|
Ніна Мацяш нарадзілася
ў вёсцы Нівы Бярозаўскага
раёна Брэсцкай вобласці.
Скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А.Куляшова.
Аўтар зборнікаў паэзіі
«Агонь» (1970),
«Удзячнасць» (1973),
«Ралля суровая» (1976),
«Прыручэнне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982),
«Паварот на лета» (1986), «Шчаслівай долю назаві» (1990) і інш. Перакладае з нямецкай, французскай, польскай моў.
|
|
* * *
I. Ул. Баярчуку
Недзе ўзважваецца наш унёсак
у Жыццё ў зямной гэтай юдолi.
Цi адхмарацца калi нябёсы?
Цi нап’ецца сэрца шчасця ўволю?
Будзем помнiць: ледавiк сыходзiць.
Будзем помнiць: i патоп мiнае.
Хоць, здаецца, сiлы на зыходзе,
Крык душы ў пустынi прападае...
Але сiл даецца роўна столькi,
Колькi трэба, каб стрываць пакуту.
Ветрам хiлiцца да голькi голька,
Кожны лiсцiк хоча быць пачутым...
* * *
Воблака душы з улады тлуму
Вынесцi пад воблака бярозаў:
Хай пагоiцца зялёным шумам,
Крылцамi стракозак.
Бо пайшло яно ўжо процi ветру,
Бо грымотамi ўжо набракае,
Блiскавiцамi ў сцяжэлых нетрах
Ластавак лякае.
Пастаяць у верасня ў прысенках.
Неба ў крыжыках стрыжоў рахманых.
З воблака бярозаў спель насення
Сыплецца, як манна...
КУПАЛЬСКАЕ
Галiне Скарыне
Юдольныя,
i плацiм мыта
За ўсё, што выпадзе ў дарозе:
Найперш —
за пыл ды за каменне,
За град
i за няшчаду спёкi,
Але —
i за глыток з крынiцы,
i за лiповы пах мядовы,
i за сцяжыну прад вачыма,
i за валошку каля сэрца...
А Купалка зноў гукае
Ночкi цёмнай не баяцца,
Кветку-папараць шукаць...
* * *
Дзеля чаго Ты, Божа,
З неба звёў мяне ў бездарожжа?
Каб за прывiдам тузалася,
i плакала, i спявала,
Слёзы словам сваiм
сама сабе выцiрала?
Бо ўжо ж у якi бок жыцця нi гляну —
I воддаль, i поблiз —
смутку й смутку паляны.
Толькi ў нетры душы —
i хадзiць не патрэбна —
Тваiм спагаданнем
Вогнiцца мая папараць-кветка, маё шчасце —
трыванне.
ЛАСТАЎКА
Заручаная даўнiною
З тутэйшым кутам, як i мы,
Шчыруе ластаўка вясною,
Адпрэчваючы ўцiск зiмы.
Шчыруе ластаўка ўсё й лета,
Цi градабой, цi сухавей,
Дзеля гняздзечка, дзеля дзетак,
Як мы дзеля сваiх дзяцей.
Каб перад золлю непазбежнай,
Перад глухой навалай хмар
Загартавалiся належна
Моц крылаў, дух, любовi дар.
I птушачцы малой вядома,
Што нам свядома трэба знаць:
Любоўю толькi можна стому,
Жыццё i скон свой апраўдаць.
Лучвом няздрадлiва святлiстым
З абжытай родам стараной,
Дзе восень спелым, вольным лiстам
Кружляе ўжо i нада мной.
Ах, ластавачка!..
ПАДАННЕ ЛIСЦЯ
Паданне лiсця
дзюравiць паветра.
Яно патрапляе
тут жа зацыравацца.
А ў лiстападавым свеце
нашых повязяў —
блiзны ды блiзны,
радня...
* * *
(З думкай пра бацьку)
Сягоння Твой апошнi дзень зямны.
Тады, у тое нарванае лета,
Было яшчэ нам невядома гэта:
Сягоння
Твой апошнi дзень зямны.
Руды, спякотны жнiвень на двары
Пры сола невiдомае вiёлы, —
Гнятлiва сэрцу i гнятлiва долу:
Руды, спякотны жнiвень на двары.
Чародка ластавак на правадах
Звярае й мой кiрунак выраёвы
У вечных ловах часу негульнёвых, —
Чародка ластавак на правадах...
Бы ў родным доме, ў наўскай старане
Зноў папрыгадваем з Табой радзiну,
Паўглядваемся ў лёс, у крыж Радзiмы,
Бы ў родным доме, ў наўскай старане.
Дух бачыць далей i глыбей, чым зрок:
Нiзрыне цемрашальную калоду
Моц вольнае Дзяржавы, моц Народу, —
Дух бачыць далей i глыбей, чым зрок!
|
|
|