|
|
№
4(42)/2007
З жыцця Касцёла
Год паклікання да святасці
Аркадзь КУЛЯХА OCDНа кніжнай паліцы
ЯН ПАВЕЛ ІІAd Fontes
Тамаш КЭМПІЙСКІПераклады
ВЕРА & CULTURA
Пётра РУДКОЎСКІЮбілеі
Уладзімір КОНАНЛітаратуразнаўства
Аксана ДАНІЛЬЧЫКЮбілеі
Ала СЯМЁНАВАIn memoriam
Данута БІЧЭЛЬІрына ЖАРНАСЕК Проза
Анатоль КУДРАВЕЦКніжныя скарбы
Юры ЛАЎРЫКПрактыкум
Аляксандр МЕШЧАНОВІЧ OCDМастацтва
Уладзімір ЯГОЎДЗІК
|
Калісьці, яшчэ ў ХVII стагоддзі, у Беразвеччы, блізу Глыбокага, быў базыльянскі мужчынскі кляштар. Свой маёнтак для яго падараваў базыльянам мсціслаўскі ваявода Корсак. Пры кляштары дзейнічала школа, у якой выкладалі фізіку, матэматыку, маляванне, французскую і нямецкую мовы. У 1756–1763 гг. на месцы драўляных пабудоваў слынны дойлід Глаўбіц, той самы, што ўзвёў у Полацку Сафійскі сабор у ягоным сучасным выглядзе, пабудаваў у Беразвеччы вельмі прыгожыя, як і ўсё, што ствараў гэты чалавек на нашай зямлі, мураваныя касцёл і кляштар. Пасля скасавання Уніі ўвесь гэты комплекс быў перададзены Праваслаўнай Царкве, а з 1919 г. — рыма-католікам. Касцёл пачаў насіць імя святых апосталаў Пятра і Паўла. Пасля аб’яднання Беларусі ў 1939 г. у будынку былога кляштара распачала сваю жудасную гісторыю беразвецкая турма, і ў сценах, дзе дагэтуль узносіліся малітвы да Усемагутнага, пралілася кроў нявінных ахвяраў дэспатызму. Спачатку савецкага, потым гітлераўскага. Пра гітлераўскі дэспатызм і бесчалавечнасць мы чыталі і чулі вельмі шмат, у тым ліку і пра беразвецкі. Жыхары Глыбокага штогод збіраюцца ва ўрочышчы Барок, за Беразвеччам, каб ушанаваць памяць ахвяраў фашызму. З часам тут узнік мемарыяльны комплекс, знайшлося месца і крыжам, якія паставілі вернікі. 27 тысяч ахвяраў канцэнтрацыйнага лагеру ваеннапалонных. Асобна — ахвяры Халакосту. Асобна — магіла святароў, сярод якіх і благаслаўлёныя мучанікі Беразвечча Мечыслаў Багаткевіч, Станіслаў Пыртак, Уладзіслаў Мацьковяк... Страшнае, жудаснае месца. Але разам з ушанаваннем памяці ахвяраў фашызму неяк нібы неўпрыкмет замоўчвалася яшчэ адна, папярэдняя старонка беразвецкай трагедыі, гісторыя якой распачалася ў Беразвеччы, прайшла пакутлівым шляхам па дарогах Глыбоччыны, Ушаччыны і закончылася за мястэчкам Улай, каля вёскі Мікалаева, страшнай трагедыяй. Пра яе савецкія гісторыкі пераважна маўчалі, а калі і казалі, то як пра «загінуўшых у вайну паляках». Шмат чаго спісваецца на вайну, быццам вайна здольная апраўдаць усялякую бесчалавечнасць. У гэтым жа выпадку разлік быў яшчэ і на тое, што на Беларусі доўгі час католікі асацыіраваліся з палякамі.
Страх валадарыў у тых хатах, з якіх ужо кагосьці забралі ў Беразвечча. Страх панаваў над тымі, каго яшчэ не забралі, але ў любую ноч (найчасцей гэта была ноч) маглі забраць. Распавядалі, як з адной вёскі на Мёршчыне за адну ноч вывезлі ўсіх маладых хлопцаў. Людзі шэптам пераказвалі адзін аднаму, што сярод вязняў у Беразвеччы ёсць святары: ксёндз з Ідолты, з Мёраў... Чулі раней, чыталі ў польскіх газетах, што ў Савецкім Саюзе бязбожная ўлада пазачыняла касцёлы ды цэрквы, а святароў ды многіх вернікаў трымала ў турмах, лагерах, на Салавецкіх астравах, у Сібіры. Цяпер жа і ў Заходняй Беларусі пазналі, што такое ваяўнічы атэізм. З 1939 года ў Еўропе бушавала Другая сусветная вайна. Савецкі Саюз яна пакуль што не закранала, але тут трывала іншая, не менш страшная вайна — супраць уласнага народа.
Адзін дзень нялёгкай, спешнай хады, другі... Знясіленыя, згаладнелыя ды схуднелыя вязні пачалі слабнуць, і змучаныя целы, прашытыя кулямі канваіраў, усё больш заставаліся ляжаць у прыдарожных равах. Пазней канваіры пачалі эканоміць патроны і забівалі ахвяраў штыкамі. «Дзе ёсць красак найбольш пры дарозе, там ціхія равы змагароў», — журботна пісала вязень ГУЛАГу, наша незабыўная Ларыса Геніюш. Падарожнікі гэтага страшнага шляху не былі змагарамі. Яны не паспелі імі стаць. Іхні пакутніцкі шлях пралягаў цераз палі і лясы, і найбольш адважныя спрабавалі ўцякаць. Іх даганялі кулі і сабакі. Вязні слабелі ўсё больш і больш. Начальства канвою пачало аддаваць распараджэнне тамтэйшым сялянам падвозіць прыслаблых вязняў на конях. За журботнай калонай пацягнуліся павозкі... Жыхар з Ушаччыны Адам Ж. распавядаў, як яму таксама было загадана выехаць на павозцы і заняць месца ў той калоне. 25 чэрвеня ён вёз раненых і саслаблых, сярод якіх яму асабліва запамяталася праколатая наскрозь штыком прыгожая маладая дзяўчына. Увечары таго ж дня яму дазволілі вярнуцца дахаты, а ягонае месца занялі сяляне з вёсак з-пад Улы. На ўсё жыццё захаваў ён удзячнасць лёсу за тое, што 26 чэрвеня яго ўжо не было сярод падвозчыкаў. Хтосьці з тых, што працавалі на аэрадроме, раптам гукнуў: — Гляньце, нейкія людзі вунь ідуць... Шмат людзей... І... канвой з сабакамі... — Цюрэмнікі... — выказаў хтосьці здагадку. Яніна адразу забылася на працу, на небяспеку, на ўсё забылася і пабегла насустрач той калоне, бо з 38-га года марыла, як сустрэне яна некалі свайго тату, забранага НКВД уначы з хаты. Пойдзе па дровы і марыць: «Вось прынясу іх у хату, а дома... тата...». Дык пабегла насустрач вязням, стала пры дарозе, абаперлася на рыдлёўку і застыла — узіралася ў твары, баялася размінуцца з татам. — А яны ішлі такія змучаныя, твары шэрыя... Ледзьве ногі перастаўлялі, — выцірае слёзы спадарыня Яніна, — хто нёс які клунак на плячах, хто без яго... Не мела з сабою ні кавалачка хлеба, каб падаць катораму... Стаяла толькі і ўзіралася на іх, і шукала тату...
Дык не пашанцавала ёй у той дзень, а на наступны дзень дзяўчына зразумела, што ёй нават вельмі пашанцавала, бо яна сустрэла калону вязняў 25-га, калі яны хоць і былі моцна змучаныя, але яшчэ былі жывыя... Яна не стала сведкай жахлівай трагедыі. А вось трынаццацігадовай Разаліі з Мікалаева не пашанцавала, бо яна падбегла да вязняў на наступны дзень, 26 чэрвеня, калі калона толькі што перайшла мост на Дзвіне і канваіры загадалі ёй спыніцца. Разалія таксама шукала свайго тату, якога таксама вывелі з іхняй хаты ў 37-м. І яна таксама не ведала, што яго ўжо няма на гэтым свеце. Дачка шукала бацьку сярод жывых. Адкуль жа ёй было тады ведаць, што шматлікія ахвяры 37-га года парылі ўжо зямлю ў Курапатах, на Салаўках, у безыменных магілах неабсяжнай краіны, «где так вольно дышит человек»? Дык і пабегла, і застыла пры калоне, ва ўсе вочы ўзіралася на людзей, што прыйшлі невядома адкуль у іхняе Мікалаева і на чыіх тварах была напісана вялікая чалавечая бяда. Як толькі калону прагналі цераз мост, яго ўзарвалі, а вязням загадалі легчы на зямлю. Некаторыя з іх здагадаліся пра задуманую расправу, кінуліся ўцякаць. Іх даганялі кулі... У небе над Мікалаевым праляцеў нямецкі самалёт і скінуў за вёскай бомбы. Зямля здрыганулася, у вокнах хатаў пасыпаліся шыбы... А потым зямля і вяскоўцы здрыгануліся ад новага жаху — ад жорсткай расправы людзей са зброяй над безабароннымі. Разалія ляжала ў канаве, заціснуўшы вушы, — дрыжэла ад страху. Над галавой свісталі кулі, стракацелі кулямёты. Крыкі, енкі, плач узвіліся ў неба. Канваіры расстрэльвалі вязняў — іхняя дарога скончылася. Брахалі сабакі, уздоўж калоны бегалі жонкі канваіраў і крычалі мікалаеўцам, каб не баяліся, бо іх, маўляў, ахоўнікі правапарадку не зачэпяць, бо невінаватых яны не страляюць. Чым жа былі вінаватыя тыя, чыя кроў лілася ракою на мікалаеўскую зямлю, ніхто не казаў. На вачах мікалаеўцаў чынілася адно з самых жорсткіх беззаконняў, чынілася вялізнае злачынства. ...Страляніна нарэшце аціхла, толькі зрэдку чуліся цяпер адзінокія стрэлы па тых, хто яшчэ спрабаваў ратавацца ўцёкамі. А на тым месцы, дзе яшчэ нядаўна былі жывыя людзі, цяпер ляжалі мёртвыя альбо раненыя целы вязняў. Канваіры хадзілі цяпер паміж сваімі ахвярамі, штыкамі дабівалі яшчэ жывых, і кроў пырскала ўверх струмянямі ды залівала іх. Кроў сплывала на зямлю, стаяла ў разорах, крывёю былі залітыя ахвяры трагедыі і іхнія ка2ты... Гаворыць сведка трагедыі Разалія Барысевіч: — Як жа страшна было!.. Усё ў крыві! Зямля ў крыві, мёртвыя і жывыя ў крыві!.. Потым у лесе выкапалі ямы, целы вязняў грузілі на брыкі, звозілі ў лес і скідвалі ў тыя ямы. Падвязуць брыку да ямы, абернуць яе... Не дай Бог такое бачыць і перажыць! Мы потым кроў тых пакутнікаў граблямі зграбалі ў канавы. А вада ў сажалцы, у якой мыліся пасля забойства канваіры, была таксама ўся чырвоная. Не вада, а кроў... Праз 66 гадоў пасля тых жудасных падзей Разалія Барысевіч распавядае мне пра іх і плача. Як плакала заўсёды, успамінаючы той жах. Як плакала па сваім бацьку ў тую ноч, калі яго забрала НКВД, а ён крычаў ім на развітанне: «Дзеткі! Не плачце! Не бойцеся! Я вярнуся! Я ні ў чым не вінаваты!». Як плакала тады, калі доўгімі днямі й начамі чакала яго і калі перастала чакаць, пачуўшы ад суседа, што разам з ім сядзеў у мінскай турме і якому пашчасціла вярнуцца з таго пекла, аповед пра тое, як вывезлі ейнага тату ўначы з турмы на расстрэл. Як плакала тады, калі атрымала дакумент аб пасмяротнай рэабілітацыі мікалаеўскага конюха Людвіка Нічая, ейнага таты. ...Стаім са спадарыняй Разаліяй і яе малодшай дачкой Галяй каля магілы ахвяраў беразвецкай турмы. Помнік на магіле просты, але сваёй сціслай формай кажа так шмат. На адным баку вялізнай магілы — сімвалічная бетонная камера з чорнымі кратамі і подпісам «Беразвечча», ад яе — доўгая бетонная пліта ўздоўж магілы, што сімвалізуе страшны шлях вязняў, і напрыканцы гэтага шляху — высокі крыж. Чытаю пякучыя словы на чорнай шыльдзе пры крыжы па-польску і па-беларуску: «Тут пахаваныя некалькі тысяч палякаў і людзей іншых нацыянальнасцей, вязняў турмы ў Беразвеччы, якія загінулі 26.06.1941 г. у Мікалаеве. Прысвячаецца памяці ўсіх ахвяраў «Смяротнага шляху». Спачывайце ў спакоі». — Вечны спачын дай ім, Пане... — прашу ў думках Пана Бога. Тут, у гэтай магіле, ляжыць шмат і маіх землякоў з Глыбоччыны, ляжыць моладзь з Новага Пагосту, ляжаць ксяндзы Станіслаў Эльяш і Францішак Куксевіч... Тут ляжыць шмат добрых людзей, няздзейсненых мараў, нязбытых надзей. Ніхто не ведае дакладна, колькі людзей лягло ў гэтую магілу, колькі забіта па дарозе да яе. Вязень сталінскага ГУЛАГу, мой зямляк з задарожскай парафіі Рафал Плавінскі, які цяпер жыве ў Польшчы, напісаў у сваёй кнізе «У кіпцюрах ГУЛАГу» пра 1773 забітых у Мікалаеве. Гэтую лічбу пачуў ад канваіраў Павел Кожух, які 26 чэрвеня 1941 года ляжаў у Мікалаеве сярод забітых і якому ўдалося выжыць, бо канваіры не прыкмецілі яшчэ жывога чалавека. Тут ляжыць шмат нашых аднаверцаў, католікаў. Таму, здаецца мне, сімвалічна яшчэ і тое, што гэтая трагедыя адбылася блізу Улы, у Мікалаеве, дзе здавён жыло і жыве шмат католікаў. Таму адразу пасля трагедыі і ўвесь гэты час прыходзілі на магілу вернікі, каб памаліцца «Анёл Панскі». Вера тут перадавалася з пакалення ў пакаленне. Не выпадкова ж, калі ў 37-м арыштоўвалі Людвіка Нічая, у ягонай хаце знайшлі Біблію і малітоўнікі, што павялічыла ягоную віну перад бязбожнай уладай. Не выпадкова і тое, што ягоная дачка прыгадвае цяпер як найбольш значную падзею ў сваім жыцці той дзень, калі бацька прывёў іх, семярых сваіх дзяцей, пасля смерці жонкі, а іхняй маці ў касцёл ды паставіў перад алтаром Маці Божай і ксёндз маліўся над імі, аддаючы іх у апеку Маці Божай. Быццам адчуваў ужо тады Людвік Нічай, што іхнім дзецям суджана застацца не толькі без маці, але і без яго, кармільца сям’і. Гэта ў Мікалаеве магчыма было за адну ноч зрабіць невялікую каплічку на могілках ў надзеі, што можна будзе ў ёй маліцца. Улада спаліла яе. Праз нейкі час на тым жа месцы за адну ноч зноў з’явілася капліца, і зноў гісторыя паўтарылася. Дык пазней не рабілі ўжо больш капліцы, а толькі паставілі невялікі навес, пад які патаемна, цішком збіраліся на малітвы. Не выпадкова, вядома, і тое, што менавіта сюды час ад часу прыязджаў з Рыгі іхні зямляк, таксама вязень сталінскіх лагераў ксёндз Юзаф Барадзюля ды патаемна адпраўляў у хатах святую Імшу, спавядаў людзей, хрысціў... Насуперак усяму нялюдскаму ды жорсткаму яны жадалі жыць з Богам. У Мікалаеве і Уле і цяпер трывае малітва. У вернутай святыні ў Уле. А ў Мікалаеве ад 90-х гадоў распачалася малітва ў прыгожай капліцы, цяжар узвядзення якой узваліла на свае плечы Разалія Барысевіч. Яе першымі памагатымі былі тыя, хто і раней прыходзіў на малітвы на мясцовыя могілкі ды ў тыя хаты, дзе спыняўся ксёндз Барадзюля. Штогод 26 чэрвеня, у дзень расстрэлу беразвецкіх вязняў у Мікалаеве, на агульнай магіле нявінных ахвяраў адпраўляецца святая Імша. Сюды прыязджаюць і прыходзяць вернікі з Улы, з суседніх вёсак, прыязджаюць сваякі пакутнікаў, часта бывае пасол Польшчы ў Беларусі. Дзякуючы чалавечнасці тых, хто збярог памяць аб нявінных ахвярах, хто не жадае, каб штосьці падобнае паўтарылася калі-небудзь на нашай зямлі, тут трывае малітва.
|
|
|