|
|
№
2(24)/2003
Галерэя
Нашы святыні
У свеце Бібліі
На шляху веры
Паэзія
Сведчаць архівы
Архіўная старонка
Haereditas
Пераклады
Мастацтва
Проза
Юбілеі
Проза
Нашы святыні
Музыка
|
Гэты крок рыхтаваўся ўсім папярэднім шляхам нашага краю да хрысціянскай супольнасці. Узгадайма, што заходняе хрысціянства прыйшло да нас яшчэ на пачатку летапіснай гісторыі. Сучасны ўзровень гістарычнай веды дазваляе сцвярджаць, што хрысціцелямі Беларусі былі «мужы Рурыка» — варагі Аскольд і Дзір, якія прынялі хрысціянства на Захадзе ад «апостала Поўначы» Ансгара ці ягоных паплечнікаў. У 865 ці 867 г. Аскольд і Дзір авалодалі Полацкаю зямлёю і паклалі пачатак хрысціянізацыі крывічоў. Прыкладна ў гэты ж час з тэрыторыі Вялікай Маравіі (сёння – Чэхія) праз дрыгавіцкія землі да нас пачало пранікаць хрысціянства славянскага абраду (грэка-лацінскага з царкоўнаславянскай літургічнаю моваю), які стварылі «славянскія апосталы» Кірыл і Мятод. Амаль праз сто гадоў пасля Аскольда і Дзіра ў 959 г. княгіня Вольга, якая паходзіла з крывічоў, папрасіла нямецкага імператара Атона І высвяціць для яе народа біскупа і святароў. Першы біскуп Лібуцый, пасвячаны Гамбургска-Брэменскім біскупам, памёр, не ўбачыўшы сваёй дыяцэзіі. Ягоны ж наступнік Адальбэрт накіраваўся на месца прызначэння ў 961 г. Скупыя хранікальныя паведамленні дакладна не ўказваюць абшару пастырскай дзейнасці Адальбэрта, але найбольш верагодна, што тэрыторыяй ягонай біскупскай юрысдыкцыі былі беларускія землі Полаччыны-Віцебшчыны. Заходняе хрысціянства вызнавалі князь Рагвалод і ягоная дачка Рагнеда. На тэрыторыі паўднёва-заходняй Беларусі хрысціянства прапаведаваў святы Бруна-Баніфацый, які ў 1009 г. быў забіты на мяжы Літвы і Русі «in confinio Lituae et Rusciae». Дарэчы, паведамленне Кведлінбургскіх аналаў пра гэтую падзею лічыцца першай пісьмоваю згадкаю пра гістарычную Літву, а яе трэба шукаць на беларускіх землях. Па слядах Бруна-Баніфацыя каля 1013 г. у Тураў быў запрошаны Калябрэгскі біскуп Райнбэрн. Нарэшце, крыніцы сведчаць пра тое, што ў 40-х – 60-х гг. ХІІІ ст. , а магчыма і раней, існавалі дзве дыяцэзіі ў полацкіх уладаннях, падпарадкаваныя Рыжскай каталіцкай катэдры, ператворанай у 1255 г. у мітрапалітальную: Рускае біскупства ў Полацку (магчыма, славянскага абраду) і Селёнскае – у залежнай ад Полацка Селёнскай зямлі. Месца знаходжання трэцяга біскупства «episcopatus Versoniensis» пакуль не ўстаноўленае. Такім чынам, да сярэдзіны ХІІІ ст. на нашых землях ужо ўсталявалася традыцыя хрысціянства заходняга абраду. Кароль Міндоўг надаў ёй дзяржаўны статус. Гісторыя яго хросту і каранацыі разгортвалася на фоне ўнутраных закалотаў і цяжкіх, працяглых войнаў з суседзямі. На захадзе ўсё больш грозна ўзнімаўся цень Нямецкага ордэна, аселага над Віслаю дзякуючы запрашэнню мазавецкага князя Конрада. У 1235 г. немцы з Ордэну валодалі ўжо міхалоўскай і хэлмінскай землямі (цяпер на тэрыторыі Польшчы) ды рыхтаваліся да заваявання ўсёй Прусіі. Пасля прыяднання да сябе ў 1237 г. Ордэна мечаносцаў у Лівоніі Нямецкі ордэн пачаў выношваць планы далучэння да сваіх земляў тэрыторыяў на ўсходзе, перадусім, Жамойці і Літвы-Беларусі. Неўзабаве ён атрымаў надзею на ажыццяўленне гэтых намераў. Пашыраючы сваю ўладу ў Літве і моцнай рукою ламаючы супраціў, Міндоўг закрануў інтарэсы многіх можнаўладцаў і нават сваіх блізкіх. У 1248 г. ён адабраў уладанні ў сваіх пляменнікаў Эдзівіда і Таўцівіла ды іх дзядзькі Вікінта. Выгнанцы накіраваліся па дапамогу да князя Данілы Галіцкага, які панаваў на землях Заходняй Украіны і быў жанаты з сястрою Эдзівіда і Таўцівіла. У вайну з Міндоўгам яны, апрача таго, пастараліся ўцягнуць жамойтаў і яцвягаў, а таксама Польшчу і Нямецкі ордэн. Склалася даволі небяспечная кааліцыя, якая неўзабаве прыступіла да дзеянняў. У 1249 г. з поўдня рушылі войскі Данілы Галіцкага, а з паўночнага захаду Таўцівіл і Эдзівід з немцамі. Аднак узяць замак, у якім заняў абарону Міндоўг, не ўдалося. Немцы былі вымушаныя вярнуцца да Рыгі, дзе Таўцівіл і Эдзівід прынялі хрост. Магчыма, гэтым крокам яны хацелі здабыць давер і большую падтрымку з боку Ордэна для авалодання краінаю. Для Ордэна ж адкрывалася перспектыва здабыцця нашых земляў пад сцягам вайны з нявернымі і вяртання адабраных Міндоўгам маёмасцяў хрысціянскім уладцам. Пад гэта ордэнскі майстра і браты маглі прыцягнуць сціжмы крыжакоў з усёй заходняй Еўропы. Міндоўг вельмі добра бачыў, чым пагражае гэта народу і краю і прыняў рашэнне, якое змяшала ордэнскія задумы і зруйнавала небяспечную кааліцыю. Ён звярнуўся да лівонскага майстра Ордэна Андрэя Штырлянда, паведамляючы, што хоча разам са сваімі баярамі прыняць хрост. Як падае «Лівонская рыфмаваная хроніка», гэтая вестка была з радасцю прынятая, бо Міндоўг меўся шчодра аддзячыць сваім дабрадзеям. Хрост адбыўся ў канцы 1250 ці ў першай палове 1251 г. у прысутнасці Андрэя Штырлянда на двары Міндоўга. Хрысціў яго, хутчэй за ўсё, ордэнскі прэзбітэр Хрысціян, які і стаў пазней першым Літоўскім біскупам. Згодна з паведамленнямі тагачасных крыніцаў, разам з князем павінны былі прыняць хрост яшчэ 600 знатных родаў. У выніку хросту Ордэн выйшаў з кааліцыі і перайшоў на бок Міндоўга, хоць іншыя яе ўдзельнікі працягвалі вайну з Літвою.
Біскуп Хрысціян быў высвячаны таксама ў 1253 г., у час, блізкі да караныцыі Міндоўга і па просьбе самога караля. Як вынікае з папскіх лістоў, ён быў з Міндоўгам падчас ягонага навяртання і шмат да гэтага прычыніўся. Да высвячэння Хрысціян служыў прэзбітэрам Нямецкага ордэна і вылучаўся адукаванасцю і дасведчанасцю (ліст 7). Яго небеспадстаўна лічаць аўтарам «Майнцкай хронікі». Знайсці адпаведную асобу і высвяціць яе на біскупа Літвы было даручана яшчэ ў 1251 г. Кульмскаму біскупу. Кароль абавязаны быў перад гэтым даць надзел зямлі для заснавання катэдры і адпаведныя даравізны біскупу. Біскуп мусіў падпарадкоўвацца непасрэдна Апостальскаму Пасаду і даць прысягу вернасці Касцёлу і Папу (ліст 4). Але Кульмскі біскуп не справіўся з заданнем, бо праз два гады Папа папрасіў аб гэтым ужо арцыбіскупа Лівоніі і Прусіі. У лісце пантыфіка падаюцца новыя акалічнасці: кароль Міндоўг абяцаў не толькі багата абдараваць біскупства, але таксама збудаваць за свой кошт катэдральны касцёл (ліст 5). Аднак, перш чым гэты ліст дайшоў да арцыбіскупа, ён ужо высвяціў Хрысціяна і ўзяў ад яго прысягу вернасці сабе, што пярэчыла жаданню Рыма. Таму Папа скасаваў гэтую прысягу і даручыў Наўмбургскаму біскупу ўзяць ад Хрысціяна прысягу вернасці Касцёлу і Апостальскаму Пасаду. Відаць, дзеля гэтага Хрысціяну давялося выехаць у Нямеччыну, дзе ягонае імя згадваецца ў Эрфурцкіх аналах пад 1253 г. у сувязі з пасвячэннем базылікі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Эрфурце. Даўшы прысягу, Хрысціян тым самым паддаваўся непасрэдна ўладзе Папы (ліст 11). Відаць, новаму біскупу было нялёгка кіраваць дыяцэзіяй ва ўмовах бесперапынных збройных канфліктаў краіны з суседзямі, унутранай нестабільнасці і няўстойлівасці веры сярод паствы. Магчыма таму, Папа Аляксандр ІV павінен быў прасіць абароны для біскупа ў караля Міндоўга (ліст 13). У 1259 г. Хрысціян зноў апынуўся ў нямецкіх краях. Ён згадваецца ў нямецкіх крыніцах таксама ў 1262 і 1269 гг. Памёр біскуп каля 1271 г.
З асноваю, наяўнай у назве біскупства, супадае і аснова назвы населенага пункта, дзе размяшчалася рэзідэнцыя караля. У дакуменце ад 1253 г. чытаем: Datum in Lettowia in curia nostra (Дадзена ў Летовіі, на нашым двары). Але дакладна гэтак жа называецца ў лацінскіх дакументах і дзяржава, якою кіраваў Міндоўг. З увагі на гэта мы ўжо выказвалі думку, што сваю назву краіна магла атрымаць ад аднайменнага населенага пункта і прылеглай да яго тэрыторыі, а апошнія – ад уласнага імя заснавальніка ці ўласніка. Першапачаткова назва была тэрытарыяльнаю, а не этнічнаю14, што пацвярджаюць і летапісы, дзе край даволі часта акрэсліваецца як «земля Литовъская». Гэтая славянская зямля адрознівалася ў ХІ—ХІІІ стст., напрыклад, ад суседняй Полацкай зямлі толькі тым, што была паганскаю. Каб перайсці да знаёмства з дакументамі, трэба спыніцца яшчэ на адным пытанні, звязаным з імем Міндаў, пад якім наш кароль выступаў ва ўласных дакументах і ў папскіх лістах. На лаціне яно пісалася Mindowe. Канцовае –е ў нашым выпадку азначае тое ж, што азначала літара ъ у царкоўнаславянскай мове, г.зн. колішні звышкароткі гук, які ў ХІІІ ст. ужо не вымаўляўся, хоць і захоўваўся на пісьме. Тое, што канцовае –е азначала ў імені Mindowe нуль гуку, пацвярджаюць нямецкія дакументы, дзе гэтае імя пішацца Mindow (1298 г.)15 і Mindaw. Такім чынам, славянскім пісьмовым адпаведнікам лацінскаму напісанню Mindowe павінна быць — Миндовъ. Такую форму мы і знаходзім у Хроніцы літоўскай і жамойцкай, але ў ёй так названы сын гальшанскага князя Гольшы16. Заўважым, што сам антрапонім Гольша – славянскага паходжання17. Старабеларускую гутарковую форму імя нашага караля з графічна выяўленым аканнем у суфіксе (гэтак жа як і старанямецкую) можна пабачыць у лацінскім тэксце ад 1409 г.: fuit quidam rex in Litwania Myndaw nominatus – быў некалі ў Літве кароль, які зваўся Міндаў. Зрэшты, форма Mindowe, хоць і найчасцейшая ў лацінскіх дакументах, але не адзіная. У актах допыту, які праводзіў па даручэнні Папы ў справе Нямецкага ордэна легат Францішак дэ Моліано, адзін са сведкаў называў караля імем Mindo18. У папскім лісце ад 1251 г. ён названы Mindowin (ліст 3), а ў іншым, ад 1268 г. — Mindota19. Усходнеславянскія летапісы і польскія крыніцы падаюць яшчэ гэткія варыянты: Міндогъ, Мендокъ, Мендогъ, Міндовгъ, Mindowk. Відавочна, што фіналі –къ / -гъ ёсць графічным адлюстраваннем канцовага гука –к. Самая кароткая з усіх гэтых формаў – Mindo. Але ці з'яўляецца яна першапачатковаю? Менавіта такую форму мы знаходзім у славянскіх іменасловах: чэшскім, польскім, славацкім, македонскім. Увогуле, мужчынскія імёны на – do тыповыя для славянскіх імёнаў, таму можна дапусціць, што -do — гэта анамастычны суфікс, адкінуўшы які, атрымліваем корань Min- / Men-. Імёны з такімі каранямі вядомыя ў славянскай анамастыцы з найдаўнейшых часоў. Напрыклад, формы Mena, Menko сустракаем у ХІІ ст. на тэрыторыі Югаславіі20, у ноўгарадскіх летапісных крыніцах – Мина. Апошняе імя насіў таксама полацкі епіскап на пачатку ХІІ ст. Даволі часта сустракаецца і форма Минко ці Минкъ21. Корань ужываецца і ў тапаніміцы і ў гідраніміцы, напр.: Менск, р. Менка, Менда ды інш. Значэнне кораня невядомае, як і ў шэрагу іншых паганскіх імёнаў, сэнс якіх з часам страціўся. З усіх знойдзеных намі формаў каралеўскага імені мы можам утварыць пэўную паслядоўнасць, г.зв. словаўтваральную парадыгму, супастаўляльную з аналагічнымі парадыгмамі ў іншых славянскіх мовах:
Для параўнання пададзеныя адпаведнікі ў дольналужыцкай (два сярэднія слупкі) і ў сербскай (крайні правы слупок) мовах. Кідаецца ў вочы поўная адпаведнасць суфіксаў пры розных каранях. З нашых параўнанняў напрошваецца толькі адна выснова: і корань, і суфіксы ў імені нашага караля, а значыць і само гэтае імя з'яўляюцца славянскімі, а дакладней, беларускімі. Але адкуль такая разнастайнасць імёнаў для называння адной і той жа асобы? Дакладны адказ на гэта дае вядомы даследчык славянскай анамастыкі А.М. Селішчаў: «Характэрнаю рысаю ва ўтварэнні асабовых імёнаў феадальнага часу з'яўляецца разнастайнасць словаўтваральных сродкаў – суфіксаў, якія надавалі імёнам ласкальнае, памяншальнае ці прыніжальнае значэнне. Адно і тое ж імя ўжывалася з рознымі суфіксамі без асаблівай дыферэнцыяцыі ў значэнні... На разнастайнасці суфіксаў аднолькавага значэння адбівалася зацямненне значэння некаторых з іх, якія страцілі сваю эмацыйную значнасць...»27. Вацлаў Ластоўскі лічыў, як і некаторыя сучасныя даследчыкі, што суфіксы ў імёнах маглі розніцца ў залежнасці ад веку асобы і яе сацыяльнага статусу. Як жа сёння называюць нашага першага караля? Гэта можа вырашаць для сябе кожны даследчык альбо пісьменнік асабіста. Але, зыходзячы з нашых разважанняў, найбольш адпаведнымі былі б варыянты: Міндаў, Міндоўк ці Міндаўк. Надрукаваныя ніжэй дакументы публікуюцца на падставе міжнародных нормаў выдання сярэднявечных дакументаў у перакладзе з лаціны з мінімальнымі неабходнымі звесткамі. Поўная публікацыя дакументаў з лацінскімі тэкстамі і пашыраным апаратам да іх рыхтуецца ў адным з навуковых часопісаў. У «шапцы» кожнага з апублікаваных ніжэй лістоў указваецца ягоны парадкавы нумар у публікацыі, дата і месца выдачы, затым падаецца г. зв. рэгест (кароткі пераказ зместу, у т.л. і юрыдычнага), а яшчэ ніжэй – стан, у якім дайшоў дакумент, месца захавання, шыфр і выданні. Неабходна мець на ўвазе, што лацінскае слова litterae, якому ў старабеларускай прававой практыцы адпавядае тэрмін «ліст» (рас. «грамота»), азначала не толькі пісьмовае пасланне, але паўнавартасны юрыдычны дакумент, выдача якога мела законную моц і цягнула за сабою адпаведныя прававыя наступствы. Аўтар публікацыі выказвае шчырую ўдзячнасць Цэнтру Еўрапейскіх Даследаванняў і Кантактаў (Centro Incontri e Studi Europei) і яе генеральнаму сакратару пані Вандзе Гавроньскай, а таксама прафесару рымскага універсітэта «La Sapienza» Сантэ Грачыёці за атрыманне магчымасці папрацаваць у Ватыканскім таемным архіве ў 1992 г.
1. 1251 ліп. 15, Мілан
Папа Інацэнт ІУ даручае Кульмскаму біскупуклапаціцца пра тое, каб асобы, якім будзе прызначаная дзесяціна, захоўвалі памяркоўнасць пры яе зборы. Ар.: —. Коп.: У рэг. Інацэнта ІУ. Ватыкан, Таемны архіў, Reg.Vat. 22. f. 113v. ep. 6 (R). Выд.: Theiner. I, р. 49, nr. 51. [Інацэнт Біскуп ды інш. Вялебнаму брату ...]28 Біскупу Кульмскаму. Вельмі старанна трэба клапаціцца пра маладыя [парасткі], каб, глыбей пусціўшы карані, яны маглі лягчэй падняцца ўгору і, апладніўшыся, прынесці багаты плён. Вось і мы з радасцю ў душы даведаліся, што найдаражэйшы ў Хрысце сын наш Міндаў (Mindowe), найяснейшы кароль Літовіі (Lithowiae)29, які некалі быў на бездарожжы аблуды і не меў уяўлення пра Творцу ўсяго, даў далучыць сябе да ліку верных праз сакрамэнт хросту і пабожна жадае, каб вялікая колькасць падданых яму паганцаў бесперапынна вызнавала хрысціянскую веру. Але паколькі гэты народ здаўна звык жыць паводле натуральнага права, ён не можа з лёгкасцю і цалкам павярнуць сваю душу да захавання Божых устанаўленняў і наказаў ці кананічных прадпісанняў. Мы, з айцоўскаю любоўю жадаючы, каб урэшце з'явілася ў яго сапраўдная трываласць у вызнанні памянёнай веры і [каб яна] была падсілкаваная келіхам напою духовага, даручаем табе нашаю ўладаю строга папярэдзіць ... біскупа, пралатаў і рэктараў касцёлаў, якія будуць пастаўленыя ў Літовіі, што пры спагнанні і збіранні дзесяціны яны павінны паводзіць сябе ў дачыненні да памянёнага караля і ягоных падданых так, каб тыя пад цяжарам і ярмом Пана з радасцю адчулі палёгку і лагоднасць, а не агіду ад прыгнёту і жорсткасці, ды не змаглі спакусіцца і адвярнуцца ад добрага намеру. Праціўнікаў гэтага, калі такія знойдуцца, ці непакорлівых, папярэдне перасцярогшы, утаймуй нашай уладаю, адхіліўшы апеляцыю. Гэтаму не перашкаджае тое, што некаторыя [могуць быць абароненымі ад кары суспензы, інтэрдыкта ці экскамунікі, калі толькі апостальскія лісты не будуць мець поўнага і выразнага напаміну пра такую абарону.] Дадзена ў Медыёлане, на ліпеньскія Іды, у VІІІІ* год [нашага пантыфікату].
2. 1251 ліп. 17, Мілан
Папа Інацэнт ІV прымае каралеўства Лютавііі ўсе землі, якія яе кароль вырваў альбо вырве ў будучыні з рук няверных, пад юрысдыкцыю і ва ўласнасць Апостальскага Пасаду. Ар.: —. Коп.: У рэг. Інацэнта ІУ. Ватыкан, Таемны архіў, Reg.Vat. 22. f. 113. ep. 1 (R). Выд.: Theiner. I, р. 49, nr. 52. Найдаражэйшаму ў Хрысце сыну, найяснейшаму каралю Лютавіі (Luthawiae). Сэрца нашае напоўнілася вялікаю радасцю, бо дабрыня Бога і Адкупіцеля нашага Езуса Хрыста з'явіла табе сваё аблічча і з міласэрнасці сваёй натхніла цябе, каб ты, некалі ахоплены цемраю, з вялікай колькасцю паганцаў даў адрадзіць сябе да славы Божага імя праз ласку хроснай купелі ды цалкам паддаў сваю асобу, каралеўства і ўсе маёмасці юрысдыкцыі і абароне Апостальскага Пасаду. Але паколькі праз афіцыйных і адмысловых паслоў ты пакорліва прасіў прыняць цябе за асаблівага сына святога Каталіцкага Касцёла і ўзяць пад айцоўскую апеку, мы, ласкава схіляючыся да тваіх справядлівых жаданняў, вартых найбольшага спрыяння, прымаем каралеўства Лютавіі і ўсе землі, якія з дапамогай Божае моцы ты ўжо вырваў з рук няверных альбо зможаш вырваць у будучыні, пад юрысдыкцыю і ва ўласнасць святога Пятра і пастанаўляем, што яны, а таксама твае жонка.., сыны і сям'я застаюцца пад абаронаю і ў падданстве Апостальскага Пасаду. Сурова наказваем, каб ніхто легкадумна не наважыўся перашкаджаць альбо дакучаць наконт памянёных каралеўства і земляў табе, які застаецца пад апекаю і абаронаю Апостальскага Пасаду. Ніводнаму чалавеку [не дазволена парушаць гэты ліст] нашай абароны, пастановы і наказу [альбо з легкадумнаю зухваласцю яму супрацьдзейнічаць.] Калі ж хто... і г.д. Дадзена ў Медыёлане, у 16 [дзень перад] кал(ендамі) жніўня, у дзевяты год [нашага пантыфікату].
3. 1251 ліп. 17, Мілан
Папа Інацэнт ІV даручае Кульмскаму біскупувянчаць Міндовіна на караля ўсяе Літовіі. Ар.: —. Коп.: У рэг. Інацэнта ІУ. Ватыкан, Таемны архіў, Reg.Vat. 22. f. 113. ep. 3 (R). Выд.: Theiner. I, p. 50, nr. 54. [Інацэнт, біскуп ды інш. Вялебнаму брату] ... Біскупу Кульмскаму [збаўленне ды інш.] Сэрца нашае напоўнілася вялікаю [радасцю, бо дабрыня Бога і Адкупіцеля нашага Езуса Хрыста, заззяўшы сваім абліччам над] сынам нашым найяснейшым каралём Лютовіі (Luthowiae) Міндовіным (Mindowin) [міласэрна натхніла яго, каб ён, некалі ахоплены цемраю, са шматлікай колькасцю паганцаў на славу Божага імя даў адрадзіць сябе праз ласку хроснай вады. Але паколькі праз афіцыйных і адмысловых паслоў ён пакорліва прасіў прыняць яго за асаблівага сына святога Каталіцкага Касцёла і быць да яго прыхільнымі, мы, ласкава схіляючыся да ягоных справядлівых жаданняў, вартых найбольшага спрыяння,] даручаем Табе, заклікаўшы некаторых пралатаў Касцёла і духовых асобаў, нашаю ўладаю вянчаць памянёнага М(індовіна) на караля ўсяе Літовіі (Lithowiae) і ўсіх земляў, якія ён з дапамогаю Божае моцы ўжо вырваў ці вырве ў будучыні з рук няверных. Учыні таксама, каб усе прысутныя там безумоўна падпарадкоўваліся яму як каталіцкаму каралю ва ўсім, што адносіцца да каралеўскай годнасці. Але так, каб ён сам і ягоныя наступнікі прызнавалі, што згаданае каралеўства і памянёныя землі, якія мы па іх настойлівай просьбе ўзялі пад юрысдыкцыю і ва ўласнасць святога Пятра, яны атрымалі навечна ад Апостальскага Пасаду. Праціўнікаў гэтага, калі такія будуць, ці непакорлівых, папярэдне перасцярогшы, утаймуй касцёльным пакараннем, адхіліўшы апеляцыю. Гэтаму не перашкаджае тое, што некаторыя [могуць быць абароненымі ад кары суспензы, інтэрдыкта ці экскамунікі, калі толькі апостальскія лісты не будуць мець поўнага і выразнага напаміну пра такую абарону.] Дадзена як вышэй30.
4. 1251 ліп. 17, Мілан
Папа Інацэнт ІV даручае Кульмскаму біскупузнайсці адпаведную асобу і паставіць яе біскупам Літовіі, узяўшы прысягу вернасці Папу і Касцёлу. Ар.: —. Коп.: У рэг. Інацэнта ІУ. Ватыкан, Таемны архіў, Reg.Vat. 22. f. 113. ep. 4 (R). Выд.: Theiner. I, p. 50, nr. 55. [Інацэнт Біскуп ды інш. Вялебнаму брату] Яму ж [Кульмскаму біскупу збаўленне ды інш.] Да таго заўсёды імкнуцца жаданні сэрца нашага, каб гэтак, як напаўняецца ўся зямля веліччу Бога, каб так паўсюль было вядомым і яго слаўнае імя. Сапраўды мы даведаліся, як з ласкі Яго натхнення здарылася так, што найдаражэйшы ў Хрысце сын наш Міндаў, найяснейшы кароль Лютовіі (Luthowiae), некалі ахінуты цемраю, са шматлікай колькасцю паганцаў на славу Божага імя даў адрадзіць сябе праз ласку хроснай вады. А таму такія пабожныя і слаўныя заслугі гэтага караля схіляюць нас, каб мы ласкава і зычліва споўнілі яго справядлівыя жаданні. Давяраючы тваёй абазнанасці, даручаем табе моцаю гэтага ліста паставіць нашаю ўладаю мужа дастойнага і разважлівага, абазнанага ў духовых і дачасных справах, прыдатнага для пантыфікальнага абавязку і годнасці, біскупам і пастырам памянёнай Літовіі (Lithowiae) і, заклікаўшы да сябе двух ці трох біскупаў, удзяліць яму дар пасвячэння. Але перш мы хочам, каб памянёны кароль вызначыў найлепшы надзел зямлі для заснавання катэдральнага касцёла і адпаведныя ўпасажанні таму, каму належыць, і тады ён [біскуп] наведаў бы зямлю гэтага караля, калі будзе зручным, і выканаў там усё, што павінен выконваць біскуп. Зрэшты, пасля таго, як памянёны біскуп, які з нашае волі мае падпарадкоўвацца толькі рымскаму пантыфіку, згодна са зместам нашага даручэння будзе пастаўлены, вазьмі ад яго прысягу звычайнай вернасці на імя нашае і Рымскага Касцёла паводле формы, якую мы дасылаем табе запячатанаю пад нашаю булаю. Форму ж прысягі, якую ён дасць слова ў слова, паклапаціся ў ягоным адкрытым лісце, апячатаным яго [ж] пячаткаю, як найхутчэй даслаць нам праз уласнага пасланца. Праціўнікаў гэтага, калі такія будуць, ці непакорлівых, папярэдне перасцярогшы, утаймуй касцёльным пакараннем, адхіліўшы апеляцыю. Гэтаму не перашкаджае тое, што некаторыя [могуць быць абароненымі ад кары суспензы, інтэрдыкта ці экскамунікі, калі толькі апостальскія лісты не будуць мець поўнага і выразнага напаміну пра такую абарону.] Дадзена як вышэй31.
5. 1253 чэрв. 24, Асізі
Папа Інацэнт ІV даручае арцыбіскупу Лівонііі Прусіі паставіць і высвяціць біскупа для Летовіі. Ар.: —. Коп.: У рэг. Інацэнта ІV. Ватыкан, Таемны архіў, Reg.Vat. 22. f. 283v. ep. 788 (R). Выд.: Theiner. I, p. 53, nr. 61. [Інацэнт ды інш.] .. арцыбіскупу Лівоніі і Прусіі [збаўленне ды інш.]. Найдаражэйшы ў Хрысце сын наш, найяснейшы кароль Летовіі (Lethoviae), нованавернуты да хрысціянскай веры, горача жадае, як кажуць, каб у ягоных краях была біскупская сядзіба, больш за тое, ён гатовы на свае сродкі збудаваць катэдральны касцёл і шчодра ўпасажыць яго дзеля Божае славы і хвалы. Таму мы, схіляючыся да яго пабожных жаданняў, даручаем гэтым апостальскім лістом табе, брату нашаму, да якога маем асаблівы давер, паставіць нашаю ўладаю, калі пра гэта будзе прасіць кароль, разважлівую, абазнаную ў духовых і дачасных справах і прымальную для памянёнага караля асобу на біскупа і пастыра, і, далучыўшы да сябе двух ці трох біскупаў, удзяліць яму дар пасвячэння. Учыні, каб яму была выказаная належная пашана і паслухмянасць ад падданых, а пасля гэтага вазьмі ад яго для нас і Рымскага Касцёла прысягу звычайнай вернасці згодна з формай, якую высылаем табе запячатанай пад нашаю булаю. Форму ж прысягі, [якую ён дасць слова ў слова, паклапаціся ў ягоным адкрытым лісце, апячатаным яго [ж] пячаткаю, як найхутчэй даслаць нам праз уласнага пасланца.] Але мы лічым неправамоцным і дарэмным, калі спрабавалі б учыніць нешта звыш таго насуперак зместу нашага даручэння. Дадзена ў Асізі, у 8 [дзень перад] ліпеньскімі календамі. У дзесяты год [нашага пантыфікату].
6. 1253
Міндаў, кароль Летовіі,надае рыжскім грамадзянам і ўсім нямецкім купцам прывілей на свабодны гандаль у межах свайго каралеўства. Ар.: —. Коп.: Перг. копія XIV ст. Рыга, Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Латвіі (былы архіў Рыжскага Магістрату), Caps. a, nr. 41 (B) Выд.: Bunge. І. 312, nr. 243. Міндаў, з ласкі Божае кароль Летовіі (Letthowiae), усім, хто будзе бачыць гэты ліст, вечнае збаўленне. Вядома, што найбольш адпавядае славе каралеўства і гонару каралеўскай годнасці, калі супроць нягодных заўсёды чувае меч належнай пільнасці дзеля таго, каб няспынна захоўваліся ў непарушнасці мір і супакой. У дзень, калі праз паслугу вялебнага айца, пана Г(енрыка), Кульмскага біскупа, уладаю нашага найсвяцейшага айца і пана Інацэнта, найвышэйшага пантыфіка, мы, памазаныя асвячаным алеем на караля Летовіі (Lettowiae), прынялі каралеўскую карону, даруем нашым дарагім рыжскім грамадзянам і ўсім нямецкім купцам поўную і вячыстую вольнасць і мір ва ўсіх частках нашага каралеўства, як на зямлі так і на водах, [свабоду] прыходзіць, заставацца і адыходзіць без мыта і ўсялякіх спагнанняў, як бы яны не называліся. Калі ж нехта з іх выпадкам пацярпеў бы караблекрушэнне ў водах нашага гаспадарства, мы пастанаўляем і жадаем, каб ніхто і нідзе не чыніў перашкодаў і цяжкасцяў у дачыненні да іхніх рэчаў, будуць яны на караблі ці на зямлі, але няхай вольна і мірна распараджаюцца гэтымі сваімі рэчамі, як пажадаюць. Мы хочам, каб прывілей з гэтым нашым дазволам быў вячыстым і непарушна захоўваўся намі і нашымі наступнікамі гэтак, што калі б хто легкаважна і зухвала наважыўся ісці яму насуперак, то ён небеспадстаўна павінен баяцца нашай суворай і заслужанай кары. Дадзена ў год уцелаўлення Панскага 1253.
7. 1253 жн. 21, Асізі
Папа Інацэнт ІV даручае арцыбіскупу Лівонііі Прусіі паставіць і высвяціць брата Хрысціяна з Нямецкага ордэна на біскупа Летовіі. Ар.: Перг., Берлін, Таемны дзяржаўны архіў Прускага Культурнага Здабытку (колішні Кёнігсбергскі таемны архіў), Shubl. ІІІ, Nr. 55 (A) Коп.: — Выд.: Raczynski. P. 3, nr. 1; Bunge. І. 337, nr. 254. Інацэнт біскуп, слуга слугаў Божых... арцыбіскупу Лівоніі і Прусіі з(баўленне) і а(постальскае) б(ласлаўленне). Паведаміў нам некалі найдаражэйшы ў Хрысце сын наш ... найяснейшы кароль Летовіі, нованавернуты да хрысціянскай веры, што горача жадае, каб у ягоных краях была біскупская сядзіба, больш за тое, ён гатовы на свае сродкі збудаваць на нова катэдральны касцёл і шчодра ўпасажыць яго дзеля Божае славы і хвалы. Таму мы, схіляючыся да яго пабожных жаданняў, далі табе пад пэўнаю формаю ў нашым лісце даручэнне, каб па просьбе гэтага караля ты паставіў нашаю ўладаю на біскупа і пастыра таго ж касцёла годную асобу. Пасля ж той жа кароль у сваім, поўным павагі, лісце прасіў нас, каб мы паклапаціліся паставіць на памянёны касцёл брата Хрысціяна з Нямецкага ордэна ў Лівоніі, мужа надзвычай адукаванага, разважлівага і дастойнага, які быў з ім у час ягонага навяртання, і якога ён хоча мець каля сябе ў будучыні. Таму, паколькі будзе належным і годным, каб часта згадваны кароль цешыўся, знайшоўшы ласкавую і зычлівую прыхільнасць Апостальскага Пасаду, даручаем табе, брату [нашаму], апостальскім лістом, паставіць памянёнага брата, калі б цябе папрасіў пра гэта кароль, нашаю ўладаю на памянёны касцёл і, далучыўшы да сябе двух ці трох суседніх біскупаў, удзяліць яму дар пасвячэння; учыніўшы, каб яму была выказаная падданымі належная паслухмянасць і пашана. Вазьмі ад яго пасля для нас і Рымскага Касцёла прысягу звычайнай вернасці згодна з формаю, якую высылаем табе запячатанай [пад нашаю булаю]. Форму ж прысягі, якую ён дасць слова ў слова, паклапаціся ў ягоным адкрытым лісце, [апячатаным яго [ж] пячаткаю], як найхутчэй даслаць нам праз уласнага пасланца. Але мы лічым неправамоцным і дарэмным, калі спрабавалі б учыніць нешта звыш таго насуперак зместу нашага даручэння. Дадзена ў Асізі, у ХІІ [дзень перад] вераснёўскімі календамі. У адзінаццаты год нашага п(антыфікату).
8. 1254 сак. 12
Міндаў, кароль Летовіі, уводзіцьу дзяржанне і ўпасажвае біскупа Хрысціяна Ар.: — Коп.: Транс. 31 сак. 1352, Берлін, Таемны дзяржаўны архіў Прускага Культурнага Здабытку (колішні Кёнігсбергскі таемны архіў), L.S. XI 8 (В); Транс. 1388, Берлін, Таемны дзяржаўны архіў Прускага Культурнага Здабытку (колішні Кёнігсбергскі таемны архіў) (C) Выд.: Raczynski. P. 4, nr. 2 (з В) = Bunge. І. 345, nr. 263. Міндаў, з ласкі Божае, кароль Летовіі, усім верным Хрыстовым, да якіх дойдзе гэты ліст, збаўленне ў Пане Езусе. Жадаем, каб усе вы ведалі, што мы, добра параіўшыся са сваімі, прынялі вялебнага айца пана Хрысціяна, якога папрасілі высвяціць на біскупа нашага каралеўства, уводзячы яго ў дзяржанне, а таксама прызначаючы яму ж у пасаг палову Рассегены, палову Бетэгале, палову Локава, на вечную памяць пра гэтую справу мы далі зацвердзіць гэты ліст нашай пячаткаю. Дзеялася гэта ў прысутнасці і са згоды нашых сыноў Рэпленя і Герстука, ды нашага вернага Парбсеня у год Пана тысяча дзвесце пяцьдзесят чацверты, у чацверты [дзень] перад сакавіцкімі Ідамі.
9. 1254 крас. 6, Рыга
Хрысціян, біскуп Летовіі, саступае Нямецкамуордэну дзесяціну з земляў, падараваных ордэнскім братам каралём Міндавым. Ар.: — Коп.: Транс. 7 сак. 1352, Берлін, Таемны дзяржаўны архіў Прускага Культурнага Здабытку (колішні Кёнігсбергскі таемны архіў), L.S. XI 7(В); транс. 26 тр. 1388, Берлін, Таемны дзяржаўны архіў Прускага Культурнага Здабытку (колішні Кёнігсбергскі таемны архіў (С) Выд.: Dreger. I. S. 355. nr. 247(з С); Raczynski. P. 18, nr. 11 (з В) = Bunge. І. 348, nr. 266. Усім верным Хрыстовым, да якіх дойдзе гэты ліст, брат Хрысціян з Ордэну Нямецкіх братоў, з ласкі Божае біскуп Летовіі, збаўленне ў Сыне Бога жывога. Паколькі сярод іншых верныя Хрыстовыя ёсць найбольшымі даўжнікамі паўсюднай маці Касцёла, то мы тым больш павінныя нястомна клапаціцца пра давераны нам Касцёл Летовіі, яшчэ малады і кволы, бо і з абавязку мусім заўсёды дбаць пра ягонае пашырэнне і дабрабыт. Вось жа, разважаючы пра тое, што спрыяла б ягонаму развіццю, мы з усёй відавочнасцю ўбачылі, што без падтрымкі Нямецкіх братоў дому святой Марыі, з дапамогаю якіх была рознымі спосабамі пашыраная вера ў краях Эстоніі, Лівоніі, Куроніі і Прусіі ды часта пашыраецца і цяпер, гэты Касцёл не толькі не здолеў бы ўзрастаць, а не змог бы нават хоць нейкім чынам захоўвацца. Але дзеля таго, каб яны ахвотней ахоўвалі нас і наш Касцёл ад нападаў ворагаў і маглі, маючы сродкі, больш дзейсна выконваць справы веры, мы саступаем ім дзесяціну з вечным правам валодання з тых земляў, якія яны дзяржаць, [атрымаўшы] ад найяснейшага гаспадара пана Міндава, караля Летовіі, як больш поўна падаецца ў іхнім лісце, складзеным пра гэта. Калі ж раней сказаным каралём альбо іншымі асобамі памянёным братам будзе перададзеная яшчэ нейкая зямля, то мы, нічога не захоўваючы сабе з права на гэтых землях, апрача таго, што можа выконваць толькі біскуп, хочам каб яны карысталіся вышэй сказаным правам, бо ніхто не абавязаны ваяваць за ўласны кошт. Але паколькі на моцы нашага абавязку мы будзем візітаваць іхнія касцёлы, яны будуць забяспечваць нас [усім] неабходным, калі мы будзем раз у год прыбываць з дванаццаццю, а наш архідыякан з сямю коньмі. На вечную памяць пра гэтую справу, каб потым не ўзнікала нейкіх пытанняў ці двухсэнсоўнасці наконт сказанага раней, мы далі зацвердзіць гэтую нашую старонку моцаю нашай пячаткі. Дадзена ў Рызе, у прысутнасці пана Яна Базона, нашага капелана, брата Германа, нашага брата, брата Людэвіка, комтура з Рыгі, брата Бурхарда, комтура з Венды, брата Георгія, комтура з Сігевальдэ, ды шматлікіх іншых [асобаў]. У год Пана 1254, у 8 [дзень перад] красавіцкімі Ідамі.
10. 1254 вер. 3, Ананьі
Папа Інацэнт ІV скасоўвае прысягу,дадзеную біскупам Летовіі арцыбіскупу Лівоніі і Прусіі, і паведамляе пра гэта каралю Летовіі. Ар.: — Коп.: Транс. 26 тр. 1388, Берлін, Таемны дзяржаўны архіў Прускага Культурнага Здабытку (колішні Кёнігсбергскі таемны архіў), Schiebl. III, nr. 61(В) Выд.: Dreger. I. Nr. 249; Raczynski. P. 8, nr. 5; Bunge. І. 354, nr. 272. Інацэнт ды інш. каралю Летовіі збаўленне ды інш. Схіліўшыся да просьбаў тваёй светласці, мы далі нашым лістом у адпаведнай форме даручэнне вялебнаму брату нашаму арцыбіскупу Лівоніі і Прусіі, гэтак, як прынялі, на тваё запатрабаванне а нашаю ўладаю паставіць пастырам на катэдральны касцёл, які ты ў сваіх краях намерваўся на нова ўзвесці за ўласныя сродкі і шчодра ўпасажыць, вялебнага брата нашага Хрысціяна, біскупа Летовіі, а ў той час брата-прэзбітэра шпіталя Святой Марыі Нямецкага ордэну ў Лівоніі, і ўдзяліць яму дар пасвячэння, а таксама ўчыніць, каб падданыя выказвалі яму належную паслухмянасць і пашану, ды ўзяць пасля ад яго прысягу звычайнай вернасці для нас і Рымскага Касцёла паводле формы, якую мы даслалі яму ж запячатанай пад нашаю булаю. Але той жа арцыбіскуп, перш чым да яго дайшоў гэты наш ліст, паставіў таго ж Хрысціяна на памянёны касцёл, узяўшы ад яго прысягу вернасці сабе і свайму касцёлу, хоць гэта ніякім чынам не ўваходзіла ў нашыя намеры, тым больш што зямля Летовіі знаходзіцца ў юрысдыкцыі і ўласнасці святога Пятра, і дзеля пашаны да тваёй высокасці мы хочам, каб там быў біскуп падпарадкаваны не каму іншаму як толькі Рымскаму пантыфіку. А паколькі потым ў сваім, поўным павагі, лісце ты папрасіў, каб мы, з абачлівасцю апостальскага пасаду, паклапаціліся пра гэта, мы, схіляючыся да тваіх просьбаў, пастанаўляем, што той жа біскуп не павінен ні ў якай меры захоўваць згаданую прысягу, дадзеную такім чынам памянёнаму арцыбіскупу. Але хочам, каб ён даў вялебнаму брату нашаму, Наўмбургскаму біскупу, якому мы накіроўваем наш ліст пра гэта, прысягу звычайнай вернасці для нас і Рымскага Касцёла, паводле формы ў лісце, які мы даслалі ў гэтай справе памянёнаму арцыбіскупу. Дадзена ў Ананьі, у трэці [дзень перад] вераснёўскімі нонамі, у дванаццаты год нашага пантыфікату.
11. 1254 вер. 5, Ананьі
Папа Інацэнт ІV даручае Наўмбургскаму біскупуўзяць ад Хрысціяна, біскупа Летовіі, прысягу вернасці Папу і Касцёлу Ар.: — Коп.: У рэг. Папы Інацэнта ІV, Ватыкан, Таемны архіў, Reg.Vat. 23. f. 170. ep. 178 (R) Выд.: Turgenev. I. P. 81, nr. 91 = Bunge. І. 355, nr. 273; Theiner. I. P. 58, nr. 120. [Інацэнт ды інш.] біскупу Наўмбургскаму [збаўленне ды інш.] Схіліўшыся да просьбаў найдаражэйшага ў Хрысце сына нашага, найяснейшага караля Летовіі, нованавернутага да вызнавання Хрысціянскай веры, мы далі нашым лістом у адпаведнай форме даручэнне вялебнаму брату нашаму арцыбіскупу Лівоніі і Прусіі, гэтак як прынялі, на запатрабаванне таго ж караля нашаю ўладаю паставіць пастырам на катэдральны касцёл, які сказаны кароль у сваіх краях намерваўся на нова ўзвесці за ўласныя сродкі і шчодра ўпасажыць, вялебнага брата нашага Хрысціяна, біскупа Летовіі, а ў той час брата прэзбітэра шпіталя Святой Марыі Нямецкага ордэну ў Лівоніі, і ўдзяліць яму дар пасвячэння, а таксама ўчыніць, каб падданыя выказвалі яму належную паслухмянасць і пашану, ды узяць пасля ад яго прысягу звычайнай вернасці для нас і Рымскага Касцёла паводле формы, якую мы даслалі яму запячатанаю пад нашаю булаю. Але той жа арцыбіскуп, перш чым да яго дайшоў такога роду наш ліст, паставіў згаданага брата на памянёны касцёл, узяўшы ад яго прысягу вернасці сабе і свайму касцёлу, хоць гэта ніякім чынам не ўваходзіла ў нашыя намеры, тым больш што зямля Летовіі знаходзіцца ў юрысдыкцыі і ўласнасці святога Пятра, і дзеля пашаны да таго ж караля, якога мы ад пачатку ягонага навяртання прынялі за асаблівага сына Касцёла і адзначылі тытулам каралеўскай годнасці, мы хацелі б, каб там быў біскуп, падпарадкаваны не каму іншаму як толькі Рымскаму пантыфіку. А паколькі потым той жа кароль у сваім, поўным павагі, лісце папрасіў, каб мы з абачлівасцю Апостальскага Пасаду паклапаціліся пра гэта, мы, схіляючыся да ягоных просьбаў, даручаем паведаміць таму ж біскупу, што ён не павінен ні ў якай меры захоўваць згаданую прысягу, дадзеную такім чынам памянёнаму арцыбіскупу. [Але], вазьмі ад яго прысягу звычайнай вернасці для нас і Рымскага Касцёла паводле формы ў лісце, які мы даслалі ў гэтай справе памянёнаму арцыбіскупу. Форму ж прысягі, якую дасць той жа біскуп [паклапаціся як найхутчэй даслаць нам праз адмысловага пасланца, прызначанага для гэтага.] Гэтаму не перашкаджае тое, што той жа арцыбіскуп ці нейкая [іншая] асоба, годнасць ці месца з тых краёў могуць быць абароненымі Апостальскім Пасадам праз адпаведныя лісты ад суспензы, інтэрдыкта ці экскамунікі, калі толькі ў іх не будзе зроблена поўнага і выразнага напаміну пра такую абарону – ці пра ўвесь яе змест, ці нейкую іншую індульгенцыю, згодна з якой дзеянне нашага мандату ў гэтай частцы можа быць прыпыненанае ці адкладзенае. Дадзена ў Ананьі, у ІІІ [дзень перад] вераснёўскімі нонамі, у ХІІ год [нашага пантыфікату].
12. 1255 сак. 1, Неапаль
Папа Аляксандр ІV прымае адыходбіскупа Літовіі Віта з ягонай пасады. Ар.: —. Коп.: У рэг. Аляксандра ІV. Ватыкан, Таемны архіў, Reg.Vat. 24. f. 20. ep. 176 (R). Выд.: Pta[nik. P. 39, nr. 73 Віту, колішняму біскупу Літовіі. Калісьці ты настойліва прасіў нас, адмаўляючыся не ад годнасці, а ад месца, каб мы прынялі твой адыход. Параіўшыся з нашымі братамі, мы, хоць і неахвотна, спаўняем гэтае тваё жаданне і праз вялебнага брата нашага Тускулянскага біскупа ад нашага імя прымаем твой адыход ад пантыфікальнага абавязку, але не годнасці. На сведчанне пра гэтую справу мы вырашылі даць табе гэты наш ліст. Дадзена ў Неапалі, на сакавіцкія календы, у І (першы) год [нашага пантыфікату].
13. 1255 сак. 7, Неапаль
Папа Аляксандр ІV наказвае каралю Летовіі дапамагацьбіскупу Хрысціяну і абараняць яго ад паганцаў ды іншых нападнікаў. Ар.: —. Коп.: Транс. 26 тр. 1388 (В), Grenzbuch B, f. 43 (C) Выд.: Dreger. P. 352. nr. 244 (з С), Bunge. III. 50, nr. 279a (з В). Аляксандр, біскуп, слуга слугаў Божых найдаражэйшаму ў Хрысце сыну, найяснейшаму каралю Летовіі, збаўленне і апостальскае бласлаўленне. Мы спадзяемся, што ў душы ты імкнешся да таго, каб падабацца ў вачах Божае велічы справамі пабожнасці, тым больш што з Яе невымоўнай дабрыні здарылася так, што ты прыйшоў да вызнання каталіцкай веры, пакінуўшы няверу паганцаў. Таму, паколькі вялебны брат наш Хрысціян, біскуп Летовіі з Нямецкага ордэну братоў шпіталя св. Марыі павінен знайсці ў цябе ўдзячнасць і зычлівае спрыянне перадусім за тое, што некалі верна служыў і дапамагаў тваім, ды, як мы прынялі, старанна працаваў дзеля твайго навяртання да вызнання Божага імя, горача просім і ўмаўляем светласць тваю, наказваючы [табе] дзеля адпушчэння грахоў тваіх, каб дзеля пашаны да Бога і да нас ты дапамагаў у патрэбах таму ж біскупу, непасрэдна падданаму Апостальскаму Пасаду, ахоўваў і абараняў яго ад паганцаў, якія з усіх бакоў нападаюць на ягоную дыяцэзію, ды набегаў іншых нападнікаў, а таксама супроць падлеглых тваёй уладзе, каб ён, з Божаю дапамогаю, меў плён, выконваючы пастырскі абавязак згодна са сваім абяцаннем, а табе за гэта няхай будзе ўзнагародаю Божае бласлаўленне і належная падзяка ад нас. Дадзена ў Неапалі, на сакавіцкія Ноны, у першы год нашага пантыфікату.
|
|
|