|
|
№
4(42)/2007
З жыцця Касцёла
Год паклікання да святасці
Аркадзь КУЛЯХА OCDНа кніжнай паліцы
ЯН ПАВЕЛ ІІAd Fontes
Тамаш КЭМПІЙСКІПераклады
ВЕРА & CULTURA
Пётра РУДКОЎСКІЮбілеі
Уладзімір КОНАНЛітаратуразнаўства
Аксана ДАНІЛЬЧЫКЮбілеі
Ала СЯМЁНАВАIn memoriam
Данута БІЧЭЛЬІрына ЖАРНАСЕК Проза
Анатоль КУДРАВЕЦКніжныя скарбы
Юры ЛАЎРЫКПрактыкум
Аляксандр МЕШЧАНОВІЧ OCDМастацтва
Уладзімір ЯГОЎДЗІК
|
КВЕТАЧКІ СВЯТОГА ФРАНЦІШКА
У імя Пана нашага ўкрыжаванага Езуса Хрыста і Яго Маці Панны Марыі ў гэтай кнізе выкладзеныя некаторыя справы Пана, цуды і прыклады добрапрыстойнасці слаўнага нябогі Хрыстовага месэра святога Францішка ды іншых яго святых паплечнікаў.
Пачатак у №3(41)/2007
Частка VІ Быў брат Бернард такой моцнай святасці, што святы Францішак ставіўся да яго з вялікай пашанай і часта яго хваліў. Аднойчы, калі святы Францішак маліўся, Бог адкрыў яму, што брат Бернард з дазволу Божага павінен вытрываць шматлікія і пакутлівыя змаганні з дэманамі. Таму святы Францішак, які вельмі яго шкадаваў і любіў, нібы сына, многа дзён маліўся са слязьмі на вачах і прасіў Бога даручыць брата Бернарда Езусу Хрысту, каб дапамог яму перамагчы дэманаў. І так горача маліўся святы Францішак, што адказаў яму Бог: «Францішак, не бойся, усе выпрабаванні, якія брат Бернард павінен вытрываць, Богам яму пасланыя дзеля практыкавання ў цноце і дзеля ўшанавання яго заслуг; і ў выніку над усімі ворагамі ён атрымае перамогу, бо ён адзін з тых, хто раздзяляе пасілак Валадарства Божага». Пасля гэтага адказу святы Францішак адчуў вялікую радасць і падзякаваў Богу. Ад таго часу і надалей любоў яго і пашана да Бога толькі раслі. І добра святы Францішак яму гэта паказаў не толькі ў жыцці сваім, але таксама і ў смерці. Бо, калі набліжаўся святы Францішак да смерці, быццам святы патрыярх Якуб, сабраліся вакол яго верныя сыны, поўныя болю і слёз ад адыходу такога любімага айца, і ён спытаўся: «Дзе мой першынец? Хадзі да мяне, сын мой, каб благаславіла цябе душа мая, перш чым я памру». Тады брат Бернард сказаў цішком брату Іллі, які быў вікарыем ордэна: «Ойча, падыдзі да выцягнутай рукі паміраючага, хай ён благаславіць цябе». І падышоў брат Ілля да выцягнутай рукі, а святы Францішак, які страціў зрок ад доўгіх слёз, паклаў выцягнутую руку на галаву брату Іллі і сказаў: «Гэта не ёсць галава першынца майго, брата Бернарда». Тады брат Бернард падышоў да яго левай рукі, а святы Францішак скрыжаваў рукі і паклаў выцягнутую руку на галаву брата Бернарда, а другую на галаву брата Іллі і сказаў брату Бернарду: «Няхай благаславіць цябе Айцец нашага Пана Езуса Хрыста духоўным і нябесным благаслаўленнем у Хрысце, бо ў гэтым святым ордэне ты першы абраны даваць евангельскі прыклад таго, як ісці за Хрыстом у евангельскай беднасці: бо ты не толькі адмовіўся ад усяго свайго дабра і па волі сваёй раздаў яго бедным у імя любові да Хрыста, але яшчэ і таму, што сябе самога ты ахвяраваў Богу ў гэтым ордэне ахвярай дабрыні. Будзь паўсюдна благаслаўлёны Панам нашым Езусам Хрыстом і мною, бедным рабом яго, вечным благаслаўленнем, ці будзеш ты ісці, стаяць, спаць, чуваць, жыць або паміраць. Той, хто благаславіць цябе, сам будзе благаслаўлёны, а той, хто пракляне цябе, будзе пакараны. Будзь галоўным паміж усіх братоў, няхай усе браты слухаюцца тваіх загадаў; у цябе ёсць права прымаць у гэты ордэн і выганяць з яго каго захочаш, і ніхто з братоў не будзе за цябе вышэйшы, і дазволена табе ісці туды і быць там, дзе ты захочаш». Пасля смерці святога Францішка браты любілі і шанавалі брата Бернарда як глыбокапаважанага айца. А калі наблізіўся час яго смерці, сабраліся да яго браты з усяго свету; сярод іх прыйшоў іерарх Божы брат Эгідзій, які, пабачыўшы брата Бернарда, з вялікай радасцю вымавіў: «Sursum corda1 , брат Бернард, sursum corda!» І святы брат Бернард сказаў цішком аднаму з братоў, каб падрыхтаваў для брата Эгідзія месца, прыдатнае для кантэмпляцыі, што і было зроблена. Паколькі надыходзіў час смерці брата Бернарда, ён папрасіў, каб паднялі яго, і звярнуўся да братоў, якія стаялі перад ім, са словамі: «Дарагія браты, я няшмат хачу вам сказаць; але вы павінны ведаць, што вы маеце тую ж веру, што і я, і тое, што са мной цяпер адбываецца, адбудзецца і з вамі. І бачу я ў маёй душы, што нават за тысячу светаў, падобных да гэтага, не стаў бы я служыць іншаму Пану, акрамя Езуса Хрыста. А за ўсе крыўды, што я некаму нанёс, каюся і вінавачуся перад Збаўцам маім Езусам Хрыстом і перад вамі. Прашу вас, браты мае дарагія, каб любілі вы адзін аднаго». Пасля гэтых словаў ды іншых добрых навучанняў ён лёг на ложак, твар яго зрабіўся вельмі радасным і прасветленым, з-за чаго ўсе браты здзівіліся; і ў гэтай радасці яго найсвяцейшая душа, каранаваная славай, перайшла з зямнога жыцця да благаслаўлёнага жыцця Анёлаў. Хай будзе пахвалёны і ўслаўлены Хрыстус. Амэн. Стараннага служку Хрыстовага святога Францішка, які ў пэўных выпадках здаваўся самім Хрыстом, пасланым у гэты свет дзеля аздараўлення душы чалавечай, Бог Айцец пажадаў зрабіць адпаведным і падобным да Сына свайго Езуса Хрыста, што выявілася ў ганаровым атачэнні дванаццаці паплечнікаў, цудадзейнай таямніцы святых стыгматаў і ў працяглым галаданні на святы пост, які ён правёў наступным чынам. Калі аднойчы перад Вялікім постам святы Францішак знаходзіўся каля Перуджынскага возера ў доме аднаго пабожнага чалавека, дзе спыняўся пераначаваць, быў ён Богам натхнёны пайсці на адну з выспаў памянёнага возера і правесці там Вялікі пост. Святы Францішак папрасіў гэтага пабожнага чалавека дзеля любові да Хрыста завезці яго на сваёй лодцы на такую выспу, дзе б не жыло ніводнага чалавека, і зрабіць гэта напярэдадні Папяльцу, каб ніхто яго не заўважыў. І той чалавек з-за вялікай пабожнасці, якую меў да святога Францішка, хуценька выканаў яго просьбу і адвёз яго на згаданую выспу; а святы Францішак не ўзяў з сабой нічога, акрамя двух хлябоў. Як толькі яны прыплылі на выспу і сябар стаў збірацца дадому, святы Францішак прасіў яго міласціва, каб нікому не казаў, што ён знаходзіцца на выспе, і каб прыехаў за ім не раней як у чысты чацвер. Пасля сябар адплыў, а святы Францішак застаўся адзін. І паколькі не было там ніводнай пабудовы, дзе ён мог бы схавацца, то ён зайшоў у вельмі густы хмызняк, дзе расло мноства церняў ды розных дрэўцаў так, што ўтваралі яны быццам будан ці, дакладней, быццам хаціну, і ў гэтым месцы ён пачаў маліцца і сузіраць нябесныя рэчы. І прабыў там увесь пост, не еўшы і не піўшы нічога, акрамя паловы хлеба, бо калі яго пабожны сябар у чысты чацвер вярнуўся па яго, то адзін бохан быў цэлы і другога засталася палова. І ўсе палічылі, што другую палову ён з’еў толькі дзеля пашаны да посту Хрыста благаслаўлёнага, які галадаў сорак дзён і сорак начэй без аніякай матэрыяльнай ежы. І так з гэтым паўбоханам хлеба святы Францішак адагнаў ад сябе жаданне марнай славы і па прыкладзе Хрыста галадаў сорак дзён і сорак начэй. Пасля ў тым месцы, дзе святы Францішак вытрываў такое цудоўнае ўстрыманне, зрабіў Пан Бог мноства цудаў дзякуючы яму; і з-за гэтага многія людзі пачалі будаваць там дамы і жыць там, і ў хуткім часе пабудаваўся там прыгожы і вялікі горад, і ёсць там кляштар братоў, які называецца кляштарам на Выспе, і да сённяшняга дня мужчыны і жанчыны таго гораду маюць вялікую пабожнасць і пашану да таго месца, дзе Святы Францішак правёў памянёны пост. У славу Хрыста. Амэн. Аднойчы святы Францішак з братам Львом вяртаўся зімой з Перуджы да святой Марыі Анёлаў2 і даймаў яго моцны холад. Тады паклікаў ён брата Льва, што ішоў крыху наперадзе, і так сказаў: «О, брат Леў, нават калі б браты меншыя па ўсёй зямлі зрабіліся б вялікім прыкладам святасці і добрага выхавання, то напішы і патлумач падрабязна, што не ў гэтым абсалютная радасць». І, працягваючы шлях, святы Францішак аклікнуў яго другі раз: «О, брат Леў, нават калі б дзякуючы братам меншым сляпыя сталі бачыць, глухія чуць, нямыя размаўляць, кульгавыя хадзіць, калі б яны выгналі д’яблаў і, што найбольш важна, уваскрасілі памерлага чатыры дні таму, то напішы, што не ў гэтым абсалютная радасць». І яшчэ праз некалькі крокаў святы Францішак закрычаў на поўны голас: «О, брат Леў, калі б брат меншы мог ведаць усе мовы і ўсе навукі, і ўсе пісьмёны, каб мог прарочыць і адкрываць не толькі тое, што ў будучыні, а таксама сакрэты свядомасці і душы, напішы, што не ў гэтым абсалютная радасць». Яшчэ праз пару крокаў зноў крычыць святы Францішак: «О, брат Леў, авечка Божая, хоць бы брат меншы гаварыў на мове анёлаў, ведаў рухі зорак і ўласцівасці траваў, і маглі б яму адкрыцца ўсе скарбы зямлі, і калі б ён ведаў асаблівасці птушак, рыбаў і ўсіх звяроў і людзей, і дрэваў, і камянёў, і карэнняў, і водаў, то напішы, што не ў гэтым абсалютная радасць». І праз нейкі прамежак часу святы Францішак гучна кліча: «О, брат Леў, калі б меншы брат добра ўмеў казаць і дапамог навяртанню ўсіх няверуючых у веру Хрыстову, напішы, што не ў гэтым абсалютная радасць». І паколькі доўжылася такая размова добрых дзве мілі, то брат Леў з вялікім здзіўленнем спытаўся ў святога Францішка: «Ойча, прашу цябе ў імя Бога сказаць мне, дзе ж абсалютная радасць». І святы Францішак яму сказаў: «Калі мы прыйдзем у святую Марыю Анёлаў, такія прамоклыя пад дажджом, прамерзлыя, брудныя і галодныя, і пастукаемся ў дзверы кляштара, а вартаўнік падыдзе раззлаваны і спытае: «Хто вы такія?», а мы адкажам: «Мы — двое з вашых братоў», а ён вымавіць: «Вы гаворыце няпраўду, больш за тое, вы — двое бандытаў, што падманваюць свет і забіраюць міласціну ў бедных; ідзіце прэч», і не адчыніць нам, і прымусіць нас стаяць на вуліцы пад дажджом і снегам, у холадзе і голадзе да самай ночы; дык вось, калі мы такую несправядлівасць, такую жорсткасць і пагрозы цярпліва вытрываем, не хвалюючыся і на яго не наракаючы, і будзем думаць пакорліва і міласліва, што гэты ахоўнік насамрэч нас ведае і што па волі Божай ён гаварыў супраць нас: о, брат Леў, напішы, што ў гэтым ёсць абсалютная радасць. І калі мы будзем настойваць і грукацца, і ён выйдзе раззлаваны, і будзе праганяць нас, быццам апошніх валацугаў, брыдкімі словамі і кухталямі, кажучы: «Прэч пайшлі адсюль, подлыя жулікі, ідзіце ў прытулак, бо тут вы не зможаце ні паесці, ні пераначаваць», і калі мы гэта вытрываем з цярплівасцю, весялосцю і добрай любоўю, о, брат Леў, напішы, што гэта і ёсць дасканалая радасць. І калі мы, змушаныя голадам, холадам і цемраю, ізноў пастукаемся і будзем клікаць, і прасіцца са слязьмі на вачах дзеля ласкі Божай, каб адчынілі нам і пусцілі ў сярэдзіну, а ён, яшчэ больш раз’юшаны, скажа нам: «Такія надакучлівыя валацугі, я ім добра дам па заслугах», выйдзе за браму з сукаватым кіем, возьме нас за капшукі, зваліць на зямлю, выкачае ў снезе і будзе біць нас усімі сукамі гэтага кія, і калі мы ўсе гэтыя рэчы цярпліва і з радасцю вытрываем, думаючы пра пакуты Хрыста благаслаўлёнага, якія і мы павінны вытрываць дзеля любові да Яго, о, брат Леў, пішы, што менавіта ў гэтым ёсць абсалютная радасць. І цяпер, брат Леў, слухай выснову. Вышэй за тыя міласці і дары Святога Духа, якія Хрыстус даруе сябрам сваім, ёсць мажлівасць перамагчы сябе самога і з ахвотаю дзеля любові да Хрыста вытрымліваць пакуты, несправядлівасці, нязручнасці і выпрабаванні, паколькі ўсімі іншымі дарамі Бога мы хваліцца не можам, бо ёсць яны не нашыя, а Божыя, ці, як сказаў Апостал: «Што ў табе не ад Бога? А калі ты ўсё атрымаў ад Яго, то навошта хвалішся, быццам гэта твая заслуга?»3. Але, несучы крыж клопатаў і няшчасця, мы можам ганарыцца, бо ён наш, і таму кажа Апостал: «Я не хачу хваліцца, хіба толькі крыжам Пана нашага Езуса Хрыста»4. І будзе Яму заўсёды слава і гонар праз усе вякі вечныя. Амэн.
Пераклад з італьянскай мовы
Аксаны Данільчык.
|
|
|