|
|
№
4(42)/2007
З жыцця Касцёла
Год паклікання да святасці
Аркадзь КУЛЯХА OCDНа кніжнай паліцы
ЯН ПАВЕЛ ІІAd Fontes
Тамаш КЭМПІЙСКІПераклады
ВЕРА & CULTURA
Пётра РУДКОЎСКІЮбілеі
Уладзімір КОНАНЛітаратуразнаўства
Аксана ДАНІЛЬЧЫКЮбілеі
Ала СЯМЁНАВАIn memoriam
Данута БІЧЭЛЬІрына ЖАРНАСЕК Проза
Анатоль КУДРАВЕЦКніжныя скарбы
Юры ЛАЎРЫКПрактыкум
Аляксандр МЕШЧАНОВІЧ OCDМастацтва
Уладзімір ЯГОЎДЗІК
|
Пачатак у №2(28)/2004
Рэалізацыя Сабору Сабор быў вялікай падзеяй, а для мяне незабыўным перажываннем. Я вяртаўся з яго вельмі ўзбагачаным. Пасля вяртання ў Польшчу я напісаў кнігу, у якой імкнуўся перадаць ідэі, што развіліся ў ходзе саборавых паседжанняў. У гэтай кнізе я намагаўся змясціць, калі можна так сказаць, эсэнцыю саборавага навучання. Я назваў яе «У аснове аднаўлення. Манаграфія пра рэалізацыю Vaticanum II». Яна была выдадзена ў Кракаве ў 1972 годзе Польскім Тэалагічным Таварыствам. Гэтая кніга павінна была стаць адначасова своеасаблівым знакам удзячнасці за тое, што Божая ласка ўчыніла праз саборавы сход для мяне як для біскупа. Другі Ватыканскі Сабор прысвяціў асаблівую ўвагу біскупам. Калі Першы Ватыканскі Сабор гаварыў пра першынство Папы, то Другі асаблівую ўвагу ўдзяліў біскупам. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова ўзяць у рукі саборавыя дакументы і асабліва Дагматычную канстытуцыю Lumen gentium. Грунтоўнае навучанне Сабору пра епіскапат абапіраецца на спасылку аб трайной місіі (munus) Хрыста: прарочай, святарскай і валадарскай. Канстытуцыя Lumen gentium гаворыць пра гэта ў раздзелах 24–27. Іншыя саборавыя тэксты таксама звярталіся да гэтых трох заданняў (tria munera). Сярод іх асабліва трэба звярнуць увагу на Дэкрэт Christus Dominus, які датычыць менавіта пастырскай місіі біскупаў. Калі я вярнуўся з Рыма ў Польшчу, узнікла справа вядомага паслання польскіх біскупаў да нямецкіх. У сваім лісце польскія біскупы засведчылі, што ад імя сваіх землякоў прабачаюць крыўды, якія спазналі ў часе Другой сусветнай вайны. Адначасова прасілі прабачыць крыўды, за якія палякі маглі адчуваць адказнасць у дачыненні да немцаў. На жаль, гэтае пасланне выклікала шмат спрэчак, асуджэнняў і паклёпаў. Гэты акт паяднання, які на справе (як потым аказалася) быў вырашальным для нармалізацыі польска-нямецкіх стасункаў, вельмі не падабаўся камуністычным уладам. У выніку была занята жорсткая пазіцыя ў адносінах да Касцёла. Зразумела, усё гэта не стварала найлепшай атмасферы для святкавання Тысячагоддзя хрышчэння Польшчы, якое мелася распачацца ў Гнезне ў красавіку 1966 года. У Кракаве ўрачыстасці адбываліся 8 мая, у дзень свята св. Станіслава. Да сёння жыва памятаю тую велізарную масу людзей, якая рухалася ў працэсіі з Вавеля на Скалку. Улады былі бяссільныя перашкодзіць гэтаму масаваму людскому наплыву. Падчас урачыстасцяў Тысячагоддзя аслабла і амаль знікла напружанасць, выкліканая пасланнем біскупаў і можна было працягваць адпаведную катэхезу на тэму значэння Тысячагоддзя ў жыцці народа. Звычайна добрай нагодай для навучання была таксама шматгадовая працэсія Божага Цела. Перад вайною гэта вялікая працэсія ў гонар Цела і Крыві Хрыста рухалася з Вавельскай катэдры на Галоўны Рынак, ідучы вуліцамі і плошчамі горада. Падчас нямецкай акупацыі губернатар Ганс Франк забараніў працэсію. Пасля, у камуністычныя часы, улады дазвалялі скарочаную працэсію з катэдры на Вавель вакол дзядзінца каралеўскага замка. Толькі ў 1971 годзе працэсія ўпершыню змагла выйсці за вавельскае ўзгор’е. Тады я імкнуўся так падбіраць тэмы казанняў пры чарговых алтарах, каб у кантэксце катэхезы пра Эўхарыстыю змагчы таксама раскрыць вялікую тэму рэлігійнай свабоды, як ніколі актуальную ў той момант. Думаю, што ў гэтых разнастайных формах народнай пабожнасці хаваецца адказ на пытанне, якое часам узнікае, пра значэнне традыцыі ў яе праяўленнях, таксама гэтых, мясцовых. Насамрэч адказ просты: еднасць сэрцаў — вялікая сіла. Паглыбленне ў тое, даўняе, моцнае, глыбокае і разам з тым — у блізкае і мілае сэрцу, дае незвычайную ўнутраную сілу. Калі такая паглыбленасць спалучыцца потым з адважнаю сілаю думкі, то няма ўжо прычыны баяцца за будучае веры і людскіх повязяў у народзе. Бо з багатага гумусу традыцыі вырастае культура, якая цэментуе суіснаванне грамадзянаў і дае ім пачуццё аднае вялікай сям’і, дадаючы падтрымку і сілу іх перакананням. Наша вялікая задача, асабліва сёння, у часы так званай глабалізацыі, дбаць пра гэту здаровую традыцыю, спрыяючы адважнаму ўяўленню і думцы, адкрытаму бачанню будучыні і адначасова пашане да мінулага. Гэта тое мінулае, якое замацоўваецца ў людскіх сэрцах у вобразе даўніх словаў, знакаў, успамінаў і звычаяў, перанятых ад папярэдніх пакаленняў. У часе майго служэння ў Кракаве асаблівая сяброўская лучнасць яднала мяне з біскупамі з Гажова. Было іх там трое: Вільгельм Плюта, сёння ўжо Слуга Божы, Ежы Строба і Ігнацы Еж. З імі я сапраўды сябраваў. Таму ездзіў да іх з візітамі, і не толькі службовымі. Са Стробам мы былі знаёмыя з Кракава, дзе ён быў рэктарам Слёнскай семінарыі. Я быў прафесарам у той семінарыі: выкладаў этыку, фундаментальную маральную тэалогію і сацыяльную этыку. Са згаданай тройкі яшчэ жыве біскуп Ігнацы Еж. Ён мае добрае пачуццё гумару, пра што, між іншым, сведчыць яго ўменне абыгрываць сваё прозвішча. Як ардынарый я меў у сваёй архідыяцэзіі дапаможных біскупаў: Юльяна Грабліцкага, Яна Пятрашку, Станіслава Смаленскага і Альбіна Малысяка. Гэтых двух апошніх я высвячаў. Біскупа Альбіна я цаніў за яго дынамізм. Памятаю яго яшчэ як пробашча ў Новай вёсцы — адным з мікрараёнаў Кракава. Часам я называў яго «Альбін старанны». Біскуп Ян Пятрашка быў цудоўным прапаведнікам, чалавекам, які захапляў слухачоў. Мой наступнік у Кракаве кардынал Францішак Махарскі змог распачаць у 1994 годзе яго беатыфікацыйны працэс. Сёння гэты працэс знаходзіцца ўжо на рымскім этапе. Таксама добра згадваюцца і два астатнія дапаможныя біскупы: на працягу гадоў мы імкнуліся разам служыць умілаванаму Касцёлу ў Кракаве ў духу братняй еднасці. У суседнім Тарнове быў біскуп Ежы Аблевіч, пра якога тут ужо згадвалася. Я даволі часта ездзіў да яго; зрэшты, мы былі амаль равеснікамі: ён быў на год старэйшы за мяне. Вельмі сардэчна адносіўся да мяне Чэнстахоўскі біскуп Стэфан Барэла. У часе юбілею 25-годдзя яго святарскага пасвячэння я сказаў у гаміліі: «Біскупства — гэта як бы яшчэ далейшае і яшчэ інакшае адкрыццё святарства. А рэалізуецца яно па тым самым прынцыпе: рэалізуецца найперш праз гэты зварот да Езуса Хрыста, адзінага Пастыра і Біскупа нашых душаў. Гэты зварот глыбейшы, яшчэ больш гарачы і яшчэ больш патрабавальны. Рэалізуецца яно адначасова праз зварот да душаў, да душаў несмяротных, якія былі адкупленыя Хрыстоваю Крывёю. Гэты зварот да душаў, можа, не такі непасрэдны, як у працы і дзейнасці парафіяльнага святара, пробашча ці вікарыя, але затое ён яшчэ больш шырокі, бо перад біскупам як бы шырэй адкрываецца супольнасць Касцёла. Касцёл у нашым усведамленні, біскупаў Другога Ватыканскага Сабору, — гэта месца сустрэчы ўсяе чалавечай сям’і, месца паяднання, збліжэння, нягледзячы ні на што, збліжэння цаною дыялогу, збліжэння цаною цярпення. Можа, для нас, польскіх біскупаў эпохі Другога Ватыканскага Сабору, больш цаною цярпення, чым дыялогу» (Kalendarium życia Karola Wojtyły, Кракаў, 1983, сс. 335–336). На Слёнску выконваў сваё душпастырскае служэнне біскуп Герберт Бэднаж, а яшчэ перад ім — біскуп Станіслаў Адамскі. Бэднаж быў менавіта яго каад’ютарам. Калі я стаў Мітрапалітам, то паехаў да ўсіх біскупаў мітраполіі, а значыць, і ў Катавіцы, дзе пазнаёміўся з біскупам Адамскім. З ім былі таксама біскупы Юльян Бенек і Юзаф Курпас. Мы добра разумеліся з біскупамі са Слёнска. Я рэгулярна сустракаў іх у апошнюю нядзелю траўня ў санктуарыі Маці Божай у Пякарах, дзе менавіта ў гэты дзень адбывалася вялікая пілігрымка мужчынаў. Біскуп Бэднаж пастаянна запрашаў мяне з казаннямі. Апошняя нядзеля траўня была падзеяй — гэтая пілігрымка гарнякоў стала асаблівым сведчаннем веры ў Народнай Польшчы. Тыя, хто ў ёй удзельнічаў, чакалі казання і падмацоўвалі апладысментамі ўсе выказванні, якія супярэчылі дыскусійнай лініі палітыкі ўраду ў рэлігійных ці маральных пытаннях, напрыклад, у справе святкавання нядзелі. Па гэтым пытанні на Слёнску замацавалася папулярнае выказванне біскупа Бэднажа: «Нядзеля Божая і наша». Біскуп Бэднаж пасля заканчэння ўрачыстасці заўсёды мне казаў: «Трэба прыехаць на другі год і сказаць такое казанне». Пякáры з вялікаю пілігрымкаю застануцца для мяне найцудоўнейшым сведчаннем, якое мае ў сабе нешта незвычайнае. Асаблівае месца займае ў маім сэрцы Анджэй Марыя Дэскур, сёння прэзідэнт на пенсіі Папскай рады па справах сродкаў масавай інфармацыі. Я далучыў яго да кардынальскай калегіі 25 мая 1985 года. Ад пачатку майго пантыфікату ён шмат разоў мяне падтрымліваў, асабліва сваім цярпеннем, але таксама і мудраю парадаю. Калі згадваю біскупаў, не магу не спаслацца на майго апекуна св. Караля Барамея. Калі я думаю пра гэту постаць, мяне ўражвае супадзенне фактаў і заданняў. Ён быў біскупам Мілана ў перыяд Трыдэнцкага Сабору ў ХVІ стагоддзі. Мне Пан Бог даў быць біскупам у ХХ ст., а дакладней, у часе Другога Ватыканскага Сабору, у кантэксце якога даручыў мне такое самае заданне: яго рэалізацыю. Павінен сказаць, што ў гады пантыфікату гэта рэалізацыя Сабору пастаянна была ў цэнтры маіх думак. Мяне заўсёды ўражвала гэтае супадзенне і захапляла ў гэтым святым біскупе яго агромністая душпастырская актыўнасць: пасля Сабору св. Караль аддаўся душпастырскім візітам ва ўсёй дыяцэзіі, у якой тады было каля васьмісот парафій. Кракаўская дыяцэзія была меншая, аднак жа мне не ўдалося скончыць распачатай візітацыі. Рымская дыяцэзія, якая мне цяпер даверана, таксама вялікая: у ёй 333 парафіі. Да гэтага часу я наведаў 317, значыць, засталося яшчэ 16.
Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.
|
|
|