі драматычнае, што фізічна проста няма месца для таго дзіцяці. Гэтая старэйшая маладая дачка перажывае жахлівую ноч. Раніцай выходзіць з дому, і бацькі знаходзяць на стале ліст: «Назаўсёды пакідаю дом, не вярнуся ў яго. Буду працаваць і палову маіх грошай буду прысылаць, каб выжыў мой брацік альбо сястрычка». Выязджае, жыве, працуе. Добраахвотная ахвяра. Колькі яна перажыла цяжкіх тыдняў, месяцаў, смутку па доме, гэта ведае толькі Бог і яна, але для выратавання шчасця ў доме яна змагла выцерпець гэткую ахвяру. Сама сябе ёй прысвяціла. Такая магчымасць існуе. Тут можна ўбачыць сэнс ахвяры і падзівіцца гераізму гэтай маладой дзяўчыны. Аналагічна будзем разважаць над таямніцай смерці Хрыста, які таксама чыніць падобнае, жадаючы нас уратаваць.

Ніхто ніколі не мае права ў імя дабра ўчыніць крыўду другому чалавеку. Менавіта таму, між іншым, Касцёл прынцыпова стаіць на забароне хоць якіх-небудзь эксперыментаў на людзях. Нельга прыносіць пакуты, нельга рабіць пробаў на чалавеку нават тады, калі ён мае перад сабой высокі лозунг: «Знішчым аднаго, знішчым сто, а выратуем пяцьдзесят мільёнаў». Ніхто не мае права гэтак ставіць пытанне. Нельга на няшчасці і крыўдзе аднаго чалавека будаваць шчасце супольнасці.

Мы стаім перад вялікай таямніцай. Можа, іншым разам пагаворым пра пакуты звяроў. Ці мае права чалавек праводзіць медыцынскія эксперыменты на звярах? Бо на зямлі пакутуе не толькі чалавек, але і ўся жывая прырода. У кантэксце экалагічнага забруджвання трэба даваць сабе справаздачу, што памер загадкі значна шырэйшы. Стоячы ля таямніцы, разам папросім Бога, каб паслаў нам святло для як найглыбейшага разумення адной з найцяжэйшых праблемаў, якія тычацца нашага існавання.

9. Пакуты як справядлівая кара

У апошнім казанні я падвёў вас да галоўнай тэмы сённяшняга разважання. Мы звярнулі ўвагу на дзве няправільныя інтэрпрэтацыі сэнсу пакутаў, што існуюць на зямлі. Адны тлумачаць, што яны з’яўляюцца фонам, на якім можна ўбачыць вартасць дабра. Другія, што пакуты аднаго чалавека могуць быць шляхам прагрэсу альбо дабром для будучых пакаленняў. І мы падкрэслілі, што ніколі нельга будаваць шчасця людзей на крыўдзе, учыненай аднаму чалавеку.

Цяпер хачу спыніцца на пытанні: «Як прымірыць пакуты, што існуюць на зямлі, з Божай справядлівасцю?» Бог – Суддзя справядлівы які за дабро ўзнагароджвае, а за зло карае. Як трэба разумець менавіта адзін гэты выраз: Бог «карае» чалавека.

Перадусім трэба адрозніваць кару ў вузкім сэнсе гэтага слова ад выніку ўчыненага зла. Сын украў калькулятар. Бацька раскрыў крадзёж, загадаў вярнуць гаспадару ўкрадзеную рэч, а пасля, паколькі гэта была трэцяя ўкрадзеная сынам рэч, узяў дзягу і гэта пабіў сына, што тры дні трэба было рабіць прымочкі да пасінелага цела. Бацька пакараў сына. Гэтая кара ў вузкім сэнсе. Сын зрабіў зло. Ён аддаў калькулятар, і яно ўжо выпраўленае. Але паколькі ранейшыя папярэджанні і напамінкі былі безвыніковыя, то бацька і ўзяўся за дзягу. Хтосьці мог бы сказаць, што бацька здзекуецца са свайго сына. Але кожны, хто ведае, што любоў прымаецца па раўназначным клопаце за дабро для любімай асобы, зразумее, што калі любоў выкарыстала ўсе магчымасці, то яна можа ўхапіцца і за вельмі рызыкоўныя сродкі. Калі яшчэ ёсць нейкі шанец дастукацца да чалавека пры дапамозе ўчыненага болю, то любоў з клопатам за дабро для яго ўжывае гэткі сродак. Ці Бог наносіць людзям боль, як зрабіў гэты бацька?

У святле Адкрыцця ведаем, што Бог, успрымаючы нас як дзяцей, у імя любові, калі вычарпае ўсе магчымасці, ужывае і балючую кару. Гэтая Яго кара мае на ўвазе аднолькава дабро і для пакаранага, і для другіх людзей. У Святым Пісанні маем дзве сцэны пакарання, вынесеныя з загаду Бога, якія вельмі пужаюць нас і нагадваюць публічную экзекуцыю. Гэта – патом і знішчэнне Садома і Гаморы. Гэта вельмі балючы ўрок для ўсяго чалавецтва. І праз усе вякі, звяртаючыся да гэтых здарэнняў, вымушаны згаджацца з тым, што з Богам нельга жартаваць. Бо Ён вельмі паслядоўны. Ён дбае пра дабро. Знамянальга, што пакуты і пагубленых патопам, і жыхароў Садома і Гаморы цесна звязаныя з карай за нячыстыя грахі. Толькі гэтыя грахі былі так сурова пакараны. Цела ўчыніла грэх і цела церпіць.

У наш час таксама можна спаткаць гэткі ўдар Бога. Часам людзі адчуваюць яго як выразны напамін і ўдзячныя Богу за тое, што гэткім балючым, але выніковым спосабам загаварыў да іх, так, як дзіця праз шмат гадоў удзячнае бацьку за тое, што дзягай звярнуў яго з грэшнай дарогі. Ніхто таксама не мае сумнення, што пры такім разуменні кары пакуты лёгка прымірыць з Божай справядлівасцю.

З гэткімі адносінамі да прымянення кары сустракаемся, аднак, рэдка. Значна часцей церпім боль у выніку грэху. Божая справядлівасць у гэтым выпадку цесна звязана з парушэннем Яго законаў. Аднаму хлопцу было дзевятнаццаць гадоў, калі ён прыйшоў да свайго калегі і пазычыў матацыкл. Не ўмеў ездзіць, а выехаў на шашу і трапіў пад аўтобус. У цяжкім стане ён трапляе ў бальніцу. Праз некалькі месяцаў выйшаў адтуль з пакалечанай рукой і без вока, зрабіўшыся калекам на ўсё жыццё. Ён учыніў зло, але бацька ўжо не караў, бо карай на ўсё жыццё стала яго калецтва. Вось гэтак у дзевяноста пяці працэнтах мы маем справу з Божай справядлівасцю. А таксама ў нашых грахах у дзевяноста пяці мы маем справу з самім парушэннем законаў. Чалавек вінаваты і павінен узяць поўную адказнасць за вынікі парушанага ім закону.

Большасць пакутаў на Зямлі цесна звязана з нашымі грахамі, з парушэннем Божых законаў. Усе мы не можам за гэта мець прэтэнзій да Бога, але толькі да сябе. Кабета пасля аборту пяць гадоў так хварэе, што большую частку года праводзіць у бальніцы, дзе з вялікім абурэннем заяўляе, што Бог несправядлівы, бо гэтак сурова карае яе за ўсяго адзін толькі грэх. Але гэта не Бог карае, гэта нармальны вынік парушэння ёю біялагічнага закону. Калі б яна не зрабіла аборту, яе дзіця мела б ужо пяць гадоў, а сама яна была б здароваю кабетаю. Гэта толькі вынік і, да таго ж, справядлівы вынік. Бог выразна папярэджваў: можаце жыць у раі, дзе няма пакутаў, але калі парушыце мой закон, то вас чакаюць пакуты і смерць. Бог паслядоўны. Калі чалавек парушае закон, то адначасна і рашаецца на ўсе вынікі. Кара вечнага асуджэння – гэта таксама справядлівы вынік грэху. Бог ні з каго не здзекуецца. Паколькі пасля смерці Ён ужо не патрапіць навярнуць чалавека, не ўдарыць яго, каб той апамятаўся, значыць, гэта толькі вынік грэху. Асуджаны будзе ўсведамляць, што мучыць яго не Бог, гэтаксама як той хлопец усведамляе адказнасць за сваё няшчасце.

Бог – справядлівы Суддзя – карае за зло. Паколькі Ён любіць нас, то карае за зло на зямлі, каб мы апамяталіся. Падобна, як кожны добры бацька, вычарпаўшы ўсе магчымасці, ужывае кару, каб праз боль апамятаць сваё дзіця. Большасць пакутаў на зямлі і ўсе вечныя пакуты – вынік грэху.

Аднак не ўсе пакуты можна вытлумачыць справядлівай карай. На зямлі пакутуюць і нявінныя людзі, а галоўным чынам нявінныя дзеці, якія яшчэ не заслужылі кары. Таму пытанне пра сэнс пакутаў і надалей застаецца без адказу.

10. Пакуты як плод кепска скарыстанай свабоды

Кажучы аб адказнасці чалавека перад Богам за злыя ўчынкі, мы звярталі ўвагу на пакуты, якія трэба разумець як пакаранне. Да таго ж ёсць адрозненне паміж карай у вузкім і шырокім сэнсе. Першая адбываецца тады, калі Бог як добры Айцец карае сваё дзіця і тым самым хоча навучыць яго мудрасці. Часам бачым гэткую кару з рукі Бога тут, на зямлі. Часцей ж, аднак, назіраем кару ў шырэшым сэнсе, гэта значыць, вынік злога ўчынку. Гэтыя пакуты непарыўна звязаныя з парушэннем законаў маралі. У гэтым выпадку Бог не выносіць пакарання. Гэта сам чалавек нясе адказнасць за калецтва, якое з’яўляецца наступствам грэху.

І адна, і другая форма пакутаў як кары аднолькава цесна звязаныя са свабодаю чалавека. Бо нельга пакараць кагосьці, хто не адказвае за свае дзеянні. Дзеля таго, каб удакладніць гэтую думку, трэба нам яшчэ звярнуць увагу на адказнасць за чужыя няшчасці. Пакуты на зямлі – гэта вынік няправільнага выкарыстання свабоды іншымі людзьмі. Калі наведаем канцэнтрацыйны лагер, то ясна ўбачым, што адзін чалавек прыгатаваў другому чалавеку гэты страшны лёс. Канцэнтрацыйны лагер – не Божая справа, і не Бог нясе адказнасць за пакуты і няшчасці, якія ў канцэнтрацыйным лагеры перажывалі іншыя. Тое ж самае можна бачыць і ў пакутах дзіцяці, якое было зачата і нарадзілася ў сям’і, дзе мала любові. Гэтае дзіця ад пачатку церпіць альбо з-за раўнадушша, альбо з-за непрыязнасці, альбо і нават з-за нянавісці сваіх бацькоў. Гэта не Бог адказвае за пакуты гэтага дзіцяці. Адказнасць ляжыць на бацьках. А пакуты, якія выцякаюць з разводаў? Гэта муж альбо жонка чыніць боль сваёй палавіне, здраджваючы, адыходзячы. Яны вінаватыя ў гэтым болю. І далей. Людзі мучаюцца ў Кракаве з прычыны забруджанага паветра альбо вады. Не Бог нясе за тое адказнасць. Гэта людзі атручваюць паветра, а сотні тысяч пакутуюць на хваробы касцей альбо новаўтварэнні.

Маем справу з пасрэднай адказнасцю. Аднак чалавек заўсёды адказны за гэтыя пакуты. Гэта дрэнна выкарыстаная свабода. У імя дрэнна зразумелай свабоды чалавек, знішчаючы іншых, нават не задумваецца над тым, што знішчае і самога сябе.

І цяпер паўстане пытанне. Ці Бог, ведаючы пра тое, як шмат з’яўляецца на свеце пакутаў у выніку дрэннага выкарыстання свабоды чалавекам, не павінен адабраць у чалавека гэтую свабоду? Інакш кажучы, ці не лепш было б, калі б чалавек страціў свабоду, а заміж гэтага дару цешыўся б парадкам і ладам на зямлі?

На першы погляд, мільёны людзей дзякавалі б за такую магчымасць. Тыя, што нявінна пакутуюць, церпяць несправядлівасць, калекі, пажадалі б адмовіцца ад свабоды, каб толькі запанаваў парадак на свеце і скончыліся іхнія пакуты.

Аднак гэта не такая простая справа. Запытаем сябе, агонь, які знаходзіцца ў руках чалавека, – дар альбо пракляцце? На вогненным полымі сканструявана ўся ваенная махіна. І ў агні гартуецца сталь. І ў агні гартуецца бронь. Гэта – агонь, заціснуты ў снарадзе, агонь, вызвалены з атаму, які здолее знішчыць усю зямлю. Калі гэты агонь пагражае, калі на працягу вякоў знішчае, чыніць боль, мучае людзей, то ці не лепей было б адмовіцца ад агню? Ці не лепей было б, каб Пан Бог адабраў у людзей яго? Вернемся тады да эпохі пячораў, будзем жывіцца карэннямі і пладамі. Аднак перад такою альтэрнатываю кожны скажа: няхай лепей нам Бог пакіне агонь, бо гэты самы агонь дае нам у тысячу разоў больш дабра, чым зла.

Падобна і са свабодай. Свабода – такі дар, які на зямлі дае ў тысячу разоў больш пладоў дабра, чым зла. І нягледзячы на тое, што яна лучыцца і з пакутамі, Бог не адбярэ ў чалавека свабоды. Не зробіць Ён гэтага з тае прычыны, што калі б адабраў свабоду, то прывёў бы нас да ўзроўню звяроў. Тады няма чалавека. Рызыкуючы болем, Бог пакідае нам гэтую несамавітую творчую моц у нашых руках. Менавіта свабода, якой нават злоўжываюць, вызначае годнасць чалавека.

Гэта разважанне прыводзіць да простай і поўнай надзеі высновы. Паколькі агромністая колькасць пакутаў на зямлі – плод дрэнна выкарыстанай свабоды, то ў такім разе існуе магчымасць ліквідаваць гэтыя пакуты. Гэта ў нашых руках. Калі б мудрыя людзі змаглі замкнуць на ключ тых, хто не здольны карыстацца свабодай, то на свеце можна было б пабудаваць дом спакою і шчасця. У рэальнасці ж бывае наадварот: той, хто не цэніць свабоды і не ўмее ёю карыстацца, часта замыкае пад ключ тых, хто цэніць яе і ўмее ёю карыстацца. Але гэта ў руках людзей, і рэальнасць трэба павярнуць. Свет з гэтага погляду стаіць на галаве і патрэбны доўгі час, каб ён стаў на ногі. Важна, каб мудрыя людзі, якія цэняць свабоду, змаглі выкарыстоўваць яе дзеля дабра іншых. Як хрысціяне мы абавязаны зрабіць усё, што ў нашых сілах, каб зямныя пакуты, якія нараджаюцца ад зламысна выкарыстанай свабоды, абмежаваць да мінімума. Гэта – задача кожнага мудрага чалавека, задача медыкаў, выхавацеляў і асабліва ўладаў. Уладу трэба аддаць у рукі тым людзям, якія ведаюць, што гэта за скарб – воля. Тады гэткая ўлада здолее яе шанаваць і змагацца за яе, нават цаною жыцця.

Вось вельмі просты прыклад. Знішчэнне голаду на зямлі магчыма. Але штогод сто мільёнаў людзей паміраюць з голаду. Калі б кожны з нас падзяліўся сваім хлебам, то ніхто не памёр бы з голаду. Ніхто з нас, калі б ён еў на адну чацвёртую частку сваёй дзённай нормы менш, не захварэў бы з гэтае прычыны, і гэтага ўжо дастаткова, каб сто мільёнаў людзей выратаваць ад голаду. Гэта ў межах магчымасці чалавека. За кожную галодную смерць адказваем мы, а не Бог.

Аднак ёсць няшчасці, у якіх чалавек цалкам бездапаможны. Вывяржэнне вулкана, землятрус, калі за некалькі секундаў дзесяткі тысяч людзей гіне пад друзам. Альбо цыклон, які сваёй магутнай хваляй здольны знішчыць цэлыя вёскі і гарады. Альбо пярун, што забівае чалавека на месцы. Тут свабода ні пры чым. Такія няшчасці існуюць, і за іх непасрэдна адказвае Бог.

Падыходзім да найцяжэйшага пытання. Гаворка пра тое, як прымірыць Божую любоў з пакутамі і няшчасцем, якія існуюць на зямлі незалежна ад волі чалавека?

Падыходзячы з чалавечымі меркамі, мы разважаем так: калі кагосьці па-сапраўднаму любім, то на згодзімся, каб ён пакутаваў. Калі гэта ў межах маіх магчымасцяў, то я ніколі не дапушчу, каб любімы чалавек пакутаваў. Любоў Бога ўсемагутная. Як жа Бог, які валодае ўсемагутнай любоўю, можа спакойна глядзець на пакуты, што існуюць на зямлі? На гэтае пытанне адкажам іншым разам.

11. Надаць пакутам сэнс

Як прымірыць усемагутнасць Божае любові з нашымі пакутамі? Асабліва, калі мець на ўвазе нявінных дзяцей, якія гінуць у катаклізмах? Калі Бог любіць, то не можа прыносіць болю, не можа згадзіцца на тое, каб любімая Ім асоба пакутавала. Мы не можам прымірыць любоў з пакутамі. У адносінах да Бога гэта пытанне тым цяжэйшае, што Яго Любоў усемагутная, і Бог мог бы ўадначас знішчыць усе зямныя пакуты.

Хачу выразна падкрэсліць, што мы закранаем вялікую таямніцу. Ксёндз Карл Рахнэр – адзін з вялікіх тэолагаў нашага стагоддзя – успамінае пра смерць аднаго са сваіх сяброў, які апошнія месяцы свайго жыцця вельмі пакутаваў. Калі за некалькі гадзін да смерці да яго прыйшоў сябар і запытаў: «З чым ідзеш да Бога?», то пачуўадказ: «З пытаннем, на якое не знайшоў адказу: чаму на зямлі так шмат пакутаў?»

Мы стаім перад таямніцаю, але таямніца людскіх пакутаў падобна да пячоры. Над яе ўваходам мы бачым надпіс: «Не даследавана». Але з таго, што гэткі надпіс існуе, зусім не вынікае, што ў гэтую пячору нельга ўвайсці. І чалавек, які жыве на зямлі, уваходзіць у гэтую пячору пакутаў. Хоча ён альбо не, пячора застаецца пячорай, таямніца – таямніцаю, а ўвайсці ў яе глыбіню ўсё ж трэба. І гэта – мэта нашага сённяшняга разважання. На шчасце, маем Правадніка, які ведае гэтую пячорную таямніцу пакутаў, бо сам добраахвотна ўвайшоў у яе, дакрануўся яе дна і зрабіўся Панам. Гэта Хрыстус – адзіны чалавек, які жыў на зямлі і з Якім можна разумна пагаварыць на тэму пакутаў. Бо Ён добраахвотна прыняў іх і выглядае на тое, што і на зямлю Ён прыйшоў дзеля таго, каб даць нам ключ ад гэтай вялікай таямніцы, якую мы не маглі зразумець ад стварэння свету. Хрыстус не знішчыў пакутаў, але надаў ім сэнс. Ён зрабіў з пакутаў прыладу для збаўлення свету. Знамянальна, што ў Святым Пісанні першае слова аб пакутах, слова самога Бога, цесна звязана з народзінамі. Пасля грэху Пан Бог звяртаецца да кабеты і кажа ёй: «З гэтага часу ў пакутах нараджаць будзеш». Пакуты цесна злучаны з нараджэннем новага жыцця і з’яўляюцца часткай працэсу нараджэння. Цяпер ужо дасканала вядома, што ў часе родаў пакутуе не толькі маці, але церпіць боль, і вельмі вялікі, дзіця, якое нараджаецца. Для дзіцяці гэта шок пераходу з аднаго свету ў другі, і гэты шок звязаны з пакутамі. Пакуты патрэбны, каб пакінуць той свет, у якім жыў, вырвацца з яго дзеля таго, каб завалодаць каштоўнасцямі іншага свету.

Хрыстус, калі гаворыць аб народзінах да новага духоўнага жыцця, адназначна адсылае да боляў парадзіхі. Гаворка тут найперш пра ўдасканаленне любові. Гэта першы элемент, на які Хрыстус звяртае ўвагу. Пакуты нават нявіннага – гэта працэс фармавання ягонай духоўнай сталасці. Мы не здолеем тут адказаць на шэраг пытанняў, напрыклад, у якой ступені пакуты маленькага дзіцяці, якое знішчана ў лоне маці, маюць адносіны да яго сталасці. Бог ведае гэта. Пакуты цесна звязаны з працэсам новых народзінаў, і тады яны маюць сэнс. Як маці, якая чакае хвіліны радзінаў, дасканала ведае сэнс сваіх пакутаў, разумеючы, што вымушана прайсці праз іх, каб нарадзілася дзіця, гэтаксама і нашыя пакуты – этап на шляху нараджэння новага чалавека.

Другі момант, на які варта звярнуць увагу: факт, што пры кожных пакутах адбываецца і знішчэнне. Заўсёды знішчэнне. Часам можна назіраць рост духа, стоячы ля ложка чалавека, які памірае, якога знішчаюць пакуты. Знішчаецца не толькі цела, у многіх выпадках знішчаецца нервовая сістэма, псіхіка. Гэта працэс разбурэння, але падчас гэтага самага працэсу разбурэння чалавек набліжаецца да Бога. Зноў прыбягаем за дапамогай да вобразаў. Боль б’е па чалавеку, як малаток б’е па цвіку. Калі б цвік адчуваў, то ўдары для яго былі б вельмі балючыя. Але дзякуючы гэтым ударам ён забіваецца ў тое месца, дзе павінен выканаць сваю ролю. Толькі тады цвік набывае свой сэнс, калі яго ўбіваюць туды, дзе ён павінен быць. Чалавек павінен быць «убіты» ў Бога, і боль, які б’е па ім, «убівае» яго ў Бога, лучыць яго з Богам. І гэткі боль збаўляе. У многіх выпадках мы адчуваем боль і нават не заўважаем сустрэчы з Панам Богам, але пакутлівыя ўдары набліжаюць нас да яднання з Богам.

Хрыстус цярпеў нявінныя пакуты. Прыняўшы пакуты на крыжы, ён адначасна прыняў пакуты ўсіх нявінных людзей на зямлі. «Штокольвечы ўчынілі аднаму з тых найменшых, Мне ўчынілі». У гэтым – глыбіня таямніцы. Нявінны чалавек, ці ён ведае пра тое, ці не, злучаны з Хрыстом, і ягоныя пакуты ўключаныя ў пакуты Хрыста. Гэта падобна да таго, як бы палымнеў лес, знішчаліся тысячы дрэў, а энергія, якая пры гэтым вызвалялася, беспаваротна гінула б. Бессэнсоўнае знішчэнне. Калі ж гэтае дрэва пакладзем у печ, то яно дасць карысную энергію. Гэтаксама: калі б не было Хрыста, то ўсе нявінныя пакуты на зямлі можна было б параўнасць з лесам, які гарыць. Тым часам Хрыстус усіх абхапіў сваім сэрцам і ніводзін грам нявінных пакутаў на зямлі не змарнуецца. У Хрысце пакуты набываюць збаўленчую моц. Некалі будзе вялікае адкрыццё для людзей, каторыя, як скарб, знойдуць кожную секунду сваіх пакутаў у Хрысце. Гэта іхні ўдзел у збаўленні свету. Святы Павел ясна піша, што сваім целам дапаўняе тое, чаго не хапае пакутам Хрыста. Ён усведамляе, што праз пакуты далучаны да вялікага багацця збаўчай любові Хрыста.

Яшчэ раз падкрэслім. Самі пакуты, асабліва нявіннага чалавека, – зло, і як зло іх немагчыма апраўдаць. Калі б іх можна было апраўдаць, то яны не былі б злом. Калі сядзім у крэсле стаматолага і церпім боль, то гэта не зло. Гэта – дабро. Усё – дзеля майго здароўя. Боль, які можна абгрунтаваць, вытлумачыць, не з’яўляецца злом. Але нявінны боль нельга апраўдаць, і таму Хрыстус надае яму новы сэнс. Езус замяніў нявінныя пакуты на акт збаўленчай любові. У гэтым – таямніца Хрыстовага крыжа. Таму кожны, хто патрапіць прыняць пакуты і ахвяраваць іх Богу, на працягу адной гадзіны можа дасягнуць больш, чым за дзесяць гадоў творчай працы. Бо творчая праца перадусім мае зямное вымярэнне, а пакуты – вечнае. У гэткай сітуацыі пакуты чалавека становяцца вялікім чынам, вялікай справай. Годная адносіны да пакутаў узнагароджваюцца справядлівым Суддзёю як адзін з найбольшых, найвыдатнейшых чынаў. Таму хрысціяне ганарацца тымі, хто здолеў пакутаваць дзеля Хрыста, нявінна пакутаваць. Найвялікшыя героі тыя, якія стала і годна ўспрынялі несправядлівыя пакуты.

З дапамогаю гэтага разважання мы можам усвядоміць галоўную праўду: Хрыстус надаў сэнс усім пакутам на зямлі. Аднак надалей застаецца пытанне: «Чаму Ён не знішчыў пакутаў?» Мы бачым, што праз пакуты здзяйсняецца збаўленне. Але чаму менавіта праз пакуты – гэта таямніца. Гэтая таямнічая пячора пакутаў, якая адкрываецца з Хрыстом, яшчэ глыбейшая. Глыбей у яе Бог можа праводзіць толькі адзінкі на падставе прыватнага адкрыцця. Публічнае ж адкрыццё тут спыняецца. Сябар Рахнера, які паміраў, слушна сказаў: «Іду да Бога, каб запытаць Яго: чаму на зямлі так шмат нявінных пакутаў?» Ён ужо зразумеў гэты збаўленчы сэнс, але не ведаў, чаму Бог, які любіць, згаджаецца на гэтыя пакуты. На гэта пытанне мы не зможам адказаць. Хрыстус заклікае нас, каб мы ўдасканальвалі сябе, адкрывалі сэнс жыцця, і на гэтым шляху мы пачынаем разумець сэнс пакутаў і смерці, паколькі яны – істотныя элементы таямніцы жыцця. Хрыстус тут адзіны Праваднік. Ніякая другая рэлігія свету не падымае гэтага пытання ў такой яскравай форме. Гэта робіць толькі хрысціянства, якое стаіць пад Крыжам Хрыста.

Працяг >>>

Пераклад Ірыны Жарнасек


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY