|
|
№
2(24)/2003
Галерэя
Нашы святыні
У свеце Бібліі
На шляху веры
Паэзія
Сведчаць архівы
Архіўная старонка
Haereditas
Пераклады
Мастацтва
Проза
Юбілеі
Проза
Нашы святыні
Музыка
|
У сярэдзіне XIII ст. для Наваградскага княства склаліся складаныя геапалітычныя ўмовы. І наваградцы, якія ўжо прынялі хрысціянства «ад усходу», пачалі шукаць хаўруснікаў у Еўропе. Выкананне такой складанай палітычнай місіі было даручана Міндоўгу. Ён выправіў паслоў да магістра Тэўтонскага ордэна, і ў выніку перамоваў да Міндоўга быў пасланы прэсвітэр гэтага ордэна Хрысціян. Ён навучаў Міндоўга, ягоных сямейнікаў і дружыну падставам хрысціянскай веры, а пасля і ахрысціў іх. Цягам часу Міндоўг дамогся, каб менавіта Хрысціяна кансэкравалі на біскупа новай дыяцэзіі. Але асоба першага апостала Літвы засталася невядомай. Не ўспомніў пра хрысціянаў чын аўтар «Хронікі літоўскай і жамойцкай», які ведаў, што Міндоўга пры хрышчэнні назвалі Мендолфам, і для якога напэўна не было таямніцай імя хрысціцеля. Не напісаў пра Хрысціяна складзены ў хрысціянскім Галіцка-Валынскім княстве летапіс, які пералічвае паганскія боствы — ім нібыта прыносіў ахвяру Міндоўг. Не згадваецца імя Хрысціяна ў зборніку «Chrystianizacja Litwy» (Кракаў, 1987) — новым выданні навуковых працаў вядомых даследнікаў гісторыі Касцёла ў Літве (г.зн. на Жмудзі і на Беларусі): прафесара «гісторыі Усходняй Еўропы» Бонскага універсітэту Зянонаса Івінскаса, які ведаў пра «літоўскае біскупства», ды ксяндза Яна Фіялка, прафесара Львоўскага і Кракаўскага універсітэтаў. Склалася ўражанне, што Хрысціяна наўмысна замоўчвалі, але можна дапусціць таксама, што польскія ды жамойцкія гісторыкі Касцёла не вызначыліся, як ставіцца да хрышчэння князя Наваградскага і ягоных ваяроў-літвы. А таму і спрасцілі праблему — прызналі за па чатак хрышчэння Літвы 1386 год, г.зн. на 135 гадоў пазней. Да 750-годдзя хрышчэння Міндоўга я напісаў нарыс, які друкаваўся ў часопісе «Дыялог» (№№ 10/2000 – 7-8/2001). І, вядома, я няшмат мог сказаць пра Хрысціяна, таму што не меў магчымасці трапіць у крыжацкія архівы. Аднак гэтымі публікацыямі зацікавіўся валанцёр з Нямеччыны Крыштаф Мюль, які ў той час працаваў у баранавіцкім Доме Святой Тройцы ордэна місіянераў Божага Слова. Я падзяліўся з ім сваімі развагамі пра ролю Хрысціяна ў гісторыі нашай старажытнай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага, расказаў, што не магу знайсці патрэбны мне артыкул К. Віля, надрукаваны ў нямецкім гістарычным часопісе. І праз некаторы час Крыштаф перадаў мне ксеракопію гэтай навуковай працы, што па ягонай просьбе выслаў з Нямеччыны Ганс Мюль, Крыштафаў дзядзька. Вядомая даследніца беларуска-нямецкіх моўных сувязяў Валянціна Выхота пераклала артыкул на беларускую мову, і я змог дапоўніць нарыс (№№ 9, 10, 12/2001) канкрэтнымі звесткамі пра біскупа-суфрагана, якога К. Віль называў Christian von Lithauen, а таксама і Weihbischof von Lithauen. Напрыканцы публікацыі я выказаў меркаванне, што Хрысціян мог паходзіць з нейкага цюрынгскага паселішча, якое называлася Літва, што ён ведаў старабеларускую мову, на якой і навучаў сваю новую паству. Пачатак гісторыі Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне яшчэ багаты на таямніцы. Аднак пададзенае тут даследаванне Карнэліуса Віля дае нам падставу спадзявацца, што цягам часу мы дазнаемся праўду і пра месца хрышчэння Міндоўга, і пра паселішча ці горад, дзе была рэзідэнцыя біскупа Хрысціяна. Рэдакцыя дзякуе пану Гансу Мюлю, Нямецкаму культурнаму цэнтру імя І. Гётэ ў Мінску за дапамогу ў перакладзе артыкула К. Віля.
|
|
|