|
|
№
4(42)/2007
З жыцця Касцёла
Год паклікання да святасці
Аркадзь КУЛЯХА OCDНа кніжнай паліцы
ЯН ПАВЕЛ ІІAd Fontes
Тамаш КЭМПІЙСКІПераклады
ВЕРА & CULTURA
Пётра РУДКОЎСКІЮбілеі
Уладзімір КОНАНЛітаратуразнаўства
Аксана ДАНІЛЬЧЫКЮбілеі
Ала СЯМЁНАВАIn memoriam
Данута БІЧЭЛЬІрына ЖАРНАСЕК Проза
Анатоль КУДРАВЕЦКніжныя скарбы
Юры ЛАЎРЫКПрактыкум
Аляксандр МЕШЧАНОВІЧ OCDМастацтва
Уладзімір ЯГОЎДЗІК
|
Пачатак у №2(40)/2007
Разьдзел ХХІІІ
Аб разважаньні сьмерці 1. Хутка прыдзе на цябе тут канец, дык інакш зважай ты на сябе. Сёньня ёсьць чалавек, а заўтра ўжо няма. Калі ж згіне з вачэй, дык хутка прападзе з памяці. О, сьляпата і цьвёрдасьць сэрца чалавечага, што глядзіць толькі на сучаснасьць, а будучага бачыць ня хоча! Так трэба табе ўсё рабіць і думаць, быццам ты сёньня меў памерці. Калі будзеш мець спакойнае сумленьне, ня будзеш палохацца сьмерці. Лепш сьцерагчыся грэху, чымся ўцякаць ад сьмерці. Калі ты сёньня не гатоў, дык што будзе заўтра? Заўтрашні дзень невядомы і скуль ведаеш, што жыць будзеш заўтра? 2. Якая нам карысьць з даўгавечнага жыцьця, калі мы так мала папраўляемся? Ах! даўгавечнае жыцьцё не заўсёды нас спраўляе, а часта павялічвае нашыя правіны. Каб жа мы ды хоць адзін дзянёк добра пражылі на сьвеце! Шмат такіх, што ўжо на гады лічаць свой наварот, але часта малы скутак іх паправы. Калі боязна ўміраць, дык больш небясьпечна жыць даўгавечна. Багаслаўлёны, што памятае заўсёды на хвіліну сьмерці сваёй, ды штодзень гатовіцца да сьмерці. Калі ты бачыў калі-небудзь уміраючага чалавека, — падумай, што і сам пойдзеш гэтым шляхам. 3. Раніцаю думай, што не дажывеш вечара. Увечары не абяцай сабе, што раніцы дачакаеш. Дык будзь заўсёды гатоў і гэтак жыві, каб сьмерць цябе непрыгатаванага не спаткала ніколі. Шмат людзей умірае нагла ды неўспадзеўкі: Бо Сын чалавечы прыйдзе тады, калі вы не спадзеіцёся (Лк 12, 40). Калі тая апошняя хвіліна прыйдзе, зусім інакш глянеш на мінулае сваё жыцьцё і шмат будзеш шкадаваць, што быў так лянівым і нядобрым. 4. О, які шчаслівы і разумны, хто ўсё жыцьцё імкнецца быць такім, якім хацеў бы бачыць сябе ў хвіліну сьмерці! Вялікую надзею шчасьлівай сьмерці дасьць нам поўная пагарда сьвету, гарачае імкненьне да поступу ў цнотах, любоў пакорнасьці, вытрываласьць у пакуце, хуткасьць у паслухмянасьці, самазрачэньне і знашэньне ўсялякіх цярпеньняў дзеля любові Хрыста. Шмат добрага здолееш зрабіць, пакуль здароўе маеш, але калі знядужаеш — не ведаю, што патрапіш. Хвароба мала каго робіць лепшым; гэтак і тыя, што шмат дзе вандруюць, рэдка робяцца сьвятымі. 5. Не спадзявайся на сваякоў ды прыяцеляў; не адкладай на будучыню збаўленьня свайго, бо ж хутчэй, чымся ты думаеш, забудуцца людзі аб табе. Лепш цяпер пакуль яшчэ пара агледзіцца і выслаць перад сабою добрыя ўчынкі, чым спадзявацца на падмогу чужых. Калі ты цяпер сам ня дбаеш аб сабе — хто ж будзе думаць аб табе ў будучыне? Цяперашняя пара шматцэнная; Вось цяпер час адпаведны, вось цяпер дзень збаўленьня (2 Кар 6, 2). Чаму ж, на жаль, марнуеш час гэны, калі заслужыць сабе можаш жыцьцё вечнае! Прыдзе час, калі жадаць будзеш аднаго дня, адной хвіліны, каб справіцца, і ня ведаю, ці атрымаеш ты гэта. 6. Падумай, найдаражэйшы, ад якое вялікае небясьпекі ты быў бы вольны і якога страху ты меў бы, калі б заўсёды Бога баяўся і аб сьмерці помніў бы! Старайся цяпер жыць так, каб у хвіліну сьмерці хутчэй мог ты весяліцца, чымся баяцца. Вучыся цяпер памерці для сьвету, каб тады пачаў жыць з Хрыстом. Вучыся цяпер усім пагарджаць, каб тады свабодна мог ісьці да Хрыста. Стрымлівай цяпер цела тваё пакутаю, каб мог тады мець поўную адвагу. 7. О, неразумны! ты спадзяешся на даўгавечнае жыцьцё, ня маючы ніводнага дня пэўнага! О, як шмат хто ашукаўся на гэтым і як шмат каго неўспадзеўкі сьмерць забрала! Штодзень чуеце, як гавораць: той памёр ад мяча, той утапіўся, той зваліўся з вышыні і зламаў сабе шыю, той ядучы памёр, а іншы ў гульні нашоў канец свой. Адзін ад агню, другі ад жалеза, гэны ад пошасьці згінуў, іншага разбойнік забіў; і гэтак кожнага чалавека канцом сьмерць будзе, а жыцьцё яго, як цень мінае. 8. Хто па сьмерці цябе ўспомне? І хто будзе маліцца па табе? Рабі, рабі цяпер, мой даражэнькі, што толькі для збаўленьня твайго служыць, бо ня ведаеш, калі памрэш, і ня ведаеш, што па сьмерці цябе чакае. Пакуль маеш час, зьбірай сабе скарбы несьмяротныя. Аб нічым ня думай, апрыч аб збаўленьні сваім; старайся толькі аб тое, што ёсьць Божае. Старайся сабе цяпер прыяцеляў, хвалячы сьвятых Божых і насьледуючы іхнія ўчынкі, каб калі скончыцца тут тваё жыцьцё, прынялі цябе да жыцьця вечнага (Лк 16, 9). 9. Уважай сябе на зямлі за вандроўніка і гасьця, якога справы сусьвету зусім ня цікавяць. Мей сэрца вольнае і ськіраванае да Бога, бо ж нямаем тутака заўсёднае сялібы, але будучай шукаем (Гбр 13, 14). Штодня туды са сьлязамі пасылай свае малітвы і ўздыханьні, каб па сьмерці душа твая шчасьліва адышла да Бога. Разьдзел ХХІV
Аб судзе і карах за грахі 1. У ва ўсім аглядайся на мэту і якім ты станеш перад воблікам судзьдзі, якому няма нічога таёмнага, якога ня ўмоліш падаркамі, ані ўгаворыш вымоўкамі, але які будзе судзіць паводле справядлівасьці. О няшчасны і безразумны грэшнік! Што ж ты адкажаш Богу, які ведае ўсе твае злачынствы; ты, што дрыжыш часта перад воблікам гнеўнага чалавека? Дык чаму ж ты не гатуешся на дзень суду, калі ня будзе аднаго ані бараніць, ані тлумачыць, але кожны будзе мець даволі свайго цяжару? Цяпер праца твая ёсьць яшчэ карыснаю, на сьлёзы твае зьвернуць увагу і стогны выслухаюць, а жаль ачысьціць цябе і зло направіць. 2. Вялікі і збаўлены чысьцец праходзіць чалавек цярплівы, каторы, зносячы крыўды, больш церпіць з прычыны нягоднасьці іншага каго, чымся з прычыны чыіх зьдзекаў над самым сабой; каторы шчыра моліцца за ворагаў сваіх і шчыра выбачае правіны іх; каторы не стараніцца прасіць выбачэньня ў іншых; каторы больш скоры да міласэрнасьці, чымся да гневу; каторы часта перамагае сябе і стараецца сваё цела цалкам падпарадкаваць духу. Лепш цяпер ачысьціцца з грахоў сваіх і пазбыцца заганаў, чымся адкладаць гэта на будучыню. Сапраўды, абманываем мы самых сябе, дзякуючы няслушнай любові, якую маем да цела нашага. 3. Што ж іншае будзе паліць той агонь, калі не грахі твае? Чым больш ты сам сабе цяпер пазваляеш і ідзеш за целам, тым цяжэй калісь будзеш пакараны і тым больш набярэш у сябе матэрыялу для гарэньня. Найцяжэй чалавек будзе караны ў тых справах, у якіх найбольш грашыў. Лянівых будуць там падганяць гарачымі бічамі, а абжораў будуць мучыць вялікім голадам ды смагаю. Там распусьнікі і тыя, што любаваліся ў роскашах, будуць абліваныя гарачай смалой і смуродлівай серкай, зайздросныя, быццам шалёныя сабакі, выць будуць ад болю і зайздрасьці. 4. Няма такога грэху, які ня меў бы там адпаведнай сабе кары. Там пышныя поўны будуць спакарэньня, а прагавітыя будуць жыць у найвялікшай бядзе. Адна гадзіна кары там будзе цяжэйшая, чымся сотня гадоў тутака найцяжэйшай пакуты. Там для асуджаных ніякага супакою, ніякай пацехі; тутака ж маеш часамі адпачынак у рабоце і пацеху сярод прыяцеляў. Дык цяпер старайся і шкадуйся за грахі свае, каб як багаслаўлёны падчас суду быў ты бясьпечны. Бо ж тады стануць справядлівыя з вялікаю пэўнасьцю насупроць тых, што над імі калісь зьдзек рабілі (Мдр 5, 1). Тады пачне судзіць той, хто сёньня пакорна паддаецца судом людзкім. Тады вялікую пэўнасьць будуць мець бедны ды пакорны, а пышнага зусюль страх ахопіць. 5. Тады ўбачаць, што разумны быў на гэтым сьвеце той, хто для Хрыста ўмеў быць дурным і пагарджаным. Тады спадабаюцца цярпліва стрываныя ўсе нягоднасьці жыцьцёвыя, усякая нягоднасьць зачыніць сабе вусны (Пс 106, 42). Тады будуць весяліцца ўсе пабожныя, а засумуюць усе бязбожнікі. Тады больш усьцешыцца цела, што ў муках было, чымся тое, што заўсёды раскошай было кормлена. Тады зазіхаціць найгоршая вопратка, хараство ж найбагацейшага адзетку загіне. Тады больш будзе варта бедная хатка, чымся залочаныя палацы. Тады больш паможа трывалая цярплівасьць, чымся ўсяго сьвету магутнасьць. Тады вышэй падымецца простая паслухмянасьць, чымся ўся гэтага сьвету хітрасьць. 6. Тады больш пацешыць чыстае і простае сумленьне, чымся глыбокая філёзофія. Больш тады будзе важыць пагарда багацьцяў, чымся валоданьне ўсімі скарбамі зямнымі. Тады больш уцешышся з пабожнае малітвы, чымся з найвялікшага банкету. Тады больш будзе вясёласьці з таго, што ты маўчаў, чымся з таго, што шмат гаварыў. Тады больш будуць вартыя добрыя ўчынкі, чымся шматлікія прыгожыя словы. Больш будзе тады прыемным цьвёрдае жыцьцё і цяжкая пакута, чымсь усякая зямная роскаш. Дык вучыся цяпер трываць у малых цярпеньнях, каб тады здолеў быць вольным ад шмат цяжэйшых. Тутака сьпярша папрабуй, сколькі б ты змог там вытрываць. Калі цяпер так мала патрапіш сьцярпець, як жа ж стрываеш ты вечныя мукі? Калі столькі наракаеш ты ў малых цярпеньнях, дык што будзе ў пекле? Сапраўды, немагчыма мець дзьвёх радасьцяў: цешыцца тутака на зямлі, а пасьля валадарыць з Хрыстом. 7. Калі б ты да сёньняшняга дня жыў у роскашы ды ў славе, а зараз, у гэтай часіне памёр — што ж табе гэта памагло б? Усё тады марнасьць, апрыч любові Бога ды службы Яму. Бо хто Бога любіць з усяго свайго сэрца, той не баіцца ані сьмерці, ані мукаў, ані суду, ані пекла, бо дасканальная любоў дае нам бясьпечны доступ да Бога. Калі ж хто яшчэ грэх любіць — ня трэба дзівіцца, што баіцца ён і сьмерці і пекла. Калі ж аднак любоў Бога не адцягвае цябе ад благога, дык прынамсі страх пекла няхай цябе ўтрымлівае. Бо хто ня мае нат’ і баязьні Бога — той доўга ў дабры ня вытрывае і пападзе хутка ў сіло нячысьціка. Разьдзел ХХV
Аб шчырым палепшаньні ўсяго жыцьця нашага 1. Будзь чуйным і старанным у службе Божай і думай часта, чаму ты прышоў сюды і чаму сьвет ты кінуў? Ці ж не таму, каб жыць для Бога і быць чалавекам духоўным? Дык імкніся да найвялікшага поступу ў дабры, бо хутка дастанеш нагароду за працу тваю і тады ўжо ня будзе ані любові, ані баязьні ў наследстве тваім. Цяпер мала папрацуеш, а знойдзеш вялікі адпачынак і вечнае вясельле. Калі верна і шчыра будзеш трываць у дабры, ня сумлявайся — Бог стрымае сваё слова і дасьць табе вялікую нагароду. Мей добрую надзею, што дастанеш пальму перамогі, але ня будзь занадта ў гэтым пэўны, бо можаш папасьці ў нядбайласьць і страціць пакору. 2. Адзін неспакойны чалавек, які часта хістаўся між страхам і надзеяй, праняты гэтай бядой, зайшоў у касьцёл і, лёгшы крыжам перад аўтаром, маліўся і сам сабе паўтараў: о, каб я ведаў, што вытрываю! Хутка пачуў тады ў сабе Боскі адказ: а калі б ты ведаў гэта, што ж хацеў бы рабіць? — Рабі цяпер тое, што хацеў бы рабіць тады, а будзеш бясьпечны. Адразу пацешаны і ўзмоцнены паручыўся волі Бога і пакінула яго палахлівае хістаньне. Не хацеў ён ужо з цікавасьці даследваць сваю будучыню, але як пры распачынаньні, так і пры канчаньні ўсякай добрай справы імкнуўся прадусім спазнаць волю Божую і чым найбольш можна падабацца Богу. 3. Спадзейся на Бога і рабі добра — кажа Прарок — і жыві на зямлі, і будзеш карміцца багацьцямі яе (Пс 36, 3). Адна ёсьць прычына, якая многіх адцягвае ад дасканаленьня сябе і астуджае іх жарлівасьць паправы — гэта страх труднасьцяў, або цяжкасьць барацьбы. Найбольш аднак тыя паступуюць у цнотах, якія тым мужней змагаюцца, чым больш спатыкаюць труднасьцяў і праціўнасьцяў. Бо ж там чалавек больш дасканаліцца і выслужвае сабе вялікшую ласку, дзе больш сябе перамагае і ўпакарае. 4. Але ня ўсе маюць аднолькава шмат дзеля пакананьня і ўмярцьвеньня. Аднак жа чалавек жарлівы, хаця б і многа меў дрэнных нахілаў, хутчэй будзе дасканаліцца, чымся чалавек бяз гэных нахілаў, але менш жарлівы да цнотаў. Прадусім дзьве рэчы памагаюць да вялікага палепшаньня: гэта — гвалтам адрывацца ад сваіх прыроджаных злых нахілаў і горача імкнуцца да поступу ў цнотах, якіх каму найбольш патрэба. Сьцеражыся найбольш і перамагай у сабе тое, што найбольш табе не падабаецца ў іншых. 5. Усюды глядзі палепшаньня свайго: калі бачыш добрыя прыклады або пачуеш аб іх — імкніся насьледаваць іх. Калі нешта благое бачыш — сьцеражыся, каб не рабіў гэтак; калі ж рабіў ужо гэтак — дык хутчэй папраўляйся. Як вока тваё іншых спасьцерагае — так і іншыя прыкмечываюць у табе ўсё. Як радасна і прыемна бачыць братоў пабожных, жарлівых, лагодных і корных! Як сумна і цяжка бачыць тых, што жывуць у бязладзьдзі і ня робяць таго, да чаго яны пакліканы! Як шкодным ёсьць не спаўняць абавязкаў стану свайго, а цікавіцца тым, што да нас не належыць! 6. Памятай на свае пастановы і мей на думцы воблік Хрыста на Крыжы. Засароміцца ты можаш, калі глянеш на жыцьцё Езуса Хрыста, бо ж так мала імкнуўся ты ісьці Ягоным сьледам, хаця і шмат мінула ўжо часу ад хвіліны, калі ступіў ты на Божы шлях. Законьнік, які вытрывала і пабожна цьвічыцца ў разважаньні найсьвяцейшага жыцьця і мукі Езуса Хрыста, знайдзе там паддастаткам усё карыснае сабе ды неабходнае; дарма шукаў бы ён нечага лепшага, апрыч Езуса. О, калі б прышоў у сэрца нашае ўкрыжаваны Езус, як хутка ды дасканальна ўсяго б мы навучыліся! 7. Жарлівы законьнік усё ахвотна зносе і робіць, што яму кажуць. Законьнік нядбалы і азяблы перажывае труднасьць адну за другой і з усіх бакоў бачыць зьдзекі, бо ня мае ўнутранай пацехі, а вонкавае яму нельга шукаць. Законьнік, які ня жыве паводле закону, няхай спадзяецца вялікага ўпадку. Хто шукае жыцьця прасторнага і вольнага, той заўсёды ў цеснаце будзе, бо тое ці іншае будзе яму неўспадобу. 8. Як жа робяць столькі іншых законьнікаў, якія здаволеныя жывуць пад вострай дысцыплінай законнай? Мала калі выходзяць, жывуць здалёк ад сьвету, бедна ядуць і адзяюцца, шмат працуюць, мала гавораць, доўга трываюць у чуйнасьці, рана ўстаюць, доўга моляцца, часта чытаюць і сьцісла спаўняюць закон свой. Глянь на картузаў, цыстэрсаў і на розных іншых законьнікаў і законьніц, як кожную ноч устаюць, каб Бога славіць. І дзеля гэтага нягодна было б, каб ты меў лянавацца ў так сьвятой справе, калі такое мноства законьнікаў пачынае ўжо славіць Бога. 9. О, калі б маглі мы нічога іншага не рабіць, а толькі Пана Бога ўсім сэрцам і вуснамі выслаўляць! О, калі б табе ніколі ня трэба было ні есьці, ні спаць, ні піць, а каб ты заўсёды меў магчымасьць Бога славіць, займацца толькі духоўнымі цьвічэньнямі — тады шмат быў бы ты шчасьлівейшы, чымся цяпер, калі мусіш служыць целу ў розных ягоных патрэбах. Дык няхай бы ня было гэных патрэбаў, а няхай бы былі толькі патрэбы пажыўленьня духовага, якога, на жаль, так мала калі каштуем! 10. Калі чалавек да таго даходзіць, што ў ніякіх стварэньнях ня шукае сабе пацехі, тады толькі пачынае дасканальна Бога спазнаваць, тады так жа будзе ён здаволены, нягледзячы на тыя ці іншыя абставіны. Тады ані яго памыснасьць надта развесяляе, ані праціўнасьць смуціць, але цалкам і з поўнай вераю аддае ён сябе Богу, які ёсьць яму ўсё і ўва ўсім, у якога нішто не прападзе, ані памрэ, але ўсё жыве дзеля Яго і служыць Яму. 11. Помні заўсёды аб канчатку і аб тым, што страчаны час ніколі не варочаецца. Без стараннасьці і пільнасьці ніколі ня будзеш мець цноты. Калі паменшыцца жарлівасьць твая — блага будзе з табою. Калі ж увесь ты аддасіся жарлівасьці духа, — найдзеш вялікі супакой і пачуеш лёгкасьць у працы, дзякуючы ласцы Бога ды любові цноты. Чалавек жарлівы і пільны на ўсё гатовы. Цяжэй перамагаць свае заганы і дрэнныя нахілы, чымся рабіць найцяжэйшую фізычную работу. Хто малых заганаў не сьцеражэцца, той незаўважна ўпадае ў вялікшыя (Экл 19, 1). Калі дзень мінуў карысна, будзеш цешыцца ўвечары. Зважай на сябе, падганяй сябе, напамінай сябе і, як бы іншыя не паступалі, — ты дбай аб сабе. Настолькі палепшаеш, наколькі самога сябе пераможаш.
|
|
|