|
|
№
4(42)/2007
З жыцця Касцёла
Год паклікання да святасці
Аркадзь КУЛЯХА OCDНа кніжнай паліцы
ЯН ПАВЕЛ ІІAd Fontes
Тамаш КЭМПІЙСКІПераклады
ВЕРА & CULTURA
Пётра РУДКОЎСКІЮбілеі
Уладзімір КОНАНЛітаратуразнаўства
Аксана ДАНІЛЬЧЫКЮбілеі
Ала СЯМЁНАВАIn memoriam
Данута БІЧЭЛЬІрына ЖАРНАСЕК Проза
Анатоль КУДРАВЕЦКніжныя скарбы
Юры ЛАЎРЫКПрактыкум
Аляксандр МЕШЧАНОВІЧ OCDМастацтва
Уладзімір ЯГОЎДЗІК
|
Я з радасцю наведваюся ў майстэрню Алены Георгіеўны. З яе адметнымі малюнкамі ўбачылі свет дзве мае кніжкі для дзяцей — «Грыбок, грыбок, выстаў лабок» (1997) і «Бабуліна варта» (1999). У творчай кайстры мастачкі — дзесяткі аздобленых кніг. Акрамя таго, яна сама з’яўляецца аўтаркай дзіцячай кніжкі «Дзесяць дзён у Барку» (1985), дзе надзіва хораша злучыліся ў адно цэлае і тэксты, і малюнкі. Словам, пра непаўторны почырк Алены Лось ёсць што сказаць і мастацтвазнаўцам, і літаратурным крытыкам. У маладосці я таксама спрабаваў разважаць у друку над здабыткамі маіх сяброў мастакоў. Пасля здагадаўся: усё-ткі я не прафесійны эксперт, а звычайны мастацтвалюб. Менавіта гэтае разуменне і дапамагло мне пры падрыхтоўцы для «Нашай веры» інтэрв’ю. Вельмі хацелася, пераадолеўшы дыктафонную залежнасць, найперш захаваць саму інтанацыю нашых гутарак.
Уладзімір Ягоўдзік
— У гады вайны я жыла ў Ружанах, што на Брэстчыне. Аднак і цяпер перад вачамі стаіць той незабыўны дзень перад Вялікаднем. У царкве чыталі «Дваннаццаць Евангелляў». Іх чытаюць напярэдадні пакутніцкай смерці Сына Божага. Доўгая-доўгая служба. А потым, ужо цёмначы, мы вярталіся дахаты. Кожны — з запаленай свечачкай. Я туліла ў сваіх далоньках кволы агеньчык і баялася, каб ён не знік, не патух. А з неба церусіўся дробны дожджык. Ціхі-ціхі. І я адчувала сэрцам, што на мае шчокі падаюць не дажджавыя кроплі, а слёзы... Тады я кожны вечар шчыра малілася, стаўшы на каленцы. Малілася, каб не загінуў на фронце тата, каб здаровенькія былі мае мама і бабуля. Я дасюль помню тыя малітвы, якім навучыла мяне мама — Алена Аляксандраўна. Яна ж навучыла мяне і чытаць па-стараславянску. Не, я не адчувала нейкага асаблівага, як цяпер кажуць, рэлігійнага выхавання. Яно адбывалася без усялякага прымусу. Вядома, у нашай хаце віселі абразы. Мы адзначалі ўсе царкоўныя святы. Бабуля Шура, якая жыла разам з намі, расказвала мне пра сваё дзяцінства, пра дзядулю Аляксандра, якога я не помню, бо ён памёр у маладым узросце ў 1936 годзе. Спачатку дзядуля быў афіцэрам, а калі да ўлады прыйшлі бальшавікі, ён, баючыся, што яго расстраляюць, пакінуў Маскву і перабраўся ў Заходнюю Беларусь. Скончыўшы тут царкоўныя курсы, стаў святаром і служыў у вёсцы Асінагарадок на Пастаўшчыне. Мая мама таксама была вельмі рэлігійным чалавекам. Да самай смерці яна кожны вечар чытала Евангелле. Па яе прызнанню найвялікшую паэзію яна адчувала ў царкоўных спевах. Асабліва краналі яе «Псалмы Давідавы». Наогул, мама выдатна ведала царкоўную службу. У дзяцінстве яны з братам часта хадзілі на набажэнствы, аднак не ў блізкую царкву, якую звычайна наведвалі іхнія бацькі, а менавіта ў тую, што ім найбольш падабалася. Мабыць, там і запала ў іх чыстыя сэрцы нязгасная залацінка сапраўднай веры. — Алена Георгіеўна, у Ружанах я бываю па некалькі разоў на год. І заўсёды з сумам пазіраю на разбураны, але ўсё роўна велічны палац Сапегаў. У цэнтры мястэчка, адна насупраць адной, стаяць дзве старадаўнія святыні: Троіцкі касцёл і Петрапалаўская царква. У мінулым гэтая царква была уніяцкай і належала базыльянскаму кляштару... — Такі малюнак — даволі звычайны на захадзе Беларусі. Там часта на адной плошчы збудаваны і царква, і касцёл. Аднак канфесійная прыналежнасць не павінна дзяліць дый не дзяліла людзей на асобныя замкнутыя групоўкі. Я ведаю шмат сем’яў, дзе жонка — каталічка, а муж — праваслаўны, ці наадварот. І яны ў добрай згодзе адзначаюць і праваслаўныя, і каталіцкія Каляды або Вялікдзень. Так і павінна быць у талерантным грамадстве, а як жа інакш? Вось вам яскравы прыклад, пра які мне расказала мама. Памёр наш местачковы бацюшка. І хто вы думаеце затым апекаваўся асірацелай сям’ёй? Ружанскі ксёндз, якога мы, дзеці, і нашы бацькі добра ведалі і паважалі. — Ці адгукнуўся відарыс ружанскага касцёла, побач з якім вы жылі, потым у вашай творчасці? — Безумоўна! Але па-сапраўднаму яго хараство мне адкрылася толькі ў Вільні, куды мы пераехалі ў 1948 годзе. Там я атрымала сярэднюю адукацыю і паступіла ў Віленскі мастацкі інстытут. Наш вучэбны корпус мясціўся ў будынку колішняга манастыра і адной сцяной туліўся да славутай віленскай святой Ганны. Я адразу і назаўсёды ўлюбілася ў віленскае барока. І цяпер, праз шмат гадоў, калі трапляю ў Вільню, дык абавязкова абыходжу ўсе дарагія сэрцу мясціны. Не абмінаю ні цэркваў, ні касцёлаў. А калі патраплю ў час набажэнства, дык набіраюся там радаснай светлай энергіі. Колькі гадоў назад, будучы ў Вільні, я зайшла днём у касцёл, што стаіць непадалёку ад Вострай брамы. Якраз дзяўчаткі рыхтаваліся да Першай Камуніі. Яны былі ў белых сукеначках і вяночках. У касцельных прыцемках ціхутка іграў арган. І вось дзяўчаткі сталі на каленкі... Паверце — я быццам трапіла у рай! Не помню нават, колькі прабыла ў тым касцёле. Дзве гадзіны? Тры? — А ў студэнцкія гады вы наведвалі набажэнствы? — Што вы, і блізка не падыходзіла — баялася. Усе мы тады, у 50-ыя гады мінулага стагоддзя, баяліся. Па цэрквах і касцёлах шнырылі камсамольскія актывісты з павязкамі на рукавах. Заўважаць, пазнаюць — бывай вучоба! — Значыць, і на мастацкіх выстаўках творам з сакральнымі матывамі не знаходзілася месца... — Цяпер пра гэта аж прыкра ўспамінаць. Знаёмішся з экспазіцыяй. Вось на палатне прыгожы знаёмы краявід. І кампазіцыйна, і па каларыце пейзаж зроблены прафесійна, майстравіта. Але што гэта? Замест цэркаўкі, якую бачна здалёк у тых мясцінах, тырчыць электрычны слуп або сіласная вежа... Маё шчасце, што я вучылася з літоўцамі. Яны, як садоўнікі, прышчэплівалі да маёй душы мастакоўскую незацугляную адвагу. Таму ў мяне захавалася шмат эцюдаў віленскіх храмаў і прыдарожных крыжоў. Не сумняюся — багата іх і ў хатніх зборах іншых мастакоў. Бо душа творцы найперш горнецца да сапраўднага, спрадвечнага, а не да крыклівых палітычных лозунгаў і транспарантаў. Шкада, тагачасныя начальнікі паспелі знішчыць мноства надзвычай прыгожых беларускіх архітэктурных помнікаў. Сёе-тое, праўда, захавалася. Аднойчы, будучы ў Пінску, я зайшла ў мясцовы касцёл. Будынак якраз рамантавалі. Праз якую хвіліну я ўжо не заўважала будаўнічых рыштаванняў. Мне здавалася, што я трапіла ў дзівосны лялечны тэатр, бо касцельныя сцены надзіва суладна ўпрыгожвалі ляпніна, фігуркі анёлаў і святых. Я не вытрывала, падышла да маладога ксяндза, які завіхаўся з будаўнікамі, і сказала яму: «Ведаеце, пра гэты касцёл, пра яго аздабленне можна выдаць цудоўную манаграфію. У яго сценах жыве сапраўднае мастацтва...» Калі я скончыла інстытут, мы з маім першым мужам мастаком Гары Якубені, які заўчасна пайшоў з жыцця, пазнаёміліся ў Маскве з вядомай мастачкай Таццянай Маўрынай. Яе персанальная выстаўка проста заваражыла нас. Так свабодна, весела ніхто тады не працаваў. Мы пасябравалі з Таццянай Аляксееўнай. Яна паказала нам свае накіды, створаныя ў час вайны і ў пасляваенныя гады. Хадзіла па Маскве і замалёўвала ў маленькі блакноцік старадаўнія будынкі, ацалелыя цэрквы. А сама страшэнна баялася, каб не спынілі, не прышылі якога-небудзь шпіёнства. Словам, ледзь не ўпоручкі хадзіла з бядой. І ўсё роўна — тое малявала, што хвалявала. Без закаханасці і мужнасці ў мастацтве няма чаго рабіць. — Я вельмі люблю народнае мастацтва. Мяне яно грэе з дзяцінства, калі я бачыла ў сялянскіх хатах даматканыя посцілкі, дываны, вышываныя ручнікі. Мне пашчасціла. Я захапіла ў маладосці яшчэ жывое Палессе, дзе паўсюды адчувалася дыханне старадаўняга побыту і мясцовых традыцый. У пачатку 60-х гадоў мы ўпершыню з Гары Якубені прыехалі ў Тураў. І трапілі акурат на Сёмуху. Я тады ўпершыню ўбачыла, як жанчыны ішлі з царквы ў народных строях. Гэтае ўрачыстае шэсце маўкліва сведчыла пра вялікую культуру, адшліфаваную стагоддзямі. На кожнай жанчыне быў вышыты фартух. І ўсе фартухі рознакаляровыя. І ніводнага аднолькавага. Я рабіла накіды алоўкам і запісвала, дзе ляжыць той ці іншы колер. Потым нас запрасілі ў хату. Чыста вымытая, ажно сонечная, падлога, а на ёй раскіданы аер. І такі пах стаіць, аж крылы вырастаюць за плячамі! Вось што такое палескае свята. Адзін добры чалавек падказаў нам наведацца ў недалёкія тураўскія вёскі, што нейкім цудам ацалелі ў віхуры вайны. Мы там убачылі такія рэчы, што сёння не ў кожным гістарычным ці этнаграфічным зборы сустрэнеш. Ці ведаеце вы, напрыклад, што такое перасоў? Можа, нават і не чулі пра такую прыладу. Перасоў — гэта бэлька пад столлю ў хаце ад печы да процілеглай сцяны, на якім вісела адзенне, бо калісьці ў сялянскіх хатах шафам не хапала месца. Помню, асабліва мяне ўразіў посвет. Так называўся адмыслова зроблены «рукаў» з жалезнай рашоткай і адтулінай у столі, праз якую выходзіў дым ад лучыны, што асвятляла жытло. Малюнкі з той незабыўнай паездкі потым трапілі ў мае ілюстрацыі і на старонкі дзіцячай кніжкі Васіля Віткі «Дударык», выдадзенай у 1964 годзе. Цяпер у модзе, а значыць і ў попыце, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Паўстагоддзя назад мы любаваліся ім, бадай, у кожнай палескай хаце. Менавіта майстравітыя рукі народных творцаў будавалі па вёсках касцёлы і цэрквы, аздаблялі іх драўлянымі скульптурамі, маляванымі абразамі. Мастацтвазнаўцы адносяць іх да наіўнага, ці прымітыўнага, мастацтва. Сапраўды, прапорцыі парушаны, міжволі прыгадваюцца дзіцячыя малюнкі, пластылінавыя фігуркі. А глядзіш — падабаецца, бо адчуваеш, як у гэтых на першы погляд недасканалых, нязграбных творах свеціцца душа Мастака — менавіта Мастака з вялікай літары. Іх аўтарам, імёны і прозвішчы якіх, на жаль, нам невядомыя, не давялося шкалярнічаць у інстытутах-акадэміях. Гармонію Хараства яны спасцігалі ўласным сэрцам. — І, напэўна, дапамаглі Алене Лось знайсці сябе, сваю сцяжыну ў творчасці... — Так, паспрыялі, але без шчыравання ў майстэрні ці на эцюдах, калі падоўгу не ўдзельнічаеш у выстаўках, не аналізуеш пошукі і набыткі старых майстроў і калегаў, далёка не заедзеш. — Ёсць меркаванне, што творцы — асобы ў пераважнай большасці эгаістычныя, павучаць — не супраць, а падбадзёрыць добрым словам не надта спяшаюцца. — Што ж, мабыць, такая ўжо традыцыя... Дарэчы, не толькі ў мастакоў. І ў літаратараў таксама. Памятаеце блокаўскія радкі:
— Тады назавіце, калі ласка, імёны людзей, сяброўствам з якімі Вы даражылі і даражыце. — Паверце, яны сустракаліся ў маім жыцці. Цяжка дый немагчыма ўсіх згадаць і пералічыць. Вы спыталіся, а ў мяне перад вачамі адразу паўсталі два светлыя абліччы — Аляксандра Паслядовіч і Валяр’яна Жолтак. На жаль, іх няма ўжо побач з намі. Яны сябравалі паміж сабой, хоць былі непадобныя адна на адну ў творчых памкненнях. Абедзве нашмат старэйшыя за мяне, а чамусьці прыхінулі да сябе, за што я бясконца ім удзячная. Вось цяпер думаю: а што яднала нас, акрамя чыста чалавечых сімпатый? Аляксандра Паслядовіч — выхаванка пецяргбурскай школы, вучылася ў славутага Рудакова. Яна назаўсёды мяне паланіла сваімі каляровымі літаграфіямі. Па сутнасці, да Паслядовіч у нас не было нацыяльна адметнай літаграфіі. Цяпер так ніхто не ўмее рабіць. Яе аркушы, напрыклад, на тэмы беларускіх народных песень, вылучаліся на самай прадстаўнічай выстаўцы. Ах, якія там постаці нашых жанчынак! Не наглядзецца, не налюбавацца. Безумоўна, любоў і захапленне народнай песняй яднала нас. А яшчэ хіба тое, што мы абедзве не хавалі свае закаханасці ў мастацтва ранняга італьянскага Адраджэння. У жыцці Шура (мы, сяброўкі, так называлі яе) была негаваркая, сама ў сабе. Я вучылася, любуючыся яе творамі. Часцей даводзілася сустракацца з Валяр’янай Жолтак. Не аднойчы заходзіла, калі яна працавала. У майстэрні — аж цесна ад кветак. У мяне і дасюль расце кактус, прынесены з яе падаконніка. Гаспадыня майстэрні была невялічкая ростам, і нярэдка распачатае палотно стаяла перад ёй, як разгорнуты ветразь. Помню, спыталася: «Адкуль у цябе такі размах?» Аказалася, разгадка вось у чым. У маладосці Валяр’яна працавала ў тэатры оперы і балета, пісала дэкарацыі. Аб’ём і памер сцэны — самі ведаеце якія, ёсць дзе сябе паказаць, калі спявае душа. Пісала яна і фігуратыўныя кампазіцыі. Аднак асабіста для мяне Валяр’яна Жолтак — найперш каралева нацюрморта. Цяпер мала хто помніць, як яе ў маладосці прыціскалі начальнікі ад культуры. Ніяк не маглі дараваць «грэх», што яна, дваццацігадовая дзяўчына, жывучы ў акупаваным Мінску, не далучылася да партызанаў, не трапіла ў сувязныя да падпольшчыкаў... На маё шчасце, у гады вайны я была малая, таму мяне абмінула начальніцкая пільнасць. — Блізкіх каляжанак вы згадалі. Са свайго боку мушу адзначыць: большасць у мастакоўскім цэху ўсё-ткі за мужчынамі. І сярод іх нямала імёнаў, якімі Беларусь можа ганарыцца. — Наўрад ці буду арыгінальнай, калі назаву Цвірку, Шчамялёва... З жывапісцаў яшчэ мне падабаецца Іван Рэй. Здаецца, самы звычайны пейзажык з мінскіх ваколіц. І ніякай там асабліва глыбокай задумы ці надта арыгінальнага пісьма. Сціплае памерамі палатно, ціхія просценькія мазкі на ім... А вось прыцягвае да сябе чымсьці няўлоўным, што нібыта свеціцца ў фарбах. Глядзіш і, як кажуць, грэе. — А ці часта сустракаецца тое, што вас «грэе», на вернісажах, напрыклад, у Палацы мастацтва або ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва? — Чаму ж не, зрэдку трапляецца, нягледзячы на запаланіўшую выставачныя залы плакатную крыклівасць, імкненне любымі сродкамі здзівіць, агаломшыць гледача. Між тым, здзівіць і ўразіць — розныя паняцці. У свой час мне давялося нямала паездзіць па свеце, у прыватнасці, і па Заходняй Еўропе. Таму адважуся сцвярджаць, што цьмянае рэха даўно забытых там авангардных плыняў у нас нярэдка спрабуюць выдаць за арыгінальную мелодыю. Цікавасць жа да сур’ёзнага рэалістычнага жывапісу паступова вяртаецца — пра гэта сведчаць галерэйшчыкі, мастацтвазнаўцы, а таксама дасведчаныя гледачы, якія не абмінаюць выстаўкі. — Тым не менш я неаднойчы чуў ад вас высокія словы пра творчасць Анатоля Кузняцова. Даўно, яшчэ за савецкім часам, да яго прыклеілі ярлык абстракцыяніста, сам ён адносіць сябе да беспрадметных мастакоў. — Калі таленавітае, яно ў любым напрамку і жанры таленавітае. Кузняцоў — выдатны каларыст-імправізатар. Кампазіцыю адчувае бездакорна. Няважна, што ў яго на палатне. Нашмат важней, што напісанае ім гучыць. Я нават скажу так: ён спявае жывым голасам, а не пад загадзя адшліфаваную фанаграму. Паверце, гэта рэдкі дар, дар сапраўды ад Бога. — Якім вам бачыцца выяўленчае мастацтва ў недалёкай будучыні? — Цяжка сказаць... Ёсць прадчуванне нейкага новага, невядомага пакуль шляху. Куды ён прывядзе — пакажа час. Адно магу сказаць пэўна: камп’ютэрная «ўсёмагчымасць» не пагражае нябытам графіцы, а тым болей жывапісу. — Мне пашчасціла, што я вучылася і 12 гадоў пражыла ў Вільні, што на віленскіх вулках прамільгнулі мае найлепшыя маладыя гады. Архітэктурным абліччам Вільні немагчыма не захапляцца. Гэта мастацкая акадэмія для кожнага, хто мае вочы і не раўнадушны да хараства. А вось рэспубліканскі мастацкі музей не вызначаўся багаццем экспазіцыі. Яе аснову складалі творы польскіх і літоўскіх мастакоў. Большасць палотнаў — у акадэмічным стылі. Прыстойны сухаваты жывапіс. І раптам — выбух фарбаў і настрою. Магутная шэрая гама. Фігуры паніклых людзей. А паміж прыдарожных бяроз — воблакі і кавалкі сіняга-сіняга неба. Фердынанд Рушчыц, «Эмігранты». Цяжка скрануцца з месца, каб наблізіцца да іншых карцін. У палацы Радзівілаў знаходзіўся гістарычны музей. Запомнілася «Жыровіцкае Евангелле». Кожны лісцік — у асобнай рамачцы. Ніхто мне не падказваў, я сама бачыла: у большасці экспанатаў беларускае паходжанне. У інстытуце навучанне было па-літоўску. Я свабодна размаўляла і чытала на гэтай мове. І сумавала па той мілагучнай, блізкай сэрцу, што чула з маленства, калі мы жылі ў Лыскаве і Ружанах. Любіла Вільню і наперад ведала, што не застануся тут, бо не змагу асвойтацца ў чужой культуры. Пачала супрацоўнічаць з мінскімі выдавецтвамі. — Захоўваеце першыя кніжкі, аздобленыя вашай рукой? — А як жа, захоўваю! Як дарагую сэрцу памяць. Дзесьці ў 1960 годзе мне прапанавалі ілюстраваць зборнік прозы «Блакіт і золата дня» невядомага мне Уладзіміра Караткевіча. Прачытаўшы машынапіс, я неадкладна даведалася ў выдавецтве адрас аўтара, і мы з Гары Якубені напісалі яму, не хаваючы захаплення прачытаным. Караткевіч тады жыў у Маскве, вучыўся ў Літаратурным інстытуце. Дачакаліся зваротнага ліста. Мы напісалі яму па-руску, ён таксама адказаў нам па-руску. Завязалася перапіска. У хуткім часе мы сустрэліся, цэлы дзень блукалі разам па маскоўскіх вуліцах, наведвалі музеі і галерэі... — Я помню, Алена Георгіеўна, публікацыю Караткевічавых лістоў да Вас у часопісе «Нёман». Вось невялічкі фрагмент, які шмат аб чым гаворыць: «Знаете что, я видел обложку и шмуцтитулы к «Блакіту...» и прямо восхищен ими: современно, локонично, чисто — просто здорово. Это первая работа над моей книгой, которая мне понравилась. Оформление двух первых книг — ой, ой! Я высылаю Вам свои «Вячэрнія ветразі» — убедитесь сами... А теперь должен огорчить Вас: ни рассказа о Нерли, ни «Письма не опаздывают никогда» в книге не будет: как я ни дрался за них — вычеркнули. Что делать, ни Нерль, ни Рублёв, которого я люблю больше души, ни сама старина — ничего не говорят сердцам большинства людей...» — Адна з першых кніжак, якую я ілюстравала, называлася «Дзявочае сэрца» — паэтычны зборнік Дануты Бічэль, выдадзены ў пачатку 1961 года. Дарэчы, самы першы ў яе творчым багажы. Потым мне давялося афармляць дзве дзіцячыя кніжачкі паэткі: адна называлася «Дзічка» (1971), а другая «Габрынька і Габрусь»(1985).
Часам успомню гэтыя радкі і міжволі засмяюся. Скажыце, ну як не намаляваць такую сімпатычную кампанію?! — Здаралася адмаўляцца ад выдавецкіх прапановаў? — Чаму ж не, здаралася, хоць у маладосці, а ў сямейным жыцці тым больш, заўсёды не хапае грошай. Помню згадзілася афармляць адну з ранніх аповесцяў Васіля Быкава, здаецца, «Трэцюю ракету». Прачытала на адным дыханні. Уражанне магутнае. А назаўтра раніцай вярнула папку з машынапісам у рэдакцыю. Зразумела — быкаўская проза патрабуе зусім іншай, не характэрнай для мяне пластыкі, лініі, штрыха. Навошта хапацца не за сваё? Так, нястомна шукай, эксперэментуй, памыляйся, але беражыся ад танных падробак, фальшу. Іншага шляху ў мастацтве я не ведаю. — Чым Вы цяпер займаецеся — графікай, жывапісам? — Для беларускай графікі, асабліва для кніжнай, цяпер насталі не лепшыя часы. Зайдзіце ў кнігарню, паглядзіце, які там прапануецца выбар. Беларуская дзіцячая літаратура з паліцаў практычна знікла, услед за ліквідаваным выдавецтвам «Юнацтва». Цікава, што сёння чытаюць у нашых школах і дзіцячых садках? Якая кніга трапляе ў рукі падлеткаў і моладзі? Валерый Славук, Уладзімір Савіч, Мікола Селяшчук, Павел Татарнікаў, Юрась Алісевіч... Грамадства, у якім не запатрабаваны такія імёны, не проста шмат губляе, яно не дбае пра заўтрашні дзень. Ну а я ў апошнія гады пішу нацюрморты. Пераважна букеты палявых кветак, якія сама назбірала ці якія мне прынеслі сябры. З маладосці люблю пісаць менавіта звычайныя лугавыя і палявыя краскі. Гляджу на іх і быццам прамываю вочы і душу. Купленыя, садовыя, хоць бы і элітных гатункаў, так мяне не кранаюць. А наогул, краса прыроды — вельмі гаючыя лекі ад горкіх думак і ўсялякіх злыбедаў. Вядома, далёка не заўсёды напісанае задавальняе. Часам раблю па некалькі варыянтаў, спрабуючы выказаць тое невыказнае, што ўсё роўна застаецца ў душы. Галоўнае, каб душа не маўчала, а радавалася і сумавала.
|
|
|