Цудоўны абраз Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, які знаходзіцца ў галоўным алтары Петрапаўлаўскага касцёла ў мястэчку Лагішын на Піншчыне, мае сваю гісторыю.
У часе шведскіх наездаў адзін з вайсковых аддзелаў затрымаўся ў Лагішыне. Афіцэр аддзелу, Галабурда, які хацеў вывезці абраз, затрымаўся на пастой у сакратара горада Малішэўскага. Ён загарнуў абраз у палатно і паставіў каля дзвярэй у сенях. Калі паступіў загад выступаць у паход, абраз застаўся за расчыненымі дзвярыма. Малішэўскія занеслі яго ў святыню, дзе абраз у хуткім часе праславіўся шматлікімі цудамі. Асаблівае заступніцтва праявіла Маці Божая, калі ацаліла святыню ад вялікага пажару, у часе якога згарэлі ўсе навакольныя дамы...
Доўгія гады абраз знаходзіўся ў праваслаўнай царкве. Але католікі не забывалі пра яго і прыходзілі маліцца да свае Каралевы Палесся, а між сабою называлі яго «наш абраз». Усведамленне гэтае было настолькі моцнае, што ў рэшце рэшт у 1938 годзе маладыя парафіяне-католікі таемна вынеслі абраз Маці Божай з царквы і перанеслі яго да свайго касцёла. Абраз быў адноўлены, і біскуп Казімір Букраба ўрачыста змясціў яго ў галоўным алтары лагішынскага касцёла...
З таго часу праз шмат выпрабаванняў давялося прайсці мясцовым католікам. Але Маці Божая Лагішынская, іх верная апякунка і заступніца, не пакідала нікога без свае матчынай дапамогі. І яны заўсёды адказвалі Ёй сваёю глыбокаю вераю, пашанаю і любоўю.
Дзякуючы намаганням арцыбіскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кардынала Казіміра Свёнтка, абраз быў адноўлены і 1 студзеня 1997 г. зноў урачыста перададзены лагішынскаму касцёлу. А 10 мая адбылася вялікая ўрачыстасць, прысвечаная яго каранацыі. У ёй удзельнічала некалькі тысяч вернікаў.
Пасля ранішняй Імшы абраз Маці Божай Лагішынскай быў урачыста, з працэсіяй, перанесены да каранацыйнага алтара, устаноўленага на плошчы перад касцёлам. Пачалося малітоўнае чуванне, якое суправаджалася марыйнымі спевамі ў выкананні хораў, што прыехалі на свята не толькі з Беларусі, але таксама і з Польшчы.
А 12-й гадзіне распачалася ўрачыстая Святая Імша. У ёй удзельнічаў Яго Эмінэнцыя ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк, нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі, ксёндз біскуп Эдвард Самсэль з Элка (Польшча), генерал айцоў-хрыстусоўцаў, правінцыяльны дырэктар айцоў-арыяністаў кс. Тадэвуш Шэшка, прэфект клерыкаў Гродзенскай духоўнай семінарыі кс. Раман Катлімоўскі, шматлікія святары з усіх дыяцэзій Беларусі.
Гамілію прамовіў Яго Эмінэнцыя ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк.
Пасля гаміліі парафіянамі Лагішына былі ўрачыста ўнесены кароны і прачытана брэве на лацінскай, беларускай і польскай мовах. Кс. кардынал прамовіў асвячальную малітву. «Божа, узглянь ласкава на тых, хто, увенчваючы каронамі абраз Хрыста і Яго Маці, вызнае, што Твой Сын ёсць Валадаром сусвету і просіць апекі Найсвяцейшай Панны як Каралевы...
Няхай пакорным жыццём на зямлі яны заслужаць на ўзвышэнне ў небе, дзе Ты ўвенчваеш каронаю хвалы тых, хто Табе верна служыць...»
У асысце арцыбіскупа Д. Грушоўскага, біскупа Э. Самсэля і правінцыяла кс. Т. Шэшка кардынал усклаў кароны на абраз.
Пробашч касцёла кс. Міраслаў Жлабінскі абвясціў прысвячэнне Пінскай дыяцэзіі Маці Божай Лагішынскай. Кс. Т. Шэшка выказаў вялікую ўдзячнасць Святому Айцу Яну Паўлу ІІ, падзякаваў кардыналу К. Свёнтку, які, па волі Папы, выканаў каранацыю. Нунцый Апостальскай Сталіцы Дамінік Грушоўскі адзначыў, што ён вельмі рады ўдзельнічаць у гэтай марыйнай урачыстасці, і заахвоціў да яшчэ большага культу Марыі на гэтых землях.
З працэсіяй укаранаваны абраз Маці Божай Лагішынскай – Каралевы Палесся – быў унесены ў святыню і ўстаноўлены на галоўным алтары. І на ўсю моц шчымліва і радасна гучала песня, прысвечаная Маці Божай Лагішынскай:
Усе мы цяпер галовы схіляем,
Найсвятой Панне малітвы складаем:
Упрасі Свайго Сына ў небе
Ратаваць нас у кожнай патрэбе...
|
Паводле хронікі Лагішынскага касцёла.
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
У часе каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай |
|