|
|
№
4(42)/2007
З жыцця Касцёла
Год паклікання да святасці
Аркадзь КУЛЯХА OCDНа кніжнай паліцы
ЯН ПАВЕЛ ІІAd Fontes
Тамаш КЭМПІЙСКІПераклады
ВЕРА & CULTURA
Пётра РУДКОЎСКІЮбілеі
Уладзімір КОНАНЛітаратуразнаўства
Аксана ДАНІЛЬЧЫКЮбілеі
Ала СЯМЁНАВАIn memoriam
Данута БІЧЭЛЬІрына ЖАРНАСЕК Проза
Анатоль КУДРАВЕЦКніжныя скарбы
Юры ЛАЎРЫКПрактыкум
Аляксандр МЕШЧАНОВІЧ OCDМастацтва
Уладзімір ЯГОЎДЗІК
|
Аксана ДАНІЛЬЧЫК
ПАМЯЦЬ ПРОДКАЎ
|
Грамадзянская згода, супольнасць загосце, Аж усцешацца прадзедаў цені і косці, Слоў унука не зглушыць ніякі прымус, Што ён роднай зямлі верны сын, беларус. |
Творчасць Янкі Купалы можна без перабольшання назваць кульмінацыяй беларускага рамантызму. Не зважаючы на тое, што сам перыяд пачатку ХХ стагоддзя, калі былі напісаныя асноўныя творы класіка, называюць неарамантызмам, для беларускай літаратуры, для яе нацыянальнай беларускамоўнай плыні, створанае ў гэты час Янкам Купалам часткова ўзнаўляе менавіта той кірунак, што ў пачатку ХІХ ст. аформіўся ў творчасці паэтаў так званай «польскай школы», самым яскравым прадстаўніком якой стаў Адам Міцкевіч, і развіваўся ў рэчышчы агульнаеўрапейскага рамантызму. Аднак Купала працягваў не толькі традыцыі Міцкевіча, але разам з ім і тыя традыцыі еўрапейскіх рамантыкаў, якія былі сугучныя светаадчуванню беларускага паэта. Безумоўна, сюды адносіцца і патрыятычная традыцыя, якая дамінавала ў творах італьянскіх пісьменнікаў ХІХ ст. Нездарма ў 1829 г. у артыкуле «Пра еўрапейскую літаратуру» выдатны італьянскі палітычны дзеяч Джузэпэ Мадзіні падкрэсліваў: «І мы шануем чароўнае імя радзімы, і ўсмешка італьянскага неба поўніць нашае сэрца таемнай пяшчотай, і для нас памяць продкаў святая — хай будзе выкляты той, хто адрачэцца ад яе»2 . У сваіх «Аўтабіяграфічных нататках» ён адзначаў, што зразумеў магчымасць і неабходнасць змагання за свабоду Айчыны перш за ўсё дзякуючы творам Уго Фоскала, які словам і справаю паказаў італьянцам, як літаратар павінен служыць Радзіме.
У 1842 г. у артыкуле для аднаго з ангельскіх часопісаў Мадзіні так пісаў пра Фоскала: «Чалавек, глыбока шанаваны тут, сярод ангельцаў, імя якога, сінонім літаратурнай незалежнасці і незаплямленага палітычнага гонару, з павагаю вымаўляе юнацтва Італіі, хоць гэтае імя і рэдка згадваецца яе пісьменнікамі...»3. Найбольш вядомыя творы Фоскала патрыятычнай тэматыкі — раман «Апошнія лісты Якапа Орціса» і паэма «Пахаванні»4 («I Sepolcri»), напісаная ў 1806 г. і прысвечаная Іполіто Піндэмонтэ. Паэт звяртаецца да антычнага культу продкаў, каб падкрэсліць сувязь паміж мінулым часам і цяперашнім. Як вядома, старажытныя грэкі і рымляне называлі памерлых ласкавымі імёнамі, а пахавальні лічыліся храмамі памерлых5 . Перад магіламі ставілі алтар для ахвяраванняў, куды ў пэўныя дні прыносілі пачастунак, напрыклад, першы ўраджай. Калі нашчадкі пераставалі прыносіць ахвяраванні духам продкаў, тыя пакідалі сваё мірнае жытло і пачыналі блукаць, непакоячы жывых. Са спакойных і добразычлівых яны ператвараліся ў няшчасных і злосных, пасылалі на людзей хваробы, і толькі ўзнаўленне ахвяраванняў і пашаны вярталі памерлых у пахавальні. Культ продкаў з антычнасці перайшоў і ў хрысціянскую традыцыю, працягваючы існаваць і ў нашыя дні. Даследчыца В. Шарая падкрэслівае: «Культ продкаў – рэлігійна-сімвалічная сістэма, элементы якой у трансфармацыйных формах захаваліся да нашага часу і ўплыў якой на наступную духоўную традыцыю ўжо ў межах хрысціянскага светабачання прасочваецца дастаткова выразна»6. Менавіта з культам продкаў звязваецца «еднасць святых». Як адзначае Анджэй Зубэрбір, «мы сёння маем на ўвазе перш за ўсё нашу лучнасць і еднасць з церпячымі ў чыстцы і са збаўленымі ў небе. Молімся за памерлых, просім заступніцтва святых і перакананыя, што не толькі святыя, але і нашыя памерлыя блізкія, хоць бы яны і праходзілі праз чысцец, дзейсна дапамагаюць нам. Такім чынам, нягледзячы на смерць, што ў пэўнай ступені нас раздзяляе, мы, дзякуючы жыццю, якое атрымліваем у Хрысце, усе яднаемся між сабою»7. Адштурхоўваючыся ад антычнасці, Фоскала звяртае ўвагу на тое, што памяць продкаў выконвае нацыязахаваўчую функцыю, падкрэслівае, што непатрэбныя з рацыянальнага пункту гледжання пахаванні маюць значэнне ў духоўным плане:
Магілы славы сведчаннем былі і алтаром сынам; ад іх адказы хатніх Лараў8 сыходзілі, трымалі людзі над прахам продкаў дадзенае слова: свяшчэнны культ, што ў розных рытуалах радзімы гонар, шкадаванне родных перадаваў на працягу стагоддзяў. |
І невыпадкова надрукаваная амаль за сто гадоў да з’яўлення першай кнігі Янкі Купалы паэма «Пахаванні» сугучная той праблематыцы, якая найбольш яскрава выявілася ў творчасці беларускага паэта. Вытокі еднасці нацыі абодва творцы бачылі ў адзінстве мінулага і сучаснасці, якое і выяўлялася ў кульце продкаў. Аўтары «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.» падкрэсліваюць: «Нават пры першым знаёмстве з асноўнымі літаратурнымі творамі таго часу відаць, што рост нацыянальнай свядомасці, які адлюстроўваецца ў тагачаснай паэзіі, характарызуецца наяўнасцю двух асноўных этапаў, накірункаў, або дзвюх форм мастацка-сэнсавага выяўлення: выхаванне этнічнай свядомасці, калі на першым месцы застаюцца тэмы і вобразы этнаграфічнага зместу, і развіццё нацыянальнай свядомасці ва ўласным сэнсе, калі на першы план выходзяць праблемы гістарычнага, прававога, сацыяльнага быцця беларускага народа, яго імкненне да роўнасці, свабоды і незалежнасці»9.
Гэтаму спрыяла і асяроддзе «Нашай Нівы», якая ў першым нумары абвясціла: «Ведайце добра, што «Наша Ніва» газэта не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае. Кожны мае права быць выслуханым на страніцах нашэй газэты і кіраваць ёю, толькі каб было разумне. Мы з сваёй стараны будзем старацца, каб усе беларусы, што ня ведаюць, хто яны ёсць,— зразумелі, што яны беларусы и людзі, каб пазналі сваё права і памаглі нам у нашай рабоце» (курсіў рэдакцыі «Нашай Нівы»)10. Як адзначалася вышэй, праблемы адзінства і незалежнасці краіны, а таксама самаідэнтыфікацыі нацыі, што паўсталі перад італьянцамі на пачатку ХІХ ст., вырашаліся беларусамі менавіта ў нашаніўскі перыяд і вырашаліся ў сістэме каардынатаў рамантызму. Менавіта ў рамантызме знаходзіцца галоўная кропка судакранання творчасці У.Фоскала, паэзію якога часцей адносяць да перадрамантызму, і Я.Купалы, у дачыненні да творчасці якога ўжываюць і тэрмін неарамантызм. Яшчэ адзін важны момант, які лучыць Уго Фоскала як прадстаўніка агульнаеўрапейскага рамантызму і Янку Купалу – творчасць Адама Міцкевіча, у прыватнасці, яго паэма «Дзяды», добра вядомая беларускаму паэту. На думку Сержука Мінскевіча, «каштоўнасць паэмы „Дзяды“ для Беларусі не толькі ў тым, што ў яе аснову пакладзены беларускія народныя вераванні і што ў ёй падаецца зрэз нашай гісторыі, але ў першую чаргу ў тым, што яна адкрывае шляхі для самаўсведамлення беларусаў. І гэтымі шляхамі ішлі яго творчыя спадкаемцы»11.
Культ продкаў заўсёды меў для беларусаў асаблівае значэнне. Як і ў антычных Грэцыі і Рыме, важным момантам з’яўлялася частаванне «дзядоў» абрадавымі стравамі. На працягу каляндарнага года некалькі разоў адбывалася рэлігійнае ўшанаванне памяці памерлых бацькоў і ўсіх родзічаў, і гэтая трагедыя складае неад’емную частку беларускага менталітэту. У творах Я.Купалы тэма памяці продкаў, культ продкаў з’яўляюцца вызначальнымі. Большасць з гэтых твораў невыпадкова ўпершыню пабачылі свет на старонках газеты «Наша Ніва». Больш за тое, на нашую думку, вобраз Радзімы і пахаванняў як яе гістарычнага ўвасаблення трансфармаваўся пад уплывам патрыятычнага кантэксту газеты і пашырэння адраджэнскага руху. На гэта звярнуў увагу і Антон Луцкевіч, вітаючы выхад зборніка «Шляхам жыцця» (1913): «Многа смутку і жалю, што так цяжка, так трудна жывецца народу... Але ўжо нейкая новая сіла пачала разварачываць той стары лад, пры каторым дыхаць нельга. Хваля чыстага, свежага паветра пракацілася па ўсёй старане. Народ будзіцца ад сну. Пачынаецца новае жыцце»12.
Калі ў вершы «Над магіламі» (1905–1907) мінулае беларускай зямлі даволі бязрадаснае: «Сніце, загнаныя, // Ад сонца скрытыя, // Спіце, бяздольныя, // Горам забітыя!.. Над косцьмі вашымі, // Па-над курганамі // Слёзы узносяцца // Мглою, туманамі», то ў вершы «З мінуўшых дзён» (1909) паўстае крыху іншая карціна: «Пад магіл навалай // Дрэмле Русь, Літва, — // За той тая з хвалай // Легла галава. // Не гудзе ў павазе // Голас вечавы, // Не шукаюць князі // Славы і бітвы».
Розніца заўважаецца адразу. Як высвятляецца, усё ж такі зналі і лепшыя часы, і «вянкі славы» насілі. Ёсць і прычына таго становішча, у якім апынулася Радзіма: «Баіць, гнучы шыі, // Паднявольны люд: // Мы ў сваім чужыя, — // Край забраны тут!». Слаўнае мінулае цяпер «у курганах заснула». У. Фоскала піша ў сваю чаргу пра «трыклятыя Альпы», якія «зброю тваю захапілі і скарбы, і веру, // і захапілі радзіму, — усё, апроч успамінаў». Для Я. Купалы ўвасабленнем слаўнай мінуўшчыны становяцца магілы-курганы (верш «Курганы», паэма «Курган» і інш.), для У. Фоскала — магілы-пахавальні. Такім чынам: памяць — мінулае — пахавальні (курганы) — шанаванне продкаў. Гэта і ёсць парадыгма гістарычнай памяці кожнага народа, якая паўстае ў паэме «Пахавальні» і якую развівае ў сваёй творчасці Янка Купала.
Калі чытаць вершы Я.Купалы ў храналагічным парадку, то добра відаць, як змянялася канцэпцыя пахаванняў у творах паэта. Калі ў данашаніўскі перыяд і на яго пачатку магілы сведчылі выключна пра гаротны стан роднай зямлі («Шлі векі. Магіла лягла пры магіле, — // Вада змыла наспы, крыжы пагнілі; // Гаротнасцяй зможаны, ў крыўдзе, ў бяссіллі // Там прадзедаў косці без часу ляглі» («Ужо днее», 1908 г.), то з цягам часу яны становяцца менавіта сведчаннем былой славы. Характэрным у гэтым плане з’яўляецца і верш «Замчышча», напісаны ў 1908 г., у якім «Павіты няпамяці мглою (курсіў наш) // Руіны замчышча ляжаць; // Муры зарасліся лазою, // Навокал балотная гаць». Адсюль вынікае задача аднаўлення памяці. У вершы «Сэрца спытай» (1910) гэта дапамагае ўстанавіць кантакт з пахаваннямі (мінулым): «Зайдзі на магілкі з крыжамі // І насып забыты крані; // Пакратай мінуўшчыны попел, // Што ў казках не кінула жыць; // Сягонняшні дзень паймі добра, // Што ўслед нашай долі бяжыць…».
Верш Я. Купалы «Брату ў чужыне» (1910), напісаны ў Пецярбурзе, таксама ў пэўным сэнсе з’яўляецца вызначальным: «Ці помніш ты … Магілкі, спяць дзе твае брацці, // На ўзмежку прадзедаў курган?» Такім чынам, безыменны курган з многіх папярэдніх вершаў становіцца прадзедавым, родным, а значыць яго шанаванне – гэта ўжо шанаванне сваіх уласных продкаў. Таму што, як адзначае В.Шарая, «у адпаведнасці з народнымі вераваннямі продкам прыпісвалася здольнасць аказваць уплыў на зямное жыццё нашчадкаў. На падставе народных уяўленняў аб продках… ствараліся ўстойлівыя базавыя каштоўнасці, якія склалі аснову духоўнага развіцця супольнасці пасля»13. Народ, які не шануе продкаў, страчвае іх духоўную падтрымку. У паэме У. Фоскала гэта відаць на прыкладзе радкоў, прысвечаных Дж. Парыні, які быў пахаваны ў агульнай яме. І, развіваючы сваю думку, італьянскі паэт падкрэслівае значэнне абраду пахаванняў для таго каб захаваць высакароднасць і шляхетнасць жывых:
Да спраў шляхетных запальваюць моцных духам моцных магілы, о Піндэмонтэ, і робяць для пілігрымаў святою і гожай зямлю, у якой іх прытулак. |
З тэмаю пахаванняў звязана і тэма сну, як у вершы Я. Купалы «Мой край» (1910): «Так спіш, так жывеш мімаходам, // Мой край, як сцяпная магіла, // З сваім незавідным народам, // З патухшай і славай, і сілай». Цяперашняе жыццё Радзімы, такім чынам, уяўляецца як смяротны сон, ад якога неабходна прабудзіцца. Той, хто не імкнецца служыць Радзіме, не можа лічыцца жывым, і пра гэта сказана ў паэме У. Фоскала: «А мудры люд, багаты люд, шляхетны*, // краса і розум італійскіх земляў, // жывым у пышных залах пахаваны, // і герб яму адзіным суцяшэннем».
Пастаральным гучаннем, на першы погляд, напоўнены верш Я.Купалы «Сельскія могілкі» (1910): «Люблю я могілкі з каплічкай, // Прыселле насыпаў і пліт, // Дзе крыж і страшыць, і галубіць, // Слязой дзе кожан дол амыт». Гэтыя радкі можна параўнаць з творамі ангельскіх рамантыкаў, пра якіх згадвае і У. Фоскала, калі піша, што гаі кладоў вясковых мілыя «ангельцам маладым, // пакліканым любоўю // да маці страчаных…» Аднак верш Я. Купалы цалкам прывязаны да беларускай рэчаіснасці, у ім згадваецца і беларускае свята памінання продкаў: «Сваё дзе Радаўніца свята // Спяшыць у год абходзіць раз,— // Сялян склікаючы сямейку, // Спраўляе з светам тым папас. // Жывыя душ успамінаюць // Сваей успанае радні, // Над імі жаляцца галінкі, // Нясуць былыя думцы дні…»
Італьянскі даследчык М. Пупа, разважаючы над паэмай У. Фоскала, падкрэсліваў: «Каштоўнасць пахавання ў тым, што яно з’яўляецца месцам сустрэчы жывых і мёртвых, стымулам і гарантыяй непарыўнасці мінулага і сённяшняга. А каштоўнасць і функцыя паэзіі – у тым, каб захаваць памяць пра велічнае мінулае, калі час разрушыць пахаванне. «Пахаванні» – гэта гімн непарыўнасці духоўнага жыцця. Культ магілаў азначае культ мінулага, але не ў плане пасіўным і настальгічным, а актыўным і гераічным»14. Можна сказаць, што ў творчасці Я.Купалы пачатку ХХ стагоддзя якраз і адбываецца эвалюцыя матыву пахаванняў ад пасіўнага і настальгічнага да актыўнага і гераічнага. Паэт звязвае мінулае Радзімы з сённяшнім днём, а сённяшні дзень – з будучыняй. Менавіта таму, «з прыходам у літаратуру Янкі Купалы ў ёй паяўляецца цэласная канцэпцыя радзімы як гістарычна-сацыяльнага асяродка дзейнасці народа, а таксама канцэпцыя чалавека, асобы ў яе дачыненнях да гісторыі і будучыні грамадства»15.
Аднак да тэмы пахаванняў Я. Купала звяртаўся і пазней, прычым гэтыя пахаванні становяцца абсалютным сімвалам нацыі, напрыклад, у вершы «Спадчына» (19 верасня 1918 г.), які быў напісаны ў пераломны момант беларускай гісторыі і даў назву кнізе, што пабачыла свет у 1922 годзе. Зноў паэту нагадваюць пра бацькаўшчыну пахаванні: «Аб ёй мне будзіць успамін // На ліпе бусел клёкатам… // І крык вароніных грамад // На могілкавым кладбішчы». Гэты твор прасякнуты трывожным настроем і прадчуваннем нядобрых зменаў, гэта крык душы, той самы, што мы чуем і ў паэме Фоскала, калі паэт звяртаецца да могілкавых дрэваў з просьбай абараніць родныя магілы:
абараніце маіх продкаў; ну а той, хто зможа адвесці ад свяшчэнных дрэў сякеру, адчуе за памерлых боль слабейшым і алтара кранецца блаславёна. Абараніце маіх продкаў! |
Верш Янкі Купалы «На сход!», напісаны 29 кастрычніка 1918 г., поўны трывогі за лёс новаабвешчанай рэспублікі і за лёс нацыянальных каштоўнасцяў, сярод якіх – ізноў — магілы продкаў:
На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход Ідзі, аграблены, закованы народ!.. Аб вечным катаванні, здзеку далажы І пакажы на курганы і на крыжы. І аб раскопаных магілах не забудзь, Дзе груганы тваіх там продкаў косці рвуць. |
Дарэчы будзе згадаць і вобраз паэта — гусляра або дудара ў Я. Купалы, што «на кургане на адвечным» «звоніць шчасце», і «сляпога жабрака», «святога паэта» — Гамера У. Фоскала. Менавіта паэт і паэзія — медыумы паміж светам памерлых і жывых:
...сляпы жабрак блукае пад вашым ценем старажытным і, рукамі махаючы, у пахавальні зазірае, гладзіць урны і задае пытанні ім. |
Паколькі пахаванні продкаў – гэта не толькі і не столькі матэрыяльныя каштоўнасці, колькі духоўныя, то яны становяцца часткай бясцэннай спадчыны, якую трэба шанаваць у самыя неспрыяльныя часы. Гэта неабходна рабіць, як пісаў У.Фоскала, «дзеля таго, каб у час, як надзея на славу // дзецям Італіі розумам смелым заззяе, // мы б атрымалі натхненне адсюль». І нават калі, не зважаючы ні на што, «муры, стварэнне Феба // дыміцца будуць у сваіх руінах!», не ўсё яшчэ страчана, таму што:
...родны дом Пенаты Троі знойдуць у пахавальнях, дадзеных Багамі, каб славу захаваць высокую ў нягодах. |
Менавіта да продкаў у цяжкую хвіліну ідуць людзі ў вершы Я. Купалы «25.ІІІ.1918–25.ІІІ.1920: Гадаўшчына-памінкі» дзеля таго, каб з іх дапамогаю перажыць ліхія часы: «Не „незалежнасць“ праз час гэты // Сваё разводзіла святло, // А падняволле без прасветы, // А рабства Беларусь гняло. // Народ спраўляць памінкі будзе – // Не свята светлае вясны,— // За стол жалобны сядуць людзі // Там, дзе крыжы, дзе курганы!».
Толькі ў вершы «З павяўшай славы...» (21 жніўня 1919 г.) у Янкі Купалы прарываецца спадзяванне на лепшую долю: «З павяўшай славы быўшых дзён, // З магільных прадзедавых крас, // Пад стогн няволі, путаў звон // Мы зложым песню, зложым сказ... // Хай тое ўсё, што спала ў сне, // Паўстане яваю жывой, // І светам блудным здрыгане, // І панясе скрозь светач свой // Ад краю ў край, між спячых сіл, // Аж там — да бацькаўскіх магіл!»
З усім — з радасцю і з журбою, з бядою і з сумам — неабходна ісці да продкаў. Гэтая рыса беларускага менталітэту яскрава ўвасобілася ў творчасці Янкі Купалы. Антон Луцкевіч, падсумоўваючы вынікі дваццацігадовае эвалюцыі паэта, пісаў: «...усё нашае нацыянальнае сілай творчага таленту свайго Купала падыймае на вышыню агульналюдзскага разумення, знаходзячы ў ім і адбіраючы цэннасці агульналюдзскае вагі. Гэта перадусім – вялікая краса й дух волі, гэта — магутны парыў да вызвалення і цела і духа народу, гэта — імкненне да чалавечнасці»16. Да той чалавечнасці, што яднае часы і плыні, што яднае гістарычную памяць кожнага асобнага народа з гістарычнай памяццю чалавецтва.
|
|